Мёртвыя душы (fb2)

файл не оценен - Мёртвыя душы 1398K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Николай Васильевич Гоголь

МЁРТВЫЯ ДУШЫ
ПАЭМА

ТОМ ПЕРШЫ

РАЗДЗЕЛ I

У вароты гасцініцы губернскага горада НН уехала даволі прыгожая невялічкая брычка на рэсорах, у якой ездзяць халасцякі: адстаўныя падпалкоўнікі, штабс-капітаны, памешчыкі, якія маюць каля сотні душ сялян, — словам, усе тыя, каго завуць панамі сярэдняй рукі. У брычцы сядзеў пан не прыгожы, але і не брыдкі з твару, не вельмі тоўсты, не вельмі тонкі; нельга сказаць, каб стары, дый не так, каб надта малады. Яго прыезд не нарабіў у горадзе зусім ніякага шуму і не выклікаў нічога асаблівага: толькі два рускія мужыкі, якія стаялі каля дзвярэй карчмы супроць гасцініцы, зрабілі такія-сякія заўвагі, якія мелі дачыненне ўрэшце больш да экіпажа, чым да таго, хто сядзеў у ім. «Бачыш ты», сказаў адзін другому:«вось якое кола! што ты думаеш, даедзе тое кола, калі-б здарылася, у Маскву, ці не даедзе?» — «Даедзе», адказаў другі. «А ў Казань, дык, я думаю, не даедзе?» — «У Казань не даедзе», адказаў другі. — На гэтым размова і скончылася. Ды яшчэ, калі брычка пад’ехала да гасцініцы, сустрэўся малады чалавек у белых каніфасавых [1] панталонах, вельмі вузкіх і кароткіх, у фраку з прэтэнзіяй на моду, з-пад якога відаць была манішка, заколатая тульскаю шпількаю з бронзавым пісталетам. Малады чалавек павярнуўся назад, паглядзеў на экіпаж, прытрымаў рукой шапку, якая ледзь не зляцела ад ветру, і пайшоў сваёй дарогай.

Калі экіпаж уз’ехаў на двор, пана сустрэў тракцірны слуга або палавы, як іх завуць у рускіх тракцірах, жвавы і вяртлявы да такой ступені, што нават нельга было разгледзець, які ў яго быў твар. Ён спрытна выбег з сарвэткай у руцэ, увесь доўгі і ў доўгім дэмікатонным сурдуце са спінкаю ледзь не на самай патыліцы, страсянуў валасамі і спрытна павёў пана наверх па ўсёй драўлянай галдарэі паказваць пасланы яму богам пакой. — Пакой быў вядомага роду; бо гасцініца была таксама вядомага роду, гэта значыць якраз такая, як бываюць гасцініцы ў губернскіх гарадах, дзе за два рублі ў суткі праязджаючыя атрымліваюць ціхі пакой з тараканамі, што выглядаюць, нібы чарнасліў, з усіх куткоў, і дзвярыма ў суседняе памяшканне, заўсёды застаўленымі камодам, дзе ўсталёўваецца сусед, маўклівы і спакойны чалавек, але надзвычай цікаўны, якому трэба ведаць усе падрабязнасці аб праязджаючым. — Надворны фасад гасцініцы адпавядаў яе сярэдзіне: яна была надта доўгая, на два паверхі; ніжні быў неатынкаваны і заставаўся ў цёмначырвоных цаглінках, якія яшчэ больш пацямнелі ад дрэнных перамен надвор’я і сталі бруднаватыя ўжо самі па сабе; верхні быў пафарбаваны вечнаю жоўтаю фарбаю; унізе былі крамкі з хамутамі, вяроўкамі і абаранкамі. У кутняй з гэтых крам, ці, лепш, у акне, змяшчаўся збіценшчык [2] з самаварам з чырвонай медзі і тварам такім-жа чырвоным, як самавар, так што здалёк можна было падумаць, што на акне стаялі два самавары, калі-б адзін самавар не быў з чорнай як смоль барадою.

Пакуль прыезджы пан аглядаў свой пакой, былі ўнесены яго манаткі: перш за ўсё чамадан з белай скуры, крыху пашарпаны, які сведчыў, што быў не першы раз у дарозе. Чамадан унеслі фурман Селіфан, нізенькі чалавек у кажушку, і лакей Пятрушка, чалавек гадоў трыццаці, у прасторным падношаным сурдуце, як відаць з панскага пляча, чалавек крыху суровы на выгляд, з вельмі вялікімі губамі і носам. Услед за чамаданам была прынесена невялічкая скрынка, чырвонага дрэва, з штучнымі выкладкамі з карэльскай бярозы, шавецкія капылы і загорнутая ў сінюю паперу смажаная курыца. Калі ўсё гэта было ўнесена, фурман Селіфан падаўся на стайню даглядаць коней, а лакей Пятрушка пачаў уладжвацца ў маленькім пярэднім пакоі, вельмі цёмным закутку, куды паспеў прынесці ўжо свой шынель і разам з ім нейкі свой уласны пах, які быў уласцівы і прынесенаму ўслед за тым мяшку з розным лакейскім туалетам. У гэтым закутку ён прыладзіў да сцяны вузенькі трохногі ложак, накрыўшы яго нечым крыху падобным да сенніка, умятым і плоскім, як блін, і, магчыма, таксама замасленым, як блін, які ўдалося яму выпатрабаваць у гаспадара гасцініцы.

Пакуль слугі ўпраўляліся і корпаліся, пан накіраваўся ў агульную залу. Якія бываюць гэтыя агульныя залы — усякі праезджы ведае вельмі добра: тыя-ж сцены, пафарбаваныя маслянай фарбай, пацямнелыя ўверсе ад тытунёвага дыму і зашмальцаваныя знізу спінамі розных праязджаючых, а яшчэ больш тутэйшымі купецкімі, бо купцы ў гандлёвыя дні прыходзілі сюды па шасцёра і па сямёра выпіваць сваю вядомую пару чаю; тая-ж закурэлая столь; тая-ж закурэлая люстра з мноствам вісячых шкельцаў, якія скакалі і звінелі кожны раз, калі палавы бегаў па выцертых цыратах, памахваючы бойка падносам, на якім сядзела такая-ж безліч чайных кубкаў, як птушак на марскім беразе; тыя-ж карціны на ўсю сцяну, пісаныя маслянымі фарбамі, словам, усё тое, што і ўсюды; толькі і розніцы, што на адной карціне намалявана была німфа з такімі вялізнымі грудзямі, якіх чытачу пэўна ніколі не здаралася бачыць. Падобная ігра прыроды, між іншым, здараецца на розных гістарычных карцінах, невядома, у які час, адкуль і кім прывезеных да нас у Расію, іншы раз нават нашымі вяльможамі, прыхільнікамі мастацтваў, якія накуплялі іх у Італіі, паслухаўшы парады кур’ераў, што іх везлі. Пан скінуў з сябе шапку і разматаў з шыі шарсцяную, вясёлкавых колераў касынку, якую жанатым робіць сваімі рукамі супруга, дадаючы пры гэтым адпаведныя настаўленні, як захутвацца, а нежанатым, напэўна не магу сказаць, хто робіць, бог іх ведае, я ніколі не насіў такіх касынак. Разматаўшы касынку, пан загадаў падаць сабе абед. Пакуль яму падаваліся розныя звычайныя ў тракцірах стравы, як, напрыклад: капуста з слаёным піражком, які знарок захоўваецца для праязджаючых на працягу некалькіх тыдняў, мазгі з гарошкам, сасіскі з капустай, пулярка смажаная, гурок салёны і вечны слаёны салодкі піражок, заўсёды гатовы да паслуг; пакуль яму ўсё гэта падавалася, і разагрэтае, і проста халоднае, ён прымусіў слугу, або палавога, расказваць усякую лухту аб тым, хто трымаў раней тракцір і хто цяпер, і ці шмат дае ён прыбытку, і ці вялікі шэльма іх: гаспадар; на што палавы звычайна адказваў: «о, вялікі пане, машэннік». Як у асвечанай Еўропе, так і ў асвечанай Расіі ёсць цяпер вельмі многа паважаных людзей, якія не могуць без таго есці ў тракціры, каб не пагаварыць са слугою, а часам нават пацешна пажартаваць з яго. Аднак, прыезджы не ўсё пытаўся так сабе: ён з надзвычайнай дакладнасцю распытаў, хто ў горадзе губернатар, хто старшыня палаты, хто пракурор, словам — ні абмінуў ні аднаго значнага чыноўніка, але яшчэ з большай дакладнасцю, калі нават не з зацікаўленасцю, распытаў пра ўсіх значных памешчыкаў, колькі хто мае душ сялян, як далёка жыве ад горада, якога нават характару і як часта прыязджае ў горад; распытаў уважліва пра становішча краю: ці небыло якіх хвароб у іх губерні, павальных гарачак, згубных якіх-небудзь ліхаманак, воспы і да таго падобнага, і ўсё так, і з такою дакладнасцю, якая выяўляла больш, чым адну простую цікаўнасць. У манерах сваіх пан меў штосьці саліднае і смаркаўся надзвычай гучна. Невядома, як ён гэта рабіў, ды толькі нос яго гучаў, як труба. Гэтая, як відаць, зусім нявінная якасць прыдабыла аднак-жа яму шмат павагі з боку тракцірнага слугі, так, што ён кожны раз, калі чуў гэты гук, патрэсваў валасамі, пачцівей выпростваўся і, нагнуўшы з вышыні сваю галаву, пытаў: ці не трэба чаго? Пасля абеда пан выпіў кубак кавы і сеў на канапу, падклаўшы сабе за спіну падушку, якую ў рускіх тракцірах замест эластычнай шэрсці набіваюць чымсьці надзвычай падобным да цэглы і каменняў. Тут пачаў ён пазяхаць і загадаў завесці сябе ў свой нумар, дзе, прылёгшы, заснуў дзве гадзіны. Адпачыўшы, ён напісаў на кавалачку паперы, па просьбе тракцірнага слугі: чын, імя і прозвішча для паведамлення, куды трэба, у паліцыю. На паперцы палавы, сыходзячы з лесніцы, прачытаў па складах наступнае: калежскі саветнік Павел Іванавіч Чычыкаў, памешчык, па сваіх патрэбах. Калі палавы ўсё яшчэ разбіраў па складах запіску, сам Павел Іванавіч Чычыкаў накіраваўся паглядзець горад, якім быў, як здавалася, задаволены, бо знайшоў, што горад быў нічым не горшы за іншыя губернскія гарады: моцна біла ў вочы жоўтая фарба на каменных дамах і сціпла цямнела шэрая на драўляных. Дамы былі ў адзін, два і паўтара паверхі з вечным мезанінам, вельмі прыгожым, па думцы губернскіх архітэктараў. Дзе-ні-дзе гэтыя дамы, здавалася, губляліся сярод шырокай, як поле, вуліцы і бясконцых драўляных платоў; дзе-ні-дзе збіваліся ў кучу і тут было прыкметна больш руху народу і жывасці. Трапляліся амаль змытыя дажджом шыльды з крэндзелямі і ботамі, там-сям — з намаляванымі сінімі штанамі і подпісам нейкага Аршаўскага краўца; дзе магазін з шапкамі, фуражкамі і надпісам: чужаземец Васілій Фёдараў; дзе быў намаляваны більярд з двума ігракамі ў фраках, у якія апранаюцца ў нас на тэатрах госці, што выходзяць у апошнім акце на сцэну. Ігракі былі намаляваны з нацэленымі кіямі, крыху выкручанымі назад рукамі і касымі нагамі, якія толькі што зрабілі ў паветры антраша. Пад усім гэтым было напісана: «I вось завядзенне». Там-сям проста на вуліцы стаялі сталы з арэхамі, мылам і пернікамі, падобнымі да мыла; дзе харчэўня з намаляванай тоўстай рыбай і ўваткнутым у яе відэльцам. Але больш за ўсё было прыкметна пацямнелых двухгаловых дзяржаўных арлоў, якія цяпер ужо заменены лаканічным надпісам: піцейны дом. Брук усюды быў кепскаваты. Ён заглянуў і ў гарадскі сад, дзе раслі тоненькія дрэвы, якія дрэнна прыняліся, з падпоркамі ўнізе, у выглядзе трохкутнікаў, вельмі прыгожа пафарбаваных зялёнай маслянай фарбай. Зрэшты гэтыя дрэўцы былі не вышэй чароцін, аднак, аб іх было сказана ў газетах пры апісанні ілюмінацыі, што горад наш аздобіўся, дзякуючы клопату грамадзянскага правіцеля, садам, які складаецца з цяністых, разложыстых дрэў, што даюць халадок у спякотны дзень, і што пры гэтым вельмі прыемна было глядзець, як сэрцы грамадзян трапяталі ад збытку ўдзячнасці і струменілі патокі слёз у знак удзячнасці пану граданачальніку. Распытаўшы падрабязна будачніка, дзе можна прайсці бліжэй, калі спатрэбіцца, да сабора, да прысуцтвенных месцаў, да губернатара, ён накіраваўся зірнуць на раку, што працякала пасярод горада, па дарозе адарваў прыбітую да слупа афішу з тым, каб уважліва прачытаць яе прышоўшы дамоў, паглядзеў пільна на праходзіўшую па драўляным тратуары даму не брыдкую з выгляду, за якой ішоў хлопчык у ваеннай ліўрэі з пакуначкам у руцэ, і, яшчэ раз акінуўшы ўсё вачамі, быццам для таго, каб добра запомніць гэтае месца, накіраваўся дамоў проста ў свой нумар, прычым на сходках яго злёгку падтрымліваў тракцірны слуга. Напіўшыся чаю, ён сеў перад сталом, загадаў падаць сабе свечку, дастаў з кішэні афішу, паднёс яе да свечкі і пачаў чытаць, прыжмурыўшы крыху правае вока. Аднак цікавага мала было ў афішы: давалася драма Г. Кацэбу, у якой Рола іграў п. Паплевін, Кору — дзяўчына Зяблава, іншыя асобы былі і таго менш прыкметныя, аднак-жа ён прачытаў іх усіх, дабраўся нават да цаны партэра і даведаўся, што афіша была надрукавана ў друкарні губернскага праўлення, потым перавярнуў на другі бок, даведацца, ці няма там чаго-небудзь, але, не знайшоўшы нічога, працёр вочы, скруціў акуратна і палажыў у сваю скрынку, куды меў звычай складаць усё, што ні траплялася. Дзень, здаецца, быў закончаны порцыяй халоднай цяляціны, бутэлькай кіслых шчэй [3] і моцным сном на ўсе застаўкі, як кажуць у некаторых месцах абшырнай рускай дзяржавы.

Увесь наступны дзень быў прысвечаны візітам; прыезджы накіраваўся рабіць візіты ўсім гарадскім саноўнікам. Быў з шанаваннем у губернатара, які, як выявілася, падобна Чычыкаву, быў ні тоўсты, ні тонкі сабой, меў на шыі Анну, і пагаварвалі нават, што быў вылучан на атрыманне звязды; аднак быў вялікі дабрак і нават сам вышываў часамі па цюлю. Потым накіраваўся да віцэ-губернатара, потым быў у пракурора, у старшыні палаты, у паліцэймейстара, у адкупшчыка, у начальніка над казённымі фабрыкамі... шкада, што крыху цяжка ўспомніць усіх сільных міра сего; але досыць сказаць, што прыезджы выявіў незвычайную дзейнасць у дачыненні візітаў: ён з’явіўся нават засведчыць шанаванне да інспектара ўрачэбнай управы і гарадскога архітэктара. I потым яшчэ доўга сядзеў у брычцы, прыдумваючы, каму-б яшчэ зрабіць візіт, ды ўжо больш у горадзе не знайшлося чыноўнікаў. У размовах з гэтымі ўладарамі ён вельмі па-майстэрску ўмеў сказаць прыемнае кожнаму. Губернатару намякнуў неяк мімаходзь, што ў яго губерню ўязджаеш, як у рай, дарогі ўсюды аксамітныя, і што тыя ўрады, якія прызначаюць мудрых саноўнікаў, варты вялікай пахвалы. Паліцэймейстару сказаў нешта вельмі прыемнае наконт гарадскіх будачнікаў, а ў размовах з віцэ-губернатарам і старшынёй палаты, якія былі яшчэ толькі стацкія саветнікі, сказаў нават памылкаю два разы «ваша прэвасхадзіцельства», што вельмі ім спадабалася. Вынікам гэтага было тое, што губернатар запрасіў яго наведацца да сябе ў той-жа дзень на хатнюю вечарынку, іншыя чыноўнікі таксама з свайго боку, хто на абед, хто на бастончык, хто на кубак чаю.

Пра сябе прыезджы, як здавалася, унікаў многа гаварыць; калі-ж гаварыў, дык нейкімі агульнымі месцамі, з прыкметнай сціпласцю, і гаворка яго ў такіх выпадках прымала крыху кніжныя звароты: што ён нязначны чэрвь міра сего і не варты таго, каб многа аб ім клапаціліся, што многа зазнаў на вяку сваім, пацярпеў на службе за праўду, меў шмат ворагаў, якія рабілі замахі нават на жыццё яго, і што цяпер, жадаючы супакоіцца, шукае, нарэшце, месца для жыхарства, і што, прыбыўшы ў гэты горад, палічыў за першы абавязак засведчыць сваё шанаванне першым яго саноўнікам. Вось усё, што даведаліся ў горадзе аб гэтай новай асобе, якая вельмі хутка не мінула магчымасці паказаць сябе на губернатарскай вечарынцы. Падрыхтоўка да гэтай вечарынкі заняла больш за дзве гадзіны часу, і тут у прыезджым выявілася такая ўважлівасць да туалета, якую нават не ўсюды здараецца ўбачыць. Пасля невялікага пасляабедзеннага сну ён загадаў падаць памыцца і надзвычайна доўга цёр мылам абедзве шчакі, падпёршы іх з сярэдзіны языком; потым, узяўшы з пляча тракцірнага слугі ручнік, выцер ім з усіх бакоў поўнае сваё аблічча, пачаўшы з-за вушэй і чмыхнуўшы перш разы са два ў самы твар тракцірнага слугі. Потым надзеў перад люстэркам манішку, выскуб вылезшыя з носа два валаскі і непасрэдна за гэтым апынуўся ў фраку бруснічнага колеру з іскрай. Такім чынам апрануўшыся, пакаціў ён ва ўласным экіпажы па бясконца шырокіх вуліцах, асветленых цьмянымі агнямі з там-сям мільгаўшых акон. Аднак губернатарскі дом быў так асветлены, хоць-бы і для бала; каляскі з ліхтарамі, перад пад’ездам два жандармы, фарэйтарскія крыкі ўдалечыні — словам, усё як трэба.

Увайшоўшы ў зал, Чычыкаў павінен быў на хвіліну зажмурыць, вочы, таму што бляск ад свечак, лямп і дамскіх убранняў быў страшэнны. Усё было заліта святлом. Чорныя фракі мільгалі і насіліся паасобку і кучамі там і там, як носяцца мухі на белым ззяючым рафінадзе ў гарачую ліпеньскую пару, калі старая ключніца расколвае і дзеліць яго на бліскучыя абломкі перад адчыненым акном; дзеці ўсе глядзяць, сабраўшыся навакол, сочачы з цікаўнасцю за рухам жорсткіх рук яе, узнімаючых малаток, а паветраныя эскадроны мух, узнятыя лёгкім паветрам, улятаюць смела, як поўныя гаспадары, і, карыстаючыся падслепаватасцю старой і сонцам, якое непакоіць вочы яе, абсыпаюць смачныя кавалкі, дзе ўроссып, дзе густымі кучамі. Насычаныя багатым летам, якое і без таго на кожным кроку расстаўляе смачныя стравы, яны ўляцелі зусім не для таго, каб есці, але каб толькі паказаць сябе, прайсціся ўзад і ўперад па кучы цукру, пацерці адна аб адну заднія ці пярэднія ножкі, або пачухаць імі ў сябе пад крыльцамі, або, працягнуўшы абедзве пярэднія лапкі, пацерці імі ў сябе над галавой, павярнуцца і зноў прыляцець з новымі дакучлівымі эскадронамі.

Не паспеў Чычыкаў агледзецца, як быў ужо схоплены пад рукі губернатарам, які тут-жа адрэкамендаваў яго губернатаршы. Прыезджы госць і тут не разгубіўся: ён сказаў нейкі камплімент, вельмі прыстойны для чалавека сярэдніх год, які мае чын не надта вялікі і не надта малы. Калі пары, зрыхтаваўшыся да танцаў, прыціснулі ўсіх да сцяны, ён, заклаўшы рукі назад, глядзеў на іх хвіліны са дзве вельмі ўважліва. — Многія дамы былі добра апрануты і па модзе, другія апрануліся ў тое, што бог паслаў у губернскі горад. Мужчыны тут, як і ўсюды, былі двух родаў: адны тоненькія, якія ўсё круціліся каля дам; некаторыя з іх былі такога роду, што цяжка было адрозніць іх ад пецербургскіх, мелі таксама вельмі прадумана і з густам зачасаныя бакенбарды, або проста прыемныя, вельмі гладка выгаленыя авалы твараў, таксама абыякава падсядалі да дам, таксама гаварылі па-французску і смяшылі дам таксама, як і ў Пецербургу. Другі род мужчын складалі тоўстыя ці такія-ж, як Чычыкаў, г. зн. не так, каб надта тоўстыя, аднак-жа і не тонкія. Гэтыя, наадварот, касавурыліся і адступаліся ад дам і пазіралі толькі па баках, ці не расстаўляў дзе губернатарскі слуга зялёны стол для віста. Твары ў іх былі поўныя і круглыя, на іншых нават былі бародаўкі, той-сёй быў і рабаваты, валасоў яны на галаве не насілі ні хахламі, ні буклямі, ні на манер чорт мяне пабяры, як кажуць французы; валасы ў іх былі ці нізка падстрыжаны, ці прылізаны, а рысы твару больш закругленыя і цвёрдыя. Гэта былі пачэсныя чыноўнікі ў горадзе. Што і казаць! тоўстыя ўмеюць лепш на гэтым свеце ўладжваць свае справы, чым тоненькія. Тоненькія служаць больш на асаблівых даручэннях, або толькі лічацца і віляюць туды і сюды; іх існаванне нейкае вельмі лёгкае, паветранае і зусім ненадзейнае. Тоўстыя-ж ніколі не займаюць ускосных месц, а ўсё простыя, і ўжо калі сядуць дзе, дык сядуць надзейна і моцна, так што хутчэй месца затрашчыць і ўвагнецца пад імі, а ўжо яны не зляцяць. Знадворнага бляску яны не любяць; на іх фрак не так ёмка скроены, як у тоненькіх, затое ў шкатулках благадаць божая. У тоненькага за тры гады не застаецца ніводнай душы, не заложанай у ламбард; у тоўстага спакойна, глядзіш, і з’явіўся дзе-небудзь у канцы горада дом, куплены на імя жонкі, потым у другім канцы другі дом, потым недалёка ад горада вёсачка, потым і сяло з усімі выгодамі. Нарэшце тоўсты, паслужыўшы богу і гасудару, заслужыўшы ўсеагульную павагу, пакідае службу, перабіраецца і робіцца памешчыкам, слаўным рускім панам, хлебасолам. і жыве, і добра жыве. — А пасля яго зноў тоненькія наследнікі спускаюць, паводле рускага звычаю, на кур’ерскіх усё бацькоўскае дабро. Нельга ўтаіць, што амаль такога роду меркаванні займалі Чычыкава ў той час, калі ён разглядаў прысутных, і вынікам гэтага было тое, што ён нарэшце далучыўся да тоўстых, дзе сустрэў амаль усіх знаёмых асоб: пракурора з вельмі чорнымі густымі брывамі і крыху падміргваўшым левым вокам так, як быццам-бы гаварыў: «Пойдзем, брат, у другі пакой, там я табе штосьці скажу», чалавека, аднак, сур’ёзнага і маўклівага; паштмейстара, нізенькага чалавека, але астраслоўца і філосафа, старшыню палаты, вельмі разважлівага і ветлівага чалавека, якія ўсе віталі яго, як даўняга знаёмага, на што Чычыкаў раскланьваўся, крыху набок, аднак не без прыемнасці. Тут-жа пазнаёміўся ён з вельмі абыходлівым і пачцівым памешчыкам Манілавым і крыху нязграбным на выгляд Сабакевічам, які з першага разу наступіў яму на нагу, сказаўшы: «Прашу прабачыць». Тут-жа яму ўсунулі карту на віст, якую ён прыняў з такім-жа ветлівым паклонам. Яны селі за зялёны стол і не ўставалі ўжо да вячэры. Усе размовы зусім спыніліся, як здараецца заўсёды, калі, нарэшце, распачынаюць занятак сур’ёзны. Хоць паштмейстар быў вельмі красамоўны, але і той, узяўшы ў рукі карты, зараз-жа надаў твару, свайму мыслячы выраз, накрыў ніжняю губою верхнюю і захаваў такое становішча на ўвесь час гульні. Ходзячы з фігуры, ён біў па стале моцна рукою, прыгаварваючы, калі была дама: «пайшла старая пападдзя!», калі-ж кароль: «пайшоў тамбоўскі мужык!» А старшыня прыгаварваў: «А я яго па вусах! А я яе па вусах!» Часам пры ўдары карт па стале вырываліся выразы: а! была не была, няма з чаго, дык з бубнаў! Або проста выгукі: чырва! чырваточына! пікенцыя! ці пікендрас! пічурушчух! пічура! і нават проста: пічук — назвы якімі перахрысцілі яны масці ў сваёй кампаніі. Пасля сканчэння гульні спрачаліся, як вядзецца, даволі голасна. Прыезджы наш госць таксама спрачаўся, але неяк надзвычай умела, так што ўсе бачылі, што ён спрачаўся, але ў той-жа час прыемна спрачаўся. Ніколі ён не гаварыў: вы пайшлі, а вы былі ласкавы пайсці, я меў гонар пакрыць вашу двойку, і да таго падобнае. Каб яшчэ больш пераканаць у чым-небудзь сваіх супраціўнікаў, ён кожны раз падносіў ім усім сваю срэбраную з фініфцю [4] табакерку, на дне якой заўважылі дзве фіялкі, якія былі пакладзены туды для паху. Увагу прыезджага асабліва затрымалі памешчыкі Манілаў і Сабакевіч, аб якіх успаміналася вышэй. Ён зараз-жа распытаў пра іх, адклікаўшы тут-жа крыху ўбок паштмейстара. Некалькі пытанняў, зробленых ім, выявілі ў гасцю не толькі цікаўнасць, але і грунтоўнасць; бо перш за ўсё распытаў ён, колькі ў кожнага з іх душ сялян, і ў якім становішчы знаходзяцца іх маёнткі, а потым ужо даведаўся, як імя і імя па бацьку. За кароткі час ён зусім паспеў зачараваць іх. Памешчык Манілаў, яшчэ зусім чалавек не пажылы, які меў вочы салодкія, як цукар, і жмурыў іх кожны раз, калі смяяўся, быў ад яго без памяці. Ён вельмі доўга ціснуў яму руку і пераканаўча прасіў зрабіць яму гонар сваім прыездам у вёску, да якой, паводле яго слоў, было толькі пятнаццаць вёрст ад гарадской заставы. На што Чычыкаў з вельмі ветлівым нахіленнем галавы і шчырым поціскам рукі адказаў, што ён не толькі з вялікай ахвотай гатоў гэта выканаць, але нават палічыць за свяшчэннейшы абавязак. Сабакевіч таксама сказаў крыху лаканічна: «I да мяне прашу», шаркнуўшы нагою, абутаю ў бот такога велізарнага памеру, для якога наўрад ці можна дзе знайсці адпаведную нагу, асабліва ў цяперашні час, калі і на Русі пачынаюць зводзіцца асілкі.

На другі дзень Чычыкаў накіраваўся на абед і вечар да паліцэймейстара, дзе з трох гадзін пасля абеда заселі ў віст і гулялі да двух гадзін ночы. Там між іншым ён пазнаёміўся з памешчыкам Наздровым, мужчынам гадоў трыццаці, прабітным чалавекам, які яму пасля трох-чатырох слоў пачаў гаварыць ты. З паліцэймейстарам і пракурорам Наздроў таксама быў на ты і трымаўся па-сяброўску; але калі селі гуляць у вялікую гульню, паліцэймейстар і пракурор надзвычайна ўважліва разглядалі яго біткі і сачылі амаль за кожнай картай, з якой ён хадзіў. Назаўтра Чычыкаў правёў вечар у старшыні палаты, які прымаў гасцей сваіх у халаце, крыху замусоленым, і ў тым ліку двух нейкіх дам. Потым быў на вечары ў віцэ-губернатара, на вялікім абедзе ў адкупшчыка, на невялікім абедзе ў пракурора, які аднак варты быў вялікага; на закусцы пасля абедні, дадзенай гарадскім галавой, якая таксама варта была абеда. Словам, ніводнай гадзіны не даводзілася яму заставацца дома і ў гасцініцу прыязджаў ён з тым толькі, каб заснуць. Прыезджы ва ўсім неяк умеў не разгубіцца, і паказаў у сабе спрактыкаванага свецкага чалавека. Пра што-б ні ішла размова, ён заўсёды ўмеў падтрымаць яе: ішла гутарка аб конскім заводзе, ён гаварыў пра конскі завод; гаварылі аб добрых сабаках, і тут ён рабіў каштоўныя заўвагі; меркавалі наконт следства, праведзенага казённай палатаю, — ён паказаў, што для яго не ў навіну і судовыя махінацыі; было разважанне пра більярдную гульню — і тут ён не рабіў промаху; гаварылі пра дабранраўнасць, і пра дабранраўнасць разважаў ён вельмі добра, нават са слязамі на вачах; пра выраб гарачага віна, — і ў гарачым віне ведаў толк; пра мытных наглядчыкаў і чыноўнікаў, і аб іх ён меркаваў, як быццам сам быў чыноўнікам і наглядчыкам. — Але варта ўвагі тое, што ўсяму гэтаму ён умеў надаваць нейкую спаважнасць, умеў добра трымацца. Гаварыў ні голасна, ні ціха, а зусім так, як належыць. Словам, як ні пакіруй, быў вельмі прыстойны чалавек. Усе чыноўнікі былі задаволены прыездам новай асобы. Губернатар аб ім выказаўся, што ён чалавек добрых намераў; пракурор, што ён дзелавы чалавек; жандармскі палкоўнік гаварыў, што ён вучоны чалавек; старшыня палаты, што ён паважаны чалавек і ўсё ведае; паліцэймейстар, што ён шаноўны і абыходлівы чалавек; жонка паліцэймейстара, што ён надзвычай ветлівы і далікатны чалавек. Нават сам Сабакевіч, які рэдка гаварыў аб кім-небудзь добра, прыехаўшы даволі позна з горада і ўжо зусім распрануўшыся і лёгшы на ложак каля хударлявай жонкі сваёй, сказаў ёй: «Я, душачка, быў у губернатара на вечары, і ў паліцэймейстара абедаў, пазнаёміўся з калежскім саветнікам Паўлам Іванавічам Чычыкавым: найпрыемнейшы чалавек!» На што супруга адказала: «Гм!» і штурхнула яго нагой.

Такая думка, вельмі прыемная для госця, склалася аб ім у горадзе, і яна трымалася да таго часу, пакуль адна дзіўная ўласцівасць госця і справа, ці, як кажуць у правінцыях, пасаж аб якім чытач хутка даведаецца, не выклікала поўнага неўразумення амаль ва ўсім горадзе. [5]

РАЗДЗЕЛ II

Ужо больш за тыдзень прыезджы пан жыў у горадзе, раз’язджаючы па вечарынках і абедах і, такім чынам, праводзячы, як кажуць, вельмі прыемна час. Нарэшце, ён наважыўся перанесці свае візіты за горад і наведаць памешчыкаў Манілава і Сабакевіча, якім даў слова. — Мабыць, да гэтага змусіла яго іншая, больш істотная прычына, справа больш сур’ёзная, бліжэйшая да сэрца... Але пра ўсё гэта чытач даведаецца паступова і ў свой час, калі толькі будзе мець цярплівасць прачытаць прапануемую аповесць, надта доўгую, якая мае потым разгарнуцца шырэй і прастарней па меры набліжэння да канца, што вянчае справу. Фурману Селіфану аддадзены быў загад назаўтра раніцою запрэгчы коней у вядомую брычку; Пятрушку загадана было заставацца дома, глядзець за пакоем і чамаданам. Для чытача будзе не лішне пазнаёміцца з гэтымі двума прыгоннымі людзьмі нашага героя. Хоць, вядома, яны асобы не так прыкметныя, і тое, што называецца, другарадныя, або нават трэцерадныя, хоць галоўныя ходы і пружыны паэмы не на іх умацаваны і хіба толькі дзе-ні-дзе закранаюць і лёгка зачэпліваюць іх, — але аўтар любіць быць надзвычай дакладным ва ўсім, і з гэтага боку, не гледзячы на тое, што сам рускі чалавек, хоча быць акуратным, як немец. Гэта зойме зрэшты няшмат часу і месца, бо няшмат трэба дадаць да таго, што ўжо чытач ведае, гэта значыць, што Пятрушка хадзіў у крыху шырокім карычневым сурдуце з панскага пляча, і меў, па звычаю людзей свайго звання, буйны нос і губы. Характару ён быў больш маўклівага, чым гаваркога; меў нават высокароднае імкненне да асветы, г. зн. чытання кніг; змест іх не спыняў яго: яму было зусім усёроўна — прыгоды закаханага героя, проста буквар, або маліцвенік: ён усё чытаў з аднолькавай увагай; калі-б яму падсунулі хімію, ён-бы і ад яе не адмовіўся. Яму падабалася не тое, аб чым чытаў ён, а больш самое чытанне, ці лепей сказаць працэс самога чытання, што вось, бачыш, з літар вечна выходзіць якое-небудзь слова, каторае іншы раз чорт ведае што і азначае. Гэтае чытанне адбывалася больш у ляжачым стане ў пярэдняй, на ложку і на сенніку, які зрабіўся ад такой акалічнасці ўмятым і тоненькім, як аладка. Акрамя ахвоты да чытання, ён меў яшчэ два прызвычаенні, якія складалі дзве другія яго характарыстычныя рысы: спаць не распранаючыся, так, як ёсць, у тым-жа сурдуце, і насіць заўсёды з сабою нейкае сваё асаблівае паветра, свайго ўласнага паху, якое тхнула крыху пахам жылога пакоя, так што досыць было яму толькі прыладзіць дзе-небудзь свой ложак, хоць нават у нежылым да таго часу пакоі, ды перацягнуць туды шынель і манаткі, і ўжо здавалася, што ў гэты пакоі гадоў дзесяць жылі людзі. Чычыкаў, будучы чалавекам вельмі далікатным і нават у іншых выпадках пераборлівым пацягнуўшы да сябе паветра на свежы нос раніцою, толькі крывіўся, ды трос галавой, прыгаварваючы: «ты, брат, чорт цябе ведае, пацееш ці што. Схадзіў-бы ты хоць у лазню». На што Пятрушка нічога не адказваў і стараўся тут-жа заняцца якой-небудзь справай, ці падыходзіў са шчоткай да панскага фрака, ці проста прыбіраў што-небудзь. Што думаў ён у той час, калі маўчаў, — можа, ён гаварыў сам сабе: «і ты аднак-жа прыгож, не надакучыла табе сорак разоў паўтараць адно і тое-ж», — бог ведае, цяжка дазнацца, што думае дваровы прыгонны чалавек у той час, калі пан дае яму настаўленне. Такім чынам, вось што на першы раз можна сказаць пра Пятрушку. Фурман Селіфан быў зусім іншы чалавек... Але аўтар вельмі сароміцца займаць так доўга чытачоў людзьмі нізкага класа, ведаючы з практыкі, як неахвотна яны знаёмяцца з нізкімі саслоўямі. Такі ўжо рускі чалавек: палкае жаданне пазнаёміцца з тым, хто хоць-бы на адзін чын быў за яго вышэй, і шапачнае знаёмства з графам ці князем для яго лепш, чым усякія цесныя сяброўскія адносіны. Аўтар нават баіцца за свайго героя, які толькі калежскі саветнік. Надворныя саветнікі, можа, і пазнаёмяцца з ім, але тыя, што падабраліся ўжо да чыноў генеральскіх, тыя, бог ведае, можа, нават кінуць адзін з тых пагардлівых позіркаў, якія кідаюцца горда чалавекам на ўсё, што ні поўзае каля яго ног, ці, яшчэ горш, можа, пройдуць са знішчальнай для аўтара безуважнасцю. Але як ні сумна тое і другое, а ўсё, аднак-жа, трэба вярнуцца да героя. Такім чынам, аддаўшы патрэбныя загады яшчэ з вечара, прачнуўшыся назаўтра вельмі рана, памыўшыся, абцёршыся з ног да галавы мокрай губкай, што рабілася толькі ў нядзелю, — а ў той дзень якраз была нядзеля, выгаліўшыся такім чынам, што шчокі зрабіліся як сапраўдны атлас у сэнсе гладкасці і лоску, апрануўшы фрак бруснічнага колеру з іскрай і потым шынель на вялікіх мядзведзях, ён сышоў з лесніцы пры падтрымцы тракцірнага слугі то з аднаго, то з другога боку і сеў у брычку. З грукатам выехала брычка з варот гасцініцы на вуліцу. Стрэчны поп зняў капялюш, некалькі хлапчукоў у запэцканых кашулях прыцягнулі рукі, прыгаварваючы: «пан, падай сірацінцы!» Фурман, заўважыўшы, што адзін з іх быў вялікі ахвотнік станавіцца на запяткі, сцебануў яго пугаю, і брычка пайшла падскокваць па каменні. Не без радасці быў заўважаны ўдалечыні паласаты шлагбаум, які даваў знаць, што бруку, як і ўсякай іншай пакуце, будзе хутка канец; і яшчэ некалькі разоў ударыўшыся досыць моцна галавой у кузаў, Чычыкаў паімчаўся нарэшце па мяккай зямлі. Ледзь толькі горад застаўся ззаду, як пайшлі ўжо тут пісаць па нашаму звычаю лухта і дзіч па абодвух баках дарогі: купіны, ельнік, нізенькія рэдкія кусты маладых хвой, абгарэлыя камлі старых, дзікі верас і да таго падобная недарэчнасць. Трапляліся выцягнутыя як па шнуру вёскі, пабудовай падобныя да старых складзеных дроў, крытыя шэрымі стрэхамі з разбянымі драўлянымі пад імі аздобамі ў выглядзе вісячых вышываных узорамі ручнікоў. Некалькі мужыкоў, як звычайна, зявалі, седзячы на лаўках перад варотамі ў сваіх кажухах. Бабы з тоўстымі тварамі і перавязанымі грудзямі глядзелі з верхніх акон, з ніжніх глядзела цяля, ці высоўвала сляпую сваю морду свіння. Словам, малюнкі вядомыя. Праехаўшы пятнаццатую вярсту, ён прыпомніў, што тут, паводле слоў Манілава, павінна быць яго вёска, але і шаснаццатая вярста праляцела міма, а вёскі ўсё не было відаць, і калі-б не два мужыкі, якія трапіліся насустрач, то наўрад ці давялося-б ім патрапіць на лад. На пытанне, ці далёка вёска Заманілаўка, мужыкі знялі шапкі, і адзін з іх, відаць разумнейшы, які насіў бараду клінам, адказаў: «Манілаўка, можа, а не Заманілаўка?»

«Ну, так, Манілаўка».

«Манілаўка! а як праедзеш яшчэ адну вярсту, дык вось табе, гэта значыць, так проста направа».

«Направа?» адазваўся фурман.

«Направа», сказаў мужык. «Гэта будзе табе дарога ў Манілаўку; а Заманілаўкі ніякай няма. Яна завецца так, значыцца, яе назва Манілаўка, а Заманілаўкі тут зусім няма. Там проста на гары ўбачыш дом, каменны на два паверхі, панскі дом, у якім, значыцца, жыве сам пан. Вось гэта табе і ёсць Манілаўка, а Заманілаўкі зусім няма ніякай тут, і не было».

Паехалі шукаць Манілаўку. Праехаўшы дзве вярсты, сустрэлі паваротку на прасёлачную дарогу, але ўжо і дзве, і тры, і чатыры вярсты, здаецца, зрабілі, а каменнага дома на два паверхі ўсё яшчэ не было відаць. Тут Чычыкаў успомніў, што калі прыяцель запрашае да сябе ў вёску за пятнаццаць вёрст, дык значыць, што да яе добрых трыццаць. Вёска Манілаўка мала каго магла прывабіць сваёй мясцовасцю. Дом панскі стаяў адзіночкай на юру, гэта значыць на ўзвышшы, адкрытым усім вятрам, якім толькі ўздумаецца падзьмуць; схіл гары, на якой ён стаяў, быў апранены падстрыжаным дзёрнам. На ёй былі раскіданы па-англійску дзве-тры клумбы з кустамі бэзу і жоўтых акацый; пяць-шэсць бяроз невялікімі купамі дзе-ні-дзе ўзнімалі свае дробналістыя рэдзенькія верхавіны. Пад двума з іх відаць была альтанка з плоскім зялёным купалам, драўлянымі блакітнымі калонамі і надпісам «Храм адзінотнага разважання», ніжэй ставок, ты зяленівам, што, зрэшты, не ў навіну ў агліцкіх садах рускіх памешчыкаў. Каля падэшвы гэтага ўзвышша, і часткова па самім спадзе, цямнелі ўдоўж і ўпоперак шэранькія бярвенчатыя хаты, якія герой наш, невядома з якіх прычын, у тую-ж хвіліну пачаў лічыць і налічыў больш за дзвесце; нідзе ні дрэўца, якое-б расло між іх, ці якой-небудзь зеляніны; усюды глядзела толькі адно бярвенне. Пейзаж ажыўлялі дзве бабы, якія, маляўніча падабраўшы спадніцы і падаткнуўшыся з усіх бакоў, брылі па калені ў стаўку, цягнучы за дзве драўляныя жэрдкі падраны браднік, дзе відаць былі два заблытаныя ракі і блішчэла трапіўшая туды плотка; бабы, здавалася, былі між сабою ў сварцы і за штосьці лаяліся. Воддаль убаку цямнеў нейкім сумна-сіняватым колерам сасновы лес. Нават самае надвор’е вельмі дарэчы прыслужылася: дзень быў не ясны і не хмурны, а нейкага светла-шэрага колеру, які бывае толькі на старых мундзірах гарнізонных салдатаў, гэтага, між іншым, мірнага войска, але часамі не зусім цвярозага ў святочныя дні. Для папаўнення малюнка не было недахопу ў пеўні, спавяшчальніку пераменнага надвор’я, які, не зважаючы на тое, што галава прадзёўбана была да самых мазгоў насамі іншых пеўняў праз невядомыя кавалерскія справы, гарланіў вельмі голасна і нават лопаў крыллямі, абсмыканымі, як старыя рагожкі. Пад’язджаючы да двара, Чычыкаў заўважыў на ганку самога гаспадара, які стаяў у зялёным шалонавым сурдуце, прыставіўшы руку да ілба ў выглядзе парасона над вачамі, каб разгледзець лепш пад’язджаўшы экіпаж. Па меры таго як брычка набліжалася да ганку, вочы яго рабіліся весялейшымі і ўсмешка пашыралася больш і больш.

«Павел Іванавіч!» закрычаў ён нарэшце, калі Чычыкаў вылазіў з брычкі. «Нарэшце вы-такі нас успомнілі!»

Абодва прыяцелі вельмі моцна пацалаваліся, і Манілаў павёў свайго госця ў пакой. Хоць час, на працягу якога яны будуць праходзіць сенцы, пярэднюю і сталовую, крыху караткаваты, але паспрабуем, ці не паспеем як-небудзь яго скарыстаць і сказаць тое-сёе пра гаспадара дома. Але тут аўтар павінен прызнацца, што падобнае пачынанне вельмі цяжкае. Куды лягчэй паказваць характары вялікага памеру. Там проста кідай фарбы з усёй рукі на палатно: чорныя пякучыя вочы, навісшыя бровы, перарэзаны маршчынай лоб, перакінуты цераз плячо чорны або чырвоны, як агонь, плашч, і партрэт гатоў; але вось гэтыя ўсе паны, якіх многа на свеце, якія з выгляду вельмі падобныя адзін да аднаго, а тым часам як прыгледзішся, убачыш многа самых няўлоўных асаблівасцей — гэтыя паны страшэнна цяжкія для партрэтаў.

Тут прыдзецца моцна напружваць увагу, пакуль прымусіш перад сабой выступіць усе тонкія, амаль невідочныя рысы, і наогул далёка прыдзецца паглыбляць ужо спрактыкаваны ў навуцы выпытвання позірк.

Адзін бог хіба мог сказаць, які быў характар Манілава. Ёсць род людзей, вядомых пад імем: людзі так сабе, ні тое, ні сёе, ні ў горадзе Багдан, ні ў сяле Селіфан, як кажа прыказка. Можа быць, да іх трэба далучыць і Манілава. З выгляду ён быў чалавек прыкметны; рысы твара яго былі не пазбаўлены прыемнасці, але ў гэтую прыемнасць, здавалася, занадта было перадана цукру; у манерах і абыходжанні яго было нейкае запабяганне, вымагаючае прыхільнасці і знаёмства. Ён усміхаўся прывабна, быў бялявы, з блакітнымі вачамі. У першую хвіліну размовы з ім нельга не сказаць: які прыемны і добры чалавек! У наступную хвіліну нічога не скажаш, а ў трэцюю скажаш: чорт ведае, што такое! і адыйдзеш далей; калі-ж не адыйдзеш, дык адчуеш нуду смяротную. Ад яго не дачакаешся ніякага жывога ці хоць нават задзірлівага слова, якое можаш пачуць амаль ад кожнага, закрануўшы рэч, якая яго задзірае. У кожнага ёсць свой задор: у аднаго задор накіраваўся на хартоў; другому здаецца, што ён моцна любіць музыку і наўздзіў адчувае ўсе глыбокія месцы ў ёй; трэці майстра шыкоўна паабедаць; чацверты адыграць ролю хоць на адзін вяршок вышэй за тую, якая яму прызначана; пяты, з жаданнем больш абмежаваным, спіць і марыць аб тым, як-бы прайсціся на гулянні з флігель-ад’ютантам, на паказ сваім прыяцелям, знаёмым і нават незнаёмым; шосты ўжо надораны такою рукою, якая адчувае звыш-натуральнае жаданне заламаць ражок якому-небудзь бубноваму тузу, ці двойцы, тады, як рука сёмага так і лезе навесці дзе-небудзь парадак, падабрацца бліжэй да аблічча станцыйнага даглядчыка, або фурманаў — словам, у кожнага ёсць сваё, але ў Манілава нічога не было. Дома ён гаварыў вельмі мала, і пераважна разважаў і думаў, але аб чым ён думаў, хіба аднаму богу было вядома. — Гаспадаркай нельга сказаць, каб ён займаўся, ён нават ніколі не ездзіў на поле, гаспадарка ішла неяк сама сабой. Калі прыказчык гаварыў: «добра-б было, пане, тое і тое зрабіць»; «так, нядрэнна», адказваў ён звычайна, курачы люльку, курыць якую прызвычаіўся, калі яшчэ служыў у арміі, дзе лічыўся сціплейшым, далікатнейшым і адукаванейшым афіцэрам, «так, якраз нядрэнна», паўтараў ён. Калі прыходзіў да яго мужык і, пачухаўшы рукой патыліцу, гаварыў: «Пане, дазволь адлучыцца на работу, на падатак зарабіць», — «ідзі», гаварыў ён, курачы люльку, і ў яго нават думкі не з’яўлялася, што мужык ішоў п’янстваваць. Часам, гледзячы з ганку на двор і на ставок, гаварыў ён аб тым, як-бы добра было, калі-б раптам ад дому правесці падземны ход, або цераз ставок пабудаваць каменны мост, на якім-бы былі па абодва бакі крамы, і каб у іх сядзелі купцы і прадавалі розныя дробныя тавары, патрэбныя сялянам. — Пры гэтым вочы яго рабіліся надзвычай салодкімі і твар набываў самы задаволены выраз; зрэшты, усе гэтыя пражэкты так і канчаліся толькі аднымі словамі. У яго кабінеце заўсёды ляжала нейкая кніжка, з закладкаю на 14 старонцы, якую ён увесь час чытаў ужо два гады. У доме яго чаго-небудзь вечна нехапала: у гасцінай стаяла цудоўная мэбля, абцягнутая шыкоўнай шоўкавай тканінай, якая пэўна каштавала вельмі дорага; але на два крэслы яе нехапіла, і крэслы стаялі абцягнутыя проста рагожай; зрэшты, гаспадар на працягу некалькіх год кожны раз перасцерагаў свайго госця словамі: не сядайце на гэтыя крэслы, яны яшчэ не гатовы. У некаторых пакоях і зусім не было мэблі, хоць і гаварылася ў першыя дні пасля жаніцьбы: «душачка, трэба будзе заўтра паклапаціцца, каб у гэты пакой хоць часова паставіць мэблю». Увечары падаваўся на стол вельмі шыкоўны падсвечнік з цёмнай бронзы з трыма антычнымі грацыямі, з перламутравым шыкоўным шчытом, і побач з ім стаўляўся нейкі просты мядзяны інвалід, кульгавы, пахілены набок і ўвесь у сале, хоць гэтага не заўважаў ні гаспадар, ні гаспадыня, ні слугі. Жонка яго... Зрэшты яны былі зусім задаволены адзін другім. Не гледзячы на тое, што мінула больш васьмі год іх сумеснаму жыццю, кожны з іх усё яшчэ прыносіў другому ці кавалачак яблычка, ці цукерку, ці арэшак, і гаварыў чулліва-пяшчотным голасам, які выказваў праўдзівае каханне: «разяў, душачка, свой роцік, я табе пакладу гэты драбочак». — Само сабой зразумела, што роцік разяўляўся ў гэтым выпадку вельмі грацыёзна. Да дня нараджэння падрыхтоўваліся сюрпрызы: які-небудзь бісерны чахолчык на зубачыстку. I вельмі часта, седзячы на канапе, раптам, зусім невядома з якіх прычын, адзін, кінуўшы сваю люльку, а другая работу, калі толькі яна трымалася ў той час у руках, яны дарылі адзін другому такі млявы і доўгі пацалунак, што на працягу яго можна было лёгка выкурыць маленькую, саламяную цыгарку. Словам, яны было тое, што гаворыцца шчаслівыя. Вядома, можна было-б заўважыць, што ў доме ёсць шмат іншых заняткаў, апрача доўгіх пацалункаў і сюрпрызаў, і многа-б можна было зрабіць розных запытанняў. Чаму, напрыклад, неразумна і бязладна гатуецца на кухні? чаму даволі пуста ў кладоўцы? чаму зладзейка ключніца? чаму слугі неахайныя і п’яніцы? чаму ўся дворня спіць неміласэрным чынам і гультаіць увесь астатні час? Але ўсё і гэта рэчы нізкія, а Манілава выхавана добра. А добрае выхаванне, як вядома, здабываецца ў пансіёнах. А ў пансіёнах, як вядома, тры галоўныя прадметы складаюць аснову добрых якасцей чалавека: французская мова, неабходная для шчасця сямейнага жыцця; фартэпіяна для дастаўлення прыемных хвілін супругу і, нарэшце, уласна гаспадарчая частка: вязанне кашалькоў і іншых сюрпрызаў. Зрэшты бываюць розныя ўдасканаленні і змены ў метадах, асабліва ў цяперашні час; усё гэта больш залежыць ад разважнасці і здольнасцей саміх дырэктрыс пансіёна. У іншых пансіёнах бывае такім чынам, што раней фартэпіяна, потым французская мова, а тады ўжо гаспадарчая частка. А часам бывае і так, што перш гаспадарчая частка, г. зн. вязанне сюрпрызаў, потым французская мова, а потым ужо фартэпіяна. Розныя бываюць метады. Не шкодзіць зрабіць яшчэ заўвагу, што Манілава... але, прызнаюся, аб дамах я вельмі баюся гаварыць, ды пры гэтым мне пара вярнуцца да нашых герояў, якія стаялі ўжо некалькі хвілін перад дзвярамі гасцінай, узаемна ўпрошваючы адзін другога прайсці раней.

«Зрабіце ласку, не клапаціцеся так для мяне, я прайду пасля», гаварыў Чычыкаў.

«Не, Павел Іванавіч, не, вы госць», гаварыў Манілаў, паказваючы яму рукою на дзверы.

«Не турбуйцеся, калі ласка, не турбуйцеся. Калі ласка, праходзьце», гаварыў Чычыкаў.

«Не, ужо выбачайце, не дапушчу прайсці ззаду такому прыемнаму, адукаванаму госцю».

«Чаму-ж адукаванаму?.. Калі ласка, праходзьце».

«Ну, ды ўжо будзьце ласкавы, праходзьце вы».

«Ды чаму-ж?»

«Ну, ды ўжо таму!» сказаў з прыемнай усмешкай Манілаў.

Нарэшце, абодва прыяцелі ўвайшлі ў дзверы бокам і крыху прыціснулі адзін другога.

«Дазвольце пазнаёміць вас з жонкай маёй», сказаў Манілаў, «душачка! Павел Іванавіч!»

Чычыкаў сапраўды ўбачыў даму, якую ён зусім быў не прыкмеціў, калі раскланьваўся ў дзвярах з Манілавым. Яна была даволі прыгожая; апранута да твару. На ёй добра ляжала шаўковая капота бледнага колеру; тонкая невялікая рука яе нешта кінула паспешна на стол і сціснула батыставую хустачку з вышытымі ражкамі. Яна паднялася з канапы, на якой сядзела. Чычыкаў з прыемнасцю падышоў да яе ручкі. Манілава прагаварыла, крыху нават картавячы, што ён вельмі ўзрадаваў іх сваім прыездам, і што муж яе, не мінала дня, каб не ўспамінаў пра яго.

«Так», прамовіў Манілаў: «яна ўжо, бывала, усё пытаецца ў мяне: «ды што-ж твой прыяцель не едзе?» «Пачакай, душачка, прыедзе». А вось і вы, нарэшце, ушанавалі нас сваім наведаннем. Ужо такую, сапраўды, прынеслі асалоду, майскі дзень, імяніны сэрца...»

Чычыкаў, пачуўшы, што справа ўжо дайшла да імянін сэрца, крыху нават разгубіўся і адказаў сціпла, што ні гучнага імя не мае, ні нават рангу прыкметнага.

«Вы ўсё маеце», перапыніў Манілаў з такой-жа прыемнай усмешкай, «усё маеце, нават яшчэ больш».

«Як, на вашу думку, наш горад?» прамовіла Манілава. «Ці прыемна правялі там час?»

«Вельмі добры горад, цудоўны горад», адказаў Чычыкаў: «і час правёў вельмі прыемна: кампанія самая абыходлівая».

«А як, на вашу думку, наш губернатар?» сказала Манілава.

«Ці не праўда, што найшаноўнейшы і найветлівейшы чалавек?» дадаў Манілаў.

«Чыстая праўда», сказаў Чычыкаў, «найшаноўнейшы чалавек. I як ён увайшоў у сваю ролю, як разумее яе! Трэба жадаць пабольш такіх людзей».

«Як ён можа гэтак, ведаеце, прыняць кожнага, захаваць далікатнасць у сваіх учынках», дадаў Манілаў з усмешкай, і ад прыемнасці амаль зусім зажмурыў вочы, як кот, якому крыху паказыталі пальцамі за вушамі.

«Вельмі абыходлівы і прыемны чалавек», гаварыў далей Чычыкаў: «і які майстар! я нават ніяк не мог меркаваць. Як добра вышывае розныя хатнія ўзоры. Ён мне паказваў сваёй работы кашалёк: мала якая дама можа так па-майстэрску вышыць».

«А віцэ-губернатар, ці не праўда, які мілы чалавек», сказаў Манілаў, зноў крыху прыжмурыўшы вочы.

«Вельмі, вельмі дастойны чалавек», адказваў Чычыкаў.

«Ну, дазвольце, а якое ўражанне на вас зрабіў паліцэймейстар? Ці не праўда, што вельмі прыемны чалавек?»

«Надзвычайна прыемны, і які разумны, які начытаны чалавек! Мы ў яго прагулялі ў віст разам з пракурорам і старшынёй палаты да самых позніх пеўняў. Вельмі, вельмі дастойны чалавек».

«Ну, а якой вы думкі аб жонцы паліцэймейстара?» дадала Манілава. «Ці не праўда, найветлівейшая жанчына?»

«О, гэта адна з дастойнейшых жанчын, якіх я толькі ведаю», адказаў Чычыкаў.

Пасля не мінулі старшыні палаты, паштмейстара, і такім чынам перабралі амаль усіх чыноўнікаў горада, якія ўсе аказаліся самымі дастойнымі людзьмі.

«Вы заўсёды ў вёсцы праводзіце час?» зрабіў, нарэшце, у сваю чаргу запытанне Чычыкаў.

«Больш у вёсцы», адказаў Манілаў. «Часамі аднак прыязджаем у горад для таго толькі, каб пабачыцца з адукаванымі людзьмі. Здзічэеш, ведаеце, калі будзеш увесь час жыць замкнуўшыся».

«Праўда, праўда», сказаў Чычыкаў.

«Вядома», гаварыў далей Манілаў: «іншая справа, калі-б суседства было добрае, калі-б, напрыклад, быў такі чалавек, з якім-бы некаторым чынам можна было пагаварыць пра ветлівасць, пра добрае абыходжанне, сачыць за якой-небудзь гэтакай навукай, каб гэтак разварушыла душу, было-б, так сказаць, лунанне гэтакае...» Тут ён яшчэ нешта хацеў выказаць, але, заўважыўшы, што крыху зарапартаваўся, крутнуў толькі рукой у паветры і прадаўжаў: «тады вядома вёска і адзінота мелі-б вельмі многа прыемнасцей. Але зусім няма нікога... Вось толькі часам пачытаеш «Сын Отечества».

Чычыкаў з гэтым згадзіўся цалкам, дадаўшы, што не можа быць нічога больш прыемнага, як жыць у адзіноце, мець асалоду ад сузірання прыроды і пачытаць часамі якую-небудзь кнігу...

«Але ведаеце», дадаў Манілаў, «усё-ж, калі няма друга, з якім-бы можна падзяліцца...»

«О, гэта справядліва, гэта зусім справядліва!» перапыніў Чычыкаў. «Што ўсе скарбы тады ў свеце! Не май грошай, май добрых людзей для абыходжання, сказаў адзін мудрэц».

«I ведаеце, Павел Іванавіч!» сказаў Манілаў, зрабіўшы на твары сваім выраз не толькі салодкі, але нават прыкра-салодкі, падобны да той мікстуры, якую спрытны свецкі доктар засаладзіў бязлітасна, думаючы ёю парадаваць пацыента. «Тады адчуваеш якуюсьці, у некаторым родзе, духоўную асалоду... Вось, як напрыклад, цяпер, калі выпадак даў мне шчасце, можна сказаць, узорнае, гаварыць з вамі і адчуваць асалоду ад прыемнай вашай размовы...»

«Даруйце, што-ж за прыемная размова?.. Нікчэмны чалавек, і больш нічога», адказаў Чычыкаў.

«О! Павел Іванавіч, дазвольце мне быць шчырым: я з радасцю аддаў-бы палавіну маіх набыткаў, каб мець частку тых якасцей, якія маеце вы!»

«Наадварот, я палічыў-бы з свайго боку за найвялікшае...»

Невядома, да чаго-б дайшло ўзаемнае выказванне пачуццяў абодвух прыяцеляў, калі-б увайшоўшы слуга не далажыў, што абед гатоў.

«Прашу пакорна», сказаў Манілаў.

«Вы выбачце, калі ў нас няма такога абеда, як на паркетах і ў сталіцах, у нас проста па рускаму звычаю капуста, але ад шчырага сэрца. Пакорна прашу».

Тут яны яшчэ некаторы час паспрачаліся аб тым, каму ўвайсці першым, і нарэшце Чычыкаў увайшоў бокам у сталовую.

У сталовай ужо стаялі два хлопчыкі, сыны Манілава, якія былі ў тых гадах, калі садзяць ужо дзяцей за стол, але яшчэ на высокіх крэслах. Пры іх стаяў настаўнік, які пакланіўся ветліва і з усмешкай. Гаспадыня села за сваю супавую міску; госць быў пасаджаны паміж гаспадаром і гаспадыняй, слуга завязаў дзецям на шыю сарвэткі.

«Якія міленькія дзеці», сказаў Чычыкаў, паглядзеўшы на іх: «а каторы год?»

«Старэйшаму восьмы, а меншаму ўчора толькі мінула шэсць», сказала Манілава.

«Фемістоклюс!» сказаў Манілаў, звярнуўшыся да старэйшага, які стараўся вызваліць свой падбародак, завязаны лакеем у сарвэтку. Чычыкаў прыўзняў крыху брыво, пачуўшы такое нібыта грэчаскае імя, якому нямаведама чаму Манілаў даў канчатак на юс, але пастараўся зараз-жа прывесці свой твар у звычайны стан.

«Фемістоклюс, скажы мне, які лепшы горад у Францыі?»

Тут настаўнік звярнуў усю ўвагу на Фемістоклюса і, здавалася, хацеў яму ўскочыць у вочы, але, нарэшце, зусім супакоіўся і кіўнуў галавой, калі Фемістоклюс сказаў: Парыж.

«А ў нас які лепшы горад?» запытаў зноў Манілаў.

Настаўнік зноў навастрыў увагу.

«Пецербург», адказаў Фемістоклюс.

«А яшчэ які?»

«Масква», адказаў Фемістоклюс.

«Разумны, душачка!» сказаў на гэта Чычыкаў. «Скажыце, аднак-жа...» гаварыў ён далей, звярнуўшыся тут-жа з крыху здзіўленым выглядам да Манілавых. «Я павінен вам сказаць, што ў гэтым дзіцяці будуць вялікія здольнасці».

«О, вы яшчэ не ведаеце яго», адказаў Манілаў, «у яго надзвычай многа дасціпнасці. Вось меншы Алкід, той не такі спрытны, а гэты зараз, калі што-небудзь сустрэне, мошку, казюльку, дык у яго раптам вочкі і забегаюць; пабяжыць за ёй следам і зараз-жа зверне ўвагу. Я яго рыхтую па дыпламатычнай часці. Фемістоклюс!» прадаўжаў ён, зноў звяртаючыся да яго, «хочаш быць пасланнікам?».

«Хачу», адказаў Фемістоклюс, жуючы хлеб і матляючы галавой направа і налева.

У гэты момант лакей, што стаяў ззаду, уцёр пасланніку нос і вельмі добра зрабіў, інакш канула-б у суп немалая старонняя кропля. Размова пачалася за сталом аб асалодзе спакойнага жыцця; гаспадыня перапыняла яе заўвагамі аб гарадскім тэатры і аб акторах. Настаўнік вельмі ўважліва глядзеў на размаўляўшых і як толькі заўважаў, што яны былі гатовы ўсміхнуцца, у тую-ж хвіліну разяўляў рот і смяяўся вельмі шчыра. Напэўна, ён быў чалавек удзячны і хацеў заплаціць гэтым гаспадару за добрае абыходжанне. Адзін раз зрэшты твар яго зрабіўся суровым, і ён строга застукаў па стале, накіраваўшы вочы на сядзеўшых насупраць яго дзяцей. Гэта было дарэчы, бо Фемістоклюс укусіў за вуха Алкіда, і Алкід, зажмурыўшы вочы і разявіўшы рот, гатоў быў зарыдаць самым жаласным чынам, але адчуўшы, што за гэта лёгка можна было застацца без стравы, прывёў рот у ранейшы стан і пачаў са слязамі грызці барановую костку, ад якой у яго абедзве шчакі блішчэлі тлушчам. Гаспадыня вельмі часта звярталася да Чычыкава са словамі: «Вы нічога не ясцё, вы надта мала ўзялі». На што Чычыкаў кожны раз адказваў: «Шчыра дзякую, я пад’еў, прыемная гутарка лепш за ўсякую страву».

Ужо ўсталі з-за стала. Манілаў быў надзвычайна задаволены і, падтрымліваючы рукою спіну свайго госця, рыхтаваўся такім чынам накіраваць яго ў гасціную, як раптам госць аб’явіў з вельмі значным выглядам, што ён мае намер з ім пагутарыць аб адной вельмі патрэбнай справе.

«У такім выпадку, дазвольце мне вас папрасіць у мой кабінет», сказаў Манілаў і павёў у невялікі пакой, які глядзеў акном на сінеўшы лес. «Вось мой куточак», сказаў Манілаў.

«Прыемны пакойчык», сказаў Чычыкаў, азірнуўшы яго вачамі. Пакойчык быў, сапраўды, прыемны: сцены былі памаляваны нейкай блакітнай фарбай, накшталт шэранькай, чатыры крэслы, адно мяккае, стол, на якім ляжала кніжка з закладкай, аб якой мы ўжо ўспаміналі, некалькі спісаных папер, але больш за ўсё было табакі. Яна была рознастайная: у картузах і ў табакерцы, і нарэшце насыпана была проста кучаю на стале. На абодвух вокнах таксама змешчаны былі горкі выбітага з люлькі попелу, парасстаўляныя старанна вельмі прыгожымі радкамі. Прыкметна было, што гаспадар часам займаўся гэтым, каб правесці час.

«Дазвольце вас папрасіць размясціцца на гэтым мяккім крэсле», сказаў Манілаў. «Тут вам будзе спакайней».

«Дазвольце я сяду на цвёрдае».

«Дазвольце вам гэтага не дазволіць», сказаў Манілаў з усмешкай.

«Гэтае крэсла ў мяне ўжо асігнавана для госця: рады ці не рады, але павінны сесці».

Чычыкаў сеў.

«Дазвольце мне вас пачаставаць люлечкаю».

«Не, не куру», адказаў Чычыкаў ласкава і як быццам шкадуючы.

«Чаму?» сказаў Манілаў таксама ласкава і шкадуючы.

«Не набыў прывычкі, баюся; кажуць, люлька сушыць».

«Дазвольце мне вам заўважыць, што гэта памылковы погляд. Я думаю нават, што курыць люльку куды здаравей, чым нюхаць табаку. У нашым палку быў паручык, чароўнейшы і адукаванейшы чалавек, які не выпускаў з рота люлькі не толькі за сталом, але нават, з дазволу сказаць, ва ўсіх іншых месцах. I вось яму цяпер ужо сорак з лішнім год, але, дзякаваць богу, да гэтага часу такі здаровы, як нельга лепш».

Чычыкаў заўважыў, што гэта сапраўды здараецца і што ў прыродзе ёсць шмат рэчаў, якія не вытлумачыць нават шырокі розум.

«Але дазвольце перш адну просьбу...» прагаварыў ён голасам, у якім пачуўся нейкі дзіўны, ці амаль дзіўны, выраз, і ўслед за гэтым невядома чаго азірнуўся назад. Манілаў таксама невядома чаму азірнуўся назад. «Як даўно вы былі ласкавы падаваць рэвізскія спісы?» [6]

«Так, ужо даўно; а лепш сказаць, не прыпомню».

«Як з таго часу многа ў вас памерла сялян?»

«А не магу ведаць, аб гэтым, я мяркую, трэба запытаць прыказчыка. Эй, чалавек, пакліч прыказчыка, ён павінен быць сёння тут».

Прыказчык з’явіўся. Гэта быў чалавек гадоў пад сорак, які галіў бараду, хадзіў у сурдуце і, як відаць, вёў надта спакойнае жыццё, бо твар яго глядзеў нейкай пухлаю паўнатою, а жаўтаваты колер скуры і маленькія вочы паказвалі, што ён ведаў вельмі добра, што такое пухавікі і пярыны. Можна было бачыць зараз, што ён прайшоў сваё поле дзейнасці, як праходзяць яго ўсе панскія прыказчыкі: быў перш проста пісьменным хлапчуком у доме, потым ажаніўся з якой-небудзь Агашкай-ключніцай, панінай фаварыткай, зрабіўся сам ключнікам, а там і прыказчыкам. А стаўшы прыказчыкам, рабіў, зразумела, як усе прыказчыкі: знаўся і куміўся з тымі, хто ў вёсцы быў багацей, падбаўляў на цяглы бяднейшых, прачнуўшыся а дзевятай гадзіне раніцы, чакаў самавара і піў чай.

«Паслухай, даражэнькі! Колькі ў нас памерла сялян з таго часу, як падавалі рэвізію?»

«Ды як колькі? Шмат хто памёр з таго часу», сказаў прыказчык, і пры гэтым ікнуў, захінуўшы рот крыху рукой накшталт шчытка.

«Але, прызнаюся, я сам так думаў», падхапіў Манілаў: «іменна вельмі многія паміралі!» Тут ён звярнуўся да Чычыкава і дадаў яшчэ: «Сапраўды, вельмі многія».

«А як, напрыклад, лікам?» запытаў Чычыкаў.

«Так, колькі лікам?» падхапіў Манілаў.

«Ды як сказаць лікам? Невядома-ж, колькі памірала, іх ніхто не лічыў».

«Так іменна», сказаў Манілаў, звярнуўшыся да Чычыкава: «я таксама дапушчаў, вялікая смяротнасць; зусім невядома, колькі памерла».

«Ты, калі ласка, іх злічы», сказаў Чычыкаў: «і зрабі падрабязны рэестрык усіх пайменна».

«Так, усіх пайменна», сказаў Манілаў.

Прыказчык сказаў: слухаю! і пайшоў.

«А для якіх прычын вам гэта патрэбна?» запытаў Манілаў, калі прыказчык вышаў.

Гэтае пытанне, здавалася, абцяжыла госця, на твары яго з’явіўся нейкі напружаны выраз, ад якога ён нават пачырванеў, намаганне штосьці выказаць, што не зусім паддаецца словам. I сапраўды, Манілаў, нарэшце, пачуў такія дзіўныя рэчы, якіх яшчэ ніколі не чулі чалавечыя вушы.

«Вы пытаеце, для якіх прычын? Прычыны вось якія: я жадаў-бы купіць сялян...» сказаў Чычыкаў, заікнуўся і не скончыў сказу.

«Але дазвольце запытаць вас», сказаў Манілаў, «як вы жадаеце купіць сялян, з зямлёю ці проста на вывад [7], гэта значыць без зямлі?»

«Не, я не так, каб зусім сялян», сказаў Чычыкаў, «я хачу мець мёртвых».

«Як? Выбачайце, я крыху тугі на вуха, мне пачулася вельмі дзіўнае слова...»

«Я мяркую набыць мёртвых, якія, аднак, значыліся-б па рэвізіі, як жывыя», сказаў Чычыкаў.

Манілаў упусціў тут-жа цыбук з люлькай на падлогу і як разявіў рот, так і застаўся з разяўленым ротам на працягу некалькіх хвілін. Абодва прыяцелі, разважаўшыя аб прыемнасцях сяброўскага жыцця, засталіся нерухомымі, утаропіўшы адзін у другога вочы, як тыя партрэты, якія вешаліся ў старажытныя часы адзін супроць другога па абодва бакі люстэрка. Нарэшце Манілаў падняў люльку з цыбуком і паглядзеў знізу яму ў твар, стараючыся ўбачыць, ці не відаць якой усмешкі на губах яго, ці не пажартаваў ён, але не відаць было нічога такога, наадварот, твар нават здаваўся больш спаважным, чым звычайна; потым падумаў, ці не з’ехаў госць як-небудзь знячэўку з глузду, і са страхам паглядзеў на яго ўважліва; але вочы госця былі зусім ясныя, не было ў іх дзікага, неспакойнага агню, які бегае ў вачах звар’яцеўшага чалавека, усё было прыстойна і ў парадку. Як ні прыдумваў Манілаў, як яму быць і што яму зрабіць, але нічога іншага не мог прыдумаць, як толькі выпусціць з рота рэштку дыму вельмі тонкім струменем.

«Такім чынам, я-б жадаў ведаць, ці можаце вы мне такіх, нежывых у сапраўднасці, але жывых паводле законнай формы, перадаць, пераступіць, ці як вам захочацца лепш?»

Але Манілаў так збянтэжыўся і разгубіўся, што толькі глядзеў на яго.

«Мне здаецца, вам цяжка вырашыць?» заўважыў Чычыкаў.

«Я?.. не, я не тое», сказаў Манілаў: «але я не магу ўцяміць... выбачце... я, вядома, не мог атрымаць такой бліскучай выдатнай асветы, якая, так сказаць, відаць у кожным вашым руху, не маю высокага майстэрства выслаўляцца... Можа, тут... у гэтым, вамі зараз выказаным тлумачэнні... захавана другое... Можа, вы былі ласкавы выказацца так для прыгожасці стылю?»

«Не», падхапіў Чычыкаў: «Не, я разумею прадмет так, як ёсць, гэта значыць, тыя душы, якія сапраўды памерлі ўжо».

Манілаў зусім разгубіўся. Ён адчуваў, што яму трэба нешта запытацца, а што запытацца — чорт яго ведае. Скончыў ён, нарэшце, тым, што выпусціў зноў дым, але ўжо не ротам, а праз ноздры.

«Такім чынам, калі няма перашкод, дык з богам можна-б распачаць учыненне купчай крэпасці» [8], сказаў Чычыкаў.

«Як, на мёртвыя душы купчую?»

«А, не!» сказаў Чычыкаў. «Мы напішам, што яны жывыя, так, як стаіць сапраўды ў рэвізскіх спісах. Я прывык ні ў чым не адступаць ад грамадзянскіх законаў, хоць за гэта і пацярпеў на службе, але ўжо выбачайце: абавязак для мяне справа свяшчэнная, закон — я нямею перад законам».

Апошнія словы спадабаліся Манілаву, але да сэнсу самой справы ён усё-такі не дайшоў і замест адказу ўзяўся насмоктваць свой цыбук так старанна, што той пачаў, нарэшце, хрыпець, як фагот. Здавалася, як быццам ён хацеў выцягнуць з яго думку адносна такой нечуванай акалічнасці; але цыбук хрыпеў і больш нічога.

«Магчыма, вы маеце якія-небудзь сумненні?»

«О, злітуйцеся, ніколькі. Я не наконт таго кажу, каб меў якое-небудзь, гэта значыць, крытычнае заўчаснае асуджэнне ў адносінах да вас. Але дазвольце далажыць, ці не будзе гэтае пачынанне, ці каб яшчэ больш, так сказаць, выказацца, нягоцыя, дык ці не будзе гэтая нягоцыя неадпаведнай грамадзянскім пастановам і далейшым намерам Расіі».

Тут Манілаў, зрабіўшы некаторы рух галавой, паглядзеў вельмі значна ў твар Чычыкава, паказаўшы ва ўсіх рысах свайго твара і ў сціснутых губах такі глыбокі выраз, якога, можа, і не было відаць на чалавечым твары, хіба толькі ў якога-небудзь надта разумнага міністра, ды і то ў хвіліну самай галаваломнай справы.

Але Чычыкаў сказаў проста, што падобнае пачынанне, ці нягоцыя, ніяк не будзе неадпаведнай грамадзянскім пастановам і далейшым намерам Расіі, а праз хвіліну потым дадаў, што казна будзе мець нават выгады, бо атрымае законныя пошліны.

«Так вы мяркуеце?..»

«Я мяркую, што гэта будзе добра».

«А калі добра, гэта іншая справа: я супроць гэтага нічога», сказаў Манілаў і зусім супакоіўся.

«Цяпер застаецца ўмовіцца ў цане...»

«Як у цане?» сказаў зноў Манілаў і спыніўся. «Няўжо вы думаеце, што я вазьму грошы за душы, якія ў некаторым родзе скончылі сваё існаванне? Калі ўжо вам прышло гэтакае, так сказаць, фантастычнае жаданне, дык, з свайго боку, я перадаю іх вам без інтарэсу і купчую бяру на сябе».

Вялікі папрок быў-бы гісторыку прапануемых падзей, калі-б ён не сказаў, што здавальненне ахапіла госця пасля такіх слоў, сказаных Манілавым. Які ён ні быў спаважны і разважлівы, але тут ледзь не зрабіў нават падскок накшталт казла, што, як вядома, робіцца толькі ў самых моцных парывах радасці. Ён павярнуўся так моцна ў крэсле, што лопнула шарсцяная тканіна, якая абцягвала падушку; сам Манілаў паглядзеў на яго з некаторым неўразуменнем. Пад уплывам удзячнасці ён нагаварыў тут-жа столькі прыемных рэчаў, што той разгубіўся, увесь пачырванеў, рабіў галавой адмоўны жэст і нарэшце ўжо выказаўся, што гэта сапраўднае нічога, што ён, сапраўды, хацеў-бы давесці чым-небудзь сардэчную цягу, магнетызм душы, а памёршыя душы ў некаторым родзе сапраўдная дрэнь.

«Зусім не дрэнь», сказаў Чычыкаў, паціснуўшы яму руку. Тут ён вельмі глыбока ўздыхнуў. Здавалася, ён быў настроены да сардэчных прызнанняў; не без пачуцця і выражэння прагаварыў ён, нарэшце, наступныя словы:

«Калі-б вы ведалі, якую паслугу зрабілі гэтай, здавалася-б дрэнню чалавеку без племені і роду! Дый сапраўды, чаго не пацярпеў я? як барка якая-небудзь паміж лютых хваль... Якіх ганенняў, якіх праследаванняў не перанёс, якога гора не зазнаў, а за што? за тое, што рабіў па праўдзе, што быў чысты ў сваім сумленні, што падаваў руку і ўдавіцы бездапаможнай, і сіраціне-гаротніцы?..» Тут ён нават выцер хустачкай слязу.

Манілаў быў зусім расчулены. Абодва прыяцелі доўга ціснулі адзін другому рукі і доўга глядзелі моўчкі адзін другому ў вочы, у якіх відаць былі наплыўшыя слёзы. Манілаў ніяк не хацеў выпусціць рукі нашага героя і працягваў ціснуць яе так горача, што той ужо не ведаў, як яе выручыць. Нарэшце, вырваўшы яе ціхенька, ён сказаў, што нядрэнна было-б купчую зрабіць хутчэй і добра было-б, калі-б ён сам наведаўся ў горад. Потым узяў капялюш і пачаў адвітвацца.

«Як? Вы ўжо хочаце ехаць?» сказаў Манілаў, раптам апамятаўшыся і амаль спалохаўшыся.

У гэты час увайшла ў кабінет Манілава.

«Лізанька», сказаў Манілаў з крыху жаласлівым выглядам: «Павел Іванавіч пакідае нас!»

«Бо мы надакучылі Паўлу Іванавічу», адказала Манілава.

«Сударыня! тут», сказаў Чычыкаў: «тут, вось дзе», ён паклаў руку на сэрца: «так, тут доўга будзе трываць прыемнасць часу, праведзенага з вамі! і паверце, не было-б для мяне большага шчасця, як жыць з вамі, калі не ў адным доме, дык, прынамсі, у самым бліжэйшым суседстве».

«А ведаеце, Павел Іванавіч», сказаў Манілаў, якому вельмі спадабалася такая думка, «як было-б сапраўды добра, калі-б жыць гэтак разам, пад адным дахам, ці пад ценем якога-небудзь вяза пафіласофстваваць пра што-небудзь, паглыбіцца!..»

«О! гэта было-б райскае жыццё!» сказаў Чычыкаў уздыхнуўшы. «Бывайце, сударыня!» гаварыў ён далей, падыходзячы да ручкі Манілавай. «Бывайце, найпаважанейшы друг! Не забудзьцеся пра просьбу».

«О, будзьце ўпэўнены!» адказаў Манілаў. «Я з вамі развітваюся не больш, як на два дні».

Усе вышлі ў сталовую.

«Бывайце, міленькія хлапчаняткі!» сказаў Чычыкаў, убачыўшы Алкіда і Фемістоклюса, якія займаліся нейкім драўляным гусарам, у якога ўжо не было ні рукі, ні носа. «Бывайце, мае малыя! Вы выбачце мне, што я не прывёз вам гасцінца, бо, прызнаюся, не ведаў нават, ці жывеце вы на свеце; але цяпер, як прыеду, абавязкова прывязу. Табе прывязу шаблю; хочаш шаблю?»

«Хачу», адказаў Фемістоклюс.

«А табе барабан; ці-ж не праўда, табе барабан?» гаварыў ён, нахіліўшыся да Алкіда.

«Парапан», адказаў шэптам і панурыўшы галаву Алкід.

«Добра, я табе прывязу барабан. Такі слаўны барабан, гэтак усё будзе: турр... ру... тра-та-та, та-та-та... Бывай, душачка! Бывай», тут пацалаваў ён яго ў галаву і звярнуўся да Манілава і яго жонкі з подсмехам, як звычайна звяртаюцца да бацькоў, даючы ім зразумець аб нявіннасці жаданняў іх дзяцей.

«Сапраўды, застаньцеся, Павел Іванавіч», сказаў Манілаў, калі ўжо ўсе вышлі на ганак. «Паглядзіце, якія хмары».

«Гэта маленькія хмаркі», адказаў Чычыкаў.

«Ды ці ведаеце вы дарогу да Сабакевіча?»

«Пра гэта хачу запытаць вас».

«Дазвольце, я зараз раскажу вашаму фурману». Тут Манілаў з такой самай ветлівасцю расказаў справу фурману, і сказаў яму нават адзін раз: вы. Фурман, пачуўшы, што трэба прапусціць два павароты і павярнуць на трэці, сказаў: «Патрапім, ваша благароддзе», і Чычыкаў паехаў; гаспадары, прыўзняўшыся на дыбачкі, доўга праводзілі яго паклонамі і маханнем хустачак.

Манілаў доўга стаяў на ганку, праводзячы вачамі ад’язджаўшую брычку, і калі яе зусім ужо не было відаць, ён усё яшчэ стаяў і курыў люльку. Нарэшце ўвайшоў ён у пакой, сеў на крэсла і аддаўся разважанню, душэўна радуючыся, што зрабіў госцю свайму невялікую прыемнасць. Потым думкі яго пераляцелі непрыкметна да іншых рэчаў і, нарэшце, занесліся бог ведае куды. Ён думаў аб шчасці сяброўскага жыцця, аб тым, як-бы добра было жыць з другам на беразе якой-небудзь ракі, потым праз гэту раку пачаў будавацца ў яго мост, потым велізарнейшы дом з такім высокім бельведэрам, што можна адтуль бачыць нават Маскву, і там піць вечарам чай на чыстым паветры і разважаць пра якія-небудзь прыемныя рэчы. — Потым, што яны разам з Чычыкавым прыехалі ў нейкую кампанію ў добрых карэтах, дзе зачаравалі ўсіх прыемнасцю абыходжання, і што быццам гасудар, даведаўшыся аб такой іх дружбе, прызначыў іх генераламі, і далей, нарэшце, бог ведае што такое, чаго ўжо ён і сам ніяк не мог разабраць. Дзіўная просьба Чычыкава спыніла раптам усе яго мары. Думка аб ёй неяк асабліва не варылася ў яго галаве: як ні пераварочваў ён яе, а ніяк не мог растлумачыць сабе, і ўвесь час сядзеў ён і курыў люльку, што цягнулася да самай вячэры.

РАЗДЗЕЛ III

А Чычыкаў задаволены, у добрым настроі, сядзеў у сваёй брычцы, якая кацілася даўно па верставой дарозе. З папярэдняга раздзелу ўжо відаць, што з’яўлялася галоўным прадметам яго густу і нахілаў, а таму не дзіва, што ён хутка паглыбіўся ўвесь у яго і целам, і душой. Дапушчэнні, падлікі і меркаванні, блукаўшыя па твары яго, відаць, былі вельмі прыемныя, бо штохвіліны пакідалі пасля сябе сляды задаволенай усмешкі. Заняты імі, ён не звяртаў ніякай увагі на тое, як яго фурман, задаволены прыёмам дваровых людзей Манілава, рабіў вельмі слушныя заўвагі пярэстаму прысцяжному каню, запрэжанаму з правага боку. Гэты пярэсты конь быў вельмі хітры і рабіў толькі выгляд, быццам вязе, у той час як гняды караннік і прысцяжны буланай масці, які называўся Засядацелем, таму што быў набыты ў нейкага засядацеля, цягнулі ад усяго сэрца, так што нават у вачах іх была прыкметна тая прыемнасць, якую атрымлівалі яны ад гэтага. «Хітруй, хітруй! вось я цябе перахітрую!» гаварыў Селіфан, прыўзняўшыся і сцебануўшы пугаю гультая. «Ты ведай сваю справу, калашман ты нямецкі! Гняды паважны конь, ён выконвае свой абавязак, я яму з ахвотаю дам лішнюю мерку, бо ён паважны конь, і Засядацель таксама добры конь... Ну, ну! Чаго трасеш вушамі? Ты, дурань, слухай, калі гавораць! Я цябе, непачцівец, не буду дрэннаму вучыць. Бач, куды паўзе!» Тут ён зноў сцебануў яго пугаю, праказаўшы: «У, варвар! Банапарт ты пракляты!..» Потым прыкрыкнуў на ўсіх: «Эй вы, даражэнькія!» і сцебануў па ўсіх па трох ужо не ў якасці кары, але каб паказаць, што быў імі задаволены. Зрабіўшы такую прыемнасць, ён зноў павёў размову да пярэстага: «Ты думаеш, што ўтоіш свае паводзіны. Не, ты жыві па праўдзе, калі хочаш, каб табе была пашана. Вось у памешчыка, дзе мы былі, добрыя людзі. Я з задавальненнем пагавару, калі добры чалавек; з чалавекам добрым мы заўсёды свае сябры, тонкія прыяцелі: ці выпіць чаго, ці закусіць — з ахвотаю, калі добры чалавек. Добрага чалавека кожны ўшануе. Вось пана нашага кожны паважае; таму, што ён, чуеш ты, выконваў службу гасударскую, ён скалескі саветнік...»

Так разважаючы, Селіфан забраўся нарэшце ў самыя далёкія адцягненасці. Калі-б Чычыкаў прыслухаўся, дык пачуў-бы многа падрабязнасцей, якія мелі дачыненне асабіста да яго; але думкі яго так былі заняты сваім прадметам, што толькі моцны ўдар грому прымусіў яго схамянуцца і паглядзець вакол сябе: усё неба было зусім абложана хмарамі, і пыльная паштовая дарога апырскалася кроплямі дажджу. Нарэшце, грамавы ўдар пачуўся другі раз гучней і бліжэй, і дождж лінуў раптам, як з вядра. Спачатку, прыняўшы касы напрамак, хвастаў ён у адзін бок кузава кібіткі, а потым у другі, потым! змяніўшы спосаб нападу і зрабіўшыся зусім простым, барабаніў проста ў верх кузава; пырскі, нарэшце, сталі далятаць яму ў твар. Гэта прымусіла яго закрыцца скуранымі фіранкамі з двума круглымі акенцамі, прызначанымі для разгляду дарожных малюнкаў, і загадаць Селіфану ехаць хутчэй. Селіфан, перапынены таксама на самай сярэдзіне размовы, скеміў, што, сапраўды, нельга марудзіць, выцягнуў тут-жа з-пад козлаў нейкую дрэнь з шэрага сукна, апрануў яе ў рукавы, схапіў у рукі лейцы і прыкрыкнуў на сваю тройку, якая ледзь-ледзь пераступала нагамі, бо адчувала прыемнае расслабленне ад павучальных размоў. Але Селіфан ніяк не мог прыпомніць, дзве ці тры павароткі праехаў. Скеміўшы і прыпамінаючы крыху дарогу, ён здагадаўся, што многа было паваротак, якія ўсё ён прапусціў міма. Паколькі рускі чалавек у рашучыя хвіліны скеміць, што рабіць, не ўваходзячы ў далёкія разважанні, дык, павярнуўшы направа, на першую крыжавую дарогу, прыкрыкнуў ён: «Эй вы, сябры паважаныя!» і пусціўся наўскач, мала думаючы аб тым, куды прывядзе ўзятая дарога.

Дождж аднак-жа, здавалася, заладзіў надоўга. Пыл, што ляжаў на дарозе, хутка замясіўся ў гразь, і коням з кожнай хвілінай рабілася цяжэй цягнуць брычку. Чычыкаў пачынаў ужо моцна непакоіцца, не бачачы так доўга вёскі Сабакевіча. Па яго разліку, даўно-б пара было прыехаць. Ён выглядаў ва ўсе бакі, але цемра была такая, хоць вока выкалі.

«Селіфан!» сказаў ён, нарэшце, высунуўшыся з брычкі.

«Што, пане?» адказаў Селіфан.

«Паглядзі, ці не відаць вёскі?»

«Не, пане, нідзе не відаць!» Пасля гэтага Селіфан, памахваючы пугай, зацягнуў песню не песню, але штосьці такое доўгае, чаму і канца не было. Туды ўсё ўвайшло: усе падбадзёрваючыя і павучальныя крыкі, якімі частуюць коней па ўсёй Расіі ад аднаго канца да другога; прыметнікі ўсіх родаў без далейшага разбору, што першае трапіла на язык. Такім чынам дайшло да таго, што ён пачаў называць іх, нарэшце, сакратарамі.

Тым часам Чычыкаў пачаў прыкмячаць, што брычка гайдалася на ўсе бакі і надзяляла яго вельмі моцнымі штуршкамі; гэта дало яму адчуць, што яны звярнулі з дарогі і, мабыць, цягнуліся па ўзаранаму полю. Селіфан, здавалася, сам уцяміў, але не гаварыў ні слова.

«Што, машэннік, па якой дарозе ты едзеш?» сказаў Чычыкаў.

«Дык што-ж, пане, рабіць, час-жа які; пугі не бачыш, такая цемра!» Сказаўшы гэта, ён так нахіліў брычку, што Чычыкаў вымушан быў трымацца абодвума рукамі. Тут толькі заўважыў ён, што Селіфан падгуляў.

«Трымай, трымай, абернеш!» крычаў ён яму.

«Не, пане, як можна, каб я абярнуў», гаварыў Селіфан. «Гэта нядобра абярнуць, я ўжо сам ведаю: я ўжо ніяк не абярну». Пасля пачаў ён злёгку паварочваць брычку; паварочваў, паварочваў і нарэшце вывернуў яе зусім набок. Чычыкаў і рукамі і нагамі пляснуўся ў гразь. Селіфан коней аднак-жа спыніў; між іншым, яны спыніліся-б і самі, бо былі вельмі знясілены. Такі непрадбачаны выпадак дарэшты здзівіў яго. Злезшы з козлаў, ён стаў перад брычкаю, падпёрся ў бакі абодвума рукамі ў той час, як пан боўтаўся ў гразі, намагаючыся адтуль вылезці, і сказаў пасля некаторага разважання: «Бач ты, і перакулілася!»

«Ты п’яны, як шавец!» сказаў Чычыкаў.

«Не, пан, як можна, каб я быў п’яны! Я ведаю, што гэта нядобрая справа быць п’яным. З прыяцелем пагаварыў, бо з добрым чалавекам можна пагаварыць, у гэтым няма дрэннага; і закусілі разам. Закуска справа не крыўдная; з добрым чалавекам можна закусіць».

«А што я табе сказаў апошні раз, калі ты напіўся? а? забыў?» сказаў Чычыкаў.

«Не, ваша благароддзе, як можна, каб я забыў. Я ўжо справу сваю ведаю. Я ведаю, што нядобра быць п’яным. З добрым чалавекам пагаварыў, бо...»

«Вось я цябе як высеку, дык ты ў мяне будзеш ведаць, як гаварыць з добрым чалавекам».

«Як будзе ваша ласка», адказаў на ўсё згодны Селіфан, «калі высекчы, дык высекчы; я ніяк не супроць гэтага. Чаму-ж не пасячы, калі за справу, на тое воля панская. Яно трэба пасячы, бо мужык раздурвае, парадак трэба трымаць. Калі за справу, дык і пасячы, чаму-ж не пасячы?»

На такое меркаванне пан зусім не знайшоў што адказаць. Але ў гэты час, здавалася, быццам сам лёс вырашыў пашкадаваць яго. Здалёк пачуўся сабачы брэх. Узрадаваны Чычыкаў даў загад паганяць коней. Рускі вознік мае добрае чуццё замест вачэй, ад гэтага здараецца, што ён, зажмурыўшы вочы, валіць часам ва ўвесь дух і заўсёды куды-небудзь ды прыязджае. Селіфан, не бачачы нічога, накіраваў коней так проста на вёску, што спыніўся толькі тады, калі брычка ўдарылася аглоблямі ў плот і калі зусім не было куды ехаць. Чычыкаў толькі заўважыў праз густую заслону ліўшага дажджу штосьці падобнае да страхі. Ён паслаў Селіфана шукаць вароты, што, напэўна, цягнулася-б доўга, калі-б на Русі не было замест швейцараў злосных сабак, якія далажылі аб ім так звонка, што ён паднёс пальцы да сваіх вушэй. Агонь мільгнуў у адным акенцы і дасягнуў туманным струменем да плота, паказаўшы нашым падарожным вароты. Селіфан узяўся стукаць, і хутка, адчыніўшы брамку, высунулася нейкая фігура, накрытая світкай, і пан са слугою пачулі хрыплы бабскі голас: «хто стукае? чаго ўсхадзіліся?»

«Прыезджыя, матухна, пусці пераначаваць», вымавіў Чычыкаў.

«Бач ты які востраногі», сказала старая: «прыехаў у якую пару! Тут табе не пастаялы двор, памешчыца жыве».

«Што-ж рабіць, матухна: бачыш з дарогі збіліся. Не начаваць-жа такой парой у стэпе».

«Так, пара цёмная, нядобрая пара», дадаў Селіфан.

«Маўчы, дурань», сказаў Чычыкаў.

«Ды хто вы такі?» сказала старая.

«Дваранін, матухна».

Слова дваранін прымусіла старую як быццам крыху падумаць. «Пачакайце, я скажу пані», прамовіла яна, і хвіліны праз дзве ўжо вярнулася з ліхтаром у руцэ. Вароты адамкнуліся. Агеньчык мільгнуў і ў другім акне. Брычка, уз’ехаўшы на двор, спынілася перад невялікім домікам, які за цемнатою цяжка было разгледзець. Толькі адна палавіна яго была асветлена праз вокны; відаць была яшчэ лужына перад домам, на якую проста біла тое-ж святло. Дождж стукаў гучна па драўляным даху і гуркатлівымі ручаямі сцякаў у падстаўленую бочку. Між іншым сабакі заліваліся на ўсе магчымыя галасы: адзін, задраўшы дагары галаву, выводзіў так працяжна і з такой стараннасцю, як быццам за гэта атрымліваў бог ведае якую плату; другі вырабляў хутка, як панамар; паміж імі звінеў, як паштовы званок, неўгамонны дыскант, мусіць, маладога шчанюка, і ўсё гэта нарэшце завершваў бас, можа быць стары, надзелены моцнай сабачай натурай, бо хрыпеў, як хрыпіць спявацкі контрабас, калі канцэрт у поўным разліве, тэнары ўзнімаюцца на дыбачкі ад вялікага жадання вывесці высокую ноту, і ўсё, што ні ёсць, імкнецца ўгору, задзіраючы галаву, а ён адзін, засунуўшы няголены падбародак у гальштук, прысеўшы і апусціўшыся амаль да зямлі, прапускае адтуль сваю ноту, ад якой трасуцца і бразджаць шыбы. Па адным ужо сабачым брэху, складзеным з такіх музыкаў, можна было дапусціць, што вёска была немалая; але прамокшы і прамерзшы герой наш ні пра што не думаў, як толькі пра пасцель. Не паспела брычка зусім спыніцца, як ён ужо саскочыў на ганак, пахіснуўся і ледзь не ўпаў. На ганак вышла зноў нейкая жанчына, маладзейшая за першую, але вельмі да яе падобная. Яна правяла яго ў пакой. Чычыкаў кінуў мімаходзь два позіркі: пакой быў абвешаны старэнькімі паласатымі шпалерамі; карціны з нейкімі птушкамі; між акон старадаўнія маленькія люстэркі з цемнымі рамкамі ў выглядзе скручаных лістоў, за кожным люстэркам закладзены былі або пісьмо, або старая калода карт, або панчоха; насценны гадзіннік з нарысаванымі кветкамі на цыферблаце... сілы не было што-небудзь яшчэ заўважыць. Ён адчуваў, што вочы яго зліпаліся, як быццам іх хто-небудзь вымазаў мёдам. Праз хвіліну ўвайшла гаспадыня, жанчына сталых год, у нейкім спальным каптуры, апранутым наспех, з фланеллю на шыі, адна з тых матушак, дробных памешчыц, якія наракаюць на неўраджай, страты і трымаюць галаву крыху набок, а тым часам збіраюць пакрысе грошы ў пярэстыя мяшэчкі, параскладаныя па шуфлядах камодаў. У адзін мяшэчак адбіраюць усё рублі, у другі поўрублі, у трэці саракоўкі, хоць з выгляду і здаецца, быццам у камодзе нічога няма, апрача бялізны, ды начных кофтачак, ды ніцяных маточкаў, ды распоратага салопа, які мяркуецца потым пусціць на сукенку, калі старая як-небудзь прагарыць пад час выпякання святочных коржыкаў з усякімі пражанцамі, ці зносіцца сама сабой. Але не згарыць сукенка і не зносіцца сама сабой; ашчадлівая бабулька, і салопу суджана праляжаць доўга ў распоратым выглядзе, а потым дастацца па духоўнаму завяшчанню пляменніцы ўнучатнай сястры разам з усякімі іншымі трантамі.

Чычыкаў папрасіў прабачэння, што патурбаваў нечаканым прыездам. «Нічога, нічога», сказала гаспадыня. «У якую гэта пару вас бог прынёс! Сумятня і завіруха такая, з дарогі трэба было-б паесці чаго-небудзь, ды пара вось начная, прыгатаваць нельга».

Словы гаспадыні былі перапынепы дзіўным шыпеннем, так што госць нават спалохаўся; шум быў падобны да таго, быццам увесь пакой напоўніўся змеямі, але, зірнуўшы ўгару, ён супакоіўся, бо скеміў, што насценнаму гадзінніку прышла ахвота біць. За шыпеннем зараз-жа надыйшло хрыпенне, і нарэшце, напяўшыся на ўсю сілу, гадзіннік прабіў дзве гадзіны такім гукам, быццам хто тоўк кіем па пабітым гаршку, пасля чаго маятнік пайшоў зноў спакойна шчоўкаць направа і налева.

Чычыкаў падзякаваў гаспадыні, сказаўшы, што яму не трэба нічога, каб яна не турбавалася ні аб чым, што апрача пасцелі ён нічога не патрабуе, і пацікавіўся толькі, у якія месцы заехаў ён і ці вялікая адсюль дарога да памешчыка Сабакевіча, на што старая сказала, што не чула такога імені, і што такога памешчыка зусім няма.

«Прынамсі, ведаеце Манілава?» сказаў Чычыкаў.

Чычыкаў заўважыў, што ён заехаў у ніштаватую глуш.

«Ці далёка прынамсі да горада?»

«А вёрст шэсцьдзесят будзе. Як шкада мне, што няма чаго вам паесці, ці не хочаце, бацюхна, выпіць чаю?»

«Дзякуй, матухна. Нічога не трэба апрача пасцелі».

«Праўда, з такой дарогі і вельмі трэба адпачыць : Вось тут і ўладжвайцеся, бацюхна, на гэтай канапе. Эй, Фяціння, прынясі пярыну, падушкі і прасцірадла. Якую пару паслаў бог: гром такі — у мяне ўсю ноч гарэла свечка перад абразом. Эх, бацюхна, ды ў цябе-ж, як у кабана, уся спіна і бок.у гразі! Дзе так пашанцавала засаліцца?»

«Яшчэ слава богу, што толькі засаліўся, трэба дзякаваці, што не паламаў зусім бакоў».

«Свяціцелі, якія жахі! Ды ці не трэба чым пацерці спіну?»

«Дзякуй, дзякуй. Не турбуйцеся, а загадайце толькі вашай дзеўцы высушыць і пачысціць маю вопратку».

«Чуеш, Фяціння!» сказала гаспадыня, звярнуўшыся да жанчыны, якая выходзіла на ганак ,са свечкаю і зараз паспела прынесці пярыну і, узбіўшы яе з абодвух бакоў рукамі, распусціла цэлы патоп пер’я па ўсім пакоі. «Ты вазьмі іхні вось кафтан разам са споднім і перш прасушы іх перад агнём, як рабілі нябожчыку пану, пасля ператры і выбі добра!»

«Слухаю, сударыня!» гаварыла Фяціння, засцілаючы, пярыну прасцірадлам і кладучы падушкі.

«Ну, вось табе пасцель гатова», сказала гаспадыня, «Бывай, бацюхна, жадаю спакойнай ночы. Ды ці не трэба яшчэ чаго? Можа, ты прывык, бацюхна, каб хто-небудзь пачухаў на ноч пяты, нябожчык мой без гэтага ніяк не засынаў».

Але госць адмовіўся і ад чухання пят. Гаспадыня вышла, і ён зараз-жа паспяшаўся распрануцца, аддаўшы Фяцінні ўсю знятую з сябе збрую, як верхнюю, так і споднюю. I Фяціння, пажадаўшы таксама з свайго боку спакойнай ночы, вывалакла гэтыя мокрыя даспехі. Застаўшыся адзін, ён не без здавальнення зірнуў на сваю пасцель, якая была амаль да столі. Фяціння, як відаць, была майстрыха ўзбіваць пярыны. Калі, падставіўшы крэсла, узлез ён на пасцель, яна апусцілася пад ім амаль да самай падлогі, і пер’е, выціснутае ім з межаў насыпкі, разляцелася ва ўсе куткі пакоя. Патушыўшы свечку, ён накрыўся паркалёвай коўдрай і, скруціўшыся пад ёю абаранкам, заснуў у тую-ж хвіліну. Прачнуўся назаўтра ён ужо даволі позняй раніцай. Сонца праз вокны свяціла яму проста ў вочы, і мухі, якія ўчора спалі спакойна на сценах і на столі, усе накіраваліся да яго: адна села яму на губу, другая на вуха, трэцяя мерылася, як-бы прымайстравацца «а самае вока, тую-ж, якая мела неасцярожнасць падсесці блізка да насавой наздры, ён пацягнуў спрасонку ў самы нос, што прымусіла яго моцна чхнуць — акалічнасць, што была прычынай яго абуджэння. Кінуўшы позірк на пакой, ён цяпер заўважыў, што на карцінах не ўсё былі птушкі: між імі вісеў партрэт Кутузава і маляваны маслянымі фарбамі нейкі стары з чырвонымі абшлагамі на мундзіры, як нашывалі пры Паўле Пятровічу. Гадзіннік зноў зашыпеў і прабіў дзесяць; у дзверы зазірнуў жаночы твар і ў тую-ж хвіліну схаваўся, бо Чычыкаў, жадаючы лепш заснуць, скінуў з сябе ўсё. Твар, што зазірнуў у дзверы, здаўся яму быццам крыху знаёмым. Ён стаў прыпамінаць сабе: хто-б гэта быў, і нарэшце ўспомніў, што гэта была гаспадыня. Ён апрануў сарочку; адзенне, ужо высушанае і вычышчанае, ляжала каля яго. Апрануўшыся, падышоў ён да люстэрка і чхнуў зноў так гучна, што індзейскі певень, які падышоў у гэты час да акна, — акно-ж было вельмі блізка ад зямлі, — забалбатаў яму нешта раптам і надта хутка на сваёй дзіўнай мове, мабыць, «добрага здароўя», на што Чычыкаў паслаў яму дурня. Падышоўшы да акна, ён пачаў разглядаць усё, што было перад ім: акно глядзела ледзь не ў курасадню, прынамсі, вузенькі дворык, які знаходзіўся перад ім, увесь быў напоўнены птушкамі і ўсякім хатнім стварэннем. Індычак і курэй была безліч; паміж імі пахаджаў певень мернымі крокамі трасучы грэбенем і паварочваючы галаву набок, як быццам да чагосьці прыслухоўваючыся; свіння з сям’ёй апынулася тут-жа; тут-жа, разграбаючы кучу смецця, з’ела яна мімаходзь кураня і, не заўважаючы гэтага, умінала ізноў лупіны кавуна сваім парадкам. Гэты невялічкі дворык, ці курасадню, перагароджваў плот з дошак, за якім цягнуліся вялікія агароды з капустай, цыбуляй, бульбай, буракамі і іншай гаспадарчай гароднінай. Па агародзе былі раскіданы там-сям яблыні і іншыя фруктовыя дрэвы, накрытыя сеткамі ад сарок і вераб’ёў; апошнія цэлымі касымі хмарамі пераносіліся з аднаго месца на другое. З гэтай-жа самай прычыны пастаўлена было некалькі пудзілаў на доўгіх палках з растапыранымі рукамі; на адным з іх быў каптур самой гаспадыні. За гародамі ішлі сялянскія хаты, якія хоць былі пабудаваны ўроссып і не зведзены ў правільныя вуліцы, але, як прыкмеціў Чычыкаў, паказвалі заможнасць жыхароў, бо ўтрымліваліся як след: старыя драніцы на дахах усюды былі заменены новымі; вароты нідзе не пахіліліся; а ў звернутых да яго сялянскіх паветках заўважыў ён дзе запасныя амаль новыя калёсы, а дзе і двое. «Ды ў яе вёсачка не маленькая» сказаў ён і вырашыў тут-жа разгаварыцца і пазнаёміцца з гаспадыняй бліжэй. Ён зазірнуў у шчылінку дзвярэй, з якіх яна высунула была галаву, і, убачыўшы яе за чайным столікам, увайшоў да яе з вясёлым і ласкавым выглядам.

«Добрага здароўя, бацюхна. Як спалася?» сказала гаспадыня, прыўзнімаючыся з месца. Яна была апранута лепш, чым учора, у цёмнай сукенцы і ўжо не ў спальным каптуры, але на шыі ўсё гэтак-жа было нешта навязана.

«Добра, добра», гаварыў Чычыкаў, сядаючы ў крэсла. «Вы як, матухна?»

«Дрэнна, бацюхна»

«Чаму так?»

«Бяссонніца. Усё паясніца баліць, і нага вышэй костачкі, так вось і ломіць».

«Пройдзе, пройдзе, матухна. На гэта няма чаго глядзець».

«Дай бог, каб прайшло. Я мазала свіным салам і шкіпідарам таксама мачыла. А з чым сёрбнеце чай? У пляшцы фруктовая».

«Нядрэнна, матухна, сербанём і фруктовай».

Чытач, я думаю, ужо заўважыў, што Чычыкаў, не гледзячы на ласкавы выгляд, гаварыў, аднак, больш вольна, чым з Манілавым, і зусім не цырымоніўся. Трэба сказаць, што ў нас, на Русі, калі не ўгналіся яшчэ ў тым-сім за чужаземцамі, дык далёка перагналі іх ва ўмельстве абыходзіцца. Пералічыць нельга ўсіх адценняў і тонкасцей нашага абыходжання. Француз ці немец век не скеміць і не зразумее ўсіх яго асаблівасцей і адрозненняў: ён амаль тым-жа голасам і той-жа мовай будзе гаварыць і з мільёншчыкам, і з дробным табачным гандляром, хоць, вядома, у душы паподлічае ў меру перад першым. У нас не тое: у нас ёсць такія мудрацы, якія з памешчыкам, што мае дзвесце душ, будуць гаварыць зусім іначай, чым з тым, у каго трыста, а з тым у каго іх трыста, будуць гаварыць зноў не так, як з тымі, у каго іх пяцьсот, а з тым, у каго іх пяцьсот, зноў-жа не так, як з тым, у каго іх восемсот, — словам, хоць узыходзь да мільёна, усё знойдуцца адценні. Скажам, напрыклад, існуе канцылярый не тут, а ў трыдзевятай дзяржаве, а ў канцылярыі, скажам, існуе кіраўнік канцылярыі. Прашу паглядзець на яго, калі ён сядзіць сярод сваіх падначаленых — ды проста ад страху слова не вымавіш! Гордасць і высокародства, і чаго ўжо не выражае твар яго? Проста бяры кісць ды малюй: Праметэй, сапраўдны Праметэй! Глядзіць арлом; ступае плаўна, мерна! Той-жа самы арол, як толькі вышаў з пакоя і набліжаецца да кабінета свайго начальніка, такой курапаткай спяшаецца з паперамі падпахай, што нельга трываць. Дзе-небудзь у кампаніі, на вечарынцы, калі ўсе невялікага чыну, Праметэй так і застанецца Праметэем, а ледзь крыху вышэй яго, з Праметэем зробіцца такое ператварэнне, якога і Овідый [9] не выдумае: муха, менш нават за муху, знішчыўся на пясчынку! «Ды гэта не Іван Пятровіч», кажаш, гледзячы на яго, «Іван Пятровіч вышэйшы ростам, а гэты і нізенькі, і худзенькі, той гаворыць гучна, басіць і ніколі не смяецца, а гэты чорт ведае што: пішчыць птушкай і ўсё смяецца». Падыходзіш бліжэй, глядзіш, сапраўды Іван Пятровіч! «Эхе, хе!» думаеш сабе... Але аднак звернемся да дзейных асоб. Чычыкаў, як ужо мы бачылі, наважыў зусім не цырымоніцца, і таму, узяўшы ў рукі кубак з чаем і ўліўшы туды фруктовай, павёў такія размовы:

«У вас, матухна, добрая вёсачка. Колькі ў ёй душ?»

«Не, матухна», адказаў Чычыкаў, усміхнуўшыся. «Напэўна не засядацель, а так ездзім па сваіх справах».

«А, дык вы пакупец! Як-жа шкада, дапраўды, што я прадала мёд купцам, ды так танна, а вось ты-б, бацюхна, у мяне, пэўна, яго купіў»

«Што-ж другое? Хіба каноплі? Дык-жа і канапель у мяне цяпер малавата: поўпуда ўсяго».

«Не, матухна, другога роду таварчык: скажыце, у вас сяляне паміралі?»

«Ох, бацюхна, восемнаццаць чалавек!» сказала старая ўздыхнуўшы. «I памёр такі ўсё слаўны народ, усё работнікі. Пасля таго, праўда, нарадзіліся, ды што ў іх: усё такая дробязь. А засядацель пад’ехаў, падаткі, кажа, плаціць з душы. Народ мёртвы, а плаці, як за жывога. На мінулым тыдні згарэў у мяне каваль, такі быў мастак і слясарнае майстэрства ведаў».

«Хіба ў вас быў пажар, матухна?»

«Бог абараніў ад такой бяды, пажар быў-бы яшчэ горш; сам згарэў, бацюхна. У сярэдзіне ў яго неяк загарэлася, залішняе выпіў, толькі сіні агеньчык пайшоў ад яго, увесь сатлеў, сатлеў і пачарнеў, як вугаль, а такі быў мастак-каваль! і цяпер мне выехаць няма на чым, няма каму коней падкаваць».

«На ўсё воля божая, матухна!» сказаў Чычыкаў, уздыхнуўшы: «супроць мудрасці божай нічога нельга сказаць... Уступіце іх мне, Настасся Пятроўна».

«Каго, бацюхна?»

«Ды вось гэтых усіх, што памерлі».

«Ды як-жа ўступіць?»

«Ды так проста. Ці, калі хочаце, прадайце. Я вам за іх дам грошы».

«Ды як-жа гэта, я, сапраўды, ніяк не зразумею? Ці не хочаш ты іх адкопваць з зямлі?»

Чычыкаў убачыў, што старая хапіла далёка і што канешне трэба ёй растлумачыць, у чым справа. Каротка растлумачыў ён ёй, што перавод, ці купля будзе значыцца толькі на паперы і душы будуць прапісаны як-бы жывыя.

«Ды нашто-ж яны табе?» сказала старая, выпучыўшы на яго вочы.

«Гэта ўжо мая справа».

«Ды яны-ж мёртвыя».

«А хто-ж гаворыць, што яны жывыя? Таму вось і стратна вам, што яны мёртвыя: вы за іх плаціце, а цяпер я вас вызвалю ад клопатаў і плацяжу. Разумееце? Ды не толькі вызвалю, а яшчэ звыш таго дам вам пятнаццаць рублёў. Ну, цяпер ясна?»

«Дапраўды-ж, не ведаю», вымавіла гаспадыня павольна. «Я-ж мёртвых ніколі яшчэ не прадавала».

«Чаму не! Гэта-б хутчэй падобна было на дзіва, калі-б вы іх каму-небудзь прадалі.... Ці вы думаеце, што з іх ёсць сапраўды якая-небудзь карысць?»

«Не, гэтага я не думаю. Што-ж з іх за карысць, карысці ніякай няма. Мяне толькі тое і спыняе, што яны ўжо мёртвыя».

«Ну, баба, здаецца, цвёрдалобая!» падумаў сам сабе Чычыкаў. «Паслухайце, матухна. Ды вы разважце толькі добра: вы-ж церпіце страты. Плаціце за яго падаткі, як за жывога...»

«Ой, бацюхна мой, і не кажы пра гэта!» падхапіла памешчыца. «Яшчэ на трэцім тыдні ўнесла больш за паўтараста, ды засядацеля падмасліла».

«Ну, бачыце, матухна. А цяпер прыміце пад увагу толькі тое, што засядацеля вам больш падмасліваць не трэба, бо цяпер я плачу за іх; я, а не вы; я прымаю на сябе ўсе павіннасці. Я зраблю нават купчую за свае грошы, разумееце вы гэта?»

Старая задумалася. Яна бачыла, што справа, сапраўды, як быццам выгадная, ды толькі занадта новая і небывалая; а таму пачала моцна пабойвацца, каб як-небудзь не ашукаў яе гэты пакупец; прыехаў-жа бог ведае адкуль, ды яшчэ і ў начную пару.

«Дык што-ж, матухна, па руках, ці што?» гаварыў Чычыкаў.

«Дапраўды-ж, бацюхна мой, ніколі яшчэ не здаралася мне прадаваць нябожчыкаў. Жывых дык я ўступіла, вось і залетась Пратапопаву двух дзевак па сто рублёў кожную, і вельмі дзякаваў, такія вышлі слаўныя работніцы: самі сарвэткі ткуць».

«Ну, ды не аб жывых справа; бог з імі. Я пытаюся пра мёртвых».

«Дапраўды-ж, я баюся на першы пачатак, каб як-небудзь не атрымаць страты. Можа ты, бацюхна, мяне ашукваеш, а яны таго... яны больш як-небудзь каштуюць».

«Паслухайце, матухна... эх якія вы! што-ж яны могуць каштаваць? Памяркуйце: гэта-ж прах. Разумееце? гэта проста прах. Вы вазьміце ўсякую непатрэбную, апошнюю рэч, напрыклад, нават простую анучку, і анучцы ёсць цана: яе хоць, прынамсі, купяць на папяровую фабрыку, а гэта-ж ні на што не патрэбна. Ну, скажыце самі, на што яно патрэбна?»

«Гэта ўжо, сапраўды, так. Зусім ні на што не патрэбна; ды мяне-ж адно толькі і спыняе, што яны ўжо мёртвыя».

«Вось яе, дубагаловая якая!» сказаў сам сабе Чычыкаў, пачынаючы ўжо траціць цярплівасць. «Паспрабуй ты, зладзь з ёю! У пот увагнала, праклятая старая». Тут ён, дастаўшы з кішэні хустачку, пачаў абціраць пот, які сапраўды выступіў на ілбе. Аднак Чычыкаў дарэмна злаваў: іншы і паважаны, і дзяржаўны нават чалавек, а на справе выходзіць сапраўдная Каробачка. Як удзёўб што сабе ў галаву, дык ужо нічым яго не перасіліш, колькі ні прыводзь яму доказаў, ясных, як дзень, усё адскаквае ад яго, як гумавы мяч адскаквае ад сцяны. Абцёршы пот, Чычыкаў парашыў паспрабаваць, ці нельга навесці яе на троп з якога-небудзь іншага боку. «Вы, матухна», сказаў ён: «або не хочаце разумець слоў маіх, ці так знарок гаворыце, абы толькі што-небудзь гаварыць... Я вам даю грошы: пятнаццаць рублёў асігнацыямі. Разумееце? Гэта-ж грошы. Вы іх не знойдзеце на вуліцы. Ну прызнайцеся, паколькі прадалі мёд?»

«Па 12 рублёў пуд».

«Хапілі трохі граху на душу, матухна. Па дванаццаць не прадалі».

«Дальбог, прадала».

«Ну, бачыце? Дык затое-ж гэта мёд. Вы збіралі яго, можа, каля года з клопатам, старанна, з турботамі; ездзілі, марылі пчол, кармілі іх у склепе цэлую зіму, а мёртвыя душы справа не ад міра сего. Тут вы з свайго боку ніякай не прыкладалі стараннасці, на гэта была воля божая, каб яны пакінулі гэты свет, учыніўшы шкоду вашай гаспадарцы. Там вы атрымалі за працу, за стараннасць дванаццаць рублёў, а тут вы бярэце ні за што, дарэмна, ды і не дванаццаць, а пятнаццаць, ды і не срэбрам, а ўсё сінімі асігнацыямі». Пасля такога моцнага пераконання Чычыкаў амаль ужо не сумняваўся, што старая, нарэшце, падасца.

«Дапраўды-ж», адказала памешчыца: «мая такая нявопытная ўдовіна справа! Лепш ужо я крышку пачакаю, а мо’ пад’едуць купцы, ды папытаю цаны».

«Сорам, сорам, матухна! проста сорам! Ну, што вы гэта кажаце, падумайце самі! Хто-ж будзе купляць іх? На што яны ім? Ну, як ён можа прыстасаваць іх у абыходку?»

«А можа ў гаспадарцы як-небудзь выпадкам спатрэбяцца...» запярэчыла старая, ды і не скончыла гаварыць, разявіла рот і глядзела на яго амаль са страхам, хочучы ведаць, што ён на гэта скажа.

«Мёртвыя ў гаспадарцы! Вось куды хапілі! Вераб’ёў хіба пужаць начамі ў вашым гародзе, ці што?»

«З намі хрэсная сіла! Якія ты жахі гаворыш!» праказала старая, хрысцячыся.

«Куды-ж яшчэ вы іх хацелі прыстроіць. Ды, зрэшты, косці і магілы — усё вам застаецца: перавод толькі на паперы. Ну, дык што-ж? Як-жа? Адказвайце, прынамсі!»

Старая зноў задумалася.

«Аб чым-жа вы думаеце, Настасся Пятроўна?»

«Дапраўды, я ўсё ніяк не прыдумаю, як мне быць, лепш я вам пяньку прадам».

«Ды што-ж пянька? Злітуйцеся, я вас прашу зусім аб іншым, а вы мне пяньку сунеце! Пянька пянькою, другі раз прыеду, забяру і пяньку. Дык як-жа, Настасся Пятроўна?»

«Дальбог, тавар такі дзіўны, зусім небывалы!»

Тут Чычыкаў, канчаткова вышаў з межаў усякай цярплівасці, грымнуў, усердзіўшыся, крэслам аб падлогу і пажадаў ёй чорта.

Чорта памешчыца спалохалася надзвычайна. «Ох, не прыпамінай яго, бог з ім!» ускрыкнула яна, уся збялеўшы. «Яшчэ пазаўчора ўсю ноч мне сніўся акаянны. Надумалася я нанач загадаць на картах пасля малітвы, ды, відаць, пакараў вось бог і наслаў яго. Такі агідны прысніўся; а рогі дык даўжэй за бычыныя».

«Я дзіўлюся, як яны вам дзесяткамі не сняцца. З аднаго хрысціянскага чалавекалюбства хацеў: бачу — бедная ўдава гаруе, церпіць нястачы... ды згінь і прападзі з усёй вашай вёскай!»

«Ах, якія ты праклёны загінаеш!» сказала старая, гледзячы на яго са страхам.

«Ды не знойдзеш слоў з вамі! Дапраўды, як які-небудзь, не кажучы благога слова, дварняк, што ляжыць на сене: і сам не есць сена, і другім не дае. Я хацеў раней купляць у вас гаспадарчыя прадукты розныя, бо я і казённыя падрады таксама вяду...» Тут ён падхлусіў, хоць і мімаходзь, і без усякага далейшага разважання, але нечакана ўдала. Казённыя падрады падзейнічалі моцна на Настассю Пятроўну, прынамсі, яна вымавіла ўжо амаль упрашальным голасам: «Ды чаго ты разгневаўся так горача? Калі-б я ведала раней, што ты такі злосны, дык я зусім-бы табе і не пярэчыла».

«Ёсць праз што гневацца! Справа яйка выедзенага не варта, а я яшчэ буду праз яе гневацца!»

«Ну, добра, я гатова аддаць за пятнаццаць асігнацый! толькі глядзі, бацюхна мой, наконт падрадаў: калі здарыцца мукі купіць аржаной, ці грэцкай, або круп ці жывёлы бітай, дык ужо, калі ласка, не пакрыўдзь мяне».

«Не, матухна, не пакрыўджу», гаварыў ён, а тым часам абціраў рукой пот, які ў тры ручаі ліўся па яго твары. Ён распытаў яе, ці не мае яна ў горадзе якога-небудзь паверанага ці знаёмага, якога-б магла ўпаўнаважыць зрабіць купчую і ўсё, што належыць. «Як-жа, пратапопа, айца Кірыла, сын служыць у палаце», сказала Каробачка. Чычыкаў папрасіў яе напісаць да яго давёранае пісьмо і, каб пазбавіцца ад лішніх цяжкасцей, сам нават узяўся яго скласці.

«Добра-б было», падумала тым часам сама сабе Каробачка: «калі-б ён забіраў у мяне ў казну муку і жывёлу трэба яго задобрыць: цеста з учарашняга вечара яшчэ засталося, дык пайсці сказаць Фяцінні, каб напякла блінцоў; добра было-б таксама загнуць пірог прэсны з яйкам, у мянё яго добра загінаюць, ды і часу бярэ няшмат». Гаспадыня вышла з тым, каб ажыццявіць думку наконт пірага і, мабыць; папоўніць яе і іншымі творамі хатняй пякарні і кухні; а Чычыкаў вышаў у гасціную, дзе правёў ноч, з тым, каб дастаць патрэбныя паперы са сваёй шкатулкі. У гасцінай даўно ўжо было ўсё прыбрана, раскошныя пярыны вынесены, перад канапай стаяў накрыты стол. Паставіўшы на яго шкатулку, ён крыху адпачыў, бо адчуваў, што быў увесь у поце, як у рацэ: ўсё, што ні было на ім, пачынаючы ад сарочкі да шкарпэтак, усё было мокрае. «Гэтак замарыла, праклятая старая!» сказаў ён, крыху адпачыўшы, і адамкнуў шкатулку. Аўтар упэўнены, што ёсць чытачы такія цікаўныя, якія пажадаюць нават даведацца аб плане і ўнутраной будове шкатулкі. Няхай так, чаму-ж не задаволіць! Вось яна, унутраная будова: у самай сярэдзіне мыльніца, за мыльніцаю шэсць-сем вузенькіх перагародак для брытваў; потым квадратныя закавулкі для пясочніцы [10] і чарнільніцы з выдзяўбанаю паміж імі лодачкай для пёраў, сургучоў і ўсяго, што даўжэй памерам; потым розныя перагародачкі з накрывачкамі і без накрывачак для таго, што карацей, напоўненыя білетамі візітнымі, пахавальнымі, тэатральнымі і іншымі, якія складаліся на памяць. Уся верхняя скрынка з усімі перагародкамі вымалася, пад ёй было месца, занятае кіпамі папер велічынёю з ліст, потым ішла маленькая патайная скрыначка для грошай, якая высоўвалася непрыкметна з боку шкатулкі. Яна заўсёды так паспешна высоўвалася і засоўвалася ў тую-ж хвіліну гаспадаром, што нельга сказаць напэўна, колькі было там грошай. Чычыкаў тут-жа заняўся і, завастрыўшы пяро, пачаў пісаць. У гэты час увайшла гаспадыня.

«Добрая ў цябе скрыначка, бацюхна», сказала яна, падсеўшы да яго. «Мабыць, у Маскве купіў яе?»

«У Маскве», адказаў Чычыкаў, працягваючы пісаць.

«Я ўжо ведала гэта: там усё добрая работа. Пазалетась сястра мая прывёзла адтуль цёплыя боцікі для дзяцей: такі моцны тавар, да гэтага часу носіцца. Авохці, колькі ў цябе тут гербавай паперы!» гаварыла яна далей, зазірнуўшы да яго ў шкатулку. I сапраўды, гербавай паперы было там нямала.

«Хоць-бы мне лісток падараваў! а ў мяне такая нястача; здарыцца ў суд просьбу падаць, дык і няма на чым».

Чычыкаў растлумачыў ёй, што гэта папера не такога роду, што яна прызначана для купчых крэпасцей, а не для просьбаў. Аднак, каб супакоіць яе, ён даў ёй нейкі ліст на рубель цаною. Напісаўшы пісьмо, ён даў ёй падпісацца і папрасіў маленькі спісачак мужыкоў. Выявілася, што памешчыца не вяла ніякіх запісак, ні спісаў, а ведала амаль усіх напамяць; ён прымусіў яе тут-жа прадыктаваць іх. Некаторыя сяляне крыху здзівілі яго сваімі прозвішчамі, а яшчэ больш мянушкамі, так што ён кожны раз, чуючы іх, перш спыняўся, а потым пачынаў пісаць ужо. Асабліва здзівіў яго нейкі Пётр Савельеў Неуважай-Карыта, так што ён не мог не сказаць: «Гэтакі доўгі!» Другі меў прычэплены да імені Каровій кірпіч, іншы быў проста: Калясо Іван. Канчаючы пісаць, ён пацягнуў крыху да сябе носам паветра і пачуў прывабны пах чагосьці гарачага ў масле.

«Прашу пакорна закусіць», сказала гаспадыня. Чычыкаў азірнуўся і ўбачыў, што на стале стаялі ўжо грыбкі, піражкі, скарадумкі [11], шанішкі [12], праглы [13], блінцы, праснакі з рознымі прыпёкамі; прыпёкай з цыбулькай, прыпёкай з макам, прыпёкай з тварагом, прыпёкай са сняточкамі, і чаго толькі не было.

«Прэсны пірог з яйкам!» сказала гаспадыня.

Чычыкаў падсунуўся да прэснага пірага з яйкам і, з’еўшы тут-жа больш за палавіну, пахваліў яго. I сапраўды, пірог сам па сабе быў смачны, а пасля ўсяе тузяніны са старой здаўся яшчэ смачнейшым.

«А блінцоў?» сказала гаспадыня.

У адказ на гэта Чычыкаў згарнуў тры блінцы разам і, памачыўшы іх у растопленае масла, адправіў у рот, а губы і рукі абцёр сарвэткай. Паўтарыўшы гэта разы са тры, ён папрасіў гаспадыню загадаць запрэгчы яго брычку. Настасся Пятроўна зараз-жа паслала Фяцінню, загадаўшы ў той-жа час прынесці яшчэ гарачых блінцоў.

«У вас, матухна, блінцы вельмі смачныя», сказаў Чычыкаў, узяўшыся за прынесеныя гарачыя.

«Ды ў мяне іх такі добра пякуць», сказала гаспадыня; «ды вось бяда, ураджай дрэнны, мука ўжо такая не авантажная... Ды што-ж, бацюхна, вы так спяшаецеся?» прагаварыла яна, убачыўшы, што Чычыкаў узяў у рукі шапку; «дарэчы і брычка-ж яшчэ не запрэжана».

«Вось бачыш, бацюхна, і брычка твая яшчэ не гатова», сказала гаспадыня, калі яны вышлі на ганак.

«Будзе, будзе гатова. Раскажыце толькі мне, як выбрацца на гасцінец». «Як-бы гэта зрабіць?» сказала гаспадыня. «Расказаць вось цяжка, паваротак многа; хіба я табе дам дзяўчынку, каб правяла. У цябе-ж, пэўна, месца ёсць на козлах, дзе-б прысесці ёй?»

«Як не быць».

«Няхай так, я табе дам дзяўчынку; яна ў мяне ведае дарогу, толькі ты глядзі, не звязі яе, у мяне ўжо адну звезлі купцы».

Чычыкаў запэўніў яе, што не звязе, і Каробачка, супакоіўшыся, пачала ўжо разглядаць усё, што было на яе двары; утаропіла вочы на ключніцу, якая выносіла з кладоўкі драўляную конаўку з мёдам, на мужыка, што паказаўся ў варотах, і пакрысе ўся перасялілася ў гаспадарчае жыццё. Але навошта так доўга займацца Каробачкай? Ці Каробачка, ці Манілаў, ці гаспадарчае жыццё, ці негаспадарчае — міма іх! Не тое на свеце дзіўна зроблена: вясёлае ў момант ператворыцца ў сумнае, калі толькі доўга застаішся перад ім, і тады бог ведае, што прыдзе ў галаву. Можа, пачнеш нават думаць: а ці сапраўды Каробачка стаіць так нізка на бясконцай лесніцы чалавечага дасканалення? Ці сапраўды такое вялікае бяздонне, што аддзяляе яе ад сястры яе, недасяжна адгароджанай сценамі арыстакратычнага дома з пахучымі чыгуннымі лесніцамі, ззяючай меддзю, чырвоным дрэвам і дыванамі, якая пазяхае за недачытанай кнігай у чаканні дасціпна-свецкага візіта, дзе ёй надарыцца выпадак бліснуць розумам і выказаць завучаныя думкі, — думкі, што займаюць паводле законаў моды на цэлы тыдзень горад, думкі не аб тым, што робіцца ў яе доме і ў не маёнтках, заблытаных і разладжаных, дзякуючы няведанню гаспадарчай справы, а аб тым, які палітычны пераварот рыхтуецца ва Францыі, які напрамак прыняў модны каталіцызм. Але міма, міма! Навошта гаварыць пра гэта? Але чаму-ж сярод безразважных, вясёлых, бясклопатных хвілін, сам сабою, раптам праімчыцца нейкі дзівосны струмень: яшчэ смех не паспеў зусім збегчы з твару, а ўжо стаў іншым сярод тых самых людзей, і ўжо іншым святлом азарыўся твар...

«А вось брычка, вось брычка!» закрычаў Чычыкаў, убачыўшы, нарэшце, пад’язджаўшую сваю брычку. «Што-ж ты, балван, так доўга корпаўся? Відаць, учарашні хмель у цябе не ўвесь яшчэ выветрыла».

Селіфан на гэта нічога не адказаў.

«Бывайце, матухна! А што-ж, дзе ваша дзяўчынка?»

«Эй, Пелагея», сказала памешчыца адзінаццацігадовай дзяўчынцы, што стаяла каля ганка ў сукенцы з хатняга тоўстага пафарбаванага палатна і з босымі нагамі, якія здалёк можна было палічыць за боты, так яны былі аблеплены свежай граззю. «Пакажы вось пану дарогу».

Селіфан дапамог узлезці на козлы дзяўчынцы, якая, стаўшы адной нагой на панскую прыступку, спачатку запэцкала яе граззю, а потым ужо ўзлезла наверх і села каля яго. Услед за ёю і сам Чычыкаў паставіў нагу на прыступку і, нагнуўшы брычку на правы бок, бо быў цяжкаваты, нарэшце, умасціўся, сказаўшы: «а! цяпер добра! Бывайце, матухна!» Коні рушылі.

Селіфан усю дарогу быў суровы і разам з тым вельмі ўважлівы да сваёй справы, што здаралася з ім заўсёды пасля таго, калі ён быў у чым-небудзь вінаваты або п’яны. Коні былі да бляску вычышчаны. Хамут на адным з іх, які надзяваўся да таго часу амаль заўсёды падраным, так што з-пад скуры вытыркала пакулле, быў па-майстэрску зашыты. Усю дарогу быў ён маўклівы, толькі пасцёбваў пугаю і не звяртаўся з ніякай павучальнай размовай да коней, хоць пярэстаму каню, вядома, хацелася-б выслухаць што-небудзь павучальнае, бо ў гэты час лейцы заўсёды неяк ляніва трымаліся ў руках гаваркога фурмана і пуга толькі для формы гуляла над спінамі. Але з панурых вуснаў чуваць былі на гэты раз адны аднастайна-непрыемныя выгукі: «Ну-ж, ну, варона! разяўляйся!» і больш нічога. Нават сам гняды і Засядацель былі нездаволены, не пачуўшы ні разу ні мілыя, ні шаноўныя. Пярэсты адчуваў непрыемнейшыя ўдары па сваіх поўных і шырокіх частках. «Бач ты, як разнесла яго!» думаў ён сам сабе, крыху стрыгучы вушамі. «Глядзі, ведае, дзе біць! Не сцебане проста па спіне, а так і выбірае месца, дзе пажывей, па вушах зачэпіць, ці пад чэрава хвасяне».

«Направа ці што?» з такім сухім пытаннем звярнуўся Селіфан да дзяўчынкі, што сядзела каля яго, паказваючы ёй пугаю на пачарнелую ад дажджу дарогу паміж ярказялёнымі, пасвяжэўшымі палямі.

«Не, не, я сама пакажу», адказала дзяўчынка.

«Куды-ж?» сказаў Селіфан, калі пад’ехалі бліжэй.

«Вось куды», адказала дзяўчынка, паказваючы рукой.

«Эх ты!» сказаў Селіфан. «Ды гэта-ж і ёсць направа: не ведае, дзе права, дзе лева!»

Хоць дзень быў вельмі харошы, але зямля стала такая гразкая, што колы брычкі, захватваючы гразь, хутка пакрыліся ёю, як лямцам, ад чаго экіпаж значна пацяжэў; да таго-ж грунт быў незвычайна гліністы і ліпкі. Тое і другое было прычынаю таго, што яны не маглі выбрацца з прасёлкаў раней поўдня. Без дзяўчынкі было-б цяжка зрабіць і гэта, бо дарогі распаўзаліся ва ўсе бакі, як злоўленыя ракі, калі іх зысыплюць з торбы, і Селіфану давялося-б пакалясіць ужо не па сваёй віке. Хутка дзяўчынка паказала рукою на чарнеўшы здалёк будынак, сказаўшы: «Вунь гасцінец!»

«А будынак?» запытаў Селіфан.

«Тракцір», сказала дзяўчынка.

«Ну, цяпер мы самі даедзем», сказаў Селіфан: «ідзі сабе дамоў».

Ён спыніўся і дапамог ёй злезці, прагаварыўшы праз зубы; «эх ты, чорнаногая!»

Чычыкаў даў ёй мядзяны грош, і яна папаўзла дамоў, ужо здаволеная тым, што пасядзела на козлах.

РАЗДЗЕЛ IV

«Пад’ехаўшы да тракціра, Чычыкаў загадаў спыніцца па двух прычынах. З аднаго боку, каб даць адпачыць коням, а з другога боку, каб самому крыху закусіць і падмацавацда. Аўтар павінен прызнацца, што вельмі зайздросціць апетыту і страўніку такога роду людзей. Для яго зусім нічога не значаць усе вялікія паны, якія жывуць у Пецербургу і Маскве, праводзяць час у абдумванні, што-б такое з’есці заўтра і які-б абед прыдумаць на паслязаўтра; якія бяруцца за гэты абед не інакш, як адправіўшы перш у рот пілюлю; якія глытаюць устэрс [14] марскіх павукоў і іншыя цуды, а потым едуць у Карлсбад, ці на Каўказ. Не, гэтыя паны ніколі не абуджалі ў ім зайздрасці. Але паны сярэдняй рукі, што на адной станцыі патрабуюць вяндлівы, на другой парася, на трэцяй кавалак асятра, ці якую-небудзь запечаную каўбасу з цыбуляй, і потым, як ні ў чым не бывала, садзяцца за стол, у які хочаш час, і сцярляжая юшка з ментузамі і малокамі шыпіць і бурчыць у іх паміж зубоў ды яшчэ заядаецца пірагом з рыбнай начынкай ці кулябякай з сомавым плёсам [15], так што з боку праймае апетыт — вось гэтыя паны, сапраўды, карыстаюцца вартым зайздрасці дарам неба! Не адзін пан вялікай рукі ахвяраваў-бы зараз-жа палавіну душ сялян і палавіну маёнткаў, закладзеных і незакладзеных, з усімі паляпшэннямі на чужаземны і рускі манер, каб толькі мець такі страўнік, які мае пан сярэдняй рукі, але вось бяда, што ні за якія грошы, ні за маёнткі, з паляпшэннямі і без паляпшэнняў, нельга набыць такога страўніка, які бывае ў пана сярэдняй рукі.

Драўляны, пачарнелы тракцір прыняў Чычыкава пад сваю вузенькую гасцінную павець на драўляных вытачаных слупках, падобных да старасвецкіх царкоўных падсвечнікаў. Тракцір быў нечым накшталт рускай хаты, крыху ў большым памеры. Разьбяныя карнізы са свежага дрэва наўкол акон і пад дахам рэзка і жыва пярэсцілі цёмныя яе сцены; на акяніцах былі намаляваны збанкі з кветкамі.

Узлезшы па вузенькай драўлянай лесніцы наверх, у шырокія сенцы, ён сустрэў дзверы, што са скрыпам адчыняліся, і тоўстую старую ў стракатым паркалі, якая праказала: сюды, калі ласка! У пакоі трапіліся ўсе старыя прыяцелі, што трапляюцца кожнаму ў невялікіх драўляных тракцірах, якіх нямала пабудавана па дарогах, а іменна: пазелянелы самавар, гладка пагаблёваныя сасновыя сцены, трыкутная шафа з чайнікамі і кубачкамі ў куце, фарфаравыя вызалачаныя яечкі перад абразамі, вісеўшыя на блакітных і чырвоных істужках, кошка, якая нядаўна акацілася, люстэрка, паказваўшае замест пары дзве пары вачэй, а замест твару нейкую аладку; нарэшце, натыканыя пучкамі пахучыя травы і гваздзікі каля абразоў, высахшыя да такой ступені, што той, хто хацеў панюхаць іх, толькі чхаў і больш нічога..

«Парасё ёсць?» з такім пытаннем звярнуўся Чычыкаў да стаяўшай бабы.

«Ёсць».

«З хрэнам і са смятанай?»

«З хрэнам і са смятанай».

«Давай яго сюды!»

Старая пайшла корпацца і прынесла талерку, сарвэтку, накрухмаленую да таго, што дыбілася як засохшая кара, потым нож з пажаўцелаю касцяною калодачкаю, тоненькі, як складаны, двузубы відэлец і салянку, якую ніяк нельга было паставіць проста на стол.

Герой наш па звычаю зараз-жа пачаў з ёю размову і распытаў, ці сама яна трымае тракцір, ці ёсць гаспадар, і колькі дае прыбытку тракцір, і ці з імі жывуць сыны, і што старэйшы сын — халасты ці жанаты чалавек, якую ўзяў жонку, ці з вялікім пасагам, ці не, і ці задаволены быў цесць, і ці не злаваў, што мала падарункаў атрымаў на вяселлі, — словам, не мінуў нічога. Само сабой зразумела, што пацікавіўся даведацца, якія памешчыкі знаходзяцца навокал, і даведаўся, што ўсякія ёсць памешчыкі: Блахін, Пачытаеў, Мыльны, Чапракоў палкоўнік, Сабакевіч. «А! Сабакевіча ведаеш?» запытаў ён і тут-жа пачуў, што старая ведае не толькі Сабакевіча, але і Манілава, і што Манілаў далікатнейшы за Сабакевіча: загадае зараз-жа зварыць курыцу, возьме і цяляцінкі; калі ёсць баранова пячонка, то і барановай пячонкі возьме, і ўсяго толькі што пакаштуе, а Сабакевіч аднаго чаго-небудзь возьме, ды ўжо затое ўсё з’есць, нават падбаўкі вымагае за тую-ж цану.

Калі ён такім чынам размаўляў, ядучы парасяціну, якой заставаўся ўжо апошні кавалак, пачуўся стук колаў пад’ехаўшага экіпажа. Глянуўшы праз акно, ён убачыў, што перад тракцірам спынілася лёгенькая брычка, запрэжаная тройкай добрых коней. З брычкі вылазілі двое нейкіх мужчын. Адзін бялявы, высокага росту; другі крыху ніжэйшы, чарнявы. Бялявы быў у цёмнасіняй венгерцы [16], чарнявы проста ў паласатым архалуку [17]. Здалёк паўзла яшчэ калясачка, пустая, запрэжаная нейкай кашлатай чацвёркай з парванымі хамутамі і вераўчанай збруяй. Бялявы зараз-жа пайшоў па лесніцы наверх, тым часам як чарнамазы яшчэ заставаўся і мацаў нешта ў брычцы, размаўляючы тут-жа са слугою і махаючы ў той-жа час калясцы, што ехала за імі. Голас яго здаўся Чычыкаву як быццам крыху знаёмым. Пакуль ён яго разглядаў, бялявы паспеў ужо намацаць дзверы і адчыніць іх. Гэта быў мужчына высокага росту, з твару сухарлявы, або, як кажуць, выснажаны, з рыжымі вусікамі. Па загарэлым твары яго можна было зрабіць вывад, што ён ведаў, што такое дым, калі не парахавы, дык прынамсі табачны. Ён ветліва пакланіўся Чычыкаву, на што апошні адказаў тым-жа. На працягу нямногіх хвілін яны, пэўна, разгаварыліся-б і добра пазнаёміліся-б паміж сабой, бо пачатак быў ужо зроблены, і абодва амаль у адзін і той-жа час выказалі прыемнасць, што пыл на дарозе быў зусім прыбіты учарашнім дажджом, і цяпер ехаць і нягорача і прыемна, — як увайшоў чарнявы яго таварыш, скінуўшы з галавы на стол сваю шапку, па-маладзецку ўскудлачыўшы рукой свае чорныя густыя валасы. Гэта быў сярэдняга росту, вельмі нядрэнна складзены маладзец, з поўнымі ружовымі шчокамі, з белымі, як снег, зубамі і чорнымі, як смоль, бакенбардамі. Свежы ён быў, як кроў з малаком; здароўе, здавалася, так і пырскала з твару яго

«Ба, ба, ба!» закрычаў ён раптам, расставіўшы абедзве рукі, калі ўбачыў Чычыкава. «Якім чынам?»

Чычыкаў пазнаў Наздрова, таго самага, з якім ён разам абедаў у пракурора і які за некалькі хвілін пазнаёміўся з ім гак каротка, што пачаў ужо гаварыць ты, хоць, аднак, ён з свайго боку не падаў да гэтага ніякага поваду.

«Куды ездзіў?» гаварыў Наздроў і, не дачакаўшыся адказу, працягваў: «А я, брат, з кірмаша. Павіншуй: прадуўся ў пух! Ці паверыш, што ніколі ў жыцці так не прадуваўся. Я-ж на абыватальскіх[18] прыехаў! Вось зірні знарок у акно!» Тут ён нагнуў сам галаву Чычыкава, так што той ледзь не стукнуўся ёю аб рамку. «Бачыш, якая дрэнь! Ледзь дацягнулі праклятыя, я пералез ужо ў яго брычку». Кажучы гэта, Наздроў паказаў пальцам на свайго таварыша. «А вы яшчэ не знаёмы? Швагер мой Міжуеў! Мы з ім усю раніцу гаварылі пра цябе. «Ну, глядзі, — кажу, — калі мы не сустрэнем Чычыкава». Ну, брат, калі-б ты ведаў, як я прадуўся! Ці паверыш, што не толькі ўбухаў чатырох рысакоў — усе спусціў. На мне-ж няма ні ланцужка, ні гадзінніка...» Чычыкаў глянуў і сапраўды ўбачыў; што на ім не было ні ланцужка, ні гадзінніка. Яму нават здалося, што і адзін бакенбард быў у яго меншы, і не такі густы; як другі. «А май-жа я толькі дваццаць рублёў у кішэні», гаварыў далей Наздроў: «іменна не больш, як дваццаць, я адыграў-бы ўсё, гэта значыць, акрамя таго, што адыграў-бы, вось як сумленны чалавек, трыццаць тысяч зараз паклаў-бы ў кашалёк».

«Ты аднак і тады так гаварыў», адказаў бялявы, «а калі я табе даў пяцьдзесят рублёў, тут-жа прасадзіў іх».

«I не прасадзіў-бы! дальбог не прасадзіў-бы! Не зрабі я сам глупства, дапраўды, не прасадзіў-бы. Каб не загнуў я пасля парале на праклятай сямёрцы утку, я-б мог сарваць увесь банк [19]».

«Аднак-жа не сарваў», сказаў бялявы.

«Не сарваў, таму што загнуў утку не ў часе. А ты думаеш, маёр твой добра гуляе?»

«Добра ці не добра, аднак-жа ён цябе абгуляў».

«Падумаеш, важнасць!» сказаў Наздроў: «гэтак і я яго абгуляю. Не, вось паспрабуй ён гуляць дублетам [20], дык вось тады я пагляджу, я пагляджу тады, які ён ігрок! Затое, брат Чычыкаў, як пакуцілі мы ў першыя дні! Праўда, кірмаш быў выдатнейшы! Самі купцы кажуць, што ніколі не было такога з’езду. У мяне ўсё, што ні прывезлі з вёскі, прадалі па самай выгаднейшай цане. Эх, браток! як пакуцілі! Цяпер нават як успомніш... чорт пабяры! а то-ж, як шкода, што ты не быў. Уяві, што за тры вярсты ад горада стаяў драгунскі полк. Ці паверыш, што афіцэры, колькі іх ні было, сорак чалавек адных афіцэраў было ў горадзе; як пачалі мы, браток, піць... Штабс-ротмістр Пацэлуеў... такі слаўны! вусы, браток, такія! Бардо называе проста бурдашкай. «Прынясі, брат», кажа, «бурдашкі!» Паручык Куўшыннікаў... Ах, браток, які мілы чалавек! вось ужо, можна сказаць, ва ўсёй форме гуляка. Мы ўсё былі з ім разам. Якога віна адпусціў нам Панамароў! Трэба табе ведаць, што ён шэльма, і ў яго краме нічога нельга браць: у віно мяшае ўсякую дрэнь: сандал, палены корак і нават бузінай, падлюка, зацірае, але затое калі ўжо выцягне з дальняга пакойчыка, які называецца ў яго асаблівым, якую-небудзь бутэлечку, ну проста, брат, знаходзішся ў эмпірэях. Шампанскае ў нас было такое, — што перад ім губернатарскае? проста квас. Уяві, не кліко, а нейкае кліко матрадура, гэта значыць падвойнае кліко [21]. I яшчэ дастаў адну бутэлечку французскага пад назвай: бонбон. — Пах? разетка і ўсё, што хочаш. Вось дык пакуцілі!.. Пасля нас прыехаў нейкі князь, паслаў у краму па шампанскае, няма ніводнай бутэлькі ва ўсім горадзе, усё афіцэры выпілі. Ці верыш, што я адзін на працягу абеда выпіў семнаццаць бутэлек шампанскага!»

«Ну, семнаццаць бутэлек ты не выпіў», заўважыў бялявы.

«Як сумленны чалавек, кажу, што выпіў», адказаў Наздроў.

«Ты можаш сабе гаварыць, што хочаш, а я табе кажу, што і дзесяці не вып’еш».

«Ну, хочаш у заклад, што вып’ю?»

«Нашто-ж той заклад?»

«Ну, пастаў сваю стрэльбу, якую купіў у горадзе».

«Не хачу».

«Ну, ды пастаў, паспрабуй!»

«I спрабаваць не хачу».

«Ды быў-бы ты без стрэльбы, як без шапкі. Эх, брат Чычыкаў, гэта значыць, як я шкадаваў, што цябе нё было. Я ведаю, што ты не расстаўся-б з паручыкам Куўшыннікавым. Як-бы вы ўжо з ім добра сышліся. Гэта не тое, што пракурор і ўсе губернскія скнары ў нашым горадзе, якія так трасуцца за кожную капейку. Гэты, браток, і ў гальбік [22], і ў банчышку, і ва ўсё, што хочаш. Эх, Чычыкаў, ну, ці-ж цяжка табе было прыехаць. Дапраўды-ж, свінтус ты за гэта, скатавод гэтакі! Пацалуй мяне, душа, страх, як люблю цябе! Міжуеў, глядзі: вось лёс звёў, ну, што ён мне, або я яму? Ён прыехаў бог ведае адкуль, я таксама тут жыву... А колькі было, брат, карэт, і ўсё гэта en gros [23]. У фартунку [24] крутнуў, выйграў дзве банкі памады, фарфаравы кубачак і гітару; потым зноў паставіў адзін раз і пракруціў, ліха яму, апрача гэтага, яшчэ шэсць рублёў. А які, калі-б ты ведаў, валакіта Куўшыннікаў! Мы з ім былі на ўсіх амаль балах. Адна была такая прыбраная, рушы [25] на ёй, і трушы, і чорт ведае чаго не было... я думаю сабе толькі: чорт пабяры! А Куўшыннікаў, гэта значыць, такая шэльма, падсеў да яе, і на французскай мове падпускае ёй такія кампліменты... Ці паверыш, простых баб не прапусціў. Гэта ён называе пакарыстацца наконт клубнічкі. Рыб і балыкоў навезлі цудоўных. Я такі прывёз з сабой адзін, добра, што здагадаўся купіць, калі былі яшчэ грошы. Ты куды цяпер едзеш?»

«А я да чалавечка аднаго», сказаў Чычыкаў.

«Ну, што чалавечак, кінь яго! паедзем да мяне!»

«Не, нельга, ёсць справа».

«Ну, вось ужо і справа! ужо і выдумаў! ах ты Ападзялдок Іванавіч!»

«Праўду кажу, справа, ды яшчэ і патрэбная».

«Іду ў заклад, хлусіш! Ну скажы толькі, да каго едзеш?»

«Ну, да Сабакевіча».

Тут Наздроў зарагатаў тым звонкім смехам, якім заліваецца толькі свежы, здаровы чалавек, у каторага ўсе да апошняга паказваюцца белыя як цукар зубы, дрыжаць і скачуць шчокі, і сусед за двума дзвярыма, у трэцім пакоі, ускідваецца са сну, вылупіўшы вочы і гаворачы: «бач, як яго разабрала?»

«Што-ж тут смешнага», сказаў Чычыкаў, крыху незадаволены такім смехам.

Але Наздроў працягваў рагатаць ва ўсё горла, прыгаварваючы: «Ой, пашкадуй, дапраўды лопну са смеху!»

«Нічога няма смешнага: я даў яму слова», сказаў Чычыкаў.

«Ды ты-ж жыццю не рад будзеш, калі прыедзеш да яго, гэта проста жыдамор! Я-ж ведаю твой характар, ты жорстка схібіш, калі думаеш знайсці там банчышку і добрую бутэльку якога-небудзь бонбона. Паслухай, браток: ну к чорту Сабакевіча, паедзем да мяне! Якім балыком пачастую! Панамароў, шэльма, так раскланьваўся, кажа: для вас толькі, увесь кірмаш, кажа, абшукайце, не знойдзеце такога. Махляр аднак-жа страшэнны. Я яму ў вочы гэта казаў: «вы», кажу, «з нашым адкупшчыкам першыя ашуканцы!» Смяецца шэльма, пагладжваючы бараду. Мы з Куўшыннікавым кожны дзень снедалі ў краме. Ах, брат, вось забыўся табе сказаць: ведаю, што ты цяпер не адчэпішся, але за дзесяць тысяч не аддам, наперад кажу. Эй, Парфірый», закрычаў ён, падышоўшы да акна, на свайго чалавека, які трымаў у адной руцэ ножык, а ў другой скарынку хлеба з кавалкам балыка, які пашчасціла яму мімаходзь адрэзаць, вымаючы нешта з брычкі. «Эй, Парфірый», крычаў Наздроў: «прынясі шчанюка! Які шчанюк!» гаварыў ён далей, звяртаючыся да Чычыкава. «Крадзены, ні за самога сябе не аддаваў гаспадар. Я яму прапанаваў буланую кабылу, якую, памятаеш, выменяў у Хвастырова...» Чычыкаў, між іншым, зроду не бачыў ні буланай кабылы, ні Хвастырова.

«Пан! нічога не хочаце закусіць?» сказала ў гэты час, падыходзячы да яго, старая.

«Нічога. Эх, брат, як пакуцілі! Між іншым, давай чарку гарэлкі, якая ў цябе ёсць?»

«Анісавая», адказала старая.

«Ну, давай анісавай», сказаў Наздроў.

«Давай ужо і мне чарку!» сказаў бялявы.

«У тэатры адна актрыса так, шэльма, спявала, як канарэйка! Куўшыннікаў, які сядзеў каля мяне, «вось», кажа, «брат, пакарыстацца-б наконт клубнічкі!» Адных балаганаў, я мяркую, было пяцьдзесят. Фенардзі чатыры гадзіны круціўся ветраком...» Тут ён прыняў чарку з рук старой, якая яму за гэта нізка пакланілася. «А, давай яго сюды!» закрычаў ён, убачыўшы Парфірыя, увайшоўшага з шчанюком. Парфірый быў апрануты таксама, як і пан, у нейкі архалук, падбіты ватаю, але крыху больш зашмальцаваны.

«Давай яго, кладзі сюды на падлогу!»

Парфірый палажыў на падлогу шчанюка, які, расцягнуўшыся на ўсе чатыры лапы, нюхаў зямлю.

«Вось шчанюк!» сказаў Наздроў, узяўшы яго за спінку крыху падняўшы рукой. Шчанюк даволі жаласна заскавытаў.

«Ты аднак-жа не зрабіў таго, што я табе казаў», сказаў Наздроў, звярнуўшыся да Парфірыя і разглядаючы ўважліва жывот шчанюка: «і не падумаў вычасаць яго?»

«Не, я яго вычэсваў».

«А адкуль-жа скочкі?»

«Не магу знаць. Можа, як-небудзь з брычкі паналазілі».

«Хлусіш, хлусіш, і не думаў часаць: я думаю, дурань, яшчэ сваіх напусціў. Вось паглядзі, Чычыкаў, паглядзі, якія вушы, на вось памацай рукой».

«Ды навошта, я і так бачу: добрай пароды!» адказаў Чычыкаў.

«Не, вазьмі вось знарок, памацай вушы!»

Чычыкаў, каб дагадзіць яму, памацаў вушы, праказаўшы: так, добры будзе сабака.

«А нос, адчуваеш, які халодны? Вазьмі вось рукой». Каб не пакрыўдзіць яго, Чычыкаў узяў і за нос, сказаўшы: добры нюх.

«Сапраўдны мардаш», гаварыў далей Наздроў: «я, прызнацца, даўно вастрыў зубы на мардаша. На, Парфірый, занясі яго!»

Парфірый, узяўшы шчанюка пад жывот, занёс яго ў брычку.

«Паслухай, Чычыкаў, ты павінен абавязкова цяпер ехаць да мяне, а ехаць да мяне, пяць вёрст усяго, духам даімчымся, а там, бадай, можаш і да Сабакевіча».

«А што-ж!» падумаў сам сабе Чычыкаў: «заеду я сапраўды да Наздрова. Чым-жа ён горшы за іншых? такі-ж чалавек, ды яшчэ і прагуляўся. Здатны ён, як відаць, на ўсё, значыцца, у яго дармова можна тое-сёе выпрасіць». «Ну добра, едзем», сказаў ён: «але ўмова не затрымліваць, мне час дарагі».

«Ну, душа, вось гэта так! Вось гэта добра, пачакай-жа, я цябе пацалую за гэта». Тут Наздроў і Чычыкаў пацалаваліся. «I добра: утраіх і пакоцім!»

«Не, ты ўжо, калі ласка, мяне пусці», гаварыў бялявы: «мне трэба дамоў».

«Глупства, глупства, брат, не пушчу».

«Дапраўды, жонка будзе злаваць, цяпер-жа ты можаш перасесці вось у іхнюю брычку».

«Ні, ні, ні! I не думай».

Бялявы быў адзін з тых людзей, у характары якіх на першы погляд ёсць нейкая ўпартасць. Яшчэ не паспееш разявіць рот, як яны ўжо гатовы спрачацца і, здаецца, ніколі не згодзяцца на тое, што відавочна процілегла іх поглядам, што ніколі не назавуць дурнога разумным і што асабліва не згодзяцца скакаць пад чужую дудку; а скончыцца заўсёды тым, што ў характары іх знойдзецца мяккасць, што яны згодзяцца іменна на тое, што адмаўлялі, дурное назавуць разумным і пойдуць потым скакаць як нельга лепш пад чужую дудку, словам, пачнуць гладка, а скончаць гадка.

«Глупства!» сказаў Наздроў у адказ на нейкае пярэчанне бялявага, надзеў яму на галаву шапку, і — бялявы падаўся следам за ім.

«За гарэлачку, пане, не заплацілі...» сказала старая.

«А, добра, добра, матухна. Паслухай, швагрусь! заплаці калі ласка. У мяне няма ні капейкі ў кішэні».

«Колькі табе?» сказаў швагрусь.

«Ды што, бацюхна, саракоўку ўсяго», сказала старая.

«Хлусіш, хлусіш. Дай ёй палавіну, хопіць з яе».

«Малавата, пане», сказала старая, аднак-жа ўзяла грошы з падзякай і яшчэ пабегла спяшаючыся адчыняць ім дзверы. Яна нічога не страціла, бо запрасіла ў чатыры разы больш, чым каштавала гарэлка.

Прыезджыя селі. Брычка Чычыкава ехала побач з брычкай, у якой сядзеў Наздроў і яго швагер, і таму яны ўсе трое маглі лёгка паміж сабой размаўляць на працягу дарогі. За імі следам ехала, увесь час астаючыся, невялікая каляска Наздрова на худых абыватальскіх конях. У ёй сядзеў Парфірый з шчанюком.

Паколькі гутарка, якую падарожныя вялі паміж сабой, была не надта цікавая для чытача, дык зробім лепш, калі скажам што-небудзь пра самога Наздрова, якому, можа быць, давядзецца адыграць не зусім апошнюю ролю ў нашай паэме.

Аблічча Наздрова, мабыць, ужо некалькі знаёма чытачу. Такіх людзей даводзілася кожнаму сустракаць нямала. Яны называюцца прабітнымі людзьмі, вядомы яшчэ ў дзіцячых гадах і ў школе, як добрыя таварышы, і пры ўсім гэтым іх вельмі часта і моцна б’юць. У іх тварах заўсёды відаць нешта шчырае, простае, зухаватае. Яны хутка знаёмяцца, і не паспееш азірнуцца, як ужо гавораць табе: ты. Пасябруюць, — здаецца, навек; але заўсёды амаль так здараецца, што новы сябра паб’ецца з імі ў той-жа вечар на сяброўскай вечарынцы. Яны заўсёды гаваруны, гулякі, ліхачы, народ прыкметны. Наздроў у трыццаць пяць гадоў быў якраз такім-жа, якім быў у восемнаццаць і дваццаць: ахвотнік пагуляць. Жаніцьба яго аніяк не перамяніла, тым больш, што жонка хутка пайшла на той свет, пакінуўшы дваіх дзяцей, якія яму былі зусім не патрэбны. За дзецьмі, аднак-жа, наглядала прыгожанькая нянька. Дома ён больш дня не мог уседзець. Тонкі нюх яго чуў за некалькі десяткаў вёрст, дзе быў кірмаш з усякімі з ездамі і баламі; ён ужо ў адно імгненне вока быў там, спрачаўся і распачынаў мітусню за зялёным сталом, бо меў, падобна ўсім такім, страсцішку да карцішак. У карты, як мы ўжо бачылі з першага раздзела, гуляў ён не зусім бязгрэшна і чыста, ведаючы шмат розных перадзёржак і іншых тонкасцей, і таму гульня вельмі часта канчалася другою гульнёю: або лупцавалі яго ботамі, або задавалі перадзёржку яго густым і вельмі добрым бакенбардам, так што вяртаўся дамоў ён часам з адной толькі бакенбардай, і то даволі рэдкай. Але здаровыя і поўныя шчокі яго так добра былі створаны і змяшчалі ў сабе столькі вырошчвальнай сілы, што бакенбарды хутка вырасталі зноў, яшчэ нават лепшыя як ранейшыя. I што больш за ўсё дзіўна, што можа толькі на адной Русі здарыцца, ён праз некаторы час ужо сустракаўся зноў з тымі прыяцелямі, якія яго лупцавалі, і сустракаўся як быццам нічога не было, і ён, як кажуць, нічога і яны нічога.

Наздроў быў у некаторых адносінах гістарычны чалавек. Ні на адным сходзе, дзе ён быў, не абыходзілася без гісторыі. Якая-небудзь гісторыя абавязкова адбывалася: ці выведуць яго пад рукі з залы жандармы, ці змушаны бываюць выштурхаць свае-ж прыяцелі. Калі-ж гэтага не здарыцца, дык усё-такі што-небудзь ды будзе такое, чаго з іншым ніяк не будзе: або нарэжацца ў буфеце такім чынам, што толькі смяецца, або наманіць самым жорсткім чынам, так што, нарэшце, самому зробіцца сорамна. I наманіць зусім без усякай патрэбы: раптам раскажа, што ў яго быў конь якой-небудзь блакітнай ці ружовай масці і да таго падобную лухту, так што слухачы, нарэшце, усе адыходзяць, сказаўшы: ну, брат, ты, здаецца, пачаў ужо кулі ліць. Ёсць людзі, якія маюць страсцішку напаскудзіць бліжняму, часам зусім без усякай прычыны. Другі, напрыклад, нават чалавек у чынах, высокародны на выгляд, са звяздой на грудзях, будзе вам ціснуць руку, разгаворыцца з вамі аб рэчах глыбокіх, якія выклікаюць на разважанні, а потым глядзіш, тут-жа, перад вашымі вачамі і напаскудзіць вам. I напаскудзіць так, як просты калежскі рэгістратар, а зусім не так, як чалавек са звяздой на грудзях, які размаўляе аб рэчах, што выклікаюць разважанні; так што стаіш толькі, ды дзівішся, паціскаючы плячамі, ды і нічога больш. Такую-ж дзівацкую страсць меў і Наздроў. Чым бліжэй хто з ім сыходзіўся, таму ён хутчэй за ўсіх насольваў: распускаў недарэчнасць, дурней за якую цяжка выдумаць, разладжваў вяселле, гандлёвую ўмову, і зусім не лічыў сябе вашым непрыяцелем; наадварот, калі выпадак прыводзіў яго зноў сустрэцца з вамі, ён абыходзіўся зноў па-сяброўску і нават казаў: ты-ж такі падлюка, ніколі да мяне не заедзеш.

Наздроў у многіх адносінах быў шматбаковы чалавек, гэта значыць чалавек на ўсе рукі. У тую-ж хвіліну ён прапаноўваў вам ехаць, куды хочаце, хоць на край свету, прыняць удзел у якой хочаце справе, мяняць усё што ні ёсць, на ўсё што хочаце. Стрэльба, сабака, конь — усё было прадметам мены, але зусім не з тым, каб выйграць; гэта адбывалася проста ад нейкай нястомнай спрытнасці і жвавасці характару. Калі яму на кірмашы пашанцавала трапіць на прастака і абгуляць яго, ён накупляў кучу ўсяго, што трапляла яму на вочы ў крамах: хамутоў, курыцельных [26] свечак, хустак для нянькі, жарабка, ізюму, срэбраны рукамыйнік, галандскага палатна, мукі-крупчаткі, табакі і пісталетаў, селядцоў, карцін, тачыльны інструмент, гаршкоў, ботаў, фаянсавую пасуду — на колькі хапала грошай. Аднак рэдка здаралася, каб гэта было давезена дамоў; амаль у той-жа дзень спускалася яно ўсё другому шчаслівейшаму іграку, часам нават дадавалася ўласная люлька з кісетам і мундштуком, а іншы раз і ўся чацвёрка з усім: каляскай і фурманом, так што сам гаспадар ішоў у кароценькім сурдуціку або архалуку шукаць якога-небудзь прыяцеля, каб пакарыстацца яго экіпажам. Вось які быў Наздроў! Можа, назавуць яго характарам збітым, пачнуць гаварыць, што цяпер няма ўжо Наздрова. На жаль, несправядлівымі будуць тыя, хто будзе гаварыць так. Наздроў доўга яшчэ не звядзецца са свету. Ён усюды між намі і, можа, толькі ходзіць у іншым кафтане; але людзі лёгкадумна-непраніклівыя, і чалавек у іншым кафтане здаецца ім іншым чалавекам.

Тым часам тры экіпажы падкацілі ўжо да ганка дома Наздрова. У доме не было ніякай падрыхтоўкі да іх прыёму. Пасярод сталовай стаялі драўляныя козлы, і два мужыкі, стоячы на іх, бялілі сцены, зацягваючы нейкую бясконцую песню; падлога ўся была запырскана бяліламі. Наздроў загадаў, каб зараз-жа мужыкоў і козлы вон, і выбег у другі пакой аддаваць загады. Госці чулі, як ён заказваў кухару абед; сцяміўшы гэта, Чычыкаў, які пачынаў ужо крыху адчуваць апетыт, убачыў, што раней пяці гадзін яны не сядуць за стол. Наздроў, вярнуўшыся, павёў гасцей аглядаць усё, што было ў яго на вёсцы; і, за дзве гадзіны з нечым, паказаў літаральна ўсё, так, што нічога ўжо больш не засталося паказваць. Перш за ўсё пайшлі яны аглядаць стайню, дзе бачылі двух кабыл, адну шэрую ў яблыках, другую буланую, потым гнядога жарабка, на выгляд і несамавітага, але за якога, бажыўся Наздроў, што заплаціў дзесяць тысяч.

«Дзесяць тысяч ты за яго не даў», заўважыў швагер «Ён і адной не варт».

«Дальбог, даў дзесяць тысяч», сказаў Наздроў.

«Ты сабе можаш бажыцца, колькі хочаш», адказаў швагер.

«Ну, хочаш, пойдзем у заклад!» сказаў Наздроў.

У заклад швагер не захацеў ісці.

Потым Наздроў паказаў пустыя стойлы, дзе былі раней таксама добрыя коні. У гэтай-жа стайні бачылі казла, якога, па старому павер’ю, лічылі неабходным трымаць пры конях, які, здавалася, быў з імі ў згодзе, гуляў у іх пад чэравамі, як у сябе дома. Потым Наздроў павёў іх глядзець ваўчанё, якое было на прывязі. «Вось ваўчанё!» сказаў ён: «я яго знарок кармлю сырым мясам. Мне хочацца, каб яно было сапраўдным зверам!» Пайшлі глядзець ставок, у якім, паводле слоў Наздрова, вадзілася рыба такой велічыні, што два чалавекі ледзь выцягвалі штуку, чаму, аднак-жа, сваяк адразу-ж не паверыў. «Я табе, Чычыкаў», сказаў Наздроў, «пакажу цудоўную пару сабак: мацунак чорных мясоў проста здзіўляе, шчыток — іголка!» і павёў іх да пабудаванага вельмі прыгожа маленькага доміка, абкружанага вялікім, загароджаным з усіх бакоў дваром. Узышоўшы на двор, убачылі там усякіх сабак і густа-псовых, і чыста-псовых, усіх магчымых колераў і масцей: муругіх, чорных з падпалінамі, палова-пярэстых, муруга-пярэстых, чырвона-пярэстых, чорнавухіх, шэравухіх... Тут былі ўсе мянушкі, усе загаднага ладу: страляй, аблай, пырхай, пажар, буян, чыркай, дапякай, прыпякай, севярга, касатка, узнагарода, апякунша. Наздроў быў сярод іх зусім, як бацька сярод сям’і: усе яны, тут-жа задраўшы ўгору хвасты, якія называюцца ў сабакароў правіламі, паляцелі проста насустрач гасцям і пачалі з імі вітацца. Штук дзесяць з іх палажылі свае лапы Наздрову на плечы. Аблай выказаў такую-ж дружбу Чычыкаву і, падняўшыся на заднія ногі, лізнуў яго языком у самыя губы, так што Чычыкаў тут-жа плюнуў. Агледзелі сабак, якія здзіўлялі мацункам чорных мясоў, — добрыя былі сабакі. Потым пайшлі аглядаць крымскую суку, якая была ўжо сляпая і, паводле слоў Наздрова, павінна была хутка здохнуць, але, гады два таму назад, была надта добрая сука; агледзелі і суку — сука сапраўды была сляпая. Потым пайшлі аглядаць вадзяны млын, дзе нехапала порхліцы, у якую ўмацоўваецца верхні камень, што хутка круціцца на верацяне, пырхаючы, па дзіўнаму выразу рускага мужыка. «А вось тут хутка будзе і кузня!» сказаў Наздроў. Крыху прайшоўшы, яны ўбачылі, сапраўды, кузню, агледзелі і кузню.

«Вось на гэтым полі», сказаў Наздроў, паказваючы пальцам на поле: «русакоў такая процьма, што зямлі не відаць; я сам сваімі рукамі злавіў аднаго за заднія ногі».

«Ну, русака ты не зловіш рукою!» заўважыў швагер.

«А вось злавіў, знарок злавіў!» адказаў Наздроў. «Цяпер я павяду цябе паглядзець», гаварыў ён далей, звяртаючыся да Чычыкава: «мяжу, дзе канчаецца мая зямля».

Наздроў павёў сваіх гасцей полем, якое ў шмат якіх месцах складалася з купніку. Госці павінны былі прабірацца паміж пералогамі і забаранаванымі палямі. Чычыкаў пачынаў адчуваць стомленасць. У шмат якіх месцах ногі іх выціскалі пад сабой ваду, да такой ступені месца было нізкае. Спачатку яны сцерагліся і пераступалі асцярожна, але потым, убачыўшы, што з гэтага мала толку, брылі проста, не разбіраючы, дзе большая, дзе меншая гразь. Прайшоўшы немалую адлегласць, убачылі сапраўды мяжу, якая складалася з драўлянага слупка і вузенькага раўчука.

«Вось мяжа!» сказаў Наздроў: «усё, што бачыш на гэтым баку, усё гэта маё, і нават на тым баку, увесь гэты лес, які вунь сінее, і ўсё, што за лесам, усё маё».

«Ды калі-ж гэты лес зрабіўся тваім?» запытаў швагер. «Хіба ты нядаўна купіў яго? Ён-жа не быў тваім».

«Так, я купіў яго нядаўна», адказаў Наздроў.

«Калі-ж ты паспеў яго так хутка купіць?»

«Як-жа, я яшчэ пазаўчора купіў, і дорага, чорт пабяры, даў».

«Ды ты-ж быў у той час на кірмашы».

«Эх ты, Сафрон! Хіба нельга быць адначасова і на кірмашы, і купіць зямлю? Ну, я быў на кірмашы, а прыказчык мой тут без мяне і купіў».

«Так, ну хіба прыказчык!» сказаў швагер, але і тут не паверыў і паківаў галавой. Госці вярнуліся той-жа дрэннай дарогай дадому. Наздроў павёў іх у свой кабінет, у якім аднак не было прыкметна слядоў таго, што бывае ў кабінетах, гэта значыць кніг, ці папер; віселі толькі шаблі і дзве стрэльбы, адна на трыста, а другая на восемсот рублёў. Швагер, агледзеўшы паківаў толькі галавою. Потым былі паказаны турэцкія кінжалы, на адным з якіх памылкова было выразана: Майстар Савелій Сібіракоў. Услед за гэтым гасцям была паказана шарманка. Наздроў, тут-жа, пракруціў перад імі тое-сёе. Шарманка іграла не без прыемнасці, але ў сярэдзіне яе, здаецца, нешта здарылася: бо мазурка канчалася песняй: «Мальбруг у паход паехаў»; а «Мальбруг у паход паехаў» нечакана завяршаўся нейкім даўно знаёмым вальсам. Ужо Наздроў паль перастаў круціць, але ў шарманцы была адна дудка, вельмі бойкая, якая ніяк не хацела ўтаймавацца; і доўга яшчэ потым свістала яна адна. Потым былі паказаны люлькі драўляныя, гліняныя пенкавыя, абкураныя і неабкураныя, абцягнутыя замшаю і не абцягнутыя, цыбук з бурштынавым мундштуком, нядаўна выйграны, кісет, вышыты нейкай графіняй, якая недзе на паштовай станцыі закахалася ў яго па вушы; ручкі ў яе, паводле яго слоў, былі самы субдзіцельны сюперфлю, слова, якое, напэўна, азначала ў яго найвышэйшы пункт дасканаласці. Закусіўшы балыком, яны селі за стол каля пяці гадзін. Абед, як відаць, не быў у Наздрова галоўным у жыцці; стравы не адыгрывалі вялікай ролі: тое-сёе прыгарэла, тое-сёе і зусім не зварылася. Відаць, што кухар кіраваўся больш нейкім натхненнем і клаў першае, што трапляла пад руку: стаяў каля яго перац — ён сыпаў перац, капуста трапіла — сунуў капусту, ліў малако, пхаў вяндліну, гарох, словам, кацівалі, было-б горача, а смак які-небудзь, пэўна, выйдзе. Затое Наздроў націснуў на віны: яшчэ не падавалі супу, а ён ужо наліў гасцям па вялікай шклянцы партвейна і па другой госатэрна, бо ў губернскіх і павятовых гарадах не бывае простага сатэрна. Потым Наздроў загадаў прынесці бутэльку мадэры, лепшай за якую не піў сам фельдмаршал. Мадэра, сапраўды, нават гарэла ў роце, бо купцы, ведаючы ўжо густ памешчыкаў, якія любілі добрую мадэру, запраўлялі яе бязлітасна ромам, а іншы раз далівалі туды і царскай гарэлкі [27] ў надзеі, што ўсё вытрымаюць рускія жываты. Потым Наздроў загадаў яшчэ прынесці нейкую асаблівую бутэльку, якая, паводле яго слоў, была і бурган’ён і шампан’ён разам. Ён наліваў вельмі старанна ў абедзве шклянкі, і направа і налева, і швагру і Чычыкаву; Чычыкаў заўважыў, аднак-жа, неяк мімаходзь, што самому сабе ён не шмат падліваў. Гэта прымусіла яго быць асцярожным, і як толькі Наздроў як-небудзь загаварваўся ці наліваў швагру, ён перакульваў у тую-ж хвіліну сваю шклянку ў талерку. Неўзабаве была прынесена на стол рабінаўка, якая мела, паводле слоў Наздрова, выключны смак слівак, але ў якой, на здзіўленне, чуваць была сівушышча ва ўсёй сваёй сіле. Потым пілі нейкі бальзам з такой назвай, якую нават цяжка было прыпомніць, ды і сам гаспадар другі раз назваў яго ўжо іншым іменем. Абед даўно ўжо скончыўся, і віны былі перакаштаваны, але госці ўсё яшчэ сядзелі за сталом. Чычыкаў ніяк не хацеў загаварыць з Наздровым пры швагру наконт галоўнага прадмета. Усё-такі швагер быў чалавек старонні, а прадмет патрабаваў сяброўскай размовы. Сам-на-сам, між іншым, швагер наўрад ці мог быць чалавекам небяспечным, бо нагрузіўся, здаецца, уволю і, седзячы на крэсле, штохвіліны кляваў носам. Заўважыўшы і сам, што знаходзіцца не ў надзейным стане, ён пачаў, нарэшце, адпрошвацца дамоў, але такім лянівым і вялым голасам, як быццам, паводле рускага выразу, нацягваў абцугамі на каня хамут.

«I ні-ні! не пушчу!» сказаў Наздроў.

«Не, не крыўдзі мяне, дружа мой, дапраўды, паеду», гаварыў швагер: «ты мяне вельмі пакрыўдзіш».

«Глупства, глупства! Мы наладзім зараз-жа банчышку».

«Не, наладжвай, брат, сам, а я не магу, жонка будзе ў вялікай прэтэнзіі, дапраўды; я павінен ёй расказаць пра кірмаш. Трэба, брат, дапраўды, трэба зрабіць ёй прыемнасць. Не, ты не трымай мяне!»

«Ну яе, жонку к!.. важную, падумаеш, справу будзеце рабіць разам!»

«Не, брат! яна такая паважная і верная! Паслугі робіць такія... паверыш? у мяне слёзы на вачах. Не, ты не трымай мяне; як сумленны чалавек, паеду. Я цябе ў гэтым запэўняю, праўду кажучы, ад душы».

«Няхай сабе едзе: што за карысць з яго!» сказаў ціха Чычыкаў Наздрову.

«А і праўда!» сказаў Наздроў: «страх, як не люблю такіх расцяп!» і дадаў голасна: «ну, чорт цябе бяры, едзь бабіцца з жонкай, фецюк!» [28]

«Не, брат, ты не лай мяне фецюком», адказаў швагер: «я ёй жыццём абавязан. Такая, сапраўды, добрая, мілая, так лашчыць мяне... да слёз разбірае; запытае, што бачыў на кірмашы, трэба ўсё расказаць, такая, дапраўды, мілая».

«Ну, едзь, пляці ёй лухту! Вось шапка твая».

«Не, брат, табе зусім не трэба аб ёй так гаварыць; гэтым ты, можна сказаць, мяне самога крыўдзіш, яна такая мілая».

«Ну, дык і падавайся да яе хутчэй!»

«Так, брат, паеду, выбачай, што не магу застацца. Душой рад-бы быў, але не магу». Швагер яшчэ доўга паўтараў свае выбачэнні, не заўважаючы, што сам ужо даўно сядзеў у брычцы, даўно выехаў за вароты, і перад ім даўно былі адны пустыя палі. Трэба думаць, што жонка не шмат чула падрабязнасцей пра кірмаш.

«Такая дрэнь!» гаварыў Наздроў, стоячы перад акном і гледзячы на ад’язджаючы экіпаж. «Вунь як пацягнуўся! Конік прысцяжны не дрэнны, я даўно хацеў падчапіць яго. Ды з ім-жа нельга ніяк сыйсціся. Фецюк, проста фецюк!»

Пасля пайшлі яны ў пакой. Парфірый падаў свечкі, і Чычыкаў заўважыў у руках гаспадара калоду карт, якая невядома адкуль узялася.

«А што, брат», гаварыў Наздроў, прыціснуўшы бакі калоды пальцамі і крыху пагнуўшы яе, так што трэснула і адскочыла паперка. «Ну, каб правесці час, трымаю трыста рублёў банку!»

Але Чычыкаў прыкінуўся, як быццам і не чуе, пра што ідзе гаворка, і сказаў, як быццам раптам успомніўшы: «А! каб не забыцца: у мяне да цябе просьба».

«Якая?»

«Дай раней слова, што выканаеш».

«Ды якая просьба?»

«Ну, ды ўжо дай слова!»

«Добра».

«Слова гонару?»

«Слова гонару».

«Вось якая просьба: у цябе ёсць, пэўна, многа памёршых сялян, якія яшчэ не выкасаваны з рэвізіі?»

«Ну, ёсць; а што?»

«Перавядзі іх на мяне, на маё імя».

«А на што табе?»

«Ну, ды мне трэба».

«Ды на што?»

«Ну, ды ўжо трэба... гэта ўжо мая справа, словам трэба».

«Ну, ужо, напэўна, што-небудзь задумаў. Прызнайся, што?»

«Ды што-ж задумаў? з гэтай дробязі і зрабіць нічога нельга».

«Дык навошта-ж яны табе?»

«Ох, які цікаўны! яму ўсякую дрэнь хацелася-б памацаць рукой, ды яшчэ і панюхаць».

«Дык чаму-ж ты не хочаш сказаць?»

«Ды што-ж табе за карысць ведаць? Ну, проста так, прышла фантазія».

«Дык вось-жа: да таго часу, пакуль не скажаш, не зраблю!»

«Ну, вось бачыш, вось ужо і несумленна з твайго боку: слова даў, ды і адступаешся».

«Ну, як ты сабе хочаш, а не зраблю, пакуль не скажаш нашто».

«Што-б такое сказаць яму?» падумаў Чычыкаў і пасля хвіліны раздумвання абвясціў, што мёртвыя душы патрэбны яму, каб набыць вагу ў грамадскіх колах, што ён маёнткаў вялікіх не мае, дык пакуль што хоць-бы якія-небудзь душы.

«Хлусіш, хлусіш!» сказаў Наздроў, не даўшы скончыць: «хлусіш, брат!»

Чычыкаў і сам заўважыў, што прыдумаў не вельмі спрытна, і прычына даволі слабая. «Ну, дык я-ж табе скажу прасцей», сказаў ён, паправіўшыся: «толькі, зрабі ласку, не прагаварыся нікому. Я надумаў жаніцца; але трэба табе ведаць, што бацька і маці нявесты надта ганарлівыя людзі. Такая, дапраўды, камісія: не рад, што звязаўся, хочуць абавязкова, каб у жаніха было ніяк не менш за трыста душ, а паколькі ў мяне амаль цэлых паўтараста сялян нехапае...»

«Ну, хлусіш! хлусіш!» закрычаў зноў Наздроў.

«Ну, вось тут ужо», сказаў Чычыкаў, «ні вось на столькі не салгаў», і паказаў вялікім пальцам на сваім мезіным самую маленькую частку.

«Галаву закладаю, што хлусіш!»

«Аднак-жа, гэта крыўдна! Што-ж я такое сапраўды! Чаму я абавязкова хлушу?»

«Ну, ды я-ж ведаю цябе: ты-ж вялікі шэльма, дазволь мне гэта сказаць табе па дружбе! Калі-б я быў тваім начальнікам, я цябе павесіў-бы на першым дрэве».

Чычыкаў абразіўся такой заўвагай. Ужо кожны выраз, хоць крыху грубы, ці абражаючы добрапрыстойнасць, быў яму непрыемны. Ён нават не любіў дапускаць з сабой ні ў якім выпадку фамільярнага абыходжання, хіба толькі, калі асоба была занадта высокага звання. I таму цяпер ён зусім пакрыўдзіўся.

«Дальбог, павесіў-бы», паўтарыў Наздроў: «я табе кажу гэта шчыра, не для таго, каб цябе пакрыўдзіць, а проста па-сяброўску кажу».

«Усяму ёсць межы», сказаў Чычыкаў з пачуццём годнасці. «Калі хочаш пафарсіць падобнымі размовамі, дык ідзі ў казармы», і потым дадаў: «не хочаш падараваць, дык прадай».

«Прадаць! Ды я-ж ведаю цябе, ты-ж падлюга, ты-ж дорага не дасі за іх?»

«Эх, ды ты-ж таксама спрыцён! глядзі ты! што яны ў цябе брыльянтавыя, ці што?»

«Ну, так і ёсць. Я ўжо цябе ведаў».

«Злітуйся, брат, што ў цябе за жыдоўскае пабуджэнне? Ты-б павінен проста аддаць іх мне».

«Ну, паслухай, каб давесці табе, што я зусім не які-небудзь скнара, я не вазьму за іх нічога. Купі ў мяне жарабца, я табе аддам іх у прыдачу».

«Злітуйся, навошта-ж мне жарабец?» сказаў Чычыкаў, сапраўды здзіўлены такой прапановай.

«Як навошта? Ды я-ж за яго заплаціў дзесяць тысяч, а табе аддаю за чатыры».

«Ды нашто мне жарабец? Завода я не трымаю».

«Ды паслухай, ты не разумееш: я-ж з цябе вазьму цяпер усяго толькі тры тысячы, а астатнюю тысячу ты можаш заплаціць мне пасля».

«Ды не патрэбен мне жарабец, бог з ім!»

«Ну, купі буланую кабылу».

«I кабылы не трэба».

«За кабылу і за шэрага каня, якога ты ў мяне бачыў, вазьму я з цябе толькі дзве тысячы».

«Ды не патрэбны мне коні».

«Ты іх прадасі: табе на першым кірмашы дадуць за іх у тры разы больш».

«Дык лепш ты іх сам прадай, калі ўпэўнен, што выгадаеш у тры разы».

«Я ведаю, што выгадаю, ды мне хочацца, каб і ты меў карысць».

Чычыкаў падзякаваў за прыязнасць і рашуча адмовіўся і ад шэрага каня, і ад буланай кабылы.

«Ну, дык купі сабак. Я табе прадам такую пару, проста мароз па скуры ідзе! брудастая, з вусамі, поўсць стаіць угору, як шчаціна. Бачкаватасць рэбраў неймаверная, лапа ўся ў камяку — зямлі не кране!»

«Ды навошта мне сабакі? Я-ж не паляўнічы».

«Ды мне хочацца, каб у цябе былі сабакі. Паслухай, калі ўжо не хочаш сабак, дык купі ў мяне шарманку, цудоўная шарманка; самому, як сумленны чалавек, абышлася паўтары тысячы; табе аддаю за 900 рублёў».

«Ды навошта-ж мне шарманка? Я-ж не немец, каб, цягаючыся з ёй па дарогах, выпрошваць грошы».

«Ды гэта-ж не такая шарманка, як носяць немцы. Гэта арган; паглядзі знарок: уся з чырвонага дрэва. Вось я табе пакажу яе яшчэ!» Тут Наздроў, схапіўшы за руку Чычыкава, пачаў цягнуць яго ў другі пакой, і, як той ні ўпіраўся нагамі ў падлогу і ні запэўняў, што ён ведае ўжо, якая шарманка, але павінен быў пачуць яшчэ раз, якім чынам паехаў у паход Мальбруг. «Калі ты не хочаш на грошы, дык вось што: слухай: я табе дам шарманку і ўсе, колькі іх ёсць у мяне, мёртвыя душы, а ты мне дай сваю брычку і трыста рублёў прыдачы».

«Ну, вось яшчэ, а я-ж у чым паеду?»

«Я табе дам другую брычку. Вось пойдзем у адрыну, я табе пакажу яе! Ты яе толькі перафарбуеш, і будзе дзіва брычка».

«Эх, як яго няўрымслівы д’ябал апанаваў!» падумаў сам сабе Чычыкаў, і наважыў, чаго-б гэта ні каштавала, адчапіцца ад усякіх брычак, шарманак і ўсіх рознастайных сабак, не гледзячы на неймаверную бачкаватасць рэбраў і камякаватасць лап.

«Дык-жа брычка, шарманка і мёртвыя душы, усё разам.»

«Не хачу», сказаў яшчэ раз Чычыкаў.

«Чаму-ж ты не хочаш?»

«Таму, што проста не хачу, ды і годзе».

«Які ты, дапраўды, такі! з табой, як я бачу, нельга, як водзіцца паміж добрымі прыяцелямі і таварышамі, такі, дапраўды! адразу відаць, што дваісты чалавек!»

«Ды што-ж я, дурань, ці што? Ты памяркуй сам: нашто набываць рэч, якая мне зусім не патрэбна!»

«Ну, ужо, калі ласка, не гавары. Цяпер я надта добра цябе ведаю. Такая, дапраўды, ракалія! Ну, слухай, хочаш скінем у банчык. Я пастаўлю ўсіх памершых на карту, шарманку таксама».

«Ну, адважвацца ў банк, значыць ісці на невядомае», гаварыў Чычыкаў, і між іншым глянуў скоса на карты, якія былі ў яго руках. Абедзве таліі яму здаліся вельмі падобнымі на штучныя, і сам крап глядзеў вельмі падазрона.

«Чаму-ж невядомае?» сказаў Наздроў. «Нічога невядомага! Калі толькі на тваім баку шчасце, ты можаш выгуляць чортаву прорву. Вунь яна! гэтакае шчасце!» гаварыў ён, пачынаючы кідаць карты для ўзбуджэння задору: «гэтакае шчасце! гэтакае шчасце! вунь: так і б’е! вось тая праклятая дзевятка, на якой я ўсё прасадзіў! Адчуваў, што прадасць, ды ўжо, зажмурыўшы вочы, думаю сабе: чорт цябе пабяры, прадавай, праклятая!» Калі Наздроў гэта гаварыў, Парфірый прынёс бутэльку. Але Чычыкаў рашуча адмовіўся як гуляць у карты, так і піць.

«Чаму-ж ты не хочаш гуляць?» сказаў Наздроў.

«Ну, таму, што не маю настрою. Ды прызнацца сказаць, я зусім не ахвотнік да гульні».

«Чаму-ж не ахвотнік?»

Чычыкаў паціснуў плячыма і дадаў: «таму што не ахвотнік».

«Дрэнь-жа ты!»

«Што-ж рабіць, так бог стварыў».

«Фецюк, проста! Я думаў раней, што ты хоць крыху прыстойны чалавек, а ты не разумееш ніякага абыходжання. З табой ніяк нельга гаварыць, як з чалавекам блізкім... ніякай прамадушнасці, ні шчырасці! сапраўдны Сабакевіч, такі падлюга!»

«Ды за што-ж ты лаеш мяне? Вінаваты хіба я, што не гуляю? Прадай мне душы адны, калі ты ўжо такі чалавек, што трасешся над гэтым глупствам?»

«Чорта лысага атрымаеш! Хацеў раней дармова аддаць, але цяпер вось не атрымаеш-жа! Хоць тры царствы давай, не аддам. Такі шыльнік, пячнік паганы! З гэтага часу з табой ніякай справы не хачу мець. Парфірый, ідзі, скажы конюху, каб не даваў аўса коням яго, няхай ядуць адно сена».

Апошняга заключэння Чычыкаў ніяк не чакаў.

«Лепш-бы ты мне, проста, на вочы не паказваўся!» сказаў Наздроў.

Не гледзячы, аднак-жа, на такую сутычку, госць і гаспадар павячэралі разам, хоць на гэты раз не стаяла на стале ніякіх він з мудрагельнымі назвамі. Тырчала адна толькі бутэлька з нейкім кіпрскім, якое было тым, што называецца кісляцінай ва ўсіх адносінах. Пасля вячэры Наздроў сказаў Чычыкаву, завёўшы яго ў бакавы пакой, дзе была падрыхтавана для яго пасцель: «Вось табе пасцель! Не хачу і добрай ночы жадаць табе!»

Пасля таго як Наздроў пайшоў, Чычыкаў застаўся ў самым непрыемным настроі. Ён унутрана злаваў на сябе, лаяў сябе за тое, што да яго заехаў і патраціў дарма час. Але яшчэ больш лаяў сябе за тое, што загаварыў з ім аб справе, зрабіў неасцярожна, як дзіцянё, як дурань: бо справа зусім не такога роду, каб яе даверыць Наздрову... Наздроў — чалавек дрэнь, Наздроў можа нахлусіць, разнесці чорт ведае што, выйдуць яшчэ якія-небудзь плёткі... нядобра, нядобра. «Проста, дурань я», гаварыў ён сам сабе. Ноч спаў ён вельмі дрэнна. Нейкія маленькія надзвычай жвавыя казюлькі кусалі яго вельмі балюча, так што ён усёй жменяй скроб па скусаным месцы, прыгаварваючы: а, каб вас чорт узяў разам з Наздровым! Прачнуўся ён раным-рана. Першай справай яго было, апрануўшы халат і боты, пайсці цераз двор на стайню, загадаць Селіфану зараз-жа запрагаць брычку. Вяртаючыся цераз двор, ён сустрэўся з Наздровым, які быў таксама ў халаце, з люлькай у зубах.

Наздроў прывітаў яго па-сяброўску і спытаў: як яму спалася.

«Так сабе», адказаў Чычыкаў вельмі суха.

«А я, брат», гаварыў Наздроў, «такая брыдота лезла ўсю ноч, што агідна расказваць, і ў роце пасля ўчарашняга быццам эскадрон пераначаваў. Уяві: снілася, што мяне высеклі, дальбог! I ўяві хто? Вось ні за што не ўгадаеш: штабс-ротмістр Пацэлуеў разам з Куўшыннікавым».

«Так», падумаў сам сабе Чычыкаў: «добра было-б, калі-б цябе адлупцавалі на яве».

«Дальбог! Ды вельмі балюча! Прачнуўся, чорт пабяры, сапраўды штосьці свярбіць, пэўна ведзьмы-скочкі. Ну, ты ідзі цяпер, апранайся, а я да цябе зараз прыду. Трэба толькі аблаяць падлюку прыказчыка».

Чычыкаў пайшоў у пакой апрануцца і ўмыцца. Калі пасля гэтага вышаў ён у сталовую, там ужо стаяў на стале чайны прыбор з бутэлькай рому. У пакоі былі сляды ўчарашняга абеду і вячэры; здаецца, да падлогі шчотка не дакраналася зусім. На падлозе валяліся хлебныя крошкі, а табачны попел відаць быў нават на абрусе. Сам гаспадар, які хутка з’явіўся, нічога не меў у сябе пад халатам, акрамя адкрытых грудзей,на якіх расла нейкая барада. Трымаючы ў руках цыбук і сёрбаючы з кубачка, ён быў вельмі харошы для мастака, які не любіць страшэнна паноў прылізаных і завітых, падобна цырульным шыльдам, або выстрыжаных пад грабянец.

«Ну, дык як-жа думаеш?» сказаў Наздроў, крыху памаўчаўшы, «не хочаш гуляць на душы?»

«Ды гэта-ж не ў банк; тут ніякага не можа быць шчасця ці фальшы: усё-ж ад майстэрства; я нават папярэджваю, што я зусім не ўмею гуляць, хіба што-небудзь мне дасі наперад».

«Сяду я хіба», падумаў сам сабе Чычыкаў: «згуляю з ім у шашкі. У шашкі гуляў я нядрэнна, а на штукі яму тут цяжка падняцца».

«Даўнавата не браў я ў рукі шашак!» гаварыў Чычыкаў, пасоўваючы таксама шашку.

«Ведаем мы вас, як вы дрэнна гуляеце!» сказаў Наздроў выступаючы шашкай.

«Даўнавата не браў я ў рукі шашак!» гаварыў Чычыкаў пасоўваючы шашку.

«Ведаем мы вас, як вы дрэнна гуляеце!» сказаў Наздроў, пасоўваючы шашку, ды ў той-жа час падсунуў абшлагом рукава і другую шашку.

«Даўнавата яе браў я ў рукі!.. Э, э! гэта, брат, што? адсадзі яе назад», гаварыў Чычыкаў.

«Каго?»

«Ды шашку», сказаў Чычыкаў, і ў той-жа час убачыў амаль перад носам сваім і другую, якая, як здавалася, прабіралася ў дамкі; адкуль яна ўзялася, гэта адзін толькі бог ведаў. «Не», сказаў Чычыкаў, устаўшы з-за стала: «з табой няма ніякай магчымасці гуляць. Гэтак не ходзяць, па тры шашкі адразу!»

«Чаму-ж па тры? гэта памылка. Адна пасунулася ненаўмысна, я яе адсуну, калі хочаш».

«А другая-ж адкуль узялася?»

«Якая другая?»

«А вось гэта, што прабіраецца ў дамкі?»

«Вось табе на, быццам не помніш!»

«Не, брат, я ўсе хады лічыў, і ўсё помню; ты яе толькі цяпер прыстроіў, ёй месца вунь дзе!»

«Як дзе месца?» сказаў Наздроў, пачырванеўшы: «ды ты, брат, як я бачу, выдумшчык!»

«Не, брат, гэта, здаецца, ты выдумшчык, ды толькі няўдала».

«За каго-ж ты мяне лічыш?» гаварыў Наздроў, «стану я хіба махляваць?»

«Я цябе ні за кога не лічу, але толькі гуляць з гэтага часу ніколі не буду».

«Не, ты не можаш адмовіцца», гаварыў Наздроў, узгараючыся: «гульня распачата!»

«Я маю права адмовіцца, бо ты не так гуляеш, як належыць сумленнаму чалавеку».

«Не, хлусіш, ты гэтага не можаш сказаць!»

«Не, брат, сам ты хлусіш!»

«Я не махляваў, а ты адмовіцца не можаш, ты павінен скончыць партыю».

«Гэтага ты мяне не прымусіш рабіць», сказаў Чычыкаў спакойна і, падышоўшы да дошкі, перамяшаў шашкі.

Наздроў ускіпеў і падышоў да Чычыкава так блізка, што той адступіў крокі два назад.

«Я цябе прымушу гуляць! Гэта нічога, што ты змяшаў шашкі, я помню ўсе хады. Мы іх паставім зноў так, як былі».

«Не, брат, справа скончана, я з табой не буду гуляць».

«Дык ты не хочаш гуляць?»

«Ты сам бачыш, што з табой няма магчымасці гуляць».

«Не, скажы проста, ты не хочаш гуляць?» гаварыў Наздроў, падступаючы яшчэ бліжэй.

«Не хачу!» сказаў Чычыкаў і паднёс аднак-жа абедзве рукі на ўсякі выпадак бліжэй да твару, бо справа рабілася і сапраўды гарачай. Гэтая засцярога была вельмі дарэчы, бо Наздроў размахнуўся рукой... і сапраўды магло здарыцца, што адна з прыемных і поўных шчок нашага героя пакрылася-б незмывальнай ганьбай; але, шчасліва адвёўшы ўдар, ён схапіў Наздрова за абедзве задорныя яго рукі, і трымаў яго моцна.

«Парфірый, Паўлушка!» крычаў Наздроў у шаленстве, намагаючыся вырвацца.

Пачуўшы гэтыя словы, Чычыкаў, каб не зрабіць дваровых людзей сведкамі спакуслівай сцэны, і разам з тым адчуваючы, што трымаць Наздрова было бескарысна, выпусціў яго рукі. У гэты самы час увайшоў Парфірый і за ім Паўлушка, дзяцюк дужы, з якім мець справу было зусім нявыгадна.

«Дык ты не хочаш канчаць партыі?» гаварыў Наздроў. «Адказвай мне проста!»

«Партыі няма магчымасці канчаць», гаварыў Чычыкаў і зірнуў у акно. Ён убачыў сваю брычку, якая стаяла зусім гатовая, а Селіфан чакаў, здавалася, знаку, каб падкаціць пад ганак, але з пакоя не было ніякай магчымасці выбрацца: у дзвярах стаялі два дужыя прыгонныя дурні.

«Дык ты не хочаш канчаць партыі?» паўтарыў Наздроў з тварам, які гарэў, як у агні.

«Калі-б ты гуляў, як належыць сумленнаму чалавеку... але цяпер не магу».

«А! дык ты не можаш, падлюка! калі ўбачыў, што не твая бярэ, дык і не можаш! Біце яго!» крычаў ён ашалела, звярнуўшыся да Парфірыя і Паўлушкі, а сам схапіў у руку чарэшневы цыбук. Чычыкаў збялеў, як палатно. Не хацеў нешта сказаць, але адчуваў, што губы яго варушыліся без гуку.

«Біце яго!» крычаў Наздроў, рвучыся наперад з чарэшневым цыбуком, увесь у гарачцы, спацелы, як быццам падступаў пад непрыступную крэпасць. «Біце яго!» крычаў ён такім-жа голасам, як у часе вялікага прыступу крычыць свайму ўзводу: хлопцы, наперад! які-небудзь адчаянны паручык, безразважная смеласць якога стала настолькі вядомай, што даецца адмысловы загад трымаць яго за рукі ў часе гарачых спраў. Але паручык адчуў ужо баявы задор, усё пайшло кругом у галаве яго: перад ім лунае Сувораў, ён лезе на вялікую справу. Хлопцы, наперад! крычыць ён, рвучыся, не думаючы, што шкодзіць ужо абдуманаму плану агульнага прыступу, што мільёны вінтовачных дулаў выставіліся ў амбразуры непрыступных, узнятых у воблакі крэпасных сцен, што ўзляціць як пух у паветра яго бяссільны ўзвод, і што ўжо свішча ракавая куля, рыхтуючыся заткнуць яго крыклівае горла. Але калі Наздроў выяўляў сабою падступіўшага пад крэпасць адчаяннага, страціўшага прытомнасць паручыка, дык крэпасць, на якую ён ішоў, ніяк не была падобна да непрыступнай. Наадварот, крэпасць адчувала такі страх, што душа яе схавалася ў самыя пяткі. Ужо крэсла, якім ён уздумаў абараняцца, было вырвана прыгоннымі людзьмі з яго рук, ужо зажмурыўшы вочы, ні жывы, ні мёртвы, ён рыхтаваўся пакаштаваць чаркескага цыбука свайго гаспадара і бог ведае, што-б магло здарыцца з ім; але лёс пажадаў выратаваць бакі, плечы і ўсе добравыхаваныя часткі нашага героя. Нечакана дзынкнулі раптам як з воблакаў забразгатаўшыя гукі званка, пачуўся выразна стук колаў падляцеўшай да ганку каламажкі і адгукнуліся нават у самім пакоі цяжкі храп і цяжкае дыханне разгарачаных коней спыненай тройкі. Усе супроць волі зірнулі ў акно: нехта, з вусамі, у поўваенным сурдуце, вылазіў з каламажкі. Распытаўшыся ў пярэдняй, увайшоў ён у тую самую хвіліну, калі Чычыкаў не паспеў яшчэ апомніцца ад свайго страху і быў у самым кепскім становішчы, у якім калі-небудзь знаходзіўся смяротны.

«Дазвольце даведацца, хто тут п. Наздроў?» сказаў незнаёмы, паглядзеўшы ў некаторым недаўменні на Наздрова, які стаяў з цыбуком у руцэ, і на Чычыкава, які ледзь пачынаў ачухвацца ад свайго нявыгаднага становішча.

«Дазвольце перш даведацца, з кім маю гонар гаварыць?» сказаў Наздроў, падыходзячы да яго бліжэй.

«Капітан-спраўнік».

«А што вам трэба?»

«Я прыехаў вам абвясціць атрыманае мной паведамленне, што вы знаходзіцеся пад судом да часу атрымання прысуду па вашай справе».

«Што за глупства, па якой справе?» сказаў Наздроў.

«Вы былі замешаны ў гісторыю з выпадку нанясення памешчыку Максімаву асабістай крыўды розгамі ў п’яным выглядзе».

«Вы хлусіце! я і ў вочы не бачыў памешчыка Максімава».

«Міласцівы гасудар! Дазвольце вам далажыць, што я афіцэр. Вы можаце гэта сказаць вашаму слузе, а не мне!»

Тут Чычыкаў, не чакаючы, што будзе адказваць на гэта Наздроў, хутчэй за шапку, ды за спіною капітана-спраўніка выслізнуў на ганак, сеў у брычку і загадаў Селіфану паганяць коней на ўвесь дух.

РАЗДЗЕЛ V

Герой наш напужаўся аднак не на жарт. Хоць брычка імчалася на зламанне карку, і вёска Наздрова даўно знікла з вачэй, закрыўшыся палямі, лагчынамі і ўзгоркамі, але ён усё яшчэ пазіраў назад са страхам, быццам чакаючы, што вось-вось наляціць пагоня. Ён насілу пераводзіў дух, і калі папрабаваў прыкласці руку да сэрца, дык адчуў, што яно білася як перапёлка ў клетцы. «Гэтакую лазню задаў! Глядзі ты які!» Тут шмат было афяравана Наздрову ўсякіх нялёгкіх і моцных пажаданняў; трапіліся нават і нядобрыя словы. Што-ж рабіць? Рускі чалавек, ды яшчэ ў злосці. Да таго-ж справа была зусім нежартоўная. «Што ні гавары», сказаў ён сам сабе: «а каб не нахапіўся капітан-спраўнік, мне, можа, не давялося-б больш і на свет божы глянуць! Прапаў-бы як бурбалка на вадзе, без ніякага следу, не пакінуўшы нашчадкаў, не даўшы будучым дзецям ні багацця, ні чэснага імя». Герой наш вельмі клапаціўся аб сваіх нашчадках.

«Вось які дрэнны пан!» думаў сам сабе Селіфан, «я яшчэ не бачыў такога пана. Гэта значыць плюнуць-бы яму за гэта! Ты лепш чалавеку не дай есці, а каня ты павінен накарміць, бо конь любіць авёс. Гэта яго харч: што, напрыклад, нам яда, то для яго авёс, ён яго харч».

Коні таксама, здавалася, думалі нявыгадна пра Наздрова: не толькі гняды і Засядацель, але і сам пярэсты быў не ў настроі. Хоць на яго долю і прыпадаў заўсёды авёс горшы, і Селіфан сыпаў яму ў карыта, не іначай, як сказаўшы перш: эх ты, падлюка! Але, аднак, гэта ўсё-ж быў авёс, а не простае сена, ён жаваў яго з прыемнасцю і часта запускаў доўгую морду сваю ў карытцы да таварышоў, пакаштаваць, які ў іх быў харч, асабліва, калі Селіфана не было ў стайні, але цяпер адно сена: нядобра; усе былі незадаволены.

Але хутка ўсе незадаволеныя былі спынены сярод выказванняў сваіх раптоўным і зусім нечаканым чынам. Усе, не выключаючы і самога фурмана, апамяталіся і ачухаліся толькі тады, калі на іх наляцела каляска з шасцерыком коней, і амаль над галовамі іх пачуліся крыкі дам, што сядзелі ў калясцы, лаянка і пагрозы чужога фурмана: «Ах ты, шэльма гэтакі; я-ж крычаў табе ўголас: зварочвай, варона, направа! П’яны ты, ці што?» Селіфан адчуў свой промах, але паколькі рускі чалавек не любіць прызнацца перад другім, што ён вінаваты, дык тут-жа вымавіў ён, зрабіўшы важны выгляд: «А ты што так разляцеўся? Вочы свае ў карчме залажыў, ці што?» Услед за гэтым ён узяўся асаджваць назад брычку, каб вызваліцца такім чынам з чужой збруі, але не так лёгка гэта было зрабіць, усё пераблыталася. Пярэсты з цікавасцю абнюхваў новых сваіх прыяцеляў, якія апынуліся па абодвух баках яго. Тымчасам дамы, што сядзелі ў калясцы, глядзелі на ўсё гэта з выразам страху на тварах. Адна была старая; другая маладзенькая, шаснаццацігадовая, з залацістымі валасамі, надта ўдала і міла прыгладжанымі на невялікай галоўцы. Прыгожанькі авал твару яе кругліўся, як свежанькае яечка, і, падобна яму, бялеў нейкай празрыстай белізною, калі свежае, толькі што знесенае, яно трымаецца супроць сонца ў смуглявых руках выпрабоўваючай яго ключніцы і прапускае праз сябе праменні ззяючага сонца; яе тоненькія вушкі таксама прасвечвалі, ружавеючы ад цёплага святла, якое праходзіла праз іх. Пры гэтым спалох у адкрытых, застыглых вуснах, на вачах слёзы — усё гэта ў ёй было так міла, што герой наш глядзеў на яе некалькі хвілін, не звяртаючы ніякай увагі на тузаніну, якая адбылася паміж коньмі і фурманамі. «Асаджвай, ці што, ніжагародская варона!» крычаў чужы фурман. Селіфан пацягнуў лейцы назад, чужы фурман зрабіў тое-ж самае, коні крыху падаліся назад і потым зноў збіліся, пераступіўшы пастронкі. Пры гэтай акалічнасці пярэстаму каню так спадабалася новае знаёмства, што ён ніяк не хацеў выхадзіць з каляіны, у якую трапіў непрадбачаным чынам, і, паклаўшы сваю морду на шыю свайго новага прыяцеля, здавалася, штосьці нашэптваў яму ў самае вуха, мусібыць, страшэнную лухту, бо прыезджы безупынна трос вушамі.

На такую сумятню паспелі, аднак-жа, сабрацца мужыкі з вёскі, якая была, на шчасце, недалёка. Паколькі такое відовішча для мужыка сапраўднае задавальненне, усёроўна, што для немца газеты, або клуб, дык хутка каля экіпажа сабралася іх безліч, і ў вёсцы засталіся толькі старыя бабы ды малыя дзеці. Пастронкі адвязалі; некалькі штуршкоў пярэстаму каню ў морду змусілі яго падацца назад; словам іх разблыталі і развялі. Але ці дакука, якую адчулі прыезджыя коні праз тое, што разлучылі іх з прыяцелямі, ці проста дурасць, толькі, колькі ні сцёбаў іх фурман, яны не краталіся і стаялі, як укопаныя. Удзел мужыкоў узрос да неймавернай ступені. Яны адзін перад адным соваліся з парадай: «Ідзі, Андрушка, правядзі ты прысцяжнога, што з правага боку, а дзядзька Міцяй няхай сядзе верхам на караннога! Садзіся, дзядзька Міцяй!» Сухарлявы і доўгі дзядзька Міцяй з рыжай барадой узлез на караннога каня і зрабіўся падобным да вясковае званіцы ці, лепш, да кручка, якім дастаюць ваду са студні. Фурман ударыў па конях, але не на тое ішло, нічога не дапамог і дзядзька Міцяй. «Стой, стой!» крычалі мужыкі: садзіся ты, дзядзька Міцяй, на прысцяжнога, а на караннога няхай сядзе дзядзька Міняй!» Дзядзька Міняй, шырокаплечы мужык з чорнаю, як вугаль, барадою і жыватом, падобным да таго велізарнага самавара, дзе варыцца збіцень для ўсяго азяблага рынка, ахвотна сеў на караннога, які ледзь не прыгнуўся лад ім да зямлі. «Цяпер справа пойдзе!» крычалі мужыкі. «Наярвай, наярвай яго, прышпандор пугаю вунь таго, таго буланага, што ён раскірэчваецца, як карамора?» [29]Але ўбачыўшы, што справа не ішла і не дапамагло ніякае наярванне, дзядзька Міцяй і дзядзька Міняй селі абодва на караннога, а на прысцяжнога пасадзілі Андрушку. Нарэшце, фурман, страціўшы цярплівасць, прагнаў і дзядзьку Міцяя і дзядзьку Міняя, і добра зрабіў, бо ад коней пайшла такая пара, як быццам яны праімчалі адным духам станцыю. Ён даў ім хвіліну адпачыць, пасля чаго яны пайшлі самі сабой. На працягу ўсёй гэтай мітусяніны Чычыкаў глядзеў вельмі ўважліва на маладзенькую незнаёмую. Ён хацеў некалькі разоў з ёю загаварыць, але так неяк не давялося. А тым часам дамы паехалі, прыгожанькая галоўка з тоненькімі рысамі твару і тоненькім станам знікла, як нешта падобнае да здані, і зноў засталася — дарога, брычка, тройка знаёмых чытачу коней, Селіфан, Чычыкаў, гладзь і пустата навакольных палёў. Усюды, дзе-б ні было ў жыцці, ці сярод чорствых, шурпата-бедных і неахайна-пляснеючых ніжэйшых радоў яго, ці сярод аднастайна-халодных і нудна-ахайных саслоўяў вышэйшых, усюды хоць раз сустрэнецца на шляху чалавеку з’ява, не падобная да ўсяго таго, што здаралася яму бачыць дагэтуль, якая хоць раз абудзіць у ім пачуццё, не падобнае да тых, якія суджана яму адчуваць усё жыццё. Усюды наўпоперак якім-бы там ні было смуткам, з якіх пляцецца жыццё наша, весела праімчыцца ззяючая радасць, як часам бліскучы экіпаж з залатой збруяй, карціннымі коньмі і ззяючым бляскам шкла, раптам нечакана пранясецца паўз якую-небудзь глухую бедную вёску, што не бачыла нічога, акрамя вясковых калёс, і доўга мужыкі стаяць, пазіраючы з разяўленымі ратам, не надзяваючы шапак, хоць ужо даўно пранёсся і знік з відавоку дзівосны экіпаж. Так і бландзінка таксама раптам зусім нечаканым чынам паказалася ў нашай аповесці і таксама знікла. Каб трапіў на той час замест Чычыкава які-небудзь дваццацігадовы юнак, ці гусар ён, ці студэнт ён, ці проста толькі што пачаўшы жыццёвы шлях, — і божа! чаго-б не прачнулася, не заварушылася, не загаварыла ў ім! Доўга-б стаяў ён абясчулены на адным месцы, утаропіўшы бяссэнсна вочы ў далечыню, забыўшы і дарогу, і ўсе вымовы, якія чакаюць наперадзе, і распяканні за спазненне, забыўшы і сябе, і службу, і свет, і ўсё, што ні ёсць на свеце.

Але герой наш ужо быў сярэдніх год і асцярожна-ахалоджанага характару. Ён таксама задумаўся і думаў, але больш станоўча, не так безразважныя і нават часткова вельмі грунтоўныя былі яго думкі. «Слаўная кабетка!» сказаў ён, адчыніўшы табакерку і панюхаўшы табакі. «Але-ж, што, галоўнае, у ёй прывабна? Прывабна тое, што яна зараз толькі, як відаць, выпушчана з якога-небудзь пансіёна ці інстытута, што ў ёй, як кажуць, няма яшчэ нічога бабскага, г. зн. іменна таго, што ў іх ёсць самага непрыемнага. Яна цяпер, як дзіцянё, усё ў ёй проста, яна скажа, што ёй уздумаецца, засмяецца, дзе захоча смяяцца. З яе ўсё можна зрабіць, яна можа быць цуд, а можа выйсці і дрэнь, і выйдзе дрэнь. Вось няхай толькі за яе возьмуцца мамулькі ды цётачкі. За адзін год яе так напоўняць усякім баб’ём, што сам родны бацька не пазнае. Адкуль возьмецца і надзіманасць, і манернасць, пачне варочацца па завучаных настаўленнях, пачне ламаць галаву і прыдумляць, з кім, і як, і колькі трэба гаварыць, як на каго глядзець, кожную хвіліну будзе баяцца, каб не сказаць больш, чым трэба, заблытаецца нарэшце сама і скончыцца тым, што пачне нарэшце хлусіць усё жыццё, і выйдзе проста чорт ведае што!» Тут ён крыху памаўчаў і потым дадаў: «А цікава ведаць, з якіх яна? што, як бацька яе? ці багаты памешчык паважнага характару, ці проста добрамыслячы чалавек з капіталам, прыдбаным на службе? Бо калі, скажам, гэтай дзяўчыне ды даць тысячонак дзвесце пасагу, з яе мог-бы выйсці вёльмі-вельмі ласы кавалачак. Гэта магло-б скласці, так сказаць, шчасце прыстойнага чалавека». Дзвесце тысячонак пачалі так прывабна малявацца ў галаве яго, што ён унутрана пачаў сердаваць на самога сябе, чаму на працягу важданіны каля экіпажаў не разведаў ад фарэйтара, або фурмана, хто такія былі праезджыя. Хутка аднак-жа паказалася вёска Сабакевіча, якая рассеяла яго думкі і прымусіла іх звярнуцца да свайго заўсёднага прадмета.

Вёска здалася яму даволі вялікай, два лясы, бярозавы і сасновы, як два крылы, адно цямней, другое святлей, былі ў ей з правага і левага боку, пасярэдзіне відаць быў драўляны дом з мезанінам, чырвоным дахам і цёмнашэрымі ці лепш дзікімі сценамі, дом накшталт тых, якія ў нас будуюць для ваенных пасяленняў і нямецкіх каланістаў. Было прыкметна, што пры пабудове яго архітэктар безупынна змагаўся з густам гаспадара. Архітэктар быў педант і хацеў сіметрыі, гаспадар — выгаднасці і, як відаць, з прычыны таго, забіў на адным баку ўсе адпаведныя вокны і пракруціў замест іх адно маленькае, якое, мабыць, патрэбна было для цёмнай каморкі. Франтон [30] таксама ніяк не прышоўся пасярэдзіне дома, як ні намагаўся архітэктар, бо гаспадар загадаў адну калону з боку выкінуць, і таму атрымалася не чатыры калоны, як было вызначана, а толькі тры. Двор абкружаны быў моцнаю і надзвычай тоўстаю драўлянаю рашоткаю. Памешчык, здавалася, шмат клапаціўся аб трываласці. На стайню, хлявы і кухні было выкарыстана цяжкое і тоўстае бярвенне, прызначанае стаяць вякі. Вясковыя хаты мужыкоў таксама зрублены былі на дзіва: не было гладка вычасаных сцен, разьбяных узораў і іншых выдумак, але ўсё было прыгнана шчыльна і як след. Нават студня была апраўлена ў такі моцны дуб, які ідзе толькі на млыны ды на караблі. Словам, усё, на што ні глядзеў ён, было трывалым, дзябёлым, у нейкім моцным і нязграбным парадку. Пад’язджаючы да ганку, заўважыў ён што з акна амаль адначасова выглянулі два твары: жаночы ў каптуры, вузкі, доўгі, як агурок, і мужчынскі, круглы, шырокі, як малдаванскія гарбузы пад назвай гарлянкі, з якіх робяць на Русі балалайкі, двухструнныя, лёгкія балалайкі, красу і пацеху зухаватага дваццацігадовага хлапца, міргача і франта, што і падміргвае, і падсвіствае на белагрудых і белашыіх дзяўчат, якія сабраліся паслухаць яго ціхаструннае трынканне. Выглянуўшы, абодва твары ў тую-ж хвіліну схаваліся. На ганак вышаў лакей у шэрай куртцы з блакітным стаячым каўняром і ўвёў Чычыкава ў сенцы, куды вышаў ужо сам гаспадар. Убачыўшы гасця, ён сказаў адрывіста прашу! і павёў яго ва ўнутраныя пакоі.

Калі Чычыкаў глянуў скоса на Сабакевіча, ён яму на гэты раз здаўся вельмі падобны да мядзведзя сярэдняй велічыні. Для давяршэння падабенства фрак на ім быў зусім мядзвежага колеру, рукавы доўгія, панталоны доўгія, ступнямі хадзіў ён і крыва і коса і безупынна наступаў на чужыя ногі. Колер твару меў гартаваны, гарачы, які бывае на медным пятаку. Вядома, што ёсць шмат на свеце такіх твараў, над апрацоўкай якіх натура не доўга мудравала, не ўжывала ніякіх тонкіх інструментаў, напрыклад: напільнікаў, свярдзёлкаў і іншага, але проста секла з усяго пляча: секанула тапаром раз — вышаў нос, секанула другі — вышлі губы, вялікім свердлам калупнула вочы і, не абгабляваўшы, пусціла на свет сказаўшы: «жыве!» Такое-ж самае моцнае і на дзіва скалочанае аблічча было ў Сабакевіча: трымаў ён яго больш уніз, чым угору, шыяй не варочаў зусім і, з прычыны такога непавароту, рэдка глядзеў на таго, з кім гаварыў, але заўсёды ці на рог печы, ці на дзверы. Чычыкаў яшчэ раз глянуў на яго скоса, калі праходзілі яны сталовую: мядзведзь! сапраўдны мядзведзь! Трэба-ж такое дзіўнае збліжэнне: яго нават звалі Міхайлам Сямёнавічам. Ведаючы яго звычку наступаць на ногі, ён вельмі асцярожна перасоўваў сваімі і даваў яму дарогу наперад. Гаспадар, здавалася, сам адчуваў за сабой гэты грэх і ў тую-ж хвіліну запытаў: «ці не патурбаваў я вас?» Але Чычыкаў падзякаваў, сказаўшы, што яшчэ не здарылася ніякай турботы.

Увайшоўшы ў гасціную, Сабакевіч паказаў на крэсла, сказаўшы зноў: прашу! Сядаючы, Чычыкаў зірнуў на сцены і на карціны, якія віселі на іх. На карцінах усё былі малайцы, усё грэчаскія палкаводцы, гравіраваныя ва ўвесь рост: Маўракардато ў чырвоных панталонах і мундзіры з акулярамі на носе, Міаулі, Канары [31]. Усе гэтыя героі былі з такімі тоўстымі ляжкамі і нечуванымі вусамі, што дрыжыкі прабягалі па целе. Паміж здаравеннымі грэкамі невядома якім чынам і для чаго змясціўся Багратыён, сухарлявы, худзенькі з маленькімі сцягамі і гарматамі ўнізе і ў самых вузенькіх рамках. Потым зноў ішла гераіня грэчаская Бабеліна [32], адна нага якой здавалася большай, чым усё тулава тых франтаў, якія напаўняюць цяперашнія гасціныя. Гаспадар, будучы сам здаровым чалавекам і дужым, здавалася хацеў, каб і пакой яго ўпрыгожвалі таксама людзі моцныя і здаровыя. Каля Бабеліны пры самым акне вісела клетка, з якой глядзеў дрозд цёмнага колеру з белымі крапінкамі, вельмі падобны таксама да Сабакевіча. Госць і гаспадар не паспелі памаўчаць двух хвілін, як дзверы ў гасціную адчыніліся, і ўвайшла гаспадыня, дама вельмі высокая ў каптуры з істужкамі, перафарбаванымі хатняю фарбаю. Увайшла яна спаважна, трымаючы галаву проста, як пальма.

«Гэта мая Феадулія Іванаўна!» сказаў Сабакевіч.

Чычыкаў падышоў да ручкі Феадуліі Іванаўны, якую яна амаль упхнула яму ў губы, прычым ён меў магчымасць заўважыць, што рукі былі памыты агурочным расолам.

«Душачка, рэкамендую табе», гаварыў далей Сабакевіч: «Павел Іванавіч Чычыкаў! У губернатара і паштмейстара меў гонар пазнаёміцца».

Феадулія Іванаўна папрасіла садзіцца, сказаўшы таксама прашу! і зрабіўшы рух галавой, падобна актрысам, якія іграюць каралеў. Пасля яна села на канапе, накрылася сваёй мерыносавай хусткай і ўжо не варухнула больш ні вокам, ні брывом.

Чычыкаў зноў падняў вочы ўгору, зноў убачыў Канары з тоўстымі ляжкамі і бясконцымі вусамі, Бабеліну і дразда ў клетцы.

Амаль на працягу цэлых пяці хвілін усе захоўвалі маўчанне; чуваць было толькі, як дрозд стукаў носам аб дрэва драўлянай клеткі, на дне якой ён дзёўб хлебныя крошкі. Чычыкаў яшчэ раз азірнуў пакой і ўсё, што ў ім было, — усё было трывалае, нязграбнае ў вышэйшай ступені і мела нейкае дзіўнае падабенства з самім гаспадаром дома: у кутку гасцінай стаяла пузатае арэхавае бюро на недарэчнейшых чатырох нагах, сапраўдны мядзведзь. Стол, крэслы, цвёрдыя і мяккія, усё было самай цяжкой і няўтульнай якасці, словам, кожная рэч, кожнае крэсла, здавалася, гаварыла: я таксама Сабакевіч! або: і я таксама вельмі падобна да Сабакевіча.

«Мы пра вас успаміналі ў старшыні палаты, у Івана Грыгор’евіча», сказаў нарэшце Чычыкаў, бачачы, што ніхто не збіраецца пачынаць размову: «у мінулы чацвер вельмі прыемна правялі там час».

«Так, я не быў тады ў старшыні», адказаў Сабакевіч.

«А цудоўны чалавек!»

«Хто такі?» сказаў Сабакевіч, гледзячы на рог печы.

«Старшыня».

«Ну, можа, гэта вам так здалося: ён толькі што масон, а такі дурань, якога свет не ствараў».

Чычыкаў крыху быў азадачаны такою, некалькі рэзкай характарыстыкай, але потым, паправіўшыся, казаў далей: «Вядома, усякі чалавек не без слабасцей, але затое губернатар — які цудоўнейшы чалавек!»

«Губернатар цудоўнейшы чалавек?»

«Так, ці-ж не праўда?»

«Першы разбойнік у свеце!»

«Як губернатар разбойнік?» сказаў Чычыкаў, і зусім не мог зразумець, як губернатар мог трапіць у разбойнікі. «Прызнаюся, гэтага я ніяк-бы не падумаў», працягваў ён. «Але дазвольце аднак-жа заўважыць: учынкі яго зусім не такія, наадварот, хутчэй нават мяккасці ў ім многа». Тут ён прывёў у доказ нават кашалькі, вышытыя яго ўласнымі рукамі, і адазваўся з пахвалою аб ласкавым выразе яго твару.

«Твар разбойніцкі!» сказаў Сабакевіч. «Дайце яму толькі нож, ды выпусціце на гасцінец, зарэжа, за капейку зарэжа? Ён, ды яшчэ віцэ-губернатар, гэта Гога і Магога».

«Не, ён з імі не ў згодзе», падумаў сам сабе Чычыкаў «А вось загавару я з ім аб паліцэймейстары? Ён здаецца, сябра яго». — «Між іншым, што да мяне», сказаў ён, «мне, прызнаюся: больш за ўсіх падабаецца паліцэймейстар. Нейкі гэтакі характар просты, шчыры; у твары відаць штосьці сардэчнае».

«Махляр!» сказаў Сабакевіч вельмі павольна, «прадасць, ашукае, яшчэ і паабедае з вамі! Я іх ведаю ўсіх: гэта ўсе махляры, увесь горад там такі: махляр на махляры сядзіць і махляром паганяе. Усе хрыстапрадаўцы. Адзін там толькі і ёсць прыстойны чалавек: пракурор; ды і той, калі сказаць праўду, свіння».

Пасля такіх пахвальных, хоць крыху кароткіх біяграфій Чычыкаў убачыў, што аб іншых чыноўніках няма чаго прыгадваць, і ўспомніў, што Сабакевіч не любіў ні аб кім добра адзывацца.

«Што-ж, душачка, хадзем абедаць», сказала Сабакевічу яго жонка.

«Прашу!» сказаў Сабакевіч. Пасля гэтага, падышоўшы да стала, дзе была закуска, госць і гаспадар выпілі, як належыць па чарцы гарэлкі, закусілі, як закусвае ўся прасторная Расія па гарадах і вёсках, гэта значыць усякімі салёнасцямі і іншымі ўзбуджаючымі прысмакамі, і рушылі ўсе ў сталовую; наперадзе іх, як плаўная гусь, паплыла гаспадыня. Невялікі стол быў накрыты на чатыры асобы. На чацвертае месца з’явілася вельмі хутка, цяжка сцвярджаць, хто такая, дама ці дзяўчына, сваячка, дамаводка ці проста жыхарка дома; нешта без каптура, гадоў пад трыццаць, у стракатай хустцы. Ёсць асобы, якія існуюць на свеце не як рэч, а як староннія кропачкі ці плямінкі на рэчы. Сядзяць яны на адным і тым-жа месцы, аднолькава трымаюць галаву, іх амаль гатоў палічыць за мэблю і думаеш, што зроду яшчэ не выходзіла слова з такіх вуснаў; а дзе-небудзь у дзявоцкай ці ў кладоўцы акажацца проста: ого-го!

«Капуста, мая душа, сёння вельмі смачная!» сказаў Сабакевіч, сербануўшы капусты і адваліўшы сабе з талеркі велізарны кавалак няні, вядомай стравы, якая падаецца да капусты і складаецца з барановага трыбуха, напханага грэцкай кашай, мазгамі і ножкамі. «Гэтакай няні», гаварыў ён далей, звярнуўшыся да Чычыкава, «вы не будзеце есці ў горадзе, там вам чорт ведае што пададуць!»

«У губернатара, аднак-жа, нядрэнны стол», сказаў Чычыкаў.

«А ці ведаеце вы, з чаго гэта ўсё гатуецца? вы есці не будзеце, калі даведаецеся».

«Не ведаю, як гатуецца, аб гэтым я не магу меркаваць, але свіныя катлеты і разварная рыба былі выдатныя».

«Гэта вам так здалося. Я-ж ведаю, што яны на рынку купляюць. Купіць вунь той шэльма кухар, што вывучыўся ў француза, ката, аблупіць яго і падае на стол замест зайца».

«Фу! якую ты непрыемнасць гаворыш», сказала жонка Сабакевіча.

«А што-ж, душачка, так у іх робіцца, я не вінават, так у іх усё робіцца. Усё, што ні ёсць непатрэбнага, што Акулька ў нас кідае, з дазволу сказаць, у памыйнае вядро, яны яго ў суп! ды ў суп! туды яго!»

«Ты за сталом заўсёды гэтакае раскажаш!» запярэчыла зноў жонка Сабакевіча.

«Што-ж, душа мая», сказаў Сабакевіч, «калі-б я сам гэта рабіў, але я табе проста ў вочы скажу, што я брыды не буду есці. Мне жабу хоць цукарам абляпі, не вазьму яе ў рот, і устрыцы таксама не вазьму: я ведаю, да чаго устрыца падобна. Вазьміце барана», гаварыў ён далей, звяртаючыся да Чычыкава: «гэта барановы бок з кашай! Гэта не тыя фрыкасе [33], што робяцца на панскіх кухнях з бараніны, якая сутак па чацвёра на рынку валяецца! Гэта ўсё выдумалі дактары немцы, ды французы, я-б іх перавешаў за гэта! Выдумалі дыэту, лячыць голадам! Што ў іх нямецкая тонкае касці натура, дык яны думаюць, што і з рускім страўнікам справяцца! Не, гэта ўсё не тое, гэта ўсё выдумкі, гэта ўсё...» Тут Сабакевіч нават сярдзіта паківаў галавой. «Гаворыць—асвета, асвета, а гэта асвета—фук! Сказаў-бы і другое слова, ды вось толькі што за сталом непрыстойна. У мяне не так. У мяне калі свіння, усю свінню давай на стол; бараніна, усяго барана цягні, гусь—усю гусь! Лепш я з’ем дзве стравы, ды з’ем у меру, як душа патрабуе». Сабакевіч падцвердзіў гэта на справе: ён перакуліў палову барановага бока да сябе на талерку, з’еў усё, абгрыз, абсмактаў да апошняй костачкі!

«Так», падумаў Чычыкаў: «у гэтага губа не дура»

«У мяне не так», гаварыў Сабакевіч, выціраючы сарвэткай рукі: «у мяне не так, як у якога-небудзь Плюшкіна: 800 душ мае, а жыве і абедае горш за майго пастуха!»

«Хто такі гэты Плюшкін?» запытаў Чычыкаў.

«Махляр», адказаў Сабакевіч. «Такі скнара, якога ўявіць цяжка. У турме калоднікі лепш жывуць, чым ён: усіх людзей перамарыў голадам».

«Сапраўды!» падхапіў са спагадаю Чычыкаў: «і вы кажаце, што ў яго, сапраўды, людзі паміраюць у вялікай колькасці?»

«Як мухі мруць».

«Няўжо, як мухі! А дазвольце запытаць, як далёка жыве ён ад вас?»

«За пяць вёрст».

«За пяць вёрст!» выгукнуў Чычыкаў і нават адчуў, як сэрца ў яго крыху забілася. «Але калі выехаць з вашых варот, гэта будзе направа, ці налева?»

«Я вам нават не раю дарогі ведаць да гэтага сабакі», сказаў Сабакевіч. «Больш прабачальна пайсці ў якое-небудзь непрыстойнае месца, чым да яго».

«Не, я запытаў не для чаго-небудзь, а таму толькі, што цікаўлюся пазнаннем рознастайных месцаў», адказаў на гэта Чычыкаў.

За барановым бокам пайшлі ватрушкі, з якіх кожная была значна большая за талерку, потым індык, ростам з цялё, набіты ўсякім дабром: яйкамі, рысам, пячонкамі і невядома чым, што ўсё клалася камяком у жываце. Гэтым абед і скончыўся; але калі ўсталі з-за стала, Чычыкаў адчуў у сабе цяжару на цэлы пуд больш. Пайшлі ў гасціную, дзе ўжо апынулася на сподачку варэнне, ні то ігруша, ні то сліва, ні то іншая ягада, да якога, аднак, не дакрануліся ні госць, ні гаспадар. Гаспадыня вышла з тым, каб накласці яго і на іншыя сподачкі. Скарыстаўшы яе адсутнасць, Чычыкаў звярнуўся да Сабакевіча, які, лежачы ў крэсле, толькі крактаў пасля такога сытнага абеду і рабіў ротам нейкія невыразныя гукі, хрысцячыся і закрываючы яго штохвіліны рукою. Чычыкаў звярнуўся да яго з такімі словамі:

«Я хацеў пагаварыць з вамі аб адной справе».

«Вось яшчэ варэнне!» сказала гаспадыня, вяртаючыся са сподачкам: «рэдзька, вараная ў мёдзе».

«А вось мы яго потым!» сказаў Сабакевіч. «Ты ідзі цяпер у свой пакой, мы з Паўлам Іванавічам скінем фракі, крыху адпачнем!»

Гаспадыня ўжо выказала гатоўнасць паслаць па пухавікі і падушкі, але гаспадар сказаў: «нічога, мы адпачнем у крэслах», і гаспадыня вышла.

Сабакевіч злёгку нагнуў галаву, рыхтуючыся слухаць, у чым была справа.

Чычыкаў пачаў неяк вельмі здалёк, закрануў наогул усю рускую дзяржаву, і адазваўся з вялікай пахвалой аб яе прасторах, сказаў, што нават самая старажытная рымская манархія не была такой вялікай, і чужаземцы справядліва здзіўляюцца... Сабакевіч усё слухаў, нахіліўшы галаву. I што згодна існуючых палажэнняў гэтай дзяржавы, якой па славе няма роўнай, рэвізскія душы, скончыўшы жыццёвы шлях, лічацца аднак-жа да падачы новага рэвізскага спісу нароўні з жывымі, каб такім чынам не абцяжваць урадавыя ўстановы мноствам дробязных і бескарысных даведак і не павялічваць складанасць і без таго ўжо вельмі складанага, дзяржаўнага механізма... Сабакевіч усё слухаў, нахіліўшы галаву—і што, аднак-жа, пры ўсёй справядлівасці гэтай меры яна бывае крыху цяжкаватай для шмат якіх уладальнікаў, абавязваючы іх плаціць падаткі, быццам за жывы прадмет, і што ён, адчуваючы павагу асабіста да яго, гатоў нават часткова прыняць на сябе гэты сапраўды цяжкі абавязак. Наконт галоўнага прадмета Чычыкаў выказаўся вельмі асцярожна: ніяк не назваў душы памёршымі, а толькі неіснуючымі.

Сабакевіч слухаў усё, паранейшаму нагнуўшы галаву, і хоць-бы што-небудзь падобнае да выразлівасці з’явілася на яго твары. Здавалася, у гэтым целе зусім няма душы, або яна ў яго была, але зусім не там, дзе трэба, а як у бессмяротнага кашчэя, недзе за гарамі і закрыта такою тоўстаю шкарлупою, што ўсё, што ні варочалася на дне яе, зусім не выклікала ніякага ўзбуджэння на паверхні.

«Такім чынам?» сказаў Чычыкаў, чакаючы адказу не без некаторага хвалявання.

«Вам трэба мёртвыя душы?» запытаў Сабакевіч вельмі проста, без ніякага здзіўлення, быццам справа ішла пра хлеб.

«Так», адказаў Чычыкаў, і зноў змякчыў выраз, дадаўшы: «неіснуючыя».

«Знойдуцца, чаму не быць...» сказаў Сабакевіч.

«А калі знойдуцца, то вам без сумнення... будзе прыемна ад іх пазбавіцца?»

«Добра, я гатоў прадаць», сказаў Сабакевіч, ужо крыху падняўшы галаву і сцяміўшы, што пакупец, мабыць, павінен мець тут нейкую выгаду.

«Чорт пабяры», падумаў Чычыкаў сам сабе: «гэты прадае ўжо, раней чым я заікнуўся!» і сказаў уголас: «А, напрыклад, як-жа цана, хоць, зрэшты, гэта такая рэч... што пра цану нават дзіўна...»

«Ды каб не запрашваць з вас лішняга, па сто рублёў за штуку!» сказаў Сабакевіч.

«Па сто!» закрычаў Чычыкаў, разявіўшы рот і паглядзеўшы яму ў самыя вочы, не ведаючы, ці сам ён не дачуў, ці язык Сабакевіча па сваёй цяжкой натуры, не так павярнуўшыся, бразнуў, замест аднаго, другое слова.

«А што, хіба гэта для вас дорага?» прамовіў Сабакевіч, і потым дадаў: «А якая, аднак-жа, ваша цана?»

«Мая цана! Мы, мабыць, як-небудзь памыліліся ці не разумеем адзін аднаго, забылі ў чым заключаецца прадмет. Я думаю з свайго боку, паклаўшы руку на сэрца: па восем грыўняў за душу, гэта самая красная цана!»

«Эге, куды хапілі — па восем грыўняў!»

«Што-ж, паводле майго меркавання, як я думаю, больш нельга».

«Я-ж прадаю не лапці».

«Аднак-жа, згадзіцеся самі: гэта-ж таксама і не людзі».

«Дык вы думаеце, знойдзеце такога дурня, які-б прадаўвам па дзве грыўні рэвізскую душу».

«Але дазвольце: навошта вы іх называеце рэвізскімі, душы-ж самыя даўно памёрлі ўжо, застаўся адзін недасяжны для пачуццяў гук. Аднак, каб не заходзіць далёка ў размовы па гэтай справе, па паўтара рубля, калі хочаце, дам, а больш не магу».

«Сорам вам і гаварыць такую суму! вы таргуйцеся, гаварыце сапраўдную цану!»

«Не магу, Міхаіл Сямёнавіч, паверце майму сумленню, не магу: што ўжо немагчыма зрабіць, тое немагчыма зрабіць», гаварыў Чычыкаў, аднак-жа па поўрубля яшчэ дадаў.

«Ды чаго-ж вы скупіцеся», сказаў Сабакевіч, «дапраўды не дорага! Другі шэльма ашукае вас, прадасць вам дрэнь, а не душы; а ў мяне, што ядраны арэх, усе на падбор: не майстар, дык іншы які-небудзь мужык. Вы разгледзьце, вось, напрыклад, карэтнік Міхееў! ён-жа больш ніякіх экіпажаў не рабіў, як толькі рэсорныя. I не так, як бывае маскоўская, работа, што на адну гадзіну, мацунак такі, сам і абаб’е, і лакам пакрые!»

Чычыкаў разявіў рот з тым, каб заўважыць, што Міхеева, аднак-жа, даўно няма на свеце; але Сабакевіч увайшоў, як кажуць, у самую сілу размовы, адкуль узяўся спрыт і дар слова:

«А Пробка Сцяпан, цясляр? я галаву дам у заклад, калі вы дзе знойдзеце такога мужыка. Гэта-ж што за сілішча была! Каб ён служыў у гвардыі, яму бог ведае што далі-б: тры аршыны з вяршком ростам!»

Чычыкаў зноў хацеў заўважыць, што і Пробкі няма на свеце; але Сабакевіча, як відаць, прарвала; паліліся такія струмені слоў, што трэба было толькі слухаць:

«Мілушкін, цагельнік! мог паставіць печ у якім хочаш доме. Максім Цялятнікаў, шавец: што шылам кальне, то і боты, што боты, то і дзякуй, і хоць-бы ў рот гарэлкі. А Ерамей Сарока-плёхін! ды гэты мужык адзін варты ўсіх, у Маскве гандляваў, аднаго аброку прыносіў па пяцьсот рублёў. Вось-жа які народ. Гэта не тое, што вам прадасць які-небудзь Плюшкін».

«Але дазвольце», сказаў, нарэшце, Чычыкаў, здзіўлены такой багатай паводкай слоў, якім, здавалася, і канца не было: «навошта вы пералічаеце ўсе іх якасці, з іх-жа карысці цяпер няма ніякай, гэта-ж усё народ мёртвы. Мёртвым целам хоць плот падпірай, кажа прыказка».

«Так, вядома, мёртвыя», сказаў Сабакевіч, быццам адумаўшыся і ўспомніўшы, што яны сапраўды былі ўжо мёртвыя, а потым дадаў: «зрэшты, трэба сказаць: што з гэтых людзей, якія лічацца цяпер жывымі? Што гэта за людзі? мухі, а не людзі».

«Ды ўсё-ж яны існуюць, а гэта-ж мара».

«Ну, не, не мара! Я вам далажу, які быў Міхееў, дык вы такіх людзей не знойдзеце: машынішча такая, што ў гэты пакой не ўвойдзе: не, гэта не мара! А ў плячах яго была такая сілішча, якой няма ў каня; хацеў-бы я ведаць, дзе-б вы ў другім месцы знайшлі такую мару!» Апошнія словы ён ужо сказаў, звярнуўшыся да вісеўшых на сцяне партрэтаў Багратыёна і Калакатроні [34], як звычайна здараецца з размаўляючымі, калі адзін з іх раптам, невядома чаму, звернецца не да той асобы, да якой адносяцца словы, а да якой-небудзь выпадкова прышоўшай трэцяй, нават зусім незнаёмай, ад якой, ведае, што не пачуе ні адказу, ні думкі, ні падцверджання, але на якую, аднак-жа, так утаропіць вочы, як быццам заклікае яе ў пасрэднікі: і крыху збянтэжаны ў першую хвіліну незнаёмы не ведае, адказваць яму на тую справу, аб якой нічога не чуў, ці так пастаяць, захаваўшы належную прыстойнасць, і потым ужо адыйсці прэч.

«Не, больш за два рублі я не магу даць», сказаў Чычыкаў.

«Хай будзе так, каб не прэтэндавалі на мяне, што дорага запрашваю і не хачу зрабіць вам ніякай паслугі, хочаце, па семдзесят пяць рублёў за душу, толькі асігнацыямі, дапраўды толькі для знаёмства!»

«Што ён сапраўды», падумаў сам сабе Чычыкаў: «за дурня лічыць мяне, ці што?» і дадаў потым уголас: «Мне дзіўна, дапраўды: здаецца, між намі адбываецца нейкае тэатральнае прадстаўленне, або камедыя, інакш я не магу сабе растлумачыць... Вы, здаецца, чалавек даволі разумны, уладаеце весткамі адукацыі. Прадмет-жа проста: фу-фу. Чаго-ж ён варт? каму патрэбен?»

«Ды вось вы-ж купляеце, значыць патрэбен».

Тут Чычыкаў закусіў губу і не знайшоў, што адказаць. Ён пачаў быў гаварыць пра нейкія абставіны фамільныя і сямейныя, але Сабакевіч адказаў проста:

«Мне не трэба ведаць, якія ў вас адносіны: я ў справы фамільныя не мяшаюся, гэта ваша справа. Вам патрэбны душы, я і прадаю вам, і будзеце каяцца, што не купілі».

«Два рублікі», сказаў Чычыкаў.

«Эх, дапраўды, задзяўбла сарока Якава адно пра ўсякага, як кажа прыказка; як наладзілі на два, дык не хочаце з іх і з’ехаць. Вы давайце сапраўдную цану!»

«Ну, ужо чорт яго бяры», падумаў сам сабе Чычыкаў: «па поўрубля яму набаўлю, сабаку на арэхі!» «Так і быць, па поўрубля набаўлю».

«Ну, калі хочаце, і я вам скажу таксама маё апошняе слова: пяцьдзесят рублёў. Дапраўды, утратна сабе, танней нідзе не купіце такога добрага народу!»

«Які кулак!» сказаў сам сабе Чычыкаў і потым працягваў уголас з некаторай дакукай: «Ды што на самай справе... быццам сапраўды сур’ёзная рэч; ды я ў другім месцы дармова вазьму. Яшчэ мне ўсякі з ахвотай збудзе іх, каб толькі хутчэй пазбавіцца. Дурань хіба будзе трымаць іх пры сабе і плаціць за іх падаткі».

«Але ці ведаеце, што такога роду пакупкі, я гэта кажу між намі, па дружбе, не заўсёды дазваляюцца, калі-б расказаў я, ці хто іншы, такому чалавеку не будзе ніякай веры адносна кантрактаў, або ўступлення ў якія-небудзь выгадныя абавязацельствы».

«Бач куды цэліць, падлюка!» падумаў Чычыкаў і тут-жа сказаў з самым спакойным выглядам: «Як вы сабе хочаце, я купляю не для якой-небудзь патрэбы, як вы думаеце, а так, па схільнасці ўласных думак. Два з палавінай не хочаце, бывайце!»

«Яго не саб’еш, непадатлівы!» падумаў Сабакевіч. «Ну, бог з вамі, давайце па трыццаць і бярыце іх сабе!»

«Не, бачу я, вы не хочаце прадаць, бывайце!»

«Дазвольце, дазвольце!» сказаў Сабакевіч, не выпускаючы яго рукі і наступіўшы яму на нагу, бо герой наш забыў асцерагчыся, у пакаранне за што павінен быў зашыпець і падскочыць на адной назе.

«Прашу прабачыць! Я, здаецца, вас патурбаваў. Калі ласка, сядайце сюды! Прашу!» Тут ён пасадзіў яго ў крэсла з некаторым нават спрытам, як такі мядзведзь, каторы пабыў ужо ў руках, умее і перакручвацца і рабіць розныя штукі на запытанні: а пакажы, Міша, як бабы парацца? або: а як, Міша, малыя дзеці гарох крадуць?

«Дапраўды, я дарэмна час трачу, мне трэба спяшацца».

«Пасядзіце адну хвілінку, я вам зараз скажу адно прыемнае для вас слова». Тут Сабакевіч падсеў бліжэй і сказаў яму ціха на вуха, як быццам сакрэт: хочаце вугал?

«Гэта значыць дваццаць пяць рублёў? Ні, ні, ні, нават чвэрці вугла не дам, капейкі не набаўлю».

Сабакевіч змоўк. Чычыкаў таксама замаўчаў. Хвіліны дзве цягнулася маўчанне. Багратыён з арліным носам глядзеў са сцяны надзвычай уважліва на гэту куплю.

«Якая-ж ваша будзе апошняя цана?» сказаў нарэшце Сабакевіч.

«Два з палавінай».

«Дапраўды, у вас душа чалавечая ўсёроўна, што параная рэпа. Ужо хоць па тры рублі дайце!»

«Не магу».

«Ну, нічога з вамі не зробіш, згодзен! Страта, ды ўжо характар такі сабачы: не магу не зрабіць прыемнасці бліжняму. Мабыць-жа, трэба і купчую зрабіць, каб усё было ў парадку».

«Зразумела».

«Ну вось бачыце, трэба будзе ехаць у горад».

Так скончылася справа. Абодва вырашылі, каб заўтра-ж быць у горадзе і ўправіцца з купчай крэпасцю. Чычыкаў папрасіў спісачак сялян. Сабакевіч згадзіўся ахвотна і тут-жа, падышоўшы да бюро, уласнаручна пачаў выпісваць усіх не толькі па імёнах, але нават з азначэннем пахвальных якасцей.

А Чычыкаў, не маючы чаго рабіць, заняўся, стаўшы ззаду, разгляданнем усяго прасторнага яго складу. Як глянуў ён на яго спіну, шырокую, як у вяцкіх прысадзістых коней, і на ногі яго, падобныя да чыгунных тумбаў, якія ставяць на тратуарах, дык не мог утрымацца ад унутранога выгуку: «Ну і надзяліў-жа цябе бог! вось ужо, сапраўды, як кажуць, няспрытна скроен, ды моцна сшыты!.. Ці ты ўжо радзіўся мядзведзем, ці абмядзведзіла цябе жыццё ў глушы, пасевы збожжа, вазяніна з мужыкамі, і ты праз іх зрабіўся тым, што называюць чалавек-кулак? Але не: я думаю, што ты быў-бы ўсё той-жа, каб нават выхавалі цябе па модзе, пусцілі-б у ход і жыў-бы ты ў Пецербургу, а не ў глушы. Уся розніца ў тым, што цяпер ты ўбярэш поўбарановага бока з кашай, закусіш ватрушкай з талерку, а тады-б ты еў якія-небудзь катлеткі з труфелямі. Ды вось цяпер у цябе пад уладай мужыкі: ты з імі ў згодзе і, вядома, іх не пакрыўдзіш, бо яны твае, табе-ж будзе горш; а тады-б у цябе былі чыноўнікі, якім-бы ты моцна даваў чосу, сцяміўшы, што яны не твае-ж прыгонныя, або рабаваў-бы ты казну! Не, хто ўжо кулак, таму не разагнуцца ў далонь! А разагні кулаку адзін, ці два пальцы, выйдзе яшчэ горш. Пакаштуй ён злёгку вяршочкаў якой-небудзь навукі, даўся-б ён у знакі потым, заняўшы прыкметнейшае месца, усім тым, хто сапраўды пазнаў якую-небудзь навуку. Ды яшчэ, чаго добрага, скажа потым: «Дай адно я сябе пакажу!» Ды такую выдумае мудрую пастанову, што шмат каму давядзецца солана... Эх, калі-б усе кулакі!..»

«Гатова запіска», сказаў Сабакевіч, павярнуўшыся.

«Гатова? будзьце ласкавы, яе сюды!» Ён прабег яе вачамі і падзівіўся акуратнасці і дакладнасці: не толькі было падрабязна прапісана рамяство, званне, гады і сямейнае становішча, але нават на палях знаходзіліся асаблівыя адзнакі наконт паводзін, цвярозасці, словам, люба было глядзець.

«Цяпер дайце-ж задатачак!» сказаў Сабакевіч.

«Навошта-ж вам задатачак? Вы атрымаеце ў горадзе за адным разам усе грошы».

«Усё, ведаеце, так ужо водзіцца», запярэчыў Сабакевіч.

«Не ведаю, як вам даць, я не ўзяў з сабой грошай. Ага, вось дзесяць рублёў ёсць».

«Што-ж дзесяць! Дайце, прынамсі, хоць пяцьдзесят!» Чычыкаў пачаў было адгаварвацца, што няма, але Сабакевіч так сказаў упэўнена, што ў яго ёсць грошы, што ён дастаў яшчэ паперку, сказаўшы:

«Няхай так, вось вам яшчэ пятнаццаць, а ўсяго дваццаць пяць. Дайце толькі распіску».

«Ды нашто-ж вам распіска?»

«Усё, ведаеце, лепш распіску. Пэўней будзе, усё можа здарыцца».

«Добра, дайце-ж сюды грошы!»

«Нашто-ж грошы? У мяне вунь яны ў руцэ! Як толькі напішаце распіску, у тую-ж хвіліну іх возьмеце».

«Ды дазвольце, як-жа мне пісаць распіску? раней трэба бачыць грошы».

Чычыкаў выпусціў з рук паперкі Сабакевічу, які, наблізіўшыся да стала і накрыўшы іх пальцамі левай рукі, другой напісаў на кавалачку паперы, што задатак дваццаць пяць рублёў дзяржаўнымі асігнацыямі за праданыя душы атрымаў поўнасцю. Напісаўшы запіску, ён перагледзеў яшчэ раз асігнацыі.

«Паперка вось старэнькая!» сказаў ён, разглядаючы адну з іх на святле: «крыху разарвана, ну ды паміж прыяцелямі няма чаго на гэта глядзець».

«Кулак, кулак!» падумаў сам сабе Чычыкаў: «Ды яшчэ і шэльма ў дадатак».

«А жаночага полу не хочаце?»

«Не, дзякую».

«Я нядорага і ўзяў-бы. Для знаёмства па рубліку за штуку».

«Не, у жаночым поле не маю патрэбы».

«Ну, калі не маеце патрэбы, дык няма чаго і гаварыць. На густы няма закону: хто любіць папа, а хто пападдзю, кажа

«Яшчэ я хацеў вас шапрасіць, каб гэта здзелка засталася між намі», гаварыў Чычыкаў развітваючыся.

«Ды ўжо само сабой зразумела. Трэцяга сюды няма чаго мяшаць; што па шчырасці адбываецца паміж блізкімі сябрамі, тое павінна застацца ва ўзаемнай іх дружбе. Бывайце! Дзякую; што наведалі; прашу і надалей не забываць: калі выпадзе вольная гадзінка, прыязджайце паабедаць, час правесці. Можа, зноў здарыцца ўслужыць чым-небудзь адзін аднаму».

«Але, дзіва што!» думаў сам сабе Чычыкаў, сядаючы ў брычку. «Па два з палавінай злупіў за мёртвую душу, чортаў кулак!»

Ён быў незадаволены паводзінамі Сабакевіча. Усё-такі, як-бы там ні было, чалавек знаёмы, і ў губернатара і ў паліцэйместара бачыліся, а зрабіў, быццам зусім чужы, за дрэнь узяў грошы! Калі брычка выехала з двара, ён азірнуўся назад і ўбачыў, што Сабакевіч усё яшчэ стаяў на ганку і, здавалася, прыглядаўся, цікавячыся, куды госць паедзе.

«Падлюка, да гэтага часу яшчэ стаіць» прагаварыў ён праз зубы і загадаў Селіфану, павярнуўшы да сялянскіх хат, ад’ехаць такім чынам, каб нельга было бачыць экіпажа з боку панскага двара. Яму хацелася заехаць да Плюшкіна, у якога, паводле слоў Сабакевіча, людзі паміралі, як мухі, але не хацелася, каб Сабакевіч ведаў пра гэта. Калі брычка была ўжо на канцы вёскі, ён паклікаў да сябе першага мужыка, які, падняўшы дзесьці на дарозе таўшчэзнае бервяно, цягнуў яго на плячы, падобна нястомнай мурашцы, да сябе ў хату.

«Эй, барада! а як праехаць адсюль да Плюшкіна, так каб не каля панскага дома?»

Мужыку, здавалася, цяжка было адказаць на гэтае пытанне.

«А, залатаны, залатаны!» ускрыкнуў мужык. Дадаў ён і назоўнік да слова залатаны, вельмі ўдалы, але не ўжытковы ў свецкай размове, а таму мы яго прапусцім. Аднак можна здагадацца, што ён сказаны быў вельмі трапна, бо Чычыкаў, хоць мужык даўно ўжо знік з вачэй і шмат ад’ехалі наперад, аднак-жа ўсё яшчэ усміхаўся, седзячы ў брычцы. Выражаецца моцна рускі народ! I калі ўзнагародзіць каго слоўцам, дык пойдзе яно яму ў род і патомства, пацягне ён яго з сабою і на службу, і ў адстаўку, і ў Пецербург, і на край свету. I як потым ужо ні хітруй і ні аблагароджвай сваю мянушку, хоць прымусь пішучых людзішак выводзіць яе за наёмную плату ад старакняжацкага роду, нішто не дапаможа; каркне сама за сябе мянушка ва ўсё сваё вароніна горла і скажа ясна, адкуль вылецела птушка. Сказанае трапна, усёроўна што пісанае, не высякаецца тапаром. А ўжо на што бывае трапна ўсё тое, што вышла з глыбіні Русі, дзе няма ні нямецкіх, ні чухонскіх, ні ўсякіх іншых плямёнаў, а ўсё сам самародак, жывы і спрытны рускі розум, што не лезе па слова ў кішэню, не выседжвае яго, як квактуха куранят, а ўлепіць адразу, як пашпарт на вечную носку, і няма чаго дадаваць потым, які ў цябе нос ці губы, — адной рысай акрэслены ты з ног да галавы!

Як незлічонае мноства цэркваў, манастыроў, з купаламі, макаўкамі, крыжамі рассыпана па святой набожнай Русі, так незлічонае мноства пляменняў, пакаленняў, народаў тоўпіцца, мільгае і кідаецца па твары зямлі. I ўсякі народ, што носіць у сабе залог сіл, поўны творчых здольнасцей душы, сваёй яркай асаблівасці і іншых дароў бога, своеасабліва вызначыўся кожны сваім уласным словам, якім, выражаючы любую рэч, адлюстроўвае ў выразе частку свайго характару. Веданнем душы і мудрым пазнаннем жыцця адгукнецца слова брытанца; лёгкім фарсуном блісне і разляціцца нядоўгавечнае слова француза; хітра прыдумае сваё не кожнаму даступнае, разумна-хударлявае слова немец; але няма слова, якое было-б такім замашыстым, ёмкім, так вырвалася-б з-пад самага сэрца, так-бы кіпела і жыватрапятала, як трапна сказанае рускае слова.

РАЗДЗЕЛ VI

Раней, даўно, у гады майго юнацтва, у гады беззваротна мільгнуўшага майго маленства, мне было весела пад’язджаць упершыню да незнаёмага месца: усёроўна, ці гэта была вёсачка, ці бедны павятовы гарадок, ці сяло, слабодка, шмат цікавага адкрывала ў ім дзіцячае дапытлівае вока. Кожны будынак, усё, што толькі насіла на сабе адбітак якой-небудзь прыкметнай асаблівасці, усё спыняла мяне і ўражала. Ці каменны казённы дом вядомай архітэктуры з палавінай фальшывых акон, які адзін-адзінюткі тырчаў сярод бярвенчатай чэсанай кучы аднапавярховых мяшчанскіх, абыватальскіх домікаў, ці круглы, правільны купал, увесь абіты ліставым белым жалезам, узнесены над выбеленай, як снег, новай царквою, ці рынак, ці франт павятовы, спатканы сярод горада, — нішто не ўнікала ад свежай тонкай увагі, і, высунуўшы нос з паходных калёс сваіх, я глядзеў і на нябачаны да гэтага часу крой якога-небудзь сурдута, і на драўляныя скрыні з цвікамі, з серай, што жаўцела ўдалечыні, з ізюмам і мылам, якія мільгалі ў дзвярах гародніннай крамы разам з слоікамі высахшых маскоўскіх цукерак; глядзеў і на ішоўшага з боку пяхотнага афіцэра, занесенага бог ведае з якой губерні, на павятовую нуду, і на купца, мільгнуўшага ў сібірцы [35] на бегавых дрожках, і адлятаў у думках за імі ў беднае жыццё іх. Павятовы чыноўнік пройдзе міма — я ўжо і задумваўся: куды ён ідзе, ці на вечар да якога-небудзь свайго брата, або проста да сябе дамоў, каб, пасядзеўшы з поўгадзіны на ганку, пакуль яшчэ не зусім змеркла, сесці за раннюю вячэру з матуляй, з жонкай, з сястрой жонкі і ўсёй сям’ёй, і пра што будзе ісці размова ў іх у той час, калі дваровая дзяўчына ў маністах, ці хлопчык у тоўстай куртцы прынясе пасля супу ўжо сальную свечку ў доўгавечным хатнім падсвечніку. Пад’язджаючы да вёскі якога-небудзь памешчыка, я з цікавасцю глядзеў на высокую вузкую драўляную званіцу або шырокую, цёмную драўляную старую царкву. Прывабна мільгалі мне здалёк, праз зеляніну дрэў, чырвоны дах і белыя коміны памешчыцкага дома, і я чакаў нецярпліва, пакуль расступяцца па абодва бакі сады, якія засланялі яго, і ён пакажацца ўвесь са сваім, тады, аднак-жа! зусім не пошлым выглядам, і па ім стараўся я ўгадаць: хто такі сам памешчык, ці тоўсты ён, і ці ў яго сыны, ці цэлых шасцёра дочак са звонкім дзявочым смехам, гульнямі і вечнай красуняй меншай сястрыцай, і ці чорнавокія яны, і ці весялун ён сам, або хмурны, як верасень апошнімі днямі, глядзіць у каляндар, ды гаворыць пра нудныя для юнацтва жыта і пшаніцу.

Цяпер роўнадушна пад’язджаю да кожнай незнаёмай вёскі і абыякава гляджу на яе пошлы выгляд; майму ахалоджанаму зірку няўтульна, мне не смешна, і тое, што абудзіла-б у ранейшыя гады жывы рух на твары, смех і несціханыя размовы, тое праносіцца цяпер міма, і безуважнае маўчанне захоўваюць мае нерухомыя вусны. О, маё юнацтва! О, мая свежасць!

Пакуль Чычыкаў думаў і ўнутрана пасмейваўся над мянушкай, якую далі мужыкі Плюшкіну, ён не заўважыў, як уехаў у сярэдзіну вялікага сяла з мноствам хат і вуліц. Хутка, аднак-жа, даў заўважыць яму гэта ніштаваты штуршок, выкліканы памостам з бярвенняў, перад якім гарадскі брук быў нішто. Гэтыя бярвенні, як фартэп’янныя клавішы, падымаліся то ўгору, то ўніз, і неасцярожны яздок набываў ці гуз на патыліцу, ці сінюю пляму на лоб, або здаралася сваімі ўласнымі зубамі прыкусіць балюча хвосцік уласнага-ж языка. Нейкую асаблівую трухлявасць заўважыў ён ва ўсіх вясковых будынках: бярвенне на хатах было цёмнае і старое; шмат якія стрэхі былі дзіравыя, як рэшата; на іншых заставаўся толькі канёк уверсе, ды жэрдкі па баках, што выглядалі, як рэбры. Здаецца, самі гаспадары пазносілі з іх дранку і дошкі, разважаючы, і вядома справядліва, што ў дождж хаты не крыюць, а ў пагоду і так не капае, бабіцца-ж у ёй няма чаго, калі ёсць прастор і ў карчме, і на гасцінцы, словам дзе хочаш. Вокны ў хацінах былі без шкла, некаторыя былі заткнуты рыззём, або світкай; балкончыкі пад стрэхамі з балясамі, якія невядома з якіх прычын робяцца ў некаторых рускіх хатах, скасіліся і пачарнелі нават не маляўніча. З-за хат шмат дзе цягнуліся радамі велізарныя сцірты збожжа, якія застаяліся, як відаць, доўга; колерам яны былі падобны да старой, дрэнна апаленай цэглы, наверсе іх расла розная дрэнь і нават прычапіўся з боку хмызняк. Збожжа, відаць, было панскае. З-за сціртаў збожжа і збуцвелых стрэх узнімаліся і мільгалі на чыстым паветры, то справа, то злева, па меры таго, як брычка рабіла павароты, дзве сельскія царквы, адна поруч з другой: апусцелая драўляная і каменная, з жоўценькімі сценамі, уся ў плямах і расколінах. Часткамі стаў паказвацца панскі дом і, нарэшце, глянуў увесь у тым месцы, дзе ланцуг хат абарваўся, і на месцы іх застаўся пустыром агарод, або капуснік, абгароджаны нізкім, дзе-ні-дзе паламаным плотам. Нейкім старым інвалідам глядзеў гэты дзіўны замак, доўгі, доўгі непамерна. Мясцінамі ён быў у адзін паверх, мясцінамі ў два; на цёмным даху, які не ўсюды надзейна ахоўваў яго старасць, тырчэлі два бельведэры адзін супроць другога; абодва яны пахіліліся ўжо і страцілі фарбу, якая калісьці пакрывала іх. На сценах дома дзе-ні-дзе відаць было голае пакрыжаванне атынкоўкі; яны, як відаць, многа пацярпелі ад усякіх нягод, дажджоў, віхураў і асенніх перамен. З акон толькі два былі адчынены, астатнія былі застаўлены акяніцамі, або нават забіты дошкамі. Гэтыя два акны, з свайго боку, таксама былі падслепаватыя; на адным з іх цямнеў наклеены трохкутнік з сіняй паперы з-пад цукру.

Стары, вялікі сад, які цягнуўся па-за домам, выходзіў за сяло і потым знікаў у полі, заросшы і заглохлы, здавалася, адзін асвяжаў гэтую вялікую вёску і адзін быў зусім маляўнічы ў сваім карцінным запусценні. Зялёнымі воблакамі і няправільнымі, трапяткімі купаламі ляжалі на небасхіле злучаныя верхавіны дрэў, што паразрасталіся на волі. Белы велізарны ствол бярозы, страціўшы верхавіну, адламаную бурай ці громам, узнімаўся з гэтай зялёнай гушчы і кругліўся на паветры, як правільная мрамарная, ззяючая калона; касы, востры злом, якім ён заканчваўся ўверсе, замест капітэлі [36], цямнеў на снежнай бялоце яго, як шапка або чорная птушка. Хмель, які глушыў унізе кусты бузіны, рабіны і ляснога арэшніку і прабег потым па версе ўсяго частакола, узбягаў, нарэшце, угару і абвіваў да палавіны зламаную бярозу. Дасягнуўшы сярэдзіны яе, ён адтуль звешваўся ўніз і пачынаў ужо чапляць верхавіны іншых дрэў, або вісеў на паветры, завязаўшы кольцамі сваімі тонкія, чэпкія кручкі, якія лёгка калыхаліся на паветры. Мясцінамі зялёныя гушчары, азароныя сонцам, разыходзіліся і паказвалі неасветленае між імі паглыбленне, што развявалася як цёмная пашча; яно было ўсё ахінута ценем, і ледзь-ледзь мільгалі ў чорнай глыбіні яго: прабягаўшая вузкая сцежка, абваленыя балясы, пахіленая альтанка, дуплісты струхлелы ствол вярбы, сівы хмызняк, выстаўляўшы густой шчацінай з-за вярбы высахшае ад страшнай глушыні, пераблытанае і скрыжаванае лісце і сучча, і, нарэшце, маладая галінка клёна, працягнуўшая з боку свае зялёныя лапы-лісты, пад адзін з якіх, бог ведае якім чынам, забралася сонца і ператварала яго раптам у празрысты і агнявы, дзівосна ззяючы ў гэтай густой цемры. З боку, каля самага краю саду, некалькі выносістых, вышэйшых за іншыя, асін узнімалі велізарныя гнёзды варон на трапяткія свае верхавіны. У некаторых з іх адламаныя і не зусім адлучаныя галінкі звісалі ўніз разам з высахшым лісцем. Словам, усё было прыгожа, як не выдумаць ні прыродзе, ні мастацтву, але як бывае толькі тады, калі яны злучацца разам, калі па наваленай, часта бязладна, працы чалавека пройдзе канчатковым разцом сваім прырода, зробіць лягчэйшымі цяжкія масы, знішчыць грубаадчувальную правільнасць і жабрацкія прарэхі, праз якія праглядвае несхаваны, голы план, і дасць цудоўную цеплыню ўсяму, што стварылася ў холадзе размеранай чыстаты і ахайнасці.

Зрабіўшы адзін ці два павароты, герой наш апынуўся, нарэшце, перад самым домам, які здаўся цяпер яшчэ больш сумным. Зялёная плесня пакрыла ўжо трухлявае дрэва на агарожы і варотах. Натоўп будынкаў: чалядняў, свірнаў, склепаў, якія відавочна старэлі, напаўняў двор; каля іх направа і налева відаць былі вароты ў другія двары. Усё гаварыла, што тут калісьці гаспадарка ішла ў шырокіх памерах, і ўсё глядзела цяпер хмурна. Нічога не было прыкметна, што-б ажыўляла малюнак, ні дзвярэй, якія-б адчыняліся, ні людзей, якія-б выходзілі адкуль-небудзь, ніякіх жывых клопатаў і турбот дома! Толькі адны галоўныя вароты былі расчынены, і то таму, што ўехаў мужык з нагружаным возам, накрытым рагожай, які паказаўся быццам знарок для ажыўлення гэтага вымершага месца: у другі час і яны былі замкнуты наглуха, бо ў жалезнай пятлі вісеў велізарны замок. Каля аднаго з будынкаў Чычыкаў хутка заўважыў нейкую постаць, якая пачала сварыцца з мужыком, што прыехаў з возам. Доўга ён не мог пазнаць, якога полу была фігура: баба ці мужык. Адзенне на ёй было зусім няпэўнае, падобнае надта на жаночую капоту, на галаве каптур, які носяць вясковыя дваровыя бабы, толькі адзін голас здаўся яму крыху сіплым для жанчыны. «Ой баба!» падумаў ён сам сабе і тут-жа дадаў: «Ой не!» «Вядома баба!» нарэшце сказаў ён, прыгледзеўшыся больш пільна. Постаць з свайго боку глядзела на яго таксама пільна. Здавалася, госць быў для яе дзівам, таму што яна агледзела не толькі яго, але і Селіфана, і коней, пачынаючы з хваста і да морды. Па вісеўшых у яе за поясам ключах і па тым, што яна лаяла мужыка даволі брыдкімі словамі, Чычыкаў прышоў да вываду, што гэта, мабыць, ключніца.

«Паслухай, матухна», сказаў ён, выходзячы з брычкі, «што пан?..»

«Няма дома», перапыніла ключніца, не чакаючы заканчэння пытання, і потым, праз хвіліну, дадала: «а што вам трэба?»

«Ёсць справа».

«Ідзіце ў пакоі!» сказала ключніца, адвярнуўшыся і паказаўшы яму спіну, запэцканую мукой, з вялікай прарэхай крыху ніжэй.

Ён увайшоў у цёмныя, шырокія сенцы, ад якіх падзьмула холадам, як са склепа. З сянец ён трапіў у пакой, таксама цёмны, куды ледзь прабівалася святло з шырокай шчыліны ўнізе дзвярэй. Адчыніўшы гэтыя дзверы, ён, нарэшце, апынуўся на святле і быў здзіўлены ўбачаным беспарадкам. Здавалася, як быццам у доме скрозь мылі падлогу, і сюды часова звалілі ўсю мэблю. На адным стале стаяла нават паламанае крэсла і, побач з ім, гадзіннік з нерухомым маятнікам, на якім павук ужо наснаваў павуцінне. Тут-жа стаяла прыпёртая бокам да сцяны шафа, са старадаўнім срэбрам, графінчыкамі і кітайскім фарфарам. На бюро, выкладзеным перламутравай мазаікай, якая дзе-ні-дзе ўжо выпала і пакінула пасля сябе адны жоўценькія жалабкі, напоўненыя клеем, ляжала мноства рознай дробязі: куча спісаных дробна паперак, накрытых мрамарным пазелянеўшым прэсам з яечкам наверсе, нейкая старадаўняя кніга ў скураным пераплёце з чырвоным абрэзам, лімон, увесь высахшы, велічынёй не больш за лясны арэх, адламаная ручка крэсла, чарка з нейкай вадкасцю і трыма мухамі, накрытая пісьмом, кавалачак сургуча, кавалачак недзе паднятай анучкі, два пяры, запэцканыя чарнілам, высахшая, як у сухотах, зубачыстка, зусім пажаўцелая, якою гаспадар, можа быць, калупаў у зубах сваіх яшчэ да нашэсця на Маскву французаў.

Па сценах навешана было вельмі цесна і бязладна некалькі карцін: доўгая, пажаўцелая гравюра нейкай бітвы — вялізныя барабаны, крычаць салдаты ў трыкутных капелюшах і топяцца коні — без шкла, у рамцы чырвонага дрэва, з тоненькімі бронзавымі палоскамі і бронзавымі-ж кружкамі па рагах. Побач з імі займала палавіну сцяны велізарная пачарнелая карціна, намаляваная маслянымі фарбамі, дзе былі паказаны кветкі, фрукты, разрэзаны кавун, кабанова морда, вісеўшая галавой уніз качка. З сярэдзіны столі звешвалася люстра ў палатняным мяху, якая ад пылу зрабілася падобнай да шаўковага кокана, у якім сядзіць чарвяк. У кутку пакоя была навалена на падлозе куча таго, што пагрубей і што недастойна ляжаць на сталах. Што іменна знаходзілася ў кучы, вырашыць было цяжка, бо пылу на ёй было так багата, што рукі кожнага, хто да яе дакранаўся, рабіліся падобнымі да пальчатак; больш прыкметна высоўваўся адтуль адламаны кавалак драўлянай лапаты і старая падэшва ад бота. Ніяк нельга было-б сказаць, што ў гэтым пакоі бытуе жывая істота, калі-б не абвяшчаў аб яе пражыванні стары, паношаны каптур, які ляжаў на стале. Пакуль ён разглядаў усё дзіўнае ўбранства, адчыніліся бакавыя дзверы, увайшла тая-ж самая ключніца, якую ён сустрэў на двары. Але тут убачыў ён, што гэта быў хутчэй ключнік, чым ключніца: ключніца прынамсі не голіць барады, а гэты, наадварот, галіў, і, здавалася, не вельмі часта, бо ўвесь падбародак з ніжняй часткай шчакі падобен быў у яго да скрабла з жалезнага дроту, якім чысцяць на стайні коней. Чычыкаў, надаўшы запытальны выраз свайму твару, нецярпліва чакаў, што хоча сказаць яму ключнік. Ключнік таксама з свайго боку чакаў, што хоча сказаць яму Чычыкаў. Нарэшце, апошні, здзіўлены такім дзіўным неўразуменнем, наважыў запытаць:

«Што-ж пан? у сябе, ці што?»

«Тут гаспадар», сказаў ключнік.

«Дзе-ж?» паўтарыў Чычыкаў.

«Што, бацюхна, сляпы, ці што?» сказаў ключнік. «Эхва! А гаспадар-жа — я!»

Тут герой наш супроць волі адступіўся назад і паглядзеў на яго пільна. Яму здаралася бачыць не мала ўсякага роду людзей, нават такіх, якіх нам з чытачом, можа, ніколі не давядзецца ўбачыць; але такога ён яшчэ не бачыў. Твар яго не вызначаўся нічым асаблівым; ён быў амаль такі-ж, як у многіх хударлявых старых, адзін падбародак толькі вытыркаў вельмі далёка наперад, так што ён павінен быў кожны раз закрываць яго хустачкай, каб не запляваць; маленькія вочкі яшчэ не патухлі і бегалі з-пад высока вырасшых брывей, як мышы, калі, высунуўшы з цёмных нор востранькія морды, наставіўшы вушы і варушачы вусамі, яны выглядаюць, ці не прытаіўся дзе кот або свавольнік хлапчук, і нюхаюць падазрона самое паветра. Куды больш цікава было яго ўбранне: ніякімі сродкамі і намаганнямі нельга было дакапацца, з чаго змайстраваны быў яго халат: рукавы і верхнія крыссі да таго засаліліся і зашмальцаваліся, што падобны былі да юхты [37], што ідзе на боты; ззаду замест двух целяпаліся чатыры крыссі, з якіх клоччам лезла вата. На шыі ў яго таксама было завязана нешта такое, чаго нельга было вызначыць: ці то панчоха, ці то падвязка, або набрушнік, толькі ніяк не гальштук. Словам, калі-б Чычыкаў сустрэў яго, так прыбранага, дзе-небудзь каля царкоўных дзвярэй, дык, мусібыць, даў-бы яму мядзяны грош. Бо да гонару героя нашага трэба сказаць, што сэрца ў яго было спагадлівае, і ён не мог ніяк утрымацца, каб не абдарыць беднага чалавека мядзяным грошам. Але перад ім стаяў не жабрак, перад ім стаяў памешчык, у гэтага памешчыка было больш за тысячу душ, і папрабаваў-бы хто знайсці ў каго іншага столькі хлеба—зернем, мукою і проста ў сціртах, у каго-б кладоўкі, свірны і сушылы [38] завалены былі такім мноствам палотнаў, сукнаў, аўчын вырабленых і сырамятных, сухою рыбаю і ўсякай гароднінай, ці губінай [39]. Заглянуў-бы хто небудзь да яго на рабочы двор, дзе нарыхтавана было на запас усякага дрэва і пасуды, якая ніколі не ўжывалася, — яму здалося-б, ці не трапіў ён часам як-небудзь у Маскву, на шчэпны двор, куды кожны дзень накіроўваюцца ўпраўныя цёшчы і свякрухі, з кухаркамі ззаду, рабіць свае гаспадарчыя запасы, і дзе гарамі бялее ўсякае дрэва, шытае, точанае, праўленае і плеценае: бочкі, кадушкі, цэбры, вёдры, жбаны з рыльцамі і без рыльцаў, конаўкі, кошыкі, мыкальнікі, куды бабы кладуць свае мычкі ільну і іншую дробязь, корабы з тонкай гнутай асіны, буракі з плеценай бяросты і шмат усяго, што ідзе на патрэбу багатай і беднай Русі. Здавалася-б, навошта патрэбна была Плюшкіну такая процьма падобных вырабаў? за ўсё жыццё не ўдалося-б скарыстаць іх нават на два такія маёнткі, якія былі ў яго, — але яму і гэтага здавалася мала. Не здавальняючыся гэтым, ён хадзіў яшчэ кожны дзень па вуліцах сваёй вёскі, заглядаў пад мосцікі, пад перакладзіны, і ўсё, што ні траплялася яму, старая падэшва, бабская ануча, жалезны цвік, гліняны чарапок, — усё цягнуў да сябе і складаў у тую кучу, якую Чычыкаў заўважыў у кутку пакоя. «Вунь, ужо рыбалоў пайшоў на паляванне!» гаварылі мужыкі, згледзеўшы, што ён ідзе на здабычу. I сапраўды, пасля яго не трэба было месці вуліцу: здаралася праязджаўшаму афіцэру згубіць шпору, шпора гэтая ўмомант трапляла ў вядомую кучу; калі баба, як-небудзь загаварыўшыся каля студні, забывала вядро, ён цягнуў і вядро. Аднак, калі прымеціўшы мужык выкрываў яго тут-жа, ён не спрачаўся і аддаваў украдзеную рэч; але калі толькі яна трапляла ў кучу, тады ўсё скончана: ён бажыўся, што рэч яго, куплена ім тады і тады, у таго і таго, або дасталася ад дзеда. У пакоі сваім ён падымаў з падлогі ўсё, што ні бачыў: сургучык, кавалачак: паперкі, пёрка і ўсё гэта клаў на бюро ці на акенца.

А быў-жа час, калі ён быў толькі ашчадным гаспадаром, быў жанаты і сем’янін, і сусед заязджаў да яго паабедаць, слухаць і вучыцца ў яго гаспадарцы і мудрай скупасці. Усё ішло жвава і адбывалася размераным ходам: рухаліся млыны, валяльні, працавалі суконныя фабрыкі, сталярныя варштаты, прадзільні; усюды і да ўсяго даходзіла пільнае вока гаспадара і, як працавіты павук, бегаў, клапатліва, але ўвішна, па ўсіх канцах свайго гаспадарчага павуціння. Занадта моцныя пачуцці не адбіваліся ў рысах яго твару, але ў вачах быў відаць розум; спрактыкаванасцю і пазнаннем свету была прасякнута гаворка яго, і гасцю было прыемна яго слухаць; ветлівая і гаваркая гаспадыня славілася гасціннасцю; насустрач выходзілі дзве прыгожыя дачкі, абедзве бялявыя і свежыя, як ружы; выбягаў сын, шустры хлапчук і цалаваўся з усімі, мала звяртаючы ўвагі на тое, ці рады ці не рады быў гэтаму госць. У доме былі адчынены ўсе вокны, антрэсолі былі заняты пад кватэру настаўніка-француза, які ўдала галіўся і быў выдатны стралок: прыносіў заўсёды на абед цецерукоў ці качак, а часам і адны вераб’іныя яечкі, з якіх заказваў сабе яечню, таму што больш у цэлым доме ніхто яе не еў. На антрэсолях жыла таксама яго компатрыётка [40], настаўніца двух дзяўчат. Сам гаспадар з’яўляўся да стала ў сурдуце, хоць крыху паношаным, але ахайным, локці былі ў парадку; нідзе ніякай латы. Але добрая гаспадыня памерла; частка ключоў, а з імі і дробнага клопату перайшло да яго. Плюшкін зрабіўся неспакойнейшым і, як усе ўдаўцы, больш падазроным і скупым. На старэйшую дачку Аляксандру Сцяпанаўну ён не мог цалкам спадзявацца, ды і меў падставы, бо Аляксандра Сцяпанаўна хутка ўцякла з штабс-ротмістрам, бог ведае якога кавалерыйскага палка, і павянчалася з ім недзе наспех, у вясковай царкве, ведаючы, што бацька не любіць афіцэраў па дзіўным, загадзя складзеным пераконанні, быццам усе вайсковыя карцёжнікі і мацішкі. Бацька паслаў ёй на дарогу праклён, а праследаваць не клапаціўся. У доме зрабілася яшчэ пусцей. У гаспадара пачала больш прыкметна выяўляцца скупасць; бліснуўшая ў жорсткіх валасах яго сівізна, верная падруга яе, дапамагла ёй развіцца яшчэ больш; настаўнік-француз быў адпушчаны, бо сыну падышла пара на службу; мадам была прагнана, бо мела грэх за ўдзел ва ўцёках Аляксандры Сцяпанаўны; сын адпраўлены ў губернскі горад з тым, каб пазнаёміцца ў палаце, на думку бацькі, са службай грунтоўнай, паступіў замест гэтага ў полк і напісаў бацьку пасля ўжо свайго паступлення, просячы грошай на абмундзіраванне; зусім натуральна, што ён атрымаў на гэта тое, што называецца ў простым народзе кукіш. Нарэшце, апошняя дачка, якая засталася з ім у доме, памерла, і стары апынуўся адзін вартаўніком, хавальнікам і ўладаром сваіх багаццяў. Адзінокае жыццё дало багатую спажыву скупасці, якая, як вядома, мае воўчы голад і чым больш зжырае, тым больш робіцца ненаеднай; чалавечыя пачуцці, якія і без таго не былі ў ім глыбокія, мялелі штохвілінна, і кожны дзень што-небудзь трацілася ў гэтай зношанай руіне. А яшчэ здарылася пад такую хвіліну, быццам знарок, у падцверджанне яго погляду аб вайсковых, што сын яго прагуляўся ў карты, ён паслаў яму ад душы свой бацькоўскі праклён і ніколі ўжо не пацікавіўся, ці існуе ён на свеце, ці не. З кожным годам прычыняліся вокны ў яго доме, нарэшце засталіся толькі два, з якіх адно, як ужо бачыў чытач, было заклеена паперай; з кожным годам знікалі з-пад увагі, усё больш і больш, галоўныя часткі гаспадаркі, і дробны позірк яго звяртаўся да паперак і пёраў, якія ён збіраў у сваім пакоі; усё цяжэй было сыходзіцца яму з пакупнікамі, якія прыязджалі забіраць у яго гаспадарчую прадукцыю; пакупнікі таргаваліся, таргаваліся і нарэшце кінулі яго зусім, сказаўшы, што гэта чорт, а не чалавек; сена і хлеб гнілі, сцірты і стагі ператвараліся ў чысты гной, хоць садзі на іх капусту, мука ў падвалах ператваралася ў камень, і яе трэба было рассякаць, да сукнаў, да палотнаў і хатніх тканін страшна было дакрануцца: яны ператвараліся ў пыл. Ён пазабываўся ўжо сам, колькі ў яго было чаго, і помніў толькі, у якім месцы стаяў у яго ў шафе графінчык з рэшткамі якой-небудзь настойкі, на якім ён сам зрабіў адзнаку, каб ніхто зладзейскім чынам яе не выпіў, ды дзе ляжала пёрка ці сургучык. А між тым у гаспадарцы прыбыткі збіраліся, як і раней: столькі-ж аброку павінен быў прынесці мужык, такім-жа прыносам арэхаў абкладзена была кожная баба, столькі-ж сувояў палатна павінна была наткаць ткачыха — усё гэта звальвалася ў кладоўкі і ўсё рабілася гніллю і прарэхай, і сам ён ператварыўся, нарэшце, у нейкую прарэху на чалавецтве. Аляксандра Сцяпанаўна неяк прыязджала разы два з маленькім сынком, выпрабоўваючы, ці нельга што-небудзь атрымаць; відаць паходнае жыццё са штабс-ротмістрам не было такім прывабным, якім здавалася да вяселля. Плюшкін аднак-жа ёй дараваў і нават даў маленькаму ўнуку пагуляць нейкім гузікам, які ляжаў на стале, але грошай ані не даў. Другім разам Аляксандра Сцяпанаўна прыехала з двума малымі і прывезла яму куліч да чаю і новы халат, бо ў бацькі быў такі халат, на які глядзець не толькі было няёмка, але нават сорамна. Плюшкін палашчыў абодвух унукаў і, пасадзіўшы іх сабе аднаго на правае калена, а другога на левае, пагушкаў іх якраз такім чынам, як быццам яны ехалі на конях, куліч і халат узяў, але дачцы зусім нічога не даў; з тым і паехала Аляксандра Сцяпанаўна.

Дык вось якога роду памешчык стаяў перад Чычыкавым! Трэба сказаць, што такая з’ява рэдка трапляецца на Русі, дзе ўсё любіць хутчэй разгарнуцца, чым сціснуцца, і тым больш уражае яно, што тут-жа ў суседстве трапіцца памешчык, які гуляе на ўсю шырыню рускага ўдальства і панства, які марнатравіць, як кажуць, наскрозь жыццё. Небывалы праезджы спыніцца са здзіўленнем, убачыўшы яго жытло, не цямячы, які ўладарны прынц апынуўся раптам сярод маленькіх, цёмных уласнікаў: палацамі глядзяць яго белыя, каменныя дамы з незлічоным мноствам комінаў, бельведэраў, флюгераў, абкружаныя статкам флігеляў і ўсякімі памяшканнямі для прыезджых гасцей. Чаго толькі няма ў яго? Тэатры, балы; усю ноч ззяе аздоблены агнямі і плошкамі, напоўнены громам музыкі сад. Поўгуберні шыкоўна і весела гуляе пад дрэвамі, і ніхто не бачыць нічога дзікага і пагражаючага ў гэтым гвалтоўным асвятленні, калі тэатральна выскаквае з гушчару дрэў аблітая фальшывым святлом галіна, пазбаўленая сваёй яркай зеляніны, а ўгары больш цёмна і сурова, і ў дваццаць разоў больш грозна паўстае праз гэта начное неба, і, далёка трапечучы лісцем у вышыні, адыходзячы глыбей у неабудны змрок, абураюцца суровыя верхавіны дрэў на гэты мішурны бляск, што асвятліў знізу іх карэнне.

Ужо некалькі хвілін стаяў Плюшкін, не кажучы ні слова, а Чычыкаў усё яшчэ не мог распачаць размовы, зацікаўлены як выглядам самога гаспадара, так і ўсяго таго, што было ў яго пакоі. Доўга не мог ён прыдумаць, якімі-б словамі выказаць прычыну свайго наведвання. Ён ужо хацеў выказацца ў такім духу, што, наслухаўшыся аб добрых якасцях і выключных уласцівасцях яго душы, палічыў за абавязак прынесці асабіста даніну павагі, але схамянуўся і адчуў, што гэта занадта. Кінуўшы скоса яшчэ адзін позірк на ўсё, што было ў пакоі, ён адчуў, што словы добрыя якасці і выключныя ўласцівасці душы можна з поспехам замяніць словамі: эканомія і парадак; таму перайначыўшы такім чынам прамову, ён сказаў, што, наслухаўшыся аб эканоміі яго і выключным кіраванні маёнткамі, ён палічыў за абавязак пазнаёміцца і прынесці асабіста сваё шанаванне. Вядома, можна-б было прывесці іншую, лепшую прычыну, але нічога іншага не трапіла тады на думку.

На гэта Плюшкін штосьці прамармытаў праз губы, — бо зубоў не было, што іменна, невядома, але, мабыць, сэнс быў такі: «А пабраў-бы цябе чорт з тваім шанаваннем!» Але паколькі гасціннасць у нас такая шырокая, што і скнара не можа пераступіць яе законаў, дык ён дадаў тут-жа больш выразна: «Прашу пакорна садзіцца!»

«Я даўнавата не бачу гасцей», сказаў ён: «ды, прызнацца сказаць, мала бачу ў іх карысці. Завялі непрыстойнейшы звычай ездзіць адзін да другога, а ў гаспадарцы недагляд... Ды і коней іх кармі сенам! Я ўжо даўно паабедаў, а кухня ў мяне нізкая, надзвычай дрэнная, і комін зусім абваліўся, пачнеш паліць, яшчэ пажару наробіш».

«Вось яно як!» падумаў сам сабе Чычыкаў, «добра-ж, што я ў Сабакевіча перахапіў ватрушку, ды кавалак барановага бока».

«I такі паганы анекдот, што сена хоць-бы жменя ў цэлай гаспадарцы!» гаварыў далей Плюшкін. «Ды і сапраўды, як прыхаваеш яго? зямліца маленькая, мужык гультай, працаваць не любіць, думае, як-бы ў карчму... таго і глядзі, пойдзеш на старасці год з торбай!»

«Мне, аднак-жа, казалі», сціпла заўважыў Чычыкаў: «што ў вас больш за тысячу душ».

«А хто гэта казаў! А вы-б, бацюхна, наплявалі ў вочы таму, хто гэта казаў! Ён, насмешнік, відаць, хацеў пажартаваць з вас. Вось, кажуць, тысяча душ, а паспрабуй палічы, дык нічога і не налічыш! Апошнія тры гады праклятая гарачка вымарыла ў мяне вялізны куш мужыкоў.

«Скажыце! і шмат вымарыла?» выгукнуў Чычыкаў са спагадай.

«Не буду хлусіць, бацюхна».

«Дазвольце яшчэ запытацца: гэтыя-ж душы, я мяркую, вы лічыце з дня падачы апошняй рэвізіі?»

«Гэта-б яшчэ дзякуй богу», сказаў Плюшкін, «ды бяда вось, што з таго часу да ста дваццаці назбіраецца».

«Праўда? цэлых сто дваццаць?» выгукнуў Чычыкаў і нават разявіў крыху рот ад здзіўлення.

«Я стары, бацюхна, хлусіць: сёмы дзесятак жыву!» сказаў Плюшкін. Ён, здавалася, пакрыўдзіўся такім, амаль радасным, выгукам. Чычыкаў заўважыў, што такая абыякавасць да чужога гора сапраўды непрыстойна, і таму ўздыхнуў тут-жа і сказаў, што спачувае.

«Ды спачуванне-ж у кішэню не пакладзеш», сказаў Плюшкін. «Вось, каля мяне жыве капітан, чорт яго ведае, адкуль узяўся, кажа сваяк: дзядзечка, дзядзечка! і ў руку цалуе, а як пачне спачуваць, выццё такое ўзнімае, што вушы беражы. З твару ўвесь чырвоны: да пенніку, мабыць, вялікую схільнасць мае. Пэўна, спусціў грошыкі, служачы ў афіцэрах, або тэатральная актрыса вымантачыла, дык вось ён цяпер і спачувае».

Чычыкаў пастараўся растлумачыць, што яго спачуванне зусім не такое, як капітанскае, і што ён не пустымі словамі, а справай гатоў давесці яго і, не адкладаючы справы далей, без ускосных размоў, тут-жа выказаў гатоўнасць прыняць на сябе абавязак плаціць падаткі за ўсіх сялян, якія памерлі ад такіх няшчасных выпадкаў. Прапанова, здавалася, канчаткова здзівіла Плюшкіна. Ён, вылупіўшы вочы, доўга глядзеў на яго і, нарэшце, запытаў: «Ды вы, бацюхна, ці не служылі часам у ваеннай службе?»

«Не», адказаў Чычыкаў даволі хітра: «служыў па цывільнай».

«Па цывільнай?» паўтарыў Плюшкін і пачаў жаваць губамі, як быццам штосьці еў. «Ды як-жа гэта? Гэта-ж вам самім утратна?»

«Для вашай прыемнасці гатоў і на страты».

«Ах, бацюхна! ах, дабрадзей мой!» ускрыкнуў Плюшкін, не заўважаючы ад радасці, што з носа ў яго вельмі немаляўніча вылезла табака накшталт густога кофе, і крыссе халата, расхінуўшыся, паказала адзенне, не вельмі прыстойнае для разглядання. «Вось уцешылі старога! Ах, божа ты мой! ах, свяціцелі вы мае!..» Далей Плюшкін і гаварыць не мог. Але не прайшло і хвіліны, як гэтая радасць, якая так імгненна з’явілася на драўляным твары яго, гэтак-жа імгненна і знікла, быццам яе зусім не было, і твар яго зноў набыў заклапочаны выраз. Ён нават абцёрся хустачкай і, згарнуўшы яе ў камяк, пачаў вазіць ёю сябе па верхняй губе.

«Як-жа, з дазволу вашага, каб не раззлаваць вас, вы за кожны год падручаецеся плаціць за іх падаткі? і грошы будзеце выдаваць мне ці ў казну?»

«Ды мы вось як зробім: мы складзем на іх купчую крэпасць, быццам яны жывыя і быццам вы іх мне прадалі».

«Так, купчую крэпасць...» сказаў Плюшкін, задумаўся і пачаў зноў жаваць губамі. «Вось-жа купчую крэпасць — усё выдаткі. У прыказных зусім сумлення няма! Раней бывала поўрублём медзі адчэпішся, ды мехам мукі, а цяпер пашлі цэлы воз круп, ды і чырвоную паперку дадай, такое срэбралюбства! Я не ведаю, як гэта ніхто не зверне на гэта ўвагі. Ну, сказаў-бы яму як-небудзь душаратуючае слова!

Словам-жа хоць каго проймеш. Хто што ні кажы, а супраць душаратоўчага слова не ўстоіш».

«Ну ты, я мяркую, устоіш!» падумаў сам сабе Чычыкаў і сказаў тут-жа, што, з пашаны да яго, ён гатоў прыняць нават выдаткі па купчай на свой кошт.

Пачуўшы, што нават выдаткі па купчай ён прымае на сябе, Плюшкін зрабіў вывад, што госць, мабыць, зусім дурны, і толькі прыкідваецца, быццам служыў па цывільнай, а пэўна быў у афіцэрах і валачыўся за акторкамі. Пры ўсім гэтым ён аднак-жа не мог утаіць сваёй радасці і пажадаў усякіх уцех не толькі яму, але нават і дзеткам яго, не запытаўшы, ці былі яны ў яго, ці не. Падышоўшы да акна, пастукаў ён пальцам у шыбу і закрычаў: «Гэй, Прошка!» Праз хвіліну было чуваць, хтосьці ўбег задыхаўшыся ў сенцы, доўга корпаўся там і стукаў ботамі, нарэшце, дзверы адчыніліся і ўвайшоў Прошка, хлопчык гадоў трынаццаці, у такіх вялікіх ботах, што ступаючы ледзь не выцягнуў з іх ногі. Чаму ў Прошкі былі такія вялікія боты, аб гэтым можна даведацца зараз-жа: у Плюшкіна для ўсёй дворні, колькі ні было яе ў доме, былі адны толькі боты, якія павінны былі заўсёды знаходзіцца ў сенцах. Кожны, каго клікалі ў панскія пакоі, звычайна скакаў праз увесь двор босы, але, уваходзячы ў сенцы, абуваў боты і такім ужо чынам з’яўляўся ў пакой. Выходзячы з пакоя, ён пакідаў боты зноў у сенцах і ішоў зноў на ўласнай падэшве. Калі-б хто глянуў з акна ў асеннюю пару і асабліва калі раніцамі пачынаюцца маленькія замаразкі, дык убачыў-бы, што ўся дворня рабіла такія падскокі, якія наўрад ці ўдасца вырабіць на тэатрах самаму спрытнаму танцоўшчыку.

«Вось паглядзіце, бацюхна, якая морда!» сказаў Плюшкін Чычыкаву, паказваючы пальцам на твар Прошкі. «Дурны-ж як дрэва, а спрабуй што-небудзь палажыць, умомант украдзе! Ну, чаго ты прышоў, дурань, скажы чаго?» Тут ён зрабіў невялічкую маўчанку, на што Прошка адказаў таксама маўчаннем. «Пастаў самавар, — чуеш? ды вось вазьмі ключ ды аддай Маўры, каб пайшла ў кладоўку: там на паліцы ёсць сухар з куліча, які прывезла Аляксандра Сцяпанаўна, — каб падалі яго да чаю!.. пачакай, куды ты? дурніца, эхва, дурніца!.. Чорт у цябе ў нагах свярбіць, ці што?.. ты выслухай перш: сухар зверху, пэўна, папсаваўся, дык няхай саскрабе яго нажом, ды крошак не кідае, а занясе ў курасадню. Ды глядзі ты, ты не ўваходзь, брат, у кладоўку, а то я цябе, ведаеш! бярозавым венікам, каб для смаку! вось у цябе цяпер добры апетыт, дык каб быў яшчэ лепшы. Вось папрабуй пайсці ў кладоўку, а я тым часам з акна буду глядзець. Ім ні ў чым нельга верыць», гаварыў ён далей, звярнуўшыся да Чычыкава, пасля таго як Прошка знік разам са сваімі ботамі. Услед за тым ён пачаў і на Чычыкава паглядаць падазрона. Рысы такой незвычайнай велікадушнасці сталі яму здавацца непраўдападобнымі, і ён падумаў сам сабе: «Чорт-жа яго ведае, можа быць ён проста хвалько, як усе гэтыя мацішкі; нахлусіць, нахлусіць, каб пагаварыць, ды напіцца чаю, а потым і паедзе!» А таму з перасцярогі і разам з тым жадаючы некалькі выпрабаваць яго, сказаў ён, што нядрэнна было-б скласці купчую хутчэй, бо ў чалавеку, бачыш, няма пэўнасці: сёння жыве, а заўтра бог ведае.

Чычыкаў выказаў гатоўнасць скласці хоць у гэтую-ж хвіліну і папрасіў толькі спіс усіх сялян.

Гэта супакоіла Плюшкіна. Прыкметна было, што ён прыдумваў нешта зрабіць, і сапраўды, узяўшы ключы, наблізіўся да шафы і, адамкнуўшы дзверцы, доўга корпаўся паміж шлянкамі і кубачкамі і нарэшце прамовіў: «Вось-жа не адшукаеш, а ў мяне быў слаўны лікёрчык, калі толькі не выпілі! народ, такія зладзеі! А вось хіба ці не гэта ён?» Чычыкаў убачыў у руках яго графінчык, які быў увесь у пыле, як у фуфайцы. «Яшчэ нябожчыца рабіла», гаварыў далей Плюшкін: «шэльма-ключніца зусім была яго закінула і нават не закаркавала, шэльма! Казюлькі і розная дрэнь былі налезлі туды, але я ўсё смецце падаставаў і цяпер вось чысценькі, я вам налью чарачку».

Але Чычыкаў пастараўся адмовіцца ад такога лікёрчыка, сказаўшы, што ён ужо і еў, і піў.

«Пілі ўжо і елі», сказаў Плюшкін: «Так вядома, прыстойных колаў чалавека хоць дзе пазнаеш: ён не есць, а не галодны; а як гэткі які-небудзь зладзюжка, ды яго колькі ні кармі... Вось-жа, як капітан прыедзе: «Дзядзечка», кажа, «дайце чаго-небудзь з’есці!» А я яму такі-ж дзядзечка, як ён мне дзядуля. У сябе дома есці, пэўна, няма чаго, дык вось ён і бадзяецца! Ага, вам-жа патрэбен рэестрык усіх гэтых дармаедаў? Як-жа, я нібыта ведаў, усіх іх спісаў на асобную паперку, каб пры першай падачы рэвізіі ўсіх іх выкасаваць». Плюшкін надзеў акуляры і пачаў перакопваць паперы. Развязваючы розныя звязкі, ён пачаставаў свайго госця такім пылам, што той чхнуў. Нарэшце, выцягнуў паперку, усю спісаную да звання. Сялянскія імёны ўсыпалі яе цесна, як мошкі. Былі тут усякія: і Парамонаў, і Піменаў, і Панцелеймонаў, і нават выглянуў нейкі Грыгорый Даязджай-не-даедзеш; усіх было больш за сто дваццаць. Чычыкаў усміхнуўся, убачыўшы такое мноства. Схаваўшы яе ў кішэню, ён заўважыў Плюшкіну, што яму трэба будзе для напісання крэпасці прыехаць у горад.

«У горад? Ды як-жа?.. А дом як пакінуць? У мяне-ж народ або злодзей, або шэльма: за дзень так абчысцяць, што і кафтана не будзе на чым павесіць».

«Дык ці не маеце каго знаёмага?»

«Ды каго-ж знаёмага? Усе мае знаёмыя памерлі, або раззнаёміліся. Ах, бацюхна! як не мець, маю!» закрычаў ён. «Знаёмы-ж мне сам старшыня, прыязджаў нават у старыя гады да мяне, як не ведаць! аднакарытнікамі былі, разам па платах лазілі! Як не знаёмы? такі ўжо знаёмы! дык ці не да яго ўжо напісаць!»

«I вядома да яго».

«Як-жа, такі ўжо знаёмы! у школе былі прыяцелі».

I на гэтым драўляным твары раптам мільгануў нейкі цёплы прамень, выявілася не пачуццё, а нейкі бледны адбітак пачуцця, з’ява, падобная да нечаканага з’яўлення на паверхні вады тапельца, які выклікаў радасны крык у натоўпе, што абступіў бераг. Але дарэмна ўзрадаваныя браты і сёстры кідаюць з берагу вяроўку і чакаюць, ці не мільгне зноў спіна, або стомленыя намаганнямі рукі — з’яўлённе было апошнім. Глуха ўсё, і яшчэ больш страшнай і пустыннай робіцца пасля таго заціхшая паверхня стыхіі. Так і твар Плюшкіна ўслед за мільгануўшым на ім пачуццём зрабіўся яшчэ больш бяздушным і яшчэ больш пошлым.

«Ляжала на стале чвэртка чыстай паперы», сказаў ён, «ды не ведаю, куды запрапала: людзі ў мяне такія нягоднікі!» Тут пачаў ён заглядаць пад стол, і на стол, шукаў усюды і нарэшце закрычаў: «Маўра! а Маўра!» На голас з’явілася жанчына з талеркай у руках, на якой ляжаў сухар, ужо вядомы чытачу. I між імі адбылася такая размова:

«Куды ты падзела, разбойніца, паперу?»

«Дальбог, пане, не бачыла, апрача невялікага кавалачка, якім вы мелі ласку накрыць чарку».

«А вось я па вачах бачу, што падцібрыла».

«Ды нашто-ж бы я падцібрыла? Мне-ж карысці з яе ніякай, я-ж граматы не ведаю».

«Хлусіш, ты занесла панамарчуку: ён крыху разумее, дык ты яму і занесла».

«Ды панамарчук, калі захоча, дык дастане сабе паперы. Не бачыў ён вашага шматка».

«Вось пачакай-жа: на страшным судзе чэрці прыпякуць цябе за гэта жалезнымі рагаткамі, вось пабачыш, як прыпякуць!»

«Ды за што-ж прыпякуць, калі я не брала і ў рукі чвэрткі? Хутчэй ужо другой якой бабскай слабасцю, а зладзействам мяне яшчэ ніхто не папракаў».

«А вось чэрці цябе і прыпякуць! скажуць: «А вось табе, шэльма, за тое, што пана ашуквала!» ды гарачым вось цябе і прыпякуць».

«А я скажу: «няма за што! дальбог, няма за што, не брала я»... Ды вунь яна ляжыць на стале. Заўсёды без дай-прычыны папракаеце!»

Плюшкін убачыў, сапраўды, чвэртку і на хвіліну спыніўся, пажаваў губамі і сказаў: «Ну, што-ж ты расхадзілася так: вось якая задзірлівая! Ёй скажы толькі адно слова, а яна ўжо ў адказ дзесяць! Схадзі вось прынясі агню запячатаць пісьмо. Ды чакай, ты схопіш сальную свечку, сала справа топкая: згарыць — ды і няма, толькі страта, а ты прынясі вось мне лучынку!»

Маўра пайшла, а Плюшкін, сеўшы ў крэсла і ўзяўшы ў рукі пяро, доўга яшчэ варочаў на ўсе бакі чвэртку, прыдумваючы: ці нельга адарваць ад яе яшчэ васьмушку, але нарэшце пераканаўся, што ніяк нельга; усунуў пяро ў чарнільніцу з нейкай запляснелай вадкасцю і мноствам мух на дне і пачаў пісаць, выстаўляючы літары, падобныя да музычных нот, стрымліваючы штохвіліны спрыт рукі, якая расскоквалася па ўсёй паперы, лепячы скупа радок на радок і не без жалю падумваючы аб тым, што ўсё яшчэ застаецца шмат чыстага месца.

I да такой нікчэмнасці, дробязнасці, гадасці мог апусціцца чалавек! мог так змяніцца! I падобна гэта да праўды? Усё падобна да праўды, усё можа здарыцца з чалавекам. Цяперашні-ж палкі юнак адскочыў-бы з жахам, калі-б паказалі яму яго-ж партрэт у старасці. Забірайце-ж з сабой у дарогу, выходзячы з мяккіх юнацкіх гадоў у суровую жорсткую мужнасць, забірайце з сабой усе чалавечыя пачуцці, не пакідайце іх на дарозе, не падымеце потым! Грозная і страшная старасць, што чакае нас наперадзе, і нічога не зварочвае, нічога не аддае назад! Магіла больш міласэрная за яе, на магіле напішацца: тут пахаваны чалавек! але нічога не прачытаеш у халодных бяздушных рысах бесчалавечнай старасці.

«А ці не ведаеце вы якога-небудзь вашага прыяцеля?» сказаў Плюшкін, складаючы ліст: «якому-б патрэбны былі беглыя душы».

«А ў вас ёсць і беглыя?», хутка запытаў Чычыкаў схамянуўшыся.

«Вось у тым і справа, што ёсць. Зяць прабаваў даведвацца: гаворыць, быццам і след іх прастыў, але-ж ён чалавек ваенны: майстар прытупваць шпорай, а каб зрабіць захады па судах...»

«А колькі іх будзе лікам?»

«Ды дзесяткаў да сямі таксама назбіраецца».

«Ну?!»

«А дальбог так! У мяне-ж што ні год, то ўцякаюць. Народ ужо вельмі ненажэрны, ад гультаявання завёў прывычку жэрці, а ў мяне есці і самому няма чаго... А я-ж бы за іх, што ні дай, узяў-бы. Дык парайце вашаму прыяцелю вось: калі знойдзецца толькі дзесятак, дык і то ўжо ў яго добрыя грошы. Бо рэвізская душа каштуе пяцьсот рублёў».

«Не, гэтага мы прыяцелю і панюхаць не дамо», сказаў сам сабе Чычыкаў і потым растлумачыў, што такога прыяцеля ніяк не знойдзецца, што адны выдаткі па гэтай справе будуць каштаваць больш; бо ад судоў трэба адразаць крыссе ўласнага кафтана, ды ўцякаць як мага далей; але калі яму сапраўды так скрутна, дык, будучы ўзрушаны спачуваннем, ён гатоў даць.. але што гэта такая драбніца, аб якой не варта нават і гаварыць.

«А колькі-б вы далі?» запытаўся Плюшкін і сам ажыдавеў: рукі яго задрыжэлі, як жывое срэбра.

«Я даў-бы па дваццаць пяць капеек за душу».

«А як вы купляеце, на чыстыя?»

«Так, зараз грошы».

«Толькі, бацюхна, дзеля беднасці маёй, ужо далі-б па сорак капеек».

«Шаноўнейшы!» сказаў Чычыкаў. «Не толькі па сорак капеек, па пяцьсот рублёў заплаціў-бы! з прыемнасцю заплаціў-бы, таму што бачу паважаны, добры стары церпіць праз уласную дабрадушнасць».

«А дальбог так! дальбог, праўда!» сказаў Плюшкін, апусціўшы галаву ўніз і засмучана паківаўшы ёю: «усё ад дабрадушнасці».

«Вось бачыце, я раптам зразумеў ваш характар. Значыць, чаму-ж не даць-бы мне па пяцьсот рублёў за душу, але... сродкаў няма; па пяць капеек, калі хочаце, гатоў дадаць, каб кожная душа абышлася такім чынам па трыццаць капеек».

«Ну, бацюхна, воля ваша, хоць па дзве капейкі дадайце».

«Па дзве капейкі дадам, хай будзе па-вашаму. Колькі іх у вас? Вы, здаецца, казалі семдзесят?»

«Не. Усяго назбіраецца семдзесят восем».

«Семдзесят восем, семдзесят восем, па трыццаць капеек за душу, гэта будзе...» тут герой наш адну секунду, не больш, падумаў і сказаў раптам: «гэта будзе дваццаць чатыры рублі дзевяноста шэсць капеек!» Ён быў у арыфметыцы моцны. Тут-жа прымусіў ён Плюшкіна напісаць распіску і выдаў яму грошы, якія той прыняў у абедзве рукі і панёс іх да бюро з такой асцярожнасцю, як быццам-бы нёс якую-небудзь вадкасць, штохвіліны баючыся расплёскаць яе. Падышоўшы да бюро, ён перагледзеў іх яшчэ раз і паклаў таксама надзвычай асцярожна ў адну з шуфляд, дзе, пэўна, ім суджана быць пахаванымі да таго часу, пакуль айцец Карп і айцец Палікарп, два свяшчэннікі яго вёскі, не пахаваюць яго самога, на невыказную радасць зяця і дачкі, а магчыма і капітана, які прыпісаўся яму ў радню. Схаваўшы грошы, Плюшкін сеў у крэсла і ўжо, здавалася, больш не мог знайсці матэрыі, пра што гаварыць.

«А што, вы ўжо збіраецеся ехаць? сказаў ён, заўважыўшы невялікі рух, які зрабіў Чычыкаў для таго толькі, каб дастаць з кішэні хустачку.

Гэтае запытанне напомніла яму, што сапраўды няма чаго больш марудзіць. «Так, мне пара!» сказаў ён, узяўшыся за капялюш.

«А чайку?»

«Не, чайку ўжо няхай лепш як-небудзь другім разам».

«Як-жа, а я загадаў самавар. Я, прызнацца сказаць, не ахвотнік да чаю: пітво дарагое, ды і цана на цукар узнялася неміласэрная. Прошка! не трэба самавара! Сухар занясі Маўры, чуеш: няхай яго пакладзе на тое-ж месца, ці не, падай яго сюды, я ўжо занясу яго сам. Бывайце, бацюхна, хай блаславіць вас бог! А пісьмо старшыні вы аддайце. Так! няхай прачытае, ён мой стары знаёмы. Як-жа! былі з ім аднакарытнікамі!»

Потым, гэтая дзіўная з’ява, гэты скурчаны дзядуля правёў яго з двара, пасля чаго загадаў вароты зараз-жа замкнуць, потым абышоў кладоўкі, з тым, каб агледзець, ці на сваіх месцах вартаўнікі, якія стаялі на ўсіх рагах, барабанячы драўлянымі лапаткамі ў пустую бочку, замест чыгуннай дошкі; пасля гэтага зайшоў у кухню, дзе пад выглядам таго, каб пакаштаваць, ці добра харчуюцца людзі, ніштавата наеўся капусты з кашай і, вылаяўшы ўсіх да апошняга за зладзейства і кепскія паводзіны, вярнуўся ў свой пакой. Застаўшыся адзін, ён нават падумаў аб тым, як-бы гэта яму аддзякаваць гасцю за такую, сапраўды, бяспрыкладную велікадушнасць. «Я яму падарую», падумаў ён сам сабе, «кішанёвы гадзіннік: ён-жа добры, срэбны гадзіннік, а не які-небудзь тампаковы, або бронзавы, крыху папсаваны, ды ён-жа сабе паправіць; ён чалавек яшчэ малады, дык яму патрэбен кішанёвы гадзіннік, каб спадабацца сваёй нявесце! Ці не», дадаў ён пасля некаторага разважання, «лепш я пакіну яго яму пасля маёй смерці, у духоўнай, каб успамінаў пра мяне».

Але герой наш і без гадзінніка быў у самым найлепшым настроі. Такі нечаканы здабытак быў сапраўдным падарункам. Сапраўды, што ні кажы, не толькі адны мёртвыя душы, але яшчэ і беглыя і ўсяго дзвесце з лішкам чалавек! Вядома, яшчэ пад’язджаючы да вёскі Плюшкіна, ён прадчуваў ужо, што будзе такая-сякая пажыва, але такой прыбытачнай ніяк не чакаў. Усю дарогу ён быў надзвычай вясёлы, пасвістваў, наігрываў губамі, прыставіўшы да рота кулак, быццам іграў на трубе, і нарэшце зацягнуў нейкую песню, да такой ступені незвычайную, што сам Селіфан слухаў, слухаў і потым, паківаўшы крыху галавой, сказаў: «бачыш ты, як пан спявае!» Ужо быў густы змрок, калі яны пад’ехалі да горада. Цень са святлом перамяшалася зусім і, здавалася, самыя прадметы перамяшаліся таксама. Стракаты шлагбаум набыў нейкі невыразны колер; вусы ў стаяўшага на пасту салдата здаваліся на ілбу і значна вышэй вачэй, а носа як быццам не было зусім. Грукат і штуршкі далі адчуць, што брычка ўз’ехала на брук. Ліхтары яшчэ не запальваліся, дзе-ні-дзе толькі пачыналі асвятляцца вокны дамоў, а ў завулках і закутках адбываліся сцэны і размовы, неразлучныя з гэтым часам ва ўсіх гарадах, дзе многа салдатаў і рамізнікаў, работнікаў і асаблівага роду істот, у выглядзе дам у чырвоных шалях і чаравіках без панчох, якія, нібы лятучыя мышы, шныпараць па скрыжаваннях вуліц. Чычыкаў не заўважаў іх і нават не заўважыў шмат якіх тоненькіх чыноўнікаў з трасцінкамі, якія, пэўна, зрабіўшы прагулку за горад, вярталіся дамоў. Зрэдку даходзілі да вуха яго нейкія, здавалася, жаночыя выгукі: «хлусіш, п’яніца! я ніколі не дазваляла яму такога грубіянства!» або: «ты не давай рукам волі, невук, а ідзі ў часць, там я табе давяду!..» Словам, тыя словы, якія раптам абліюць як варам якога-небудзь лятуценнага дваццацігадовага юнака, калі, вяртаючыся з тэатра, нясе ён у галаве іспанскую вуліцу, ноч, чароўны жаночы вобраз з гітарай і кудзерамі. Чаго няма, і што не марыцца ў галаве яго? ён на нябёсах і да Шылера заехаў у госці — і раптам чуюцца над ім, як гром, ракавыя словы, і бачыць ён, што зноў апынуўся на зямлі, і нават на Сеннай плошчы, і нават каля карчмы і зноў пайшло пабудзённаму выстаўляцца перад ім жыццё.

Нарэшце брычка, зрабіўшы добры падскок, апусцілася, як быццам у яму, у вароты гасцініцы, і Чычыкава сустрэў Пятрушка, які адной рукой прытрымліваў крысо свайго сурдута, бо не любіў, каб крыссе расхіналася, а другой пачаў памагаць яму вылазіць з брычкі. Палавы таксама выбег са свечкаю ў руцэ і сарвэткаю на плячы. Ці рады быў Пятрушка прыезду пана, невядома, прынамсі, яны пераміргнуліся з Селіфанам, і звычайна суровы выгляд яго, на гэты раз, як быццам крыху праясніўся.

«Доўга-ж гулялі», сказаў палавы, асвятляючы лесніцу.

«Так», сказаў Чычыкаў, калі ўзышоў на лесніцу. «Ну, а ты што?»

«Дзякуй богу», адказаў палавы, кланяючыся. «Учора прыехаў паручык нейкі ваенны, заняў шаснаццаты нумар».

«Паручык?»

«Невядома які, з Разані, гнядыя коні».

«Добра, добра, трымай сябе і надалей добра!» сказаў Чычыкаў і ўвайшоў у свой пакой. Праходзячы пярэднюю, ён пакруціў носам і сказаў Пятрушку: «Ты-б, прынамсі, хоць вокны адчыніў!»

«Ды я іх адчыняў», сказаў Пятрушка, ды і схлусіў. Між іншым пан і сам ведаў, што ён схлусіў, але ўжо не хацеў пярэчыць. Пасля зробленай паездкі ён адчуваў моцную стомленасць. Заказаўшы самую лёгкую вячэру, якая складалася толькі з парасяці, ён зараз-жа распрануўся і, залезшы пад коўдру, заснуў моцна, заснуў дзівосна, як спяць толькі тыя шчасліўцы, якім невядомы ні гемарой, ні скочкі, ні занадта моцныя разумовыя здольнасці.

РАЗДЗЕЛ VII

Шчаслівы той падарожны, што пасля доўгай нуднай дарогі з яе халадамі, слатой, граззю, заспанымі станцыйнымі даглядчыкамі, бразганнем званкоў, паправамі, лаянкамі, фурманамі, кавалямі і ўсякага роду дарожнымі падлюкамі бачыць нарэшце знаёмы дах з агеньчыкамі, якія імчацца насустрач, і ўстануць перад ім знаёмыя пакоі, радасны крык выбегшых насустрач людзей, шум і беганіна дзяцей і супакойлівыя ціхія размовы, спыняемыя палкімі пацалункамі, здольнымі знішчыць усё сумнае ў памяці. Шчаслівы сем’янін, у каго ёсць такі куток, але гора адзінокаму!

Шчаслівы той пісьменнік, які, абмінаючы характары нудныя, прыкрыя, здзіўляючыя сумнай сваёй сапраўднасцю, набліжаецца да характараў, выяўляючых высокую годнасць чалавека, які з вялікага віру штодзённа мільгаючых вобразаў выбраў адны нешматлікія выключэнні, які не змяняў ні разу ўзвышанага строю сваёй ліры, не спускаўся з вяршыні сваёй да бедных нікчэмных сваіх сабраццяў і, не кранаючыся зямлі, увесь акунаўся ў свае далёка адарваныя ад яе і ўзвялічаныя вобразы. Удвая варта зайздрасці цудоўная доля яго: ён сярод іх, як у роднай сям’і; а між тым далёка і гучна разыходзіцца яго слова. Ён абкурыў чароўным курывам людскія вочы; ён цудоўна пальсціў ім, утаіўшы сумнае ў жыцці, паказаўшы ім прыгожага чалавека. Усё, пляскаючы ў далоні, нясецца за ім і імчыцца ўслед за ўрачыстай яго калясніцай. Вялікім сусветным паэтам называюць яго, лунаючым высока над усімі іншымі геніямі свету, як лунае арол над іншымі высокалётнымі. Пры адным імені яго ўжо ахапляюцца трапятаннем маладыя палкія сэрцы, слёзы ў адказ яму блішчаць ва ўсіх вачах... Няма роўнага яму па сіле — ён бог! Але не такая доля, і інакшы лёс пісьменніка, які адважыўся выклікаць напаверх усё, што кожную хвіліну перад вачамі, і чаго не бачаць абыякавыя вочы, усю страшную, уражаючую твань дробязей, што аблытала наша жыццё, усю глыбіню халодных, раздробленых, штодзённых характараў, а іх поўным-поўна на нашай зямной, часамі горкай і нуднай дарозе, які адважыўся моцнаю сілаю няўмольнага разца выставіць іх выпукла і ярка на ўсенародныя вочы! Яму не сабраць народных воплескаў, яму не бачыць удзячных слёз і аднадушнага захаплення ўсхваляваных ім душ; да яго не паляціць насустрач шаснаццацігадовая дзяўчына з ускружанай галавой і геройскім захапленнем; яму не забыцца ў салодкім зачараванні ім-жа створаных гукаў; яму не ўнікнуць, нарэшце, сучаснага суда, ліцамерна-бяздушнага сучаснага суда, які назаве нікчэмнымі і нізкімі ім выпеставаныя тварэнні, вызначыць яму пагарджаны куток у радзе пісьменнікаў, зневажаючых чалавецтва, надасць яму якасці ім-жа паказаных герояў, адбярэ ад яго і сэрца, і душу, і бажэственнае полымя таленту. Бо не прызнае сучасны суд, што аднолькава цудоўна тое шкло, праз якое аглядаецца сонца, і тое, якое перадае рухі непрыкметных казюлек, бо не прызнае сучасны суд, што, многа трэба душэўнай глыбіні, каб азарыць малюнак, узяты з пагарджанага жыцця, і ўзвесці яго ў перл тварэння; бо не прызнае сучасны суд, што высокі, поўны захаплення смех варты стаць побач з высокім лірычным пачуццём, і што цэлае прадонне паміж ім і крыўляннем балаганнага скамароха! Не прызнае гэтага сучасны суд і ўсё скіруе ў дакор і на знявагу непрызнанаму пісьменніку; без спагады, без адказу, без спачування, як бессямейны падарожны, застанецца ён адзін пасярод дарогі. Суровы яго жыццёвы шлях і горка адчуе ён сваю адзіноту.

I доўга яшчэ вызначана мне цудоўнай уладай ісці поруч з маімі дзіўнымі героямі, азіраць усё велізарна-бурлівае жыццё, азіраць яго праз відочны свету смех і невідочныя, невядомыя яму слёзы! I далёка яшчэ той час, калі іншай крыніцай грозная бура натхнення ўзнімецца з ахутанай святым жахам і ззяннем галавы, і пачуюць ва ўсхвалёваным трапятанні велічны гром іншых размоў...

У дарогу! у дарогу! прэч набегшая на чало маршчына і суровая хмурнасць аблічча! Разам і раптам акунемся ў жыццё з усёй яго бязгучнай траскатнёй, бразгатнёй, і шамкамі, ды паглядзім, што робіць Чычыкаў.

Чычыкаў прачнуўся, пацягнуў рукі і ногі і адчуў, што выспаўся добра. Паляжаўшы хвіліны дзве на спіне, ён пстрыкнуў рукой і ўспомніў з прасвятлелым тварам, што ў яго цяпер без малога чатырыста душ. Тут-жа ўскочыў ён з пасцелі, не паглядзеўшы нават на свой твар, які любіў шчыра і ў якім, як здаецца, прывабнейшым за ўсё лічыў падбародак, бо вельмі часта хваліўся ім перад кім-небудзь з прыяцеляў, асабліва калі гэта адбывалася ў часе галення. «Вось паглядзі», гаварыў ён звычайна, пагладжваючы яго рукой: «які ў мяне падбародак: зусім круглы!» Але цяпер ён не зірнуў ні на падбародак, ні на твар, а проста так, як быў, абуў саф’янавыя боты з разьбянымі выкладкамі розных колераў, якімі бойка гандлюе горад Таржок, дзякуючы халатным пабуджэнням рускай натуры, і па-шатландску, у адной кароткай сарочцы, забыўшы сваю важнасць і прыстойныя сярэднія гады, падскочыў два разы па пакоі, прышлёпнуўшы сябе вельмі лоўка пяткай нагі. Потым у тую-ж хвіліну ўзяўся за справу: перад шкатулкай пацёр рукі з такім-жа здавальненнем, як пацірае іх, выехаўшы на следства, непадкупны земскі суд, падыходзячы да закускі, і зараз-жа дастаў з яе паперы. Яму хацелася хутчэй скончыць усё, не адкладаючы на доўга. Сам вырашыў ён скласці крэпасці, напісаць і перапісаць, каб не плаціць нічога пад’ячым. Форменны парадак быў яму добра вядомы: спрытна выставіў ён вялікімі літарамі: тысяча восемсот такога-та года, потым услед за гэтым дробнымі: памешчык такі і такі і ўсё, што трэба. За дзве гадзіны гатова было ўсё. Калі глянуў ён потым на гэтыя лісткі, на мужыкоў, якія, сапраўды, былі калісьці мужыкамі, працавалі, аралі, п’янствавалі, займаліся возніцтвам, ашуквалі паноў, а можа, і проста былі добрымі мужыкамі, дык нейкае дзіўнае, незразумелае яму самому пачуццё авалодала ім. Кожная з запісачак як быццам мела нейкі асаблівы характар і праз гэта, як быццам, самі мужыкі набывалі свой уласны характар. Мужыкі, якія належалі Каробачцы, усе амаль былі з прыдаткамі і мянушкамі. Запіска Плюшкіна вызначалася лаканічнасцю стылю: часта былі выстаўлены толькі пачатковыя літары імён і імён па бацьку і потым дзве кропкі. Рэестр Сабакевіча здзіўляў незвычайнай паўнатой і грунтоўнасцю: ні адна з якасцей мужыка не была прапушчана: аб адным было сказана «добры столяр», да другога было прыпісана «кемлівы і хмельнага не ўжывае». Паказана было таксама грунтоўна, хто бацька, і хто маці, і якіх абое былі паводзін; у аднаго толькі нейкага Фядотава была напісана «бацька невядома хто, а нарадзіўся ад дваровай дзеўкі Капіталіны, але добрага характару і не злодзей». Усе гэтыя падрабязнасці надавалі нейкі асаблівы выгляд свежасці: здавалася, як быццам мужыкі яшчэ ўчора былі жывымі. Гледзячы доўга на імёны іх, ён расчуліўся і, уздыхнуўшы, сказаў: «Бацюхны мае, колькі вас тут напакавана! што вы, небаракі мае, параблялі на сваім вяку? як перабіваліся?» I вочы яго мімаволі спыніліся на адным прозвішчы, гэта быў вядомы Пётр Савельеў. Неўважай-карыта, які належаў калісьці памешчыцы Каробачцы. Ён зноў не ўцярпеў, каб не сказаць: «Эх, які доўгі, на ўвесь радок раз’ехаўся! Ці ты быў майстар, ці просты мужык, і якой смерцю цябе прыбрала? Ці ў карчме, ці сярод дарогі пераехаў цябе соннага нязграбны абоз? Каробка Сцяпан, цясляр, цвярозасці прыкладнай. А! вось ён, Сцяпан Пробка, вось той асілак, што ў гвардыю быў-бы годны! Напэўна, усе губерні выхадзіў з тапаром за поясам і ботамі на плячах, з’ядаў на грош хлеба, ды на два сушанай рыбы, а ў каліце, пэўна, кожны раз цягнуў дамоў рубельчыкаў па сто, а мо’ і дзяржаўную [41] зашываў у палатняныя порткі або затыкаў у бот, — дзе цябе прыбрала? Ці ўзмасціўся ты для большага прыбытку пад царкоўны купал, а, можа, і на крыж палез і, паслізнуўшыся адтуль з перакладзіны, пляснуўся вобземлю, і толькі які-небудзь стаяўшы каля цябе дзядзька Міхей, пачухаўшы рукой патыліцу, прамовіў: «Эх, Ваня, собіла-ж табе!» а сам, падвязаўшыся вяроўкай, палез на тваё месца. Максім Цялятнікаў, шавец. Гэ, шавец! П’яны, як шавец, гаворыць прыказка. Ведаю, ведаю цябе, галубок; калі хочаш, усю гісторыю тваю раскажу: вучыўся ты ў немца, які карміў усіх вас разам, біў папругаю па спіне за неакуратнасць і не выпускаў на вуліцу сваволіць, і быў ты дзіва, а не шавец, і не мог нахваліцца табой немец, гаворачы з жонкай ці з камрадам. А як скончылася тваё навучанне: «А вось цяпер я прыдбаю ўласную хату», сказаў ты, «ды не так, як немец, што з капейкі цягнецца, а раптам разбагацею». I вось, даўшы пану вялікі аброк, набыў ты крамку, набраўшы заказаў кучу, і пайшоў працаваць. Дастаў недзе ўтрая дзешавей гнілой скуры і выйграў, сапраўды, удвая на кожным боце, ды праз тыдні два пералопаліся твае боты, і вылаялі цябе падлейшым чынам. I вось крамка твая запуставала, і ты пайшоў піць ды качацца на вуліцах, прыгаварваючы: «Не, дрэнна на свеце! няма жыцця рускаму чалавеку, усё немцы перашкаджаюць». Гэта што за мужык: Елізавета Верабей. Вось ліха: баба! Яна як сюды трапіла? Падлюка Сабакевіч, і тут ашукаў!» Чычыкаў меў рацыю: гэта была, сапраўды, баба. Як яна забралася туды, невядома, але так умела была прапісана, што здалёк можна было палічыць яе за мужыка і нават імя канчалася на літару ъ, г. зн. не Елізавета, а Елізаветъ. Аднак ён гэтага не ўзяў на ўвагу і тут-жа яе выкасаваў. «Грыгорый Даязджай-не-даедзеш! Ты што быў за чалавек? Ці ты возніцтвам займаўся і, набыўшы тройку і рагожную кібітку, выракся навекі дома, роднага бярлогу, і пайшоў цягацца з купцамі на кірмашы. Ці ты на дарозе аддаў душу богу, ці ўходалі цябе твае-ж прыяцелі за якую-небудзь тоўстую і чырвонашчокую салдатку, або ўпадабаліся лясному валацугу скураныя твае рукавіцы і тройка прысадзістых, але дужых конікаў, ці, можа, і сам, лежачы на палатках думаў, думаў, ды ні з таго, ні з другога завярнуў у карчму, а потым проста ў палонку, і памінай як звалі. Эх, рускі народзец! не любіць паміраць сваёю смерцю! А вы што, мае галубкі?» гаварыў ён далей, пераводзячы вочы на паперку, дзе былі перамечаны беглыя душы Плюшкіна: «вы хоць і жывыя яшчэ, а што з вас карысці! тое-ж, што і мёртвыя, і дзе-ж носяць вас цяпер вашы шпаркія ногі? Ці вам дрэнна было ў Плюшкіна, або, проста, па сваёй ахвоце гуляеце па лясах ды абдзіраеце праезджых? Ці сядзіце па турмах, ці прысталі да іншых паноў і працуеце на зямлі? Ерамей Каракін, Мікіта Валакіта, сын яго Антон Валакіта — гэтыя, і па прозвішчу відаць, што добрыя бегуны. Папоў, дваровы чалавек, павінен быць добра пісьменным: нажа, пэўна, не ўзяў у рукі, але пракраўся самым сумленным чынам. Але вось ужо цябе бяспашпартнага злавіў капітан-спраўнік. Ты стаіш бадзёра на вочнай стаўцы. «Чый ты?» кажа капітан-спраўнік, загнуўшы табе пры гэтым зручным выпадку такое-сякое моцнае слоўца. «Такога вось і такога памешчыка», адказваеш ты шпарка. «Чаго ты тут?» кажа капітан-спраўнік. «Адпушчаны на аброк», адказваеш ты без затрымкі. «Дзе твой пашпарт?» — «У гаспадара, мешчаніна Піменава». — «Паклікаць Піменава! Ты Піменаў?» — «Я Піменаў». — «Даваў ён табе пашпарт свой?» — «Не, не даваў ён мне ніякага пашпарта». — «Што-ж ты хлусіш?» кажа капітан-спраўнік з дадаткам такога-сякога моцнага слоўца. «Так точна», адказваеш ты, «я не даваў яму, бо прышоў дамоў позна, а аддаў часова Анціпу Прохараву, званару». — «Паклікаць званара! Даваў ён табе пашпарт?» — «Не, не браў ад яго пашпарта». — «Што-ж ты зноў хлусіш?» кажа капітан-спраўнік, змацаваўшы размову такім-сякім моцным слоўцам. «Дзе-ж твой пашпарт?» — «Ён у мяне быў», гаворыш ты спрытна, «ды, мусібыць, відаць, як-небудзь дарогай згубіў яго». — «А салдацкі шынель», кажа капітан-спраўнік, прыпусціўшы табе зноў у прыдачу такое-сякое моцнае слоўца: «навошта сцягнуў? і ў папа таксама скрынку з мядзянымі грашыма?..» — «Зусім не», кажаш ты, не зварухнуўшыся, «у зладзейскай справе ніколі яшчэ не быў». — «А чаму-ж шынель знайшлі ў цябе?» — «Не магу знаць: мабыць, хто-небудзь другі прынёс яго». — «Ах ты, шэльма, шэльма!» кажа капітан-спраўнік, ківаючы галавой і ўзяўшыся ўбокі. «А набіце яму на ногі калодкі, ды завядзіце ў астрог». — «Калі ласка! я з прыемнасцю», адказваеш ты. I вось, дастаўшы з кішэні табакерку, ты частуеш прыязна нейкіх двух інвалідаў, якія набіваюць на цябе калодкі, і распытваеш іх, ці даўно яны ў атстаўцы і на якой вайне былі. I вось ты сабе жывеш у астрозе, пакуль у судзе праходзіць твая справа. I піша суд: адправіць цябе з Царэвакакшайска ў астрог такога і такога горада, а той суд піша зноў: адправіць цябе ў які-небудзь Весьегонск, і ты пераязджаеш сабе з астрога ў астрог і кажаш, аглядаючы новае жытло: «Не, вось весьегонскі астрог ямчэй: там хоць і ў бабкі, дык ёсць месца, ды і кампанія большая!» Абакум Фыраў! ты, брат, што? дзе, у якіх месцах бадзяешся? Ці цябе занесла на Волгу, і ўпадабаў ты вольнае жыццё, прыстаўшы да бурлакоў?..» Тут Чычыкаў спыніўся і крыху задумаўся. Над чым ён задумаўся? Ці задумаўся ён над лёсам Абакума Фырава, ці задумаўся так сам сабой, як задумваецца кожны рускі, якія-б ні меў гады, чын і маёмасць, калі пачне меркаваць аб разгуле шырокага жыцця. I сапраўды, дзе цяпер Фыраў? гуляе шумна і весела на хлебнай прыстані, наняўшыся ў купцоў. Кветкі і істужкі на капелюшы, весяліцца ўся бурлацкая ватага, развітваючыся з каханкамі і жонкамі, высокімі, стройнымі, у істужках і маністах; карагоды, песні, кіпіць уся плошча, а насільшчыкі тым часам пры крыках, лаянцы і панукванні, начэпліваючы кручком па дзесяць пудоў сабе на спіну, з шумага сыплюць гарох і пшаніцу ў глыбокія судны, валяць мяшкі а аўсом і крупамі, і далёка відаць па ўсёй плошчы кучы наваленых у піраміду, як ядры, мяхоў, і аграмадна выглядае ўвесь хлебны арсенал, пакуль не перагрузіцца ўвесь у глыбокія судны-суракі [42] і не паімчыцца гужам разам з вясеннімі ільдамі бясконцы флот. Там дык вы напрацуецеся, бурлакі! і дружна, як раней гулялі і дурэлі, возьмецеся за працу і пот, цягнучы лямку пад адну бясконцую, як Русь, песню.

«Эхэ, хэ! дванаццаць гадзін!» сказаў, нарэшце, Чычыкаў, зірнуўшы на гадзіннік. «Што-ж я так закапаўся? Ды яшчэ хоць-бы справай займаўся, а то ні з таго, ні з сяго, спачатку загарадзіў глупства, а потым задумаўся. Гэтакі я дурань сапраўды!» Сказаўшы гэта, ён перамяніў сваё шатландскае ўбранне на еўрапейскае, сцягнуў мацней спражкай свой поўны жывот, спрыснуў сябе адэкалонам, узяў у рукі цёплую шапку і паперы падпаху і пайшоў у грамадзянскую палагу складаць купчую. Ён спяшаўся не таму, што баяўся спазніцца, спазніцца ён не баяўся, бо старшыня быў чалавек знаёмы і мог працягнуць і скараціць згодна яго жадання прысуцтвіе, падобна старадаўняму Зевесу Гамера, які працягваў дні і насылаў хуткія ночы, калі трэба было спыніць бой любых яму герояў, ці даць ім сродак скончыць бойку, але ён сам у сабе адчуваў жаданне як мага хутчэй прывесці справы да канца; да таго-ж часу яму здавалася ўсё неяк неспакойна і нялоўка; усё-ж прыходзіла думка: што душы не зусім сапраўдныя, і што ў падобных выпадках такую мароку заўсёды трэба хутчэй збываць з рук. Не паспеў ён выйсці на вуліцу, разважаючы пра ўсё гэта і ў той-жа час цягнучы на плячах мядзведзя, крытага карычневым сукном, як на самым павароце ў завулак спаткаўся таксама з панам у мядзведзях, крытых карычневым сукном, і ў цёплай шапцы з вушамі. Пан ускрыкнуў, гэта быў Манілаў. Яны схапілі тут-жа адзін аднаго ў абдымкі і хвілін пяць стаялі на вуліцы ў такім стане. Пацалункі з абодвух бакоў былі такія моцныя, што ў абодвух амаль увесь дзень балелі пярэднія зубы. У Манілава ад радасці засталіся на твары толькі нос ды губы, вочы зусім зніклі. З чвэрць гадзіны трымаў ён абодвума рукамі руку Чычыкава і нагрэў яе страшэнна. У выразах самых тонкіх і прыемных ён расказваў, як ляцеў абняць Паўла Іванавіча; размова была закончана такім кампліментам, які пасаваў хіба толькі да дзяўчыны, з якой ідуць танцаваць. Чычыкаў разявіў рот, яшчэ не ведаючы сам, як дзякаваць, як раптам Манілаў дастаў з-пад шубы паперу, скручаную ў трубачку і звязаную ружовай істужачкай.

«Гэта што?»

«Мужычкі».

«А!» Ён тут-жа разгарнуў яе, прабег вачамі і падзівіўся чыстаце і прыгажосці почарку «Слаўна напісана», сказаў ён, «не трэба і перапісваць. Яшчэ і аблямоўка навокал! Хто гэта так па-майстэрску зрабіў аблямоўку?»

«I не пытайце ўжо», сказаў Манілаў.

«Вы?»

«Жонка».

«Ах божа мой! Мне, дапраўды, няёмка, што нарабіў столькі клопату».

«Для Паўла Іванавіча не існуе клопату».

Чычыкаў пакланіўся з удзячнасцю. Даведаўшыся, што ён ішоў у палату для складання купчай, Манілаў выказаў гатоўнасць яго праводзіць. Прыяцелі ўзяліся пад рукі і пайшлі разам. Пры ўсякім невялічкім падвышэнні, узгорачку, ці сходачцы, Манілаў падтрымліваў Чычыкава і амаль прыпадымаў яго рукою, дадаючы з прыемнай усмешкаю, што ён ніяк не дапусціць, каб Павел Іванавіч ударыў свае ножкі. Чычыкаў сароміўся, ён не ведаў, як дзякаваць, бо адчуваў, што быў крыху цяжкаваты. Ва ўзаемных паслугах яны дайшлі, нарэшце, да плошчы, дзе знаходзіліся прысуцтвенныя месцы — вялікі трохпавярховы каменны дом, увесь белы, як крэйда, пэўна каб паказаць чыстату душ на тых пасадах, якія ў ім змяшчаліся; іншыя будынкі на плошчы не адпавядалі па велічыні каменнаму дому. Гэта былі: вартавая будка, каля якой стаяў салдат са стрэльбай, дзве-тры рамізніцкія біржы, і, нарэшце, доўгія парканы з вядомымі парканнымі надпісамі і рысункамі, надрапанымі вугалем і крэйдай; больш не знаходзілася нічога на гэтай адзінотнай ці, як у нас кажуць, прыгожай плошчы. З акон другога і трэцяга паверха высоўваліся непадкупныя галовы жрацоў Феміды [43], і ў тую-ж хвіліну хаваліся зноў, мабыць у гэты час уваходзіў у паной начальнік. Прыяцелі не ўзыйшлі, а ўзбеглі па лесніцы, таму што Чычыкаў, стараючыся пазбегнуць падтрымлівання пад рукі з боку Манілава, прыспешваў крок, а Манілаў таксама з свайго боку ляцеў наперад, стараючыся не дазволіць Чычыкаву стаміцца, і дзеля гэтага абодва засапліся вельмі моцна, калі ўвайшлі ў цёмны карыдор. Ні ў карыдорах, ні ў пакоях зрок іх не быў здзіўлены чыстатою. Тады яшчэ не клапаціліся аб ёй; і тое, што было брудным, так і заставалася брудным, не прымаючы прывабнага выгляду. Феміда проста, як ёсць, у негліжэ [44] і халаце прымала гасцей. Трэба было-б апісаць канцылярскія пакоі, якімі праходзілі нашы героі, але аўтар адчувае вялікую баязлівасць да ўсіх прысуцтвенных месцаў. Калі і здаралася яму праходзіць іх нават у бліскучым і аблагароджаным выглядзе з лакіраванай падлогай і сталамі, ён стараўся прабегчы як мага хутчэй, пакорна апусціўшы і панурыўшы вочы ў зямлю, а таму зусім не ведае, як там усё благадзенствуе і квітнее. Героі нашы бачылі шмат паперы, і чарнавой і белай, схіленыя галовы, шырокія патыліцы, фракі сурдуты губернскага пакрою і нават проста нейкую светлашэрую куртку, якая выдзялялася вельмі рэзка: яна, звярнуўшы галаву набок і палажыўшы яе амаль на самую паперу, выпісвала спрытна і размашыста які-небудзь пратакол пра адцягванне зямлі ці апісванне маёнтка, захопленага якім-небудзь мірным памешчыкам, які спакойна дажывае свой век пад судом, нажыў сабе і дзяцей і ўнукаў пад яго затулай, ды чуліся ўрыўкамі кароткія выразы, што вымаўляліся хрыплым голасам: «Пазычце, Федасей Федасеевіч, справу за № 368!» «Вы заўсёды куды-небудзь дзенеце корак з казённай чарнільніцы!» Часам голас больш велічны, без сумнення, аднаго з начальнікаў, гучаў загадна: «На, перапішы! а то знімуць боты і пасядзіш ты ў мяне шэсць сутак не еўшы». Шум ад пёраў быў вялікі і падобны на тое, як быццам-бы некалькі вазоў з сухастоем праязджалі лес, завалены на чвэрць аршына сухім лісцем.

Чычыкаў і Манілаў падышлі да першага стала, дзе сядзелі два чыноўнікі яшчэ юнацкіх гадоў, і запыталі: «Дазвольце даведацца, дзе тут справы па крэпасцях?»

«А што вам трэба?» сказалі абодва чыноўнікі, адвярнуўшыся.

«А мне трэба падаць просьбу».

«А што вы купілі такое?»

«Я хацеў-бы перш ведаць, дзе крэпасны стол — тут ці ў іншым месцы?»

«Дык скажыце перш, што купілі і за якую цану, дык мы вам тады і скажам дзе, а так нельга ведаць».

Чычыкаў зараз-жа ўбачыў, што чыноўнікі былі проста цікаўныя, падобна ўсім маладым чыноўнікам, і хацелі надаць больш вагі і значэння сабе і сваім заняткам.

«Слухайце, даражэнькія», сказаў ён, «я вельмі добра ведаю, што ўсе справы па крэпасцях, на якую-б ні было цану, знаходзяцца ў адным месцы, а таму прашу вас паказаць нам стол, а калі вы не ведаеце, што ў вас робіцца, дык мы запытаем у іншых». Чыноўнікі на гэта нічога не адказалі, адзін з іх толькі тыцнуў пальцам у куток пакоя, дзе сядзеў за сталом нейкі стары, які перанумароўваў нейкія паперы. Чычыкаў і Манілаў прайшлі паміж сталамі да яго. Стары займаўся вельмі ўважліва.

«Дазвольце даведацца», сказаў Чычыкаў з паклонам, «тут справы па крэпасцях?»

Стары падняў вочы і сказаў павольна: «Тут няма спраў па крэпасцях».

«А дзе-ж?»

«Гэта ў крэпасной экспедыцыі».

«А дзе-ж крэпасная экспедыцыя?»

«Гэта ў Івана Антонавіча».

«А дзе-ж Іван Антонавіч?»

Стары тыцнуў пальцам у другі куток пакоя. Чычыкаў і Манілаў накіраваліся да Івана Антонавіча. Іван Антонавіч ужо запусціў адно вока назад і зірнуў на іх скоса, але ў тую-ж хвіліну яшчэ больш уважліва паглыбіўся ў пісаніну.

«Дазвольце даведацца», сказаў Чычыкаў з паклонам, «тут крэпасны стол?»

Іван Антонавіч як быццам і не чуў і паглыбіўся зусім у паперы, не адказваючы нічога. Відаць было адразу, што гэта быў ужо чалавек спаважных гадоў, не тое, што малады балбатун і шылахвост. Іван Антонавіч, здавалася, меў ужо далёка за сорак год; волас на ім быў чорны, густы; уся сярэдзіна твару выступала ў яго наперад і пайшла ў нос, словам гэта быў той твар, які называюць у штодзённым жыцці гладышовым рылам.

«Дазвольце даведацца, тут крэпасная экспедыцыя?» сказаў Чычыкаў.

«Тут», сказаў Іван Антонавіч, павярнуўшы сваё гладышовае рыла, і ўзяўся зноў пісаць.

«А ў мяне справа вось якая: купіў я ў розных уласнікаў тутэйшага павета сялян на вывад: купчая ёсць, застаецца змацаваць».

«А прадаўцы тут?»

«Некаторыя тут, а ад астатніх даручэнні».

«А просьбу прынеслі?»

«Прынёс і просьбу. Я хацеў-бы.. мне трэба спяшацца... дык ці нельга, напрыклад, скончыць справу сёння?»

«Так, сёння! Сёння нельга», сказаў Іван Антонавіч. «Трэба сабраць яшчэ даведкі, ці няма яшчэ забарон».

«Між іншым, што да таго, каб прыспешыць справу, дык Іван Грыгор’евіч, старшыня, мне вялікі друг...»

«Дык Іван-жа Грыгор’евіч не адзін, бываюць і другія», сказаў сурова Іван Антонавіч.

Чычыкаў зразумеў закавычку, якую загнуў Іван Антонавіч, і сказаў: «Другія таксама не будуць пакрыўджаны, я сам: служыў, справу ведаю...»

«Ідзіце да Івана Грыгор’евіча», сказаў Іван Антонавіч голасам крыху ласкавейшым, «няхай ён дасць загад, каму трэба, а за намі справа не пастаіць».

Чычыкаў, дастаўшы з кішэні паперку, палажыў яе перад Іванам Антонавічам, якой той зусім не заўважыў і накрыў зараз-жа яе кнігай. Чычыкаў хацеў быў паказаць яму яе, але Іван Антонавіч рухам галавы даў зразумець, што не трэба паказваць.

«Вось, ён вас правядзе ў прысуцтвіе!» сказаў Іван Антонавіч, кіўнуўшы галавой, і адзін са свяшчэннадзеючых, быўшых тут-жа, які з такой стараннасцю прыносіў ахвяры Фемідзе, што абодва рукавы лопнулі на локцях і даўно лезла адтуль падкладка, за што атрымаў у свой час калежскага рэгістратара, прыслужыўся нашым прыяцелям, як калісьці Віргілій прыслужыўся Данту, і правёў іх у пакой прысуцтвія, дзе стаялі адны толькі шырокія крэслы, і ў іх перад сталом за зерцалам [45] і двума тоўстымі кнігамі сядзеў адзін, як сонца, старшыня. У гэтым месцы новы Віргілій адчуў такую глыбокую пачцівасць, што ніяк не асмеліўся паставіць туды нагу і павярнуў назад, паказаўшы сваю спіну, выцертую, як рагожка, з прыліпшым недзе курыным пяром. Увайшоўшы ў залу прысуцтвія, яны ўбачылі, што старшыня быў не адзін, каля яго сядзеў Сабакевіч, зусім заслонены зерцалам. Прыход гасцей выклікаў выгукі, урадавыя крэслы былі адсунуты з шумам. Сабакевіч таксама крыху ўзняўся з крэсла і стаў відзен з усіх бакоў з доўгімі сваімі рукавамі. Старшыня схапіў Чычыкава ў абдымкі, і ў пакоі прысуцтвія пачуліся гукі пацалункаў; запыталі адзін другога пра здароўе; выявілася, што ў абодвух крыху баліць паясніца, што тут-жа было аднесена на кошт сядзячага жыцця. Старшыня, здавалася, ужо ведаў аб пакупцы ад Сабакевіча, бо пачаў віншаваць, што спачатку крыху збянтэжыла нашага героя, асабліва калі ён убачыў, што і Сабакевіч і Манілаў, абодва прадаўцы, з якімі справа была ўладжана келейна, цяпер стаялі разам твар да твару. Аднак-жа ён падзякаваў старшыні і, звярнуўшыся тут-жа да Сабакевіча, запытаў:

«А ваша як здароўе?»

«Дзякуй богу, не паскарджуся», сказаў Сабакевіч. I сапраўды, не было на што скардзіцца: хутчэй жалеза магло прастудзіцца і кашляць, чым гэты на дзіва сфармаваны памешчык.

«Так, вы заўсёды славіліся здароўем», сказаў старшыня: «і нябожчык ваш бацюхна быў таксама моцны чалавек».

«Так, на мядзведзя адзін хадзіў», адказаў Сабакевіч.

«Мне здаецца, аднак-жа», сказаў старшыня, «вы-б таксама павалілі мядзведзя, калі-б захацелі выйсці супроць яго».

«Не, не павалю», адказаў Сабакевіч, «нябожчык быў мацней за мяне», і, уздыхнуўшы, гаварыў далей: «Не, цяпер не тыя людзі; вось хоць і маё жыццё, што за жыццё? так неяк сабе...»

«Чым-жа кепскае ваша жыццё?» сказаў старшыня.

«Нядобра, нядобра», сказаў Сабакевіч, паківаўшы галавой. «Вы памяркуйце, Іван Грыгор’евіч: пяты дзесятак жыву, ні разу не быў хворы, хоць-бы галава забалела, скула ці балячка выскачыла... Не, не на дабро! Калі-небудзь давядзецца разлічыцца за гэта». Тут Сабакевіч паглыбіўся ў меланхолію.

«Дзівак!» падумалі ў адзін час і Чычыкаў і старшыня, «на што ўздумаў наракаць!»

«Да вас у мяне ёсць пісямко», сказаў Чычыкаў, дастаўшы з кішэні ліст Плюшкіна.

«Ад каго?» сказаў старшыня і, распячатаўшы, ускрыкнуў: «А! ад Плюшкіна. Ён яшчэ да гэтага часу гібее на свеце. Вось лёс, а які-ж быў разумны, багацейшы чалавек! а цяпер...»

«Сабака», сказаў Сабакевіч, «шэльма, усіх людзей перамарыў голадам».

«Калі ласка, калі ласка», сказаў старшыня, прачытаўшы ліст: «я гатоў быць павераным. Калі вы хочаце зрабіць купчую—цяпер ці пасля?»

«Цяпер», сказаў Чычыкаў: «я буду прасіць нават вас, калі можна, сёння; таму што мне заўтра хацелася-б выехаць з горада: я прынёс і крэпасці і просьбу».

«Усё гэта добра, толькі ўжо як хочаце, мы вас не выпусцім так рана. Крэпасці будуць зроблены сёння, а вы ўсё-такі з намі пажывіце. Вось я зараз аддам загад», сказаў ён і адчыніў дзверы ў канцылярскі пакой, увесь напоўнены чыноўнікамі, якія былі падобны да працавітых пчол, што рассыпаліся па сотах, калі толькі соты можна прыраўняць да канцылярскіх спраў: «Іван Антонавіч тут?»

«Тут!» адгукнуўся голас з сярэдзіны.

«Паклічце яго сюды!»

Ужо вядомы чытачам Іван Антонавіч гладышовае рыла з’явіўся ў зале прысуцтвія і пачціва пакланіўся.

«Вось вазьміце, Іван Антонавіч, усе гэтыя крэпасці іх...»

«Ды не забудзьце, Іван Грыгор’евіч», падхапіў Сабакевіч: «трэба будзе сведак, хоць па два з кожнага боку. Пашліце цяпер-жа да пракурора: ён чалавек не заняты і, пэўна, сядзіць дома, за яго ўсё робіць страпчы Залатуха, найбольшы хапуга ў свецві Інспектар урачэбнай управы, ён таксама чалавек не заняты і, пэўна, дома, калі не паехаў куды-небудзь гуляць у карты, ды яшчэ тут шмат ёсць, хто бліжэй, Трухачэўскі, Бягушкін, яны ўсе марна абцяжваюць зямлю!»

«Іменна, іменна!» сказаў старшыня і зараз-жа паслаў па іх усіх канцылярскага.

«Яшчэ я папрашу вас», сказаў Чычыкаў, «пашліце па паверанага адной памешчыцы, у якой я таксама зрабіў пакупку, сына пратапопа айца Кірыла; ён служыць у вас-жа».

«Як-жа, пашлем і па яго!» сказаў старшыня: «усё будзе зроблена, а чыноўным вы нікому не давайце нічога, аб гэтым я вас прашу. Прыяцелі мае не павінны плаціць». Сказаўшы гэта, ён тут-жа даў Івану Антонавічу нейкі загад, які, відаць, таму не спадабаўся. Крэпасці зрабілі, здаецца, добры ўплыў на старшыню, асабліва калі ён убачыў, што ўсіх пакупак было амаль на сто тысяч рублёў. Некалькі хвілін ён глядзеў у вочы Чычыкаву з выразам вялікай прыемнасці, і нарэшце сказаў: «Ды вось як! Гэтакім-вось чынам, Павел Іванавіч! дык вось вы набылі».

«Набыў», адказаў Чычыкаў.

«Добрая справа, дапраўды добрая справа!»

«Так, я сам бачу, што больш добрай справы не мог-бы зрабіць. Як-бы там ні было, мэта чалавека ўсё яшчэ не акрэслена, калі ён не стаў нарэшце цвёрдай нагой на трывалы грунт, а не на якую-небудзь вольнадумную хімеру юнацтва». Тут ён вельмі дарэчы вылаяў за лібералізм, і па заслугах усіх маладых людзей. Але цікава, што ў словах яго была ўсё-ж нейкая няцвёрдасць, як быццам тут-жа сказаў ён сам сабе: «Эх, брат, хлусіш ты, ды яшчэ і як!» Ён нават не глянуў на Сабакевіча і Манілава, баючыся што-небудзь спаткаць на іх тварах. Але дарэмна баяўся ён: твар Сабакевіча не варухнуўся, а Манілаў, зачараваны фразаю, ад прыемнасці толькі ківаў ухвальна галавой, паглыбіўшыся ў такі настрой, у якім знаходзіцца знаўца музыкі, калі спявачка перасіліла самую скрыпку і піскнула такую тонкую ноту, што не пад сілу і птушынаму горлу.

«Ды што-ж вы не скажаце Івану Грыгор’евічу», абазваўся Сабакевіч: «што такое іменна вы набылі; а вы, Іван Грыгор’евіч, што вы не запытаеце, які набытак яны зрабілі? Гэта-ж які народ! проста золата. Я-ж ім прадаў і карэтніка Міхеева».

«Не, быццам і Міхеева прадалі?» сказаў старшыня. «Я ведаю карэтніка Міхеева: слаўны майстар: ён мне дрожкі перарабіў. Толькі дазвольце, як-жа... Вы-ж мне казалі, што ён памёр...»

«Хто, Міхееў памёр?» сказаў Сабакевіч, ніколькі не збянтэжыўшыся. «Гэта яго брат памёр, а ён жыве хоць-бы што і зрабіўся здаравей як быў. Днямі такую брычку змайстраваў, што і ў Маскве не зробяць. Яму, праўду кажучы, толькі на аднаго гасудара і працаваць».

«Так, Міхееў слаўны майстар», сказаў старшыня: «і я дзіўлюся нават, як вы маглі з ім расстацца».

«Ды быццам адзін Міхееў! А Пробка Сцяпан, цясляр, Мілушкін цагельнік, Цялятнікаў Максім шавец, усе-ж пайшлі, усіх прадаў». А калі старшыня запытаў, чаму-ж яны пайшлі, будучы людзьмі патрэбнымі дома і майстрамі, Сабакевіч адказаў, махнуўшы рукой: «А! так проста найшла дурасць: дай, кажу, прадам, ды і прадаў здуру!» Пасля гэтага ён апусціў галаву, як быццам сам каяўся ў гэтай справе, і дадаў: «Вось і сівы чалавек, а да гэтай пары не набраўся розуму».

«Але дазвольце, Павел Іванавіч», сказаў старшыня: «як-жа вы купляеце сялян, без зямлі? хіба на вывад?»

«На вывад».

«Ну, на вывад другая справа. А ў якія месцы?»

«У месцы... у Херсонскую губерню».

«О, там выдатныя землі!» сказаў старшыня і адазваўся з вялікай пахвалай наконт росту тамашніх траў.

«А зямлі ў дастатковай колькасці?»

«У дастатковай, столькі колькі трэба для купленых сялян»

«Рака ці ставок?»

«Рака. Між іншым і ставок ёсць». Сказаўшы гэта, Чычыкаў зірнуў ненарокам на Сабакевіча, і хоць Сабакевіч быў паранейшаму нерухомы, але яму здавалася, быццам-бы было «апісана на твары яго: «Ой хлусіш ты! наўрад ці ёсць рака, і ставок, ды і ўся зямля!»

Пакуль цягнуліся размовы, пачалі пакрысе з’яўляцца сведкі: знаёмы чытачу пракурор-міргун, інспектар урачэбнай управы, Трухачэўскі, Бягушкін і іншыя, што, паводле слоў Сабакевіча, марна абцяжваюць зямлю. Многія з іх былі зусім незнаёмы Чычыкаву: неставаўшых і лішніх набралі тут-жа з палацкіх чыноўнікаў. Прывялі таксама не толькі сына пратапопа айца Кірылы, але нават і самога пратапопа. Кожны з сведак змясціў сябе з усімі сваімі званнямі і чынамі, хто абаротным шрыфтам, хто касякамі, хто, проста, ледзь не дагары нагамі, ставячы такія літары, якіх нават і не здаралася бачыць у рускім алфавіце. Вядомы Іван Антонавіч управіўся вельмі жвава, крэпасці былі запісаны, занумараваны, занесены ў кнігу і куды след, з прыняццем поўпроцантавых і за надрукаванне ў Ведамасцях, і Чычыкаву давялося заплаціць самую дробязь. Старшыня нават даў загад з пошлінных грошай узяць з яго толькі палавіну, а другая невядома якім чынам была аднесена на кошт нейкага другога просьбіта.

«Такім чынам», сказаў старшыня, калі ўсё было скончана: «застаецца цяпер толькі спрыснуць пакупачку».

«Я гатоў», сказаў Чычыкаў. «Ад вас залежыць толькі вызначыць час. Быў-бы грэх з майго боку, калі-б для гэтакай прыемнай кампаніі ды не адкаркаваць другую-трэцюю бутэлечку шыпучага».

«Не, вы не так зразумелі справу: шыпучага мы самі паставім», сказаў старшыня: «гэта наш абавязак, наш доўг. Вы ў нас госць: нам належыць частаваць. Ці ведаеце што, панове! Пакуль што, а мы вось як зробім: пойдзем усе, так як ёсць, да паліцэймейстара; ён у нас цудадзей: яму варта толькі міргнуць, праходзячы паўз рыбны рад ці склеп, дык мы, ці ведаеце, як закусім! ды з гэтага выпадку і ў вісцішку».

Ад такой прапановы ніхто не мог адмовіцца. Сведкі пры адным найменаванні рыбнага раду адчулі апетыт: зараз-жа ўзяліся ўсе за шапкі, і прысуцтвіе скончылася. Калі праходзілі яны канцылярыю, Іван Антонавіч гладышовае рыла, пачціва пакланіўшыся, сказаў ціхенька Чычыкаву: «Сялян накупілі на сто тысяч, а за працу далі толькі адну беленькую».

«Ды якія-ж сяляне», адказаў яму на гэта таксама шэптам Чычыкаў: «самы пусты і нікчэмны народ, і палавіны не варт». Іван Антонавіч зразумеў, што наведвальнік быў цвёрдага характару і больш не дасць.

«А па колькі купілі душу ў Плюшкіна?» шапянуў яму на другое вуха Сабакевіч.

«А Вераб’я навошта прыпісалі?» сказаў яму ў адказ на гэта Чычыкаў.

«Якога Вераб’я?» сказаў Сабакевіч.

«Ды бабу, Елізавету Вераб’я, яшчэ і літару ъ паставілі на канцы».

«Не, ніякага Вераб’я я не прыпісваў», сказаў Сабакевіч і адышоў да іншых гасцей.

Госці дабраліся, нарэшце, грамадой да дому паліцэймейстара. Паліцэймейстар, сапраўды, быў цудадзей: як толькі пачуў ён, у чым справа, у тую-ж хвіліну гукнуў квартальнага, спрытнага хлопца ў лакірованых батфортах, і, здаецца, усяго два словы шапянуў яму на вуха, ды дадаў толькі: «разумееш!», а ўжо там, у другім пакоі, за той час, як госці рэзаліся ў віст, з’явіліся на стале бялуга, асятры, сёмга, ікра паюсная, ікра свежапрасольная, селядцы, сяўружкі, сыры, вэнджаныя языкі і балыкі, гэта ўсё было з боку рыбнага раду. Потым з’явіліся дадаткі з гаспадаровага боку, вырабы кухні: пірог з галавізнаю, куды ўвайшлі храсток і шчокі дзевяціпудовага асятра, другі пірог з груздамі, пражанцы [46], маслянцы [47], узваранцы [48]. Паліцэймейстар быў некаторым чынам бацька і дабрадзей у горадзе. Ён быў сярод грамадзян зусім як у роднай сям’і, а ў крамы і ў гандлёвы двор наведваўся, як ва ўласную кладоўку. Наогул ён сядзеў, як кажуць, на сваім месцы і пасадай сваёй авалодаў дасканала. Цяжка было нават і вырашыць, ці ён быў створаны для месца, ці месца для яго. Справа кіравалася так разумна, што ён меў прыбыткаў удвая больш супроць усіх сваіх папярэднікаў, а між іншым заслужыў любоў усяго горада. Купцы першыя яго вельмі любілі, іменна за тое, што не горды; і сапраўды, ён хрысціў у іх дзяцей, куміўся з імі і хоць дзёр часам з іх моцна, але неяк надзвычай спрытна: і па плячу паляпае, і засмяецца, і чаем напоіць, паабяцае і сам прыйсці пагуляць у шашкі, распытае аб усім: як справы, што і як. Калі даведаецца, што дзіцянё як-небудзь захварэла, і лекі параіць, словам, маладзец!

Паедзе па дрожках, навядзе парадак, а між тым і слоўца прамовіць таму-другому: «Што, Міхеіч! трэба было-б нам з табою дагуляць калі-небудзь у горку?» — «Так, Аляксей Іваныч». адказваў той, здымаючы шапку: «трэба было-б». — «Ну, брат Ілья Парамоныч, прыходзь да мяне паглядзець рысака: навыперадкі з тваім пойдзе, ды і свайго запражы ў бегавыя; паспрабуем». Купец, які на рысаку быў памешаны, усміхаўся на гэта, як кажуць, з асаблівай ахвотай, і, гладзячы бараду, гаварыў: «Паспрабуем, Аляксей Іваныч!» Нават усе сядзельцы, звычайна зняўшы шапкі, са здавальненнем пазіралі адзін на аднаго і як быццам хацелі сказаць: «Аляксей Іванавіч добры чалавек!» Словам, ён паспеў набыць шырокую вядомасць, і думка купцоў была такая, што Аляксей Іванавіч «хоць яно і возьме, але затое ніяк ужо цябе не выдасць».

Заўважыўшы, што закуска была гатова, паліцэймейстар прапанаваў гасцям скончыць віст пасля снедання, і ўсе пайшлі ў той пакой, адкуль ішоў прыемны пах, што даўно казытаў ноздры гасцей, і куды Сабакевіч даўно ўжо заглядаў праз дзверы, нацэліўшыся здалёк на асятра, які ляжаў убаку на вялікім блюдзе. Госці, выпіўшы па чарцы гарэлкі цёмнага, аліўкавага колеру, які бывае толькі на сібірскіх празрыстых каменнях, з якіх рэжуць на Русі пячаткі, падступілі з усіх бакоў з відэльцамі да стала і пачалі выяўляць, як кажуць, кожны свой характар і нахілы, націскаючы хто на ікру, хто на сёмгу, хто на сыр. Сабакевіч, пакінуўшы без усякай увагі ўсе гэтыя дробязі, прымайстраваўся да асятра, і пакуль тыя пілі, размаўлялі і елі, ён за чвэртку гадзіны з нечым даехаў яго ўсяго, так што калі паліцэймейстар успомніў аб ім, і, сказаўшы: «а якім вам, панове, здасца вось гэта стварэнне прыроды?» падышоў да яго з відэльцам разам з іншымі, дык убачыў, што ад стварэння прыроды застаўся толькі адзін хвост; а Сабакевіч прытаіўся, як быццам і не ён, і, падышоўшы да талеркі, якая была далей ад іншых, пароў відэльцам у нейкую сушаную, маленькую рыбку. Увабраўшы асятра, Сабакевіч сеў у крэсла і ўжо больш не еў, не піў, а толькі жмурыў і лыпаў вачамі. Паліцэймейстар, здаецца, не любіў шкадаваць віна; тостам не было ліку. Першы тост быў выпіт, як чытачы, можа, і самі здагадаюцца, за здароўе новага херсонскага памешчыка, потым за добрабыт сялян яго і шчаслівае іх перасяленне, потым за здароўе будучай яго жонкі красуні, што сарвала прыемную ўсмешку з вуснаў нашага героя. Прыступілі да яго з усіх бакоў і сталі моцна прасіць застацца хоць на два тыдні ў горадзе: «Не, Павел Іванавіч: як вы сабе хочаце, гэта выходзіць хату толькі астуджваць: на парог ды і назад! Не, вы правядзіце час з намі! Вось мы вас ажэнім; праўда, Іван Грыгор’евіч, ажэнім яго?»

«Ажэнім, ажэнім!» падхапіў старшыня. «Як ні ўпірайцеся ўжо рукамі і нагамі, мы вас ажэнім! Не, бацюхна, трапілі вы сюды, дык не скардзіцеся. Мы жартаваць не любім».

«Што-ж? навошта ўпірацца рукамі і нагамі», сказаў, усміхнуўшыся, Чычыкаў: «жаніцьба яшчэ не такая рэч, каб тое... была-б нявеста».

«Будзе і нявеста, як не быць, усё будзе, усё, што хочаце!..»

«А калі будзе...»

«Брава, застаецца!» закрычалі ўсе: «віват, ура, Павел Іванавіч! ура!» I ўсе падышлі да яго чокацца з бакаламі ў руках. Чычыкаў перачокаўся з усімі. «Не, не, яшчэ!» гаварылі тыя, што былі больш задзёрыстымі, і зноў перачокаліся; потым палезлі трэці раз чокацца, перачокаліся і трэці раз, Праз кароткі час усім зрабілася надзвычай весела. Старшыня, які быў вельмі мілы чалавек, калі развесяліўся, абнімаў некалькі разоў Чычыкава, гаворачы ў сардэчным парыванні: «Душа ты мая! мамачка мая!» і нават, пстрыкнуўшы пальцамі, пусціўся ў скокі вакол яго, прыпяваючы вядомую песню: «Ах такі ды гэтакі, камарынскі мужык!» Пасля шампанскага раскаркавалі венгерскае, якое надало яшчэ больш духу і развесяліла кампанію. Пра віст зусім забылі, спрачаліся, крычалі, гаварылі пра ўсё, пра палітыку, нават пра ваенную справу, выказвалі вольныя думкі, за якія ў другі час самі-б высеклі сваіх дзяцей. Вырашылі тут мноства самых складаных пытанняў. Чычыкаў ніколі не адчуваў сябе ў такім вясёлым настроі, уяўляў сябе ўжо сапраўдным херсонскім памешчыкам, гаварыў аб розных палепшаннях: аб трохпольнай гаспадарцы, аб шчасці і блажэнстве двух душ, і пачаў чытаць Сабакевічу пасланне ў вершах Вертэра да Шарлоты [49], на якое той толькі лыпаў вачамі, седзячы ў крэсле, бо пасля асятра адчуваў вялікую цягу да сну. Чычыкаў скеміў і сам, што пачаў ужо занадта разыходзіцца, папрасіў экіпажа і пакарыстаўся пракурорскімі дрожкамі. Пракурорскі фурман, як выявілася ў дарозе, быў чалавек спрактыкаваны, дзеля таго што кіраваў адной толькі рукой, а другой, залажыўшы яе назад, прытрымліваў пана. Такім чынам ужо на пракурорскіх дрожках даехаў ён да сябе ў гасцініцу, дзе доўга яшчэ ў яго на языку круцілася ўсякая лухта: бялявая нявеста, з румянцам і ямачкай на правай шчацэ, херсонскія вёскі, капіталы. Селіфану нават былі дадзены такія-сякія гаспадарчыя загады сабраць усіх новапераселеных мужыкоў, каб зрабіць усім асабіста пагалоўную пераклічку. Селіфан моўчкі слухаў надта доўга і потым вышаў з пакоя, сказаўшы Пятрушку: «ідзі распранаць пана!» Пятрушка ўзяўся сцягваць з яго боты і ледзь не сцягнуў разам з імі на падлогу і самога пана. Але нарэшце боты былі зняты, пан распрануўся як след, і, паварочаўшыся некалькі часу на пасцелі, якая неміласэрна рыпела, заснуў форменным херсонскім памешчыкам. А Пятрушка тым часам вынес на карыдор панталоны і фрак бруснічнага колеру з іскрай і, растапырыўшы яго на драўлянай вешалцы, пачаў біць хлыстом і шчоткай, напусціўшы пылу на ўвесь карыдор. Рыхтуючыся ўжо зняць іх, ён глянуў з галярэі ўніз і ўбачыў Селіфана, які вяртаўся са стайні. Яны сустрэліся позіркам і нюхам зразумелі адзін другога: пан, бачыш, заваліўся спаць, можна і заглянуць туды-сюды. Занёсшы ў пакой фрак і панталоны, Пятрушка зараз-жа спусціўся ўніз, і абодва пайшлі разам, не гаворачы адзін другому нічога пра мэту падарожжа і размаўляючы дарогай зусім пра іншае. Прагулку зрабілі яны недалёкую: іменна перайшлі толькі на другі бок вуліцы да дому, што быў насупроць гасцініцы, і ўвайшлі ў нізенькія, шкляныя, закураныя дзверы, якія вялі амаль у падвал, дзе ўжо сядзела за драўлянымі сталамі многа ўсякіх: і галіўшых і негаліўшых бароды, у дубленых кажушках і проста ў кашулі, а той-сёй і ў фрызавым шынялі. Што рабілі там Пятрушка з Селіфанам, бог іх ведае, але вышлі яны адтуль праз «гадзіну, трымаючыся за рукі, захоўваючы выключнае маўчанне, ставячыся адзін да другога з вялікай увагай і перасцерагаючы ўзаемна ад розных вуглоў. Рука ў руку, не выпускаючы адзін другога, яны цэлую чвэртку гадзіны ўзбіраліся на лесніцу. Нарэшце адужалі яе і ўзышлі. Пятрушка пастаяў з хвіліну перад нізенькім сваім ложкам, прыдумваючы, як-бы легчы лепш, і лёг зусім упоперак, так што ногі яго ўпіраліся ў падлогу. Селіфан лёг і сам на тым-жа ложку, змясціўшы галаву ў Пятрушкі на жываце і забыўшы пра тое, што яму належала спаць зусім не тут, а, мабыць, у людской, калі не ў стайні каля коней. Абодва заснулі ў тую-ж хвіліну, узняўшы храп нечуванай густаты, на які пан з другога пакоя адказваў тонкім насавым свістам. Хутка ўслед за імі ўсё сцішылася, і гасцініца заснула неабудным сном; толькі ў адным акенцы відаць было яшчэ святло, дзе жыў нейкі паручык, які прыехаў з Разані, вялікі, відаць, ахвотнік да ботаў, дзеля таго, што заказаў ужо чатыры пары і бесперастанку мераў пятую. Некалькі разоў падыходзіў ён да пасцелі з тым, каб іх скінуць і легчы, але ніяк не мог: боты, сапраўды, былі добра пашыты, і доўга яшчэ падымаў ён нагу і аглядаў ёмка і на дзіва дагнаны абцас.

РАЗДЗЕЛ VIII

Пакупкі Чычыкава зрабіліся прадметам размоў. У горадзе пайшлі чуткі, думкі, разважанні аб тым, ці карысна купляць на вывад сялян. У спрэчках многія выявілі дасканалае разуменне прадмета. «Вядома», гаварылі некаторыя: «гэта так, супроць гэтага і спрачацца няма чаго: землі ў паўднёвых губернях сапраўды добрыя і ўраджайныя; але як будзе сялянам Чычыкава без вады? ракі-ж няма ніякай». «Гэта-б яшчэ нічога, што няма вады, гэта-б нічога, Сцяпан Дзмітрыевіч, але перасяленне, вось ненадзейная рэч. Справа вядомая, што мужык: на новай зямлі, ды заняцца яшчэ земляробствам, ды нічога ў яго няма, ні хаты, ні двара, уцячэ, як двойчы два, навострыць так лыжы, што і следу не знойдзеш». «Не, Аляксей Іванавіч, дазвольце, дазвольце, я не згодзен з тым, што вы кажаце, што мужык Чычыкава ўцячэ. Рускі чалавек здольны да ўсяго і прывыкае да ўсякага клімату. Пашлі яго хоць на Камчатку ды дай толькі цёплыя рукавіцы, ён паляпае рукамі, тапор у рукі, і пайшоў ставіць сабе новую хату». «Але, Іван Грыгор’евіч, ты абмінаеш важную справу: ты не запытаў яшчэ, які мужык у Чычыкава. Забыў тое, што добрага-ж чалавека не прадасць памешчык; я гатоў галаву пакласці, калі мужык Чычыкава не злодзей і не п’яніца ў апошняй ступені, марнатравец і буйных паводзін». «Так, так, на гэта я згодзен, гэта праўда, ніхто не прадасць добрых людзей, і мужыкі Чычыкава п’яніцы; але трэба ўзяць пад увагу, што вось тут і ёсць мараль, тут вось і захавана мараль: яны цяпер нягоднікі, а перасяліўшыся на новую зямлю, раптам могуць зрабіцца найлепшымі подданымі. Ужо было нямала такіх прыкладаў: проста ў свеце, ды і па гісторыі таксама». «Ніколі, ніколі», гаварыў упраўляючы казённымі фабрыкамі: «паверце, ніколі гэтага не можа быць. Бо ў сялян Чычыкава будуць цяпер два моцныя ворагі. Першы вораг гэта блізасць губерняў маларасійскіх, дзе, як вядома, вольны продаж гарэлкі. Я вас запэўняю: за два тыдні яны сап’юцца і будуць як вусцілкі. Другі вораг ёсць ужо самая прывычка да бадзяжнага жыцця, якая абавязкова набываецца сялянамі ў часе перасялення. Трэба хіба, каб яны вечна былі перад вачамі Чычыкава і каб ён трымаў іх пад абцасам, ганяў-бы іх за ўсякую дробязь, ды і не то, каб спадзеючыся на іншага, а каб сам-такі асабіста, дзе трэба, даўбы і ў зубы і ў каршэнь». «Навошта-ж Чычыкаву тузацца самому і даваць у каршэнь, ён можа знайсці і ўправіцеля». «Так, знойдзеце ўправіцеля: усе шэльмы!» «Шэльмы таму, што паны не займаюцца справай». «Гэта праўда», падхапілі многія. «Каб сам пан ведаў хоць крыху толк у гаспадарцы, ды ўмеў распазнаваць людзей, у яго быў-бы заўсёды добры ўправіцель». Але ўпраўляючы сказаў, што менш, як за 5000, нельга знайсці добрага ўправіцеля. Старшыня-ж сказаў, што можна і за 3000 адшукаць. Але ўпраўляючы сказаў: «Дзе-ж вы яго знойдзеце? хіба ў сябе ў носе?» Старшыня-ж сказаў: «Не, не ў носе, а ў тутэйшым-жа павеце, іменна: Пётр Пятровіч Самойлаў: вось управіцель, які патрэбен для мужыкоў Чычыкава!» Многія шчыра спачувалі становішчу Чычыкава, і цяжкасць перасялення такой велізарнай колькасці сялян іх надзвычай палохала; сталі моцна баяцца, каб не адбылося нават бунту сярод такога неспакойнага народа, як сяляне Чычыкава. На гэта паліцэймейстар заўважыў, што бунту няма чаго баяцца, што для папярэджання яго існуе ўлада капітана-спраўніка, што капітан-спраўнік, каб сам і не ездзіў, а паслаў толькі замест сябе адну шапку сваю, дык адна гэтая шапка пагоніць сялян да самага месца іх жыхарства. Многія прапаноўвалі свае думкі наконт таго, як выкараніць бунтарны дух, які апаноўваў сялян Чычыкава. Думкі былі рознага роду: былі такія, якія занадта ўжо адзначаліся ваеннай жорсткасцю і строгасцю, бадай што залішняю; былі, аднак-жа, і такія, ад якіх веяла лагоднасцю. Паштмейстар заўважыў, што Чычыкава чакаюць свяшчэнныя абавязкі, што ён можа зрабіцца сярод сваіх сялян у некаторым родзе бацькам, паводле яго выразу, пашырыць нават дабрадзейную асвету, і пры гэтым выпадку адазваўся з вялікай пахвалаю аб Ланкастэравай [50] школе ўзаемнага навучання.

Такім чынам разважалі і гутарылі ў горадзе, і шмат хто пабуджаючыся спачуваннем, паведамляў Чычыкаву асабіста аб некаторых з гэтых парад, прапанавалі нават канвой, каб бяспечна правесці сялян да месца жыхарства. За. парады Чычыкаў дзякаваў, гаворачы, што не міне выпадку іх выкарыстаць, ад канвоя адмовіўся рашуча, гаворачы, што ён зусім непатрэбны, што купленыя ім сяляне надзвычай смірнага характару, адчуваюць самі добраахвотна схільнасць да перасялення і што бунту ні ў якім разе сярод іх быць не можа.

Усе гэтыя меркаванні і разважанні далі аднак-жа самыя спрыяльныя вынікі, якіх толькі мог чакаць Чычыкаў. Іменна разнеслі чуткі, што ён ні больш, ні менш як мільёншчык. Жыхары горада і без таго, як ужо мы бачылі ў першым раздзеле, шчыра палюбілі Чычыкава, а цяпер пасля такіх чутак палюбілі яшчэ больш шчыра. Аднак-жа, калі сказаць праўду, яны ўсе былі народ добры, жылі між сабой у згодзе, абыходзіліся зусім па-прыяцельску, і гутаркі мелі адзнаку нейкай асаблівай прастадушнасці і блізасці: «любы дружа, Ілья Ільіч! паслухай, брат, Анціпатар Захар’евіч!.. Ты нахлусіў, мамачка, Іван Грыгор’евіч!» Да паштмейстара, якога звалі Іван Андрэевіч, заўсёды дадавалі: шпрэхен зі дэйч, Іван Андрэйч? Словам! усё было надта сямейственна. Шмат хто быў не без адукацыі: старшыня палаты ведаў напамяць Людмілу Жукоўскага, якая яшчэ была тады непрастыўшай навіной, і па-майстэрску чытаў шмат якія месцы, асабліва: «бор заснуў, даліна спіць» і слова: «чу!», так што сапраўды здавалася, як быццам даліна спіць; для большага падабенства, ён нават у гэты час зажмурваў вочы. Паштмейстар ударыўся больш у філасофію і чытаў вельмі старанна, нават начамі, Юнгавы Ночы [51] і Ключ да таямніц натуры Экартсгаузена [52], з якіх рабіў надта доўгія выпіскі, але якога роду яны былі, гэта нікому не было вядома. Між іншым, ён быў дасціпны, квяцісты ў словах, і любіў, як сам гаварыў, уснасціць мову. А ўснашчваў ён мову мноствам розных частачак, як напрыклад: «судыр ты мой, гэтакі які-небудзь, ведаеце, разумееце, можаце сабе ўявіць, адносна, так сказаць, некаторым чынам», і іншымі, якія сыпаў ён мяхамі; уснашчваў ён мову таксама даволі ўдала падміргваннем, прыжмурваннем аднаго вока; гэта ўсё надавала вельмі едкі сэнс многім яго сатырычным намёкам. Астатнія таксама былі, больш ці менш, людзі адукаваныя: хто чытаў Карамзіна, хто «Московские Ведомости», хто нават і зусім нічога не чытаў. Хто быў тое, што называюць цюрук, гэта значыць чалавек, якога трэба падымаць на што-небудзь штуршком; хто быў проста абібок, ляжаў, як кажуць, увесь век на баку, якога нават дарэмна было і падымаць, не ўстане ні ў якім выпадку. Наконт выгляду, ужо вядома, усе яны былі людзі надзейныя, сухотнага паміж імі нікога не было. Усе былі такога роду, якім жонкі ў пяшчотных размовах, што адбываюцца адзін на адзін, давалі назвы: гладышыка, таўстунчыка, чэраванчыка, чарнушкі, кікі, жужу і інш. Наогул-жа яны былі народ добры, гасцінны, і чалавек, пакаштаваўшы з імі хлеба-солі ці прасядзеўшы вечар за вістам, ужо рабіўся чымсьці блізкім, тым больш Чычыкаў з сваімі чароўнымі якасцямі і манерамі, які сапраўды ведаў вялікую тайну падабацца. Яны так палюбілі яго, што ён не бачыў сродку, як вырвацца з горада, толькі і чуў ён: ну тыдзень, яшчэ адзін тыдзень пажывіце з намі, Павел Іванавіч! словам, яго насілі, як кажуць, на руках. Але непараўнана выключным было ўражанне (сапраўдны прадмет здзіўлення!), якое зрабіў Чычыкаў на дам. Каб гэта крыху вытлумачыць, трэба было-б сказаць шмат чаго пра саміх дам, пра іх кампаніі, апісаць, як кажуць, жывымі фарбамі іх душэўныя якасці, але для аўтара гэта вельмі цяжка. З аднаго боку, спыняе яго бязмежная павага да жонак саноўнікаў, а з другога боку... з другога боку, проста цяжка. Дамы горада N былі... не, ні ў якім разе не магу; адчуваецца нібыта палахлівасць. У дамах горада N больш за ўсё выдатна было тое... Нават дзіўна, зусім не падымаецца пяро, быццам свінец які-небудзь сядзіць у ім. Так і быць: аб характарах іх, відаць, трэба даць магчымасць сказаць таму, у каго жывей фарбы і больш іх на палітры, а нам прыдзецца хіба словы два аб выглядзе, ды аб тым, што больш павярхоўна. Дамы горада N былі тое, што называецца, прэзентабельны, і ў гэтых адносінах іх можна было смела паставіць у прыклад усім іншым. Што да таго, як трымаць сябе, вытрымаць тон, падтрымаць этыкет, безліч прыстойнасцей самых тонкіх, а асабліва захаваць моду ў самых апошніх дробязях, дык у гэтым яны апярэдзілі нават дам пецербургскіх і маскоўскіх. Апраналіся яны з вялікім густам, раз’язджалі па гораду ў калясках, як дыктавала апошняя мода, ззаду гойдаўся лакей, і ліўрэя ў залатых пазументах. Візітная картка, няхай яна напісана на хрысценнай двойцы, або на званковым тузе, але рэч была вельмі свяшчэнная. Праз яе дзве дамы, вялікія прыяцельніцы і нават сваячкі, перасварыліся ўшчэнт, іменна за тое, што адна з іх неяк манкіравала контрвізітам. I ўжо як ні стараліся потым мужы і сваякі памірыць іх, не памагло; выявілася, што ўсё можна зрабіць на свеце, аднаго толькі нельга: памірыць двух дам, якія пасварыліся за манкіроўку візіта. Так абедзве дамы і засталіся ва ўзаемнай непрыязні, паводле выразу гарадскога свету. Наконт заняцця першых месцаў адбывалася таксама мноства вельмі моцных сцэн, якія змушалі часам мужоў да зусім рыцарскіх велікадушных разуменняў аб заступніцтве. Дуэлі, вядома, паміж імі не было, бо ўсе былі штацкія чыноўнікі, але затое адзін другому стараўся нашкодзіць, дзе было можна, што, як вядома, часам бывае горш за ўсякую дуэль. У паводзінах дамы горада N былі строгія, поўныя высокароднага абурэння супроць усяго распуснага і ўсякіх спакус, каралі без усякай літасці ўсякія слабасці. Калі-ж паміж імі і адбывалася часамі што-небудзь такое, што называюць другое-трэцяе, дык яно адбывалася ўпотай, так што не падавалася ніякага выгляду, што адбывалася; годнасць захоўвалася цалкам, і сам муж быў так падрыхтаваны, што калі і бачыў другое-трэцяе, або чуў пра яго, дык адказваў каротка і разважна прыказкай: ці ёсць справа каму, што правёў кум куму? Яшчэ трэба сказаць, што дамы горада N вызначаліся, падобна многім дамам пецербургскім, надзвычайнай асцярожнасцю і прыстойнасцю ў словах і выразах. Ніколі не гаварылі яны: я высмаркалася, я ўспацела, я плюнула, а гаварылі: я зрабіла палёгку свайму носу, я абышлася пры дапамозе хустачкі, ні ў якім выпадку нельга было сказаць: гэтая шклянка ці гэтая талерка смярдзіць. I нават нельга было сказаць нічога такога, што дало-б намёк на гэта, а гаварылі замест таго: гэтая шклянка нядобра сябе трымае, або штосьці падобнае да гэтага. Каб яшчэ больш аблагародзіць рускую мову, амаль палавіна слоў была выкінута зусім з гаворкі, і таму вельмі часта трэба было звяртацца да французскай мовы, затое ўжо там, па-французску, іншая справа, там дазваляліся такія словы, якія былі куды больш жорсткімі, чым пералічаныя. Такім чынам, вось што можна сказаць аб дамах горада N, гаворачы больш павярхоўна. Але калі зірнуць глыбей, дык, вядома, выявіцца шмат іншых рэчаў; але вельмі небяспечна заглядаць глыбей у дамскія сэрцы. Такім чынам, абмежаваўшыся паверхняй, будзем гаварыць далей. Да гэтага часу ўсе дамы неяк мала гаварылі пра Чычыкава, аддаючы, зрэшты, яму поўную справядлівасць у прыемнасці свецкага абыходжання; але з таго часу, як пранесліся чуткі аб яго мільёнстве, знайшліся і іншыя якасці. Зрэшты, дамы былі зусім не цікаўныя; вінавата ва ўсім слова: мільёншчык, не сам мільёншчык, а іменна адно слова, бо ў адным гуку гэтага слова, апрача ўсякага грашовага мяшка, змяшчаецца нешта такое, што дзейнічае і на людзей падлюг, і на людзей ні сёе ні тое, і на людзей добрых словам, на ўсіх дзейнічае. Мільёншчык мае тую выгаду, што можа бачыць подласць зусім бескарыслівую, чыстую подласць, не абгрунтаваную ні на якіх разліках: многія вельмі добра ведаюць, што нічога не атрымаюць ад яго і не маюць ніякага права атрымаць, але абавязкова хоць забягуць яму наперад, хоць усміхнуцца, хоць знімуць капялюш, хоць напросяцца сілком на абед, калі даведаюцца, што туды запрошаны мільёншчык. Нельга сказаць, каб гэтая пяшчотная прыхільнасць да подласці была адчута дамамі; аднак-жа ў шмат якіх гасціных пачалі гаварыць, што, вядома, Чычыкаў не першы прыгажун, але затое такі, якім трэба быць мужчыне, што калі-б ён быў крыху таўсцей або паўней, гэта ўжо было-б нядобра. Пры гэтым было сказана неяк нават крыху зняважліва наконт тоненькага мужчыны, што ён нішто іншае, як нешта накшталт зубачысткі, а не чалавека. У дамскіх убраннях з’явілася шмат розных дадаткаў. У гасціным двары пачалася штурханіна, ледзь не цісканіна; стварылася нават гулянне, да такой ступені наехала экіпажаў. Купцы здзіўляліся, убачыўшы, як некалькі кавалкаў тканіны, прывезеных імі з кірмаша і не праданых з прычыны высокай цаны, пайшлі раптам у ход і былі адразу-ж расхоплены. Пад час абедні ў адной з дам заўважылі ўнізе сукні такое руло, якое растапырыла яе на поўцарквы, так што часны прыстаў, які тут знаходзіўся, даў загад пасунуцца народу далей, гэта значыць бліжэй да паперці, каб як-небудзь не пакамячыўся туалет яе высокаблагароддзя. Сам нават Чычыкаў не мог часткова не прыкмеціць такой незвычайнай увагі. Аднаго разу, вярнуўшыся да сябе дамоў, ён знайшоў на сваім стале пісьмо: адкуль і хто прынёс яго, нічога нельга было даведацца, тракцірны слуга заявіў, што прынеслі вось і загадалі не гаварыць ад каго. Пісьмо пачыналася вельмі рашуча, іменна так: «Не, я павінна да цябе пісаць!» Потым гаварылася пра тое, што ёсць таемная сімпатыя паміж душамі; гэтая ісціна змацавана была некалькімі кропкамі, якія займалі амаль поўрадка; потым ішло некалькі думак, вельмі выдатных па сваёй справядлівасці, так што лічым амаль неабходным іх выпісаць: «Што жыццё наша? Даліна, дзе пасяліліся смуткі. Што свет? Натоўп людзей, які пазбаўлен пачуцця». Пасля пісаўшая зазначала, што аблівае слязамі радкі пяшчотнай маці, якая ўжо дваццаць пяць год не існуе на свеце; запрашалі Чычыкава ў пустыню, пакінуць назаўсёды горад, дзе людзі ў душных агарожах не карыстаюцца паветрам; канец пісьма быў прасякнуты нават выключным адчаем і канчаўся такім вершам:

Два галубкі пакажуць
Табе мой сумны прах,
Забуркаваўшы, скажуць,
Што яна памерла ў слязах.

У апошнім радку не было памеру, але гэта, аднак, нічога: ліст быў напісаны ў духу таго часу. Ніякага подпісу таксама не было: ні імя, ні прозвішча, ні нават месяца і даты. У postscriptum [53] было толькі дадана, што яго ўласнае сэрца павінна адгадаць пісаўшую, і што на бале ў губернатара, які мае быць заўтра, будзе прысутнічаць сам арыгінал.

Гэта вельмі яго зацікавіла. У ананіме [54] было так многа прывабнага і ўзбуджаючага цікаўнасць, што ён перачытаў і другі і трэці раз пісьмо і, нарэшце, сказаў: «Цікава, аднак-жа ведаць, хто-б такая была пісаўшая!» Словам, справа, як відаць, завязвалася сур’ёзна; больш за гадзіну ён усё думаў аб гэтым, нарэшце, растапырыўшы рукі і нахіліўшы галаву, сказаў: «А пісьмо вельмі, вельмі пакручаста напісана». Потым, само сабой зразумела, пісьмо было згорнута і пакладзена ў шкатулку, у суседстве з нейкай афішай і запрашальным білетам на вяселле, які сем год захоўваўся ў тым-жа стане і на тым-жа месцы. Неўзабаве, сапраўды прынеслі яму запрашэнне на бал да губернатара — справа вельмі звычайная ў губернскіх гарадах: дзе губернатар, там і бал, інакш ніяк не будзе належнай любві і павагі з боку дваранства.

Усё пабочнае было ў тую-ж хвіліну пакінута і адсунуга прэч, і ўсё было накіравана на падрыхтоўку да бала, бо, сапраўды, было шмат прычын, якія закраналі і пабуджалі да гэтага. Затое, можа, ад самага стварэння свету не было страчана столькі часу на туалет. Цэлая гадзіна была прысвечана толькі на адно разгляданне твару ў люстэрку. Рабіліся спробы надаць яму мноства розных выразаў: то важны і сталы, то пачцівы, але з некаторай усмешкай, то проста пачцівы без усмешкі; адпушчана было ў люстэрка некалькі паклонаў у суправаджэнні невыразных гукаў, крыху падобных да французскіх, хоць па-французску Чычыкаў не ведаў зусім. Ён зрабіў нават самому сабе мноства прыемных сюрпрызаў, падміргнуў брывом і губамі і зрабіў тое-сёе нават языком; словам, ці мала чаго не робіш, застаўшыся адзін, адчуваючы пры гэтым, што прыгожы, і да таго-ж будучы ўпэўнены, што ніхто не заглядае ў шчыліну. Нарэшце, ён лёгка ляпнуў сябе па падбародку, сказаўшы: ах ты, мардашка гэтакі! і пачаў апранацца. Самы прыемны настрой суправаджаў яго на працягу ўсяго часу апранання; ускладаючы падцяжкі або завязваючы гальштук, ён рабіў рэверансы і кланяўся з асаблівым спрытам, і хоць ніколі не танцаваў, але зрабіў антраша. Гэтае антраша мела маленькі нявінны вынік: задрыжаў камод і ўпала са стала шчотка.

З’яўленне яго на бале зрабіла надзвычайнае ўражанне. Усё, што ні было, рушыла яму насустрач, хто з картамі ў руках, хто на самым цікавым месцы размовы сказаўшы: «а ніжні земскі суд адказвае на гэта...» але што такое адказвае ніжні земскі суд, гэта ён ужо кінуў набок і спяшаўся з прывітаннем да нашага героя. «Павел Іванавіч! Ах, божа мой, Павел Іванавіч! Даражэнькі Павел Іванавіч! Паважанейшы Павел Іванавіч! Душа мая Павел Іванавіч! Вось дзе вы, Павел Іванавіч! Вось ён наш Павел Іванавіч! Дазвольце абняць вас, Павел Іванавіч! Давайце яго сюды, вось я яго пацалую моцна-моцна, майго дарагога Паўла Іванавіча!» Чычыкаў разам адчуў сябе ў некалькіх абдымках. Не паспеў зусім вылузацца з абдымкаў старшыні, як трапіў ужо ў абдымкі паліцэймейстара; паліцэймейстар здаў яго інспектару ўрачэбнай управы; інспектар урачэбнай управы адкупшчыку, адкупшчык архітэктару... Губернатар, які ў той час стаяў каля дам і трымаў у адной руцэ цукерачны білет і балонку, убачыўшы яго, кінуў на падлогу і білет і балонку — толькі завішчаў сабачка; словам, прынёс ён радасць і вясёласць незвычайную. Не было твару, на якім-бы не выявілася прыемнасць ці прынамсі адбітак усеагульнай прыемнасці. Так бывае на тварах чыноўнікаў у часе агляду прыехаўшым начальнікам давераных кіраванню іх месцаў: пасля таго як першы страх прайшоў, яны ўбачылі, што многа чаго яму падабаецца, і сам ён меў ласку, нарэшце, пажартаваць, гэта значыць сказаць з прыемнай усмешкай некалькі слоў. Смяюцца ўдвая ў адказ на гэта прыбліжаныя чыноўнікі, што абступілі яго; смяюцца шчыра тыя, што між іншым, не зусім добра пачулі вымаўленыя ім словы, і нарэшце, далёка каля дзвярэй, каля самага выхаду, які-небудзь паліцэйскі, які зроду не смяяўся за ўсё сваё жыццё і толькі што паказаў перад гэтым народу кулак, і той, паводле нязменных законаў адлюстравання, выражае на твары сваім нейкую ўсмешку, хоць гэтая ўсмешка больш падобна да таго, як-бы хто-небудзь збіраўся чхнуць пасля моцнай табакі. Герой наш адказваў усім і кожнаму і адчуваў нейкую небывалую спрытнасць: раскланьваўся направа і налева, па свайму звычаю, крыху набок, але зусім свабодна, так што зачараваў усіх. Дамы тут-жа абступілі яго бліскучай гірляндай і нанеслі з сабой цэлыя воблакі ўсялякіх прыемных водыраў: адна дыхала ружамі, ад другой павявала вясной і фіялкамі, трэцяя ўся наскрозь была прапарфумована разядой; Чычыкаў падымаў толькі нос угору ды нюхаў. Ва ўбраннях іх густу было процьма: мусліны, атласы, кісеі былі такіх бледных модных колераў, якім нават і назвы нельга было падшукаць (да такой ступені дайшла тонкасць густу). Істужкавыя банты і букеты кветак пырхалі там і там па ўбраннях у самым маляўнічым беспарадку, хоць над гэтым беспарадкам працавала многа някепская галава. Лёгкі галаўны ўбор трымаўся толькі на адных вушах і, здавалася, гаварыў: «Эй, палячу, шкада толькі, што не падыму з сабой красуню!» Таліі былі абцягнуты і мелі самыя пругкія і прыемныя для вачэй формы (трэба заўважыць, што наогул усе дамы горада N былі крыху поўныя, але шнураваліся з такім майстэрствам і мелі такія прыемныя манеры, што паўнаты ніяк нельга было заўважыць). Усё было ў іх прыдумана і прадугледжана з незвычайнай асцярожлівасцю; шыя, плечы былі адкрыты якраз настолькі, наколькі трэба, і ніяк не далей; кожная абнажыла сваё ўладанне да тых межаў, пакуль адчувала па ўласнаму перакананню, што яны здольны былі загубіць чалавека; астатняе ўсё было прыхавана з незвычайным густам: ці які-небудзь лёганькі гальштучак з істужкі лягчэй за пірожнае, вядомае пад назвай пацалунка, эфірна абнімаў шыю, ці выпушчаны былі з-за плеч, з-пад сукенкі, маленькія зубчатыя сценкі з тонкага батысту, вядомыя пад назвай скромнасцей. Гэтыя скромнасці хавалі наперадзе і ззаду тое, што ўжо не магло прынесці пагібелі чалавеку, а між тым прымушалі падазраваць, што там вось іменна і была самая пагібель. Доўгія пальчаткі былі надзеты не да самых рукавоў, але абдумана пакідалі голымі спакуслівыя часткі рук вышэй локця, якія ў многіх дыхалі зайздроснай паўнатой; у іншых нават лопнулі лайкавыя пальчаткі, прымушаныя пасунуцца далей, словам, здаецца, быццам на ўсім было напісана: не, гэта не губерня, гэта сталіца, гэта сам Парыж! Толькі дзе-ні-дзе раптам высоўваўся які-небудзь нябачаны на зямлі каптур ці нават нейкае ледзь не паўлінавае пяро, наперакор усім модам па ўласнаму густу, але ўжо без гэтага нельга, такая ўласцівасць губернскага горада: дзе-небудзь ужо ён абавязкова схібіць. Чычыкаў, стоячы перад імі, думаў: каторая аднак-жа склала пісьмо? і высунуў быў наперад нос; але па самым носе шмаргануў яго цэлы рад локцяў, абшлагоў, рукавоў, канцоў істужак, пахучых шэмізетак і сукняў. Галопад ляцеў на ўсю прапалую: паштмейстарша, капітан-спраўнік, дама з блакітным пяром, дама з белым пяром, грузінскі князь Чыпхайхілідзеў, чыноўнік з Пецербурга, чыноўнік з Масквы, француз Куку, Перхуноўскі, Берэбендоўскі — усё паднялося і паімчалася...

«Вось яно! пайшла пісаць губерня!» прагаварыў Чычыкаў, падаўшыся назад, і як толькі дамы паселі на месцы, ён зноў пачаў выглядаць, ці нельга па выразу твару і вачэй даведацца, каторая складала пісьмо, але ніяк нельга было пазнаць ні з выразу твару, ні з выгляду вачэй, каторая сапраўды яго складала. Усюды было прыкметна такое ледзь-ледзь выяўленае, такое няўлоўна-тонкае, ух! якое тонкае!.. «Не», сказаў сам сабе Чычыкаў: «жанчыны, гэта такі прадмет...» Тут ён і рукой махнуў: «проста і гаварыць няма чаго! Паспрабуй вось расказаць ці перадаць усё тое, што бегае на іх тварах, усе тыя завілінкі, намёкі, а вось проста нічога не перадасі. Адны вочы іх такая безмежная дзяржава, у якую заехаў чалавек — і памінай як звалі! Адтуль яго ўжо ні кручком, нічым не выцягнеш. Ну, паспрабуй, напрыклад, расказаць пра адзін бляск іх: вільготны, аксамітны, цукровы. Бог іх ведае, якога няма яшчэ! I жорсткі, і мяккі, і нават зусім томны, або, як іншыя кажуць, з пяшчотай або без пяшчоты, але мацней як з пяшчотай, так вось зачэпіць за сэрца ды і павядзе па ўсёй душы, як быццам смыком. Не, проста не падбярэш слова: галанцёрная палавіна чалавечага роду, ды нічога больш».

Выбачайце! Здаецца, з вуснаў нашага героя вылецела слоўца, падмечанае на вуліцы. Што-ж рабіць? такое ўжо на Русі становішча пісьменніка! Між іншым, калі слова з вуліцы трапіла ў кнігу, не пісьменнік вінават, вінаваты чытачы, і перш за ўсё чытачы вышэйшага свету: ад іх першых не пачуеш ніводнага прыстойнага рускага слова, а французскімі, нямецкімі і англійскімі яны, бадай, надзеляць у такой колькасці, што і не захочаш і надзеляць нават з захаваннем усіх магчымых вымаўленняў: па-французску ў нос і картавячы, па-англійску прамовяць як належыць птушцы і нават фізіяномію зробяць птушыную і нават пасмяюцца з таго, хто не зможа зрабіць птушынай фізіяноміі; вось толькі рускім нічым не надзеляць, хіба з патрыятызма пабудуюць для сябе на дачы хату ў рускім гусце. Вось якія чытачы вышэйшага саслоўя, а за імі і ўсе, хто прылічае сябе да вышэйшага саслоўя! А між тым, якая патрабавальнасць! Хочуць абавязкова, каб усё было напісана мовай самай строгай, ачышчанай і высокароднай, словам, хочуць, каб руская мова сама сабой спусцілася раптам з воблакаў, апрацаваная як след, і села-б ім проста на язык, а ім больш-бы нічога, як толькі разявіць раты ды выставіць яго. Вядома, дзіўная жаночая палова чалавечага роду; але шаноўныя чытачы, трэба прызнацца, бываюць яшчэ дзіўней.

А Чычыкава ахоплівала тым часам поўнае неўразуменне, і ён не мог вырашыць, якая дама складала пісьмо. Паспрабаваўшы накіраваць позірк больш уважліва, ён убачыў, што з дамскага боку таксама выказвалася нешта такое, што пасылала разам і надзею і салодкія мукі ў сэрца беднага смяротнага, так што ён, нарэшце, сказаў: не, ніяк нельга ўгадаць! Гэта, аднак-жа, ніяк не зменшыла вясёлага настрою, у якім ён знаходзіўся. Ён развязна і спрытна абмяняўся прыемнымі словамі з некаторымі дамамі, падыходзіў да той ці іншай дробным крокам ці, як кажуць, тупацеў ножкамі, як звычайна робяць, ходзячы на высокіх абцасах маленькія дзядулі-фарсуны, якіх завуць мышынымі жарэбчыкамі, і якія забягаюць вельмі ўвішна каля дам. Патупацеўшы даволі спрытнымі паваротамі налева і направа, ён падшаркнуў тут-жа ножкай, зрабіўшы кароценькі хвосцік ці нешта накшталт коскі. Дамы былі вельмі задаволены і не толькі адшукалі ў ім кучу прыемных і ветлівых якасцей, але нават пачалі знаходзіць велічны выраз твару, штосьці нават марсаўскае і ваеннае, што, як вядома, надта падабаецца жанчынам. Нават праз яго пачыналі ўжо крыху сварыцца: заўважыўшы, што ён станавіўся звычайна каля дзвярэй, некаторыя навыперадкі спяшаліся заняць крэслы бліжэй да дзвярэй, і калі адной пашанцавала зрабіць гэта раней, дык ледзь не атрымалася вельмі непрыемная гісторыя, і многім, хто жадаў зрабіць тое самае, здалася ўжо занадта агіднай такая нагласць.

Чычыкаў так заняўся размовамі з дамамі, ці, лепш, дамы так занялі і закружылі яго сваімі размовамі, падсыпаючы кучу самых хітраскладзеных і тонкіх алегорый, якія ўсе трэба было разгадваць, ад чаго нават выступіў у яго на ілбе пот,—што ён забыўся выканаць абавязак прыстойнасці і падыйсці перш за ўсё да гаспадыні. Успомніў ён аб гэтым ужо тады, калі пачуў голас самой губернатаршы, якая стаяла перад ім ужо некалькі хвілін. Губернатарша сказала крыху ласкавым і хітрым голасам, прыемна ківаючы галавою: «А, Павел Іванавіч, дык вось як вы!..» дакладна не магу перадаць слоў губернатаршы, але было сказана нешта вельмі прыемнае і ветлівае ў тым духу, у якім размаўляюць дамы і кавалеры ў аповесцях нашых свецкіх пісьменнікаў, ахвотнікаў апісваць гасціныя і пахваліцца веданнем вышэйшага тону, у духу таго, што няўжо аўладалі так вашым сэрцам, што ў ім няма больш ні месца, ні самага цеснага куточка для бязлітасна забытых вамі. Герой наш павярнуўся ў тую-ж хвіліну да губернатаршы і ўжо гатоў быў адпусціць ёй адказ, мусібыць, нічым не горшы за тыя, якія адпускаюць у модных аповесцях Звонскія, Лінскія, Лідзіны, Грэміны і ўсякія спрытныя ваенныя людзі, як, знячэўку падняўшы вочы, спыніўся раптам, быццам аглушаны ўдарам.

Перад ім стаяла не адна губернатарша: яна трымала пад руку маладзенькую шаснаццацігадовую дзяўчыну, свежанькую бландзінку, з тоненькімі і стройнымі рысамі твару, з вострым падбародкам, з чароўна акругленым авалам твару, які мастак узяў-бы за ўзор для мадоны і які зрэдку трапляецца на Русі, дзе любіць усё аказацца шырокага памеру, усё, што ні ёсць: і горы і лясы і стэпы, і твары і губы і ногі; тую самую бландзінку, якую ён сустрэў на дарозе, ехаўшы ад Наздрова, калі праз глупства фурманоў, ці коней, іх экіпажы так дзіўна сутыкнуліся, пераблытаўшыся збруяй, і дзядзька Міцяй з дзядзькам Мінаем узяліся разблытваць справу. Чычыкаў так збянтэжыўся, што не мог вымавіць ніводнага трапнага слова і прамармытаў чорт ведае што такое, чаго-б ужо ніяк не сказаў ні Грэмін, ні Звонскі, ні Лідзін.

«Вы не ведаеце яшчэ маёй дачкі?» сказала губернатарша: «інстытутка, толькі што выпушчана».

Ён адказаў, што ўжо меў шчасце неспадзявана пазнаёміцца; паспрабаваў яшчэ тое-сёе дадаць, але тое-сёе зусім не вышла. Губернатарша, сказаўшы два-тры словы, нарэшце, адышла з дачкою ў другі канец залы да іншых гасцей, а Чычыкаў усё яшчэ стаяў нерухома на тым самым месцы, як чалавек, які весела вышаў на вуліцу з тым, каб прагуляцца, з вачамі, настроенымі глядзець на ўсё, і раптам нерухома спыніўся, успомніўшы, што ён забыў нешта, і ўжо тады нічога не можа быць смяшней за такога чалавека: умомант бесклапотны выраз злятае з твару яго; ён намагаецца прыпомніць, што забыў ён, можа хустачку, але хустачка ў кішэні, можа грошы, але грошы таксама ў кішэні, усё, здаецца, пры ім, а між тым нейкі невядомы дух шэпча яму ў вушы, што ён забыў нешта. I вось ужо глядзіць ён разгублена і смутна на натоўп, які рушыцца перад ім, на экіпажы, якія лётаюць па вуліцы, на ківеры і стрэльбы праходзячага палка, на шыльду, і нічога добра не бачыць. Так і Чычыкаў раптам зрабіўся чужым усяму, што ні адбывалася вакол яго. У гэты час з дамскіх водарных вуснаў да яго імкліва накіравалася мноства намёкаў і пытанняў, прасякнутых наскрозь тонкасцю і ветлівасцю. «Ці дазволена нам, бедным жыхарам зямлі, быць такімі дзёрзкімі, каб запытаць вас, аб чым вы марыце?» «Дзе знаходзяцца тыя шчаслівыя месцы, у якіх лунае ваша думка?» «Ці можна ведаць імя той, якая паглыбіла вас у гэту салодкую даліну задуменнасці?» Але ён адказваў на ўсё рашучай няўважлівасцю, і прыемныя фразы ніклі без следу.

Ён нават да таго быў няветлівы, што хутка адышоў ад іх у другі бок, жадаючы прасачыць, куды прайшла губернатарша са сваёй дачкой. Але дамы, здавалася, не хацелі пакінуць яго так хутка; кожная ўнутрана наважыла ўжыць усю, якую толькі можна, зброю, такую небяспечную для сэрцаў нашых, і пусціць у ход усё, што было лепшае. Трэба заўважыць, што ў некаторых дам, я кажу ў некаторых, гэта не тое, што ва ўсіх, ёсць маленькая слабасць: калі яны заўважаюць у сябе што-небудзь асабліва прыгожае, ці лоб, ці рот, ці рукі, дык ужо думаюць, што лепшая частка твару іх так першая кінецца ўсім у вочы, і ўсе раптам загавораць у адзін голас: «паглядзіце, паглядзіце, які ў яе прыгожы грэчаскі нос, або які правільны, чароўны лоб!» У каторай-жа прыгожыя плечы, тая ўпэўнена загадзя, што ўсе маладыя людзі будуць канчаткова захоплены і раз-за-разам будуць паўтараць у той час, як яна будзе праходзіць міма: «ах, якія чароўныя ў гэтай плечы», а на твар, валасы, нос, лоб нават не глянуць, калі-ж і глянуць, дык як на штосьці пабочнае. Такім чынам думаюць некаторыя дамы. Кожная дама дала сабе ўнутраны зарок быць як мага больш чароўнай у танцах і паказаць ва ўсім бляску перавагу таго, што ў яе было самага выдатнага. Паштмейстарша, вальсуючы, з такой томнасцю апусціла набок галаву, што адчувалася сапраўды нешта незямное. Адна вельмі ветлівая дама, якая прыехала зусім не для таго, каб танцаваць з прычыны, як яна сама сказала, невялікага інкамадытэ [55] ў выглядзе гарошынкі на правай назе, у выніку чаго павінна была нават надзець плісавыя боты, — не ўцерпела, аднак-жа, і зрабіла некалькі кругоў у плісавых ботах, для таго іменна, каб паштмейстарша не забрала сапраўды занадта многа сабе ў галаву.

Але ўсё гэта ніяк не зрабіла чаканага ўздзеяння на Чычыкава. Ён нават не глядзеў на кругі, якія рабіліся дамамі, але бесперастанку ўзнімаўся на пальчыкі і выглядаў паўзверх галоў, куды-б магла падзецца цікавая бландзінка; прысядаў і ўніз таксама, выглядаючы паміж плеч і спін, нарэшце дашукаўся, убачыў яе; яна сядзела разам з маці, над якой велічна гойдалася нейкая ўсходняя чалма з пяром. Здавалася, як быццам ён хацеў узяць іх прыступам; ці вясновы настрой падзейнічаў на яго, ці штурхаў яго хто ззаду, толькі ён рашуча праціскаўся наперад, не зважаючы ні на што; адкупшчык атрымаў ад яго такі штуршок, што пахіснуўся і ледзь-ледзь утрымаўся на адной назе, інакш-бы, вядома, паваліў-бы за сабой цэлы рад; паштмейстар таксама адступіўся і паглядзеў на яго са здзіўленнем, змешаным з даволі тонкай іроніяй, але ён на іх не паглядзеў; ён бачыў толькі воддаль бландзінку, якая надзявала доўгую пальчатку і, без сумнення, гарэла жаданнем пусціцца лётаць па паркеце. А там ужо збоку чатыры пары адколвалі мазурку; абцасы ламалі падлогу, і армейскі штабс-капітан працаваў душой і целам, і рукамі і нагамі, выкручваючы такія па, якія і ў сне нікому не здаралася выкручваць. Чычыкаў прашмыгнуў міма мазуркі амаль па самых абцасах і проста да таго месца, дзе сядзела губернатарша з дачкой. Аднак-жа ён падступіў да іх вельмі нясмела, не тупацеў так спрытна і франтоўскі нагамі, нават крыху збянтэжыўся, і ва ўсіх рухах выявілася нейкая няспрытнасць.

Нельга сказаць напэўна, ці сапраўды прачнулася ў нашым героі пачуццё кахання, нават мала верагодна, каб паны такога роду, г. зн. не так каб ужо тоўстыя, аднак-жа і не так каб тонкія, здатны былі да кахання, але пры ўсім тым тут было нешта такое дзіўнае, нешта ў такім родзе, што ён сам не мог сабе вытлумачыць: яму здалося, як ён сам потым прызнаваўся, што ўвесь бал, з усім сваім гоманам і шумам, стаў на некалькі хвілін як быццам недзе далёка; скрыпкі і трубы заліваліся недзе за гарамі, і ўсё зацягнулася туманам, падобным да нядбайна замаляванага поля на карціне. I з гэтага імглістага, так-сяк накіданага поля выходзілі ясна і закончана толькі адны тонкія рысы прывабнай бландзінкі: яе авальна акруглены тварык, яе тоненькі, тоненькі стан, які бывае ў інстытуткі ў першыя месяцы пасля выпуску, яе белая, амаль простая сукня, што лёгка і лоўка абдымала ва ўсіх месцах маладзенькія і стройныя члены, якія вызначаліся ў нейкіх чыстых лініях. Здавалася, яна ўся была падобна да нейкай цацкі, дасканала вытачанай са слановай косці; яна толькі адна бялела і выходзіла празрыстай і светлай з мутнага і непразрыстага натоўпу.

Відаць так ужо бывае на свеце, відаць і Чычыкавы на некалькі хвілін у жыцці робяцца паэтамі, але слова паэт будзе ўжо занадта. Прынамсі ён адчуў сябе зусім нечым накшталт маладога чалавека, ледзь-ледзь не гусарам. Убачыўшы каля іх пустое крэсла, ён зараз-жа яго заняў. Гутарка спачатку не клеілася, але пасля справа пайшла, і нават пачала набываць форс, але... тут, на найвялікшы жаль, трэба заўважыць, што людзі сталыя, якія займаюць важныя пасады, неяк крыху цяжкаватыя ў размовах з дамамі, на гэта майстры паны паручыкі, і ніяк не далей капітанскіх чыноў. Як яны робяць, бог іх ведае: здаецца, і не вельмі хітрыя рэчы гавораць, а дзяўчына раз-по-разу качаецца на крэсле ад смеху; стацкі-ж саветнік бог ведае што раскажа: ці павядзе гутарку аб тым, што Расія вельмі прасторная дзяржава, ці адпусціць камплімент, які, вядома, выдуманы не без дасціпнасці, але ад яго страшна пахне кнігай; калі-ж скажа што-небудзь смешнае, дык сам куды больш смяецца, чым тая, якая яго слухае. Тут гэта заўважана для таго, каб чытачы бачылі, чаму бландзінка стала пазяхаць у часе апавяданняў нашага героя. Герой, аднак-жа, зусім гэтага не заўважаў, расказваючы мноства прыемных рэчаў, якія ўжо здаралася яму расказваць у падобных выпадках у розных месцах, іменна: у Сімбірскай губерні, у Сафрона Іванавіча Бяспечнага, дзе былі тады дачка яго Адэлаіда Сафронаўна з трыма залоўкамі Мар’яй Гаўрылаўнай, Аляксандрай Гаўрылаўнай і Адэльгейдай Гаўрылаўнай; у Фёдара Фёдаравіча Перакроева ў Разанскай губерні; у Флора Васільевіча Пабеданоснага ў Пензенскай губерні і ў брата яго Пятра Васільевіча, дзе была сваячка яго Кацярына Міхайлаўна і ўнучатныя сёстры яе Роза Фёдараўна і Эмілія Фёдараўна; у Вяцкай губерні ў Пятра Варсаноф’евіча, дзе была сястра нявесткі яго Пелагея Ягораўна з пляменніцай Соф’яй Расціслаўнай і двума зводнымі сёстрамі Соф’яй Аляксандраўнай і Маклатурай Аляксандраўнай.

Усім дамам зусім не падабаліся такія паводзіны Чычыкава. Адна з іх знарок прайшла паўз яго, каб даць яму гэта заўважыць, і нават зачапіла бландзінку даволі нядбайна тоўстым руло свае сукні, а шарфам, што пырхаў вакол яе плячэй, падладзіла так, што ён махнуў канцом сваім яе па самым твары; у той-жа самы час ззаду яго з адных дамскіх вуснаў вырвалася, разам з пахам фіялак, даволі колкая і едкая заўвага. Але, ці ён не пачуў сапраўды, ці прыкінуўся, што не пачуў, толькі гэта было нядобра; бо думкай дам трэба даражыць: у гэтым ён і раскаяўся, але пасля ўжо, значыць позна.

Абурэнне, ва ўсіх адносінах справядлівае, паказалася на многіх тварах. Якой вялікай ні была ў свецкіх колах вага Чычыкава, хоць ён і мільёншчык, і ў твары яго выяўлялася велічнасць і нават нешта марсаўскае і ваеннае, але ёсць рэчы, якіх дамы не выбачаць нікому, хто-б ён ні быў, і тады проста пішы прапала! Ёсць выпадкі, дзе жанчына, як ні слабая і бяссільная яна характарам у параўнанні з мужчынам, але робіцца раптам цвярдзей не толькі за мужчыну, але і за ўсё што ні ёсць на свеце. Пагардлівасць, выяўленая Чычыкавым, амаль ненаўмысная, аднавіла паміж дамамі нават згоду, якая была на краі пагібелі з выпадку завалодання крэслам. У сказаных ім выпадкова нейкіх сухіх і звычайных словах адшукалі колкія намёкі. На давяршэнне бяды нехта з маладых людзей склаў тут-жа сатырычны верш на танцаваўшую кампанію, без чаго, як вядома, амаль ніколі не абыходзіцца на губернскіх балах. Гэты верш быў прыпісаны тут-жа Чычыкаву. Абурэнне расло, і дамы пачалі гаварыць пра яго ў розных кутках самым неспрыяльным чынам, а бедная інстытутка была знішчана зусім, і прысуд ёй ужо быў падпісан.

А тым часам герою нашаму рыхтавалася страшэнна непрыемная нечаканасць: у той час, калі бландзінка пазяхала, а ён расказваў ёй такія-сякія гісторыйкі, якія здараліся ў розныя часы, і нават закрануў быў грэчаскага філосафа Дыягена, паказаўся з апошняга пакоя Наздроў. Ці ён вырваўся з буфета, ці з невялікай зялёнай гасцінай, дзе ішла гульня мацнейшая, чым звычайны віст, ці сваёй воляй, ці выпхнулі яго, толькі ён з’явіўся вясёлы, радасны, ухапіўшы пад руку пракурора, якога, мабыць, ужо цягаў некалькі часу, таму што бедны пракурор варочаў на ўсе бакі свае густыя бровы, як-бы прыдумваючы спосаб выбрацца з гэтага сяброўскага падручнага падарожжа. Сапраўды, яго нельга было стрымаць. Наздроў, сербануўшы куражу ў двух кубачках чаю, вядома, не без рому, хлусіў неміласэрна. Убачыўшы яшчэ здалёк яго, Чычыкаў рашыўся нават на ахвяру, г. зн. пакінуць сваё зайздроснае месца і як мага хутчэй адыйсці; нічога добрага не абяцала яму гэтая сустрэча. Але як на бяду, у гэты час падкруціўся губернатар, які выказаў надзвычайную радасць, што знайшоў Паўла Іванавіча, і спыніў яго, просячы быць суддзёй у спрэчцы яго з двума дамамі наконт таго, ці трывала жаночае каханне, ці не; а тым часам Наздроў ужо ўбачыў яго ды ішоў проста насустрач.

«А, херсонскі памешчык, херсонскі памешчык!» крычаў ён, падыходзячы і заліваючыся смехам, ад якога дрыжалі яго свежыя, румяныя, як вясновая ружа, шчокі! «Што! шмат натаргаваў мёртвых? Вы-ж не ведаеце, ваша прэвасхадзіцельства», гарланіў ён тут-жа, звярнуўшыся да губернатара: «ён гандлюе мёртвымі душамі! Дальбог. Паслухай, Чычыкаў! ты-ж, я табе кажу па дружбе, вось мы ўсе тут твае сябры, вось і яго прэвасхадзіцельства тут, я-б цябе павесіў, дальбог павесіў!»

Чычыкаў проста не ведаў, дзе сядзеў.

«Ці паверыце, ваша прэвасхадзіцельства», гаварыў далей Наздроў: «як сказаў ён мне: прадай мёртвых душ, я так і лопнуў са смеху. Прыязджаю сюды, мне кажуць, што накупляў на тры мільёны сялян на вывад: якіх на вывад! ды ён таргаваў у мяне мёртвых. Паслухай, Чычыкаў, ды ты жывёліна, дальбог жывёліна, вось і яго прэвасхадзіцельства тут, ці не праўда, пракурор?»

Але пракурор, і Чычыкаў, і сам губернатар так разгубіліся, што не знайшліся зусім, што адказаць, а між тым Наздроў, ніколькі не звяртаючы ўвагі, вёрз напоўцвярозую гаворку: «Ты ўжо, брат, ты, ты... я не адыйду ад цябе, пакуль не даведаюся, навошта купляў мёртвыя душы. Паслухай, Чычыкаў, табе-ж, дапраўды, сорам, у цябе, ты сам ведаеш, няма лепшага друга, як я. Вось і яго прэвасхадзіцельства тут, ці не праўда, пракурор? Вы не паверыце, ваша прэвасхадзіцельства, як мы адзін да аднаго прывязаны, гэта значыць, проста калі-б вы сказалі, вось, я тут стаю, а вы-б сказалі: Наздроў! скажы праўду, хто табе даражэй — бацька родны, ці Чычыкаў? Скажу: Чычыкаў, дальбог... Дазволь, душа, я табе ўляплю адзін безэ [56]. Вы ўжо дазвольце, ваша прэвасхадзіцельства, пацалаваць мне яго. Так, Чычыкаў, ты ўжо не ўпірайся, адну безэшку дазволь адбіць табе на беласнежнай шчацэ тваёй!» Наздроў з сваім безэ быў так адапхнуты, што ледзь не паляцеў на зямлю: ад яго ўсе адступіліся і не слухалі больш, але ўсё-ж словы яго пра пакупку мёртвых душ былі сказаны ва ўсё горла і суправаджаліся такім гучным смехам, што прыцягнулі ўвагу нават усіх тых, якія знаходзіліся ў самых далёкіх кутках пакоя. Гэтая навіна здалася такою дзіўнай, што ўсе спыніліся з нейкім драўляным, бязглузда-запытальным выразам. Чычыкаў заўважыў, што многія дамы пераміргнуліся паміж сабою з нейкай злоснай, едкай усмешкай, і ў выразе некаторых твараў з’явілася нешта такое двухсэнснае, што яшчэ больш павялічыла гэтую збянтэжанасць. Што Наздроў хлус заўзяты, гэта было вядома ўсім, і зусім не ў навіну было пачуць ад яго відавочную бязглуздзіцу; але смяротны, дапраўды, цяжка нават зразумець, як пабудован гэты смяротны: якою-б пошлай ні была навіна, але абы яна была навіна, ён абавязкова паведаміць яе другому смяротнаму, хоць-бы іменна для таго толькі, каб сказаць: «паглядзіце, якую хлусню распусцілі!» А другі смяротны з прыемнасцю нахіліць вуха, хоць пасля скажа сам: «дык гэта зусім пошлая хлусня, якая не варта ніякай увагі!» і ўслед за тым зараз-жа пойдзе шукаць трэцяга смяротнага, каб, расказаўшы яму, пасля разам з ім выгукнуць з высокародным абурэннем: «якая пошлая хлусня!» I гэта абавязкова абыйдзе ўвесь горад, і ўсе смяротный, колькі іх ні ёсць, нагаворацца абавязкова ў смак і потым прызнаюць, што гэта не варта ўвагі і недастойна, каб пра яго гаварыць.

Гэтае недарэчнае, як відаць, здарэнне прыкметна папсавала настрой нашаму герою. Як ні бязглузды словы дурня, а часам іх бывае даволі, каб збянтэжыць разумнага чалавека.

Ён пачаў адчуваць сябе няёмка, няладна: акурат як быццам да бляску вычышчаным ботам ступіў раптам у брудную смярдзючую лужыну, словам, нядобра, зусім нядобра! Ён спрабаваў аб гэтым не думаць, стараўся рассеяцца, забавіцца чым, прысеў у віст, але ўсё пайшло, як крывое кола: два разы зайшоў ён у чужую масць і, забыўшы, што па трэцяй не б’юць, размахнуўся з усёй рукі і лупянуў здуру сваю-ж. Старшыня ніяк не мог зразумець, як Павел Іванавіч, так добра і можна сказаць тонка разумеўшы гульню, мог зрабіць падобныя памылкі і падвёў нават пад абух яго піковага караля, на якога ён, паводле ўласнага выразу, спадзяваўся, як на бога. Вядома, паштмейстар і старшыня і нават сам паліцэймейстар, як водзіцца, жартавалі з нашага героя — ці не закаханы ўжо ён, і што мы, бачыце, ведаем, што ў Паўла Іванавіча сэрцайка крыху кульгае, ведаем, кім і падстрэлена; але ўсё гэта ніяк яго не суцяшала, як ён ні спрабаваў усміхацца і жартаваць. За вячэрай таксама ён ніяк не змог разыйсціся, не гледзячы на тое, што кампанія за сталом была прыемная і што Наздрова даўно ўжо вывелі; бо самі нават дамы, нарэшце, заўважылі, што паводзіны яго рабіліся занадта скандалёзнымі. Сярод катыльёна [57] ён сеў на падлогу і пачаў хапаць за крыссе танцораў, што было ўжо ні нашто не падобна, паводле выразу дам. Вячэра была вельмі вясёлая, усе твары, мільгаўшыя перад трайнымі падсвечнікамі, кветкамі, цукеркамі і бутэлькамі, былі асветлены самым нявымушаным задаваленнем. Афіцэры, дамы, фракі, усё зрабілася ветлівым нават да саладжавасці. Мужчыны ўскаквалі з крэслаў і беглі адбіраць у слуг талеркі са стравай, каб з незвычайнай спрытнасцю прапанаваць іх дамам. Адзін палкоўнік падаў даме талерку з соусам на канцы аголенай шпагі. Мужчыны сталых гадоў, паміж якімі сядзеў Чычыкаў, спрачаліся голасна, заядаючы трапнае слова рыбай ці ялавічынай, памочанай бязлітасным чынам у гарчыцу, і вялі такія спрэчкі, у якіх ён заўсёды прымаў удзел; але ён быў падобны на нейкага чалавека, стомленага ці разбітага далёкай дарогай, якому нічога не лезе ў галаву, і які не мае сіл удумацца ні ў што. Нават не дачакаўся ён канца вячэры і паехаў да сябе непараўнана раней, чым меў звычай ад’язджаць.

Там, у гэтым пакоі, так знаёмым чытачу, з дзвярамі, застаўленымі камодам, і выглядаўшымі часам з куткоў тараканамі, стан яго думак і духу быў такі-ж неспакойны, як неспакойныя былі тыя крэслы, у якіх ён сядзеў. Непрыемна, смутна было ў яго на сэрцы, нейкая цяжкая пустата заставалася там. «Каб вас чорт пабраў усіх, хто выдумаў гэтыя балы!» гаварыў ён у злосці. «Ну, чаму здуру ўзрадаваліся? У губерні неўраджай, дарагоўля, дык вось яны за балы! Вось штука: папрыбіраліся ў бабскія анучы! Вось дзіва, што іншая накруціла на сябе тысячу рублёў! А ўсё-ж гэта за кошт сялянскіх аброкаў ці, што яшчэ горш, за кошт сумлення нашага брата. Вядома-ж, для чаго бярэш хабар і пакрывіш душой: для таго, каб жонцы дастаць на шаль або на розныя раброны [58], ліха-б іх узяло, як іх называюць. А праз што? каб не сказала якая-небудзь падбухторка Сідараўна, што на паштмейстаршы была лепшая сукенка, ды праз яе бух тысячу рублёў. Крычаць: «бал, бал, весялосць!» проста, дрэнь бал, не ў рускім духу, не ў рускай натуры, чорт ведае што такое: дарослы, поўналетні раптам выскачыць увесь у чорным, абсмыканы, абцягнуты, як чорцік, і давай мясіць нагамі. Некаторы, нават стоячы ў пары, перагаварваецца з другім аб важнай справе, а нагамі ў той-жа самы час, як казлянё, вензелі направа і налева... Усё з малпавання, усё з малпавання! Калі француз у сорак гадоў такое-ж дзіцянё, якім быў і ў пятнаццаць гадоў, дык вось давай-жа і мы! Не, дапраўды... пасля кожнага бала, якраз быццам які грэх зрабіў; і ўспомніць нават аб ім не хочацца. У галаве, проста, нічога, як пасля размовы са свецкім чалавекам: усяго ён нагаворыць, усё злёгку закране, усё скажа, што панаскубаў з кніжак, страката, квяціста, а ў галаве хоць-бы што-небудзь з таго вынес, і бачыш потым, як нават размова з простым купцом, які ведае адну сваю справу, але ведае яе цвёрда і практычна, лепш за ўсе гэтыя бразгушкі. Ну што з яго выціснеш, з гэтага бала? Ну, калі-б, скажам, які-небудзь пісьменнік надумаўся апісваць усю гэтую сцэну так, як яна ёсць? Ну і ў кнізе і там была-б яна гэтакая-ж бязладная, як у натуры. Што яна такое: ці маральная, ці амаральная? проста чорт ведае што такое! Плюнеш, ды і кнігу потым загорнеш». Так адзываўся неcпрыяльна Чычыкаў аб балах наогул; але, здаецца, сюды ўмяшалася іншая прычына абурэння. Галоўная злосць была не на бал, а на тое, што здарылася яму сарвацца, што ён раптам паказаўся перад усімі бог ведае ў якім выглядзе, што ён адыграў нейкую дзіўную, двухсэнсовую ролю. Вядома, паглядзеўшы вокам разважнага чалавека, ён бачыў, што ўсё гэта глупства, што дурное слова нічога не значыць, асабліва цяпер, калі галоўная справа ўжо зроблена як след. Але дзіўны чалавек: яго моцна засмучала непрыхільнасць тых самых, якіх ён не паважаў і наконт якіх адзываўся рэзка, ганьбуючы іх марнатраўства і ўбранні. Гэта тым больш было яму прыкра, што, разабраўшы справу ясна, ён бачыў, што прычынай гэтага быў часткова сам. Аднак-жа на сябе ён не раззлаваўся, і ў гэтым, вядома, быў правы. Усе мы маем маленькую слабасць крыху пашкадаваць сябе, а стараемся лепш адшукаць якога-небудзь бліжняга, на кім-бы спагнаць сваю прыкрасць, напрыклад, на слузе, на чыноўніку, падпарадкаваным нам, які трапіў на гэты час, на жонцы, ці, нарэшце, на крэсле, якое шпурнецца чорт ведае куды, да самых дзвярэй, так што адляціць ад яго ручка і спінка, хай, бачыш, ведае, што такое гнеў. Так і Чычыкаў хутка адшукаў бліжняга, які пацягнуў на плячах сваіх усё, што толькі магла падказаць яму прыкрасць. Бліжні гэты быў Наздроў, і няма чаго казаць, ён атрымаў такога чосу з усіх бакоў, як хіба толькі атрымлівае які-небудзь шэльма стараста ці вазак ад якога-небудзь язджалага, спрактыкаванага капітана, а часам і генерала, які, акрамя многіх выразаў, што зрабіліся класічнымі, дадае яшчэ шмат невядомых, вынаходства якіх належыць яму самому. Уся радаслоўная Наздрова была разабрана, і многія з членаў яго фаміліі па ўзыходзячай лініі моцна пацярпелі.

Але ў той час, як ён сядзеў у цвёрдым сваім крэсле, устурбаваны думкамі і бяссонніцай, частуючы шчодра Наздрова і ўсю яго радню, і перад ім цьмела сальная свечка, кнот якой даўно ўжо накрыўся нагарэўшаю чорнай шапкай, штохвілінна пагражаючы патухнуць, і глядзела яму ў вокны сляпая, цёмная ноч, гатовая пасінець ад блізкага світання, і пераклікаліся ўдалечыні пеўні, і ў зусім заснуўшым горадзе, можа быць, поўз дзе-небудзь фрызавы шынель, небарака невядома якога класа і чыну, што ведае адну толькі (на жаль!) занадта пратораную рускім забубенным народам дарогу, — у гэты час на другім канцы горада адбывалася падзея, якая мелася павялічыць непрыемнасць становішча нашага героя. Іменна ў аддаленых вуліцах і завулках горада бразгатаў вельмі дзіўны экіпаж, які выклікаў неўразуменне наконт сваёй назвы. Ён не быў падобны ні да тарантаса, ні да каляскі, ні да брычкі, а хутчэй быў падобен да таўсташчокага выпуклага кавуна, пастаўленага на колы. Шчокі гэтага кавуна, г. зн. дзверцы, якія насілі сляды жоўтай фарбы, зачыняліся вельмі дрэнна, з прычыны дрэннага стану ручак і замкоў, так-сяк звязаных вяроўкамі. Кавун быў напоўнены паркалёвымі падушкамі накшталт кісетаў, валікаў і проста падушак, напакаваны мяхамі з булкамі хлеба, калачамі, какуркамі [59], скарадумкамі і пернікамі з заварнога цеста. Пірог-курнік і пірог-расольнік выглядалі нават наверх. Запяткі былі заняты асобай лакейскага паходжання, у куртцы з хатняга паласатага палатна, з няголенай барадой, з налётам лёгкай сівізны, асоба, вядомая пад імем «хлапца». Шум і віск ад жалезных скобак і ржавых вінтоў пабудзілі на другім канцы горада будачніка, які, падняўшы сваю алебарду, закрычаў спрасонку колькі ставала сілы: «хто ідзе?» але, убачыўшы, што ніхто не ішоў, а чулася толькі здалёк бразгатанне, злавіў у сябе на каўняры нейкага звера і, падышоўшы да ліхтара, пакараў яго смерцю тут-жа на сваім пазногці. Пасля чаго, адставіўшы алебарду, зноў заснуў паводле статута свайго рыцарства. Коні раз-по-разу падалі на пярэднія калені, бо не былі падкуты, і пры гэтым, як відаць, спакойны гарадскі брук быў ім мала знаёмы. Каламажка, зрабіўшы некалькі паваротаў з вуліцы ў вуліцу, нарэшце, павярнула ў цёмны завулак міма невялікай прыходскай царквы Міколы на Недатычках і спынілася перад варотамі дома пратапопшы. З брычкі вылезла дзеўка з хусткай на галаве, у целагрэйцы, і застукала абодвума кулакамі ў вароты так моцна, як які мужчына (хлопец у стракатай куртцы потым ужо быў сцягнуты за ногі, бо спаў, як мярцвяк). Сабакі забрахалі, і вароты, разявіўшыся, нарэшце, праглынулі, хоць і з вялікімі цяжкасцямі, гэтае нязграбнае дарожнае стварэнне. Экіпаж уз’ехаў на цесны двор, завалены дрывамі, курасаднямі і ўсякімі клетухамі; з экіпажа вылезла пані: гэтая пані была памешчыца, калежская сакратарша Каробачка. Старэнькая, хутка пасля ад’езду нашага героя, так пачала непакоіцца наконт ашуканства, якое магло быць з яго боку, што, не паспаўшы тры начы запар, вырашыла ехаць у горад, не гледзячы на тое, што коні не былі падкуты, і там даведацца напэўна, якая цана на мёртвыя душы і ці не ашукалася ўжо яна, божа барані, прадаўшы іх, магчыма, занадта танна. Які меў вынік гэты прыезд, чытач можа даведацца з адной гутаркі, якая адбылася паміж двума дамамі. Гутарка гэтая... але няхай лепш гэтая гутарка будзе ў наступным раздзеле.

РАЗДЗЕЛ IX

Раніцой, раней нават таго часу, што вызначаны ў горадзе N для візітаў, з дзвярэй аранжавага драўлянага дома з мезанінам і блакітнымі калонамі выпырхнула дама ў клетчатым франтаўскім клоку [60], суправаджаемая лакеем у шынялі з некалькімі каўнярамі і залатым галуном на круглым глянцавым капелюшы. Дама ўспырхнула ў той-жа час з незвычайнай паспешнасцю па адкінутых прыступках у стаяўшую каля пад’езда каляску. Лакей тут-жа захлопнуў даму дзверцамі, закідаў прыступкамі і, схапіўшыся за рамяні ззаду каляскі, закрычаў фурману: «пайшоў!» Дама везла толькі што пачутую навіну і адчувала непераадольную ахвоту хутчэй расказаць яе. Кожную хвіліну выглядала яна з акна і бачыла, на вялікі жаль, што ўсё яшчэ застаецца поўдарогі. Кожны дом здаваўся ёй даўжэй за звычайны; белая каменная багадзельня з вузенькімі вокнамі цягнулася нясцерпна доўга, так што яна, нарэшце, не ўцерпела, каб не сказаць: праклятая будыніна, і канца няма! Фурман ужо два разы атрымліваў загад: «хутчэй, хутчэй, Андрушка! ты сёння немагчыма доўга едзеш!» Нарэшце, мэта была дасягнута. Каляска спынілася перад драўляным-жа аднапавярховым домам цёмнашэрага колеру, з белымі барэльефчыкамі над вокнамі, з высокай драўлянай загарожаю перад самымі вокнамі і вузенькім палісаднікам; тоненькія дрэўцы, што знаходзіліся за агарожай яго, пабялелі ад ніколі не сыходзіўшага з іх гарадскога пылу. У вокнах мільгалі вазоны з кветкамі, папугай, які гойдаўся ў клетцы, учапіўшыся носам за кальцо, і два сабачкі, што спалі на сонцы. У гэтым доме жыла шчырая прыяцельніца прыехаўшай дамы. Аўтару надзвычайна цяжка: як назваць яму абодвух дам такім чынам, каб зноў не разгневаліся на яго, як гневаліся ў старыя часы. Назваць выдуманым прозвішчам небяспечна. Якое ні прыдумай імя, дык абавязкова знойдзецца ў якім-небудзь кутку нашай дзяржавы, балазе вялікая, хто-небудзь, што носіць яго, і абавязкова раззлуецца не на жыццё, а на смерць, будзе гаварыць, што аўтар знарок прыязджаў сакрэтна з тым, каб дазнацца, што ён такое сам, і ў якім кажушку ходзіць і да якой Аграфены Іванаўны наведваецца і што любіць есці. Назваць-жа па чынах, божа барані, яшчэ больш небяспечна. Цяпер у нас усе чыны і саслоўі так раздражнены, што ўсё, што ні ёсць у друкаванай кнізе, ужо здаецца ім асобаю: такі ўжо, відаць, настрой у паветры. Даволі сказаць толькі, што ў адным горадзе ёсць дурны чалавек, гэта ўжо і асабістае: раптам выскачыць пан паважнага выгляду і закрычыць: я-ж таксама чалавек, значыць я таксама дурны; словам умомант скеміць, у чым справа. А таму, каб унікнуць усяго гэтага, будзем называць даму, да якой прыехала госця, так, як яна называлася амаль аднагалосна ў горадзе N, іменна дамаю прыемнай ва ўсіх адносінах. Гэтую назву яна набыла законным чынам, бо, сапраўды, нічога не шкадавала, каб зрабіцца ветлівай да апошняй ступені. Хоць, вядома, праз ветлівасць пракрадаўся ух які жвавы спрыт жаночага характару! і хоць часам у кожным прыемным слове яе тырчэла ух якая шпілька! а ўжо не дай божа, што кіпела ў сэрцы супроць той, якая-б пралезла як-небудзь і чым-небудзь у першыя. Але ўсё гэта было ахінута самай тонкай свецкасцю, якая толькі бывае ў губернскім горадзе. Кожны рух яна рабіла з густам, нават любіла вершы, нават часамі лятуценна ўмела трымаць галаву, і ўсе згадзіліся, што яна, сапраўды, дама прыемная ва ўсіх адносінах. Другая-ж дама, г. зн. прыехаўшая, не мела такой шматбаковасці ў характары, і таму будзем называць яе: проста прыемная дама. Прыезд госці пабудзіў сабачак, што спалі на сонцы: калматую Адэль, якая ўвесь час блыталася ва ўласнай поўсці, і кабялька Папуры на тоненькіх ножках. Той і другая з брэхам панеслі кольцамі хвасты свае ў пярэднюю, дзе госця вызвалялася ад свайго клока і апынулася ў сукенцы моднага ўзору і колеру і ў доўгіх хвастах на шыі; жасміны павеялі па ўсім пакоі. Ледзь толькі ва ўсіх адносінах прыемная дама даведалася аб прыездзе проста прыемнай дамы, як ужо выбегла ў пярэднюю. Дамы ўхапіліся за рукі, пацалаваліся і ўскрыкнулі, як ускрыкваюць інстытуткі, спаткаўшыся хутка пасля выпуску, калі матулькі яшчэ не паспелі растлумачыць ім, што бацька ў адной бяднейшы і ніжэй чынам, чым у другой. Пацалунак адбыўся звонка, бо сабачкі забрахалі зноў, за што іх сцебанулі хустачкай, і абедзве дамы накіраваліся ў гасціную, зразумела, блакітную, з канапай, авальным сталом і нават шырмачкамі, абвітымі плюшчом; следам за імі пабеглі з вурчэннем махнатая Адэль і высокі Папуры на тонкіх ножках. «Сюды, сюды, вось у гэты куточак!» гаварыла гаспадыня, усаджваючы госцю ў кут канапы. «Вось так! вось так! вось вам і падушка!» Сказаўшы гэта, яна запхнула ёй за спіну падушку, на якой быў вышыты шэрсцю рыцар такім чынам, як і заўсёды вышываюць па канве: нос вышаў лесвіцаю, а зубы чатырохкутнікам. «Як-жа я рада, што вы... Я чую, хтосьці пад’ехаў, ды думаю сабе, хто-б мог так рана. Параша кажа: віцэ-губернатарша, а я кажу: ну вось зноў прыехала дурніца надакучаць, і ўжо хацела сказаць, што мяне няма дома...»

Госця ўжо хацела распачаць справу і паведаміць навіну. Але выгук, які зрабіла ў гэты час дама прыемная ва ўсіх адносінах, раптам даў другі напрамак размове.

«Які вясёлы паркаль!» выгукнула ва ўсіх адносінах прыемная дама, гледзячы на сукенку проста прыемнай дамы.

«Так, вельмі вясёленькі. Праскоўя Фёдараўна аднак-жа лічыць, што лепш, каб клетачкі былі драбнейшыя, і каб не карычневыя былі крапінкі, а блакітныя. Сястры я прыслала тканінку: гэта такая чароўнасць, проста нельга выказаць словамі; уявіце сабе: палосачкі вузенькія, вузенькія, якія толькі можа ўявіць сабе чалавек, фон блакітны і праз палоску ўсё вочкі і лапкі, вочкі і лапкі, вочкі і лапкі... Словам, выключна! Можна сказаць цвёрда, што нічога яшчэ не было падобнага на свеце».

«Любая, гэта страката».

«Ах, не, не страката».

«Ах, страката!»

Трэба заўважыць, што ва ўсіх адносінах прыемная дама была крыху матэрыялістка, з нахілам да адмаўлення і сумнення і адкідала вельмі многае ў жыцці.

Тут проста прыемная дама растлумачыла, што гэта зусім не страката і ўскрыкнула... «Ага, віншую вас: фальбонак больш не носяць».

«Як не носяць?»

«Замест іх фестончыкі!»

«Ах, гэта нядобра, фестончыкі!»

«Фестончыкі, усё фестончыкі: пелярынка з фестончыкаў, на рукавах фестончыкі, эпалецікі з фестончыкаў, унізе фестончыкі, усюды фестончыкі!»

«Нядобра, Соф’я Іванаўна, калі ўсё фестончыкі!»

«Міла, Анна Грыгор’еўна, да неймавернасці: шыецца ў два рубчыкі: шырокія проймы і зверху... Але вось, вось калі вы здзівіцеся, вось ужо калі скажаце, што... Ну, здзіўляйцеся: уявіце сабе, ліфчыкі пайшлі яшчэ даўжэйшыя, наперадзе мыском і пярэдняя костачка зусім выходзіць з граніц; спадніца ўся збіраецца вакол, як бывала ў старыя часы, фіжмы [61], нават ззаду крыху падкладаюць ваты, каб была зусім бельфам» [62].

«Ну, ужо гэта проста: прызнаюся!» сказала дама прыемная ва ўсіх адносінах, зрабіўшы рух галавой з пачуццём годнасці.

«Іменна гэта ўжо сапраўды прызнаюся», адказала проста прыемная дама.

«Вы ўжо як хочаце, я ні за што не буду пераймаць гэта».

«Я сама таксама... Дапраўды, як уявіш, да чаго часам даходзіць мода... ні на што не падобна! я выпрасіла ў сястры выкрайку знарок, для смеху; Малання мая ўзялася шыць».

«Дык хіба ў вас ёсць выкрайка?» ускрыкнула ва ўсіх адносінах прыемная дама не без прыкметнага сардэчнага руху.

«Як-жа, сястра прывезла».

«Душа мая, дайце мне яе дзеля ўсяго святога».

«Ах, я-ж паабяцала Праскоўі Фёдараўне. Хіба пасля яе».

«Хто-ж будзе насіць пасля Праскоўі Фёдараўны? Гэта занадта дзіўна будзе, з вашага боку, калі вы чужым аддаеце перавагу перад сваімі».

«Ды яна-ж таксама мне стрыечная цётка».

«Яна вам цётка яшчэ бог ведае якая: з мужавага боку... Не, Соф’я Іванаўна, я і слухаць не хачу, гэта выходзіць: вы мне хочаце зрабіць такую знявагу... відаць я вам надакучыла ўжо, відаць вы хочаце спыніць са мной усякае знаёмства».

Бедная Соф’я Іванаўна зусім не ведала, што ёй рабіць. Яна адчувала сама, паміж якіх моцных агнёў яна сябе паставіла. Вось табе і пахвалілася! Яна гатова была за гэта пакалоць іголкамі дурны язык.

«Ну, што-ж наш прыгажун?» сказала між тым дама прыемная ва ўсіх адносінах.

«Ах, божа мой! што-ж я так сяджу перад вамі! вось добра! Вы-ж ведаеце, Анна Грыгор’еўна, з чым я прыехала да вас?» Тут дыханне госці сперлася, словы як каршуны гатовы былі пусціцца ўздагон адно за другім, і толькі трэба было да такой ступені быць бесчалавечнай, якой была шчырая прыяцельніца, каб адважыцца спыніць яе.

«Як вы яго ні выхваляйце, і ні ўслаўляйце яго», гаварыла яна з жвавасцю, больш чым звычайнаю: «а я скажу проста, і яму ў вочы скажу, што ён нягодны чалавек, нягодны, нягодны, нягодны»..

«Ды паслухайце толькі, што я вам адкрыю...»

«Распусцілі чуткі, што ён прыгожы, а ён зусім не прыгожы, зусім не прыгожы, і нос у яго... самы непрыемны нос...»

«Дазвольце-ж, дазвольце-ж толькі расказаць вам... душачка, Анна Грыгор’еўна, дазвольце расказаць! Гэта-ж гісторыя, ці ведаеце: гісторыя сконапель істоар [63]», гаварыла госця з выразам амаль роспачы і зусім упрашальным голасам. Не шкодзіць зазначыць, што ў размову абодвух дам дамешвалася вельмі многа замежных слоў і часам цалкам доўгія французскія сказы. Але як ні прасякнуты аўтар благагавеннем да той уратоўчае карысці, якую прыносіць французская мова Расіі, як ні прасякнуты ён благагавеннем да пахвальнага звычаю нашых вышэйшых колаў, якія размаўляюць на ёй ва ўсе гадзіны дня, вядома, з глыбокага пачуцця любві да айчыны; але пры ўсім гэтым ніяк не адважваецца ўнесці сказ якой-бы там ні было чужой мовы ў гэтую рускую сваю паэму. Такім чынам будзем працягваць па-руску.

«Якая-ж гісторыя?»

«Ах, жыццё маё, Анна Грыгореўна, калі-б вы маглі толькі ўявіць той стан, у якім я знаходзілася! уявіце сабе, прыходзіць да мяне сёння пратапопша, айца Кірыла жонка, і што-б вы думалі: наш вось скромнік, прыезджы наш, які, а?»

«Як, няўжо ён прыўдараў і за пратапопшай?»

«Ах, Анна Грыгор’еўна, няхай-бы прыўдараў, гэта-б яшчэ нічога; слухайце толькі, што расказала пратапопша: прыехала, кажа, да яе памешчыца Каробачка, перапалоханая і бледная, як смерць, і расказвае, і як расказвае, паслухайце толькі; сапраўдны раман: раптам у глухую поўнач, калі ўсё ўжо спала ў доме, чуецца стук у вароты, жахлівы, які толькі можна сабе ўявіць; крычаць: адчыніце, адчыніце, інакш будуць выламаны вароты!.. як вам гэта здасца? Які-ж пасля гэтага прыгажун?»

«А што Каробачка, хіба маладая і прыгожая сабой!»

«Ні кроплі, старая».

«Ах, любата! Дык ён за старую ўзяўся. Ну, і густ-жа пасля гэтага ў нашых дам, знайшлі ў каго закахацца».

«Ды не-ж, Анна Грыгор’еўна, зусім не тое, што вы мяркуеце. Уявіце сабе толькі тое, што з’яўляецца ўзброены з ног да галавы накшталт Рынальда Рынальдзіна [64] і патрабуе: прадайце, кажа, усе душы, якія памерлі. Каробачка адказвае вельмі рэзонна, кажа: я не магу прадаць, бо яны мёртвыя. Не, кажа, яны не мёртвыя, гэта мая, кажа, справа ведаць, мёртвыя яны, ці не, яны не мёртвыя, не мёртвыя, крычыць, не мёртвыя, словам, скандалёзу нарабіў страшэннага, уся вёска збеглася, дзіцёнкі плачуць, усё крычыць, ніхто нікога не разумее, ну, проста, оррор, оррор, оррор!.. [65] Але вы сабе ўявіць не можаце, Анна Грыгор’еўна, як я ператрывожылася, калі пачула ўсе гэта. «Галубачка пані», кажа мне Машка: «паглядзіце ў люстэрка: вы бледныя». Не да люстэрка, кажу, мне: я павінна ехаць расказаць Анне Грыгор’еўне. У тую-ж хвіліну загадваю запрэгчы каляску; фурман Андрушка пытаецца ў мяне, куды ехаць, а я нічога не магу і гаварыць, гляджу проста яму ў вочы як дурная; я думаю, што ён падумаў, што я звар’яцела. Ах, Анна Грыгор’еўна, калі-б толькі вы маглі ўявіць, як я ператрывожылася!»

«Гэта аднак-жа дзіўна», сказала ва ўсіх адносінах прыемная дама: «што-б такое маглі значыць гэтыя мёртвыя душы? Я, прызнаюся, тут нічога не разумею. Вось ужо другі раз я ўсё чую пра гэтыя мёртвыя душы; а муж мой яшчэ кажа, што Наздроў хлусіць: што-небудзь, мабыць-жа, ёсць».

«Але ўявіце-ж, Анна Грыгор’еўна, якое маё было становішча, калі я пачула гэта. «I зараз», кажа Каробачка, «я не ведаю», кажа, «што мне рабіць. Прымусіў», кажа, «падпісаць мяне нейкую фальшывую паперу, кінуў пятнаццаць рублёў асігнацыямі, я», кажа, «недасведчаная, бездапаможная ўдава, я нічога не ведаю». Дык вось здарэнне! Але толькі калі-б вы маглі хоць крыху сабе ўявіць, як я ўся ператрывожылася».

«Але толькі, воля ваша, тут не мёртвыя душы, тут затоена штосьці другое».

«Я, прызнаюся, таксама», сказала не без здзіўлення проста прыемная дама і адчула тут-жа моцнае жаданне даведацца, што-б такое магло тут таіцца. Яна нават сказала павольна: «а што-ж, вы мяркуеце, тут тоіцца?»

«Ну, як вы думаеце?»

«Як я думаю?.. Я, прызнаюся, зусім збянтэжана».

«Але, аднак-жа, я ўсё-ж хацела-б ведаць, якія вашы наконт гэтага думкі?»

Але прыемная дама нічога не знайшлася сказаць. Яна ўмела толькі трывожыцца, але каб зрабіць якое-небудзь кемлівае дапушчэнне, для гэтага ніяк яе не ставала, і таму, больш чым усякая другая, яна мела патрэбнасць у пяшчотнай дружбе і парадах.

«Ну, слухайце-ж, што такое гэтыя мёртвыя душы», сказала дама прыемная ва ўсіх адносінах, і госця пры гэтых словах ператварылася ўся ў слых: вушкі яе выцягнуліся самі сабой, яна прыўзнялася, амаль не седзячы і не трымаючыся на канапе, і, не гледзячы на тое, што была крыху цяжкаватая, зрабілася раптам танчэй, стала падобнай да лёгкага пуху, які вось так і паляціць у паветра ад подыху.

Так рускі пан, сабакар і йора [66] -паляўнічы, пад’язджаючы да лесу, з якога вось-вось выскачыць падняты даязджачымі [67] заяц, ператвараецца ўвесь са сваім канём і ўзнятым гарапнікам у адзін застыўшы момант, у порах, да якога вось-вось паднясуць агонь. Увесь упіўся ён вачамі ў мутнае паветра і ўжо дагоніць звера, дапячэ ўжо яго неадбойны, як ні ўздымайся супроць яго ўсхваляваны снегавы стэп, які пускае срэбныя зоркі яму ў вусны, у вусы, у вочы, у бровы і ў бабровую яго шапку.

«Мёртвыя душы...» прамовіла ва ўсіх адносінах прыемная дама.

«Што, што?» падхапіла госця, уся хвалюючыся.

«Мёртвыя душы!..»

«Ах, гаварыце, на ласку божую!»

«Гэта проста выдумана толькі для адводу вачэй, а справа вось у чым: ён хоча звезці губернатарскую дачку».

Гэты вывад, сапраўды, быў ніяк нечаканы, і ва ўсіх адносінах незвычайны. Прыемная дама, пачуўшы гэта, так і скамянела на месцы, пабляднела, пабляднела, як смерць, і, сапраўды, ператрывожылася не на жарты. «Ах, божа мой!» ускрыкнула яна, успляснуўшы рукамі. «Ужо гэтага я ніяк не магла-б меркаваць».

«А я, прызнаюся, як толькі вы адкрылі рот, я ўжо скеміла ў чым справа», адказала дама прыемная ва ўсіх адносінах.

«Ну, якое-ж пасля гэтага, Анна Грыгор’еўна, інстытуцкае выхаванне! вось табе нявіннасць!»

«Якая нявіннасць! Я чула, як яна гаварыла такія словы, што, прызнаюся, у мяне не хопіць духу вымавіць іх».

«Ведаеце, Анна Грыгор’еўна, гэта-ж, проста, раздзірае сэрца, калі бачыш, да чаго дайшла нарэшце амаральнасць».

«А мужчыны ад яе трацяць розум. А на маю думку, я, прызнаюся, нічога не знаходжу ў ёй...»

«Манерная нясцерпна».

«Ах, жыццё маё, Анна Грыгор’еўна: яна статуя і хоць-бы які-небудзь выраз у твары».

«Ах, якая манерная! ах, якая манерная! Божа, якая манерная! Хто вывучыў яе, я не ведаю, але я яшчэ не бачыла жанчыны, у якой было-б столькі манернасці».

«Душачка! яна статуя і бледная, як смерць».

«Ах, не кажыце, Соф’я Іванаўна: румяніцца бязбожна».

«Ах, што гэта вы, Анна Грыгор’еўна, яна крэйда, крэйда, сапраўдная крэйда».

«Мілая, я сядзела каля яе: румянец на палец таўшчынёй і адвальваецца як атынкоўка кавалкамі. Маці вывучыла, сама какетка, а дачка яшчэ перавысіць матулю».

«Ну дазвольце, ну палажыце самі клятву якую хочаце, я гатова зараз-жа страціць дзяцей, мужа, увесь маёнтак, калі ў яе ёсць хоць адна кропелька, хоць частачка, хоць цень якога-небудзь румянца!»

«Ах, што вы гэта кажаце, Соф’я Іванаўна», сказала дама прыемная ва ўсіх адносінах і ўспляснула рукамі.

«Ах, якія-ж вы, дапраўды, Анна Грыгор’еўна! я са здзіўленнем на вас гляджу!» сказала прыемная дама і ўспляснула таксама рукамі.

Хай чытачу не здаецца дзіўным, што абедзве дамы былі нязгодны паміж сабою ў тым, што бачылі амаль у той-жа самы час. Ёсць, сапраўды, на свеце многа такіх рэчаў, якія маюць ужо такую ўласцівасць: калі на іх гляне адна дама, яны выйдуць зусім белыя, а гляне другая, выйдуць чырвоныя, чырвоныя, як брусніцы.

«Ну, вось вам яшчэ доказ, што яна бледная», працягвала прыемная дама: «я памятаю, як цяпер, што я сяджу каля Манілава і кажу яму: паглядзіце, якая яна бледная!.. Дапраўды, трэба быць да такой ступені бязладнымі, як нашы мужчыны, каб захапляцца ёю. А наш вось прыгажун... Ах, якім ён мне здаўся агідным! Вы не можаце сабе ўявіць, Анна Грыгор’еўна, да якой ступені ён здаўся мне агідным».

«Ды, аднак-жа, знайшліся некаторыя дамы, якія былі няроўнадушны да яго».

«Я, Анна Грыгор’еўна? Вось ужо ніколі вы не можаце сказаць гэтага, ніколі, ніколі!»

«Ды я не кажу пра вас, як быццам акрамя вас нікога няма».

«Ніколі, ніколі, Анна Грыгор’еўна! Дазвольце мне вам заўважыць, што я вельмі добра сябе ведаю, а хіба з боку якіх-небудзь іншых дам, якія іграюць ролю недаступных».

«Выбачайце ўжо, Соф’я Іванаўна! Дазвольце ўжо вам сказаць, што за мной гэтакіх скандалёзнасцей ніколі яшчэ не заўважалася. Хіба за кім другім, а ўжо за мной не, ужо дазвольце мне вам гэта заўважыць».

«Чаго-ж вы пакрыўдзіліся? там-жа былі і другія дамы, былі нават такія, якія першыя захапілі крэсла каля дзвярэй, каб сядзець да яго бліжэй».

Ну, пасля такіх слоў, сказаных прыемнай дамай, павінна была немінуча надыйсці бура, але, на найвялікшае здзіўленне, абедзве дамы раптам прыціхлі і зусім нічога не адбылося. Ва ўсіх адносінах прыемная дама ўспомніла, што выкрайка для моднай сукні яшчэ не знаходзіцца ў яе руках, а проста прыемная дама сцяміла, што яна яшчэ не паспела даведацца ніякіх падрабязнасцей наконт вынаходкі, зробленай яе шчырай прыяцельніцай, і таму мір надышоў вельмі хутка. Між іншым, абедзве дамы, нельга сказаць, каб мелі ў сваёй натуры патрэбу рабіць непрыемнасці наогул, і ў характарах іх нічога не было злога, а так непрыкметна ў гутарцы нараджалася само сабой маленькае жаданне кальнуць адна другую; проста адна другой з некаторай прыемнасці пры выпадку падсуне жывое слоўца: вось як табе! на, вазьмі, з’еш! Рознага роду бываюць патрэбы ў сэрцах як мужчынскага, так і жаночага полу.

«Я не магу аднак-жа зразумець толькі таго», сказала проста прыемная дама, «як Чычыкаў, будучы чалавекам заезджым, мог асмеліцца на такі адважны пасаж. Не можа быць, каб тут не было ўдзельнікаў».

«А вы думаеце няма іх?»

«А хто-ж бы, думаеце, мог дапамагаць яму?»

«Ну ды хоць і Наздроў».

«Няўжо Наздроў?»

«А што-ж? ад яго і гэтага можна чакаць. Вы ведаеце, ён роднага бацьку хацеў прадаць, ці яшчэ лепш прагуляць у карты».

«Ах, божа мой, якія цікавыя навіны я даведваюся ад вас! Я ніяк не магла меркаваць, каб і Наздроў быў замешаны ў гэтую гісторыю!»

«А я заўсёды меркавала».

«Як падумаеш, дапраўды, чаго не бывае на свеце: ну, ці можна было думаць, калі, помніце, Чычыкаў толькі што прыехаў да нас у горад, што ён зробіць такі дзіўны марш [68] у свеце. Ах, Анна Грыгор’еўна, калі-б вы ведалі, як я ператрывожылася! Калі-б не ваша прыхільнасць і дружба... вось ужо, сапраўды, на краю пагібелі... Куды-ж? Машка мая бачыць, што я бледная, як смерць: душачка, пані, кажа мне, вы бледныя, як смерць. Машка, кажу: мне не да таго цяпер. Дык вось якія выпадкі! Дык і Наздроў тут, калі ласка!»

Прыемнай даме вельмі хацелася дазнацца пра далейшыя падрабязнасці наконт выкрадання, г. зн., а якой гадзіне і іншае, але замнога хацела. Ва ўсіх адносінах прыемная дама проста сказала, што не ведае. Яна не ўмела хлусіць: дапусціць што-небудзь, — гэта іншая справа, але і то ў такім выпадку, калі дапушчэнне грунтавалася на ўнутраным перакананні; калі-ж было адчута ўнутранае перакананне, тады ўмела яна пастаяць за сябе, і паспрабаваў-бы які-небудзь дока-адвакат, які славіцца здольнасцю перамагаць чужыя погляды, паспрабаваў-бы ён пазмагацца тут, убачыў-бы ён, што значыць унутраное перакананне.

Што абедзве дамы, нарэшце, канчаткова пераканаліся ў тым, што раней дапусцілі толькі, як адно дапушчэнне, у гэтым няма нічога незвычайнага. Наша брація, народ разумны, як мы называем сябе, робіць амаль таксама, і доказам служаць нашы вучоныя разважанні. Спачатку вучоны пад’язджае ў іх незвычайным падлюгам, пачынае баязліва, памяркоўна, пачынае самым нясмелым запытаннем: ці не адтуль? ці не з таго кутка атрымала імя такая вось краіна? або ці не належыць гэты дакумент да другога, пазнейшага часу? або: ці не трэба пад гэтым народам разумець вось такі народ? Цытуе зараз-жа тых і другіх старажытных пісьменнікаў і як толькі бачыць які-небудзь намёк ці, проста, здалося яму намёкам, ён пераходзіць ужо на рысь і падбадзёрваецца, размаўляе з старажытнымі пісьменнікамі папросту, задае ім пытанні і сам нават адказвае за іх, зусім забываючы аб тым, што пачаў нясмелым дапушчэннем; яму ўжо здаецца, што ён гэта бачыць, што гэта ясна — і разважанне закончана словамі: дык гэта вось як было, дык вось які народ трэба разумець, дык вось з якога пункту трэба глядзець на прадмет! Потым на поўны голас з кафедры, і новазнойдзеная праўда пайшла гуляць па свеце, набіраючы сабе паслядоўнікаў і прыхільнікаў.

У той час, калі абедзве дамы так трапна і дасціпна вырашылі такую заблытаную справу, увайшоў у гасціную пракурор з вечна нерухомай сваёй фізіяноміяй, густымі бровамі і міргаўшым вокам. Дамы адна перад адною ўзяліся паведамляць яму ўсе падзеі, расказалі пра пакупку мёртвых душ, пра намер украсці губернатарскую дачку і збілі яго зусім з панталыку, так што колькі ён ні стаяў на адным і тым-жа месцы, колькі ні лыпаў левым вокам і не біў сябе хустачкай па барадзе, змятаючы адтуль табаку, але зусім нічога не мог зразумець. Так на тым і пакінулі яго абедзве дамы і накіраваліся кожная ў свой бок бунтаваць горад. Гэтую справу ўдалося ім зрабіць за поўгадзіны з нечым. Горад быў цалкам узбунтаваны; усё пачало хвалявацца, і хоць-бы хто-небудзь мог што-небудзь зразумець. Дамы ўмелі напусціць такога туману ў вочы ўсім, што ўсе, а асабліва чыноўнікі, некаторы час заставаліся ашаломленымі. Становішча іх у першую хвіліну было падобна да становішча школьніка, якому ў часе сну таварышы, якія ўсталі раней, засунулі ў нос гусара, г. зн. паперку, напоўненую табакай. Пацягнуўшы спрасонку ўсю табаку да сябе з усёй стараннасцю соннага, ён прачынаецца, ускаквае, глядзіць як дурань, вырачыўшы вочы ва ўсе бакі, і не можа зразумець, дзе ён, што з ім было, і потым ужо заўважае аблітыя касымі праменнямі сонца сцены, смех таварышоў, што схаваліся па кутках, заглядаючую ў акно раніцу, з абуджаным лесам і звонам тысяч птушыных галасоў у ім і з асветленай рэчкай, якая там і там знікае зіхатлівымі звілінамі паміж тонкага трысця, уся ўсеяна голымі дзецьмі і кліча купацца, і потым ужо, нарэшце, адчувае, што ў носе ў яго сядзіць гусар. Зусім такое-ж было ў першую хвіліну становішча жыхароў і чыноўнікаў горада. Кожны, як баран, спыняўся вырачыўшы вочы. Мёртвыя душы, губернатарская дачка і Чычыкаў збіліся і змяшаліся ў галовах іх надзвычай дзіўна; і потым, пасля першага адурэння ўжо, яны як быццам-бы пачалі пазнаваць іх паасобку і адлучаць адно ад другога, пачалі патрабаваць яснасці і злаваць, бачачы, што справа ніяк не хоча высветліцца. Што-ж за прытча сапраўды, што за прытча гэтыя мёртвыя душы? Логікі няма ніякай у мёртвых душах, як-жа купляць мёртвыя душы? дзе-ж дурань такі знойдзецца? і на якія сляпыя грошы будзе ён купляць іх? і на які канец, да якой справы можна прыткнуць гэтыя мёртвыя душы? і навошта замяшалася сюды губернатарская дачка? Калі-ж ён хацеў звезці яе, дык навошта для гэтага купляць мёртвыя душы? Калі-ж купляць мёртвыя душы, дык навошта звозіць губернатарскую дачку? падарыць ці што ён хацеў ёй гэтыя мёртвыя душы. Што за лухту, сапраўды, разнеслі па гораду? Што за напрамак такі, што не паспееш павярнуцца. а тут ужо і выпусцяць гісторыю, і хоць-бы які-небудзь сэнс быў... Аднак-жа, разнеслі, значыцца, была-ж нейкая прычына? Якая-ж прычына ў мёртвых душах? нават і прычыны няма. Гэта выходзіць проста: Андроны едуць, недарэчнасць, лухта, боты ў смятку! гэта, проста, чорт пабяры!.. Словам, пайшлі плёткі, і ўвесь горад загаварыў пра мёртвыя душы і губернатарскую дачку, пра Чычыкава і мёртвыя душы, пра губернатарскую дачку і Чычыкава, і ўсё што ні ёсць узнялося. Як віхор узбурыўся горад, які, здавалася, драмаў дасюль! Вылезлі з нор усе цюрукі і лежабокі, якія пазалежваліся ў халатах па некалькі год дома, звальваючы віну то на шаўца, які пашыў цесныя боты, то на краўца, то на п’яніцу фурмана. Усе тыя, што спынілі даўно ўжо ўсякія знаёмствы і зналіся толькі, як кажуць, з памешчыкамі Завалішыным ды Паляжаевым (славутыя тэрміны, утвораныя ад дзеясловаў паляжаць і заваліцца, якія шырока вядомы ў нас на Русі, усёроўна як сказ: заехаць да Сопікава і Храпавіцкага, які азначае ўсякія мяртвецкія сны на баку, на спіне і ва ўсіх іншых становішчах, з захрапамі, насавымі свістамі і іншымі прыналежнасцямі). Усе тыя, каго нельга было выманіць з дому нават запрашэннем на расхлёбку пяцісотрублёвай юшкі, з двухаршыновымі сцерлядзямі і рознымі таючымі ў роце кулябякамі; словам, выявілася, што горад і людны, і вялікі, і населены як след. Паказаўся нейкі Сысой Пафнуцьевіч і Макданальд Карлавіч, аб якіх і не чуваць было ніколі; у гасціных пачаў тырчэць нейкі доўгі, доўгі з прастрэленай рукой, такога высокага росту, якога нават і не відаць было. На вуліцах паказаліся крытыя дрожкі, невядомыя лінейкі, бразгаталкі, калёсасвісткі — і заварылася каша. У іншы час і пры іншых акалічнасцях падобныя чуткі, можа быць, не звярнулі-б на сябе ніякай увагі; але горад N ужо даўно не атрымліваў зусім ніякіх вестак. Нават не здаралася на працягу трох месяцаў нічога такога, што называюць у сталіцах камеражамі [69], што, як вядома, для горада тое-ж, што своечасовы падвоз харчовых прыпасаў. У гарадскіх меркаваннях з’явіліся раптам два зусім процілеглыя погляды і стварыліся раптам дзве процілеглыя партыі: мужчынская і жаночая. Мужчынская партыя, самая бязладная, звярнула ўвагу на мёртвыя душы. Жаночая занялася выключна выкраданнем губернатарскай дачкі. У гэтай партыі, трэба заўважыць да гонару дам, было непараўнальна больш парадку і асцярожлівасці. Гэткае ўжо, відаць, само прызначэнне іх быць добрымі гаспадынямі і распарадчыцамі. Усё ў іх хутка прыняло жывы, пэўны выгляд, набыло ясныя і відавочныя формы, высветлілася, ачысцілася, адным словам, вышла закончаная карцінка. Выявілася, што Чычыкаў даўно ўжо быў закаханы, і бачыліся яны ў садзе пры святле месяца, што губернатар нават аддаў-бы за яго дачку, бо Чычыкаў багаты, як жыд, калі-б прычынаю не была яго жонка, якую ён кінуў (адкуль яны даведаліся, што Чычыкаў жанаты — гэта нікому не было вядома), і што жонка, якая пакутуе ад безнадзейнага кахання, напісала пісьмо да губернатара самае чуллівае, і што Чычыкаў, бачачы, што бацька і маці ніколі не згодзяцца, адважыўся на выкраданне. У іншых дамах расказвалася гэта крыху па-другому: што ў Чычыкава зусім няма жонкі, але што ён, як чалавек тонкі і які дзейнічае напэўна, каб атрымаць руку дачкі, пачаў справу з маці і меў з ёю сардэчную патайную сувязь, і што потым зрабіў дэкларацыю наконт рукі дачкі; але маці, спалохаўшыся, каб не ўчынілася злачынства супроць рэлігіі, адчуваючы ў душы пакуты сумлення, адмовіла рашуча, і што вось таму Чычыкаў адважыўся на выкраданне. Да ўсяго гэтага далучыліся шматлікія тлумачэнні і папраўкі па меры таго, як чуткі пранікалі, нарэшце, у самыя глухія завулкі. На Русі-ж колы ніжэйшыя вельмі любяць пагутарыць аб плётках, якія бываюць у колах вышэйшых, а таму пачалі пра ўсё гэта гаварыць у такіх доміках, дзе нават у вочы не бачылі і не ведалі Чычыкава, пайшлі дадаткі і яшчэ большыя тлумачэнні. Сюжэт рабіўся з кожнай хвілінай усё больш цікавым, прымаў з кожным днём больш канчатковыя формы, і нарэшце так як ёсць, ва ўсёй сваёй закончанасці, дастаўлены быў ва ўласныя вушы губернатаршы. Губернатарша, як маці сям’і, як першая ў горадзе дама, нарэшце як дама, не падазраваўшая нічога падобнага, была зусім абражана падобнымі гісторыямі і страшэнна абурылася, ва ўсіх адносінах справядліва. Бедная бландзінка вытрымала самы непрыемны tête-à-tête [70], які толькі калі-небудзь здаралася мець шаснаццацігадовай дзяўчыне. Паліліся цэлыя струмені допытаў, роспытаў, вымоў, пагроз, папрокаў, настаўленняў, так што дзяўчына кінулася ў слёзы, рыдала і не магла зразумець ніводнага слова; швейцару быў дан найстражэйшы загад не прымаць Чычыкава ні ў якім разе, ні ў які час.

Зрабіўшы сваю справу адносна губернатаршы, дамы населі былі на мужчынскую партыю, прабуючы схіліць іх на свой бок і сцвярджаючы, што мёртвыя душы выдумка і ўжыта толькі для таго, каб адхіліць усякае падазрэнне і больш паспяхова зрабіць выкраданне. Многія нават з мужчын былі збіты з тропу і прысталі да іх партыі, не гледзячы на тое, што падвяргаліся. моцным нараканням з боку сваіх-жа таварышоў, якія аблаялі іх бабамі і спадніцамі, імёнамі, як вядома, надта крыўднымі для мужчынскага полу.

Але як ні ўзбройваліся і ні ўпарціліся мужчыны, а ў іх партыі зусім не было такога парадку, як у жаночай. Усё ў іх было неяк чорства, нягладка, бязладна, нягожа, нястройна, нядобра, у галаве сумятня, бязладдзе, збіўчывасць, неахайнасць у думках, — адным словам, так і вызначылася ва ўсім пустая прырода мужчын, прырода грубая, цяжкая, няздольная ні да домабудавання, ні да сардэчных перакананняў, малаверная, лянівая, поўная безупынных сумненняў і вечнай боязні. Яны казалі, што ўсё гэта лухта, што выкраданне губернатарскай дачкі больш справа гусарская, чым цывільная, што Чычыкаў не зробіць гэтага, што бабы хлусяць, што баба як мех, што пакладуць, тое нясе, што галоўны прадмет, на які трэба звярнуць увагу, ёсць мёртвыя душы, якія зрэшты чорт яго ведае, што азначаюць, але ў іх змешчана, аднак-жа, вельмі дрэннае, нядобрае. Чаму здавалася мужчынам, што ў іх змешчана дрэннае і нядобрае, зараз-жа даведаемся; у губерню прызначаны быў новы генерал-губернатар, падзея, якая, як вядома, прыводзіць чыноўнікаў у трывожны стан: пойдуць пераборкі, распяканні, узбучкі і ўсякія службовыя пахлёбкі, якімі частуе начальнік сваіх падначаленых! Ну што, думалі чыноўнікі: калі ён даведаецца толькі, проста, што ў горадзе іх вось якія дурныя чуткі, ды за гэта адно можа ўскіпяціць не на жыццё, а на самую смерць. Інспектар урачэбнай управы раптам збялеў: яму здалося бог ведае што, пад словам мёртвыя душы ці не разумеюцца хворыя, якія памерлі ў значнай колькасці ў больніцах і ў іншых месцах ад пошаснай гарачкі, супроць якой не было зроблена належных захадаў, і што Чычыкаў ці не ёсць падасланы чыноўнік з канцылярыі генерал-губернатара для правядзення патайнага следства. Ён паведаміў пра гэта старшыні. Старшыня адказаў, што гэта лухта, і потым раптам збялеў сам, задаўшы сабе пытанне: а што калі душы, купленыя Чычыкавым, сапраўды мёртвыя? а ён дапусціў скласці на іх крэпасць, ды яшчэ сам адыграў ролю паверанага Плюшкіна, і дойдзе гэта да ведама генерал-губернатара, што тады? Ён пра гэта больш нічога, як толькі сказаў таму і другому, і раптам збялелі і той і другі; страх ліпчэйшы за чуму, і перадаецца ўмомант. Усе раптам адшукалі ў сабе такія грахі, якіх нават не было. Слова мёртвыя душы мела такі невыразны сэнс, што пачалі падазраваць нават, ці няма тут якога намёку на раптоўна пахаваныя целы, у выніку двух здарэнняў, якія не так даўно адбыліся. Першае здарэнне было з нейкімі сольвычэгодскімі купцамі, якія прыехалі ў горад на кірмаш і задалі пасля торгу пагулянку прыяцелям сваім усцьсысольскім купцам, пагулянку на рускую нагу з нямецкімі вымудрамі: аршадамі, пуншамі, бальзамамі і інш. Пагулянка, як вядзецца, скончылася бойкай. Сольвычэгодскія ўходалі на смерць усцьсысольскіх, хоць і ад іх панеслі моцныя сінякі на баках, падмікіткі і ў жывот, сведчыўшыя аб непамернай велічыні кулакоў, якімі былі надзелены нябожчыкі. У аднаго з перамогшых нават быў зусім сколаты насос, паводле выразу байцоў, г. зн. растоўчаны ўвесь нос, так што не заставалася яго на твары і на поўпальца. У сваёй справе купцы прызналіся, тлумачачы, што крыху пасваволілі, хадзілі чуткі, быццам пры павіннай галаве яны прылажылі па чатыры дзяржаўныя кожны; аднак, справа надта цёмная; з учыненых даведак і следстваў выявілася, што усцьсысольскія хлопцы памерлі ад чаду, а таму так іх і пахавалі, як учадзеўшых. Другое здарэнне адбылося нядаўна і было наступнае: казённыя сяляне сяльца Вашывая-спесь, злучыўшыся з такімі-ж сялянамі сяльца Бараўкі, яно-ж і Задзірайлава, быццам змялі з твару зямлі земскую паліцыю ў асобе засядацеля, нейкага Драбяжкіна; што быццам земская паліцыя, г. зн. засядацель Драбяжкін, унадзіўся занадта ўжо часта ездзіць у іх вёску, што ў некаторых выпадках горш за пошасную гарачку, а прычына, бач, тая, што земская паліцыя, маючы такія-сякія слабасці з боку сардэчнага, прыглядаўся да баб і вясковых дзевак. Напэўна, аднак, невядома, хоць у паказаннях сяляне выказаліся проста, што земская паліцыя быў, бач, блудлівы як кот і што ўжо ці раз яны яго аберагалі і аднойчы нават выгналі голага з нейкай хаты, куды ён улез. Вядома, земская паліцыя быў варты пакарання за сардэчныя слабасці, але мужыкоў як Вашывай-спесі, так і Задзірайлава, нельга было таксама апраўдаць за самаўпраўства, калі толькі яны сапраўды прымалі ўдзел у забойстве. Але справа была цёмная, земскую паліцыю знайшлі на дарозе, мундзір ці сурдут на земскай паліцыі быў горшы за анучу, а ўжо фізіяноміі і пазнаць нельга было. Справа хадзіла па судах і паступіла нарэшце ў палату, дзе была спярша ў закрытым парадку абмеркавана ў такім сэнсе: паколькі невядома, хто з сялян іменна ўдзельнічаў, а ўсіх іх многа, Драбяжкін-жа чалавек мёртвы, значыцца, яму мала з таго карысці, калі-б нават ён і выйграў справу, а мужыкі былі яшчэ жывыя, значыцца, для іх вельмі важна рашэнне ў іхнюю карысць; дык з прычыны гэтага пастаноўлена было так, што засядацель Драбяжкін быў сам прычынай, несправядліва прыгнятаючы мужыкоў Вашывай-спесі і Задзірайлава, а памёр, бач, ён, вяртаючыся ў санях, ад апаплексічнага ўдару. Справа, здавалася-б, зроблена была кругла, але чыноўнікі, невядома чаму, пачалі думаць, што, мабыць, пра гэтыя мёртвыя душы ідзе цяпер справа. Здарылася так, што, як незнарок, у той час, калі паны чыноўнікі і без таго знаходзіліся ў цяжкім становішчы, прышлі да губернатара разам дзве паперы. У адной з іх пісалася, што згодна дайшоўшых паказанняў і данясенняў у іх губерні знаходзіцца вырабшчык фальшывых асігнацый, які хаваецца пад рознымі імёнамі, і каб неадкладна былі ўчынены стражэйшыя пошукі. Другая паперка змяшчала ў сабе паведамленне губернатара суседняй губерні пра ўцёкшага ад законнага праследавання разбойніка, і што калі акажацца ў іх губерні падазроны чалавек, які не пакажа ніякіх пасведчанняў і пашпартаў, дык затрымаць яго неадкладна. Гэтыя дзве паперы так і ашаламанілі ўсіх. Ранейшыя вывады і здагадкі зусім былі збіты з тропу. Вядома, ніяк нельга было меркаваць, каб тут адносілася што-небудзь да Чычыкава, аднак-жа ўсе, як разважылі кожны з свайго боку, як прыпомнілі, што яны яшчэ не ведаюць, хто такі сапраўды Чычыкаў, што ён сам вельмі цьмяна адгукаўся наконт уласнай асобы, гаварыў, праўда, што пацярпеў па службе за праўду, але ўсё гэта неяк цьмяна, і калі ўспомнілі пры гэтым, што ён нават выказаўся, быццам меў многа непрыяцеляў, якія рабілі замах на жыццё яго, дык задумаліся яшчэ больш: значыць жыццё яго было ў небяспецы, значыць яго праследавалі, значыць ён зрабіў што-небудзь такое... ды хто-ж ён сапраўды такі? Вядома, нельга думаць, каб ён мог рабіць фальшывыя асігнацыі, а тым больш быць разбойнікам, выгляд добрапрыстойны, але пры ўсім гэтым, хто-ж бы аднак ён быў такі сапраўды? I вось паны чыноўнікі задалі сабе цяпер пытанне, якое павінны былі задаць сабе спачатку, гэта значыць у першым раздзеле нашай паэмы. Было вырашана крыху распытацца тых, у каго былі куплены душы, каб, прынамсі, даведацца, што за купля і што іменна трэба разумець пад гэтымі мёртвымі душамі, і ці не растлумачыў ён каму, хоць можа выпадкам, хоць мімаходзь як-небудзь, сапраўдных сваіх намераў, і ці не сказаў ён каму-небудзь аб тым, хто ён такі. Перш за ўсё звярнуліся да Каробачкі, але тут даведаліся няшмат: купіў, бач, за пятнаццаць рублёў, і птушынае пер’е таксама купляе і шмат чаго абяцаў купіць, у казну сала таксама пастаўляе, і таму, напэўна, круцель, бо ўжо быў адзін такі, які купляў птушынае пер’е і ў казну сала пастаўляў, ды ашукаў усіх і пратапопшу ашукаў больш чым на сто рублёў. Усё, што ні гаварыла яна далей, было паўтарэннем амаль аднаго і таго-ж, і чыноўнікі ўбачылі толькі, што Каробачка была проста дурная баба. Манілаў адказаў, што за Паўла Іванавіча заўсёды гатоў ён ручацца, як за самога сябе, што ён-бы ахвяраваў усім сваім маёнткам, каб мець сотую долю якасцей Паўла Іванавіча, і адгукнуўся аб ім наогул у самых пахвальных выразах, дадаўшы некалькі думак наконт дружбы ўжо з зажмуранымі вачамі. Гэтыя думкі, вядома, здавальняюча вытлумачылі пяшчотны рух яго сэрца, але не растлумачылі чыноўнікам сапраўднай справы. Сабакевіч адказаў, што Чычыкаў, на яго думку, чалавек добры, а што сялян ён яму прадаў на выбар і народ ва ўсіх адносінах жывы; але што ён не ручаецца за тое, што здарыцца наперадзе, што калі яны перамруць у часе цяжкасцей перасялення ў дарозе, дык не яго віна, і ў тым воля божая, а гарачак і розных смяротных хвароб ёсць на свеце нямала, і бываюць прыклады, што выміраюць, бач, цэлыя вёскі. Паны чыноўнікі звярнуліся яшчэ да аднаго сродку, не вельмі высокароднага, але які, аднак-жа, часамі ўжываецца, г. зн. пабочна, пры дапамозе розных лакейскіх знаёмстваў, распыталі людзей Чычыкава, ці не ведаюць яны якіх падрабязнасцей наконт ранейшага жыцця і спраў пана, але пачулі таксама няшмат. Ад Пятрушкі пачулі толькі пах жылога пакоя, а ад Селіфана, што спаўняў службу гасударскую, ды служыў раней на мытніцы — і нічога больш. У гэтага класа людзей ёсць вельмі дзіўны звычай. Калі яго запытаць проста аб чым-небудзь, ён ніколі не ўспомніць, не прыбярэ ўсяго ў галаву і нават проста адкажа, што не ведае, а калі запытаць аб чым іншым, тут вось ён і прыпляце яго, і раскажа з такімі падрабязнасцямі, якіх і ведаць не захочаш. Усе пошукі, зробленыя чыноўнікамі, адкрылі ім толькі тое, што яны напэўна ніяк не ведаюць, што такое Чычыкаў, а што, аднак-жа, Чычыкаў чым-небудзь ды павінен быць абавязкова. Яны пастанавілі нарэшце памеркаваць канчаткова пра гэты прадмет і вырашыць, прынамсі, што і як ім рабіць, і якія захады ўжыць, і што такое ён іменна: ці такі чалавек, якога трэба затрымаць і схапіць, як нядобранадзейнага, ці ён такі чалавек, які можа сам схапіць і затрымаць іх усіх, як нядобранадзейных. Для ўсяго гэтага вырашана было сабрацца знарок у паліцэймейстара, ужо вядомага чытачам бацькі і дабрадзея горада.

РАЗДЗЕЛ Х

Сабраўшыся ў паліцэймейстара, ужо вядомага чытачам бацькі і дабрадзея горада, чыноўнікі мелі выпадак заўважыць адзін другому, што яны нават схудалі ад гэтага клопату і трывог. Сапраўды, прызначэнне новага генерал-губернатара і гэтыя атрыманыя паперы такога сур’ёзнага зместу і гэтыя бог ведае якія чуткі, усё гэта пакінула прыкметныя сляды на іх тварах, і фракі на многіх зрабіліся прыкметна прастарнейшымі. Усё падалося: і старшыня схудаў, і інспектар урачэбнай управы схудаў, і пракурор схудаў, і нейкі Сямён Іванавіч, што ніколі не называўся па прозвішчу і насіў на ўказальным пальцы пярсцёнак, які даваў разглядаць дамам, нават і той схудаў. Вядома, знайшліся, як і ўсюды бывае, той-сёй небаязлівага дзесятка, якія не трацілі прысутнасці духу, але іх было надта няшмат. Паштмейстар адзін толькі. Ён адзін не змяняўся ў сталым роўным характары і заўсёды ў падобных выпадках меў звычай гаварыць: «Ведаем мы вас, генерал-губернатараў! Вас, можа, тры-чатыры пераменіцца, а я вось ужо трыццаць год, судар мой, сяджу на адным месцы». На гэта звычайна зазначалі іншыя чыноўнікі: «Добра табе, шпрэхен зі дэйч Іван Андрэйч; у цябе справа паштовая: прыняць ды адправіць экспедыцыю, хіба толькі ашукаеш, зачыніўшы прысуцтвіе на гадзіну раней, ды возьмеш з позна прышоўшага купца за прыём пісьма ў нявызначаны час, ці перашлеш такую пасылку, якую не трэба перасылаць, тут, вядома, кожны будзе святы. А вось няхай да цябе ўнадзіцца чорт падкручвацца кожны дзень пад руку, так што вось і не хочаш браць, а ён сам суне. Табе, вядома, поўбяды, у цябе адзін сынок, а тут, брат, Праскоўю Фёдараўну надзяліў бог такой шчодрасцю, што год, то нясе: або Праскушку, або Пятрушку; тут, брат, іншае запяеш». Так гаварылі чыноўнікі, а ці можна сапраўды ўстояць супроць чорта, аб гэтым меркаваць не аўтарская справа. У нарадзе, якая сабралася на гэты раз, вельмі прыкметна была адсутнасць той неабходнай рэчы, якую ў простанароддзі называюць толкам. Наогул мы неяк не створаны для прадстаўнічых паседжанняў. Ва ўсіх нашых сходах, начынаючы ад сялянскай мірской сходкі да рознастайных вучоных і іншых камітэтаў, калі ў іх няма адной галавы, якая-б кіравала ўсім, пануе вялікая блытаніна. Цяжка нават і сказаць, чаму гэта, відаць, ужо такі народ, толькі і ўдаюцца тыя нарады, якія збіраюцца для таго, каб пакуціць ці паабедаць, як клубы і розныя ваксалы на нямецкі манер. А гатоўнасць кожную хвіліну ёсць, бадай, на ўсё. Мы раптам, як вецер павее, завядзем таварыствы добрачынныя, заахвочвальныя і невядома якія. Мэта будзе прыгожая, а пры ўсім гэтым нічога не выйдзе. Можа, гэта адбываецца таму, што мы раптам здавальняемся ў самым пачатку і ўжо лічым, што ўсё зроблена. Напрыклад, задумаўшы якое-небудзь добрачыннае таварыства для бедных і ахвяраваўшы значныя сумы, мы зараз-жа для адзначэння такога пахвальнага ўчынку задаём абед усім першым саноўнікам горада, зразумела, на палавіну ўсіх ахвяраваных сум; на астатнія наймаецца тут-жа для камітэта раскошная кватэра, з ацяпленнем і вартаўнікамі, а потым і застаецца ўсёй сумы для бедных пяць рублёў з палавінай, ды і тут у размеркаванні гэтай сумы яшчэ не ўсе члены згодны між сабой, і кожны суне якую-небудзь сваю куму. Аднак наладжаная зараз нарада была зусім іншага роду: яна сабралася з прычыны неабходнасці. Не аб якіх-небудзь бедных ці старонніх ішла справа, справа датычылася кожнага чыноўніка асабіста, справа датычылася бяды, усім аднолькава пагражаўшай, значыцца, мімаволі тут трэба было трымацца больш аднадушна і цесна. Але пры ўсім тым вышла чорт ведае што такое. Не гаворачы пра рознагалоссі, уласцівыя ўсім нарадам, у поглядзе прысутных выявілася нейкая нават незразумелая нерашучасць: адзін казаў, што Чычыкаў вырабшчык дзяржаўных асігнацый, і потым сам дадаваў: а можа і не вырабшчык; другі сцвярджаў, што ён чыноўнік генерал-губернатарскай канцылярыі, і тут-жа дадаваў: а зрэшты чорт яго ведае, на ілбе-ж не прачытаеш. Супроць здагадкі, ці не пераапрануты разбойнік, узброіліся ўсе; знайшлі, што акрамя выгляду, які сам па сабе быў ужо добранадзейным, у размовах яго не было нічога такога, што паказвала-б чалавека з буйнымі ўчынкамі. Раптам паштмейстар, які заставаўся некалькі хвілін паглыбленым у нейкае разважанне, ці з прычыны раптоўнага натхнення, ахапіўшага яго, ці чаго іншага, ускрыкнуў нечакана: ці ведаеце, панове, хто гэта? Голас, якім ён сказаў гэта, змяшчаў у сабе нешта выключна ўражаючае, так што прымусіў ускрыкнуць усіх у адзін час: «а хто?» — «Гэта, панове, судар мой, не хто іншы, як капітан Капейкін?» А калі ўсе тут-жа ў адзін голас запыталі: хто такі гэты капітан Капейкін? — паштмейстар сказаў: дык вы не ведаеце, хто такі капітан Капейкін?

Усе адказалі, што ніяк не ведаюць, хто такі капітан Капейкін.

«Капітан Капейкін», сказаў паштмейстар, адкрыўшы сваю табакерку толькі напалавіну, з боязні, каб хто-небудзь з суседзяў не запусціў туды сваіх пальцаў, у чыстату якіх ён кепска верыў і нават меў звычай прыгаварваць: «Ведаем, бацюхна: вы пальцамі сваімі, можа, невядома ў якія месцы наведваецеся, а табака рэч, якая патрабуе чыстаты». — «Капітан Капейкін», паўтарыў ён, панюхаўшы ўжо табакі: «ды гэта-ж, між іншым, калі расказаць, атрымаецца найцікавейшая для якога-небудзь пісьменніка ў некаторым родзе цэлая паэма».

Усе прысутныя выказалі жаданне даведацца пра гэтую гісторыю, ці, як сказаў паштмейстар, найцікавейшую для пісьменніка ў некаторым родзе цэлую паэму, і ён пачаў так:


АПОВЕСЦЬ ПРА КАПІТАНА КАПЕЙКІНА

«Пасля кампаніі дванаццатага года, судар ты мой», — так пачаў паштмейстар, не гледзячы на тое, што ў пакоі сядзеў не адзін судар, а цэлых шасцёра, — «пасля кампаніі дванаццатага года, разам з раненымі быў прыслан і капітан Капейкін. Ці пад Красным, ці пад Лейпцыгам, толькі можаце ўявіць, яму адарвала руку і нагу. Ну, тады яшчэ не было зроблена наконт раненых ніякіх, ведаеце, гэдакіх распараджэнняў; гэты які-небудзь інвалідны капітал быў ужо заведзены, можаце ўявіць сабе, у некаторым родзе, значна пазней. Капітан Капейкін бачыць: трэба-б працаваць, толькі рука вось у яго, разумееце, левая. Паведаўся быў дамоў да бацькі; бацька кажа: «Мне няма чым цябе карміць, я», можаце ўявіць сабе, «сам ледзь дастаю хлеб». Вось мой капітан Капейкін вырашыў падацца, судар мой, у Пецербург, каб запытаць гасудара, ці не будзе якой манаршай міласці: «што, вось, так і так, у некаторым родзе, так сказаць, жыццём ахвяраваў, праліваў кроў...» Ну, неяк там, ведаеце, з абозамі ці фурамі казённымі, словам, судар мой, дацягнуўся ён так-сяк да Пецербурга. Ну, можаце ўявіць сабе, гэдакі які-небудзь, значыць, капітан Капейкін і апынуўся раптам у сталіцы, падобнай да якое, так сказаць, няма ў свеце! Раптам перад ім свет, так сказаць, некаторае поле жыцця, казачная Шэхерэзада. Раптам які-небудзь гэдакі, можаце ўявіць сабе, Неўскі праспект, ці там, ведаеце, якая-небудзь Гарохавая, чорт вазьмі! або там гэдакая якая-небудзь Ліцейная; там шпіц гэдакі які-небудзь у павстры; масты там вісяць гэдакім чортам, можаце ўявіць сабе, без усякага, гэта значыць, дотыку — словам, Семіраміда, судар, ды і годзе! Паткнуўся быў наняць кватэру толькі ўсё гэта кусаецца страшэнна: гардзіны, шторы, чартоўшчына такая, разумееце, дываны — Персія цалкам: нагой, як кажуць, топчаш капіталы. Ну, проста, значыцца, ідзеш па вуліцы, а ўжо нос твой так і чуе, што пахне тысячамі; а ў майго капітана Капейкіна ўвесь асігнацыйны банк, разумееце, складаецца з якіх-небудзь дзесяці сінюх. Ну, неяк там прытуліўся ў рэвельскім тракціры, за рубель у суткі: абед — капуста, кавалак бітай ялавічыны. Бачыць, зажывацца няма чаго. Распытаўся, куды звярнуцца. Кажуць, ёсць у некаторым родзе, вышэйшая камісія, праўленне, разумееце, гэдакае, і начальнікам генерал-аншэф такі вось. А гасудара, трэба вам ведаць, у той час не было яшчэ ў сталіцы; войскі, можаце сабе ўявіць, яшчэ не вярталіся з Парыжа, усё было за граніцай. Капейкін мой, устаўшы раней, паскроб сабе левай рукой бараду, — таму што плаціць цырульніку — гэта складзе, у некаторым родзе, рахунак, — нацягнуў на сябе мундзірчык і на дзеравяшцы сваёй, можаце сабе ўявіць, пайшоў да самога начальніка, да вяльможы. Распытаў кватэру. «Вунь», кажуць, паказаўшы яму дом на Дварцовай на наберажнай. Халупа, разумееце, мужыцкая: шкельцы ў вокнах, можаце сабе ўявіць, паўтарасажнёвыя люстры, так што вазы і ўсё, што там ні ёсць у пакоях, здаюцца як-бы знадворку: мог-бы, у некаторым родзе, дастаць з вуліцы рукой; дарагія мрамары на сценках, металічныя галантарэі, якая-небудзь ручка ў дзвярах, так што трэба, ведаеце, забегчы перш у крамку, ды купіць на грош мыла, ды раней гадзіны дзве церці ім рукі, ды потым ужо адважышся ўхапіцца за яе — словам: лакі на ўсім такія — у некаторым родзе розуму замарока. Адзін швейцар ужо глядзіць генералісімусам: вызалачаная булава, графская фізіяномія, як адкормлены тлусты мопс які-небудзь; батыставыя каўнерыкі, канальства!.. Капейкін мой усцягнуўся так-сяк са сваёй дзеравяшкай у прыёмную, прыціснуўся там сабе ў куточку, каб не штурхнуць локцем, можаце сабе ўявіць, якую-небудзь Амерыку або Індыю — раззалочаную, разумееце, фарфаравую вазу гэдакую. Ну, вядома, што ён настаяўся там уволю, таму што, можаце ўявіць сабе, прышоў яшчэ ў такі час, калі генерал, у некаторым родзе, ледзь падняўся з пасцелі, і камердынер, можа, паднёс яму які-небудзь срэбраны цабэрак для розных, разумееце, умыванняў гэдакіх. Чакае мой Капейкін гадзіны чатыры, як вось уваходзіць, нарэшце, ад’ютант ці іншы дзяжурны чыноўнік. «Генерал», кажа, «зараз выйдзе ў прыёмную». А ў прыёмнай ужо народу, як бобу на талерцы! Усё гэта не тое, што наш брат халоп, усе чацвертага ці пятага класа, палкоўнікі, а дзе-ні-дзе і тоўсты макарон блішчыць на эпалеце — генералітэт, словам, такі. Раптам у пакоі, разумееце, пранеслася ледзь прыкметная мітусня, як эфір які-небудзь тонкі. Пачулася там і там: «шу, шу», і нарэшце цішыня надышла страшэнная: вяльможа ўваходзіць. Ну... можаце ўявіць сабе: дзяржаўны чалавек! У твары, так сказаць... ну, адпаведна са званнем, разумееце... з высокім чынам... такі выраз, разумееце. Усё, што ні было ў пярэдняй, зразумела, у тую-ж хвіліну ў струнку, дрыжыць, чакае рашэння, у некаторым родзе, лёсу. Міністр, ці вяльможа падыходзіць да аднаго, да другога: «Чаго вы? чаго вы? што вы хочаце? якая ваша справа?» Нарэшце, судар мой, да Капейкіна. Капейкін, сабраўшыся з духам: «Так і так, ваша прэвасхадзіцельства: праліваў кроў, страціў, у некаторым родзе, руку і нагу, працаваць не магу, асмельваюся прасіць манаршай літасці». Міністр бачыць: чалавек на дзеравяшцы і правы рукаў пусты прышпілен да мундзіра. «Добра», кажа: «наведайцеся днямі». Капейкін мой выходзіць ледзь не ў захапленні: адно тое, што ўдастоіўся аудыенцыі, так сказаць, у першастацейнага вяльможы; а другое тое, што вось цяпер, нарэшце, вырашыцца, у некаторым родзе, наконт пансіёна. У настроі, разумееце, такім, падскаквае па тратуару. Зайшоў у Палкінскі тракцір выпіць чарку гарэлкі, паабедаў, судар мой, у Лондане [71], загадаў падаць сабе катлетку з каперсамі [72], пулярку заказаў з рознымі фінтэрлеямі; заказаў бутэльку віна, вечарам пайшоў у тэатр, адным словам, разумееце, кутнуў. На тратуары, бачыце, ідзе нейкая стройная англічанка, як лебедзь, можаце сабе ўявіць, гэдакі. Мой Капейкін, кроў, ведаеце, разгулялася ў ім, пабег быў за ёй, на сваёй дзеравяшцы, трух-трух, следам — «ды не», падумаў, «няхай потым, калі атрымаю пенсію, цяпер ужо я штосьці разышоўся надта». Вось, судар мой, праз нейкія тры, чатыры дні з’яўляецца Капейкін мой зноў да міністра, дачакаўся выхаду. «Так і так», кажа: «прышоў», кажа, «пачуць загад вашага высокапрэвасхадзіцельства з выпадку хвароб і за ранамі...» і таму падобнае, разумееце, у службовым стылі. Вяльможа, можаце ўявіць, зараз-жа яго пазнаў: «А», кажа, «добра», кажа: «на гэты раз нічога не магу сказаць вам больш, як толькі тое, што вам трэба будзе чакаць прыезду гасудара; тады, бясспрэчна, будуць зроблены распараджэнні наконт раненых, а без манаршай, так сказаць, волі я нічога не магу зрабіць». Паклон, разумееце, і — бывайце. Капейкін, можаце ўявіць сабе, вышаў у становішчы самым няпэўным. Ён-то ўжо думаў, што вось яму заўтра так і выдадуць грошы: «На табе, галубок, пі ды весяліся»; а замест таго, яму загадана чакаць, ды і час не вызначаны. Вось ён савою такой вышаў з ганка, як пудзель, разумееце, якога кухар абліў вадой: і хвост у яго паміж ног, і вушы павесіў. «Ну, не», думае сабе: «пайду другі раз, растлумачу, што апошні кавалак даядаю — не паможаце, павінен памерці, у некаторым родзе, з голаду». Словам, прыходзіць ён, судар мой, зноў на Дварцовую наберажную, кажуць: «Нельга, не прымае, прыходзьце заўтра». На другі дзень — таксама; а швейцар на яго, проста, і глядзець не хоча. А між тым у яго з сінюх вось, разумееце, ужо застаецца толькі адна ў кішэні. То, бывала, еў капусту, ялавічыны кавалкі; а цяпер у крамцы возьме які-небудзь селядзец ці агурок салёны ды хлеба на два грошы, словам — галадуе, небарака, а тым часам апетыт, проста, воўчы. Праходзіць міма гэдакага якога-небудзь рэстарана — кухар там, можаце сабе ўявіць, чужаземец, француз гэдакі з адкрытай фізіяноміяй, бялізна на ім галандская, фартух белізною роўны снягам, гатуе там фензерв [73] які-небудзь, катлеткі з труфелямі, словам — рассупе дэлікатэс такі, што, проста, сябе, гэта значыць, з’еў-бы ад апетыту. Ці пройдзе паўз Мілюцінскія крамы, там з акна выглядае, у некаторым родзе, сёмга гэдакая, вішанькі — па пяць рублёў штучка, кавун-аграмадзіна, дыліжанс гэдакі, высунуўся з акна, і, так сказаць, шукае дурня, які-б заплаціў сто рублёў, словам — на кожным кроку спакуса такая, слінкі цякуць, а ён чуе, тым часам, усё: «заўтра». Дык можаце ўявіць сабе, якое яго становішча: тут, з аднаго боку, так сказаць, сёмга і кавун, а з другога, вось, яму падносяць усё адну і тую-ж страву «заўтра». Нарэшце, зрабілася небараку, у некаторым родзе, няўсцерп, наважыўся, чаго-б гэта ні каштавала, пралезці штурмам, разумееце. Дачакаўся каля пад’езда, ці не пройдзе яшчэ які-небудзь просьбіт, і там з нейкім генералам, разумееце, праслізнуў са сваёю дзеравяшкай у прыёмную. Вяльможа, як звычайна, выходзіць: «Чаго вы? чаго вы! А!» кажа, убачыўшы Капейкіна: «я-ж ужо аб’явіў вам, што вы павінны чакаць рашэння». — «Злітуйцеся, ваша прэвасхадзіцельства, не маю, так сказаць, кавалка хлеба...» — «Што-ж рабіць? Я для вас нічога не магу зрабіць; старайцеся пакуль што дапамагчы самі сабе, шукайце самі сродкаў». — «Але, ваша прэвасхадзіцельства, самі можаце, у некаторым родзе, меркаваць, якія сродкі магу адшукаць, не маючы ні рукі, ні нагі». — «Але», кажа саноўнік, «згадзіцеся: я не магу вас утрымліваць, у некаторым родзе, на свой кошт; у мяне многа раненых, усе яны маюць аднолькавае права... Узбройцеся цярпеннем. Прыедзе гасудар, я вам магу даць слова гонару, што яго манаршая літасць вас не пакіне». — «Але, ваша прэвасхадзіцельства, я не магу чакаць», кажа Капейкін, і кажа, у некаторых адносінах, груба. Вяльможы, разумееце, ужо зрабілася прыкра. Сапраўды: тут з усіх бакоў генералы чакаюць рашэнняў, загадаў; справы, так сказаць, важныя, дзяржаўныя, якія патрабуюць як найхутчэйшага выканання, — хвіліна страчаная можа быць важнай, — а тут яшчэ прычапіўся збоку неадвязны чорт. — «Выбачайце», кажа: «мне няма часу... мяне чакаюць справы важнейшыя, чым вашы». Напамінае спосабам, у некаторым родзе, тонкім, што пара, нарэшце, і выйсці. А мой Капейкін, — голад вось, ведаеце, прышпорыў яго: «Як хочаце, ваша прэвасхадзіцельства», кажа, «не сыйду з месца да таго часу, пакуль не дасцё рэзалюцыю». Ну... можаце ўявіць: адказваць такім чынам вяльможы, якому варта толькі слова сказаць, дык вось ужо і паляцеў дагары нагамі, так што і чорт цябе не адшукае.... Тут калі вашаму брату скажа чыноўнік, адным чынам меншы, падобнае, дык ужо і грубасць. Ну, а там памер-жа, памер які: генерал-аншэф і які-небудзь капітан Капейкін! 90 рублёў і нуль! Генерал, разумееце, больш нічога, як толькі глянуў, а позірк — агнястрэльная зброя: душы ўжо няма — ужо яна апынулася ў пятах. А мой Капейкін, можаце ўявіць, ні з месца, стаіць, як укопаны. «Што-ж вы?» кажа генерал і ўзяў яго, як кажуць, у лапаткі. Зрэшты, сказаць праўду, абышоўся ён яшчэ даволі літасціва: іншы-б пужануў так, што дні тры круцілася-б пасля таго вуліца дагары нагамі, а ён сказаў толькі: «Добра», кажа: «калі вам тут дорага жыць і вы не можаце ў сталіцы спакойна чакаць рашэння вашага лёсу, дык я вас вышлю на казённы кошт. Паклікаць фельд’егера! адправіць на месца жыхарства!» А фельд’егер ужо там, разумееце, і стаіць: трохаршынны мужчына які-небудзь, ручышча ў яго, можаце ўявіць, самой натурай створана для фурманаў, — словам, дантыст гэдакі... Вось яго, раба божага, схапілі, судар мой, ды ў вазок, з фельд’егерам. «Ну», думае Капейкін, «прынамсі не трэба плаціць прагонаў, дзякуй і за гэта». Вось ён, судар мой, едзе на фельд’егеры, ды, едучы на фельд’егеры, у некаторым родзе, так сказаць, разважае сам сабе: «Калі генерал кажа, каб я пашукаў сам сродкаў дапамагчы сабе, — добра», кажа, «я», кажа, «знайду сродкі!» Ну, ужо як толькі яго даставілі на месца і куды іменна прывезлі, нічога гэтага невядома. Так, разумееце, і чуткі пра капітана Капейкіна канулі ў рэчку забыцця, у якую-небудзь гэдакую Лету, як называюць паэты. Але, дазвольце, панове, тут вось і пачынаецца, можна сказаць, нітка, завязка рамана.

Такім чынам, куды падзеўся Капейкін, невядома; але не прайшло, можаце ўявіць сабе, двух месяцаў, як з’явілася ў разанскіх лясах шайка разбойнікаў, і атаман вось гэтай шайкі быў, судар мой, не хто іншы...»

«Толькі дазволь, Іван Андрэевіч», сказаў раптам перапыніўшы яго паліцэймейстар: «капітан-жа Капейкін, ты сам сказаў, без рукі і нагі, а ў Чычыкава...»

Тут паштмейстар ускрыкнуў і ляпнуў з усяго размаху рукой па сваім ілбе, назваўшы сябе публічна пры ўсіх цяляцінай. Ён не мог зразумець, як падобная акалічнасць не прышла яму ў галаву на самым пачатку расказу, і прызнаўся, што зусім справядліва прыказка: рускі чалавек заднім розумам моцны. Аднак-жа, праз хвіліну, ён тут-жа пачаў хітраваць і прабаваў быў выкруціцца, кажучы: што між іншым у Англіі вельмі ўдасканалена механіка, што відаць з газет, як адзін вынайшаў драўляныя ногі такім чынам, што пры адным дотыку да непрыкметнай пружынкі заносілі гэтыя ногі чалавека бог ведае ў якія месцы, так што потым нідзе і адшукаць яго нельга было.

Але ўсе вельмі ўсумніліся, каб Чычыкаў быў капітан Капейкін, і знайшлі, што паштмейстар хапіў ужо занадта далёка. Між іншым, яны, з свайго боку, таксама не ўдарылі тварам у гразь і, наведзеныя дасціпнай здагадкай паштмейстара, зайшлі магчыма ці не далей. З ліку многіх у сваім родзе кемлівых прапаноў была, нарэшце, адна, дзіўна нават і сказаць: што ці не ёсць Чычыкаў пераапрануты Напалеон, што англічанін даўно зайздросціць, што, бачыш, Расія такая вялікая і прасторная, што нават некалькі разоў выходзілі і карыкатуры, дзе паказана, як рускі размаўляе з англічанінам. Англічанін стаіць і трымае ззаду на вяроўцы сабаку, і пад сабакам разумеецца Напалеон. Глядзі, кажа, калі што не так, дык я на цябе зараз выпушчу гэтага сабаку! і вось цяпер яны, магчыма, і выпусцілі яго з вострава Елены, і вось ён цяпер і прабіраецца ў Расію; быццам-бы Чычыкаў, а сапраўды зусім не Чычыкаў.

Вядома, паверыць гэтаму чыноўнікі не паверылі, аднак-жа задумаліся і, разглядаючы гэтую справу кожны паасобку, знайшлі, што твар Чычыкава, калі ён павернецца і стане бокам, вельмі падобен да партрэта Напалеона. Паліцэймейстар, які служыў у кампанію 12 года і асабіста бачыў Напалеона, не мог таксама не прызнацца, што ростам ён ніяк не будзе вышэй за Чычыкава, і што складам сваёй фігуры Напалеон таксама, нельга сказаць, каб быў надта тоўсты, аднак-жа і не так каб тонкі. Можа, некаторыя чытачы назавуць гэта ўсё непраўдападобным, аўтар таксама, каб дагадзіць ім, гатоў-бы назваць усё гэта непраўдападобным; але як на бяду ўсё іменна адбылося так, як расказваецца, і тым яшчэ больш дзіўна, што горад быў не ў глушы, а, наадварот, недалёка ад абодвух сталіц. Між іншым трэба памятаць, што ўсё гэта адбывалася ў хуткім часе пасля слаўнага выгнання французаў. У той час усе нашы памешчыкі, чыноўнікі, купцы, сядзельцы, і ўсякі пісьменны і нават непісьменны народ, зрабіліся, прынамсі, на цэлых восем год заядлымі палітыкамі. «Московские Ведомости» и «Сын Отечества» зачытваліся бязлітасна і даходзілі да апошняга чытача ў кавалачках, непрыдатных ні на якое ўжыванне. Замест пытанняў: «па колькі, бацюхна, прадалі мерку аўса? як выкарысталі ўчарашнюю парошу?» гаварылі: «а што пішуць у газетах, ці не выпусцілі зноў Напалеона з вострава?» Купцы гэтага моцна баяліся, бо шчыра верылі прадраканню аднаго прарока, які ўжо тры гады сядзеў у астрозе; прарок прышоў невядома адкуль, у лапцях і вывернутым кажуху, ад якога страшэнна тхнула тухлай рыбай, і абвясціў, што Напалеон ёсць антыхрыст і трымаецца на каменным ланцугу, за шасцю сценамі і сямю марамі, але пасля разарве ланцуг і заўладае ўсім светам. Прарок за прадраканне трапіў, як і трэба, у астрог, але тым не менш справу сваю зрабіў і збянтэжыў зусім купцоў. Доўга яшчэ падчас нават самых прыбытковых аперацый, купцы, накіроўваючыся ў тракцір запіваць іх чаем, пагаварвалі пра антыхрыста. Шмат хто з чыноўнікаў і высокароднага дваранства таксама мімаволі падумвалі пра гэта і заражоныя містыцызмам, які, як вядома, быў тады ў вялікай модзе, бачылі ў кожнай літары, з якіх было складзена слова Напалеон, нейкае асаблівае значэнне; многія нават адкрылі ў ім апакаліпсічныя лічбы [74]. Такім чынам, нічога няма дзіўнага, што чыноўнікі міжвольна задумаліся на гэтым пункце; хутка аднак-жа схамянуліся, заўважыўшы, што ўяўленне іх ужо занадта рысістае і што ўсё гэта не тое. Думалі, думалі, гадалі, гадалі, і нарэшце вырашылі, што не дрэнна было-б яшчэ распытаць добра Наздрова. Паколькі ён першы вынес гісторыю пра мёртвыя душы і быў, як кажуць, у нейкіх цесных адносінах з Чычыкавым, значыцца, без сумнення, ведае тое-сёе з акалічнасцей яго жыцця, дык паспрабаваць яшчэ, што скажа Наздроў.

Дзіўныя людзі гэтыя паны чыноўнікі, а за імі і ўсе іншыя званні: вельмі-ж добра ведалі, што Наздроў хлус, што яму нельга верыць ні ў адным слове, ні ў самай дробязі, а між тым іменна звярнуліся да яго. Вось папрабуй, дай рады чалавеку! не верыць у бога, а верыць, што калі засвярбіць пераносіца, дык абавязкова памрэ; прапусціць міма твор паэта, які ясны, як дзень, увесь прасякнуты згодай і высокай мудрасцю прастаты, а кінецца іменна на той, дзе які-небудзь зух наблытае, напляце, зломіць, выверне прыроду, і яму спадабаецца і ён пачне крычаць: вось яно, вось сапраўднае веданне таямніц сэрца! Усё жыццё лічыць, што дактары і гарэлага шэлега не варты, а скончыцца тым, што звернецца, нарэшце, да бабкі, якая лечыць шэптамі і заплёвамі, або, яшчэ лепш, выдумае сам які-небудзь дэкохт [75] з невядома якой дрэні, якая, бог ведае, чаму, здасца яму іменна сродкам супроць яго хваробы. Вядома, можна крыху выбачыць панам чыноўнікам, бо сапраўды становішча іх было цяжкае. Хто топіцца, кажуць, дык і за трэску хопіцца, і ў яго няма на гэты час розуму падумаць, што на трэсцы можа хіба праехацца верхам муха, а ў ім вагі амаль на чатыры пуды, калі нават не цэлых пяць; але не прыходзіць да яго ў той час кемлівасць, і ён хапаецца за трэску. Так і паны нашы ўхапіліся, нарэшце, за Наздрова. Паліцэймейстар у тую-ж хвіліну напісаў яму пісульку прыехаць на вечар, і квартальны ў батфортах, з прывабным румянцам на шчоках, пабег у тую-ж хвіліну, прытрымліваючы шпагу, з падскокам на кватэру Наздрова. Наздроў быў заняты важнай справай; цэлых чатыры дні ўжо не выходзіў ён з пакоя, не пускаў нікога і атрымліваў абед у акенца, — словам, нават схудаў і пазелянеў. Справа патрабавала вялікай уважлівасці: яна змяшчалася ў падбіранні з некалькіх дзесяткаў тузінаў карт адной таліі [76], але самай удалай, на якую можна было-б пакласціся як на самага пэўнага друга. Працы заставалася яшчэ, прынамсі, на два тыдні; на працягу ўсяго гэтага часу Парфірый павінен быў чысціць медзялянскаму шчанюку пуп асаблівай шчотачкай і мыць яго тры разы на дзень з мылам. Наздроў быў вельмі раззлаваны на тое, што патрывожылі яго адзіноту; перш за ўсё ён паслаў квартальнага к чорту, але калі прачытаў у пісульцы гараднічага, што можа здарыцца пажыва, таму што на вечар чакаюць нейкага навічка, змякчэў у тую-ж хвіліну, замкнуў паспешна пакой ключом, апрануўся як папала і пайшоў да іх. Паказанні, сведчанні і меркаванні Наздрова з’явіліся такой рэзкай супярэчнасцю меркаванням паноў чыноўнікаў, што і апошнія іх здагадкі былі збіты з тропу. Гэта быў чалавек, для якога не існавала сумненняў зусім; і колькі ў іх заўважалася хістання і нясмеласці ў меркаваннях, столькі ў яго цвёрдасці і ўпэўненасці. Ён адказваў на ўсе пункты, нават не заікаючыся, абвясціў, што Чычыкаў накупіў мёртвых душ на некалькі тысяч, і што ён сам прадаў яму, таму што не бачыць прычыны, чаму не прадаць; на пытанне, ці не шпіён ён і ці не стараецца што-небудзь разведаць, Наздроў адказаў, што шпіён, што яшчэ ў школе, дзе ён з ім разам вучыўся, яго называлі фіскалам і што за гэта таварышы, а ў тым ліку і ён, крыху яго адлупцавалі, так што трэба было потым прыставіць да адных віскоў 240 п’явак, г. зн. ён хацеў быў сказаць 40, але 200 вымавілася неяк само сабой. На пытанне, ці не робіць ён фальшывых асігнацый, ён адказаў, што робіць, і пры гэтым выпадку расказаў анекдот аб надзвычайным спрыце Чычыкава, як, даведаўшыся, што ў яго доме знаходзілася на два мільёны фальшывых асігнацый, апячаталі дом яго і прыставілі варту, на кожныя дзверы па два салдаты, і як Чычыкаў перамяніў іх усе за адну ноч, так што на другі дзень, калі знялі пячаткі, убачылі, што ўсе асігнацыі былі сапраўдныя. На пытанне, ці сапраўды Чычыкаў меў намер звезці губернатарскую дачку, і ці праўда, што ён сам узяўся дапамагаць і ўдзельнічаць у гэтай справе, Наздроў адказаў, што дапамагаў, і што калі-б не ён, то не вышла-б нічога, тут ён і схамянуўся, бачачы, што схлусіў зусім дарэмна і мог такім чынам наклікаць на сябе бяду, але языка ўжо ніяк не мог стрымаць. Між іншым і цяжка было, бо з’явіліся самі сабой такія цікавыя падрабязнасці, ад якіх ніяк нельга было адмовіцца: нават названа была вёска, дзе знаходзілася тая прыходская царква, у якой меркавалася вянчацца, іменна вёска Трухмачоўка, поп айцец Сідар, за вянчанне 75 рублёў, і то не згадзіўся-б, калі-б ён не застрашыў яго, пагражаючы данесці на яго, што павянчаў лабазніка Міхаіла на куме, што ён уступіў нават сваю каляску і падрыхтаваў на ўсіх станцыях пераменных коней. Падрабязнасці дайшлі да таго, што ён пачынаў ужо называць па імёнах фурманаў. Паспрабавалі заікнуцца пра Напалеона, але самі былі не рады, што паспрабавалі, бо Наздроў панёс такую бязглуздзіцу, якая не толькі не мела ніякага падабенства да праўды, але нават проста ні да чога не мела падабенства, так што чыноўнікі, уздыхнуўшы, усе адыйшлі прэч; адзін толькі паліцэймейстар доўга яшчэ слухаў, думаючы, ці не будзе, прынамсі, чаго-небудзь далей, але нарэшце і рукой махнуў, сказаўшы: чорт ведае што такое! I ўсе пагадзіліся на тым, што як ні глядзі быка, а ўсё-ж не будзе малака. I засталіся чыноўнікі яшчэ ў горшым становішчы, чым былі раней, і вырашылася справа тым, што ніяк не маглі даведацца, што такое быў Чычыкаў. I высветлілася добра, якога роду стварэнне чалавек: мудры, разумны і разважны ён бывае ва ўсім, што датычыцца іншых, але не сябе: якімі прадбачлівымі, цвёрдымі парадамі надзеліць ён у цяжкіх выпадках жыцця! Вось якая кемлівая галава! крычыць натоўп: які непахісны характар! А няхай спаткае гэтую кемлівую галаву якая-небудзь бяда і няхай давядзецца яму самому трапіць у цяжкія выпадкі жыцця, куды падзеўся характар! зусім збянтэжыўся непахісны муж, і вышаў з яго нікчэмны баязлівец, мізэрнае, слабое дзіця, ці проста фецюк, як называе Наздроў.

Усе гэтыя размовы, думкі і чуткі невядома з якой прычыны больш за ўсё падзейнічалі на беднага пракурора. Яны падзейнічалі на яго да такой ступені, што ён, прышоўшы дамоў, пачаў думаць, думаць і раптам, як кажуць, ні з таго, ні з гэтага, памёр. Ці паралюшам яго, ці чым іншым прыхапіла, толькі ён як сядзеў, так і ляпнуўся з крэсла тварам дагары. Ускрыкнулі, як водзіцца, успляснуўшы рукамі: «ах, божа мой!», паслалі па доктара, каб пусціць кроў, але ўбачылі, што пракурор быў ужо адно бяздушнае цела. Тады толькі са спачуваннем даведаліся, што ў нябожчыка была сапраўды душа, хоць ён па скромнасці сваёй ніколі яе не паказваў. А між тым з’яўленне смерці гэтаксама было страшна ў малым, як страшна яно і ў вялікім чалавеку: той, хто яшчэ не так даўно хадзіў, рухаўся, гуляў у віст, падпісваў розныя паперы і быў так часта відзён сярод чыноўнікаў са сваімі густымі бровамі і міргаючым вокам, цяпер ляжаў на стале, левае вока не міргала ўжо зусім, але брыво адно ўсё яшчэ было прыўзнята з нейкім запытальным выразам. Аб чым нябожчык пытаўся, чаму ён памёр ці навошта ён жыў, пра гэта адзін бог ведае.

Але гэта аднак-жа недарэчна! гэта нязгодна ні з чым! гэта немагчыма, каб чыноўнікі так маглі самі напужаць сябе: стварыць такую лухту, так адыйсці ад сапраўднасці, калі нават дзіцяці відаць, у чым справа! Так скажуць многія чытачы і папракнуць аўтара ў недарэчнасцях, або назавуць бедных чыноўнікаў дурнямі, таму што шчодры чалавек на слова: дурань і гатоў прыслужыцца ім дваццаць разоў на дзень свайму бліжняму. Даволі з дзесяці бакоў мець адзін дурны, каб цябе прызналі дурнем, не зважаючы на дзевяць добрых. Чытачам лёгка разважаць, гледзячы з свайго спакойнага кутка і верхавінкі, адкуль адкрыты ўвесь кругагляд на ўсё, што робіцца ўнізе, дзе чалавеку відаць толькі блізкі прадмет. I ў сусветным летапісу чалавецтва шмат ёсць цэлых стагоддзяў, якія-б, здавалася, выкрасліў і знішчыў, як непатрэбныя. Многа зроблена ў свеце памылак, якіх-бы, здавалася, цяпер не зрабіла і дзіця. Якія крывыя, глухія, вузкія, непраходныя, заносячыя далёка ўбок дарогі выбрала чалавецтва, імкнучыся дасягнуць вечнай ісціны, у той час як перад ім быў адкрыты ўвесь просты шлях, падобны да шляху, што вядзе да цудоўнага будынка, прызначанага быць царскім палацам. За ўсе іншыя шляхі шырэйшы і прастарнейшы ён, абліты сонцам і асветлены ўсю ноч агнямі; але мінаючы яго ў глухой цемры ішлі людзі. I колькі разоў, ужо наведзеныя сыходзіўшым з нябёс розумам, яны і тут умелі адхіліцца і збіцца ўбок, умелі сярод белага дня трапіць зноў у непраходную глуш, умелі напусціць зноў сляпы туман адзін аднаму ў вочы і, цягнучыся ўслед за балотнымі агнямі, умелі ўсё-ж дабрацца да бяздоння, каб потым з жахам запытаць адзін другога: дзе выхад? дзе дарога? Бачыць цяпер усё ясна цяперашняе пакаленне, дзівіцца з памылковых думак, смяецца з неразумнасці сваіх продкаў, не бачачы, што нябесным агнём скрэслены гэты летапіс, што крычыць у ім кожная літара, што адусюль імкліва накірован пранізваючы перст, на яго-ж, на яго, на цяперашняе пакаленне, але смяецца цяперашняе пакаленне і самаўпэўнена, горда пачынае рад новых памылак, з якіх таксама потым пасмяюцца патомкі.

Чычыкаў аб усім гэтым зусім нічога не ведаў. Як знарок у той час ён схапіў лёгкую прастуду, флюс і невялікае запаленне ў горле, на раздачу якіх надзвычай шчодры клімат многіх нашых губернскіх гарадоў. Каб не спынілася, божа барані, як-небудзь жыццё без патомкаў, ён вырашыў лепш пасядзець дзянькі са тры ў пакоі. На працягу гэтых дзён ён паласкаў безупынна горла малаком з фігай, якую потым з’ядаў, і насіў прывязаную да шчакі падушачку з рамашкі і камфары. Жадаючы чым-небудзь заняць час, ён зрабіў некалькі новых і падрабязных спісаў усіх накупленых сялян, прачытаў нават нейкі том герцагіні Лавальер [77], які знайшоўся ў чамадане, перагледзеў у шкатулцы розныя рэчы і пісулькі, якія там знаходзіліся, тое-сёе перачытаў і другі раз, і ўсё гэта вельмі надакучыла яму. Ніяк не мог ён зразумець, што-б гэта значыла, што ніводзін з гарадскіх чыноўнікаў не прыехаў да яго хоць-бы раз даведацца пра здароўе, у той час калі яшчэ нядаўна вельмі часта стаялі перад гасцініцай дрожкі — то паштмейстаравы, то пракуроравы, то старшынёвы. Ён паціскаў толькі плячыма, ходзячы па пакоі. Нарэшце, адчуў ён сябе лепш і ўзрадаваўся бог ведае як, калі ўбачыў магчымасць выйсці на свежае паветра. Не адкладаючы, узяўся ён зараз-жа за туалет, адамкнуў сваю шкатулку, наліў у шклянку гарачай вады, дастаў шчотку і мыла і ўзяўся галіцца, чаму, між іншым, даўно была пара і час: таму што, памацаўшы бараду рукой і зірнуўшы ў люстэрка, ён ужо сказаў: ух, якія пайшлі пісаць лясы! I сапраўды, лясы не лясы, а па ўсёй шчацэ і падбародку высыпала досыць густая рунь. Пагаліўшыся, узяўся ён за апрананне жвава і хутка, так што ледзь не выскачыў з панталонаў. Нарэшце, ён быў апрануты, спрыснуты адэкалонам і, захутаны пацяплей, выбраўся на вуліцу, завязаўшы з перасцярогі шчаку. Выхад яго, як усякага ачуняўшага чалавека, быў сапраўды святочны Усё, што ні траплялася яму, набыло ўсмешлівы выгляд, і дамы, і праходзіўшыя мужыкі, даволі, аднак, сур’ёзныя, з якіх той-сёй паспеў ужо заехаць свайму брату ў вуха. Першы візіт ён меў намер зрабіць губернатару. Дарогай яму прыходзіла ў галаву шмат розных думак; круцілася ў галаве бландзінка, уяўленне пачало нават злёгку сваволіць, і ён ужо сам пачаў крыху жартаваць і пасмейвацца сам з сябе. У такім настроі апынуўся ён перад губернатарскім пад’ездам. Пачаў ужо ён у сенцах паспешна здымаць з сябе шынель, як швейцар здзівіў яго зусім нечаканымі словамі: не загадана прымаць!

«Як, што ты, ты, відаць, не пазнаў мяне? ты ўгледзься добра ў твар!» гаварыў яму Чычыкаў.

«Як не пазнаць! Я-ж вас не першы раз бачу», сказаў швейцар. «Ды вас вось іменна адных і не загадана пускаць, іншых усіх можна».

«Вось табе на! чаго? чаму?»

«Такі загад, так ужо, відаць, трэба», сказаў швейцар і дадаў да гэтага слова: так. Пасля чаго стаў перад ім зусім вольна, не захоўваючы таго ласкавага выгляду, з якім раней спяшаўся здымаць з яго шынель. Здавалася, ён думаў, гледзячы на яго: эге! ужо калі цябе паны гоняць з ганку, дык ты, відаць, так сабе, драбяза якая-небудзь!

«Незразумела!» падумаў сам сабе Чычыкаў і накіраваўся тут-жа да старшыні палаты, але старшыня палаты так збянтэжыўся, убачыўшы яго, што не мог звязаць двух слоў і нагаварыў такую дрэнь, што нават ім абодвум зрабілася сорамна. Вышаўшы ад яго, як ні стараўся Чычыкаў дарогай растлумачыць і разабрацца, што такое разумеў старшыня, і наконт чаго маглі адносіцца словы, але нічога не мог зразумець. Потым зайшоў да другіх: да паліцэймейстара, да віцэ-губернатара, да паштмейстара, але ўсе яны або не прынялі яго, або прынялі так дзіўна, такую ненатуральную і незразумелую вялі размову, так разгубіліся, і такая вышла бязладзіца з усяго, што яго ўзяло сумняванне, ці здаровы ў іх мазгі. Паспрабаваў быў яшчэ зайсці да таго-сяго, каб даведацца, прынамсі, прычыну, але не дабраўся ні да якой прычыны. Як сонны, бадзяўся ён без мэты па горадзе, не маючы змогі вырашыць, ці ён звар’яцеў, ці чыноўнікі страцілі розум, ці ў сне ўсё гэта адбываецца, ці на яве заварылася дурната горшая за сон. Позна ўжо, амаль на змярканні, вярнуўся ён да сябе ў гасцініцу, з якой вышаў быў у такім добрым настроі, і з нуды загадаў падаць сабе чаю. У задуменні і ў нейкім бяссэнсавым разважанні аб дзіўнасці свайго становішча пачаў ён наліваць чай, як раптам адчыніліся дзверы яго пакоя і з’явіўся Наздроў самым нечаканым чынам.

«Вось кажа прыказка: для сябра сем вёрст не круг!» гаварыў ён, здымаючы шапку, «праходжу міма, бачу святло ў акне, дай, думаю сабе, зайду, пэўна, не спіць. А! вось добра, што ў цябе на стале чай, вып’ю з прыемнасцю кубачак: сёння за абедам аб’еўся ўсякай дрэні, адчуваю, што пачынаецца ў жываце тузаніна. Загадай мне набіць люльку, дзе твая люлька?»

«Ды я-ж не куру люлькі», сказаў суха Чычыкаў.

«Глупства, быццам я не ведаю, што ты курэц. Эй! як там завуць твайго чалавека. Эй, Вахрамей, слухай!»

«Ды не Вахрамей, а Пятрушка».

«Як-жа? ды ў цябе-ж раней быў Вахрамей».

«Ніякага не было ў мяне Вахрамея».

«Так, сапраўды, гэта ў Дзерэбіна Вахрамей. Уяві, Дзерэбіну якое шчасце, цётка яго пасварылася з сынам за тое, што ажаніўся з прыгоннай; і цяпер адпісала яму ўвесь маёнтак. Я думаю сабе, вось калі-б такую цётку мець для далейшых! Ды што ты, брат, так адышоў ад усіх, нідзе не бываеш? Вядома, я ведаю, што ты заняты часам вучонымі прадметамі, любіш чытаць (з чаго ўжо Наздроў зрабіў вывад, што герой наш займаецца вучонымі прадметамі і любіць пачытаць, гэта, прызнаемся, мы ніяк не можам сказаць, а Чычыкаў і таго менш). Ах, брат Чычыкаў, калі-б ты толькі ўбачыў... от ужо сапраўды была-б пажыва твайму сатырычнаму розуму (чаму ў Чычыкава быў сатырычны розум, гэта таксама невядома). Уяві, брат, у купца Ліхачова гулялі ў горку [78], вось ужо дзе смех быў! Перэпендзеў, які быў са мной: «Вось», кажа, «калі-б цяпер Чычыкаў, от-бы ўжо яму сапраўды!..» (між тым Чычыкаў зроду не ведаў ніякага Перэпендзева). А прызнайся-ж, брат, ты, сапраўды, зусім подла абышоўся тады са мною, памятаеш, як гулялі ў шашкі, я-ж выйграў... Так, брат, ты, проста, паддзядзюліў мяне. Але-ж я, чорт мяне ведае, ніяк не магу злаваць. Надоечы са старшынёй... Ах, так! я-ж табе павінен сказаць, што ў горадзе ўсе супроць цябе; яны думаюць, што ты робіш фальшывыя паперкі, прычапіліся да мяне, ды я за цябе гарой, нагаварыў ім, што з табой вучыўся і бацьку ведаў; ну, і, ужо няма чаго гаварыць, заліў ім кулю ніштаватую».

«Я раблю фальшывыя паперкі?» ускрыкнуў Чычыкаў, прыўзняўшыся з крэсла.

«Навошта ты, аднак-жа, так перапалохаў іх?» казаў далей Наздроў. «Яны, чорт ведае, павар’яцелі са страху: прыбралі цябе ў разбойнікі і ў шпіёны... А пракурор з перапуду памёр, заўтра будзе пахаванне. Ты не будзеш? Яны, сказаць праўду, баяцца новага генерал-губернатара, каб праз цябе чаго-небудзь не вышла; а я наконт генерал-губернатара такой думкі, што калі ён задзярэ нос і заважнічае, дык з дваранствам зусім нічога не зробіць. Дваранства патрабуе гасціннасці: ці не праўда? Вядома, можна схавацца ў сябе ў кабінеце і не даць ніводнага бала, ды гэтым-жа што-ж? Гэтым-жа нічога не выйграеш. А ты, аднак-жа, Чычыкаў, рызыкоўную справу надумаў».

«Якую рызыкоўную справу?» запытаў трывожна Чычыкаў.

«Ды ўкрасці губернатарскую дачку. Я, прызнаюся, чакаў гэтага, дальбог чакаў! Першы раз, як толькі ўбачыў вас разам на бале, ну ўжо, думаю сабе, Чычыкаў, пэўна, не дарма... Зрэшты, дарэмна ты зрабіў такі выбар, я нічога ў ёй не знаходжу добрага. А ёсць адна, сваячка Бікусава, сястры яго дачка, дык вось ужо дзяўчына! Можна сказаць: цуд каленкор!»

«Ды што ты, што ты блытаеш! Як украсці губернатарскую дачку, што ты?» гаварыў Чычыкаў, вылупіўшы вочы.

«Ну, хопіць, брат, вось які скрытны чалавек! Я, прызнаюся, да цябе з гэтым і прышоў: хочаш, я гатоў табе дапамагаць. Так і быць: патрымаю вянец над табой, каляска і пераменныя коні будуць мае, толькі з умовай: ты павінен мне пазычыць тры тысячы. Патрэбны, брат, хоць зарэж!»

На працягу ўсёй балбатні Наздрова, Чычыкаў праціраў некалькі разоў сабе вочы, жадаючы ўпэўніцца, ці не ў сне ён усё гэта чуе. Выраб фальшывых асігнацый, выкраданне губернатарскай дачкі, смерць пракурора, прычынай якой з’яўляецца быццам ён, прыезд генерал-губернатара, — усё гэта яго даволі моцна напалохала. Ну, ужо калі пайшло на тое, падумаў ён сам сабе, дык марудзіць больш няма чаго, трэба адсюль выбірацца як найхутчэй.

Ён пастараўся вызваліцца хутчэй ад Наздрова, паклікаў зараз-жа да сябе Селіфана і загадаў яму быць гатовым на світанні з тым, каб заўтра-ж у 6 гадзін раніцы выехаць з горада абавязкова, каб усё было перагледжана, брычка падмазана і іншае, і іншае. Селіфан прамовіў: слухаю, Павел Іванавіч, і спыніўся, аднак-жа, на некалькі часу каля дзвярэй, не кратаючыся з месца. Пан тут-жа загадаў Пятрушку высунуць з-пад ложка чамадан, які пакрыўся ўжо добра пылам, і ўзяўся ўкладаць разам з ім, без вялікага разбору, панчохі, сарочкі, бялізну мытую і нямытую, шавецкія капылы, каляндар... Усё гэта ўкладалася як папала; ён хацеў абавязкова быць гатовым з вечара, каб назаўтра не магло здарыцца ніякай затрымкі. Селіфан, пастаяўшы хвіліны са дзве каля дзвярэй, нарэшце вельмі павольна вышаў з пакоя. Павольна, як толькі можна ўявіць сабе павольна, сыходзіў ён з лесніцы, адбіваючы сваімі мокрымі ботамі сляды па сыходзіўшых уніз збітых прыступках, і доўга пачухваў рукой патыліцу. Што значыла гэтае пачухванне? і што наогул яно значыць? Ці прыкрасць на тое, што вось не ўдалася задуманая назаўтра сходка са сваім братам у непрыглядным кажуху, падперазаным поясам, дзе-небудзь у царовай карчме, ці ўжо завязалася у новым месцы якое каханне сардэчнае, і даводзіцца пакідаць вячэрняе выстойванне каля варот і далікатнае трыманне за белыя ручкі ў той час, як насоўваецца на горад змярканне, хлапчына ў чырвонай кашулі трумкае на балалайцы перад дваровай чэляддзю, і пляце ціхія размовы розначынны, вольны ад працы народ? Ці проста шкода пакідаць сагрэтае ўжо месца на людской кухні пад кажухом, каля печы, ды капусту з гарадскім мяккім пірагом, з тым, каб зноў цягнуцца пад дождж і слату і розную дарожную нягоду? Бог ведае, не ўгадаеш. Шмат чаго значыць у рускага народа пачухванне патыліцы.

РАЗДЗЕЛ XI

Нішто, аднак-жа, не здарылася так, як меркаваў Чычыкаў. Па-першае, прачнуўся ён пазней, чым думаў — гэта была першая непрыемнасць. Устаўшы, ён паслаў зараз-жа даведацца, ці запрэжана брычка і ці ўсё гатова; але далажылі, што брычка яшчэ была не запрэжана і нічога не было гатова. Гэта была другая непрыемнасць. Ён раззлаваўся, падрыхтаваўся задаць нешта накшталт лупцоўкі прыяцелю нашаму Селіфану і толькі нецярпліва чакаў, якую той са свайго боку знойдзе прычыну ў апраўданне. Хутка Селіфан з’явіўся ў дзвярах, і пан меў прыемнасць пачуць тыя-ж самыя размовы, якія звычайна чуюцца ад прыслугі ў такім выпадку, калі трэба хутка ехаць.

«Дык-жа, Павел Іванавіч, трэба будзе коней каваць».

«Ах ты, чушка! пень! а раней чаму аб гэтым не сказаў? Не было хіба часу?»

«Ды час-то быў... Ды вось і кола таксама, Павел Іванавіч, шыну трэба будзе зусім перацяшуць, бо цяпер дарога калдобістая, выбоіны такія ўсюды пайшлі... Ды калі дазволіце далажыць: перадок у брычцы зусім расхістаўся, так што яна, можа, і двух станцый не зробіць».

«Падлюга ты!» выгукнуў Чычыкаў, успляснуўшы рукамі, і падышоў да яго так блізка, што Селіфан, са страху, каб не атрымаць ад пана падарунка, падаўся крыху назад і адступіўся ўбок.

«Забіць ты мяне сабраўся? а? зарэзаць мяне хочаш? На вялікай дарозе мяне сабраўся зарэзаць, разбойнік, чушка ты праклятая, страшыдла марское! а? а? Тры тыдні сядзелі на месцы, а? Каб хоць заікнуўся, лайдачына, — а вось цяпер на апошнюю гадзіну і прыгнаў! калі ўжо амаль напагатове: сесці-б ды і ехаць, а? а ты вось тут-то і напаскудзіў, а? а? А ты-ж ведаў гэта раней? Ты-ж ведаў гэта, а? а? Адказвай. Ведаў? А?»

«Ведаў», адказаў Селіфан, панурыўшы галаву.

«Дык чаму-ж тады не сказаў, а?»

На гэтае пытанне Селіфан нічога не адказаў, але, панурыўшы галаву, гаварыў сам сабе: «Бач ты, як яно дзіўна здарылася: і ведаў-жа, ды не сказаў!»

«А вось цяпер ідзі, прывядзі каваля, ды каб за дзве гадзіны ўсё было зроблена. Чуеш! абавязкова за дзве гадзіны: а калі не будзе, дык я цябе, я цябе... у рог сагну і вузлом завяжу!» Герой наш быў моцна раззлаваны.

Селіфан павярнуўся быў да дзвярэй з тым, каб ісці выканаць загад, але спыніўся і сказаў: «Ды яшчэ, судар, пярэстага каня, дапраўды, хоць-бы прадаць, бо ён, Павел Іванавіч, зусім падлюга, ён такі конь, проста, яе дай бог, толькі перашкода».

«Так! вось пайду, пабягу на рынак прадаваць!»

«Дальбог, Павел Іванавіч, ён толькі на выгляд ніштаваты, а на справе самы хітры конь; такога каня нідзе...»

«Дурань! калі захачу прадаць, дык прадам. Яшчэ пусціўся ў разважанні! Вось пагляджу я: калі ты мне не прывядзеш зараз кавалёў, ды за дзве гадзіны яе будзе ўсё гатова, дык я табе такую дам лупцоўку... сам на сабе твару не ўбачыш! Пайшоў! ідзі!» Селіфан вышаў.

Чычыкаў зусім страціў настрой і шпурнуў на падлогу шаблю, якая ездзіла з ім у дарозе, каб належным чынам падстрашваць каго след. Каля чвэрці гадзіны з нечым правалаводзіўся ён з кавалямі, пакуль зладзіў, бо кавалі, як водзіцца, былі заўзятымі падлюгамі і, сцяміўшы, што рабіць трэба хутка, заламалі роўна ў шэсць разоў. Як ён ні гарачыўся, называў іх шэльмамі, разбойнікамі, грабежнікамі праязджаючых, намякнуў нават на страшны суд, але кавалёў нічым не праняў: яны поўнасцю вытрымалі характар: не толькі не адступіліся ад цаны, але нават пракорпаліся за работай замест двух гадзін, цэлых пяць з палавінай. На працягу гэтага часу ён меў шчасце перажыць прыемныя хвіліны, вядомыя кожнаму падарожніку, калі ў чамадане ўсё зложана і ў пакоі валяюцца толькі вяровачкі, паперкі ды рознае смецце, калі чалавек не належыць ні дарозе, ні сядзенню на месцы, бачыць з акна прахожых людзей, якія цягнуцца, гутараць пра свае грыўні і з нейкай неразумнай дапытлівасцю ўзнімаюць вочы, каб, глянуўшы на яго, зноў ісці сваёй дарогай, што яшчэ больш раздражняе дрэнны настрой беднага падарожніка, што сабраўся ды не едзе. Усё што ні ёсць, усё, што ні бачыць ён: і крамка супроць яго акон, і галава старой, якая жыве ў процілеглым доме і падыходзіць да акна з кароценькімі фіранкамі, — усё яму агідна, аднак-жа, ён не адыходзіць ад акна. Стаіць, то забываючыся, то звяртаючы зноў нейкую прытупленую ўвагу на ўсё, што перад ім рушыцца і не рушыцца, і душыць ад прыкрасці якую-небудзь муху, што ў гэты час гудзе і б’ецца аб шкло пад яго пальцам. Але ўсяму бывае канец, і жаданая хвіліна надышла: усё было гатова, перадок брычкі як след быў наладжаны, кола было абцягнута новай шынай, коні прыведзены з вадапою, і разбойнікі-кавалі пайшлі, пералічыўшы атрыманыя рублёўкі і пажадаўшы ўсяго добрага. Нарэшце, і брычка была запрэжана, і два гарачыя калачы, толькі што купленыя, пакладзены туды, і Селіфан ужо засунуў тое-сёе для сябе ў кішэню, што была каля фурмановых козлаў, і сам герой, нарэшце, пры ўзмахванні шапкаю палавога ў тым-жа дэмікатонавым сурдуце, пры тракцірных і чужых лакеях і фурманах, якія сабраліся падзівіцца, як выязджае чужы пан, і пры ўсіх іншых акалічнасцях, што суправаджаюць выезд, сеў у экіпаж, — і брычка, у якой ездзяць халасцякі і якая так доўга застаялася ў горадзе і так, магчыма, надакучыла чытачу, нарэшце, выехала з варот гасцініцы. «Дзякуй табе, божа!» падумаў Чычыкаў і перахрысціўся. Селіфан сцебануў пугай; да яго падсеў спярша павісеўшы некаторы час на падножцы Пятрушка, і герой наш, умайстраваўшыся зручней на грузінскім дыванку, заклаў за спіну сабе скураную падушку, прыціснуў два гарачыя калачы, і экіпаж пайшоў зноў падскокваць і пагойдвацца, дзякуючы бруку, што, як вядома, меў падкідальную сілу. З нейкім невыразным пачуццём глядзеў ён на дамы, сцены, парканы і вуліцы, якія таксама з свайго боку, быццам падскокваючы, павольна адыходзілі назад, і якія, бог ведае, ці дасць яму лёс убачыць яшчэ калі-небудзь на працягу свайго жыцця. Пры павароце ў адну з вуліц брычка павінна была спыніцца, бо ва ўсю даўжыню яе праходзіла бясконцая пахавальная працэсія. Чычыкаў, высунуўшыся, загадаў Пятрушку запытаць, каго хаваюць, і даведаўся, што хаваюць пракурора. Поўны непрыемных адчуванняў, ён зараз-жа схаваўся ў кут, закрыў сябе скураю і зашмаргнуў фіранкі. У гэты час, калі экіпаж быў такім чынам спынены, Селіфан і Пятрушка, набожна зняўшы капялюш, разглядалі, хто як, у чым і на чым ехаў, лічачы, колькі было ўсіх і пешых, і ехаўшых, а пан, загадаўшы ім не прызнавацца і не кланяцца нікому са знаёмых лакеяў, таксама пачаў нясмела разглядаць праз шкельцы, якія былі ў скураных фіранках: за труною ішлі, зняўшы капелюшы, усе чыноўнікі. Ён пачаў быў крыху баяцца, каб не пазналі яго экіпажа, але ім было не да таго. Яны нават не заняліся рознымі жыццёвымі размовамі, якія звычайна вядуць паміж сабой праводзячыя нябожчыка. Усе думкі іх былі сабраны ў гэты час у саміх сабе: яны думалі, якім вось будзе новы генерал-губернатар, як возьмецца за справу і як прыме іх. За чыноўнікамі, якія ішлі пехатою, ехалі карэты, з якіх выглядалі дамы ў жалобных каптурах. Па руху губ і рук іх відаць было, што яны былі заняты жвавай размовай; можа, яны таксама гаварылі аб прыездзе новага генерал-губернатара і рабілі здагадкі наконт балаў, якія ён дасць, і клапаціліся аб вечных сваіх фестончыках і нашывачках. Нарэшце, за карэтамі ішло некалькі пустых дрожак, якія выцягнуліся гужом, нарэшце, і нічога ўжо не засталося, і герой наш мог ехаць. Адкрыўшы скураныя фіранкі, ён уздыхнуў, сказаўшы ад душы: «Вось пракурор! жыў, жыў, а потым і памёр! I вось надрукуюць у газетах, што памёр, на жаль падначаленых і ўсяго чалавецтва, паважаны грамадзянін, рэдкі бацька, прыкладны муж, і шмат напішуць усякай усячыны; дададуць, бадай, што суправаджаў яго плач удоў і сірот; а калі-ж разабраць добра справу, дык на паверку, у цябе ўсяго толькі і было, што густыя бровы». Тут ён загадаў Селіфану ехаць хутчэй і між тым падумаў сам сабе: гэта аднак-жа добра, што спаткалі пахаванне; кажуць, значыць шчасце, калі спаткаеш нябожчыка.

Брычка тым часам павярнула ў больш пустынныя вуліцы; хутка пацягнуліся адны доўгія драўляныя платы, якія прадвяшчалі канец горада. Вось ужо і брук скончыўся, і шлагбаум, і горад ззаду, і нічога няма, і зноў дарога. I зноў з абодвух бакоў гасцінца пайшлі пісаць вёрсты, станцыйныя даглядчыкі, студні, абозы, шэрыя вёскі з самаварамі, бабамі і спрытным, барадатым гаспадаром, які бяжыць з пастаялага двара з аўсом у руцэ, пешаход у стаптаных лапцях, які цягнецца за 800 вёрст, гарадкі, пабудаваныя жыўцом, з драўлянымі крамкамі, мучнымі бочкамі, лапцямі, калачамі і іншай дробяззю, рабы, я шлагбаумы, недапраўленыя масты, палі неаглядныя і па адзін бок, і па другі, памешчыцкія рыдваны, салдат вёрхам на кані, які вязе зялёную скрынку з свінцовым гарохам і подпісам: такой вось артылерыйскай батарэі, зялёныя, жоўтыя і свежа-ўзнятыя чорныя палосы, што мільгаюць па стэпах, зазвінеўшая ў далечыні песня, сасновыя верхавіны ў тумане, знікаючы ў далечыні царкоўны звон, вароны як мухі і гарызонт без канца... Русь! Русь! бачу цябе з маёй цудоўнай, прыгожай далечыні, цябе бачу: бедна, раскідана і непрытульна ў табе; не развесяляць, не спалохаюць позірку дзёрзкія цуды прыроды вянчаныя дзёрзкімі цудамі мастацтва, гарады з шматаконнымі высокімі палацамі, уросшымі ў скалы, маляўнічыя дрэвы і плюшчы, уросшыя ў дамы, у шуме і вечным пыле вадаспадаў; не закінецца назад галава паглядзець на каменныя глыбы, якія награмаджваюцца без канца над ёю і ў вышыні; не бліснуць праз накінутыя адна на другую цёмныя аркі, ахутаныя вінаграднымі галінамі, плюшчамі і незлічонымі мільёнамі дзікіх ружаў, не бліснуць праз іх у далечыні вечныя лініі ззяючых гор, якія нясуцца ў срэбранае, яенае неба. Адкрыта-пустынна і роўна ўсё ў табе; як кропкі, як значкі, непрыкметна тырчаць сярод раўнін невысокія твае гарады; нішто не спакусіць і не зачаруе позірку. Але якая-ж незразумелая, таемная сіла цягне; да цябе? Чаму чуецца і разлягаецца нямоўчна ў вушах твая тужлівая песня, якая нясецца па ўсёй даўжыні і шырыні тваёй, ад мора да мора? Што ў ёй, у гэтай песні? Што кліча, і рыдае, і хапае за сэрца? Якія гукі балюча цалуюць і імкнуцца ў душу і віюцца каля майго сэрца? Русь! чаго-ж ты хочаш ад мяне? якая непасцігальная сувязь тоіцца між намі? Што глядзіш ты так, і чаму ўсё, што ні ёсць у табе, звярнула на мяне поўныя чакання вочы?.. I яшчэ, поўны неўразумення, нерухома стаю я, а ўжо ахінула галаву грознае воблака, цяжкае надыходзячымі дажджамі, і анямела думка перад тваімі прасторамі. Што прарочыць гэты неабсяжны прастор? Ці тут, у табе хіба не нарадзіцца бязмежнай думцы, калі ты сама без канца? Ці не быць тут асілку, калі ёсць месца, дзе разгарнуцца і прайсціся яму. I грозна абдымае мяне магутная прастора, страшнай сілай адлюстраваўшыся ў глыбіні маёй; надзвычайнай уладай асвятліліся мае вочы: у! якая ззяючая, цудоўная, незнаёмая зямлі далечыня! Русь!..

«Трымай, трымай, дурань!» крычаў Чычыкаў Селіфану.

«Вось я цябе палашом!» крычаў фельд’егер з вусамі на аршын, які імчаўся насустрач. Не бачыш, чорт дзяры тваю душу: казённы экіпаж!» I, як здань, знікла з громам і пылам тройка.

Якое дзіўнае і прывабнае, і імклівае, і цудоўнае ў слове: дарога! і якая цудоўная яна сама, гэтая дарога: ясны дзень, асенняе лісце, халоднае паветра... шчыльней у дарожны шынель, шапку на вушы, цясней і ўтульней прыціснемся ў куток! У апошні раз прабегшыя ўздрыгі прахапілі члены, і ўжо змяніла іх прыемная цеплыня. Коні імчацца... Як спакусліва крадзецца дрымота і заплюшчваюцца вочы, і праз сон ужо чуюцца: I «Не белы снегі», і сап коней, і шум колаў, і ўжо храпеш, прыціснуўшы ў куток свайго суседа. Прачнуўся: пяць станцый адбеглася назад; месяц; невядомы горад, цэрквы са старадаўнімі драўлянымі купаламі і чарнеючымі востраканцоўямі; цёмныя драўляныя і белыя каменныя дамы. Ззянне месяца там і там: быццам белыя палатняныя хусткі паразвешваліся па сценах, па бруку, па вуліцах; касякамі перасякаюць іх чорныя, як вугаль, цені; падобна ззяючаму металу зіхацяць наўскос асветленыя драўляныя стрэхі, і нідзе ні душы — усё спіць. Адзін-адзінюткі, хіба дзе-небудзь у аконцы мігціць агеньчык; ці мешчанін гарадскі шые сваю пару ботаў, ці пекар корпаецца ў печы — што да іх? А ноч! нябесныя сілы! якая ноч здзяйсняецца ў вышыні! А паветра, а неба, далёкае, высокае, што там, у недаступнай глыбіні сваёй, так неабсяжна, гучна і ясна раскінулася!.. але дыхае свежа ў самыя вочы халоднае начное дыханне і закалыхвае цябе, і вось ужо дрэмлеш і забываешся і храпеш, і варочаецца злосна, адчуўшы на сабе цяжар, бедны, прыціснуты ў кутку сусед. Прачнуўся — і ўжо зноў перад табой палі і стэпы, нідзе нічога — усюды пустка, усё адкрыта. Вярста з лічбай ляціць табе ў вочы; займаецца раніца; на пабялеўшым халодным небасхіле залатая бледная палоска; больш свежым і жорсткім робіцца вецер: шчыльней у цёплы шынель! які слаўны холад! які цудоўны сон зноў абдымае цябе! Штуршок — і зноў прачнуўся. На вяршыні неба сонца; лягчэй! лягчэй! чуецца голас, воз спускаецца з круцізны: унізе грэбля шырокая і шырокі ясны ставок, ззяючы як меднае дно перад сонцам; вёска, хаты рассыпаліся па схіле гары; як зорка блішчыць у баку крыж вясковай царквы; гамонка мужыкоў і нясцерпны апетыт у жываце... Божа! якая ты прыгожая часам, далёкая, далёкая дарога! Колькі разоў, гінучы і топячыся, я хапаўся за цябе,і ты кожны раз велікадушна выносіла і ратавала! А колькі нарадзілася ў табе цудоўных задум, паэтычных мар, колькі адчулася дзіўных уражанняў!.. Але і наш друг Чычыкаў адчуваў у гэты час не зусім празаічныя мары. А паглядзім, што ён адчуваў. Спачатку ён не адчуваў нічога і паглядаў толькі назад, жадаючы ўпэўніцца, ці сапраўды выехалі з горада; але калі ўбачыў, што горад ужо даўно знік, ні кузняў, «і млыноў, ні ўсяго таго, што знаходзіцца навокал гарадоў, не было відаць, і нават белыя верхавіны каменных цэркваў даўно ўвайшлі ў зямлю, ён заняўся толькі адной дарогай, паглядаў толькі направа і налева, і горад N як быццам не быў у яго памяці, як быццам праязджаў ён яго даўно, у маленстве. Нарэшце, і дарога перастала цікавіць яго, і ён пачаў злёгку заплюшчваць вочы і схіліў галаву да падушкі. Аўтар, прызнацца, гэтаму нават рады, знаходзячы такім чынам выпадак пагаварыць аб сваім героі; бо дагэтуль, як чытач бачыў, яму безупынна перашкаджалі то Наздроў, то балы, то дамы, то гарадскія плёткі, то, нарэшце, тысячы тых дробязей, якія здаюцца толькі тады дробязямі, калі занесены ў кнігу, а пакуль бытуюць у свеце, лічацца за вельмі важныя справы. Але цяпер адкладзем зусім усё ўбок і проста зоймемся справай.

Вельмі сумніцельна, што абраны намі герой спадабаецца чытачам. Дамам ён не спадабаецца, гэта можна сказаць станоўча, бо дамы патрабуюць, каб герой быў усебаковая дасканаласць, і калі ёсць нейкая душэўная або цялесная плямка, тады бяда! Як глыбока ні зірні аўтар яму ў душу, хоць чысцей за люстэрка адбі яго вобраз, яму не дадуць ніякай цаны. Сама паўната і сярэднія гады Чычыкава многа пашкодзяць яму: паўнаты ні ў якім разе не даруюць герою, і вельмі многія дамы, адвярнуўшыся, скажуць: фэ! такі брыдкі! На жаль, усё гэта вядома аўтару, і пры ўсім тым ён не можа ўзяць у героі дабрадзейнага чалавека. Але... можа, у гэтай-жа самай аповесці пачуюцца іншыя, яшчэ дагэтуль некранутыя струны, паўстане незлічонае багацце рускага духу, пройдзе муж, адараваны божаскімі доблесцямі, або цудоўная руская дзяўчына, якой не адшукаць нідзе ў свеце, з усёй дзіўнай прыгожасцю жаночай душы, уся з велікадушнага імкнення і самаадданасці. I мёртвымі здадуцца перад імі ўсе дабрадзейныя людзі іншых пляменняў, як мёртвай здаецца кніга перад жывым словам! Уздымецца рускі рух... і ўбачаць, як глыбока запала ў славянскую прыроду тое, што слізганула толькі па прыродзе іншых народаў... Але да чаго і навошта гаварыць пра тое, што наперадзе? Непрыстойна аўтару, які даўно ўжо стаў мужам, выхаванаму суровым унутраным жыццём і асвяжаючай цвярозасцю адзіноты, забывацца падобна юнаку. Усяму свая чарга, і месца, і час! А дабрадзейны чалавек ўсё-такі не ўзяты ў героі. I можна нават сказаць, чаму не ўзяты. Таму што час, нарэшце, даць адпачынак беднаму дабрадзейнаму чалавеку, таму што бескарысна круціцца на вуснах слова: дабрадзейны чалавек; таму што ператварылі ў каня дабрадзейнага чалавека, і няма пісьменніка, які-б не ездзіў на ім, паганяючы і пугай, і ўсім, чым ні папала; таму што змарылі дабрадзейнага чалавека да таго, што цяпер няма на ім і ценю дабрадзейнасці, а засталіся толькі рэбры, ды скура замест цела; таму што крывадушна заклікаюць дабрадзейнага чалавека; таму што не паважаюць дабрадзейнага чалавека. Не, пара, нарэшце, прыпрэгчы і падлюгу. Такім чынам, прыпражэм падлюгу!

Цёмнае і скромнае паходжанне нашага героя. Бацькі былі дваране, але сталбавыя [79] ці асабовыя [80] — бог ведае. Тварам ён не быў падобны да іх: прынамсі, сваячка, якая была пры яго нараджэнні, нізенькая, кароценькая жанчына, якіх звычайна называюць пігаліцамі [81], узяўшы ў рукі дзіцянё, ускрыкнула: «зусім вышаў не такі, як я думала! Яму-б трэба было пайсці ў бабку з матчынага боку, што было-б і лепш, а нарадзіўся ён проста, як кажа прыказка: «ні ў маці, ні ў айца, а ў праезджага малайца». Жыццё пры пачатку глянула на яго неяк кісла-непрытульна, праз нейкае мутнае, занесенае снегам акенца: ні друга, ні таварыша ў маленстве! Маленькі пакойчык з маленькімі акенцамі, якая не адчыняліся ні зімой, ні летам; бацька хворы чалавек, у даўгім сурдуце на мярлушках і ў вязаных пантоплях, надзетых на босую нагу, які безупынна ўздыхаў, ходзячы па пакоі, і пляваў у пясочніцу, што стаяла ў кутку; вечнае сядзенне на лаўцы, з пяром у руках, чарніламі на пальцах і нават на вуснах; вечная пропісь перад вачамі: не мані, слухайся старэйшых і насі дабрадзейнасць у сэрцы; вечнае шарканне і шлёпанне па пакоі пантопляў, знаёмы, але заўсёды суровы голас: «зноў задурэў», які адклікаўся ў той час, калі дзіця, занудзіўшыся аднастайнасцю працы, прырабляла да літары якую-небудзь дужку або хвост; і вечна знаёмае, заўсёды непрыемнае пачуццё, калі ўслед за гэтымі словамі краёчак вуха яго скручваўся вельмі балюча ногцямі доўгіх працягнутых ззаду пальцаў: вось бедны малюнак першапачатковага яго маленства, пра якое ледзь захаваў ён бледную памяць. Але ў жыцці ўсё змяняецца хутка і жвава: і ў адзін дзень, з першым вясновым сонцам і шырока разлітымі патокамі, бацька, узяўшы сына, выехаў з ім на вазку, які цягнуў гнеда-буланы конік, вядомы ў конскіх барышнікаў пад імем сарокі; ім кіраваў фурман, маленькі гарбунок, пачынальнік роду адзінай прыгоннай сям’і, належаўшай бацьку Чычыкава, які займаў амаль усе пасады ў доме. На коніку цягнуліся яны паўтара дні з лішкам; на дарозе начавалі, перапраўляліся праз раку, закусвалі халодным пірагом і смажанай баранінай, і толькі на трэці дзень раніцай дабраліся да горада. Перад хлопчыкам бліснулі нечаканай раскошай гарадскія вуліцы, якія прымусілі яго на некалькі хвілін разявіць рот. Потым сарока шабоўснула разам з вазком у яму, якой пачынаўся вузкі завулак, што імкнуўся ўніз і быў увесь поўны гразі; доўга працавала яна там на ўсю сілу і мясіла нагамі пры падахвочванні і гарбуна і самога пана, і, нарэшце, уцягнула іх у невялікі дворык, які стаяў на схіле гары з двума расцвіўшымі яблынямі перад старэнькім домікам і садком ззаду яго, нізенькім, маленькім, дзе расла толькі рабіна, бузіна і хавалася ў глыбіні яе драўляная будачка, дакрытая дранкай, з вузенькім матавым акенцам. Тут жыла сваячка іх, кволая бабулька, якая ўсё яшчэ хадзіла кожную раніцу на рынак, а потым сушыла свае панчохі каля самавара; яна папляскала хлапчука па шчацэ і палюбавалася яго паўнатой. Тут павінен быў ён застацца і хадзіць штодня ў класы гарадскога вучылішча. Бацька, пераначаваўшы, на другі-ж дзень выбраўся ў дарогу. Пры расстанні слёз не было праліта з бацькоўскіх вачэй, дадзена было поўрубля медзі на выдаткі і ласункі і, што значна важней, разумнае настаўленне: «Глядзі-ж, Паўлуша, вучыся, не дурэй, не сваволь, а больш за ўсё дагаджай настаўнікам і начальнікам. Калі будзеш дагаджаць начальніку, дык хоць і ў навуцы далёка не пойдзеш і таленту бог не даў, усё-ж пойдзеш у ход і ўсіх апярэдзіш. З таварышамі не вадзіся, яны цябе добраму не навучаць, а калі пайшло ўжо на тое, дык вадзіся з тымі, што багацейшыя, каб пры выпадку маглі быць табе карыснымі. Не частуй і не трактуй нікога, а трымай сябе лепш так, каб цябе частавалі, а больш за ўсё ашчаджай і збірай капейку, гэтая рэч надзейней за ўсё на свеце. Таварыш або прыяцель цябе ашукае і ў бядзе першы цябе выдасць, а капейка не выдасць, у якой-бы бядзе ты ні быў. Усё зробіш і ўсё праб’еш на свеце капейкай». Даўшы такое настаўленне, бацька расстаўся з сынам і пацягнуўся зноў дамоў на сваёй сароцы, і з таго часу ніколі ён яго больш не бачыў, але словы і настаўленні запалі глыбока яму ў душу.

Паўлуша назаўтра-ж пачаў хадзіць у класы. Асаблівых здольнасцей да якой-небудзь навукі ў ім не знайшлося; вызначыўся ён больш стараннасцю і ахайнасцю: але затое выявіўся ў ім вялікі розум з другога боку, з боку практычнага. Ён раптам скеміў і зразумеў справу і пачаў трымацца ў адносінах да таварышоў сапраўды такім чынам, што яны яго частавалі, а ён іх не толькі ніколі, але нават часам, схаваўшы атрыманы пачастунак, потым прадаваў ім-жа. Яшчэ дзіцем, ён умеў ужо адмовіць сабе ва ўсім. З атрыманага ад бацькі поўрубля не растраціў ні капейкі, наадварот, у той-жа год ужо зрабіў да яго прырост, выявіўшы абаротлівасць амаль незвычайную: зляпіў з воску снігура, пафарбаваў яго і прадаў вельмі выгадна. Потым на працягу нейкага часу пусціўся на іншыя спекуляцыі, іменна вось якія: накупіўшы на рынку ўсякай яды, садзіўся ў класе каля тых, хто быў багацей, і як толькі заўважаў, што таварышу рабілася млосна, адзнака падступаўшага голаду, ён высоўваў яму з-пад парты быццам незнарок ражок перніка або булкі і, раздражніўшы яго, браў грошы, адпаведна апетыту. Два месяцы ён праваждаўся ў сябе на кватэры без адпачынку каля мышы, якую пасадзіў у маленькую драўляную клетачку, і дамогся, нарэшце, таго, што мыш станавілася на заднія лапкі і клалася і ўставала па загаду, і прадаў потым яе таксама вельмі выгадна. Калі назбіралася грошай каля пяці рублёў, ён торбачку зашыў і пачаў збіраць у другую. У дачыненні да начальства ён трымаў сябе яшчэ больш разумна. Сядзець за партай ніхто не ўмеў так ціха. Трэба заўважыць, што настаўнік быў вялікі аматар цішыні і добрых паводзін, і цярпець не мог разумных і вострых хлопчыкаў; яму здавалася, што яны абавязкова павінны з яго смяяцца. Досыць было таму, хто трапіў на вока з боку дасціпнасці, досыць было яму толькі паварушыцца, або як-небудзь незнарок міргнуць брывом, каб падпасці раптам пад гнеў. Ён яго праследаваў і караў бязлітасна. «Я, брат, выганю з цябе задзірлівасць і непакорнасць!» гаварыў ён, «я цябе ведаю навылёт, як ты сам сябе не ведаеш. Вось ты ў мяне пастаіш на каленях! ты ў мяне пагаладуеш!» і бедны хлопчык, сам не ведаючы за што, націраў сабе калені і галадаваў суткамі. «Здольнасці і дараванні? гэта ўсё глупства», казаў ён: «я гляджу толькі на паводзіны. Я пастаўлю поўныя балы ва ўсіх навуках таму, хто ні аза не ведае, ды трымае сябе пахвальна; а ў кім бачу я кепскі дух, ды насмешлівасць, я таму нуль, хоць-бы ён Салона [82] заткнуў за пояс!» Так гаварыў настаўнік, які да смерці не любіў Крылова за тое, што ён сказаў: «па мне дык лепей піць, ды справу ўмець рабіць», і які заўсёды расказваў з асалодай на твары і ў вачах, як у той школе, дзе ён выкладаў раней, была такая цішыня, што чуваць было, як муха ляціць, што ніводзін з вучняў на працягу круглага года не кашлянуў і не высмаркаўся ў класе, і што да самага званка нельга было даведацца, ці быў там хто, ці не. Чычыкаў адразу зразумеў дух начальніка, і з чаго павінны складацца паводзіны. Не варухнуў ён ні вокам, ні брывом на працягу ўсяго часу класных заняткаў, як ні шчыпалі яго ззаду; як толькі чуўся званок, ён кідаўся стрымгалоў і падаваў настаўніку раней за ўсіх трывух[83] (настаўнік насіў трывух); падаўшы трывух, ён выходзіў першы з класа і стараўся сустрэцца яму разы тры на дарозе, безупынна здымаючы шапку. Справа мела ўсебаковы поспех. На працягу ўсяго часу навучання ў школе яго лічылі за ўзор, і пры выпуску ён атрымаў поўнае адзначэнне ва ўсіх навуках, атэстат і кнігу з залатымі літарамі за прыкладную стараннасць і добранадзейныя паводзіны. Вышаў ён са школы ўжо юнаком досыць прывабнага выгляду, з падбародкам, які патрабаваў брытвы. У гэты час памёр яго бацька. У спадчыну дасталіся чатыры да звання заношаныя фуфайкі, два старыя сурдуты, падбітыя мярлушкамі, і нязначная сума грошай. Бацька, як відаць, умеў толькі даваць парады, як збіраць капейку, а сам назбіраў яе няшмат.

Чычыкаў адразу прадаў старэнькі дварок з мізэрнай зямелькай за тысячу рублёў, а сям’ю людзей перавёў у горад, думаючы асталявацца ў ім і заняцца службай. У гэты час выгналі са школы за дурнату або іншую віну беднага настаўніка, аматара цішыні і пахвальных паводзін. Настаўнік з гора пачаў піць, нарэшце і піць яму ўжо не было за што; хворы, без кавалка хлеба і дапамогі, прападаў ён недзе ў няпаленай забытай каморцы. Былыя вучні яго, разумнікі і вострасловы, у якіх ён бачыў заўсёды непакорнасць і задзірлівыя паводзіны, даведаўшыся аб кепскім яго становішчы, сабралі зараз-жа для яго грошы, прадаўшы нават шмат чаго патрэбнага; адзін толькі Паўлуша Чычыкаў сказаў, што не мае, і даў нейкі срэбны пятак, які зараз-жа таварышы кінулі яму, сказаўшы: эх ты, жыла! Затуліў твар рукамі бедны настаўнік, калі пачуў пра такі ўчынак былых сваіх вучняў: слёзы паліліся градам з патухаўшых вачэй, як у слабога дзіцяці. «На смяротнай пасцелі прывёў бог заплакаць», прамовіў ён слабым голасам, і цяжка ўздыхнуў, пачуўшы пра Чычыкава, ды тут-жа дадаў: «Эх, Паўлуша! вось як змяняецца чалавек! а які-ж быў добранраўны, ніякага буянства, шоўк! — Ашукаў, моцна ашукаў...».

Аднак-жа нельга сказаць, каб прырода нашага героя была такая суровая и чорствая, і пачуцці яго былі да таго прытуплены, каб ён не ведаў ні жаласці, ні спагады; ён адчуваў і тое, і другое, ён-бы нават хацеў дапамагчы, але толькі, каб гэта не складала значнай сумы, каб не чапаць ужо тых грошай, якія вырашана было не чапаць, словам, бацькоўскае настаўленне: ашчаджай і збірай капейку, пайшло на карысць. Але ў ім не было прывязанасці ўласна да грошай для грошай; ім не ўладалі скнарлівасць і скупасць. Не, не яны рухалі ім, яму здавалася наперадзе жыццё ва ўсіх выгадах, з усялякім дастаткам, экіпажы, дом, выдатна ўпарадкаваны, смачныя абеды, вось што безупынна насілася ў галаве яго. Каб нарэшце, потым, з часам, пакаштаваць абавязкова ўсяго гэтага, вось для чаго збіралася капейка, у якой скупа адмаўлялася сабе і другому. Калі пралятаў паўз яго багацей на пралётных прыгожых дрожках, на рысаках у багатай збруі, ён як укопаны спыняўся на месцы, і потым, абудзіўшыся, як пасля доўгага сну, гаварыў: а быў-жа канторшчык, валасы насіў у кружок! I ўсё, што ні павявала багаццем і дастаткам, рабіла на яго ўражанне, непасцігальнае яму самому. Вышаўшы з вучылішча, ён не хацеў нават адпачыць: такое моцнае было ў яго жаданне хутчэй узяцца за справу і службу. Аднак-жа, не гледзячы на пахвальныя атэстаты, з вялікай цяжкасцю паступіў ён у казённую палату. I ў далёкай глушы патрэбна пратэкцыя! Месца трапілася яму нязначнае, пенсія трыццаць або сорак рублёў у год. Але ён вырашыў горача заняцца службай, усё перамагчы і пераадолець. I сапраўды, самаафярнасць, цярплівасць і абмежаванне патрэб выявіў ён нечуваныя. З раніцы да позняга вечара, не стамляючыся ні душэўнымі, ні цялеснымі сіламі, пісаў ён, угрузнуўшы ўвесь у канцылярскія паперы, не хадзіў дамоў, спаў у канцылярскіх пакоях на сталах, абедаў часам з вартаўнікамі і пры ўсім гэтым умеў захаваць ахайнасць, прыстойна апрануцца, надаць твару прыемны выраз і нават нешта высокароднае ў рухах. Трэба сказаць, што чыноўнікі палаты асабліва адзначаліся мізэрнасцю і мелі кепскі выгляд. У некаторых былі твары быццам дрэнна выпечаны хлеб: шчаку разнесла ў адзін бок, падбародак скасіла ў другі, верхнюю губу падняло пухіром, ды яна ў дадатак да гэтага яшчэ і парэпалася; словам, зусім непрыгожа. Гаварылі ўсе яны неяк сурова, такім голасам, як-бы збіраліся некага прыбіць; прыносілі частыя ахвяры Вакху, паказаўшы такім чынам, што ў славянскай прыродзе ёсць яшчэ многа рэшткаў язычаства; прыходзілі нават часам у прысуцтвіе, як кажуць, налізаўшыся, ад чаго ў прысуцтвіі было нядобра, і паветра было зусім не араматычнае. Паміж такімі чыноўнікамі не мог не быць заўважаны і адзначаны Чычыкаў, які з’яўляўся ва ўсім поўнай процілегласцю і выглядам твару, і прыветнасцю голасу, і тым, што зусім не ўжываў ніякага моцнага пітва. Але пры ўсім гэтым цяжкі быў яго шлях: ён трапіў пад начальніцтва вельмі старога павытчыка [84], які быў узорам нейкай каменнай абясчуленасці і неўзрушальнасці: заўсёды такі-ж самы, непрыступны, ніколі ў жыцці не паказаўшы на сваім твары ўсмешкі, не прывітаўшы ні разу нікога нават запытаннем пра здароўе. Ніхто не бачыў, каб ён хоць раз быў не тым, чым заўсёды, ці на вуліцы, ці ў сябе дома; хоць-бы раз выказаў ён у чым-небудзь спагаду, хоць-бы напіўся п’яны і ап’янеўшы разрагатаўся; хоць-бы аддаўся дзікай весялосці, якой аддаецца разбойнік у п’яную хвіліну, але нават ценю не было ў ім нічога такога. Нічога не было ў ім зусім: ні дрэннага, ні добрага, і штось страшнае ўзнікала ў гэтай адсутнасці ўсяго. Чорства-мрамарны твар яго, без усякай рэзкай няправільнасці, не нагадваў ні якога падабенства; у суровай суразмернасці між сабой былі рысы яго. Адны толькі густыя рабіны і выбоіны, якія пакрывалі іх, адносілі яго да ліку тых твараў, на якіх, паводле народнага выразу, прыходзіў чорт уночы гарох малаціць. Здавалася, не было сілы чалавечае падкаціцца да такога чалавека і заслужыць яго прыхільнасць, але Чычыкаў папрабаваў. Спачатку ён пачаў дагаджаць у розных непрыкметных дробязях: разглядзеў уважліва, як падвостраны пёры, якімі ён пісаў, і падрыхтаваўшы некалькі на гэты ўзор, клаў яму кожны раз іх пад руку; здзімаў і змятаў са стала яго пясок і табаку, дастаў новую анучку для яго чарнільніцы, адшукаў недзе яго шапку, самую дрэнную шапку, якая калі-небудзь існавала на свеце, і кожны раз клаў яе каля яго за хвіліну да заканчэння прысуцтвія; чысціў яму спіну, калі той пэцкаў яе крэйдай каля сцяны — але ўсё гэта заставалася зусім без ніякай увагі, так як быццам нічога гэтага не рабілася. Нарэшце, ён пранюхаў яго хатняе, сямейнае жыццё, даведаўся, што ў яго была сталая дачка, з тварам, таксама падобным да таго, як быццам на ім уначы адбывалася малацьба гароху. З гэтага вось боку надумаўся ён весці прыступ. Даведаўся, у якую царкву хадзіла яна ў нядзелю, станавіўся кожны раз насупроць яе чыста апрануты, накрухмаліўшы моцна манішку, і справа мела поспех: пахіснуўся суровы павытчык і запрасіў яго на чай! I ў канцылярыі не паспелі азірнуцца, як наладзілася справа так, што Чычыкаў пераехаў да яго ў дом, зрабіўся патрэбным і неабходным чалавекам, купляў і муку, і цукар, з дачкой абыходзіўся як з нявестай, павытчыка зваў татулькам і цалаваў яму руку; усе ў палаце вырашылі, што ў канцы лютага перад вялікім пастом будзе вяселле. Суровы павытчык пачаў нават хадайнічаць за яго перад начальствам, і праз нейкі час Чычыкаў сам сеў павытчыкам на адно вольнае вакантнае месца. У гэтым, здавалася, і была галоўная мэта сувязі яго са старым павытчыкам; таму што зараз-жа куфар свой ён адаслаў сакрэтна дамоў і на другі дзень апынуўся ўжо на іншай кватэры. Павытчыка перастаў называць татулькам і не цалаваў больш рукі, а пра вяселле так справа і замялася, як быццам зусім нічога і не было. Аднак-жа, сустракаючыся з ім, ён кожны раз ласкава паціскаў яму руку і запрашаў яго на чай, так што стары павытчык, не гледзячы на вечную нерухомасць і чэрствую роўнадушнасць, кожны раз трос галавой, і казаў сабе пад нос: ашукаў, ашукаў, чортаў сын!

Гэта быў самы цяжкі парог, праз які пераступіў ён. З гэтага часу пайшло лягчэй і больш паспяхова. Ён зрабіўся чалавекам прыкметным. Усё меў ён, што трэба для гэтага свету: і прыемнасць у абыходжанні і ўчынках, і спрытнасць у справах. З такімі сродкамі здабыў ён за кароткі час тое, што называюць хлебным месцам, і скарыстаў яго выдатным чынам. Трэба ведаць, што ў гэты самы час пачаліся самыя суровыя праследаванні ўсякіх хабараў: праследаванняў ён не спалохаўся і павярнуў іх зараз-жа на сваю карысць, паказаўшы такім чынам проста рускую вынаходлівасць, якая з’яўляецца толькі ў часе прыціскання. Справа наладжана была вось як: як толькі прыходзіў просьбіт і засаджваў руку ў кішэнь з тым, каб выцягнуць адтуль вядомыя рэкамендацыйныя пісьмы, за подпісам князя Хаванскага [85], як кажуць у нас на Русі, «не, не», гаварыў ён з усмешкай, стрымліваючы яго рукі, «вы думаеце, што я... не, не. Гэта наш доўг, наш абавязак, без усякай узнагароды мы павінны зрабіць! З гэтага боку будзьце ўжо спакойны: заўтра ўсё будзе зроблена. Дазвольце даведацца, дзе ваша кватэра, вам і клапаціцца не трэба самім, усё будзе прынесена вам дамоў». Зачараваны просьбіт вяртаўся дамоў ледзь не ў захапленні, думаючы: «вось, нарэшце, чалавек, якіх трэба больш, гэта проста каштоўнейшы дыямэнт!» Але чакае просьбіт дзень, другі, не прыносяць справы дадому, на трэці таксама. Ён у канцылярыю, справа і не пачыналася; ён да каштоўнейшага дыямэнта. «Ах, выбачайце!» гаварыў Чычыкаў вельмі пачціва, схапіўшы яго за абедзве рукі, «у нас было столькі спраў: але заўтра-ж усё будзе зроблена, заўтра абавязкова, дапраўды, мне нават сорамна». I ўсё гэта суправаджалася чароўнейшымі рухамі. Калі пры гэтым расхіналася як-небудзь крысо халата, дык рука ў тую-ж хвіліну старалася справу направіць і прытрымаць крысо. Але ні заўтра, ні паслязаўтра, ні на трэці дзень не нясуць справы дадому. Просьбіт пачынае разважаць: ды ці няма тут чаго? даведваецца, кажуць, трэба даць пісарам. «Чаму-ж не даць? я гатоў саракоўку, другую». «Не, не саракоўку, а па беленькай» [86]. «Па беленькай пісарам!» ускрыквае просьбіт. «Ды чаго вы так хвалюецеся», адказваюць яму: «яно так і выйдзе, пісарам і дастанецца па саракоўцы, а рэшта пойдзе начальству». Б’е сябе па ілбе нездагадлівы просьбіт і лае, на чым свет стаіць, новы парадак рэчаў, праследаванне хабару і ветлівыя, аблагароджаныя абыходжанні чыноўнікаў. Раней, бывала, ведаеш, прынамсі, што рабіць: прынёс кіраўніку спраў чырвоную [87], ды справе канец, а цяпер па беленькай, ды яшчэ тыдзень пацягаешся, пакуль здагадаешся; чорт-бы пабраў бескарыслівасць і чыноўнае высокародства! Просьбіт, вядома, кажа праўду, але затое цяпер няма хабарнікаў: усе кіраўнікі спраў самыя чэсныя і высокародныя людзі, сакратары толькі ды пісары шэльмы. Хутка надарылася Чычыкаву поле куды прастарнейшае: стварылася камісія для пабудовы нейкага казённага, вельмі капітальнага будынка. У гэтую камісію прыстроіўся і ён, і аказаўся адным з самых дзейных членаў. Камісія зараз-жа распачала справу. Шэсць год валаводзілася каля будынка, але клімат ці што перашкаджаў, ці матэрыял ужо быў такі, толькі ніяк не ішоў казённы будынак вышэй падмурка. А тым часам у другіх канцах горада апынулася ў кожнага з членаў камісіі па прыгожаму дому грамадзянскай архітэктуры: відаць грунт зямлі быў там лепшы. Члены пачалі ўжо жыць у добрабыце і абзаводзіцца сем’ямі. Тут толькі і цяпер толькі пачаў Чычыкаў пакрысе выблытвацца з-пад суровых законаў устрымання і няўмольнай сваёй самаахвярнасці. Тут толькі доўгатэрміновы пост, нарэшце, быў паслаблены, і выявілася, што ён заўсёды меў схільнасць да розных асалод, ад якіх умеў утрымацца ў гады палкай маладосці, калі ніводзін чалавек зусім не мае ўлады над сабой. Выявіліся такія-сякія збыткаванні: ён прыдбаў даволі добрага кухара, тонкія галандскія кашулі. Ужо сукна купіў ён сабе такога, якога не насіла ўся губерня, і з гэтага часу пачаў трымацца больш карычневых і чырванаватых колераў з іскраю: ужо набыў ён выдатную парку коней і сам трымаў адну лейчыну, змушаючы прысцяжную віцца кальцом; ужо завёў ён звычай выцірацца губкай, намочанай у вадзе, змешанай з адэкалонам; ужо купляў ён вельмі нятанна нейкае мыла для надання гладкасці скуры, ужо...

Але раптам: на месца ранейшага цюхцяя быў прысланы новы начальнік, чалавек ваенны, строгі, вораг хабарнікаў і ўсяго, што завецца няпраўдай. На другі-ж дзень пужануў ён усіх да аднаго, загадаў даць справаздачы, убачыў недахопы, на кожным кроку недахват грошай, заўважыў у тую-ж хвіліну дамы прыгожай грамадзянскай архітэктуры, і пайшла пераробка. Чыноўнікі былі зняты з пасад; дамы прыгожай грамадзянскай архітэктуры перайшлі ў казну і ператвораны былі ў розныя богаўгодныя ўстановы і школы для кантаністаў [88], усё распушана было ў пух, і Чычыкаў больш за іншых. Твар яго, раптам, не гледзячы на прыемнасць, не спадабаўся начальніку, чаму іменна, бог ведае, часам нават проста не бывае на гэта прычын, і ён зненавідзеў яго да смерці. Але, таму што ён усё-ж быў чалавек ваенны, значыцца не ведаў усіх тонкасцей грамадзянскіх хітрыкаў, дык праз нейкі час, пры дапамозе праўдзівага выгляду і ўмельства падлазіцца да ўсяго, уцёрліся да яго ў ласку іншыя чыноўнікі, і генерал хутка апынуўся ў руках яшчэ большых махляроў, якіх ён зусім не лічыў такімі; нават быў задаволены, што выбраў нарэшце людзей, як след, і выхваляўся не на жарт тонкім разуменнем распазнаваць здольнасці. Чыноўнікі раптам зразумелі дух яго і характар. Усё, што ні было пад яго начальствам, зрабілася страшным праследвальнікам няпраўды; усюды ва ўсіх справах яны праследавалі яе, як рыбак восцямі праследуе якую-небудзь мясістую бялугу, і праследавалі яе з такім поспехам, што ў хуткім часе ў кожнага з’явілася па некалькі тысяч капіталу. У гэты час вярнуліся на шлях ісціны многія з ранейшых чыноўнікаў і былі зноў прыняты на службу. Але Чычыкаў ужо ніякім чынам не мог уцерціся, як ні стараўся і ні стаяў за яго заахвочаны лістамі князя Хаванскага першы генеральскі сакратар, які дасканала зразумеў кіраванне генеральскім носам, але тут ён зусім нічога не мог зрабіць. Генерал быў такога роду чалавек, якога хоць і вадзілі за нос (зрэшты без яго ведама), але затое ўжо, калі ў галаву яму западала якая-небудзь думка, дык яна там была ўсёроўна, як жалезны цвік: нічым нельга было яе адтуль выцерабіць. Усё, што мог зрабіць разумны сакратар, гэта знішчэнне заплямленага паслужнога спісу, і на гэта ўжо ён падштурхнуў начальніка не інакш, як спачуваннем, абмаляваўшы яму жывымі фарбамі кепскі лёс няшчаснае сям’і Чычыкава, якой на шчасце ў яго не было.

«Ну, што-ж!» сказаў Чычыкаў: «зачапіў, павалок, сарвалася, не пытайся. Плачам гору не паможаш, трэба справу рабіць». I вось вырашыў ён зноў пачаць кар’еру, зноў узброіцца цярплівасцю, зноў абмежаваць сябе ва ўсім, як ні прывольна і ні добра быў разгарнуўся ён раней. Трэба было пераехаць у іншы горад, там яшчэ ствараць сабе вядомасць. Усё неяк не клеілася. Дзве, тры пасады павінен ён быў змяніць за самы кароткі час. Пасады неяк былі брудныя, нізкія. Трэба ведаць, што Чычыкаў быў самы прыстойны чалавек, які калі-небудзь існаваў на свеце. Хоць ён і павінен быў спачатку церціся ў брудных колах, але ў душы заўсёды захоўваў чыстату, любіў, каб у канцылярыях былі сталы з лакіраванага дрэва і ўсё каб было высокародна. Ніколі не дазваляў ён сабе ў размове непрыстойнага слова і абражаўся заўсёды, калі ў словах іншых бачыў адсутнасць належнай павагі дачына або звання. Чытачу, я думаю, прыемна будзе даведацца, што ён кожныя два дні мяняў на сабе бялізну, а летам у часе спёкі нават і кожны дзень: усякі хоць крыху непрыемны пах ужо абражаў яго. З гэтай прычыны ён кожны раз, калі Пятрушка прыходзіў распранаць яго і скідаць боты, клаў сабе ў нос гваздзічку, і ў многіх выпадках нервы ў яго былі далікатныя, як у дзяўчыны; і таму цяжка яму было апынуцца зноў у тых радах, дзе ўсё тхнула сівухай і непрыстойнасцю ва ўчынках. Як ні трымаўся ён, аднак-жа схудаў і нават пазелянеў у часе такіх нягод. Ужо ён пачынаў паўнець і прыходзіць у тыя круглыя і прыстойныя формы, у якіх чытач застаў яго пры першым знаёмстве, і ўжо не раз, пазіраючы ў люстэрка, думаў ён пра мноства прыемнага: пра кабетку, пра дзіцячы пакой, і ўсмешка ішла следам за такімі думкамі: але цяпер, калі ён паглядзеў на сябе неяк незнарок у люстэрка, не мог не ўскрыкнуць: «маці ты мая прасвятая! які-ж я стаў брыдкі!» I пасля доўга не хацеў глядзецца. Але трываў усё наш герой, трываў моцна, цярпліва трываў, і — перайшоў нарэшце на службу ў мытніцы. Трэба сказаць, што гэтая служба даўно складала таемную мэту яго імкненняў. Ён бачыў, якія франтоўскія замежныя рэчы набывалі чыноўнікі з мытніц, якія фарфары і батысты перасылалі кумачкам, цётачкам і сёстрам. Ці раз даўно ўжо ён гаварыў, уздыхаючы: «вось-бы куды перабрацца: і граніца блізка, і асвечаныя людзі, а якія тонкія галандскія кашулі можна прыдбаць!» Трэба дадаць, што пры гэтым ён яшчэ думаў аб асаблівым гатунку французскага мыла, якое надавала незвычайную бялоту скуры і свежасць шчокам; як яно называлася, бог ведае, але па яго меркаваннях, абавязкова знаходзілася на граніцы. Такім чынам, ён даўно хацеў-бы ў мытніцу, але ўтрымлівалі розныя бягучыя выгоды па будаўнічай камісіі, і ён разважаў справядліва, што мытніца, як-бы там ні было, усё яшчэ не больш, як журавель у небе, а камісія ўжо была сініца ў руках. Цяпер-жа вырашыў ён, чаго-б гэта ні каштавала, дабрацца да мытніцы, і дабраўся. За службу сваю ўзяўся ён з стараннасцю незвычайнай. Здавалася, сам лёс прызначыў яму быць чыноўнікам у мытніцы. Такой спрытнасці, прадбачлівасці і праніклівасці не толькі не здаралася бачыць, але нават і чуць. За тры-чатыры тыдні ён ужо так злаўчыўся ў мытнай справе, што ведаў усё дарэшты: нават не важыў, не мераў, а па фактуры даведваўся, колькі ў якім скрутку аршынаў сукна або іншай тканіны; узяўшы ў рукі пакунак, ён мог сказаць адразу, колькі ў ім фунтаў. Што-ж датычыць абшуквання, дык тут, як казалі нават самі таварышы, у яго проста быў сабачы нюх: нельга было не здзівіцца, бачачы, як у яго хапала столькі цярплівасці, каб абмацаць кожны гузік, і ўсё гэта рабілася са страшэннай роўнавагаю, ветлівай да неверагоднасці. I ў той час, калі абшукваемыя шалелі, трацілі самаўладанне і адчувалі злоснае жаданне збіць пстрычкамі прыемнае яго аблічча, ён, не змяняючыся ні з твару, ні ў ветлівасці абыходжання, толькі прыгаварваў: ці не будзеце вы ласкавы крыху паклапаціцца і прыўстаць? або: ці не будзеце вы ласкавы, сударыня, прайсці ў другі пакой? там жонка аднаго з нашых чыноўнікаў пагутарыць з вамі. Ці: дазвольце, вось я ножычкам крыху распару падкладку вашага шыняля, і, кажучы гэта, ён выцягваў адтуль шалі, хусткі, спакойна, як з уласнай скрыні. Нават начальства гаварыла, што гэта быў чорт, а не чалавек: ён знаходзіў у колах, дышлах, конскіх вушах і невядома ў якіх месцах, куды-б ніякаму аўтару не прышло-б у думку залезці і куды дазваляецца залазіць толькі адным мытным чыноўнікам. Так што бедны падарожны, пераехаўшы цераз граніцу, усё яшчэ на працягу некалькіх хвілін не мог апамятацца, і, абціраючы пот, які выступіў дробненькімі кроплямі па ўсім целе, толькі хрысціўся ды прыгаварваў: ну, ну! Становішча яго вельмі падобна было да становішча вучня, які выбег з сакрэтнага пакоя, куды начальнік паклікаў яго з тым, каб даць сякое-такое настаўленне, але замест таго высек зусім нечаканым чынам. Праз кароткі час не было ад яго ніякага жыцця кантрабандыстам. Гэта быў страх і адчай усяго польскага жыдоўства. Сумленнасць і непадкупнасць яго былі непераможныя, амаль ненатуральныя. Ён нават не сабраў сабе невялічкага капітальца з розных канфіскаваных тавараў і сякіх-такіх рэчаў, якія адбіраліся, але не паступалі ў казну для ўнікнення лішняй перапіскі. Такая старанна-бескарыслівая служба не магла не зрабіцца прадметам агульнага здзіўлення і не дайсці, нарэшце, да ведама начальства. Ён атрымаў чын і павышэнне і следам за гэтым прадставіў праект злавіць усіх кантрабандыстаў, просячы толькі сродкаў выканаць яго самому. Яму зараз-жа даручана была каманда і неабмежаванае права рабіць усякія пошукі. Гэтага толькі яму і хацелася. У той час утварылася моцнае таварыства кантрабандыстаў абдумана-правільным чынам; на мільёны абяцала выгод дзёрзкае пачынанне. Ён даўно меў ужо весткі аб ім і нават адмовіў падасланым падкупіць, сказаўшы суха: яшчэ не час. Атрымаўшы-ж пад свой загад усё, у тую-ж хвіліну паведаміў таварыства, сказаўшы: цяпер пара. Разлік быў занадта пэўны. Тут за адзін год ён мог атрымаць тое, чаго не выйграў-бы за дваццаць гадоў самай стараннай службы. Раней ён не хацеў уваходзіць ні ў якія зносіны з імі; таму што быў не больш, як простай пешкай, значыцца, не шмат атрымаў-бы, але цяпер... цяпер зусім іншая справа: ён мог прапанаваць якія хацеў умовы. Каб справа ішла больш бесперашкодна, ён падгаварыў і другога чыноўніка, свайго таварыша, які не ўстояў супроць спакусы, не гледзячы на тое, што меў сівы волас. Умовы былі заключаны, і таварыства пачало дзейнічаць. Дзеянні пачаліся бліскуча: чытач, без сумнення, чуў так часта перадаваную гісторыю аб дасціпным падарожжы іспанскіх бараноў, якія, зрабіўшы пераход цераз граніцу ў падвойных кажушках, пранеслі пад кажушкамі на мільён брабантскіх карункаў. Гэта здарэнне адбылося іменна тады, калі Чычыкаў служыў пры мытніцы. Калі-б ён сам не ўдзельнічаў у гэтай справе, ніякім жыдам у свеце не ўдалося-б ажыццявіць падобнай справы. Пасля трох ці чатырох барановых паходаў цераз граніцу, у абодвух чыноўнікаў апынулася па чатырыста тысяч капіталу. У Чычыкава, кажуць, нават пераваліла за пяцьсот, бо ён быў спрытнейшы. Бог ведае, да якой-бы велізарнай лічбы ні ўзраслі-б благадатныя сумы, калі-б нейкі нялёгкі звер не перабег упоперак усяго. Чорт збіў з толку абодвух чыноўнікаў: чыноўнікі, проста кажучы, пашалелі і пасварыліся ні за што. Неяк у гарачай размове, а магчыма крыху і выпіўшы, Чычыкаў абазваў другога чыноўніка паповічам, а той, хоць сапраўды быў паповіч, невядома чаму пакрыўдзіўся страшэнна, і адказаў яму тут-жа моцна і надзвычай рэзка, а іменна вось як: «не, хлусіш, я стацкі саветнік, а не паповіч, а вось ты дык паповіч!» I потым дадаў яму на злосць для большай прыкрасці: «Дык вось, бачыш як!» Хоць ён абрэзаў такім чынам яго кругом, звярнуўшы на яго ім-жа прыдуманую назву і хоць выраз: «вось, бачыш як!» мог быць моцным; але не задаволіўшыся гэтым, ён паслаў яшчэ на яго патайны данос. Зрэшты кажуць, што і без гэтага была ў іх сварка за нейкую кабецінку, свежую і моцную, як ядраная рэпа, як казалі мытныя чыноўнікі; што былі нават падкуплены людзі, каб пад вечар, у цёмным завулку, адлупцаваць нашага героя; але што абодва чыноўнікі засталіся ў дурнях, а кабецінку падхапіў нейкі штабс-капітан Шамшароў. Як была справа сапраўды, бог іх ведае; няхай лепш чытач-ахвотнік дадумае сам. Галоўнае ў тым, што патайныя зносіны з кантрабандыстамі зрабіліся відавочнымі. Стацкі саветнік, хоць сам згінуў, але такі ўпёк свайго таварыша. Чыноўнікаў аддалі пад суд, канфіскавалі, апісалі ўсё, што ў іх было, і ўсё гэта ўдарыла раптам, як гром, над іх галовамі. Як пасля чаду апамяталіся яны і ўбачылі з жахам, што нарабілі. Стацкі саветнік не ўстояў супроць лёсу і недзе загінуў у глушы, але калежскі ўстояў. Ён умеў затаіць частку грошай, хоць і тонкі быў нюх наехаўшага на следства начальства. Ужыў усе тонкія выкрунтасы розуму, ужо занадта спрактыкаванага, занадта добра ведаючага людзей, дзе падзейнічаў прыемнасцю зваротаў, дзе чуллівай размовай, дзе пакурыў ліслівасцю, якая ні ў якім выпадку не псуе справы, дзе падсунуў грошай, словам, апрацаваў справу, прынамсі, так, што адстаўлен быў не з такой ганьбай, як таварыш, і выкруціўся з-пад крымінальнага суда. Але ўжо ні капітала, ні розных замежных рэчаў, нічога не засталося яму, на ўсё гэта знайшліся іншыя ахвотнікі. Утрымалася ў яго тысяч дзесятак, захаваных на чорны дзень, ды тузіны два галандскіх кашуль, ды невялікая брычка, у якой ездзяць халасцякі, ды двое прыгонных людзей, фурман Селіфан і лакей Пятрушка, ды мытныя чыноўнікі, кіруючыся сардэчнай дабратой, пакінулі яму пяць ці шэсць кавалкаў мыла для захавання свежасці шчок, вось і ўсё. Дык вось у якім становішчы зноў апынуўся герой наш! Вось якая безліч няшчасцяў звалілася яму на галаву! Гэта называў ён: пацярпець па службе за праўду. Цяпер можна было-б меркаваць, што пасля такіх бур, выпрабаванняў, здрадлівасці лёсу і жыццёвага гора, ён схаваецца з кроўнымі дзесяццю тысячонкамі, якія ў яго засталіся, куды-небудзь у спакойную глуш павятовага гарадка і там заклёкне навекі ў паркалёвым халаце каля акна нізенькага доміка, разбіраючы ў нядзелю бойку мужыкоў, узнікшую перад вокнамі, або для асвяжэння праходзячыся ў курасадню пашчупаць асабіста курыцу, прызначаную ў суп, і правядзе такім чынам няшумны, але ў сваім родзе небескарысны век. Але так не здарылася. Трэба аддаць справядлівасць непераможнай сіле яго характару. Пасля ўсяго таго, чаго хапіла-б калі не забіць, дык астудзіць і ўтаймаваць назаўсёды чалавека, у ім не патухла незразумелая страсць. Ён быў у горы, у прыкрасці, наракаў на ўвесь свет, злаваў на несправядлівасць лёсу, абураўся несправядлівасцю людзей і аднак-жа не мог адмовіцца ад новых спроб. Словам, ён паказаў цярплівасць, перад якой нішто драўляная цярплівасць немца, якая закладзена ўжо ў павольным, лянівым пульсаванні крыві яго. Кроў Чычыкава, наадварот, іграла моцна, і трэба было шмат разумнай волі, каб накінуць аброць на ўсё тое, што хацела-б выскачыць і пагуляць на волі. Ён разважаў, і ў разважанні яго відаць была некаторая доля справядлівасці: «Чаму-ж я? чаму на мяне звалілася бяда? хто-ж дрэмле цяпер на пасадзе? усе прыдабываюць. Няшчасным я не зрабіў нікога, я не абрабаваў удаву, я не пусціў нікога з торбай, карыстаўся я ад лішкаў, браў там, дзе кожны браў-бы, не пакарыстаўся-б я, іншыя-б пакарысталіся-б? За што-ж іншыя раскашуюцца, і чаму я павінен прапасці чарвяком? I што я цяпер? Куды я варты? Якімі вачамі я мушу глядзець цяпер у вочы кожнаму паважанаму бацьку сям’і? Як не адчуваць мне згрызот сумлення, ведаючы, што дарма абцяжваю зямлю, і што скажуць потым мае дзеці? «Вось», скажуць, «бацька жывёліна, не пакінуў нам ніякай маёмасці!»

Ужо вядома, што Чычыкаў моцна клапаціўся аб сваіх патомках. Такі чуллівы прадмет! Некаторы, магчыма, і не так-бы глыбока запусціў руку, каб не пытанне, якое, невядома чаму, прыходзіць само сабой: а што скажуць дзеці? I вось будучы пачынальнік роду, як асцярожны кот, скасавурыўшы толькі адно вока ўбок, ці не глядзіць адкуль гаспадар, хапае спяшаючыся ўсё, што да яго бліжэй: ці мыла стаіць, ці свечкі, сала, ці канарэйка трапіла пад лапу, словам, не прапускае нічога. Так скардзіўся і плакаў наш герой, а тым часам дзейнасць ніяк не памірала ў яго галаве; там усё штосьці хацела будавацца: чакала толькі плана. Зноў скурчыўся ён, зноў пачаў цяжкое жыццё, зноў абмежаваў сябе ва ўсім, зноў з чыстаты і прыстойнага становішча апусціўся ў бруд і нізкае жыццё. I ў чаканні лепшага прымушаны быў нават узяць на сябе званне паверанага, званне, якое яшчэ не набыло ў нас грамадзянства, папіхаецца з усіх бакоў, мала паважаецца дробнымі прыказнымі стварэннямі і нават самімі давярыцелямі, асуджанае на поўзанне ў пярэдніх, грубасць і іншае, але беднасць змусіла адважыцца на ўсё. З даручэнняў прыпала яму між іншым адно: пахадайнічаць аб закладзе ў апякунскі савет некалькіх сот сялян. Маёнтак быў спустошаны да апошняй ступені. Спустошаны ён быў падзяжом жывёлы, ашуканцамі-прыказчыкамі, неўраджаямі, пошаснымі хваробамі, якія знішчылі лепшых работнікаў, і нарэшце бязладнасцю самога памешчыка, які абсталёўваў сабе дом у Маскве ў апошнім гусце і патраціў на гэтае абсталяванне ўсю сваю маёмасць да апошняй капейкі так, што ўжо не было за што есці купіць. З гэтай вось прычыны спатрэбілася залажыць апошні маёнтак. Заклад у казну тады быў яшчэ новай справай, на якую адважваліся не без страху. Чычыкаў у якасці паверанага, перш здабыўшы прыхільнасць усіх (не здабыўшы папярэдне прыхільнасці, як вядома, нельга нават узяць простай даведкі або выпраўкі, усё-ж хоць па бутэльцы мадэры давядзецца ўліць у кожнае горла), — дык вось, здабыўшы прыхільнасць усіх, каго трэба, ён растлумачыў, што вось якая між іншым акалічнасць: палавіна сялян паўмірала, дык каб не было якіх-небудзь потым прычэпак... «Ды яны-ж па рэвізскіх спісах лічацца?» сказаў сакратар. «Лічацца», адказаў Чычыкаў. «Ну дык чаго-ж вы спалохаліся?» сказаў сакратар: «адзін памёр, другі народзіцца, а ўсё да справы згодзіцца». Сакратар, як відаць, умеў гаварыць і ў рыфму. А тымчасам героя нашага натхніла самая цудоўная думка, якая калі-небудзь прыходзіла ў людскую галаву. «Эх, я Акім прастата», сказаў ён сам сабе: «шукаю рукавіцы, а абедзве за поясам! Ды каб накупіў я ўсіх гэтых, што паўміралі, пакуль яшчэ не падавалі новых рэвізскіх спісаў, набыў іх, скажам, тысячу, ды, скажам, апякунскі савет дасць па дзвесце рублёў на душу: вось ужо дзвесце тысяч капіталу! А цяпер-жа час зручны, нядаўна была эпідэмія, народу перамерла, дзякуй богу, нямала. Памешчыкі папрагульваліся ў карты, закуцілі і праматаліся як след; усё палезла ў Пецербург служыць: маёнткі пакінуты, кіруюцца як папала, падаткі плоцяцца з кожным годам цяжэй, дык мне з радасцю адступіць іх кожны, ужо таму толькі, каб не плаціць за іх падушных грошай; можа іншы раз так здарыцца, што з некаторага і я заганю яшчэ за гэта капейку. Вядома, цяжка, клапатліва, страшна, каб як-небудзь яшчэ не папала, каб не зрабіць з гэтага гісторыі. Ну ды дадзен-жа чалавеку на што-небудзь розум. А галоўнае тое добра, што прадмет вось здасца ўсім неверагодным, ніхто не паверыць. Праўда, без зямлі нельга ні купіць, ні залажыць. Дык я-ж куплю на вывад, на вывад; цяпер землі ў Таўрычаскай і Херсонскай губернях аддаюцца дарам, толькі засяляй. Туды я іх перасялю! у Херсонскую іх! няхай сабе там жывуць! А перасяленне можна зрабіць законным чынам, як след па судах. Калі захочуць агледзець сялян, хай будзе так, я і тут не супроць, чаму-ж не? Я прадстаўлю і пасведчанне, за ўласнаручным подпісам капітана-спраўніка. Вёску можна назваць Чычыкава слабодка, або па імені, дадзеным пры хрэсьбінах: сяльцо Паўлаўскае». I вось такім чынам склаўся ў галаве нашага героя гэты дзіўны сюжэт, за які не ведаю, ці будуць яму ўдзячны чытачы, а ўжо як удзячны аўтар, дык і выказаць цяжка. Бо што ні кажы, каб не прышла ў галаву Чычыкава гэтая думка, не з’явілася-б на свет гэтая паэма.

Перахрысціўшыся, паводле рускага звычаю, прыступіў ён да выканання. Пад выглядам выбару месца для жыхарства і пад іншымі зачэпкамі надумаўся ён заглянуць у тыя і іншыя куткі нашай дзяржавы, і пераважна ў тыя, што больш за другіх пацярпелі ад няшчасных выпадкаў, неўраджаяў, смяротнасці і іншага, словам — дзе-б можна зручней і танней накупляць патрэбнага народу. Ён не звяртаўся абы да якога памешчыка, але выбіраў людзей больш пад свой густ, або такіх, з якімі можна было-б з меншымі цяжкасцямі рабіць падобныя здзелкі, стараючыся перш пазнаёміцца, здабыць прыхільнасць да сябе, каб, калі можна, больш дружбаю, а не купляй набыць мужыкоў. Дык вось, чытачы не павінны абурацца на аўтара, калі асобы, якія да гэтага часу з’яўляліся, не прышліся яму да густу; гэта віна Чычыкава, тут ён поўны гаспадар і куды ён надумаецца, туды і мы павінны цягнуцца. З нашага боку, калі, сапраўды, з’явіцца абвінавачанне за бледнасць і мізэрнасць асоб і характараў, скажам толькі тое, што ніколі на пачатку не відаць усяе шырокай плыні і аб’ёму справы. Прыезд у які-б ні было горад, хоць нават у сталіцу, заўсёды нейкі бледны, спачатку ўсё шэра і аднастайна: цягнуцца бясконцыя заводы ды фабрыкі, закураныя дымам, а потым ужо выглянуць рагі шасціпавярховых дамоў, магазіны, шыльды, велізарныя перспектывы вуліц, усе ў званіцах, калонах, статуях, вежах, з гарадскім бляскам, шумам і громам, і ўсім, што на дзіва стварыла рука і думка чалавека. Як адбыліся першыя пакупкі, чытач ужо бачыў; як пойдзе справа далей, якія будуць удачы і няўдачы героя, як давядзецца вырашыць і перамагчы яму больш цяжкія перашкоды, як паўстануць велізарныя вобразы, як будуць рушыцца патайныя рычагі шырокай аповесці, разгорнецца далёка яе гарызонт, і ўся яна набудзе велічную лірычную плынь, гэта ўбачым потым. Яшчэ вялікая дарога ляжыць перад усім паходным экіпажам, які складаецца з пана сярэдніх год, брычкі, у якой ездзяць халасцякі, лакея Пятрушкі, фурмана Селіфана і тройкі коней, ужо вядомых пайменна ад Засядацеля да падлюгі пярэстага. Такім чынам, вось увесь перад вамі наш герой, які ён ёсць! Але, магчыма, будуць вымагаць заключнага азначэння адной рысай; хто-ж ён адносна якасцей маральных? што ён не герой, уладаючы дасканаласцю і дабрадзейнасцю, гэта відаць. Хто-ж ён? значыцца падлюга? Чаму-ж падлюга, навошта-ж быць гэтак строгім да другіх? Цяпер у нас падлюг не бывае, ёсць людзі добранамераныя, прыемныя, а такіх, якія-б на ўсеагульную ганьбу выставілі сваю фізіяномію пад публічную аплявуху, знойдзецца хіба якіх-небудзь два, тры чалавекі, ды і тыя ўжо гавораць цяпер аб дабрадзейнасці. Справядлівей за ўсё назваць яго; гаспадар, здабывач. Здабыванне віна ўсяго; праз яго стварыліся справы, якім свет дае назву не вельмі чыстых. Праўда, у такім характары ёсць ужо нешта такое, што адштурхвае, і той-жа чытач, які на жыццёвым сваім шляху будзе дружыць з такім чалавекам, будзе вадзіць з ім хлеб-соль і праводзіць прыемна час, пачне глядзець на яго скоса, калі ён будзе героем драмы або паэмы. Але мудры той, хто не пагарджае ніякім характарам, але, утаропіўшы ў яго выпрабавальны позірк, вывучае яго да першапачатковых прычын. Хутка ўсё ператвараецца ў чалавеку; не паспееш азірнуцца, як ужо вырас у сярэдзіне страшны чарвяк, які самаўладна пацягнуў да сябе ўсе жыццёвыя сокі. I ці раз не толькі шырокая страсць, але нікчэмная страсцішка да чагосьці дробнага разрасталася ў народжаным на лепшыя подзвігі, змушала яго забываць вялікія і святыя абавязкі і ў нікчэмных бразготках бачыць вялікае і святое. Незлічоны, як марскія пяскі, людскія страсці, і ўсе не падобны адна да адной і ўсе яны, нізкія і цудоўныя, спачатку пакорны чалавеку і потым ужо робяцца страшнымі ўладарамі яго. Блажэн той, хто абраў сабе з усіх самую цудоўную страсць; расце і дзесяцярыцца з кожнай гадзінай і хвілінай бязмернае яго блажэнства, і ўваходзіць ён глыбей і глыбей у бясконцы рай сваёй душы. Але ёсць страсці, выбар якіх не ад чалавека. Ужо нарадзіліся яны з ім у хвіліну нараджэння яго на свет, і не дадзена яму сілы адхіліцца ад іх. Вышэйшымі наканаваннямі яны вядуцца, і ёсць у іх нешта такое, што вечна кліча, не змаўкаючы ўсё жыццё. Вялікі зямны шлях прысуджана прарабіць ім: усёроўна, ці ў змрочным вобразе, ці пранёсшыся светлай з’явай, якая ўзрадуе свет — аднолькава выкліканы яны для невядомага чалавеку дабра. I магчыма, у гэтым-жа самым Чычыкаве страсць, авалодаўшая ім, ужо не ад яго, і ў халодным яго існаванні змешчана тое, што потым кіне ў прах і на калені чалавека перад мудрасцю нябёс. I яшчэ таямніца, чаму гэты вобраз паўстаў у паэме, якая з’яўляецца цяпер на свет.

Але не тое цяжка, што будуць нездаволены героем, цяжка тое, што жыве ў душы неадхільная ўпэўненасць, што тым-жа самым героем, тым-жа самым Чычыкавым, былі-б здаволены чытачы. Калі-б не заглянуў аўтар глыбей яму ў душу, не паварушыў на дне яе таго, што ўцякае і хаваецца ад святла, не выявіў самых патайных думак, якіх нікому іншаму не давярае чалавек, а каб паказаў яго такім, якім ён паказаўся ўсяму гораду, Манілаву і іншым людзям, і ўсе былі-б вельмі рады і палічылі-б яго за цікавага чалавека. Дарма, што ні твар, ні ўвесь вобраз яго не мітусіўся-б як жывы перад вачамі: затое, калі скончыцца чытанне, душа не ўстрывожана нічым, і можна звярнуцца зноў да картачнага стала, які цешыць усю Расію. Так, мае добрыя чытачы, вам-бы не хацелася бачыць выяўленую чалавечую беднасць. Навошта, кажаце вы, да чаго гэта? Няўжо мы не ведаем самі, што ёсць многа агіднага і неразумнага ў жыцці? I без таго здараецца нам часта бачыць тое, што зусім няўцешна. Лепш паказвайце нам цудоўнае, прывабнае. Няхай лепш забудземся мы! «Навошта ты, брат, кажаш мне, што справы ў гаспадарцы ідуць дрэнна?» гаворыць памешчык прыказчыку: «я, брат, гэта ведаю без цябе, ды ў цябе размоў хіба няма іншых ці што? Ты дай мне забыць гэта, не ведаць гэтага, я тады шчаслівы». I вось тыя грошы, якія-б паправілі хоць крыху справу, ідуць на розныя сродкі для прывядзення сябе ў забыццё. Спіць розум, які магчыма знайшоў-бы нечаканую крыніцу вялікіх сродкаў, а там маёнтак бух з аукцыёна, і пайшоў памешчык забывацца па свеце, з душой, ад крайнасці гатовай на нізасці, якіх-бы сам жахнуўся раней.

Яшчэ будзе кінута абвінавачанне аўтару з боку так званых патрыётаў, якія спакойна сядзяць сабе па кутках і займаюцца зусім пабочнымі справамі, збіраюць сабе капітальцы, уладжваючы свой лёс за кошт другіх; але як толькі здарыцца што-небудзь, на іх думку, абразлівае для бацькаўшчыны, з’явіцца якая-небудзь кніга, у якой скажацца часам горкая праўда, яны выбегуць з усіх куткоў як павукі, якія ўбачылі, што заблыталася ў павуціне муха, і ўзнімуць раптам крыкі: «Ды ці добра выводзіць гэта на свет, разгалошваць гэта? гэта-ж усё, што ні апісана тут, гэта ўсё наша, ці добра гэта? а што скажуць чужаземцы? Хіба весела чуць дрэнную думку аб сабе? Думаюць, хіба гэта не балюча? Думаюць, хіба мы не патрыёты?» На такія мудрыя заўвагі, асабліва наконт думак чужаземцаў, прызнаюся, нічога нельга падабраць у адказ. А хіба вось што: жылі ў адным далёкім кутку Расіі два жыхары. Адзін быў бацька сям’і і па імені Кіфа Мокіевіч, чалавек характару лагоднага, які праводзіў жыццё нядбалым чынам. Сям’ёю ён сваёю не займаўся; існаванне яго было звернута больш у бок сузіральных разважанняў і занята наступным, як ён называў, філасафічным пытаннем: «Вось, напрыклад, звер», гаварыў ён, ходзячы па пакоі; «звер нараджаецца голым. Чаму-ж іменна голым? Чаму не так, як птушка, чаму не вылупліваецца з яйка? Як, дапраўды, гэта: зусім не зразумееш натуры, як больш у яе паглыбішся!» Так думаў жыхар Кіфа Мокіевіч. Але не ў гэтым галоўная справа. Другі жыхар быў Мокій Кіфавіч, родны сын яго. Быў ён тое, што называюць на Русі асілак, і ў той час, калі бацька займаўся нараджэннем звера, дваццацігадовая плячыстая натура яго так і парывалася разгарнуцца. Ні за што не ўмеў ён узяцца лёгка, усё ці рука ў каго-небудзь затрашчыць, ці гузак ускочыць на чыім-небудзь носе. У доме і ў суседстве ўсё ад дваровай дзеўкі да дваровага сабакі ўцякала прэч, убачыўшы яго, нават уласны ложак у спальні паламаў ён на кавалкі. Такі быў Мокій Кіфавіч, а аднак ён меў добрую душу. Але не ў гэтым яшчэ галоўная справа. А галоўная справа вось у чым: «Злітуйся, бацюхна, пан Кіфа Мокіевіч», казала бацьку і свая, і чужая дворня: «што ў цябе за Мокій Кіфавіч? Нікому няма ад яго супакою, такі крыўдзіцель!» «Так, свавольны, свавольны», гаварыў звычайна на гэта бацька, «ды як-жа быць: біцца з ім позна ды і мяне-ж усе абвінавацяць у жорсткасці, а чалавек ён чэсталюбны, калі папракнуць яго пры другім-трэцім, ён сунімецца, дык-жа пагалоска, вось бяда! горад даведаецца, назаве яго зусім сабакам. Што, дапраўды, думаюць, мне хіба не балюча? хіба я не бацька? Што займаюся філасофіяй, ды іншы раз няма часу, дык ужо я і не бацька? Ды вось-жа не, бацька, чорт іх пабяры, бацька! У мяне Мокій Кіфавіч вось тут сядзіць, у сэрцы!» Тут Кіфа Мокіевіч біў сябе вельмі моцна ў грудзі кулаком і ўваходзіў канчаткова ў азарт. «Ужо калі ён і застанецца сабакам, дык няхай-жа не ад мяне аб гэтым даведаюцца, няхай не я выдаў яго». I, паказаўшы такое бацькоўскае пачуццё, ён пакідаў Мокія Кіфавіча працягваць свае волатаўскія подзвігі, а сам вяртаўся зноў да любімага прадмета, задаўшы сабе раптам якое-небудзь падобнае пытанне: «ну, а калі-б слон нарадзіўся ў яйку, дык шкарлупа, мабыць, вельмі-б таўстая была, гарматай не праб’еш; трэба было-б якую-небудзь новую агнястрэльную зброю выдумаць». Так праводзілі жыццё два жыхары мірнага кутка, якія нечакана, як праз акенца, выглянулі ў канцы нашай паэмы, выглянулі для таго, каб адказаць сціпла на абвінавачванне з боку некаторых гарачых патрыётаў, якія да часу спакойна займаюцца якой-небудзь філасофіяй ці прырошчваннямі за кошт сум пяшчотна любімай імі бацькаўшчыны, якія думаюць не аб тым, каб не рабіць дрэннага, а аб тым, каб толькі не казалі, што яны робяць дрэннае. Але не, не патрыятызм і не першае пачуццё ёсць прычыны абвінавачання, іншае хаваецца пад імі. Нашто таіць слова? Хто-ж, як не аўтар, павінен сказаць святую праўду? Вы баіцеся глыбока накіраванага позірку, вы баіцеся самі накіраваць на што-небудзь глыбей позірк, вы любіце прабегчы па ўсім нядумаючымі вачамі. Вы пасмяецеся нават ад душы з Чычыкава, магчыма, нават пахваліце аўтара, скажаце: «Аднак-жа тое-сёе ён ёмка прыкмеціў, павінен быць вясёлага характару чалавек!» I пасля такіх слоў з падвоенай гордасцю звернецеся да сябе, самаздаволеная ўсмешка з’явіцца на вашым твары, і вы дадасце: «А трэба згадзіцца, вельмі дзіўныя і смешныя бываюць людзі ў некаторых правінцыях, ды і падлюгі да таго-ж не малыя!» А хто з вас поўны хрысціянскай пакоры, не ўголас, а ў цішыні, адзін, у хвіліны адзінотных размоў з самім сабой, паглыбіць ва ўнутр уласнай душы такое цяжкое запытанне: «А ці няма і ва мне якой-небудзь часткі Чычыкава?» Але, дзе там! А вось няхай пройдзе ў гэты час паўз яго які-небудзь яго-ж знаёмы, які мае чын не вельмі вялікі, не вельмі малы, ён у тую-ж хвіліну штурхане пад руку свайго суседа і скажа яму, ледзь не пырснуўшы са смеху: «глядзі, глядзі, вунь Чычыкаў, Чычыкаў пайшоў». I потым, як дзіцянё, забыўшы ўсякую прыстойнасць, належную званню і гадам, пабяжыць за ім наўздагон, дражнячы і прыгаварваючы: «Чычыкаў! Чычыкаў! Чычыкаў!»

Але мы пачалі гаварыць даволі голасна, забыўшы, што герой наш, які спаў праз увесь час, калі расказвалася яго аповесць, прачнуўся ўжо і лёгка можа пачуць такое частае паўтарэнне свайго прозвішча. Ён-жа чалавек чэсталюбны і будзе нездаволены, калі пачуе, што пра яго гавораць зняважліва. Чытачу поўбяды, ці раззлуецца на яго Чычыкаў ці не, але што да аўтара, дык ён ні ў якім выпадку не павінен сварыцца са сваім героем: яшчэ нямала шляхоў і дарог давядзецца ім прайсці ўдваіх, рука пры руцэ; дзве яшчэ вялікія часткі наперадзе — гэта не драбніца.

«Эхе-хе, што-ж ты?» сказаў Чычыкаў Селіфану: «ты?..»

«Што?» сказаў Селіфан павольным голасам.

«Як што? гусак ты! Як ты едзеш? Ну-ж, паварушвай!»

I сапраўды Селіфан даўно ўжо ехаў, заплюшчыўшы вочы, зрэдку толькі кратаючы спрасонку лейцамі па баках драмаўшых таксама коней; а з Пятрушкі ўжо даўно невядома ў якім месцы зляцела шапка, і ён сам, адкінуўшыся назад, уткнуў сваю галаву ў калена Чычыкаву, так што той павінен быў даць ёй пстрычку. Селіфан падбадзёрыўся і, сцебануўшы некалькі разоў па спіне пярэстага, пасля чаго той пабег трушком, ды памахаўшы на ўсіх зверху пугай, прамовіў тонкім пявучым галаском: не бойся! конікі разварушыліся і паімчалі як пух лёгенькую брычку. Селіфан толькі памахваў ды пакрыкваў: эх! эх! эх! плаўна падскокваючы на козлах па меры таго, як тройка то ўзлятала на ўзгорак, то імчалася на ўвесь дух з узгорка, якімі быў усеяны ўвесь гасцінец, што ішоў ледзь прыкметным накатам уніз. Чычыкаў толькі ўсміхаўся, крыху падлятаючы на сваёй скураной падушцы, бо любіў шпаркую язду. I які-ж рускі не любіць шпаркай язды? Ці-ж яго душы, якая імкнецца закружыцца, загуляцца, сказаць часам: чорт пабяры ўсё! ці-ж яго душы не любіць яе? Ці-ж яе не любіць, калі ў ёй чуецца штосьці захоплена цудоўнае? Здаецца, невядомая сіла падхапіла цябе на крыло да сябе, і сам ляціш, і ўсё ляціць, ляцяць вёрсты, ляцяць насустрач купцы на перадках сваіх кібітак, ляціць з абодвух бакоў лес з цёмнымі радамі елак і сосен, са стукам сякер і крыкам варон, ляціць уся дарога невядома куды ў знікаючую даль, і штосьці страшнае захавана ў гэтым шпаркім мільганні, дзе не паспявае вызначыцца мільгнуўшы прадмет, толькі неба над галавою, ды лёгкія хмары, ды праплываючы месяц адны здаюцца нерухомымі. Эх, тройка! птушка тройка, хто цябе выдумаў? мусіць, толькі ў спрытнага народа ты магла нарадзіцца, у той зямлі, што не любіць жартаваць, а роўным роўна разляглася на поўсвета, ды і ідзі падлічваць вёрсты, пакуль не замітусіцца табе ў вачах. I не хітрая, здаецца, дарожная прылада, не жалезным падціснута вінтом, а наспех жыўцом з адным тапаром ды долатам змайстраваў і сабраў цябе яраслаўскі спрытны мужык. Не ў нямецкіх батфортах фурман: барада ды рукавіцы і сядзіць чорт ведае на чым; а прыўзняўся ды замахнуўся, ды зацягнуў песню — коні віхурай, спіцы ў колах зліліся ў адзін гладкі круг, толькі здрыганулася дарога, ды ўскрыкнуў, спыніўшыся, спалоханы пешаход! і вунь яна паімчалася, паімчалася, паімчалася!.. I вунь ужо відаць у далечыні, як штосьці пыліць і свідруе паветра.

Ці не гэтак і ты, Русь, як жвавая неабгонная тройка імчышся? Дымам дыміцца пад табою дарога, грымяць масты, усё адстае і застаецца ззаду. Спыніўся ўражаны божым цудам сузіральнік: ці не маланка гэта, скінутая з неба? што значыць гэты рух, які наводзіць жудасць? і што за невядомая сіла затоена ў гэтых невядомых свету конях? Эх, коні, коні, што за коні! Ці віхуры сядзяць у вашых грывах! Ці старожкае вуха гарыць у кожнай вашай жылцы? Пачулі з вышыні знаёмую песню, дружна і разам напружылі мядзяныя грудзі і, амаль не крануўшы капытамі зямлі, ператварыліся ў адны выцягнутыя лініі, якія ляцяць па паветры, і імчыцца ўся натхнёная богам!.. Русь, куды-ж імчышся ты, дай адказ? Не дае адказу. Цудоўным звонам заліваецца званочак; грыміць і ператвараецца ў вецер разарванае на кавалкі паветра; ляціць міма ўсё што ні ёсць на зямлі, і касавурачыся збочваюць і даюць ёй дарогу іншыя народы і дзяржавы.

ТОМ ДРУГІ

РАЗДЗЕЛ I

Навошта-ж маляваць беднасць, ды беднасць, ды недасканаласць нашага жыцця, выкапваючы людзей з глушы, з аддаленых закуткаў дзяржавы? Што-ж рабіць, калі такія ўжо ўласцівасці аўтара, і, захварэўшы на ўласную недасканаласць, ужо і не можа маляваць ён нічога іншага, як толькі беднасць, ды беднасць, ды недасканаласць нашага жыцця, выкапваючы людзей з глушы, з аддаленых закуткаў дзяржавы? I вось зноў трапілі мы ў глуш, зноў напаткалі закутак! Затое якая глуш і які закутак!

Як быццам велізарны вал нейкай бясконцай крэпасці, з нарожнікамі і байніцамі, ішлі, віючыся, больш, як на тысячу вёрст, горныя ўзвышшы. З надзвычайнай прыгажосцю ўзносіліся яны над бясконцымі прасторамі далін, то адломамі, у выглядзе стромкіх вапенна-гліністых сцен, скрэсленых праточынамі і калдобінамі, то хораша закругленаю зялёнаю пукатасцю, укрытай, нібы мярлушкамі, маладым хмызняком, які ўзнімаўся ад ссечаных дрэў, то, нарэшце, цёмнымі гушчарамі лесу, што нейкім цудам яшчэ ўцалеў ад тапара. Рака, то, верная сваім берагам, рабіла разам з імі калены і павароты, то адыходзіла прэч у лугі, для таго, каб, закруціўшыся там у некалькі закрутаў, бліснуць, як агонь, перад сонцам, і схавацца ў гаі бяроз, асін і алешніку і выбегчы адтуль ва ўрачыстасці, у суправаджэнні мастоў, млыноў і грэбляў, якія нібыта ганяюцца за ёю на кожным павароце.

У адным месцы круты бок узвышшаў прыбіраўся гусцей у зялёныя кудзеры дрэў. Штучнай пасадкай, дзякуючы няроўнасці гарыстага яру, поўнач і поўдзень расліннага царства сабраліся сюды разам. Дуб, елка, лясная ігруша, клён, вішняк і цярніна, чыліга і рабіна, аблытаная хмелем, то дапамагаючы адно аднаму расці, то глушачы адно аднаго, лезлі па ўсёй гары, знізу да верху. Наверсе-ж, каля самага яе цемя, прымешваліся да іх зялёных верхавін чырвоныя дахі, панскі будынак, канькі і грабяні хат, што схаваліся ззаду, верхняя надбудова панскага дома, з разьбяным балконам і вялікім поўкруглым акном. I над усім гэтым зборышчам дрэў і дахаў узносілася паўзверх усяго сваімі пяццю пазалочанымі, ззяючымі купаламі старадаўняя вясковая царква. На ўсіх яе главах стаялі залатыя праразныя крыжы, умацаваныя залатымі праразнымі ланцугамі, так што здалёк, здавалася, вісела ў паветры нічым не падтрыманае, ззяючае гарачымі чырвонцамі золата. I ўсё гэта, перакуленае верхавінамі, дахамі, крыжамі ўніз, прыгожа адлюстроўвалася ў рацэ, дзе пачварна-дуплістыя вербы, адны стоячы каля берагоў, другія зусім у вадзе, апусціўшы туды і галлё і лісце, аблытанае слізкай бадзягай, якая плавала па вадзе разам з жоўтымі стаўбунчыкамі вадзяніцы, як быццам разглядалі гэты цудоўны адбітак.

Від быў вельмі прыгожы, але від зверху ўніз, з надбудовы дома ў далеч, быў яшчэ лепшы. Безуважна не мог выстаяць на балконе ніякі госць і наведвальнік. Ад здзіўлення ў яго займала ў грудзях дух, і ён толькі ўскрыкваў: «божа, як тут прасторна!» Без канца, без краю разлягаліся прасторы: за лугамі з мноствам гаёў і вадзяных млыноў, у некалькі зялёных паясоў, зелянелі лясы; за лясамі, праз паветра, што пачынала ўжо рабіцца імглістым, жаўцелі пяскі, і зноў лясы, якія ўжо сінелі, як мора або шырока разліты туман; і зноў пяскі, яшчэ блядней, але ўсё яшчэ жаўцеўшыя. У далечыні на небасхіле ляжалі грэбянём крэйдавыя горы, якія блішчэлі бялотай нават і ў непагадзь, быццам іх асвятляла вечнае сонца. Па іх сліпучай бялоце каля падэшваў, мясцінамі гіпсавых, мільгалі туманна-шызыя плямы, якія быццам дыміліся. Гэта былі далёкія вёскі, але іх ужо не магло разгледзець людское вока. Толькі іскра залатой царкоўнай макаўкі, успыхваючы пры сонечным асвятленні, сведчыла, што гэта было люднае вялікае паселішча. Усё гэта было ахутана ў цішыню непарушную, якую не абуджалі нават адгалоскі паветраных спевакоў, што ледзь даляталі да слыху і гінулі ў прасторах. Словам — госць, стоячы на балконе, і пасля якога-небудзь двухгадзіннага сузірання нічога іншага не мог вымавіць, як толькі «божа, як тут прасторна!»

Хто-ж быў жыхар і ўласнік гэтай вёскі, да якой, як да непадступнай крэпасці, нельга было і пад’ехаць адсюль, а трэба было пад’язджаць з другога боку, дзе дубы ўроссып ветліва сустракалі пад’язджаўшага гасця, распасціраючы разлогае галлё, як сяброўскія абдымкі, і праводзячы яго да ганку таго самага дома, верхавіну якога мы бачылі ззаду і які стаяў цяпер увесь як на далоні, маючы па адзін бок рад хат, што паказвалі канькі і разьбу грэбянёў, а па другі—царкву, што ззяла золатам крыжоў і залатымі праразнымі ўзорамі вісеўшых у паветры ланцугоў. Якому шчасліўцу належаў гэты закутак?

Памешчыку Трэхмалаханскага павета, Андрэю Іванавічу Тенцетнікаву, маладому трыццацітрохгадоваму шчасліўцу і пры гэтым яшчэ і нежанатаму чалавеку.

Хто-ж ён, што-ж ён, якіх якасцей, якіх уласцівасцей чалавек? У суседзяў, чытачкі, у суседзяў трэба распытаць. Сусед, які належаў да роду спрытных адстаўных штаб-афіцэраў-брандзераў, якія ўжо зараз зусім знікаюць, выслаўляўся пра яго выразам: «Натуральнейшы абармот!» Генерал, які жыў за дзесяць вёрст, гаварыў: «Малады чалавек не дурны, але многа ўзяў сабе ў галаву. Я мог-бы быць яму карысным, таму што ў мяне не без сувязей і ў Пецербургу, і нават пры...» генерал гутаркі не канчаў. Капітан-спраўнік даваў адказу такі зварот: «А вось я заўтра-ж да яго па нядоімку!» Мужык яго вёскі на пытанне аб тым, які ў іх пан, нічога не адказваў. Значыцца, думкі аб ім былі неспрыяльныя.

Бесстаронна-ж сказаць — ён не быў дрэнны чалавек, ён, проста, капціў неба. А паколькі ўжо нямала ёсць на белым свеце людзей, якія капцяць неба, дык чаму-ж і Тенцетнікаву не капціць яго? Зрэшты, возьмем, не выбіраючы, дзень з яго жыцця, зусім падобны да ўсіх іншых, і няхай па ім мяркуе чытач сам, які ў яго быў характар, і як яго жыццё адпавядала навакольнаму хараству.

Раніцой прачынаўся ён вельмі позна і, прыўзняўшыся, доўга сядзеў на сваім ложку, праціраючы вочы. I таму што вочы на бяду былі маленькія, дык праціранне іх цягнулася незвычайна доўга, і праз увесь гэты час каля дзвярэй стаяў чалавек Міхайла з рукамыйнікам і ручніком. Стаяў гэты бедны Міхайла гадзіну, другую, потым ішоў на кухню, пасля зноў прыходзіў,— пан усё яшчэ праціраў вочы і сядзеў на ложку. Нарэшце, уставаў ён з пасцелі, мыўся, апранаў халат і выходзіў у гасціную для таго, каб піць чай, кофе, какао і нават сырадой, усяго сёрбаючы пакрысе, накрышваючы хлеба бязлітасна і насмечваючы ўсюды люлечным попелам бессаромна. I дзве гадзіны праседжваў ён за чаем. I мала гэтага: ён браў яшчэ халодны кубачак і з ім падыходзіў да акна, што выходзіла на двор; каля акна-ж адбывалася кожны дзень наступная сцэна.

Перш за ўсё роў Грыгорый, дваровы чалавек у годнасці буфетчыка, які звяртаўся да дамаводкі Перфільеўны прыблізна з такімі словамі: «Душонка ты агідная, нікчэмнасць гэтакая! Табе-б, брыдотніцы, маўчаць!»

«А ці не хочаш вось гэтага?» выгуквала нікчэмнасць, ці Перфільеўна, паказваючы кукіш, — баба, жорсткая ва ўчынках, не гледзячы на тое, што была ахвотніца да ізюму, павідла і ўсякіх ласункаў, якія былі ў яе пад замком.

«Ты-ж і з прыказчыкам счэпішся, дробязь ты гуменная!» роў Грыгорый.

«Дык і прыказчык злодзей такі-ж, як і ты. Думаеш, пан не ведае вас? Ён-жа тут, ён-жа ўсё чуе».

«Дзе пан?»

«Ды вось ён сядзіць каля акна; ён усё бачыць».

I сапраўды, пан сядзеў каля акна і ўсё бачыў.

На давяршэнне садому, крычаў-крычма дваровы хлапчук, атрымаўшы ад маці аплявуху, скуголіў хорт, прысеўшы задам на зямлю, з прычыны гарачага вару, якім абліў яго, выглянуўшы з кухні, кухар. Словам, усё лемантавала і верашчала нясцерпна. Пан усё бачыў і чуў. I толькі тады, калі гэта рабілася да такой ступені нясцерпным, што перашкаджала нават нічога не рабіць, пасылаў ён сказаць, каб шумелі цішэй.

За дзве гадзіны да абеда ішоў ён да сябе ў кабінет для таго, каб заняцца сур’ёзна творам, які павінен быў ахапіць усю Расію з усіх пунктаў гледжання — з грамадзянскага, палітычнага, рэлігійнага, філасофскага, вырашыць цяжкія задачы і пытанні, што задаў ёй час, і ясна вызначыць яе вялікую будучыню; словам — усё так і ў тым выглядзе, як любіць задаваць сабе сучасны чалавек. Між іншым, велізарная задума абмяжоўвалася больш адным разважаннем, згрызалася пяро, з’яўляліся на паперы рысункі, і потым усё гэта адсоўвалася набок, замест гэтага бралася ў рукі кніга і ўжо не выпускалася аж да абеда. Кніга гэтая чыталася разам з супам, соусам, смажанінай і нават з пірожным, так што некаторыя стравы ад гэтага стылі, а іншыя прыбіраліся зусім нечапанымі. Потым ішла люлька з кофеем, гульня ў шахматы з самім сабой, што-ж рабілася потым да самай вячэры — дапраўды, і сказаць цяжка. Здаецца, проста нічога не рабілася.

I гэтак прабаўляў час адзін-адзінюткі ў цэлым свеце малады трыццацітрохгадовы чалавек седзьма-седзячы, у халаце без гальштука. Яму не гулялася, не хадзілася, не хацелася нават падняцца наверх, не хацелася нават расчыняць вокны, каб набраць свежага паветра ў пакой, і цудоўны выгляд вёскі, якім не мог роўнадушна любавацца ніякі госць, быццам не існаваў для самога гаспадара. З гэтага чытач можа бачыць, што Андрэй Іванавіч Тенцетнікаў належаў да сям’і тых людзей, якія на Русі не зводзяцца, якім раней былі імёны: цюхцяі, лежабокі, абібокі, і якіх цяпер, дапраўды, не ведаю, як назваць. Ці нараджаюцца ўжо такія характары, ці потым утвараюцца, як параджэнне сумных акалічнасцей, якія сурова спадарожнічаюць чалавеку? Замест адказу на гэта, лепш расказаць гісторыю яго выхавання і маленства.

Здавалася, усё ішло да таго, каб атрымалася з яго штосьці людскае. Дванаццацігадовы хлапчук, дасціпны, з нахілам да задуменнасці, хваравіты, трапіў ён у навучальную ўстанову, начальнікам якой на той час быў чалавек незвычайны. Ідал юнакоў, дзіва выхавальнікаў, непараўнаны Аляксандр Пятровіч меў здольнасць адчуваць......[89] Як ведаў ён уласцівасці рускага чалавека! Як ведаў ён дзяцей! Як умеў узрушваць! Не было свавольніка, які, зрабіўшы свавольства, не прышоў-бы да яго сам і не прызнаўся ва ўсім. Гэтага мала, ён атрымліваў суровае... але свавольнік выходзіў ад яго, не апусціўшы нос, але падняўшы яго. I было нешта падбадзёрваючае, нешта такое, што гаварыла: «Наперад! Узнімайся хутчэй на ногі, не гледзячы на тое, што ты ўпаў». Не было ў яго размоў з імі аб добрых паводзінах. Ён звычайна гаварыў: «Я патрабую розуму, а не чаго-небудзь іншага. Хто думае аб тым, каб быць разумным, таму няма часу сваволіць: свавольства павінна знікнуць само сабой». I сапраўды, свавольствы знікалі самі сабой. Пагарду таварышоў зазнаваў той, хто не імкнуўся-б быць... Самыя крыўдныя мянушкі павінны былі пераносіць дарослыя аслы і дурні ад самых меншых і не адважваліся іх зачапіць пальцам. «Гэта ўжо занадта!» гаварыў шмат хто: «з разумнікаў будуць людзі ганарлівыя». — «Не, гэта не занадта», гаварыў [ён]: «няздольных я не трымаю доўга; з іх хопіць аднаго курса, а для разумных у мяне другі курс». I сапраўды, усе здольныя вытрымлівалі ў яго другі курс. Шмат якіх гарэзаў ён не стрымліваў, бачачы ў іх пачатак развіцця ўласцівасцей душэўных і кажучы, што яны яму патрэбны, як высыпка доктару—каб даведацца напэўна, што іменна знаходзіцца ў сярэдзіне чалавека.

Як любілі яго ўсе хлапчукі! Не, ніколі не бывае такой любасці ў дзяцей да сваіх бацькоў. Не, нават у бурныя гады шалёных захапленняў не мае такой сілы незгасальная страсць, як мела любоў да яго. Да магілы, да позніх дзён удзячны выхаванец, падняўшы чарку ў дзень нараджэння свайго цудоўнага выхавальніка, які даўно ўжо быў у магіле......, заплюшчваў вочы і ліў па ім слёзы. Самае малое падбадзёрванне яго кідала ў дрыжыкі і ў радаснае трапятанне і рушыла чэсталюбнае жаданне ўсіх перавысіць. Малаздольных ён не трымаў доўга; для іх у яго быў кароценькі курс; але здольныя павінны былі ў яго вытрымліваць падвойнае навучанне. I апошні клас, які быў у яго для адных выбраных, зусім не быў. падобны да тых, што бываюць у іншых установа[х]. Тут толькі ён патрабаваў ад выхаванца ўсяго таго, чаго іншыя неразважна патрабуюцы ад дзяцей, — таго вышэйшага розуму, які ўмее не пасмяяцца, але стрываць усякую насмешку, дараваць дурню і не абурыцца і не страціць роўнавагі, не помсціць ні ў якім [выпадку] і заставацца ў гордым спакоі неўсхваляванай душы; і ўсё што здольна ўтварыць з чалавека цвёрдага мужа, было тут уведзена ў дзеянне, і ён сам рабіў з імі няспынныя спробы. О, як ён ведаў навуку жыцця!

Настаўнікаў у яго не было шмат. Большую частку навук выкладаў ён сам. Без педанцкіх тэрмінаў, напышлівых думак і поглядаў, умеў ён перадаць самую душу навукі, так што і няпоўнагодняму было відаць, на што яна яму патрэбна. З навук былі выбраныя толькі тыя, якія могуць стварыць з чалавека грамадзяніна сваёй зямлі. Большая частка лекцый складалася з размоў пра тое, што чакае юнака наперадзе, і ўвесь далягляд яго будучай дзейнасці ўмеў ён акрэсліць так, што юнак, яшчэ знаходзячыся на школьнай лаўцы, думкамі і душой жыў ужо там, на службе. Нічога не ўтойваў: усе засмучэнні і перашкоды, якія толькі паўстаюць перад чалавекам на шляху яго, усе спакусы і прывабы, якія чакаюць яго наперадзе, збіраў ён перад ім ва ўсёй сваёй аголенасці, не ўтойваючы нічога. Усё было яму вядома, нібы сапраўды ён сам перабыў ва ўсіх званнях і пасадах. Ці таму, што моцна ўжо развілося чэсталюбства, ці таму, што ў самых вачах незвычайнага настаўніка было штосьці такое, што гаварыла юнаку: наперад! Гэтае слоўца, якое знаёма рускаму чалавеку, і робіць такія цуды над яго чулай прыродай,—але юнак з самага пачатку шукаў толькі цяжкасцей, прагнучы дзейнічаць толькі там, дзе цяжка, дзе больш перашкод, дзе трэба было паказаць большую сілу душы. Нямногія выходзілі з гэтага курса, але затое былі моцныя, былі абкураныя порахам людзі. У службе яны ўтрымаліся на самых хісткіх пасадах, у той час як многія і разумнейшыя за іх, не стрываўшы, праз дробязныя непрыемнасці, кідалі ўсё, або, асавеўшы, абленаваўшыся, трапілі ў рукі хабарнікаў і махляроў. Але яны не пахіснуліся і, ведаючы і жыццё, і чалавека, і ўзброеныя мудрасцю, зрабілі моцны ўплыў нават на дрэнных людзей.

Палкае сэрца чэсталюбнага хлапчука доўга білася пры адной думцы аб тым, што ён трапіць, нарэшце, у гэтае аддзяленне. Што, здавалася, магло быць лепш за гэтага выхавальніка для нашага Тенцетнікава! Але трэба-ж, каб у той самы час, калі ён быў пераведзены ў гэты курс абраных, — чаго так моцна жадаў, — незвычайны настаўнік раптоўна памёр! О, які ,быў для яго ўдар! якая страшная першая страта! Яму здавалася быццам.....[90] усё змянілася ў школе... На месца Аляксандра Пятровіча паступіў нейкі Фёдар Іванавіч. Ён адразу-ж націснуў на нейкія знешнія парадкі; пачаў патрабаваць ад дзяцей таго, што можна патрабаваць толькі ад дарослых. У вольнай іх развязнасці здалося яму штосьці бунтоўнае. I сапраўды, быццам на злосць свайму папярэдніку, абвясціў з першагадня, што для яго розум і поспехі нічога не значаць, што ён будзе глядзець толькі на добрыя паводзіны. Дзіўна: добрых вось паводзін і не дамогся Фёдар Іванавіч. Завялося свавольства патайнае. Усё было ў струнку днём і ішло папарна, а па начах завяліся гулянкі.

З навукамі таксама здарылася штосьці дзіўнае. Былі выпісаны новыя выкладчыкі, з новымі поглядамі і новымі кутамі і пунктамі гледжання. Закідалі слухачоў мноствам новых тэрмінаў і слоў; паказалі яны ў сваім выкладанні і лагічную сувязь,і веданне новых вынаходак, і палкасць уласнага захаплення; але, на жаль! не было толькі жыцця ў самой навуцы. Мярцвячынай павеяла ў іх вуснах мёртвая навука. Адным словам, усё пайшло навыварат. Страцілася пашана да начальства і ўлады: пачалі насміхацца і з настаўнікаў, і з выкладчыкаў; дырэктара пачалі называць Федзькам, булкай і іншымі рознымі імёнамі. Распуста завялася ўжо зусім не дзіцячая: завяліся такія справы, што трэба было шмат каго выключыць і выгнаць. За два гады нельга было пазнаць установы.

Андрэй Іванавіч быў характару ціхага. Яго не маглі захапіць ні начныя оргіі таварышоў, якія прыдабылі сабе нейкую даму перад самымі вокнамі дырэктарскай кватэры, ні кашчунства іх над святыняй праз тое толькі, што трапіўся не вельмі разумны поп. Не, душа яго і праз сон чула сваё нябеснае паходжанне. Яго не магло захапіць гэта; але ён апусціў нос. Чэсталюбства ўжо было абуджана, а дзейнасці і прастору яму не было. Лепш-бы было і не абуджаць яго. Ён слухаў прафесараў, якія гарачыліся на кафедрах, а ўспамінаў ранейшага настаўніка, які, не гарачыўшыся, умеў гаварыць зразумела. Якіх прадметаў і якіх курсаў ён ні слухаў! Медыцыну, філасофію, і нават права, і ўсеагульную гісторыю чалавецтва ў такім велізарным памеры, што прафесар за тры гады паспеў толькі прачытаць уводзіны ды развіццё абшчын нейкіх нямецкіх гарадоў, — і бог ведае, чаго ён ні слухаў! Але ўсё гэта заставалася ў галаве яго нейкімі недарэчнымі шматкамі. Дзякуючы прыроднаму розуму, ён адчуваў толькі, што не так павінна выкладацца, а як — не ведаў. I ўспамінаў ён часта пра Аляксандра Пятровіча, і так яму бывала сумна, што ён не ведаў, куды падзецца ад тугі.

Але маладосць тым шчаслівая, што ў яе ёсць будучыня. Па меры таго, як набліжаўся час да выпуску, сэрца яго білася. Ён казаў сабе: «Гэта-ж яшчэ не жыццё; гэта толькі падрыхтоўка да жыцця; сапраўднае жыццё на службе; там подзвігі». I, не зірнуўшы на цудоўны куток, які так захапляў кожнага госця-наведвальніка, не пакланіўшыся праху сваіх бацькоў, па звычаю ўсіх чэсталюбцаў, паімчаўся ён у Пецербург, куды, як вядома, імкнецца з усіх бакоў Расіі наша палкая моладзь — служыць, бліскатаць, выслужвацца або проста хапаць верхавінкі бескаляровай, халоднай, як лёд, грамадскай зваблівай адукацыі. Чэсталюбнае імкненне Андрэя Іванавіча спыніў, аднак-жа, на самым пачатку дзядзька яго, сапраўдны стацкі саветнік Ануфрый Іванавіч. Ён абвясціў, што асноўная справа ў добрым почырку, а не ў чым-небудзь іншым, што без гэтага не трапіш ні ў міністры, ні ў дзяржаўныя людзі. З вялікімі цяжкасцямі і з дапамогай дзядзькавых пратэкцый, нарэшце, прыстроіўся ён у нейкім дэпартаменце. Калі ўвялі яго ў цудоўны светлы зал, з паркетамі і пісьмовымі лакіраванымі сталамі, які меў падабенства да таго, нібы тут засядалі першыя вяльможы дзяржавы, што абмяркоўвалі лёс усёй дзяржавы, і ўбачыў ён легіёны прыгожых паноў, якія пісалі, рыпелі пёрамі, схіліўшы галаву набок, ды пасадзілі яго самога за стол, запрапанаваўшы зараз-жа перапісаць нейкую паперу, нібы знарок крыху дробнага зместу (перапіска ішла аб трох рублях і цягнулася поўгода) — незвычайна дзіўнае пачуццё ахапіла неспрактыкаванага юнака: паны, якія сядзелі вакол яго, здаліся яму такімі падобнымі да вучняў! На завяршэнне падабенства, некаторыя з іх чыталі дрэнны перакладны раман, засунуўшы яго ў вялікія лісты справы, якую разбіралі, быццам займаліся самой справай, і ў той-жа час уздрыгваючы пры кожным з’яўленні начальніка. Так гэта ўсё яму здалося дзіўным, так заняткі ранейшыя важней за цяперашнія, падрыхтоўка да службы лепш за самую службу. Яму стала шкада школы. I раптам, як жывы, паўстаў перад ім Аляксандр Пятровіч — і ледзь-ледзь ён не заплакаў. Пакой закруціўся, перамяшаліся чыноўнікі і сталы, і ледзь утрымаўся ён ад раптоўнага замарачэння. «Не», падумаў ён сам сабе, схамянуўшыся: «вазьмуся за справу, якой-бы яна ні здавалася спачатку дробнай». Утаймаваўшы дух і сэрца, вырашыў ён служыць па прыкладу іншых.

Дзе не бывае асалоды? Бытуе яна і ў Пецербургу, не гледзячы на суровы, змрочны надворны выгляд яго. Трашчыць па вуліцах сярдзіты, трыццаціградусны мароз: скавыча вырадак поўначы, ведзьма-завея, замятаючы тратуары, слепячы вочы, напудрываючы мехавыя каўняры, вусы людзей і морды калматых жывёлін, але прыветна, і праз лётаючыя накрыж вохлапкі, свеціць угары акенца дзе-небудзь і ў чацвертым паверсе: ва ўтульным пакоі, пры скромных стэарынавых свечках, пад шумок самавара, ідзе, грэючы сэрца і душу, размова, чытаецца светлая старонка натхнёнага рускага паэта, якімі ўзнагародзіў бог сваю Расію, і так узнёсла, палка трапеча маладое сэрца юнака, як не бывае і пад поўднёвым небам.

Хутка Тенцетнікаў звыкся са службай, але толькі яна зрабілася ў яго не першаю справай і мэтай, як ён меркаваў на пачатку, але чымсьці другім. Яна служыла яму размеркаваннем часу, прымусіўшы яго больш даражыць рэштаю хвілін. Дзядзька, сапраўдны стацкі саветнік, пачынаў ужо думаць, што з пляменніка будзе толк, як раптам пляменнік схібіў. У лік сяброў Андрэя Іванавіча, якіх у яго было многа, трапіла два чалавекі, якія былі тое, што называецца незадаволеныя людзі. Гэта былі тыя неспакойна дзіўныя характары, якія не могуць пераносіць абыякава не толькі несправядлівасці, але нават і ўсяго таго, што здаецца ў іх вачах несправядлівасцю. Добрыя па істоце, але бязладныя самі ў сваіх дзеяннях, патрабуючы сабе спагады і ў той-жа час поўныя нецярпімасці да іншых, яны зрабілі на яго моцны ўплыў і палкімі словамі, і спосабам высокароднага абурэння супроць грамадства. Яны, абудзіўшы ў ім нервы і дух раздражлівасці, прымусілі прыкмячаць усе тыя дробязі, на якія ён раней і не думаў звяртаць увагі. Фёдар Фёдаравіч Леніцын, начальнік аднаго з аддзяленняў, якія размяшчаліся ў раскошных залах, раптам яму не спадабаўся. Ён стаў знаходзіць у ім безліч недахопаў. Яму здалося, што Леніцын у размовах з вышэйшымі ўвесь ператвараўся ў нейкі мутарны цукар, і—воцат, калі звяртаўся да яго падначалены; што быццам па прыкладу ўсіх дробязных людзей, браў ён на ўвагу тых, якія не з’яўляліся да яго з віншаваннем у святы, помсціў тым, якіх імёны не знаходзіліся ў швейцара на паперы; і, у выніку гэтага, ён адчуў да яго агіднасць нервічную. Нейкі злы дух штурхаў яго зрабіць што-небудзь непрыемнае Фёдару Фёдаравічу. Ён вышукваў гэтага з нейкай асаблівай асалодай і меў поспех. Аднойчы пагаварыў ён з ім да таго сур’ёзна, што яму прапанавана было ад начальства — або прасіць прабачэння, або ісці ў адстаўку. Ён падаў у адстаўку. Дзядзька, сапраўдны стацкі саветнік, прыехаў да яго перапалоханы і пачаў упрошваць: «Дзеля самога Хрыста! схамяніся, Андрэй Іванавіч! што гэта ты робіш? Пакідаць так выгадна пачатую кар’еру праз тое толькі, што трапіўся не такі, як хочацца, начальнік! Схамяніся! Што ты? што ты? Калі-б на гэта глядзець, тады і на службе ніхто-б не застаўся. Адумайся, адкінь гордасць, самалюбства, з’ездзі і перагавары з ім!»

«Не ў тым справа, дзядзюхна», сказаў пляменнік. «Мне не цяжка папрасіць у яго прабачэння. Я вінаваты: ён начальнік і так не трэба было гаварыць з ім. Але справа вось у чым. У мяне ёсць другая служба: трыста душ сялян, маёнтак у бязладдзі, кіраўнік — дурань. Дзяржаве страта малая, калі на маё месца сядзе ў канцылярыю іншы перапісваць паперы, але вялікая страта, калі трыста чалавек не заплоцяць падаткаў. Я — што вы падумаеце? — памешчык, які... служба... Калі я паклапачуся аб захаванні, зберажэнні і палепшанні лёсу давераных мне людзей і дам дзяржаве трыста беззаганных, цвярозых, працавітых падданых — чым мая служба будзе горш за службу якога-небудзь начальніка аддзялення Леніцына?»

Сапраўдны стацкі саветнік застаўся з разяўленым ротам ад здзіўлення. Такога патоку слоў ён не чакаў. Крыху падумаўшы, ён быў пачаў у такім родзе: «Але ўсё-ж... але як-жа так... як-жа запрапасціць сябе ў вёску? Якая-ж кампанія можа быць паміж?.. Тут усё-ж такі на вуліцы трапіцца насустрач генерал, князь. Пройдзеш і сам каля якога-небудзь... там... ну і газавае асвятленне, прамысловая Еўропа; а там-жа, што ні трапіцца, усё гэта або мужык, або баба. За што-ж так, за што-ж сябе асуджваць на невуцтва на ўсё жыццё сваё?»

Але пераканаўчыя меркаванні дзядзькі не зрабілі на пляменніка ўздзеяння. Вёска пачынала здавацца нейкім прывольным прытулкам, выхавальніцай дум і помыслаў, адзіным полем карыснай дзейнасці. Ужо ён адкапаў і навейшыя кнігі ў галіне сельскай гаспадаркі. Словам — праз тыдні два пасля гэтай размовы быў ён ужо недалёка ад тых мясцін, дзе праімчалася яго маленства, недалёка ад таго цудоўнага кутка, якім не мог налюбавацца госць і наведвальнік. Новае пачуццё страпянулася ў ім. У душы пачалі прачынацца ранейшыя, даўно не выходзіўшыя напаверх, уражанні. Ён ужо шмат якія месцы забыў зусім і з цікаўнасцю глядзеў, як навічок, на цудоўныя малюнкі. I вось, невядома ад чаго, раптам забілася ў яго сэрца. Калі-ж дарога пайшла вузкім сухадолам у гушчар велізарнага заглохшага лесу і ён убачыў уверсе, унізе, над сабой і пад сабой, трохсотгадовыя дубы, тром чалавекам як абняць, у перамешку з піхтай, вязам і ясакарам, перарастаўшым верхавіны таполі, і калі на пытанне: «чый лес?» яму сказалі «Тенцетнікава»; калі, выбраўшыся з лесу, паімчалася дарога лугамі, паўз асінавыя гаі, маладыя і старыя вербы і лозы, перад узвышшамі, што цягнуліся ўдалечыні, і двума мастамі пераляцела ў розных месцах адну і тую раку, пакідаючы яе то направа, то налева ад сябе, і калі на пытанне: «чые лугі і сенажаці?» адказалі яму: «Тенцетнікава»; калі паднялася потым дарога на гару і пайшла па роўным узвышшы, — з аднаго боку паўз нязжатае збожжа, пшаніцу, жыта і ячмень, з другога боку паўз усе раней праеханыя месцы, якія ўсе раптам паказаліся ў скарочаным аддаленні, і калі, паступова цямнеючы, уваходзіла і ўвайшла потым дарога пад цень шырокіх разлогіх дрэў, што размясціліся ўроссып па зялёным дыване да самай вёскі, і замільгалі разьбяныя хаты мужыкоў і чырвоныя дахі каменных панскіх будынін, і бліснулі залатыя верхі царквы, калі, палка забіўшыся, сэрца і без пытання ведала, куды прыехала: адчуванні, якія безупынку намнажаліся, вырваліся, нарэшце, у гучных словах: «Ну, ці не дурань я быў дагэтуль? Лёс прызначыў мне быць гаспадаром зямнога раю, а я заняволіў сябе корпацца ў мёртвых паперах? Выхаваўшыся, адукаваўшыся, зрабіўшы запас ведаў, патрэбных для пашырэння дабра паміж падуладнымі, для паляпшэння цэлай вобласці, для выканання шматлікіх абавязкаў памешчыка, які з’яўляецца ў адзін і той-жа час і суддзёй і распарадчыкам, і ахоўнікам парадку, даручыць гэтую пасаду невуку-кіраўніку, а сабе абраць завочны разгляд спраў паміж людзьмі, якіх я і ў вочы не бачыў, якіх я ні характараў, ні якасцей не ведаю, — аддаць перавагу перад сапраўдным кіраваннем папяроваму фантастычнаму кіраванню правінцыямі, што знаходзяцца за тысячы вёрст, дзе не была ніколі нага мая і дзе магу нарабіць толькі кучы недарэчнасцей і глупстваў!»

А між тым яго чакала другое відовішча. Даведаўшыся аб прыездзе пана, мужыкі сабраліся да ганка. Сарокі, кічкі, павойнікі [91], світкі і маляўніча-шырозныя бароды прыгожага насельніцтва абступілі яго наўкол. Калі пачуліся словы: «Кармілец наш! успомніў...» і мімаволі заплакалі дзядкі і бабулі, якія помнілі яго дзеда і прадзеда, не мог ён сам утрымацца ад слёз. I думаў ён сам сабе: «Столькі любві! і завошта? — За тое, што я ніколі не бачыў іх, ніколі не займаўся імі!» I даў ён сабе зарок дзяліць з імі працу і заняткі.

I пачаў ён гаспадарыць, распараджацца. Зменшыў паншчыну, зменшыў дні працы на памешчыка, і прыбавіў часу мужыку. Дурня-кіраўніка выгнаў. Сам пачаў цікавіцца ўсім, з’яўляцца на палях, у гумне, у ёўнях, на млынах, каля прыстані, пры пагрузцы і сплаве барак і пласкадонак, так што гультаі пачалі нават пачухвацца. Але цягнулася гэта нядоўга. Мужык кемлівы: ён зразумеў хутка, што пан, хоць і жвавы, і ёсць у ім таксама ахвота ўзяцца за многае, але як іменна, якім чынам узяцца, гэтага яшчэ не цяміць, гаворыць як па пісанаму і не ўшчуваючы. Вышла так, што пан і мужык неяк не тое, каб зусім не зразумелі адзін другога, але, проста, не спеліся разам, не злаўчыліся выводзіць адну і тую-ж ноту.

Тенцетнікаў пачаў прыкмячаць, што на панскай зямлі ўсё атрымлівалася неяк горш, чым на мужыцкай. Сеялася раней, узыходзіла пазней, а працавалі, здавалася, добра. Ён сам прысутнічаў і загадаў даць нават па чарцы гарэлкі за старанную працу. У мужыкоў ужо даўно каласілася жыта, выплываў авёс, кусцілася проса, а ў яго толькі ледзь пачынала збожжа ісці ў трубку, пятка коласа яшчэ не завязвалася. Словам, пачаў прыкмячаць пан, што мужык проста махлюе, не гледзячы на ўсе палёгкі. Паспрабаваў быў дакараць, але атрымаў такі адказ: «Як можна, пане, каб мы пра панскую, гэта значыць, выгаду не дбалі! Самі вы бачылі, як стараліся, калі аралі і сеялі — па чарцы гарэлкі загадалі даць». Што можна было на гэта сказаць?

«Дык чаму-ж цяпер вышла пагана?» дапытваўся пан.

«Хто яго ведае? Відаць, чарвяк пад’еў знізу. Ды і лета, бачыш ты якое, зусім дажджоў не было».

Але пан бачыў, што ў мужыкоў чарвяк не пад’ядаў знізу, дый дождж ішоў неяк дзіўна, паласой: мужыку трапіла, а на панскую ніву каб хоць кропля ўпала.

Яшчэ цяжэй яму было зладжваць з бабамі. Безупынна адпрошваліся яны ад працы, скардзячыся на цяжкасць паншчыны. Дзіўная справа! Ён знішчыў зусім усякія прыносы палатна, ягад, грыбоў і арэхаў, на палавіну зменшыў іншую працу, думаючы, што бабы скарыстаюць гэты час на хатнюю гаспадарку, абшыюць, апрануць сваіх мужыкоў, павялічаць гароды. Але дзе там! Гультаяванне, бойкі, плёткі і ўсякія сваркі завяліся паміж прыгожым полам такія, што мужыкі раз-по-разу прыходзілі да яго з такімі словамі: «Пан, супакой д’ябла-бабу! Быццам чорт які — жыцця няма ад яе!»

Хацеў ён быў, утаймаваўшы сваё сэрца, узяцца за строгасць; але як быць строгім? Баба прыходзіла такой бабай, так вішчэла, такая была хворая, такіх паганых, агідных накручвала на сябе ануч, адкуль толькі яна іх брала, бог яе ведае. «Ідзі, ідзі сабе толькі з воч маіх! Бог з табой!» гаварыў бедны Тенцетнікаў, і ўслед за гэтым бачыў, як хворая, вышаўшы за вароты, пачынала калатню з суседкай за якую-небудзь рэпу і так намінала ёй бакі, як не здолее і дужы мужык.

Надумаўся быў ён паспрабаваць нейкую там школу паміж імі завесці, але з гэтага атрымалася такая лухта, што ён і галаву звесіў; лепш было і не задумваць! У справах судовых і ў разглядах зусім не патрэбны былі ўсе гэтыя юрыдычныя тонкасці, на якія навялі яго прафесары-філосафы. I той бок маніць, і другі маніць, і чорт іх разбярэ! I бачыў ён, што больш за тонкасці юрыдычных і філасофскіх кніг было патрэбна простае веданне чалавека; і бачыў ён, што ў ім чагосьці нехапае, а чаго — бог ведае. I здарылася акалічнасць, якая так часта здараецца: ні мужык не пазнаў пана, ні пан мужыка, і мужык павярнуўся дрэнным бокам, і пан дрэнным бокам. Усё гэта значна астудзіла і запал памешчыка. Пры работах ён прысутнічаў ужо без увагі! Ці шумелі ціха косы ў лугах, ці стагавалі сена, ці клалі сцірты, ці блізка ладзілася вясковая справа — вочы яго глядзелі далей; калі ў воддалі ішла праца, яго вочы шукалі прадметы бліжэй, або глядзелі ўбок на які-небудзь закрут ракі, па берагах якой хадзіў чырвонадзюбы, чырвонаногі марцін, вядома — птушка, а не чалавек. Яны з цікавасцю глядзелі, як ён, злавіўшы ля берага рыбіну, трымаў яе ўпоперак у дзюбе, як быццам разважаючы, глытаць ці не глытаць, — і гледзячы ў той-жа час пільна ўздоўж ракі, дзе здалёк бялеўся другі марцін, які яшчэ не злавіў рыбіны, але глядзеў пільна на марціна, што ўжо злавіў рыбіну. Або, зажмурыўшы зусім вочы і прыўзняўшы галаву ўгору, да прастораў нябёс, даваў магчымасць нюху свайму ўпіваць пах палёў, а слыху здзіўляцца з галасоў паветранага пявучага насельніцтва, калі яно адусюль, ад нябёс і ад зямлі, злучаецца ў адзін гуказгодны хор, не пярэчачы адзін другому. У жыце б’е перапёлка, у траве дзярэцца драч, над ім вурчаць і ціўкаюць пералятаючы канаплянкі, мэкае, узняўшыся ў паветра, баранчык, трэліць жаўранак, знікаючы ў святле, і звонамі труб разлягаецца курлыканне журавоў, якія будуюць трохкутнікам свае чароды высока ў небе. Адгукаецца ўся аколіца, ператварыўшыся ў гукі. Тварэц! які яшчэ прыгожы твой свету глушы, у вёсачцы, далёка ад подлых гасцінцаў і гарадоў! Але і гэта пачало яму надакучаць. Хутка ён і зусім пакінуў хадзіць на поле, засеў у пакоях, адмовіўся нават прымаць з дакладам прыказчыка.

Раней з суседзяў заверне да яго бывала адстаўны гусар-паручык, пракураны наскрозь люлечны курэц, або рэзкага напрамку недавучаны студэнт, які набраўся мудрасці з сучастных брашур і газет. Але і гэта стала яму дакучаць. Размовы іх пачалі яму здавацца неяк павярхоўнымі, еўрапейска-адкрытае абыходжанне, з паляпваннем па калене, таксама і нізкапаклонствы і развязнасці — пачалі яму здавацца ўжо занадта простымі і адкрытымі. Ён рашыў з імі зусім раззнаёміцца і зрабіў гэта нават досыць рэзка. Іменна, калі найпрыемнейшы ва ўсіх павярхоўных размовах пра ўсё, прадстаўнік цяпер ужо знікаючых палкоўнікаў-брандзераў і разам з тым перадавы ўзнікаючага новага кірунку думак, Варвар Нікалаевіч Вішнепакромаў, прыёхаў да яго, каб нагаварыцца ўволю, закрануўшы і палітыку, і філасофію, і літаратуру, і мараль, і нават становішча фінансаў у Англіі — ён паслаў сказаць, што яго няма дома, і ў той-жа час меў неасцярожнасць паказацца перад акном. Госць і гаспадар сустрэліся позіркамі. Адзін, вядома, прабурчэў праз зубы «абармот!», другі паслаў яму з дакукі таксама штосьці накшталт свінні. Тым і скончыліся адносіны. З таго часу не заязджаў да яго ніхто.

Ён быў рады гэтаму і ўзяўся за прадумванне вялікага твору пра Расію. Як прадумваўся гэты твор — чытач ужо бачыў. Склаўся дзіўны, бязладны парадак. Нельга сказаць, аднак-жа, каб не былі хвілін, у якія ён быццам прачынаўся ад сну. Калі прывозіла пошта газеты і журналы і траплялася яму ў друку знаёмае імя ранейшага таварыша, які ўжо рабіў поспехі на віднай дарозе дзяржаўнай службы, або прыносіў пасільную даніну навукам і справе сусветнай, патайны ціхі сум падступаў яму пад сэрца, і сумная, бязмоўна-тужлівая, ціхая скарга на сваю бяздзейнасць прарывалася мімаволі. Тады прыкрым і брыдкім здавалася яму жыццё яго. З незвычайнай сілай уваскрасала перад ім школьная мінулая пара, і паўставаў раптам, як жывы, Аляксандр Пятровіч... Градам ліліся з воч яго слёзы...

Што значылі гэтыя рыданні? Ці выказвала імі хворая душа смутную таямніцу сваёй хваробы, — што не паспеў вырасці і ўзмацнець высокі ўнутраны чалавек, які пачынаў ужо ў ім стварацца; — што, невыпрабаваны з маладых год у барацьбе з няўдачамі, не дасягнуў ён высокага становішча ўзвышацца і дужэць ад розных перашкод; што, растапіўшыся, падобна разагрэтаму металу, багаты запас вялікіх адчуванняў не прыняў апошняй загартоўкі; што надта рана для яго памёр незвычайны настаўнік і што няма цяпер ва ўсім свеце нікога, хто здолеў-бы ўзняць хісткія ад вечных ваганняў сілы і пазбаўленую пругкасць, нядужую волю, хто-б крыкнуў душы абуджальным крыкам гэтае бадзёрае слова: наперад!, якога прагне ўсюды, на ўсіх ступенях стоячы, усіх станаў, званняў і промыслаў, рускі чалавек?

Дзе-ж той, хто-б на роднай мове рускай душы нашай умеў-бы нам сказаць гэтае ўсемагутнае слова наперад? хто, ведаючы ўсе сілы і ўласцівасці і ўсю глыбіню нашай натуры, адным чараўнічым помахам мог-бы накіраваць нас на высокае жыццё? Якімі слязамі, якой любоўю заплаціў-бы яму ўдзячны рускі чалавек! Але праходзяць вякі за вякамі, ганебнай лянотай і шалёнай дзейнасцю нясталага юнака абдымаецца... і не даецца богам муж, які ўмее вымаўляць яго.

Адна акалічнасць ледзь была не абудзіла яго, ледзь была не зрабіла перавароту ў яго характары: здарылася штосьці падобнае да кахання. Але і тут справа скончылася нічым. Па суседству, за дзесяць вёрст ад яго вёскі, жыў генерал, які адгукваўся, як мы ўжо бачылі, не вельмі добразычліва аб Тенцетнікаве. Генерал жыў генералам, хлебасольнічаў, любіў, каб суседзі прыязджалі выказваць яму шанаванне, сам не аддаваў візітаў, гаварыў хрыпла, чытаў кнігі і меў дачку, істоту нябачаную, дзіўную. Яна была штосьці жывое, як само жыццё.

Імя яе было Улінька. Выхавалася яна неяк дзіўна. Яе вучыла англічанка-гувернантка, якая не ведала ніводнага слова па-руску. Маці страціла яна яшчэ ў маленстве. Бацька не меў часу. Між іншым, любячы дачку да шаленства, ён мог толькі раздурыць яе. Як у дзіцяці, якое ўзгадавалася на волі, у ёй было ўсё свавольным. Калі-б хто ўбачыў, як раптоўны гнеў збіраў раптам строгія зморшчкі на прыгожым чале яе і як палка яна спрачалася з бацькам сваім, ён-бы падумаў, што гэта было самае капрызнае стварэнне. Але гнеў яе ўзгараўся толькі тады, калі яна чула пра якую-небудзь несправядлівасць або кепскі ўчынак у дачыненні хоць да абыкаго. I ніколі яна не спрачалася за сябе і не бараніла сябе. Гнеў гэты знік-бы за хвіліну, калі-б яна ўбачыла ў няшчасці таго самога, на каго гневалася. Пры першай просьбе аб міласціне, хто-б гэта ні быў, яна гатова была кінуць яму ўвесь свой кашалёк, з усім, што ў ім было, не ўваходзячы ні ў якія разважанні і разлікі. Было ў ёй штосьці імклівае. Калі яна гаварыла, у ёй, здавалася, усё імкнулася следам за думкай — выраз твару, выраз гутаркі, рух рукі; самыя зборкі сукенкі быццам імкнуліся ў той самы бок і, здавалася, быццам вось яна сама паляціць следам за ўласнымі словамі. Нічога не было ў ёй утоенага. Ні перад кім не спалохалася-б яна абвясціць свае думкі, і ніякая сіла не здолела-б прымусіць яе маўчаць, калі ёй хацелася гаварыць. Яе чароўная, асаблівая, уласцівая ёй адной паходка была да таго бестурботна-свабодная, што ўсё ёй давала-б мімаволі дарогу. Пры ёй неяк бянтэжыўся нядобры чалавек і нямеў; самы развязны і спрытны на словы не знаходзіў з ёю слова і губіўся, а сарамлівы мог разгаварыцца з ёю, як ніколі ў сваім жыцці ні з кім, і з першых хвілін размовы яму ўжо здавалася, што дзесьці і калісьці ён ведаў яе і быццам гэтыя самыя рысы яе ён дзесьці ўжо бачыў, што здарылася гэта ў дні нейкага незапамятнага маленства, у нейкім родным доме, вясёлым вечарам, пры радасных гульнях дзіцячага натоўпу: і надоўга потым рабіўся яму нудным разумны ўзрост чалавека.

Якраз тое-ж здарылася з ёй і з Тенцетнікавым.

Невыказнае новае пачуццё ўвайшло яму ў душу. Нуднае жыццё яго на момант асвяцілася.

Генерал прымаў спачатку Тенцетнікава досыць добра і прыветліва; але сыйсціся паміж сабой яны не маглі. Размовы іх канчаліся спрэчкамі і нейкім непрыемным адчуваннем з абодвух бакоў, таму што генерал не любіў пярэчанняў. Тенцетнікаў, з свайго боку, таксама быў чалавек вельмі чуллівы. Зразумела, што дзеля дачкі прабачалася шмат што бацьку, і мір у іх трымаўся, пакуль не прыехалі гасціць да генерала сваякі: графіня Балдырова і князёўна Юзякіна, адсталыя фрэйліны ранейшага двара, але ўтрымаўшыя і да гэтага часу сякія-такія сувязі, у выніку чаго генерал перад імі крыху подлічаў. З самага іх прыезду Тенцетнікаву здалося, што ён ставіцца да яго халадней, не заўважаў яго, або абыходзіўся як з асобай бязмоўнай: гаварыў яму неяк пагардліва: даражэнькі, паслухай, браток, і нават ты. Гэта яго, нарэшце, абурыла. Утаймаваўшы сэрца і сцяўшы зубы, ён, аднак-жа, знайшоў сілу волі, каб сказаць надзвычай ветлівым і мяккім голасам, тым часам як плямы выступілі на твары яго і ўсё ў сярэдзіне яго кіпела: «Я дзякую вам, генерал, за прыхільнасць. Словам ты вы мяне вылікаеце на цеснае сяброўства, абавязваючы і мяне гаварыць вам ты. Але розніца ў гадах перашкаджае такому фамільярнаму паміж намі абыходжанню». Генерал збянтэжыўся. Збіраючы словы і думкі, пачаў ён гаварыць, хоць крыху бязладна, што слова ты было ім сказана не ў тым сэнсе, што старому часамі дазваляецца сказаць маладому чалавеку ты (аб чыне сваім ён не ўспамянуў ні слова).

Зразумела, з таго часу знаёмства паміж імі спынілася, і каханне скончылася пры самым пачатку. Пагасла святло, якое на хвіліну было бліснула перад ім, і змярканне, што надышло за гэтым, зрабілася яшчэ больш змрочным. Усё павярнула на жыццё, якое чытач бачыў у пачатку раздзела, на ляжанне і бяздзеянне. У доме завялася брыдота і непарадак. Шчотка для падлогі заставалася на цэлы дзень сярод пакоя разам са смеццем. Панталоны заходзілі нават у гасціную. На прыгожым стале перад канапай ляжалі засаленыя падцяжкі, быццам які пачастунак для гасця, і да таго зрабілася нікчэмным і сонным яго жыццё, што не толькі перасталі паважаць яго дваровыя людзі, але ледзь не клявалі хатнія куры. Узяўшы пяро, бессэнсоўна ён рысаваў на паперы цэлымі гадзінамі рагулькі, домікі, хаты, вазы, тройкі. Але часам, усё забыўшы, пяро рысавала само сабой, без ведама гаспадара, маленькую галоўку з тонкімі рысамі, з хуткім праніклівым позіркам і ўзнятнай пасмай валасоў, і ў здзіўленні бачыў гаспадар, як атрымліваўся партрэт той, з каго не нарысаваў-бы партрэта ніякі мастак. I яшчэ больш сумна рабілася яму і, верачы таму, што няма на зямлі шчасця, заставаўся ён яшчэ больш пасля гэтага нудным і маўклівым.

Такі быў стан душы Андрэя Іванавіча Тенцетнікава. У той час, калі, паводле прызвычаення, падсеў ён да акна паўзірацца звычайным парадкам, але на сваё здзіўленне не чуў ні Грыгорыя, ні Перфільеўны, на дварэ, наадварот, быў некаторы рух і некаторая мітусня. Падкухцік і дваровая дзяўчына беглі адчыняць вароты. У варотах паказаліся коні, акурат, як лепяць, ці рысуюць іх на трыумфальных варотах; морда направа, морда налева, морда пасярэдзіне. Вышэй іх, на козлах — фурман і лакей, у шырокім сурдуце, падперазаны насавой хусткай. За імі пан, у шапцы і шынялі, захутаны ў касынку вясёлкавых колераў. Калі экіпаж выкіраваўся каля ганку, выявілася, што быў ён не што іншае, як рэсорная лёгкая брычка. Пан, незвычайна прыстойнага выгляду, саскочыў на ганак з хуткасцю і спрытам амаль ваеннага чалавека.

Андрэй Іванавіч спужаўся: ён палічыў яго за ўрадавага чыноўніка. Трэба сказаць, што ў маладосці сваёй ён быў замяшаўся ў адну неразумную справу. Два філосафы з гусар, якія начыталіся ўсякіх брашур, ды эстэтык, што не дакончыў вучэбнага курса, ды ігрок, які пратраціўся ўшчэнт, наладзілі нейкае філантрапічнае таварыства, пад вярхоўным кіраўніцтвам старога махляра і масона і таксама карцёжніка, але красамоўнейшага чалавека. Таварыства было закладзена з шырокай мэтай — здабыць трывалае шчасце ўсяму чалавецтву, ад берагоў Тэмзы да Камчаткі. Каса грошай спатрэбілася велізарная; ахвяры збіраліся з велікадушных членаў неймаверныя. Куды гэта ўсё пайшло — ведаў аб гэтым толькі адзін вярхоўны распарадчык. У гэтае таварыства зацягнулі яго два прыяцелі, якія належалі да класа засмучаных людзей, добрыя людзі, але якія, ад частых тостаў у імя навукі, асветы і будучых паслуг чалавецтву, зрабіліся потым фармальнымі п’яніцамі. Тенцетнікаў хутка схамянуўся і вышаў з гэтага кола. Але таварыства паспела ўжо заблытацца ў нейкіх іншых дзеяннях, нават не зусім прыстойных двараніну, так што потым завязаліся справы з паліцыяй... А таму не дзіўна, што, і вышаўшы і парваўшы ўсякія зносіны з імі, Тенцетнікаў не мог, аднак-жа, быць спакойным; на сумленні ў яго было не зусім ёмка. Не без страху глядзеў ён і цяпер як адчыняліся дзверы.

Страх яго, аднак-жа, раптам мінуўся, калі госць раскланяўся са спрытам незвычайным, захоўваючы пачцівае становішча галавы, крыху набок, і ў кароткіх, але ў пэўных словах растлумачыў, што ўжо даўно ён ездзіць па Расіі, да чаго пабуджаюць яго і патрэбы і цікаўнасць; што дзяржава наша вельмі багата прадметамі выдатнымі, ужо не гаворачы пра багацце промыслаў і рознастайнасць глебы; што ён захапіўся маляўнічай мясцовасцю, дзе знаходзіцца яго вёска; што, не гледзячы, аднак-жа, на гэта, ён не адважыўся-б непакоіць яго недарэчным сваім заездам, калі-б не здарылася, з прычыны вясновых разводдзяў і дрэнных дарог, раптоўнай паломкі ў яго экіпажы, якая патрабуе рукі дапамогі з боку кавалёў і майстроў; што пры ўсім гэтым, аднак-жа, калі-б нават і нічога не здарылася з яго брычкай, ён-бы не мог адмовіць сабе ў прыемнасці засведчыць яму асабіста сваё шанаванне.

Скончыўшы прамову, госць, з заваблівай прыемнасцю, падшаркнуў нагой, якая была абута ў франтаўскі лакавы поўбоцік, зашпілены на перламутравыя гузікі, і, не гледзячы на паўнату тулава, адскочыў зараз-жа крыху назад з лёгкасцю гумавага мячыка.

Супакоены Андрэй Іванавіч вырашыў, што гэта павінен быць які-небудзь дапытлівы вучоны прафесар, які ездзіць па Расіі, магчыма, для таго, каб збіраць якія-небудзь расліны або, магчыма, выкапні. Зараз-жа выказаў ён яму ўсякую гатоўнасць садзейнічаць ва ўсім; запрапанаваў сваіх майстроў, калёснікаў і кавалёў, прасіў размясціцца, як у сябе дома; пасадзіў яго ў вялікае вальтэраўскае крэсла і нарыхтаваўся слухаць яго апавяданні з галіны прыродазнаўчых навук.

Госць, аднак-жа, закрануў больш падзеі ўнутранага свету. Прыраўняў сваё жыццё да судна пасярод мораў, якое гоняць адусюль вераломныя вятры; успомніў пра тое, што павінен быў перамяніць многа пасад, што многа пацярпеў за праўду, што нават само жыццё яго было не раз у небяспецы з боку ворагаў, і многа яшчэ расказаў ён такога, што паказвала яго хутчэй як практычнага чалавека. У заканчэнні прамовы, высмаркаўся ён у белую батыставую хустачку так гучна, як Андрэю Іванавічу яшчэ і не здаралася чуць. Часамі трапляецца ў аркестры такая пройда-труба, якая калі рэзне, дык здасца, што грымнула не ў аркестры, але ва ўласным вуху. Такі вось гук пачуўся ў абуджаных пакоях дрымотнага дома, і зараз-жа ўслед за ім павеяў водар адэкалона, які быў непрыкметна пашыраны спрытным патрэсваннем насавой батыставай хустачкі.

Чытач, магчыма, ужо здагадаўся, што госць быў не хто іншы, як наш шаноўны, даўно намі пакінуты Павел Іванавіч Чычыкаў. Ён крыху пастарэў: як відаць, не без бур і трывог быў для яго гэты час. Здавалася, быццам і самы фрак на ім крыху пашарпаўся, і брычка, і фурман, і слуга, і коні, і запрэжка як быццам паабціраліся і пазношваліся. Здавалася, быццам і самыя фінансы нават былі не ў зайздросным стане. Але выраз твару, прыстойнасць, абыходжанне засталіся тыя-ж. Нават як быццам яшчэ прыемнейшы зрабіўся ён ва ўчынках і зваротах, яшчэ спрытней падкладаў пад ножку ножку, калі садзіўся ў крэсла. Яшчэ больш было мяккасці ў яго вымаўленні, асцярожнай памеркаванасці ў словах і выразах, больш умельства трымаць сябе і больш такту ва ўсім. Бялей і чысцей за снег былі на ім каўнерыкі і манішка, і, не гледзячы на тое, што быў ён з дарогі, ні парушынкі не села яму на фрак,—хоць запрашай зараз-жа яго на імянінны абед. Шчокі і падбародак выгалены былі так, што толькі сляпы не мог не палюбавацца прыемнай выпукласцю круглаты іх.

У доме адбылося адразу-ж пераўтварэнне. Палавіна яго дагэтуль сляпая, з забітымі акяніцамі, раптам стала відушчай і азарылася. Усё пачало размяшчацца ў асветленых пакоях, і хутка ўсё набыло такі выгляд: пакой, прызначаны быць спальняй, размясціў у сабе рэчы, неабходныя для начнога туалета; пакой, прызначаны быць кабінетам... але раней неабходна ведаць, што ў гэтым пакоі былі тры сталы: адзін пісьмовы — перад канапай, другі ломберны — паміж вокнамі перад люстэркам, трэці трыкутны — у кутку, паміж дзвярамі ў спальню і дзвярамі ў нежылы зал з інваліднай мэбляй, які служыў цяпер пярэдняй і куды дасюль з год не заходзіў ніхто. На гэтым трыкутным стале размясцілася падаставаная з чамадана вопратка, і іменна: панталоны пад фрак, панталоны новыя, панталоны шэранькія, дзве аксамітныя камізэлькі і дзве атласныя і сурдут. Усё гэта размясцілася адно на другім пірамідкай і накрылася зверху насавой шаўковай хустачкай. У другім кутку, паміж дзвярамі і акном, выстраіліся ў радок боты: адны не зусім новыя, другія зусім новыя, лакіраваныя чаравікі і спальныя. Яны таксама сарамліва завесіліся шаўковай насавой хустачкай, — так, быццам іх там зусім не было. На пісьмовым стале зараз-жа размясціліся: шкатулка, пляшка з адэкалонам, каляндар і два нейкія раманы, абодва другія тамы. Чыстая бялізна змясцілася ў камодзе, што ўжо знаходзіўся ў спальні; бялізна-ж, якую належала аддаць прачцы, звязана была ў вузел і падсунута пад ложак. Спарожнены чамадан быў таксама падсунуты пад ложак. Шабля, якая ездзіла па дарогах, каб наганяць страх на зладзеяў, змясцілася таксама ў спальні, павіснуўшы на цвіку, недалёка ад ложка. Усё набыло выгляд чыстаты і ахайнасці незвычайнай. Нідзе ні паперкі, ні пярынкі, ні парушынкі. Самое паветра неяк палепшылася: у ім умацаваўся прыемны пах здаровага свежага мужчыны, які бялізны не заношвае, у лазню ходзіць і выцірае сябе мокрай губкай па нядзелях. У пярэднім зале спрабаваў быў умацавацца на час пах слугі Пятрушкі, але Пятрушка хутка перамешчаны быў у кухню, як яно і належала.

Першыя дні Андрэй Іванавіч баяўся за сваю незалежнасць, каб як-небудзь госць не звязаў яго, не абцяжыў якімі-небудзь зменамі ў жыццёвым ладзе і не парушыўся-б парадак дня яго, так удала заведзены; але боязнь была дарэмная. Павел Іванавіч наш паказаў незвычайна гнуткую здольнасць прыстасавацца да ўсяго. Ухваліў філасафічную павольнасць гаспадара, сказаўшы, што яна абяцае стогадовае жыццё. Пра адзіноту выказаўся вельмі трапна, іменна, што яна жывіць вялікія думкі ў чалавеку. Зірнуўшы на бібліятэку і пахваліўшы кнігі наогул, заўважыў, што яны ратуюць ад бяздзейнасці чалавека. Сказаў слоў няшмат, але значных. Ва ўчынках сваіх ён патрапіў быць яшчэ больш да месца. Своечасова з’яўляўся, своечасова адыходзіў; не абцяжваў гаспадара распытваннем, калі той быў негаваркі; з прыемнасцю гуляў з ім у шахматы, з прыемнасцю маўчаў. У той час, калі адзін пускаў кучаравымі воблакамі дым з люлькі, другі, не курачы люлькі, прыдумваў, аднак-жа адпаведны занятак: даставаў, напрыклад, з кішэні срэбраную з чэрню табакерку, і, умацаваўшы яе паміж двух пальцаў левай рукі, пакручваў яе хутка пальцамі правай, накшталт таго, як зямная сфера круціцца навокал сваёй восі, ці так барабаніў па ёй пальцам, з прысвістам. Словам — не перашкаджаў гаспадару. «Я першы раз бачу чалавека, з якім можна жыць», гаварыў сам сабе Тенцетнікаў: «наогул гэтага ўмельства ў нас мала. Паміж намі ёсць даволі людзей, і разумных, і адукаваных, і добрых, але людзей сталага, роўнага характару, людзей, з якімі можна было-б пражыць век і не пасварыцца, — я не ведаю, ці многа ў нас можна адшукаць такіх людзей. Вось першы чалавек, якога я бачу». Так адгукаўся Тенцетнікаў аб сваім гасці.

Чычыкаў, з свайго боку, быў вельмі рады, што пасяліўся на час у такога мірнага і ціхага гаспадара. Цыганскае жыццё яму надакучыла. Адпачыць, хоць месяц, у цудоўнай вёсцы, між палёў, на пачатку вясны, карысна было нават і ў гемараідальных адносінах.

Цяжка было адшукаць лепшы куток для спачынку. Вясна, якую доўга затрымлівалі халады, раптам пачалася ва ўсёй красе сваёй, і жыццё зайграла ўсюды. Ужо сінелі пралескі, і па свежым ізумрудзе першай зеляніны жаўцелі дзьмухаўцы, лілова-ружовы анемон нахіляў кволую галоўку. Раі мошак і кучы казюлек з’явіліся на балотах; наўздагон за імі бегаў ужо вадзяны павук; а за імі розная птушка сабралася адусюль у сухі чарот. I ўсё збіралася бліжэй паглядзець адно на другое. Раптам насялілася зямля, прачнуліся лясы, загучэлі лугі. У вёсцы пайшлі карагоды. Гулянню быў прастор. Колькі яркасці ў зеляніне! колькі свежасці ў паветры! колькі птушынага крыку ў садах! Рай, радасць і лікаванне ўсяго! Вёска гучала і спявала, як быццам на вяселлі.

Чычыкаў хадзіў шмат. Прагулкам і гулянням было прыволле ўсюды. То ішоў ён на прагулку па плоскай вяршыні ўзвышшаў, маючы перад вачамі даліны, што рассцілаліся ўнізе, дзе яшчэ ўсюды заставаліся вялікія азёры ад веснавога разводдзя, і астравамі на іх цямнелі яшчэ голыя лясы; або ўваходзіў у гушчар, у лясныя яры, дзе стоўпі...[92] густа дрэвы, абцяжаныя птушынымі гнёздамі, што змясці...[92] крыклівых крумкачоў, якія цьмянілі неба крыжаваным лётам. Па абсохшай зямлі можна было накіравацца да прыстані, адкуль з гарохам, ячменем і пшаніцай адплывалі першыя судны, між тым, як у той-жа час з аглушальным шумам імчалася вада на колы млына, што пачынаў працаваць. Хадзіў ён наглядаць першыя веснавыя работы, глядзець, як свежая ралля чорнай паласой праходзіла па зеляніне, і сейбіт, пастукваючы рукой аб сяўню, што вісела ў яго на грудзях, жменяй раскідаў насенне роўна, ні зернятка не перадаўшы на той ці іншы бок.

Чычыкаў пабыў усюды. Пагаварыў і паталкаваў і з прыказчыкамі, і з мужыкамі, і з млынаром. Даведаўся пра ўсё, і што, і як, і якім чынам гаспадарка ідзе, і на колькі хлеба прадаецца, і колькі выбіраюць вясной і восенню за мліва мукі, і як зваць кожнага мужыка, і хто з кім сваякі, і дзе купіў карову, і чым корміць свінню, словам—усё. Даведаўся і пра тое, колькі перамерла мужыкоў; выявілася—няшмат... Як разумны чалавек, заўважыў ён раптам, што несамавіта ідзе гаспадарка ў Андрэя Іванавіча: усюды недагляд, нядбайства, зладзейства, нямала і п’янства. I думаў: «Які, аднак-жа, абармот Тенцетнікаў! Такі маёнтак і так запусціць! Можна-б мець пяцьдзесят тысяч гадавога прыбытку».

Не раз, паміж такіх прагулак, прыходзіла яму ў думкі зрабіцца калі-небудзь самому, — г. зн., зразумела, не цяпер, але потым, калі будзе зроблена галоўная справа і будуць сродкі ў руках, — зрабіцца самому мірным уладаром падобнага маёнтка. Тут, зразумела, зараз-жа ўяўлялася яму нават і маладая, свежая, белатварая кабетка, з купецкага ці іншага багатага саслоўя, якая-б нават ведала і музыку. Уяўлялася яму і маладое пакаленне, якое павінна ўвекавечыць фамілію Чычыкавых: хлапчук-гарэза і красуня-дачка, або нават два хлапчукі, дзве і нават тры дзяўчынкі, каб было ўсім вядома, што ён сапраўды жыў і існаваў, а не тое, што прайшоў якім-небудзь ценем ці прывідам па зямлі,—каб не было сорамна і перад айчынай. Тады яму пачынала ўяўляцца нават і тое, што нядрэнна-б і да чына мець некаторы дадатак: стацкі саветнік, напрыклад, чын варты павагі і пашаны... Ці мала чаго не прыходзіць у галаву, пад час прагулак, чалавеку, што чалавека так часта адцягвае ад нуднай цяперашняй хвіліны, варушыць, дражніць, кратае ўяўленне і бывае яму прыемна нават тады, калі ўпэўнены ён сам, што гэта ніколі не здзейсніцца!

Людзям Паўла Іванавіча вёска таксама спадабалася. Яны, таксама як і ён, абжыліся ў ёй. Пятрушка сышоўся вельмі хутка з буфетчыкам Грыгорыем, хоць спачатку яны абодва важнічалі і надзімаліся адзін перад другім страшэнна. Пятрушка пусціў Грыгорыю пыл у вочы сваёй бываласцю ў розных месцах, Грыгорый-жа абсадзіў яго адразу Пецербургам, у якім Пятрушка не быў. Апошні хацеў быў падняцца і выехаць на далёкай адлегласці тых месцаў, у якіх яму давялося пабыць; але Грыгорый назваў яму такое месца, якога ні на адной карце нельга было адшукаць, і налічыў больш за трыццаць тысяч вёрст, так што слуга Паўла Іванавіча зусім асавеў, разявіў рот і быў абсмяяны зараз-жа ўсёй дворняй. Справа, аднак-жа, скончылася паміж імі самай цеснай дружбай. У канцы вёскі Лысы Пімен, дзядзька ўсіх сялян, трымаў карчму, якая мела імя Акулька. У гэтай установе бачылі іх усе гадзіны дня. Там зрабіліся яны сваімі сябрамі, ці тым, што называюць у народзе — карчомныя заўсягдатаі.

У Селіфана была іншагароду прываба. На вёсцы, што ні вечар, спяваліся песні, запляталіся і распляталіся веснавыя карагоды. Пародзістыя стройныя дзеўкі, якіх цяжка ўжо цяпер адшукаць у вялікіх вёсках, прымушалі яго па некалькі гадзін стаяць варонай. Цяжка было сказаць, якая лепшая: ва ўсіх белыя грудзі, белыя шыі, ва ўсіх вочы рэпай, ва ўсіх вочы з павалокай, паходка, як у павы, і каса да пояса. Калі, узяўшыся аберуч за белыя рукі, павольна рушыўся ён з імі ў карагодзе, або выходзіў на іх сцяной, у шэрагу з іншымі хлопцамі, і выходзячы, таксама сцяной насустрач ім, гучна выспеўвалі, усміхаючыся, гарлатыя дзеўкі: «Баяры, пакажыце жаніха!» і ціха цьмянілася наўкруг наваколіца і, разлегшыся далёка за ракой, вярталася сумным назад водгулле спеву, не ведаў ён і сам тады, што з ім рабілася. У сне і на яве, раніцой і змярканнем, усё мроілася яму потым, што ў абодвух руках яго белыя рукі, і рушыцца ён у карагодзе.

Коням Чычыкава спадабалася таксама новае жытло. I каранны, і Засядацель, і сам пярэсты лічылі бытаванне ў Тенцетнікава зусім не нудным, авёс выдатным, а размяшчэнне стайняў незвычайна зручным: у кожнага стойла, хоць і адгароджанае, але праз загародкі можна было бачыць і іншых коней, так што, калі-б з’явілася ў каго-небудзь з іх, нават самага далёкага, ахвота раптам заірзаць, можна было-б адразу адказаць яму тым-жа.

Словам, усе абжыліся, як дома. Што-ж тычыцца той патрэбы, дзеля якой Павел Іванавіч аб’язджаў прасторную Расію, гэта значыць — мёртвых душ, дык наконт гэтага прадмета ён зрабіўся вельмі асцярожным і далікатным, калі-б нават давялося весці справу з круглымі дурнямі. Але Тенцетнікаў, як-бы там ні было, чытае кнігі, філасофствуе, стараецца вытлумачыць сабе розныя прычыны ўсяго — навошта і чаму? «Не, лепш пашукаць, ці нельга з другога канца». Так думаў ён. Гутарачы часта з дваровымі людзьмі, ён, між іншым, ад іх даведаўся, што пан ездзіў часта да суседа-генерала, што ў генерала паненка, што пан быў да паненкі, дый і паненка таксама да пана... але потым раптам за штосьці завяліся і разышліся. Ён заўважыў і сам, што Андрэй Іванавіч алоўкам і пяром усё рысаваў нейкія галоўкі, падобныя адна да другой.

Аднойчы, пасля абеда, пакручваючы, як звычайна, пальцам срэбраную табакерку навокал яе восі, сказаў ён так: «У вас усё ёсць, Андрэй Іванавіч, аднаго толькі нехапае».

«Чаго?» запытаў той, выпускаючы кучаравы дым.

«Сяброўкі жыцця», сказаў Чычыкаў.

Нічога не сказаў Андрэй Іванавіч. На тым размова і скончылася.

Чычыкаў не збянтэжыўся, выбраў іншы час, перад вячэрай ужо і, размаўляючы пра тое і пра сёе, раптам сказаў: «А дапраўды, Андрэй Іванавіч, вам-бы вельмі не шкодзіла жаніцца».

Хоць-бы слова сказаў на гэта Тенцетнікаў, нібы сапраўды самая размова пра гэта была яму непрыемна.

Чычыкаў не збянтэжыўся. Трэці раз выбраў ён ужо час пасля вячэры і сказаў так: «А ўсё-ж такі, як ні прыкіну вашы справы, бачу, што трэба вам жаніцца: апануе вас іпахондрыя».

Ці словы Чычыкава на гэты раз былі такія пераканаўчыя, ці настрой у гэты дзень у яго быў асабліва схільны да шчырасці — ён уздыхнуў, сказаў, пусціўшы ўгору дым з люлькі: «На ўсё трэба нарадзіцца шчасліўцам, Павел Іванавіч», і расказаў усё, як было, усю гісторыю знаёмства з генералам і разрыву.

Калі пачуў Чычыкаў, ад слова да слова, усю справу, і ўбачыў, што праз адно слова ты вышла такая гісторыя, ён аслупянеў. З хвіліну глядзеў ён пранікліва ў вочы Тенцетнікаву, не ведаючы, як рашыць пра яго: ці круглы дурань, ці толькі прыдуркаваты, і нарэшце — «Андрэй Іванавіч! даруйце!» сказаў ён, узяўшы яго за абедзве рукі: «якая-ж абраза? што-ж тут абразлівага ў слове ты?»

«У самым слове няма нічога абразлівага», сказаў Тенцетнікаў: «але ў сэнсе слова, але ў голасе, якім сказана яно змяшчаецца абраза. Ты! — гэта значыць: «Помні, што ты дрэнь, я прымаю цябе толькі таму, што няма нікога лепшага; а прыехала якая-небудзь князёўна Юзякіна — ты ведай сваё месца, стой каля парога». Вось што гэта значыць! Гаворачы гэта, спакойны і лагодны Андрэй Іванавіч забліскаў вачамі; у голасе яго пачулася абурэнне абражанага пачуцця.

«Ды хоць-бы нават у гэтым сэнсе, што-ж тут такога?» сказаў спакойна Чычыкаў.

«Як! Вы хочаце, каб я працягваў бываць у яго пасля такога ўчынку?»

«Ды які-ж гэта ўчынак? Гэта нават не ўчынак», сказаў спакойна Чычыкаў.

«Як не ўчынак?» запытаў у здзіўленні Тенцетнікаў.

«Гэта генеральская прывычка, а не ўчынак: яны ўсім гавораць ты. Ды зрэшты, чаму-ж гэтага і не дазволіць заслужанаму, шаноўнаму чалавеку?..»

«Гэта іншая справа», сказаў Тенцетнікаў. «Калі-б ён быў стары, бедны, не горды, не фанабэрысты, не генерал, я тады дазволіў-бы яму казаць мне ты і прыняў-бы нават з пашанай».

«Ён зусім дурань», падумаў сам сабе Чычыкаў: «абадранцу дазволіць, а генералу не дазволіць!..» — «Добра!» сказаў ён уголас: «дапусцім, ён вас абразіў, затое вы разлічыліся з ім: ён вам, і вы яму. Сварыцца, пакідаючы асабістую ўласную [справу],— гэта, выбачце... Калі ўжо выбрана мэта, ужо трэба ісці напралом. Чаго глядзець на тое, што чалавек плюецца! Чалавек заўсёды плюецца: ён так ужо створаны. Ды вы не адшукаеце цяпер у цэлым свеце такога, які-б не пляваўся».

«Дзіўны чалавек гэты Чычыкаў!» думаў сам сабе ў здзіўленні Тенцетнікаў, зусім збянтэжаны такімі словамі.

«Які, аднак-жа, дзівак гэты Тенцетнікаў!» думаў тым часам Чычыкаў.

«Андрэй Іванавіч! я буду гаварыць з вамі як брат з братам. Вы чалавек неспрактыкаваны — дазвольце мне ўладзіць гэтую спіраву. Я з’езджу да яго прэвасхадзіцельства і вытлумачу, што здарылася гэта з вашага боку па непаразуменню, па маладосці і няведанню людзей і свету».

«Подлічаць перад ім я не маю намеру!» сказаў, абразіўшыся, Тенцетнікаў: «ды і вас не магу на гэта ўпаўнаважыць».

«Подлічаць я не здольны», сказаў, абразіўшыся, Чычыкаў, «быць вінаватым у іншым учынку, па-чалавечы, магу, але ў подласці — ніколі... Выбачце, Андрэй Іванавіч, за маё добрае жаданне, я не чакаў, каб словы мае прымалі вы ў такім крыўдным сэнсе». Усё гэта было сказана з пачуццём годнасці.

«Я вінаваты, выбачце!» сказаў паспешна расчулены Тенцетнікаў, схапіўшы яго за абедзве рукі. «Я не думаў вас абразіць. Клянуся, я цаню вашу добрую спагаду! Але пакінем гэтую размову. Не будзем больш ніколі пра гэта гутарыць!»

«У такім выпадку, я так паеду да генерала».

«Чаго?» запытаў Тенцетнікаў, гледзячы ў здзіўленні яму ў вочы.

«Засведчыць шанаванне».

«Дзіўны чалавек гэты Чычыкаў!» падумаў Тенцетнікаў.

«Дзіўны чалавек гэты Тенцетнікаў!» падумаў Чычыкаў.

«Я заўтра-ж, Андрэй Іванавіч, каля дзесяці гадзін раніцы і паеду да яго. Па-мойму, чым хутчэй засведчыць шанаванне чалавеку, тым лепш. Паколькі брычка мая яшчэ не ў належным стане, дазвольце мне ўзяць у вас каляску. Я заўтра-ж, гэтак каля дзесяці гадзін раніцы, і з’ездзіў-бы да яго».

«Даруйце, што за просьба? Вы поўны гаспадар: і экіпаж, і ўсё да вашых паслуг».

Пасля такой размовы, яны развіталіся і разышліся спаць, разважаючы пра дзівацтва адзін другога.

Дзіўная, аднак-жа, справа! На другі дзень, калі падалі Чычыкаву коней і ўскочыў ён у каляску з лёгкасцю амаль ваеннага чалавека, апрануты ў новы фрак, белы гальштук і камізэльку, і пакаціўся сведчыць шанаванне генералу, Тенцетнікава ахапіла такое хваляванне духу, якога ён даўно не зазнаваў. Увесь гэты іржавы і дрэмлючы ход яго думак ператварыўся ў дзейна-неспакойны. Нервовая ўзрушанасць апанавала ўсе пачуцці паглыбленага дасюль у бесклапотную ляноту абібока. То садзіўся ён на канапу, то падыходзіў да акна, то браўся за кнігу, то хацеў думаць — дарэмнае жаданне! думка не лезла яму ў галаву. То стараўся ні пра што не думаць — дарэмныя высілкі! урыўкі чагосьці, падобнага да думак, канцы і хвосцікі думак лезлі і адусюль наклёўваліся яму ў галаву. «Дзіўны стан!» сказаў ён і падсунуўся да акна глядзець на дарогу, што прарэзвала дуброву, у канцы якой яшчэ курыўся, не  паспеўшы асесці, пыл. Але, пакінем Тенцетнікава, рушым следам за Чычыкавым.

РАЗДЗЕЛ II

Добрыя коні за нейкія поўгадзіны праймчалі Чычыкава праз дзесяцівёрстную прастору; спачатку дуброваю, потым праз збожжа, якое пачынала зелянець пасярод свежай раллі, потым чорнай ускраінай, з якой штохвілінна адкрываліся краявіды ў далечыню; потым шырокай алеяй ліп, ледзь пачынаўшых развівацца, прымчалі яго ў самую сярэдзіну вёскі. Тут алея ліп звярнула направа і, ператварыўшыся ў вуліцу таполяў, абгароджаных знізу плеценымі кошыкамі, уперлася ў чыгунныя скразныя вароты, праз якія выглядаў кучаравы багаты разьбяны франтон генеральскага дома, што абапіраўся на восем карынфскіх калон. Адусюль тхнула маслянай фарбай, якая ўсё абнаўляла і нічаму не давала састарыцца. Двор чыстатой быў падобны да паркета. З пашанай саскочыў Чычыкаў, загадаў аб сабе далажыць генералу і быў уведзены да яго проста ў кабінет. Генерал здзівіў яго велічным выглядам. Ён быў у атласным пікаваным халаце раскошнага пурпуру. Адкрыты позірк, мужны твар, вусы і вялікія бакенбарды з сівізной, стрыжка на патыліцы нізкая, пад грэбянец, шыя ззаду тоўстая, што называецца ў тры паверхі, або ў тры столкі, са шчылінай упоперак: словам — гэта быў адзін з тых карцінных генералаў, на якіх так багаты быў славуты 12-ы год. Генерал Бетрышчэў, як і шмат хто з нас, змяшчаў у сабе пры кучы вартасцей і кучу недахопаў. Тое і другое, як водзіцца ў рускім чалавеку, было накідана ў яго ў нейкім маляўнічым беспарадку. У рашучыя хвіліны — велікадушнасць, смеласць, бязмежная шчодрасць, розум ва ўсім і, у дамешак да гэтага, капрызы, чэсталюбства, самалюбства, і тыя дробныя асаблівасці, без якіх не абыходзіцца ніводзін рускі, калі ён сядзіць без справы і няма рашуч.... Ён не любіў усіх, хто вышаў наперад яго па службе, і адгукаўся аб іх уедліва ў калючых эпіграмах. Больш за ўсё перападала яго ранейшаму таварышу, якога лічыў ён ніжэй за сябе і розумам, і здольнасцямі, і які, аднак-жа, абагнаў яго і быў ужо генерал-губернатарам двух губерняў, і, як назнарок, тых, дзе знаходзіліся яго маёнткі, так што ён апынуўся нібыта ў залежнасці ад яго. Помсцячы, ён калоў яго пры кожным выпадку, ганьбіў усякае распараджэнне і бачыў ва ўсіх захадах і дзеяннях яго верх неразумнасці. У ім было ўсё неяк дзіўна, пачынаючы з асветы, якой ён быў прыхільнік і абаронца, любіў таксама ведаць тое, чаго іншыя не ведаюць, і не любіў тых людзей, якія ведаюць што-колечы такое, чаго ён не ведае.

Словам, ён любіў павыхваляцца розумам. Выхаваны напоўзамежным выхаваннем, ён хацеў адыграць у той-жа час ролю рускага пана. I не дзіўна, што з такой няроўнасцю ў характары, з такімі буйнымі, яркімі супроцьлегласцямі, ён павінен быў немінуча сустрэць мноства непрыемнасцей па службе, у выніку якіх і пайшоў у адстаўку, абвінавачваючы ва ўсім нейкую варожую партыю і не маючы велікадушнасці абвінаваціць у чымсьці самога сябе. У адстаўцы захаваў ён тую-ж карцінную велічную паставу. Ці ў сурдуце, ці ў фраку, ці ў халаце — ён быў усё той-жа. Ад голасу да найменшага руху цела, у ім усё было ўладарнае, загаднае, што выклікала ў ніжэйшых чынах калі не павагу, дык прынамсі боязнь.

Чычыкаў адчуў тое і другое: і павагу і боязнь. Нахіліўшы пачціва галаву набок і расставіўшы рукі наводлет, нібы рыхтаваўся прыўзняць імі паднос з кубкамі, ён наўздзіў спрытна нагнуўся ўсім корпусам і сказаў: «Палічыў за абавязак прадставіцца вашаму прэвасхадзіцельству. Адчуваючы павагу да доблесцей людзей, якія ратавалі айчыну на полі бітвы, палічыў за абавязак прадставіцца асабіста вашаму прэвасхадзіцельству».

Генералу, як відаць, не не спадабаўся такі пачатак. Зрабіўшы вельмі прыхільны рух галавой, ён сказаў: «Вельмі рады пазнаёміцца. Будзьце ласкавы садзіцца. Дзе вы служылі?»

«Шлях маёй службы», сказаў Чычыкаў, сядаючы ў крэсла не на сярэдзіну, а наўскос, і ўзяўшыся рукамі за ручку крэсла, «пачаўся ў казённай палаце, ваша прэвасхадзіцельства. Далейшы ход яе прарабляў у розных месцах: быў і ў народным судзе, і ў камісіі будаўніцтва, і ў мытніцы. Жыццё маё можна прыраўняць як-бы да судна сярод хваль, ваша прэвасхадзіцельства. Цярплівасцю, можна сказаць, спавіты, спялюшкаваны і, будучы, можна сказаць, сам увасабленнем цярплівасці... А што было ад ворагаў, якія рабілі замахі на самое жыццё, дык гэта ні словы, ні фарбы, ні самая, так сказаць, кісць не здолее перадаць, так што на схіле жыцця свайго шукаю толькі кутка, дзе-б правесці рэшту дзён. Прыпыніўся-ж пакуль што ў блізкага суседа вашага прэвасхадзіцельства...»

«У каго гэта?»

«У Тенцетнікава, ваша прэвасхадзіцельства».

Генерал паморшчыўся.

«Ён, ваша прэвасхадзіцельства, вельмі каецца ў тым, што не выказаў належнай павагі...»

«Да чаго?»

«Да заслуг вашага прэвасхадзіцельства. Не знаходзіць слоў... Кажа: «Калі-б я толькі мог чым-небудзь... таму што сапраўды», кажа, «умею цаніць мужоў, якія ратавалі айчыну», кажа».

«Паслухайце, што-ж ён? Ды я-ж не гневаюся», сказаў, памякчэўшы, генерал. «У маёй душы я шчыра палюбіў яго і ўпэўнены, што з часам ён будзе найкарыснейшы чалавек».

«Зусім справядліва мелі ласку выславіцца, ваша прэвасхадзіцельства: сапраўды найкарыснейшы чалавек; можа перамагаць і дарам слова і ўладае пяром».

«Але піша, я думаю, глупства — якія-небудзь вершыкі?»

«Не, ваша прэвасхадзіцельства, не глупства. Ён штосьці людскае... Ён піша... гісторыю, ваша прэвасхадзіцельства».

«Гісторыю? аб чым гісторыю?»

«Гісторыю...» тут Чычыкаў спыніўся, і ці таму, што перад ім сядзеў генерал, ці проста, каб надаць больш важнасці прадмету, дадаў: «гісторыю аб генералах, ваша прэвасхадзіцельства».

«Як аб генералах? аб якіх генералах?»

«Наогул аб генералах, ваша прэвасхадзіцельства, аб усіх разам. Гэта значыць, уласна кажучы, аб айчынных генералах».

Чычыкаў зусім заблытаўся і збянтэжыўся, ледзь не плюнуў сам і ў думках сказаў сам сабе: «Божа, што за глупства такое вярзу!»

«Выбачце, я не вельмі разумею... Што-ж гэта выходзіць, гісторыю якога-небудзь часу, або асобныя біяграфіі? і пры тым ці ўсіх, ці толькі тых, хто ўдзельнічаў у 12-м годзе?»

«Зусім так, ваша прэвасхадзіцельства, хто ўдзельнічаў у 12-м годзе!» Сказаўшы гэта, ён падумаў сам сабе: «Хоць забі, не разумею!»

«Дык чаму-ж ён да мяне не прыедзе? Я змог-бы сабраць яму вельмі многа цікавых матэрыялаў».

«Баіцца, ваша прэвасхадзіцельства».

«Якое глупства! Праз нейкае там пустое слова, што паміж намі прамовіў... Ды я зусім не такі чалавек. Я, бадай-што, сам да яго гатоў прыехаць».

«Ён да гэтага не дапусціць, ён сам прыедзе», сказаў Чычыкаў, супакоіўся і зусім падбадзёрыўся, і падумаў: «Якая аказія! Як генералы прышліся дарэчы! а гэта-ж язык балбатнуў з дурасці!»

У кабінеце пачуўся шолах. Арэхавыя дзверы разьбянай шафы адчыніліся самі сабой і на адчыненай адваротнай палавіне іх, ухапіўшыся рукой за медзяную ручку замка, з’явілася жывая фігурка. Калі-б у цёмным пакоі раптам успыхнула празрыстая карціна, моцна асветленая добра ззаду лямпамі, адна яна так не ўразіла-б раптоўнасцю свайго з’яўлення, як гэтая фігурка. Было відаць, што ўвайшла, каб штосьці сказаць, але ўбачыўшы незнаёмага чалавека... З ёй разам, здавалася, уляцеў сонечны прамень, быццам засмяяўся нахмураны кабінет генерала. Чычыкаў у першую хвіліну дакладна не мог вызначыць, што такое іменна перад ім стаяла. Цяжка было сказаць, якой краіны яна была ўраджэнка. Такога чыстага, высокароднага абрысу твару нельга было адшукаць нідзе, апрача можа толькі на адных старажытных камейках [93]. Простая і лёгкая, як стрэлка, яна ўзвышалася над усімі сваім ростам. Але гэта быў зман. Яна была зусім не высокага росту. Вынікала гэта ад незвычайна суладных суадносін паміж сабой усіх частак цела. Адзенне ляжала на ёй так, што здавалася, лепшыя краўчыхі раіліся паміж сабой, як-бы лепш прыбраць яе. Але гэта быў таксама зман. Апранулася яна як быццам сама сабой: у двух, трох месцах схапіла іголка сяк-так непакроены кавалак аднакаляровай тканіны, і ён ужо сабраўся і размясціўся вакол яе ў такіх зборах і фальбонах, што калі-б перанесці іх разам з ёю на карціну, усе паненкі, апранутыя па модзе, здаваліся-б перад ёй нейкімі стракаткамі, вырабам ласкутнага раду. I калі-б перанесці яе з усімі гэтымі зборкамі ахінуўшай яе сукні на мрамар, назвалі-б яго копіяй геніяльных... Адно было нядобра: яна была занадта ўжо тонкая і худая.

«Рэкамендую вам маю дуронніцу!» сказаў генерал, звяртаючыся да Чычыкава. Аднак-жа прозвішча вашага, імя і імя па бацьку да гэтага часу не ведаю».

«Ды і ці павінна быць вядома імя і прозвішча чалавека, які не адзначыў сябе доблесцямі?» сказаў скромна Чычыкаў, нахіліўшы галаву набок.

«Усё-ж, аднак-жа, трэба ведаць...»

«Павел Іванавіч, ваша прэвасхадзіцельства», сказаў Чычыкаў, пакланіўшыся са спрытам амаль ваеннага чалавека і адскочыўшы назад з лёгкасцю гумавага мячыка.

«Улінька!» сказаў генерал, звярнуўшыся да дачкі: «Павел Іванавіч зараз сказаў вельмі цікавую навіну. Сусед наш Тенцетнікаў зусім не такі дурны чалавек, як мы меркавалі. Ён займаецца досыць важнай справай: гісторыяй генералаў дванаццатага года».

«Ды хто-ж думаў, што ён дурны чалавек?» прагаварыла яна хутка. «Хіба адзін толькі Вішнепакромаў, якому ты верыш, які і пусты і нізкі чалавек!»

«Чаму-ж нізкі? Ён пуставаты, гэта праўда», сказаў генерал.

«Ён падлаваты і паганы, не толькі што пуставаты. Хто так пакрыўдзіў сваіх братоў і выгнаў з дому родную сястру, той паганы чалавек».

«Ды гэта-ж расказваюць толькі».

«Такіх рэчаў расказваць не будуць дарэмна. Я не разумею, бацька, як з такой добрай душой, як у цябе, і такім рэдкім сэрцам ты будзеш прымаць чалавека, каторы як неба ад зямлі ад цябе, пра каторага сам ведаеш, што ён кепскі».

«Вось гэтак, вы бачыце», сказаў генерал, усміхаючыся, Чычыкаву, «вось гэтак мы заўсёды з ёй спрачаемся». I, звярнуўшыся да дачкі, гаварыў далей:

«Душа мая! Аднак-жа мне-ж не прагнаць яго?»

«Навошта праганяць? Але навошта і выказваць яму такую ўвагу? навошта і любіць?»

Тут Чычыкаў знайшоў патрэбным уставіць і ад сябе слова.

«Усе патрабуюць да сябе любві, сударыня», сказаў Чычыкаў. «Што-ж рабіць? I жывёлінка любіць, каб яе пагладзілі; праз хлеў прасадзіць для гэтага морду: на, пагладзь!»

Генерал засмяяўся. «Іменна прасадзіць морду: пагладзь яго!.. Ха, ха, ха. У яго не толькі рыла ўсё, увесь, увесь загрывак у сажы, а таксама патрабуе, як кажуць, заахвочвання... Ха, ха, ха, ха!» I тулава генерала пачало гойдацца ад смеху. Плечы, якія насілі некалі густыя эпалеты, трэсліся, як быццам сапраўды насілі і дасюль густыя эпалеты.

Чычыкаў таксама разрадзіўся выклічнікамі смеху, але з павагі да генерала, пусціў іх на літару е: хе, хе, хе, хе, хе. I тулава яго таксама пачало гойдацца ад смеху, хоць плечы і не трэсліся, таму што не насілі густых эпалет.

«Абрабуе, абкрадзе казну ды яшчэ і, шэльма, узнагарод просіць! Нельга, кажа, без заахвочвання, працаваў... Ха, ха, ха, ха!»

Хваравітае пачуццё з’явілася на высокародным, мілым твары дзяўчыны. «Ах, тата! Я не разумею, як ты можаш смяяцца! На мяне гэтыя несумленныя ўчынкі наводзяць сум і нічога больш. Калі я бачу, што на вачах ва ўсіх творыцца ашуканства і не караюцца гэтыя людзі агульнай пагардай, я не ведаю, што са мной робіцца, я на той час раблюся злой, нават дрэннай; я думаю, думаю...» I ледзь не заплакала сама.

«Толькі, калі ласка, не гневайся на нас», сказаў генерал. «Мы тут ні ў чым не вінаваты. Ці не праўда?» сказаў ён, звяртаючыся да Чычыкава. «Пацалуй мяне і ідзі да сябе. Я зараз буду апранацца к абеду. Ты-ж», сказаў ён, паглядзеўшы Чычыкаву ў вочы: «спадзяюся, абедаеш у мяне?»

«Калі толькі, ваша прэвасхадзіцельства...»

«Без чыноў, што тут? Я-ж яшчэ, дзякуй богу, магу накарміць. Капуста ёсць».

Спрытна выкінуўшы абедзве рукі наводлет, Чычыкаў удзячна і з пашанай нахіліў галаву ўніз, так што на нейкі час зніклі з яго позірку ўсе прадметы ў пакоі, і былі відаць яму толькі адны наскі сваіх уласных чаравікаў. Калі-ж, прабыўшы некалькі часу ў такім пачцівым становішчы, прыўзняў ён галаву зноў угору, ён ужо не бачыў Улінькі. Яна знікла. Замест яе з’явіўся, з густымі вусамі і бакенбардамі, волат-камердынер, з срэбранай міскай і рукамыйнікам у руках.

«Ты мне дазволіш апранацца пры табе?»

«Не толькі апранацца, але можаце рабіць пры мне ўсё, што пажадана вашаму прэвасхадзіцельству».

Спусціўшы з адной рукі халат і закасаўшы рукавы кашулі на багатырскіх руках, генерал пачаў мыцца, пырскаючыся і пырхаючы як качка. Вада з мылам ляцела ва ўсе бакі.

«Любяць, любяць, сапраўды любяць заахвочванне», сказаў ён, выціраючы з усіх бакоў сваю шыю... «Пагладзь, пагладзь яго! а без заахвочвання дык і красці не будзе! Ха, ха, ха!»

Чычыкаў быў у невыказна добрым настроі. Раптам наляцела на яго натхненне. «Генерал весялун і дабрак — папрабаваць!» падумаў ён і, убачыўшы, што камердынер з міскай вышаў, ускрыкнуў: «Ваша прэвасхадзіцельства! паколькі вы ўжо такі добры да ўсіх і ўважлівы, маю да вас надзвычайную просьбу»

«Якую?» — Чычыкаў азірнуўся навакол.

«Ёсць, ваша прэвасхадзіцельства, старэзны дзядзька, у яго трыста душ і дзве тысячы... і, апроч мяне, наследнікаў нікога. Сам кіраваць маёнткам, па старасці, не можа, а мне не перадае таксама. I які дзіўны падае рэзон! «Я», кажа: «пляменніка не ведаю; можа быць, ён мантач. Хай ён пераканае мяне, што ён надзейны чалавек: хай набудзе раней сам сабой трыста душ; тады я яму аддам і свае трыста душ».

«Дык што-ж ён, значыцца, зусім дурань?» спытаў генерал.

«Дурань гэта-б нічога, гэта пры ім-бы і засталося. Але маё становішча вось, ваша прэвасхадзіцельства! У дзядулькі завялася нейкая ключніца, а ў ключніцы дзеці. I не агледзішся як усё пяройдзе ім».

«Выжыў дурны стары з розуму і больш нічога», сказаў генерал. «Толькі я не бачу, чым тут я магу дапамагчы?» казаў ён, гледзячы са здзіўленнем на Чычыкава.

«Я прыдумаў вось што. Калі вы ўсіх мёртвых душ вашай вёскі, ваша прэвасхадзіцельства, перадасцё мне ў такім выглядзе, як быццам яны ёсць жывыя, са складаннем купчай крэпасці, я-б тады гэтую крэпасць паказаў старому, і ён-бы спадчыну мне аддаў».

Тут генерал выбухнуў такім смехам, якім наўрад ці калі смяяўся чалавек. Як стаяў, так і паваліўся ён у крэсла. Галаву закінуў назад і ледзь не захлынуўся. Увесь дом устрывожыўся. З’явіўся камердынер. Прыбегла перапалоханая дачка.

«Бацька, што з табой здарылася?» гаварыла яна ў страху, з неўразуменнем гледзячы яму ў вочы.

Але генерал доўга не мог праказаць ніякага гуку.

«Нічога, друг мой; не клапаціся. Ідзі да сябе; мы зараз з’явімся абедаць. Будзь спакойна. Ха, ха, ха!»

I, некалькі разоў задыхнуўшыся, вырваўся з новай сілай генеральскі рогат, разлягаючыся ад пярэдняга да апошняга пакоя.

Чычыкаў быў у трывозе.

«А дзядзька, а дзядзька! у якіх дурнях будзе дзядзька! Ха, ха, ха! Мерцвякоў замест жывых атрымае! Ха, ха!»

«Зноў пайшоў!» думаў сам сабе Чычыкаў. «Вось які казытлівы! Як не разарвецца!»

«Ха, ха, ха!» далей рагатаў генерал. «Які асёл! Вось прыдзе-ж у галаву такое патрабаванне: хай раней сам сабой з нічога дастане трыста душ, дык тады дам яму трыста душ! Ён-жа асёл!»

«Асёл, ваша прэвасхадзіцельства».

«Ну, дый твая штучка пачаставаць старога мерцвякамі! Ха, ха, ха! Я бог ведае што-б даў, каб пабачыць, як ты яму паднясеш на іх купчую крэпасць. Ну, што ён? Як ён выглядае? Вельмі стары?»

«Год восемдзесят».

«Аднак-жа і рухаецца, бадзёры? Ён-жа павінен быць і дужым, бо пры ім-жа жыве і ключніца?..»

«Якая дужасць! Пясок сыплецца, ваша прэвасхадзіцельства».

«Які дурань! Ён-жа дурань?»

«Дурань, ваша прэвасхадзіцельства».

«Аднак-жа выязджае? бывае ў кампаніях? трымаецца яшчэ на нагах?»

«Трымаецца, але з цяжкасцю».

«Які дурань! Але моцны, аднак-жа? Ёсць яшчэ зубы?»

«Два зубы ўсяго, ваша прэвасхадзіцельства».

«Які асёл! Ты, братка, не гневайся... Хоць ён табе і дзядзька, а ён-жа асёл».

«Асёл, ваша прэвасхадзіцельства. Хоць і сваяк, і цяжка прызнавацца ў гэтым, але што-ж рабіць?»

Чычыкаў хлусіў: яму зусім не цяжка было прызнавацца, тым больш, што наўрад ці быў у яго калі-небудзь які дзядзька.

«Дык, ваша прэвасхадзіцельства, аддасце мне...»

«Ці аддам табе мёртвыя душы? Ды за такую выдумку я іх табе з зямлёй, з жытлом! Вазьмі сабе ўсе могілкі! Ха, ха, ха, ха!

Стары, вось стары! Ха, ха, ха, ха! У якіх дурнях будзе дзядзька! Ха, ха, ха, ха!..»

I генеральскі смех пайшоў разлягацца зноў па генеральскіх пакоях [94].

РАЗДЗЕЛ III

«Калі палкоўнік Кашкароў сапраўды вар’ят, дык гэта нядрэнна», казаў Чычыкаў, апынуўшыся зноў сярод адкрытых палёў і прастораў, калі ўсё знікла і толькі застаўся адзін небасхіл, ды два воблакі ў баку.

«Ты, Селіфан, ці добра распытаў дарогу да палкоўніка Кашкарова?»

«Я, Павел Іванавіч, будзьце ласкавы заўважыць, усё ўпраўляўся каля каляскі, дык мне не было часу; а Пятрушка распытваў у фурмана».

«Вось і дурань! На Пятрушку, сказана, не пакладацца: Пятрушка бервяно; Пятрушка дурны; Пятрушка, глядзі што, і цяпер п’яны».

«Тут-жа не мудрасць якая!» сказаў Пятрушка, крыху павярнуўшыся і гледзячы скоса. «Апроч таго, што, спусціўшыся з гары, узяць лугам, нічога больш і няма».

«А ты, апроч сівухі, нічога і ў рот не браў! Прыгож, вельмі прыгож! Ужо вось можна сказаць: здзівіў прыгажосцю Еўропу!» Сказаўшы гэта, Чычыкаў пагладзіў свой падбародак і падумаў: «Якая, аднак-жа, розніца паміж асвечаным грамадзянінам і грубай лакейскай фізіяноміяй!»

Каляска пачала тым часам спускацца. Адкрыліся зноў лугі і прасторы, усеяныя асінавымі гаямі.

Ціха падрыгваючы на пругкіх пружынах, асцярожна спускаўся далей па непрыкметным схіле гары спакойны экіпаж і, нарэшце, паімчаўся лугамі паўз млыны, з лёгкім громам па мастах, з невялікім пагойдваннем па дрогкаму мякішу нізіннай зямлі. I хоць-бы адзін узгорачак або купінка далі сябе адчуць бакам! Асалода, а не каляска.

Хутка праляцелі паўз іх кусты лазы, тонкія алешыны і срабрыстыя таполі, б’ючы галінамі Селіфана і Пятрушку, якія сядзелі на козлах. З Пятрушкі штохвілінна скідалі яны шапку. Суровы слуга саскокваў з козлаў, лаяў неразумнае дрэва і гаспадара, які пасадзіў яго, але прывязаць шапку або нават прытрымаць яе рукой усё не хацеў, спадзяючыся, што гэта апошні раз і далей не здарыцца. Да дрэў-жа хутка далучылася бяроза, там елка. Ля карэння гушчарына; трава — сіняя ір [95] і жоўты лясны цюльпан. Лес пазмрачнеў і рыхтаваўся ператварыцца ў ноч. Але раптам адусюль, паміж галін і пнёў, заззялі пробліскі святла, як быццам зіхатлівыя люстэркі. Дрэвы парадзелі, бляскі рабіліся большымі... і вось перад імі возера — раўніна вады вярсты чатыры шырынёй. На супроцьлеглым беразе, над возерам, высыпалася шэрымі бярвенчатымі хатамі вёска. Крыкі чуліся ў вадзе. Чалавек 20, па пояс, па плечы і па горла ў вадзе, цягнулі да супроцьлеглага берага невад. Здарылася аказія. Разам з рыбай заблытаўся неяк круглы чалавек, такога-ж памеру ў вышыню, як і ў таўшчыню, сапраўдны гарбуз або бочка. Ён быў у безнадзейным становішчы і крычаў на ўсё горла: «Целяпень Дзяніс, перадавай Казьме! Казьма, бяры канец у Дзяніса! Не напірай так, Фама Большы! Ідзі туды, дзе Фама Меншы. Чэрці! кажу вам, парвеце сетку!» Гарбуз, як відаць, баяўся не за сябе: утапіцца з прычыны таўшчыні ён не мог, і, як-бы ні куляўся жадаючы нырнуць, вада-б яго ўсё выносіла ўгору; і калі-б села яму на спіну яшчэ двое, ён-бы, як упарты пухір, застаўся-б з імі на паверхні вады, злёгку толькі крэкчучы пад імі ды пускаючы носам бурбалкі. Але ён моцна баяўся, каб не парваўся невад і не ўцякла рыба, і таму, звыш іншага, цягнулі яго яшчэ накінутымі вяроўкамі некалькі чалавек, што стаялі на беразе.

«Мусібыць, пан, палкоўнік Кашкароў», сказаў Селіфан.

«Чаму?»

«Таму, што цела ў яго, вось як бачыце, бялейшае, чым у іншых, і таўшчыня ніштаватая, як у пана».

Заблытанага ў сетку пана прыцягнулі ўжо тым часам прыкметна да берага. Адчуўшы, што можа дастаць дна нагамі, ён стаў на ногі, і ў гэты час убачыў каляску, якая спускалася з грэблі, і сядзеўшага ў ёй Чычыкава.

«Абедалі?» закрычаў пан, падыходзячы са злоўленай рыбай на бераг, увесь ублытаны ў сетку, — як, у летні час, дамская рука ў ніцяную пальчатку, — трымаючы адну руку над вачамі казырком для абароны ад сонца, другую-ж ніжэй, — на манер Венеры Медзіцэйскай [96], выходзячай з лазні.

«Не», сказаў Чычыкаў, крыху падымаючы шапку і працягваючы кланяцца з каляскі.

«Ну, дык дзякуйце-ж богу!»

«А што?» запытаў Чычыкаў з цікавасцю, трымаючы над галавой шапку.

«А вось што! Кінь, Фама Меншы, сетку, ды падымі асятра з ражкі! Целяпень Казьма, ідзі, дапамажы!»

Два рыбакі крыху паднялі з ражкі галаву нейкага страшыдла. — «Вунь які князь! з ракі зайшоў!» крычаў круглы пан. «Едзьце ў двор! Фурман, вазьмі дарогу ніжэй праз гарод! Бяжы, целяпень Фама Большы, зняць загародку! Ён вас правядзе, а я зараз...»

Доўганогі босы Фама Большы, як быў, у адной кашулі, пабег наперадзе каляскі праз усю вёску, дзе каля кожнай хаты былі развешаны невады, сеткі і морды [97]: усе мужыкі былі рыбакамі; потым зняў з нейкага гарода загародку, і гародамі выехала каляска на плошчу каля драўлянай царквы. За царквой, крыху далей, былі відаць дахі панскіх будынкаў.

«Дзівак гэты Кашкароў», думаў ён сам сабе.

«А вось і я тут!» прагучэў голас з боку. Чычыкаў азірнуўся. Пан ужо ехаў каля яго, апрануты: травяніста-зялёны нанкавы сурдут, жоўтыя штаны, і шыя без гальштука, на манер купідона! Сядзеў ён бокам на дрожках, заняўшы сабой усе дрожкі. Ён хацеў быў штосьці сказаць яму, але таўстун ужо знік. Дрожкі паказаліся зноў на тым месцы, дзе выцягвалі рыбу. Пачуліся зноў галасы: «Фама Большы ды Фама Меншы! Казьма ды Дзяніс!» Калі-ж пад’ехаў ён да ганка дома, да найвялікшага здзіўлення яго, тоўсты пан быў ужо на ганку і прыняў яго ў свае абдымкі. Як ён паспеў так злётаць—было незразумела. Яны пацалаваліся па старому рускаму звычаю, тройчы накрыж: пан быў старога пакрою.

«Я прывёз вам паклон ад яго прэвасхадзіцельства», сказаў Чычыкаў.

«Ад якога прэвасхадзіцельства?»

«Ад вашага сваяка, ад генерала Аляксандра Дзмітрыевіча».

«Хто гэта Аляксандр Дзмітрыевіч?»

«Генерал Бетрышчэў», адказаў Чычыкаў з некаторым здзіўленнем.

«Незнаёмы», сказаў ён са здзіўленнем.

Чычыкава ахапіла яшчэ большае здзіўленне.

«Як-жа гэта? Я спадзяюся, прынамсі, што маю прыемнасць гаварыць з палкоўнікам Кашкаровым?»

«Не, не спадзявайцеся. Вы прыехалі не да яго, а да мяне. Пётр Пятровіч Пятух! Пятух Пётр Пятровіч!» падхапіў гаспадар.

Чычыкаў аслупянеў. «Як-жа?» звярнуўся ён да Селіфана і Пятрушкі, якія таксама абодва разявілі рот і вылупілі вочы, адзін седзячы на козлах, другі стоячы каля дзверцаў каляскі. «Як-жа вы, дурні? Вам-жа сказана: да палкоўніка Кашкарова... А гэта-ж Пётр Пятровіч Пятух...»

«Хлопцы зрабілі добра. Ідзіце на кухню: там вам дадуць па чарцы гарэлкі!», сказаў Пётр Пятровіч Пятух. «Адпрагайце коні і ідзіце зараз-жа ў людскую!»

«Мне няёмка, такая нечаканая памылка...» казаў Чычыкаў.

«Не памылка. Вы раней пакаштуйце, які абед, ды потым скажаце: ці памылка гэта? Пакорна прашу», сказаў Пятух, узяўшы Чычыкава пад руку і ўводзячы яго ва ўнутраныя пакоі. З пакояў вышлі ім насустрач два юнакі, у летніх сурдутах,— тонкія, як лазовыя дубцы, на цэлы аршын выгнала іх угору вышэй бацькавага росту.

«Сыны мае, гімназісты, прыехалі на святы... Нікалаша, ты пабудзь з гасцём; а ты, Алексаша, ідзі за мной». Сказаўшы гэта, гаспадар знік.

Чычыкаў заняўся Нікалашам. Нікалаша, здаецца, быў будучы чалавек-дрэнь. Ён расказаў адразу-ж Чычыкаву, што ў губернскай гімназіі няма ніякай выгады вучыцца, што яны з братам хочуць ехаць у Пецербург, бо правінцыя не варта таго, каб у ёй жыць...

«Разумею», падумаў Чычыкаў: «скончыцца справа кандытарскімі ды бульварамі...» — «А што?» — запытаў ён уголас: «у якім становішчы маёнтак вашага бацькі?»

«У закладзе», сказаў на гэта сам бацька, які зноў апынуўся ў гасцінай: «у закладзе».

«Дрэнна», падумаў Чычыкаў. «Гэтак хутка не застанецца ні аднаго маёнтка. Трэба спяшацца». — «Дарэмна, аднак-жа», сказаў ён з выглядам спачування: «паспяшаліся закласці».

«Не, нічога», сказаў Пятух. «Кажуць, выгадна. Усе закладаюць: як-жа адставаць ад іншых? Да таго-ж усё жыў тут: давай яшчэ паспрабую пажыць у Маскве. Вось сыны таксама ўгаварваюць, хочуць асветы сталічнай».

«Дурань, дурань!» думаў Чычыкаў: «прашэйгае ўсё, ды і дзяцей зробіць шэйгунамі. Маёнтак ніштаваты. Паглядзіш — і мужыкам добра, і ім нядрэнна. А як адукуюцца там каля рэстаранаў ды па тэатрах, — усё пойдзе к чорту. Жыў-бы сабе, кулябяка, у вёсцы.

«А я-ж ведаю, што вы думаеце?» сказаў Пятух.

«Што?» сказаў Чычыкаў, збянтэжыўшыся.

«Вы думаеце: «Дурань, дурань гэты Пятух: запрасіў абедаць, а абеду да гэтага часу няма». Будзе гатоў, шаноўнейшы. Не паспее стрыжаная дзеўка касу заплесці, як ён згатуецца».

«Бацюхна! Платон Міхалыч едзе!» сказаў Алексаша, гледзячы ў акно.

«Верхам на гнядым кані!» падхапіў Нікалаша, нагінаючыся да акна.

«Дзе, дзе?» закрычаў Пятух, падышоўшы да акна.

«Хто гэта Платон Міхайлавіч?» запытаў Чычыкаў у Алексашы.

«Сусед наш, Платон Міхайлавіч Платонаў, цудоўны чалавек, выдатны чалавек», сказаў сам Пятух.

Тым часам увайшоў у пакой сам Платонаў, прыгажун, стройнага росту, з светларусымі бліскучымі валасамі, якія завіваліся ў кудзеры. Пагрымліваючы медзяным нашыйнікам, мардасты пёс, сабака-страхоцце, імем Ярб, увайшоў следам за ім.

«Абедалі?» запытаў гаспадар.

«Абедаў».

«Што-ж вы смяяцца, ці што, прыехалі з мяне? Што мне ад вас пасля абеда?»

Госць, усміхнуўшыся, сказаў: «Пацешу вас тым, што нічога не еў: зусім няма апетыту».

«А які быў улоў, калі-б вы бачылі! Які асятрышча трапіў! Якія карасішчы, карпішчы якія!»

«Нават слухаць вас крыўдна. Чаму вы заўсёды такі вясёлы?»

«Ды чаго нудзіцца? даруйце!» сказаў гаспадар.

«Як чаго нудзіцца? — таму, што нудна».

«Мала ясцё, вось і ўсё. Спрабуйце вось добра паабедаць. Гэта-ж у апошнія часы выдумалі нуду; раней ніхто не нудзіўся».

«Ды хопіць хваліцца! Быццам вы ніколі не нудзіліся?»

«Ніколі! Дый не ведаю, нават і часу няма для нуды. Раніцай прачнешся — тут-жа зараз кухар, трэба заказваць абед, тут прыказчык, там рыбу лавіць, а тут і абед. Па абедзе не паспееш храпануць — зноў кухар, трэба заказваць вячэру; тут прышоў кухар — заказваць трэба на заўтра абед... Калі-ж нудзіцца?»

Праз увесь час размовы Чычыкаў разглядаў гасця, які здзіўляў яго сваёй прыгажосцю, стройным, карцінным ростам, свежасцю нерастрачанага юнацтва, некранёнай чысцінёй ні адным прышчыкам незганьбаванага твару. Ні страсці, ні смутак, ні нават штосьці падобнае да хвалявання і непакою не адважваліся зачапіць яго некранёнае аблічча і пакласці на ім зморшчку, але разам з гэтым і не ажывілі яго. Яно заставалася нейкім сонным, не гледзячы на іранічную ўсмешку, якая часамі яго ажыўляла.

«Я таксама, калі дазволіце заўважыць», сказаў ён: «не магу зразумець, як, маючы такі выгляд, як ваш, нудзіцца. Вядома, калі нястача грошай, або ворагі, як ёсць часамі такія, што гатовы зрабіць замах нават на самое жыццё...»

«Дайце веры», перапыніў прыгажун-госць: «што для рознастайнасці я-б жадаў часамі мець якую-небудзь трывогу: ну, хоць-бы хто раззлаваў мяне — і таго няма. Нудна, дый годзе».

«Значыцца, нястача зямлі ў маёнтку, малая колькасць душ?»

«Аніяк. У нас з братам зямлі тысяч дзесяць дзесяцін і пры іх больш за тысячу чалавек сялян».

«Дзіўна, не разумею. Але, магчыма, неўраджаі, хваробы? Многа памерла мужчынскага полу людзей?»

«Наадварот, усё ў найлепшым парадку, і брат мой выдатнейшы гаспадар».

«I пры гэтым нудзіцца! не разумею», сказаў Чычыкаў і паціснуў плячамі.

«А вось мы нуду зараз прагонім», сказаў гаспадар. «Бяжы, Аляксаша, хутчэй у кухню і скажы кухару, каб хутчэй прыслаў нам расцягайчыкаў. Ды дзе-ж разява Емельян і злодзей Антошка? Чаму не даюць закускі?»

Але дзверы расчыніліся. Разява Емельян і злодзей Антошка з’явіліся з сарвэткамі і накрылі стол, паставілі паднос з шасцю графінамі рознакаляровых настоек. Хутка вакол падносаў і графінаў абстанавілася ажарэлле талерак з розным узбуджальным ежывам. Слугі паварочваліся спрытна, бесперапынку прыносячы штосьці ў накрытых талерках, праз якія чуваць было бурчаўшае масла. Разява Емельян і злодзей Антошка ўпраўляліся выдатна. Назвы гэтыя былі ім дадзены так толькі — для заахвочвання. Пан быў зусім не ахвотнік лаяцца, ён быў добрая душа; але ўжо рускі чалавек ніяк без вострага слова не абыйдзецца. Яно яму патрэбна, як чарка гарэлкі для страўнасці жывата. Што-ж рабіць? такая натура: нічога прэснага не любіць.

Следам за закускай ішоў абед. Тут дабрадушны гаспадар зрабіўся сапраўдным разбойнікам. Ледзь заўважаў у каго адзін кавалак—падкладаў яму зараз-жа другі, прыгаварваючы: «Без пары ні чалавек, ні птушка не могуць жыць на свеце». У каго два — падвальваў яму трэці, прыгаварваючы: «Што за лік два? Бог тройцу любіць». З’ядаў госць тры—ён яму: «Дзе-ж бывае воз з трыма коламі? Хто-ж будуе хату на тры куты?» На чатыры ў яго была таксама прымаўка, на пяць — зноў. Чычыкаў з’еў чагосьці ледзь не дванаццаць кавалкаў і думаў: «Ну, цяпер нічога больш не дабярэ гаспадар». Але дзе там: гаспадар, не кажучы ні слова, паклаў яму на талерку хрыбтовую частку цяляці, смажанага на ражне, з почкамі, дый якога цяляці!

«Два гады гадаваў на малацэ», сказаў гаспадар: «даглядаў, як сына!»

«Не магу», сказаў Чычыкаў.

«Вы пакаштуйце, ды потым скажыце: не магу».

«Не ўлезе, месца няма».

«Ды і ў царкве-ж не было месца, увайшоў гараднічы — знайшлося. А была такая цісканіна, што і яблыку не было дзё ўпасці. Вы толькі пакаштуйце: гэты кавалак той-жа гараднічы».

Пакаштаваў Чычыкаў — сапраўды, кавалак быў накшталт гараднічага: знайшлося яму месца, а здавалася, нічога нельга было змясціць.

«Ну, як гэтакаму чалавеку ехаць у Пецербург або Маскву? З такім хлебасольствам ён там за тры гады пражывецца ўшчэнт!» Гэта значыць, ён не ведаў таго, што цяпер гэта ўдасканалена: і без хлебасольства можна ўсё спусціць не за тры гады, а за тры месяцы.

Ён раз-по-разу падліваў ды падліваў: чаго-ж не дапівалі госці, даваў дапіць Аляксашу і Нікалашу, якія так і кулялі чарку за чаркай; загадзя было відаць, на якую частку чалавечых пазнанняў звернуць яны ўвагу, прыехаўшы ў сталіцу. З гасцямі было не тое; насілу перацягнуліся яны на балкон і насілу размясціліся ў крэслах. Гаспадар, як сеў у сваё нейкае шырачэзнае, нібыта для чатырох асоб, дык тут-жа і заснуў. Тлустая ўласнасць яго, ператварыўшыся ў кавальскі мех, пачала выпускаць праз разяўлены рот і насавыя прадухі такія гукі, якія мала калі прыходзяць у галаву таму ці іншаму аўтару: і барабан, і флейта, і нейкі адрывісты гул, быццам сабачы брэх.

«Бач, як высвіствае!» сказаў Платонаў.

Чычыкаў засмяяўся.

«Зразумела, калі так паабедаеш, як тут прыйсці нудзе! Тут сон прыдзе — ці не праўда?»

«Так. Але я, аднак-жа, — вы выбачце мне, — не магу зразумець, як можна нудзіцца. Супроць нуды ёсць так многа сродкаў».

«Якія-ж?»

«Ды ці мала для маладога чалавека? Танцаваць, іграць на якім-небудзь інструменце... а не гэта—дык жаніцца».

«З кім?»

«Ды быццам у акрузе няма добрых і багатых нявест?»

«Ды няма».

«Ну, пашукаць у іншых месцах, паездзіць». I багатая думка бліснула раптам у галаве Чычыкава. «Ды вось цудоўны сродак!» сказаў ён, гледзячы ў вочы Платонаву.

«Які?»

«Падарожжа».

«Куды-ж ехаць?»

«Ды калі вы вольны, дык паедзем са мной», сказаў Чычыкаў і падумаў сам сабе, гледзячы на Платонава: «А гэта было-б добра. Тады-б можна выдаткі папалам, а рамонт каляскі адлічыць зусім на яго кошт».

«А вы куды едзеце?»

«Пакуль што еду я не столькі па сваёй патрэбе, колькі па патрэбе іншага. Генерал Бетрышчэў, блізкі прыяцель і, можна сказаць, дабрадзей, прасіў наведаць сваякоў... Вядома, сваякі сваякамі; але крыху, так сказаць, і для самога сябе: бо бачыць свет, колазварот людзей — што хто ні кажы, гэта як-бы жывая кніга, другая навука». I, сказаўшы гэта, думаў Чычыкаў тым часам так: «Дапраўды, было-б добра. Можна нават і ўсе выдаткі на яго кошт, нават і паехаць на яго конях, а мае-б падкарміліся ў яго вёсцы».

«Чаму-ж не праехацца?» думаў тымчасам Платонаў. — «Дома-ж мне і рабіць няма чаго, гаспадарка і так на руках у брата; значыць, бязладдзя ніякага не будзе. Чаму-ж сапраўды не праехацца!» — «А ці вы згодзіцеся», сказаў ён уголас: «пагасціць у брата дзянькі два? Інакш ён мяне не адпусціць».

«З вялікай прыемнасцю, хоць тры».

«Ну, дык па руках! едзем!» сказаў, ажывіўшыся, Платонаў.

Яны стукнулі па руках. «Едзем!»

«Куды, куды?» закрычаў гаспадар, прачнуўшыся і вылупіўшы на іх вочы. — «Не, паночкі! і колы ў калясцы загадана зняць, а вашага жарабца, Платон Міхайлыч, загналі адсюль за пятнаццаць вёрст. Не, вось вы сёння пераначуйце, а заўтра пасля ранняга абеда і едзьце сабе».

Што было рабіць з Петухом? Трэба было застацца. Затое ўзнагароджаны былі яны дзівосным вясновым вечарам. Гаспадар наладзіў гулянне на рацэ. Дванаццаць веслаўшчыкоў, у дваццаць чатыры вяслы, з песнямі, панеслі іх па гладкім хрыбце люстранага возера. З возера яны пранесліся ў раку, бязмежную, з пакатымі берагамі на абодва бакі, безупынна праходзячы пад нацягнутыя ўпоперак ракі канаты для лоўлі. Хоць-бы струменьчыкам варухнуліся воды; толькі бязгучна з’яўляліся перад імі, адзін за адным, малюнкі, і гай за гаем цешыў вочы рознастайным размяшчэннем дрэў. Веслаўшчыкі, хапіўшы разам у дваццаць чатыры вяслы, уздымалі раптам усе вёслы ўгору — і кацер, сам сабой, як лёгкая птушка, імкнуўся па нерухомай люстранай паверхні. Хлопец-запявала, плячысты хлапчына, трэці ад руля, пачынаў чыстым, звонкім голасам, выводзячы як быццам з салаўінага горла пачынальныя запевы песні; пяцёра падхоплівала, шасцёра выносіла, і разлівалася яна, бязмежная, як Русь. I Пятух, устрапянуўшыся, прыгаркваў, паддаючы, дзе нехапала ў хора сілы, і сам Чычыкаў адчуваў, што ён рускі. Адзін толькі Платонаў думаў: «Што добрага ў гэтай сумнай песні? Ад яе яшчэ большы смутак находзіць на душу».

Вярталіся назад ужо ў змроку. У цемры білі вёслы па водах, якія ўжо не адлюстроўвалі неба. У цемры прысталі яны да берага, па якім раскладзены былі агні; на трыножках рыбакі варылі юшку з жывых трапяткіх яршоў. Усё ўжо было дома. Вясковая жывёла і птушка ўжо даўно была прыгнана, і пыл ад яе ўжо асеў, і пастухі, якія прыгналі іх, стаялі каля варот, чакаючы збанка малака і запросін на юшку. У змярканні чуўся ціхі гоман людской, брэх сабак, які далятаў аднекуль з чужых вёсак. Месяц уздымаўся, і пачалі азарацца пацямнеўшыя аколіцы, і ўсё азарылася. Цудоўныя малюнкі! Але не было каму любавацца імі. Нікалаша і Аляксаша, замест таго, каб праімчацца ў гэты час перад імі на двух порсткіх жарабцах навыперадкі адзін з другім, думалі пра Маскву, пра кандытарскія, пра тэатры, пра якія нагаварыў ім заехаўшы з сталіцы кадэт; бацька іх думаў пра тое, як-бы абкарміць сваіх гасцей; Платонаў пазяхаў. Жвавей за ўсіх быў Чычыкаў: «Эх, дапраўды! Прыдбаю калі-небудзь вёсачку!» I пачалі яму ўяўляцца і кабетка, і Чычонкі.

А за вячэрай зноў аб’еліся. Калі ўвайшоў Павел Іванавіч у пакой, які вызначылі яму для спання, і, кладучыся ў пасцель, памацаў свой жываток: «Барабан!» сказаў [ён]: «ніякі гараднічы не ўвойдзе». Трэба-ж такі збег акалічнасцей, што за сцяной быў кабінет гаспадара. Сцяна была тонкая, і чулася ўсё, што там ні гаварылася. Гаспадар заказваў кухару, пад выглядам ранняга снедання, на заўтрашні дзень сапраўдны абед, — і як заказваў! У мёртвага нарадзіўся-б апетыт.

«Ды кулябяку зрабі на чатыры рагі», казаў ён з прысмоктваннем і ўцягваючы ў сябе паветра. «У адзін рог пакладзі ты мне шчокі асятра ды вязігі, у другі грэцкай кашкі, ды грыбоў з цыбулькай, ды малок салодкіх, ды мазгоў, ды яшчэ чаго ведаеш там гэтакага, якога-небудзь там таго... Ды каб яна з аднаго боку, разумееш, падрумянілася-б, а з другога пусці яе лягчэй. Ды спадыспаду... прапячы яе так, каб усю яе прасмактала, прамяло-б так, каб яна ўся, ведаеш, гэтага растаго — не тое, каб рассыпалася, а растала-б у роце як снег які, так каб і не пачуў». Гаворачы гэта, Пятух прысмоктваў і ляпаў губамі.

«Чорт вазьмі! не дасць спаць», думаў Чычыкаў і захутаў галаву коўдрай, каб не чуць нічога. Але і праз коўдру было чуваць:

«А ў абкладку да асятра падпусці бурака зорачкай, ды сняточкаў ды груздочкаў, ды там, ведаеш, рэпачкі, ды марковачкі, ды бабкоў, там, чаго-небудзь гэткага, ведаеш, таго растаго, каб гарніру, гарніру рознага пабольш. Ды ў свіны кіндзюк лёду пакладзі, каб ён узбухнуў як належыць».

Шмат яшчэ Пятух заказваў страў. Толькі і чуваць было: «Ды падсмаж, ды падпячы, ды дай упрэць як належыць!» Заснуў Чычыкаў ужо на нейкім індыку.

На другі дзень да таго аб’еліся госці, што Платонаў ужо не мог ехаць верхам. Жарабца адправілі з конюхам Петуха. Яны селі ў каляску. Мардасты сабака ляніва пайшоў за каляскай: ён таксама аб’еўся.

«Гэта ўжо занадта», сказаў Чычыкаў, калі яны выехалі з двара.

«А не нудзіцца, вось што крыўдна!»

«Было-б у мяне, як у цябе, семдзесят тысяч у год прыбытку», падумаў Чычыкаў: «ды я-б нуду і на вочы да сябе не пусціў. Вунь адкупшчык Муразаў, — лёгка сказаць, — дзесяць мільёнаў... Вось які куш!»

«Што, для вас нічога заехаць? Мне хацелася-б развітацца з сястрой і зяцем».

«З вялікай прыемнасцю», сказаў Чычыкаў.

«Гэта першы ў нас гаспадар. Ён, судар мой, атрымлівае 200 тысяч гадавога прыбытку з такога маёнтка, які год восем назад і дваццаці не даваў».

«Ах, ды гэта вядома, найпаважанейшы чалавек! Гэта вельмі цікава будзе з такім чалавекам пазнаёміцца. Як-жа? Ды гэта-ж сказаць... А як прозвішча?»

«Кастанжогла».

«А імя і імя па бацьку? дазвольце даведацца».

«Канстанцін Фёдаравіч».

«Канстанцін Фёдаравіч Кастанжогла. Вельмі будзе цікава пазнаёміцца. Павучальна пазнацца з такім чалавекам».

Платонаў узяўся кіраваць Селіфанам, гэта было патрэбна, бо той ледзь трымаўся на козлах. Пятрушка два разы старчма злятаў з каляскі, так што трэба было, нарэшце, прывязаць яго вяроўкай да козлаў. «Вось абармот!» паўтараў толькі Чычыкаў.

«Вось, гляньце адно, пачынаюцца яго землі», сказаў Платонаў: «зусім іншы выгляд».

I сапраўды, цераз усё поле сеяны лес — роўныя, як стрэлкі, дрэвы; за ім другі, вышэйшы, таксама маладняк, за імі стары лясняк, і ўсе адзін вышэй за другі. Потым зноў паласа поля, пакрытая густым лесам, і зноў такім-жа чынам малады лес, і зноў стары. I тры разы праехалі, як праз вароты сцен, праз лясы. «Гэта ўсё ў яго вырасла за якіх-небудзь год восем, дзесяць, што ў іншага і за дваццаць не вырасце».

«Як-жа гэта ён зрабіў?»

«Распытайцеся ў яго. Гэта такі землязнаўца—ён нічога не робіць задарам. Мала, што ён глебу ведае, ведае, якое суседства для каго трэба, каля якога збожжа якія дрэвы. Кожны ў яго з трыма, чатырма пасадамі разам упраўляецца. Лес у яго, апрача таго, што для лесу, патрэбен для таго, каб у такім вось месцы на столькі вось вільгаці дадаць палеткам, на столькі вось угнаіць апалым лісцем, на столькі вось даць ценю... Калі вакол засуха, у яго няма засухі: калі вакол неўраджай, у яго няма неўраджаю. Шкада, што я сам мала гэтыя рэчы ведаю, не ўмею расказваць, а ў яго такія штукі... Яго называюць чараўніком. Многа, многа ў яго ўсякага... А ўсё, аднак-жа, нудна...»

«Сапраўды, гэта вартая здзіўлення асоба», падумаў Чычыкаў. «Вельмі сумна, што малады чалавек павярхоўны і не ўмее расказаць».

Нарэшце паказалася вёска. Як быццам горад нейкі, высыпалася яна мноствам хат на трох узвышшах, увянчаных трыма царквамі, перагароджаная ўсюды велізарнымі сціртамі і стагамі. «Так», падумаў Чычыкаў: «відаць, што жыве гаспадар-туз». Хаты ўсё моцныя; вуліцы торныя; калі стаялі дзе калёсы—калёсы былі моцныя і новенькія; мужык трапляўся з нейкім разумным выразам твару; рагатая жывёла на адбор; нават сялянская свіння выглядала дваранінам. Так і відаць, што тут іменна жывуць тыя мужыкі, якія грабуць, як спяваецца ў песні, срэбра лапатай. Не было тут англійскіх паркаў і газонаў з усякімі вымудрамі; але, па-старадаўняму, ішоў праспект свірнаў і рабочых дамоў аж да самага дома, каб усё відаць было пану, што ні робіцца вакол яго; на высокім даху дома ўздымаўся вежай высокі ліхтар, не для красы або для відаў, але для назірання за тымі, што працавалі на далёкіх палях. Каля ганка іх сустрэлі слугі, спрытныя, зусім не падобныя да п’яніцы Пятрушкі, хоць на іх і не было фракаў, а казацкія чэкмені сіняга хатняга сукна.

Гаспадыня дома выбегла сама на ганак. Яна была свежая, як кроў з малаком; прыгожая, як божы дзень; падобна была, як дзве кроплі вады, да Платонава, з той толькі розніцай, што не была такая вялая, як ён, але гаваркая і вясёлая.

«Добры дзень, брат! Ну, як-жа я рада, што ты прыехаў. А Канстанціна няма дома; але ён хутка будзе».

«Дзе-ж ён?»

«У яго ёсць справа ў вёсцы з якімісьці купцамі», казала яна, уводзячы гасцей у пакой.

Чычыкаў з цікавасцю разглядаў жытло гэтага незвычайнага чалавека, які атрымліваў 200 тысяч, думаючы адшукаць у ім уласцівасці самога гаспадара, як па пакінутай ракавіне мяркуюць аб устрыцы або слімаку, што калісьці ў ёй сядзеў і пакінуў свой адбітак. Але нельга было скласці ніякага меркавання. Пакоі ўсе простыя, нават пустыя: ні фрэскаў [98], ні карцін, ні бронзы, ні кветак, ні этажэрак з фарфарам, ні нават кніг. Адным словам, усё паказвала, што галоўнае жыццё істоты, якая тут бытуе, праходзіла зусім не ў чатырох сценах пакояў, а ў полі, і самыя думкі не абдумваліся загадзя сібарыцкім чынам каля агню, перад камінам, у выгодных крэслах, але там-жа, на месцы справы, прыходзілі ў галаву, і там-жа, дзе прыходзілі, там і ператвараліся ў справу. У пакоях мог толькі заўважыць Чычыкаў сляды жаночага гаспадарання: на сталах і крэслах былі пастаўлены чыстыя ліпавыя дошкі і на іх пялёсткі нейкіх кветак, падрыхтаваныя да сушкі...

«Што гэта ў цябе, сястра, за дрэнь такая панастаўляна?» сказаў Платонаў.

«Якая дрэнь!» сказала гаспадыня. «Гэта лепшы сродак ад трасцы. Мы вылечылі ім у мінулым [годзе] усіх мужыкоў; а гэта для настоек; а гэта для варэння. Вы ўсё смяецеся над варэннямі ды над саленнямі, а потым, калі ясцё, самі-ж хваліце».

Платонаў падышоў да фартэпіяно і пачаў разбіраць ноты.

«Божа! што за старызна!» сказаў ён. «Ну, ці не сорамна табе, сястра?»

«Ну, ужо выбачай, брат, музыкай мне тым больш няма часу займацца. У мяне васьмігадовая дачка, якую я павінна вучыць. Здаць яе на рукі чужаземнай гувернантцы для таго толькі, каб самой мець вольны час для музыкі, — не, выбачай, брат, гэтага вось не зраблю».

«Якая ты, дапраўды, зрабілася нудная, сястра!» сказаў брат і падышоў да акна. «А вось ён! ідзе, ідзе!» сказаў Платонаў.

Чычыкаў таксама памкнуўся да акна. Да ганка падыходзіў чалавек год сарака, рухавы, смуглявы з твару, у сурдуце з вярблюджага сукна. Пра вопратку сваю ён не дбаў. На ім была трыпавая [99] шапка. З абодвух бакоў яго, скінуўшы шапкі, ішлі два чалавекі ніжэйшага саслоўя, — ішлі, размаўляючы, пра штосьці мяркуючы з ім, адзін—просты мужык, другі—нейкі заезджы кулак і прайдзісвет, у сіняй сібірцы. Паколькі спыніліся яны ўсе каля ганку, дык і гутарка іх была чуваць у пакоях.

«Вы вось што лепш зрабіце: вы адкупіцеся ў вашага пана. Я вам, бадай, дам пазыку: вы потым мне адпрацуеце».

«Не, Канстанцін Фёдаравіч, што ўжо адкупляцца? Вазьміце нас. Ужо ў вас розуму навучышся. Ужо такога разумнага чалавека нідзе ў цэлым свеце нельга адшукаць. А цяпер-жа бяда тая, што сябе ніяк не ўсцеражэш. Шынкары такія завялі цяпер настойкі, што з адной чаркі так пачне задзіраць у жываце, што вядро вады выпіў-бы: не паспееш апомніцца, як усё спусціш. Многа спакусы. Нячысцік, ці што, варочае светам, дальбог! Усё заводзяць, каб збіць з толку мужыкоў: і табаку, і розныя такія... Што-ж рабіць, Канстанцін Фёдаравіч? Чалавек — не ўтрымаешся».

«Паслухай: ды справа-ж вось у чым. У мяне-ж усё-такі няволя. Гэта праўда, што адразу ўсё атрымаеш—і карову, і каня; ды справа-ж у тым, што я так патрабую з мужыкоў, як нідзе. У мяне працуй—першае; ці мне, ці сабе, але ўжо я не дам заляжацца нікому. Я і сам працую як вол, і мужыкі ў мяне, таму што зазнаў брат: уся дрэнь лезе ў галаву таму, што не працуеш. Дык вы аб гэтым усе падумайце грамадой і памяркуйце паміж сабой».

«Ды мы ўжо меркавалі пра гэта, Канстанцін Фёдаравіч. Ужо гэта і старыя кажуць: што гаварыць! у вас-жа кожны мужык багаты: гэта ўжо не дарма; і свяшчэннікі такія спагадлівыя. А ў нас-жа і тых забралі і хаваць няма каму».

«Усё-ж ідзі і перагавары».

«Слухаю».

«Дык ужо таго, Канстанцін Фёдаравіч, ужо зрабіце ласку... скіньце крыху», гаварыў заезджы кулак у сіняй сібірцы, які ішоў з другога боку.

«Ужо я сказаў: таргавацца я не ахвотнік. Я не тое, што іншы памешчык, да якога ты пад’едзеш пад самы тэрмін выплаты ў ламбард. Я-ж вас ведаю ўсіх: у вас ёсць спісы ўсіх, каму калі належыць плаціць. Што-ж тут цяжкага? Яму прыспічыць, ну, ён табе і аддасць за поўцаны. А мне што твае грошы? У мяне рэч хоць тры гады ляжы: мне ў ламбард не трэба плаціць».

«Праўду кажаце, Канстанцін Фёдаравіч. Ды я-ж таго вось, таму толькі, каб і далей мець з вамі дачыненне, а не дзеля якой карысці. Тры тысячы задатачку прыміце, калі ласка». Кулак дастаў з-за пазухі пук засаленых асігнацый. Кастанжогла вельмі абыякава ўзяў іх і, не пералічваючы, запхнуў у задні кішэнь свайго сурдута.

«Гм!» падумаў Чычыкаў: «якраз як насавую хустачку!» Кастанжогла паказаўся ў дзвярах гасцінай. Ён яшчэ больш здзівіў Чычыкава смуглявасцю твару, жорсткасцю чорных валасоў, дзе-ні-дзе заўчасна пасівелых, жывым выразам вачэй і нейкім жоўчным адбіткам палкага паўднёвага паходжання.

Ён быў не зусім рускі. Ён сам не ведаў, адкуль вышлі яго продкі. Ён не займаўся сваім родаслоўем, лічачы, што гэта не належыць да справы і ў гаспадарцы рэч непатрэбная. Ён думаў, што ён рускі, дый мовы іншай не ведаў, апрача рускай.

Платонаў прадставіў Чычыкава. Яны пацалаваліся.

«Я, каб вылечыцца ад хандры, надумаў, Канстанцін, праехацца па розных губерніях», сказаў Платонаў: «і вось Павел Іванавіч прапанаваў ехаць з ім».

«Цудоўна», сказаў Кастанжогла. «У якія-ж месцы?» гаварыў ён далей, прыветліва звяртаючыся да Чычыкава: «мяркуеце цяпер накіравацца?»

«Прызнаюся», сказаў Чычыкаў, прыветліва нахіліўшы галаву набок і ў той-жа час пагладжваючы рукой ручку крэсла: «еду я, пакуль што, не столькі па сваёй патрэбе, колькі па патрэбе другога: генерал Бетрышчэў, блізкі прыяцель, і, можна сказаць, дабрадзей, прасіў наведаць сваякоў. Сваякі, вядома, сваякамі, але, з другога боку, так сказаць, і для самога сябе; таму што, сапраўды, не кажучы ўжо пра карысць, якая можа быць у гемараідальных адносінах, пабачыць свет, колазварот людзей — ёсць, так сказаць, жывая кніга, тая-ж навука».

«Так, завітаць у некаторыя куткі не шкодзіць».

«Надзвычай добра мелі ласку заўважыць: іменна ісцінна, сапраўды не шкодзіць. Бачыш рэчы, якіх-бы не бачыў; сустракаеш людзей, якіх-бы не сустрэў. Размова з некаторым той-жа чырвонец, як вось, напрыклад, цяпер трапіўся выпадак... Да вас звяртаюся, паважанейшы Канстанцін Фёдаравіч, навучыце, навучыце, напаіце прагу маю ўразуменнем ісціны. Чакаю, як манны, салодкіх слоў вашых».

«Чаму, аднак-жа?.. чаму навучыць?» сказаў Кастанжогла, збянтэжыўшыся. «Я і сам вучыўся на мядзяныя грошы».

«Мудрасці, паважанейшы, мудрасці, — мудрасці кіраваць цяжкім стырном сельскай гаспадаркі, мудрасці здабываць прыбыткі пэўныя, набыць маёмасць не ў лятунках, а ў сапраўднасці, выконваючы гэтым абавязак грамадзяніна, заслужваючы павагу суайчыннікаў».

«Ці ведаеце што», сказаў Кастанжогла, гледзячы на яго ў разважанні: «застаньцеся на дзень у мяне. Я пакажу вам усё кіраўніцтва і раскажу пра ўсё. Мудрасці тут, як вы ўбачыце, ніякай няма».

«Вядома, застаньцеся», сказала гаспадыня і, звяртаючыся да брата, дадала: «Брат, заставайся: куды табе спяшацца?»

«Мне ўсёроўна. Як Павел Іванавіч?»

«Я таксама, я з вялікай прыемнасцю... Але вось акалічнасць: сваяк генерала Бетрышчэва, нейкі палкоўнік Кашкароў...»

«Ды ён-жа вар’ят».

«Гэта так, вар’ят. Я-б да яго і не ехаў, але генерал Бетрышчэў, блізкі прыяцель і, так сказаць, дабрадзей...»

«У такім выпадку ведаеце што?» сказаў [Кастанжогла]: «едзьце, да яго і дзесяці вёрст няма. У мяне стаяць гатовыя пралёткі—едзьце да яго зараз-жа. Вы паспееце да чаю вярнуцца назад».

«Надзвычай добрая думка!» ускрыкнуў Чычыкаў, узяўшы капялюш.

Пралёткі былі яму пададзены і за поўгадзіны прыімчалі яго да палкоўніка. Уся вёска была раскідана: пабудовы, перабудовы, кучы вапны, цэглы і бярвення па ўсіх вуліцах. Пабудаваны былі нейкія дамы, накшталт прысуцтвенных месцаў. На адным было напісана залатымі літарамі: Дэпо землярабочых прылад; на другім: Галоўная рахункавая экспедыцыя; далей: Камітэт сельскіх спраў; Школа нармальнай асветы сялян. Адным словам, чорт ведае чаго не было!

Палкоўніка ён застаў за пульпітрам стаячай канторкі, з пяром у зубах. Палкоўнік прыняў Чычыкава выключна ласкава. На выгляд, ён быў вельмі добры, вельмі абыходлівы чалавек: пачаў яму апавядаць пра тое, колькі працы яму каштавала ўзняць маёнтак да цяперашняга дабрабыту; з спачуваннем скардзіўся, як цяжка даць зразумець мужыку, што ёсць вышэйшыя пабуджэнні, якія дае чалавеку адукаваная раскоша, мастацтва і майстэрства; што баб ён да гэтага часу не мог прымусіць надзець карсет, у той час як у Германіі, дзе ён быў з палком у 14-м годзе, дачка млынара ўмела іграць нават на фартэпіяно; што, аднак-жа, не гледзячы на ўсю ўпартасць з боку невуцтва, ён абавязкова дасягне таго, што мужык яго вёскі, ідучы за плугам, будзе ў той-жа час чытаць кнігу пра громаадводы Франкліна [100], або Віргіліевы Георгікі [101], ці Хімічнае даследаванне глебы.

«Дзіва што!» падумаў Чычыкаў. «А вось я да гэтага часу яшчэ «Графіні Лавальер» не прачытаў: усё няма часу».

Многа яшчэ гаварыў палкоўнік пра тое, як прывесці людзей да добрабыту. Адзенне ў яго мела вялікае значэнне; ён ручаўся галавой, што калі толькі апрануць палавіну рускіх мужыкоў у нямецкія штаны, — навукі ўзвысяцца, гандаль ўздымецца, і залаты век надыйдзе ў Расіі.

Чычыкаў слухаў-слухаў, гледзячы яму пільна ў вочы, і нарэшце сказаў: «з гэтым, здаецца, саромецца няма чаго»; і тут-жа абвясціў, што так і так, ёсць патрэба вось у якіх душах, са складаннем такіх вось крэпасцей і ўсіх абрадаў.

«Наколькі магу бачыць з вашых слоў», сказаў палкоўнік, ніяк не збянтэжыўшыся: «гэта просьба, ці не так?»

«Сапраўды, так».

«У такім выпадку выкладзіце яе пісьмова. Просьба пойдзе ў кантору для прыёму рапартоў і данясенняў. Кантора, адзначыўшы, перашле яе да мяне; ад мяне пойдзе яна ў камітэт сельскіх спраў; адтуль пасля таго як будуць зроблены выпраўкі, да кіраўніка. Кіраўнік сумесна з сакратаром...»

«Злітуйцеся!» ускрыкнуў Чычыкаў: «так-жа зацягнецца бог ведае! Ды і як-жа трактаваць пра гэта пісьмова? Гэта-ж такога роду справа... Душы-ж некаторым чынам... мёртвыя».

«Вельмі добра. Вы так і напішыце, што душы некаторым чынам мёртвыя».

«Але-ж як-жа—мёртвыя? Гэтак-жа нельга напісаць. Яны хоць і мёртвыя але трэба, каб здавалася, нібыта жывыя».

«Добра. Вы так і напішыце: але трэба, патрабуецца, жадаецца, неабходна, каб здавалася, нібыта жывыя. Без папяровага афармлення нельга гэтага зрабіць. Прыклад — Англія і нават сам Напалеон. Я вам дам камісіянера, які вас правядзе па ўсіх месцах».

Ён ударыў у званок. З’явіўся нейкі чалавек.

«Сакратар! Паклічце да мяне камісіянера!» З’явіўся камісіянер, нейкі ці то мужык, ці то чыноўнік. «Вось ён вас правядзе па найпатрэбнейшых месцах».

Што было рабіць з палкоўнікам? Чычыкаў вырашыў, з цікаўнасці, пайсці з камісіянерам агледзець усе гэтыя найпатрэбнейшыя месцы. Кантора падачы рапартоў існавала толькі на шыльдзе і дзверы былі замкнуты. Кіраўнік яе спраў Хрулёў быў пераведзены ў новаствораны камітэт сельскіх пабудоў. Месца яго заняў камердынер Беразоўскі; але ён таксама быў кудысьці адкамандыраваны камісіяй пабудовы. Памкнуліся яны ў дэпартамент сельскіх спраў—там пераробка; пабудзілі нейкага п’янага, але не дабіліся ад яго ніякага толку. «У нас бязладдзе», сказаў нарэшце Чычыкаву камісіянер. «Пана за нос водзяць. Усім у нас кіруе камісія пабудоў: адрывае ўсіх ад справы, пасылае, куды хоча. Толькі і выгадна ў нас, што ў камісіі пабудовы». Ён, як відаць, быў нездаволены камісіяй пабудовы. Далей Чычыкаў не хацеў і глядзець. Прышоўшы, расказаў палкоўніку, што так і так, што ў яго каша і ніякага толку нельга дабіцца, і камісіі падачы рапартоў і зусім няма.

Палкоўнік ускіпеў высокародным абурэннем, моцна паціснуўшы руку Чычыкаву, у знак удзячнасці. Тут-жа, схапіўшы паперу і пяро, напісаў восем надзвычай строгіх запытанняў: на якой падставе камісія пабудовы самаўпраўна распарадзілася з непадначаленымі ёй чыноўнікамі? як мог дапусціць галоўны кіраўнік, каб старшыня, не здаўшы свайго паста, накіраваўся на следства? і як мог абыякава глядзець спакойна камітэт сельскіх спраў, што нават не існуе кантора падачы рапартоў і данясенняў?

«Ну, пойдзе мітусня!» падумаў Чычыкаў, і хацеў ужо ад’язджаць.

«Не, я вас не адпушчу. Цяпер ужо асабістае маё чэсталюбства закранута. Я давяду, што значыць арганічнае, правільнае наладжванне гаспадаркі. Я даручу вашу справу такому чалавеку, які адзін варты ўсіх: скончыў універсітэцкі курс. Вось якія ў мяне прыгонныя людзі! Каб не траціць дарагога часу, пакорна прашу пасядзець у мяне ў бібліятэцы», сказаў палкоўнік, адчыняючы бакавыя дзверы. «Тут кнігі, папера, пёры, алоўкі, усё. Карыстайцеся, карыстайцеся ўсім: вы—пан. Асвета павінна быць адкрыта ўсім».

Так гаварыў Кашкароў, увёўшы яго ў кнігасховішча. Гэта быў велізарнейшы зал, знізу да верху застаўлены кнігамі. Былі там нават і чучалы жывёл. Кнігі па ўсіх галінах, па галіне лесагадоўлі, жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, садоўніцтва; спецыяльныя часопісы — па ўсіх галінах, якія толькі рассылаюцца з абавязку падпіскі, але ніхто іх не чытае. Бачачы, што ўсё гэта былі кнігі не для прыемнага праводжання часу, ён звярнуўся да другой шафы — з агню ў полымя: усё кнігі філасофскія. Шэсць велізарных тамішчаў сталі перад яго вачамі, пад назвай: «Падрыхтоўчы ўступ у вобласць мышлення. Тэорыя агульнасці, сукупнасці, сутнасці, і ў дапасаванні да ўразумення арганічных пачаткаў узаемнага раздваення грамадскай прадукцыйнасці». Якую ні разгортваў кнігу Чычыкаў, на кожнай старонцы, — праяўленне, развіццё, абстракт, замкнёнасць і самкнёнасць, і чорт ведае, чаго там не было! «Гэта не па мне», сказаў Чычыкаў, і звярнуўся да трэцяй шафы, дзе былі кнігі з галіны мастацтва. Тут выцягнуў нейкую велізарную кнігу з няскромнымі міфалагічнымі малюнкамі і пачаў іх разглядаць. Такога роду малюнкі падабаюцца халасцякам сярэдніх год, а часам і тым дзядулям, якія падбадзёрваюць сябе балетамі і іншымі пранасцямі. Скончыўшы разгляданне адной кнігі, выцягнуў быў ужо і другую такога-ж парадку, як з’явіўся палкоўнік Кашкароў, са ззяючым выглядам і паперай.

«Усё зроблена, і зроблена выдатна! Чалавек, пра якога я вам гаварыў, зусім геній. За гэта я пастаўлю яго вышэй за ўсіх і для яго аднаго ствару цэлы дэпартамент. Вы гляньце, якая светлая галава і як за некалькі хвілін ён вырашыў усё»

«Ну, дзякуй табе, божа!» падумаў Чычыкаў і падрыхтаваўся слухаць. Палкоўнік пачаў чытаць:

«Распачынаючы абдумванне ўскладзеных на мяне вашым высокароддзем даручэнняў, маю гонар гэтым данесці на онае:

«І-е. У самой просьбе пана калежскага саветніка і кавалера Паўла Іванавіча Чычыкава ўжо змяшчаецца недарэчнасць, бо неасцярожным чынам рэвізскія душы названы памёршымі. Пад гэтым, магчыма, яны мелі ласку разумець блізкіх да смерці, а не памёршых. Дый сама такая назва паказвае ўжо вывучэнне навук эмпірычнае [102], якое, мусіць, абмежавалася прыходскім вучылішчам, бо душа несмяротна».

«Шэльма!», сказаў, спыніўшыся, Кашкароў з самазадаволеннем: «Тут ён крышку ўкалоў вас. Але прызнайцеся, якое спрытнае пяро!»

«Па ІІ-е, ніякіх незакладзеных рэвізскіх, не толькі блізкіх да смерці, але і ўсякіх іншых, па маёнтку няма, бо ўсе разам не толькі закладзены без выключэння, але і перазакладзены, з дадаткам па паўтараста рублёў на душу, апрача невялікай вёсачкі Гурмайлаўкі, якая знаходзіцца ў спрэчным становішчы, з прычыны судовай справы з памешчыкам Прэдышчэвым і ў выніку гэтага пад забаронай, аб чым абвешчана ў 42 нумары «Московских Ведомостей».

«Дык чаму-ж вы мне гэтага не абвясцілі раней? Навошта праз глупства трымалі? сказаў усердзіўшыся Чычыкаў.

«Так! ды трэба-ж было, каб усё гэта вы ўбачылі праз папяровае афармленне. Гэтак не штука. Несвядома можа і дурань убачыць, але трэба свядома».

Узлаваны, схапіўшы шапку, Чычыкаў — бягом з дому, абмінаючы правіла прыстойнасці, ды ў дзверы: ён быў сярдзіты. Фурман стаяў з пралёткай напагатове, ведаў, што коней няма чаго адпрагаць, бо каб накарміць іх, спатрэбілася-б пісьмовая просьба, і рэзалюцыя выдаць авёс коням вышла-б толькі на другі дзень. Палкоўнік аднак-жа, выбег: ён сілком паціснуў яму руку, прыціснуў яе да сэрца і дзякаваў яго за тое, што ён даў яму выпадак ўбачыць, як сапраўды ідуць справы; што даць чосу і падварушыць трэба абавязкова, бо ўсё можа задрамаць і пружыны кіравання заіржавеюць і аслабнуць; што, з прычыны гэтага здарэння, прышла яму шчаслівая думка — стварыць новую камісію, якая будзе называцца камісія назірання за камісіяй пабудовы, так што ўжо тады ніхто не адважыцца ўкрасці.

Чычыкаў прыехаў сярдзіты і незадаволены, позна, калі ўжо даўно гарэлі свечкі.

«Што гэта вы так запазніліся?» сказаў Кастанжогла, калі ён з’явіўся ў дзвярах.

«Пра што вы гэта так доўга з ім гутарылі?» сказаў Платонаў.

«Такога дурня я яшчэ зроду не бачыў», сказаў Чычыкаў.

«Гэта яшчэ нічога», сказаў Кастанжогла. «Кашкароў — суцяшальнае з’явішча. Ён патрэбны таму, што ў ім адлюстроўваюцца карыкатурна і прыкметней глупствы ўсіх нашых разумнікаў, якія, не ўведаўшы раней свайго, набіраюцца дурнаты на чужыне. Вось якія памешчыкі цяпер з’явіліся: завялі і канторы, і мануфактуры, і школы, і камісію, і чорт іх ведае, чаго не завялі! Вось якавы гэтыя разумнікі! Былі паправіліся, пасля француза дванаццатага года, дык вось цяпер усё давай. разладжваць наноў. Горш-жа за француза разладзілі, так што цяпер які-небудзь Пётр Пятровіч Пятух яшчэ добры памешчык».

«Ды і ён-жа заклаў цяпер у ламбард», сказаў Чычыкаў.

«Ну, так, усё ў ламбард, усё пойдзе ў ламбард». Сказаўшы гэта, Кастанжогла стаў пакрысе злавацца. «Вунь капялюшны, свечны заводы, — з Лондана майстроў свечных выпісаў, гандляром зрабіўся! Памешчык — такое званне пачэснае — у мануфактурысты, у фабрыканты! Прадзільныя машыны... Мусліны шлюхам гарадскім, дзеўкам...»

«Ды і ў цябе-ж ёсць фабрыкі», заўважыў Платонаў.

«А хто іх заводзіў? Самі завяліся! Назбіралася шэрсці, збыць няма куды — я і пачаў ткаць сукны, ды і сукны тоўстыя, простыя, —па таннай цане іх тут-жа на рынках у мяне і разбіраюць, — мужыку патрэбныя, майму мужыку. Рыбіну луску скідалі на мой бераг на працягу шасці год запар прамыслоўцы, — ну, дзе яе падзець? я пачаў з яе варыць клей, ды сорак тысяч і ўзяў. У мяне-ж усё так».

«Вось чорт!» думаў Чычыкаў, гледзячы на яго ва ўсе вочы: «учэпістая якая лапа!»

«Дый то таму заняўся, што набрыло многа работнікаў, якія памёрлі-б ад голаду: галодны год, і ўсё з ласкі гэтых фабрыкантаў, якія праваронілі пасевы. Такіх фабрык у мяне, брат, збярэцца многа. Кожны год другая фабрыка, гледзячы па тым, ад чаго назбіралася рэшткаў і адкідаў. Разгледзь толькі пільней сваю гаспадарку, — кожная дрэнь дасць прыбытак, так што адкідаеш, кажаш: не трэба! Я-ж не будую для гэтага палацаў з калонамі ды з франтонамі».

«Гэта надзвычайна... Больш за ўсё здзіўляе тое, што кожная дрэнь дае прыбытак», сказаў Чычыкаў.

«Ды дайце рады! Калі-б толькі браць справу па-просту, як яна ёсць; а то-ж кожны — механік; кожны хоча адчыніць ларчык з інструментам, а не проста. Ён дзеля гэтага з’ездзіць знарок у Англію, вось у чым справа! Дурні!» Сказаўшы гэта, Кастанжогла плюнуў. «I ў сто разоў стане дурней пасля таго, як вернецца з-за граніцы».

«Ах, Канстанцін! ты зноў зазлаваў», сказала з трывогай жонка. «Ты-ж ведаеш, што гэта табе шкодна».

«Ды як-жа не злаваць? Добра, каб гэта было чужое, а то-ж гэта блізка ўласнаму сэрцу; крыўдна-ж, што рускі характар псуецца; цяпер-жа з’явілася ў рускім характары донкішоцтва, якога ніколі не было! Асвета прыдзе яму ў галаву— зробіцца Дон-Кішотам: завядзе такія школы, што дурню і ў думку не ўвойдзе. Выйдзе са школы такі чалавек, што нікуды не варты, ні ў вёску, ні ў горад, толькі што п’яніца, ды адчувае сваю годнасць. У чалавекалюбства падасца — зробіцца Дон-Кішотам чалавекалюбства: пабудуе на мільён самых бязладных больніц ды ўстаноў з калонамі, збяднее ды і пусціць усіх з торбай: вось табе і чалавекалюбства!»

Чычыкаву не да асветы была справа. Яму хацелася грунтоўна распытаць пра тое, як кожная дрэнь дае прыбытак: але ніяк не даў яму Кастанжогла ўставіць слова: зласлівая гаворка лілася з яго вуснаў, так што ўжо ён не мог яе стрымаць.

«Думаюць як адукаваць мужыка... ды ты зрабі яго раней багатым ды добрым гаспадаром, а там ён сам вывучыцца. Як-жа цяпер, у гэты час, увесь свет падурнеў, дык вы не можаце сабе ўявіць! Што пішуць цяпер гэтыя пстрыкуны! Пусціць які-небудзь кніжку, і так вось усе і кінуцца на яе... Вось што сталі гаварыць: «Селянін вядзе ўжо вельмі простае жыццё; трэба пазнаёміць яго з прадметамі раскошы, прышчапіць яму патрэбы звыш сродкаў...» Што самі, дзякуючы гэтай раскошы, зрабіліся анучамі, а не людзьмі, і хваробаў чорт ведае якіх набраліся і ўжо няма восемнаццацігадовага хлапчука, які-б не паспытаў усяго: і зубоў у яго няма, і пляшывы як пухір — дык хочуць цяпер і гэтых заразіць. Ды дзякуй богу, што ў нас засталося хоць адно яшчэ здаровае саслоўе, якое не пазнаёмілася з гэтымі прыхамацямі! За гэта мы проста павінны дзякаваць богу. Ды хлебароб у нас больш за ўсіх варты пашаны, — што вы яго чапаеце? Дай бог, каб усе былі [як] хлебароб!»

«Дык вы думаеце, што хлебаробствам больш прыбыткова займацца?» спытаў Чычыкаў.

«Больш законна, а не тое, каб больш прыбыткова. Урабляй зямлю ў поце твару свайго, сказана. Тут няма чаго мудрагеліць. Гэта ўжо вопытам стагоддзяў даведзена, што ў земляробчым званні чалавек больш маральны, больш чысты, больш высокародны, вышэйшы. Не гавару — не займацца іншым, але каб у падмурак лягло земляробства — вось што! Фабрыкі завядуцца самі сабой; ды завядуцца законныя фабрыкі,— таго, што трэба тут, пад рукой чалавеку на месцы, а не гэтыя ўсякія патрэбы, што расслабілі цяперашніх людзей. Не гэтыя фабрыкі, што потым, для падтрымкі і для збыту, ужываюць усе агідныя захады, разбэшчваюць, растляваюць няшчасны народ. Ды вось-жа не завяду ў сябе, як ты там ні кажы ў іх карысць, ніякіх гэтых прывіваючых вышэйшыя патрэбы вытворчасцей, ні табакі, ні цукру, хоць-бы страціў мільён. Няхай-жа, калі ўваходзіць распуста ў свет, дык не праз мае рукі! Няхай я буду перад богам чысты... Я дваццаць год жыву з народам; я ведаю, якія з гэтага вынікі».

«Для мяне дзіўней за ўсё, як пры разумным кіраванні, з рэшткаў, з абрэзкаў атрымліваецца і кожная дрэнь дае прыбытак».

«Гм! палітычныя эканомы!» гаварыў Кастанжогла, не слухаючы яго, з выразам зласлівага сарказма на твары. «Што тыя палітычныя эканомы! Дурань на дурні сядзіць і дурнем паганяе — далей свайго дурнога носа не бачаць! Асёл, а яшчэ ўзлезе на кафедру, уздзене акуляры... Дурні!» і ў гневе ён плюнуў.

«Усё гэта так і ўсё справядліва, толькі калі ласка не злуйся», сказала жонка: «як быццам нельга гаварыць аб гэтым, не трацячы вытрымкі».

«Слухаючы вас, паважанейшы Канстанцін Фёдаравіч, паглыбляешся, так сказаць, у сэнс жыцця, мацаеш самое ядро справы. Але, пакінуўшы агульналюдскае, дазвольце звярнуць увагу на прыватнае. Калі-б, скажам, зрабіўшыся памешчыкам, прышла мне думка за нядоўгі час разбагацець так, каб тым, так сказаць, выканаць істотны абавязак грамадзяніна, дык якім чынам, як зрабіць?»

«Як зрабіць, каб разбагацець?» падхапіў Кастанжогла. «А вось як...»

«Пойдзем вячэраць», сказала гаспадыня, падняўшыся з канапы, і выступіла на сярэдзіну пакоя, захутваючы ў шаль маладыя, празябшыя свае члены.

Чычыкаў падхапіўся з крэсла са спрытам амаль ваеннага чалавека, каромыслам падставіў ёй руку, і павёў яе парадна цераз два пакоі ў сталовую, дзе ўжо на стале стаяла супавая міска і, пазбаўленая накрыўкі, разлівала прыемную пахкасць супу, насычанага свежай зелянінай і першым карэннем вясны. Усе селі за стол. Слугі, жвава паставілі на стол усе стравы разам, у закрытых соусніках, і ўсё што трэба, і зараз-жа вышлі: Кастанжогла не любіў, каб лакеі слухалі панскія размовы, а яшчэ больш, каб глядзелі яму ў рот, калі ён есць.

Насёрбаўшыся супу і выпіўшы чарку нейкага выдатнага пітва, падобнага да венгерскага, Чычыкаў сказаў гаспадару так: «Дазвольце, паважанейшы, зноў вярнуць вас да прадмета спыненай размовы. Я пытаў вас пра тое, як быць, як зрабіць, як лепш узяцца» [103].

... «Маёнтак, за які калі-б ён запрасіў і 40 тысяч, я яму зараз-жа адлічыў-бы».

«Гм!» Чычыкаў задумаўся: «А чаму-ж вы самі», прамовіў ён з некаторай нясмеласцю: «не купляеце яго?»

«Ды, трэба ведаць нарэшце межы. У мяне і апрача таго многа клопату каля сваіх маёнткаў. Да таго-ж у нас дваране і так ужо крычаць на мяне, быццам я, карыстаючыся з крайнасцей і са збяднелага іх становішча, скупляю зямлю за бесцань. Гэта мне ўжо нарэшце надакучыла».

«Як наогул людзі здольны да зласлоўнасці!» сказаў Чычыкаў.

«А ўжо як у нашай губерні, — не можаце сабе ўявіць: мяне інакш і не называюць, як сквалыгам і скнарай першай ступені. Сабе яны ўсё прабачаюць. «Я», кажа «вядома ўсё прашэйгаў, але таму, што жыў вышэйшымі патрэбамі жыцця, заахвочваў прамыслоўцаў [шэльмаў, гэта значыць, якія тру...]; а гэтак, бадай што, можна пражыць свіннёй, як Кастанжогла».

«Хацеў-бы я быць такой свіннёй!» сказаў Чычыкаў.

«I лухта. Якія вышэйшыя патрэбы? Каго яны ашукваюць? Кнігі хоць ён і завядзе, але-ж іх не чытае. Справа скончыцца картамі ды... I ўсё таму, што не наладжваю абедаў ды не пазычаю ім грошай. Абедаў я таму не наладжваю, што гэта мяне-б абцяжвала: я да гэтага не прывык. А прыязджай да мяне есці тое, што я ем, — калі ласка, просім. Не пазычаю грошай — гэта глупства. Прыязджай да мяне той, каму сапраўды патрэбны, ды раскажы мне грунтоўна, які ўжытак ты дасі маім грашам: калі я ўбачу з тваіх слоў, што ты скарыстаеш іх разумна і грошы прынясуць табе відавочны прыбытак, — я табе не адмоўлю і не вазьму нават процантаў».

«Гэта, аднак-жа, трэба прыняць да ведама», падумаў Чычыкаў.

«I ніколі не адмоўлю», гаварыў далей Кастанжогла. «Але кідаць грошы на вецер я не буду. Няхай ужо мне гэта прабачаць! Чорт вазьмі! Ён ладзіць там які-небудзь абед для каханкі, або з шалёнай раскошай прыбірае мэбляй дом, ці з распусніцай у маскарад, юбілей там які-небудзь у памяць таго, што ён марна пражыў на свеце, а яму грошы пазычай!»

Тут Кастанжогла плюнуў і ледзь-ледзь не сказаў некалькі непрыстойных і брыдкіх слоў у прысутнасці жонкі. Суровы цень цёмнай іпахондрыі сцьмяніў яго твар. Уздоўж ілба і ўпоперак яго сабраліся зморшчкі, выкрыкваючы гнеўны рух усхваляванай жоўці.

«Дазвольце мне, глыбокапаважаны мной, вярнуць вас зноў да прадмета спыненай размовы», сказаў Чычыкаў, выпіваючы яшчэ чарку малінаўкі, якая сапраўды была выдатная. «Калі-б, скажам, я набыў той самы маёнтак, пра які вы прыгадвалі, дык за які час і як хутка можна разбагацець у такой ступені...»

«Калі вы хочаце», падхапіў сурова і адрывіста Кастанжогла, апанаваны благім настроем, «разбагацець хутка, дык вы ніколі не разбагацееце; калі-ж хочаце разбагацець, не пытаючыся пра тэрмін, дык разбагацееце хутка».

«Вось яно як!» сказаў Чычыкаў.

«Так», сказаў Кастанжогла адрывіста, нібы сапраўды ён злаваў на самога Чычыкава: «патрэбна мець любоў да працы: без гэтага нічога нельга зрабіць. Трэба палюбіць гаспадарку, — так! I паверце, гэта зусім не нудна. Выдумалі, што ў вёсцы нуда... ды я памёр-бы ад нуды, калі-б хоць адзін дзень правёў у горадзе так, як праводзяць яны ў гэтых бязглуздых сваіх клубах, тракцірах, ды тэатрах. Дурні, дурні, аслінае пакаленне! Гаспадару нельга, няма часу нудзіцца. У жыцці яго і на поўвяршка няма пустаты — усё паўната. Адна гэта рознастайнасць заняткаў, і прытым якіх заняткаў! — заняткаў, ісцінна ўзвышаючых дух. Як-бы там ні было, але-ж тут чалавек ідзе поруч з прыродай, з порамі года, саўдзельнік і суразмоўнік усяго, што адбываецца ў тварэнні. Разгледзьце вось кругавы год працы: як, яшчэ раней, чым надыйдзе вясна, усё ўжо напагатове, і чакае яе: падрыхтоўка насення, пераборка, перамерка ў свірнах збожжа і перасушка; устаноўка новых цяглаў [104]. Усё аглядаецца раней і ўсё разлічваецца напачатку. А як паломіцца лёд ды пойдуць рэкі, ды высахне ўсё і пойдзе ўскопвацца зямля — у гародах і садах працуе рыдлёўка, на палях саха і бароны; пасадка, сяўба і засевы. Ці разумееце, што гэта? Дробязь! будучы ўраджай сеюць! Вялікае шчасце ўсёй зямлі сеюць! Харчаванне мільёнаў сеюць! Надыйшло лета... А тут касьба, касьба... І вось закіпела раптам жніво; за жытам пайшло жыта, а там пшаніца, а там і ячмень, і авёс. Усё кіпіць; нельга прапусціць хвіліны; хоць дваццаць вачэй май, усім ім работа. А як адсвяткуецца ўсё, ды пойдзе звозіцца ў гумны, складацца ў сцірты, ды ворыва на зіму, ды падлада свірнаў да зімы, гумнаў, двароў для жывёлы і ў той-жа час усе бабскія работы, ды падаб’еш усяму вынікі і ўбачыш, што зроблена, — ды гэта-ж... А зіма!.. Малацьба ва ўсіх гумнах; перавозка перамалочанага збожжа з гумнаў у свірны. Ідзеш у млын, ідзеш і на фабрыкі, ідзеш зірнуць і на рабочы двор, ідзеш і да мужыка, як ён там на сябе завіхаецца. Ды для мяне, проста, калі цясляр добра валодае тапаром, я дзве гадзіны гатоў прастаяць перад ім: так весяліць мяне работа. А калі бачыш яшчэ, што ўсё гэта з нейкай мэтай творыцца, як навокал цябе ўсё намнажаецца ды намнажаецца, прыносячы плён ды прыбытак, — ды я і расказаць не магу, што тады ў табе робіцца. I не таму, што растуць грошы, — грошы грашамі, але таму, што ўсё гэта справа рук тваіх; таму што бачыш, як ты ўсяму прычына, ты тварэц, і ад цябе, як ад якога-небудзь чарадзея, сыплецца дастатак і дабро на ўсё. Ды дзе вы знойдзеце мне роўную асалоду?» сказаў Кастанжогла, і твар яго прыўзняўся ўгору, зморшчкі зніклі. Як цар, у дзень урачыстага вянчання свайго, ззяў ён увесь, і, здавалася, нібы праменне выходзіла з яго твару. «Так, у цэлым свеце не адшукаеце вы падобнай асалоды! Тут іменна наслядуе богу чалавек: бог узяў сабе справу тварэння, як вышэйшую з усіх асалод, і патрабуе ад чалавека таксама, каб ён быў падобным тварцом благадзенства навокал сябе. I гэта называюць нуднай справай!»

Як спеву райскай птушкі, заслухаўся Чычыкаў салодкагучнай гаспадаровай гутаркі. Глыталі слінкі яго вусны. Самыя вочы зрабіліся масляністымі і мелі салодкі выраз, і ўсё-б ён слухаў.

«Канстанцін! пара ўставаць», сказала гаспадыня, прыўзняўшыся з крэсла. Усе ўсталі. Падставіўшы руку каромыслам, павёў Чычыкаў зноў гаспадыню, але ўжо нехапала спрыту ў яго рухах, таму што думкі былі заняты істотнымі абаротамі.

«Што ні расказвай, а ўсё, аднак-жа, нудна», гаварыў, ідучы ззаду іх, Платонаў.

«Госць не дурны чалавек», думаў гаспадар: «уважлівы, сталы ў словах і не пстрыкун». I падумаўшы так, стаў ён яшчэ весялейшы, як быццам сам разагрэўся ад сваёй гутаркі, і як быццам святкуючы, што адшукаў чалавека, які ўмее слухаць разумныя парады.

Калі потым змясціліся яны ўсе ва ўтульным пакоі, які быў азароны свечкамі, насупраць балкона і шкляных дзвярэй у сад, і глядзелі да іх адтуль зоры, якія блішчалі над верхавінамі заснуўшага сада,— Чычыкаву зрабілася так прытульна, як не было даўно: быццам пасля доўгай вандроўкі прыняў ужо яго родны дах і, дасягнуўшы ўсяго, ён ужо атрымаў усё, што жадалася і кінуў вандроўніцкі кій, сказаўшы: «досыць!» Такі чароўны настрой навяла яму на душу разумная гутарка гасціннага гаспадара. Ёсць для кожнага чалавека такія размовы, якія быццам бліжэй і радней яму ад усякіх іншых размоў. I часта нечакана, у глухой, забытай глушы, на бязлюдным бязлюддзі, сустрэнеш чалавека, саграваючая гутарка якога прымусіць забыць цябе і бездарожжа дарогі, і беспрытульнасць начлегаў, і бязладнасць сучаснага шуму, і манлівасць падманаў, што ашукваюць чалавека. I яскрава ўрэжацца, раз назаўсёды і навекі, праведзены такім чынам вечар, і ўсё ўтрымае верная памяць: і хто прысутнічаў, і хто на якім месцы сядзеў, і што было ў руках яго, — сцены, куткі і розную драбязу.

Так і Чычыкаву прыкмецілася ў той вечар усё: і гэты прыемны, проста прыбраны пакой, і дабрадушны выраз, які панаваў на твары разумнага гаспадара, але нават і рысунак шпалераў... і паданая Платонаву люлька з бурштынавым цыбуком, і дым, які ён пачаў пускаць у таўстую морду Ярбу, і порсканне Ярба, і смех мілавіднай гаспадыні, што перапыняўся словамі: «досыць, не муч яго», і вясёлыя свечкі, і цвыркун у кутку, і шкляныя дзверы, і вясновая ноч, якая глядзела да іх адтуль, абапёршыся на верхавіны дрэў, асыпаная зорамі, напоўненая спевамі салаўёў, якія гучна высвіствалі з глыбіні зялёналістых гушчараў.

«Салодка мне чуць вашу размову, глыбокапаважаны мой Канстанцін Фёдаравіч!» сказаў Чычыкаў. «Магу сказаць, што не сустракаў ва ўсёй Расіі чалавека, розумам падобнага да вас».

Ён усміхнуўся. Ён сам адчуваў, што не няшчырымі былі гэтыя словы. «Не, ужо калі хочаце ведаць разумнага чалавека, дык у нас сапраўды ёсць адзін, пра якога сапраўды можна сказаць — разумны чалавек, якога я і падноска не варт».

«Хто-ж бы такі мог быць?» са здзіўленнем запытаў Чычыкаў.

«Гэта наш адкупшчык Муразаў».

«Другі ўжо раз пра яго чую!» ускрыкнуў Чычыкаў.

«Гэта чалавек, які не толькі маёнткам памешчыка, цэлай дзяржавай пакіруе. Каб была ў мяне дзяржава, я яго зараз-жа зрабіў-бы міністрам фінансаў».

«І, кажуць, чалавек, які перавышае меру ўсякай верагоднасці: дзесяць мільёнаў, кажуць, нажыў».

«Якое дзесяць! пераваліла за сорак. Хутка палавіна Расіі будзе ў яго руках».

«Што вы кажаце!» ускрыкнуў Чычыкаў, вылупіўшы вочы і разявіўшы рот.

«Абавязкова. Гэта зразумела. Павольна багацее той, у каго якія-небудзь сотні тысяч; а ў каго мільёны, у таго радыус вялікі: што ні захопіць, дык удвая і ўтрая супроць сябе самога: поле вось, поле дзейнасці надта прасторнае. Тут ужо і супернікаў няма. З ім няма каму цягацца. Якую цану чаму не назначыць, такая і застанецца: няма каму перабіць».

«Госпадзі ты, божа мой!» прамовіў Чычыкаў, перахрысціўшыся. Глядзеў Чычыкаў у вочы Кастанжогла — захапіла дух у грудзях яму. «Розумам не ахапіць! Камянее думка ад страху! Здзіўляюцца мудрасці промысла, разглядаючы казюльку: для мяне больш здзіўляюча тое, што ў руках смяротнага могуць абарочвацца такія велізарныя сумы. Дазвольце запытаць адносна некаторых акалічнасцей: скажыце, гэта-ж, зразумела, спачатку набыта не без граху?»

«Самым бездакорным шляхам і самымі справядлівымі сродкамі».

«Не паверу! Неверагодна! Калі-б тысячы, але мільёны...»

«Наадварот, тысячы цяжка без граху, а мільёны нажываюцца лёгка. Мільёншчыку няма чаго звяртацца да ўскосных шляхоў: простай дарогай так і ідзі, усё бяры, што ні ляжыць перад табой. Іншы не падыме: не кожнаму пад сілу, — няма супернікаў. Радыус вялікі; кажу: што ні захопіць — удвая або ўтрая супроць... А з тысячы што—дзесяты, дваццаты процант».

«I што найбольш непасцігальна — што справа-ж пачалася з капейкі».

«Ды інакш і не бывае. Гэта законны парадак рэчаў», сказаў Кастанжогла. «Хто нарадзіўся з тысячамі, выхаваўся на тысячах, той ужо не набудзе, у таго ўжо завялася і прыхамаць, і ці мала чаго няма! Пачынаць трэба з пачатку, а не з сярэдзіны, — з капейкі, а не з рубля, — знізу, а не зверху: тут толькі добра ўведаеш людзей і побыт, паміж якіх прыдзецца потым выкручвацца. Як выцерпіш на ўласнай скуры тое ды іншае, ды як уведаеш, што кожная капейка алтынным [105] цвіком прыбіта, ды як пяройдзеш праз усе мытарствы, — тады дасведчышся і вымуштруешся [так], што не прамахнешся ні ў якім пачынанні не абарвешся. Паверце, гэта праўда. З пачатку трэба пачынаць, а не з сярэдзіны. Хто кажа мне: «Дайце мне 100 тысяч — я зараз разбагацею», я таму не паверу: ён б’е наўдачу, а не напэўна. З капейкі трэба пачынаць».

«У такім выпадку я разбагацею», сказаў Чычыкаў, мімаволі падумаўшы пра мёртвыя душы: «бо сапраўды пачынаю з нічога».

«Канстанцін, час даць Паўлу Іванавічу адпачыць і паспаць», сказала гаспадыня: «а ты ўсё балбочаш».

«I абавязкова разбагацееце», сказаў Кастанжогла, не слухаючы гаспадыні. «Да вас пацякуць рэкі, рэкі золата. Не будзеце ведаць, куды падзець прыбыткі».

Як зачараваны сядзеў Павел Іванавіч у залатой краіне ўзрастаючых мар і лятункаў. Кружыліся яго думкі. Па залатым дыване будучых прыбыткаў залатыя ўзоры вышывала, разгуляўшыся, уяўленне, і ў вушах яго гучалі словы: «рэкі рэкі пацякуць...»

«Дапраўды, Канстанцін, Паўлу Іванавічу час спаць».

«Ды табе-ж што? Ну, і ідзі, калі захацелася», сказаў гаспадар і спыніўся, таму што гучна на ўвесь пакой разляглося храпенне Платонава, а следам за ім Ярб завёў яшчэ гучней. Заўважыўшы, што сапраўды пара на начлег, ён раскатурхаў Платонава, сказаўшы: «досыць табе храпці!» і пажадаў Чычыкаву спакойнай ночы. Усе разышліся і хутка заснулі ў сваіх пасцелях.

Аднаму Чычыкаву толькі не спалася. Яго думкі не ўтаймоўваліся. Ён абдумваў, як зрабіцца памешчыкам не фантастычнага, але сапраўднага маёнтка. Пасля размовы з гаспадаром усё рабілася так відавочна! Магчымасць разбагацець здавалася такой відавочнай! Цяжкая справа гаспадаркі рабілася цяпер такой лёгкай і зразумелай і здавалася такой уласцівай самой яго натуры! Толькі-б збыць у ламбард гэтых мерцвякоў ды займець не фантастычны маёнтак! Ужо бачылася яму, як ён дзейнічае і кіруе іменна так, як навучаў Кастанжогла — спрытна, асцярожна, нічога не завёўшы новага, не ўведаўшы наскрозь усяго старога, усё выглядзеўшы ўласнымі вачамі, усіх мужыкоў уведаўшы, усю раскошу ад сябе адкінуўшы, аддаўшы сябе толькі працы ды гаспадарцы. Ужо загадзя адчуваў ён тую прыемнасць, якую ён будзе мець, калі наладзіць стройны парадак і жвавым ходам рушацца ўсе пружыны гаспадарчай машыны, дзейна штурхаючы адна другую. Праца закіпіць, — і падобна да таго, як у рухлівым млыне хутка вымалваецца з зерня мука, пойдзе вымалвацца з усякага адкіду і друзу гатоўка ды гатоўка. Цудоўны гаспадар так і стаяў перад ім штохвілінна. Гэта быў першы чалавек ва ўсёй Расіі, да якога ён адчуў пашану асабістую. Дагэтуль паважаў ён чалавека або за добры чын, або за вялікія дастаткі; уласна за розум ён не паважаў яшчэ ні аднаго чалавека: Кастанжогла быў першы. Ён зразумеў, што з гэтым няма чаго кідацца на якія-небудзь штукі. Яго цікавіў іншы пражэкт—купіць маёнтак Хлабуева. Дзесяць тысяч у яго было; пятнаццаць тысяч меркаваў ён паспрабаваць пазычыць у Кастанжогла, паколькі ён сам абвясціў ужо, што гатоў дапамагчы кожнаму, хто жадае разбагацець; астатнія — як-небудзь, ці заклаўшы ў ламбард, або так проста, прымусіўшы чакаць. I гэта-ж магчыма: ідзі цягайся па судах, калі ёсць ахвота! I доўга ён пра гэта думаў. Нарэшце сон, які ўжо добрыя чатыры гадзіны трымаў увесь дом, як кажуць, у абдымках, прыняў нарэшце і Чычыкава ў свае абдымкі. Ён заснуў моцна.

РАЗДЗЕЛ IV

На другі дзень усё ўладзілася, як нельга лепш. Кастанжогла даў з радасцю дзесяць тысяч, без процанту, без парукі, — проста, пад адну распіску: так ён быў гатоў дапамагаць кожнаму на шляху да прыдабывання. Гэтага мала: ён сам узяўся суправаджаць Чычыкава да Хлабуева, з той мэтай, каб агледзець разам з ім маёнтак. Чычыкаў быў у настроі. Пасля сытнага снедання, усе яны накіраваліся, сеўшы ўтрох у каляску Паўла Іванавіча; пралёткі гаспадара ішлі ўслед за імі пустыя. Ярб бег наперадзе, зганяючы з дарогі птушак. Цэлых 15 вёрст цягнуліся па абодвух баках лясы і палеткі Кастанжогла. Як толькі яны скончыліся, усё пайшло інакш: збожжа рэдзенькае, замест лясоў пні. Вёсачка, хоць і стаяла ў прыгожай мясцовасці, выглядала здалёк запушчанай. Новы каменны дом, нежылы, які застаўся незакончаным у про... выглянуў раней за ўсё, за ім другі жылы. Гаспадара знайшлі яны раскудлачанага, заспанага, ён нядаўна прачнуўся. Яму было год сорак; гальштук у яго быў завязаны набок; на сурдуце была латка, на боце дзірка. Прыезду гасцей ён узрадаваўся, як бог ведае чаму: сапраўды, якраз нібыта ўбачыў ён братоў, з якімі надоўга расставаўся.

«Канстанцін Фёдаравіч! Платон Міхайлавіч! Вось прыемна абавязалі прыездам! Дайце працерці вочы! А ўжо, дапраўды; думаў, што да мяне ніхто не заедзе. Кожны цураецца мяне, як чумы: думае, папрашу пазычыць. Ох, цяжка, цяжка, Канстанцін Фёдаравіч! Бачу — сам ва ўсім вінаваты. Што рабіць? Свіння-свіннёй пачаў жыць. Выбачце, паны, што прымаю вас так прыбраны: боты, як бачыце, з дзіркамі. Чым загадаеце частаваць?»

«Без цырымоніі. Мы да вас па справе. Вось вам пакупец, Павел Іванавіч Чычыкаў», сказаў Кастанжогла.

«Шчыра рады пазнаёміцца. Дайце сціснуць мне вашу руку»

Чычыкаў даў яму абедзве.

«Хацеў-бы вельмі, паважанейшы Павел Іванавіч, паказаць вам маёнтак, варты ўвагі... Ды што, паны, дазвольце запытаць: вы абедалі?»

«Абедалі, абедалі», сказаў Кастанжогла, хочучы адчапіцца. «Не будзем марудзіць і пойдзем зараз-жа».

«У такім выпадку, пойдзем». Хлабуеў узяў у рукі шапку. «Пойдзем аглядаць непарадкі і бязладнасць маю».

Госці надзелі на галовы шапкі, і ўсе пайшлі вуліцай вёскі.

З абодвух бакоў глядзелі сляпыя халупы, з малюсенькімі вокнамі, якія былі пазатыканы анучамі.

«Пойдзем аглядаць непарадкі і бязладнасць маю», казаў Хлабуеў. «Вядома, вы добра зрабілі, што паабедалі. Ці паверыце, Канстанцін Фёдаравіч, курыцы няма ў доме — да таго дажыўся!»

Ён уздыхнуў і, як быццам адчуваючы, што мала будзе спагады з боку Канстанціна Фёдаравіча, падхапіў пад руку Платонава і пайшоў з ім наперад, прыціскаючы моцна яго да сваіх грудзей. Кастанжогла і Чычыкаў засталіся ззаду і, узяўшыся пад рукі, ішлі за імі следам паводдаль.

«Цяжка, Платон Міхайлавіч, цяжка!» казаў Хлабуеў Платонаву. «Не можаце ўявіць, як цяжка! Безграшоўе, бясхлебіца, басаножжа — гэта-ж для вас словы чужаземнай мовы. Трынтрава гэта было-б усё, калі-б быў малады і адзін. Але калі ўсе гэтыя нягоды пачнуць цябе ламаць пад старасць, а пад бокам жонка, пяцёра дзяцей, — засумуецца, мімаволі засумуецца...»

«Што-ж, вы, значыць, возьмеце якую-небудзь пасаду».

«Я-ж губернскі сакратар. Якую-ж мне могуць даць пасаду? Пасаду мне могуць даць нязначную. Як мне ўзяць пенсію — пяцьсот? А ў мяне-ж жонка, пяцёра дзяцей».

«Ідзіце ўпраўляючым».

«Ды хто-ж мне даверыць маёнтак? Я пратраціў свой».

«Ну, але калі голад і смерць пагражаюць, трэба-ж рабіць якія-небудзь захады. Я спытаю, ці не здолее брат мой праз каго-небудзь у горадзе выстарацца якую-небудзь пасаду».

«Не, Платон Міхайлавіч», сказаў Хлабуеў, уздыхнуўшы і сціснуўшы моцна яго руку. «Нікуды я цяпер не варты; адрузнуў раней сваёй старасці, і сярэдзіна баліць ад ранейшых грахоў, і рэўматызм у плячы. Куды мне! Што! падрываць казну? I без таго цяпер завялося многа служачых дзеля прыбытковай пасады. Барані бог, каб праз маю пенсію, павялічыліся падаткі на беднае саслоўе!»

«Вось плады распусных паводзін!» падумаў Платонаў. «Гэта горш за маю спячку».

А тым часам, як яны так гутарылі паміж сабой, Кастанжогла, ідучы з Чычыкавым ззаду іх, абураўся.

«Вось глядзіце», сказаў Кастанжогла, паказваючы пальцам: «давёў мужыка да такой беднасці! Ні калёсаў-жа, ні каня. Здарылася пошасць — ужо тут няма чаго глядзець на сваё дабро: тут усё сваё прадай ды забяспеч мужыка жывёлай, каб ён не быў і аднаго дня без сродкаў для працы. А цяпер-жа і гадамі не паправіш. I мужык ужо разгультаіўся, загуляў, зрабіўся п’яніцам. Ды гэтым толькі, што адзін год даў яму быць без працы, ты ўжо яго разбэсціў навекі: прывык ужо да лахманоў і валацужніцтва... А зямля-ж якая? разгледзьце зямлю!» гаварыў ён, паказваючы на лугі, якія хутка паказаліся за хатамі. «Усё поймы! Ды я ўзгадую лён, ды тысяч на пяць аднаго лёну прадам, рэпай засею, на рэпе выручу тысячы чатыры. А вунь глядзіце — па схіле гары жыта ўзнялося: тое ўзышло, што з каласоў высыпалася. Ён жыта не сеяў — я гэта ведаю. А вунь яры... ды тут я загадую такія лясы, што крумкач не даляціць да верхавіны. I такі скарб-зямлю пакінуць! Ну, ужо калі не было чым араць, дык капай рыдлёўкай пад які-небудзь гарод — гародам-бы ўзяў. Сам вазьмі ў руку рыдлёўку, жонку, дзяцей, дворню прымусь; памры....., на працы! Памрэш прынамсі, выконваючы абавязак, а не так — абжоршыся свіннёй за абедам!» Сказаўшы гэта, плюнуў Кастанжогла, і зласлівы настрой ахінуў змрочным воблакам яго чало.

Калі падыйшлі яны бліжэй і сталі над стромай, паросшай чылізнікам [106], і ў далечыні бліснуў закрут ракі і цёмнае адгор’е, і ў перспектыве бліжэй паказалася частка схаванага ў гаях дома генерала Бетрышчэва, а за ім паросшая лесам кучаравая гара, што запыльвала сіняватым пылам наваколле, па якой раптам здагадаўся Чычыкаў, што гэта павінна быць Тенцетнікава, — [ён сказаў]: «Тут калі засадзіць лясы, — дык вясковы краявід можа перавысіць красой...»

«А вы ахвотнік да краявідаў!» сказаў Кастанжогла, раптам строга зірнуўшы на яго. «Глядзіце, пагоніцеся там за краявідамі, — застанецеся без хлеба і без краявідаў. Глядзіце на карысць, а не на прыгажосць. Прыгажосць сама прыдзе. Прыкладам вам гарады: лепшыя і прыгажэйшыя да гэтага часу гарады, якія самі адбудаваліся, дзе кожны будаваўся па сваіх патрэбах і густах; а тыя, якія адбудаваліся па шнурку, казармы казармамі... Набок прыгажосць! — глядзіце на патрэбнасці...»

«Шкада толькі, што трэба доўга чакаць: так-бы жадалася ўбачыць усё ў такім выглядзе, як хочацца...»

«Ды што, хіба вы 25-гадовы юнак?.. Пецербургскі чыноўнік... Цярплівасць! Шэсць год працуйце запар: садзіце, сейце, капайцё зямлю, не адпачываючы ні на хвіліну. Цяжка, цяжка. Але затое потым, як разварушыце добра зямлю, ды пачне яна дапамагаць вам сама, дык гэта не тое, што які-небудзь......; не, бацюхна, у вас, звыш вашых якіх-небудзь 70-ці рук, будуць працаваць 700 невідочных. Усё ў дзесяцера! У мяне цяпер і пальцам не кранаюць — усё робіцца само сабой. Так, прырода любіць цярплівасць; і гэта закон, дадзены ёй самім богам, які задавальняў цярплівых».

«Слухаючы вас, адчуваеш прыбытак сіл. Дух узнімаецца».

«Вунь зямля як заворана!» ускрыкнуў Кастанжогла з горкім пачуццём смутку, паказваючы на схіл гары. «Я не магу больш тут заставацца: для мяне смерць глядзець на гэты непарадак і спусташэнне. Вы цяпер можаце з ім скончыць і без мяне. Адбярыце ў гэтага дурня хутчэй скарб. Ён толькі ганьбіць божы дар». I, сказаўшы гэта, Кастанжогла ў зласлівым настроі ўсхваляванага духу развітаўся з Чычыкавым і, дагнаўшы гаспадара, пачаў таксама развітвацца.

«Злітуйцеся, Канстанцін Фёдаравіч», гаварыў здзіўлены гаспадар: «толькі вось прыехалі — і назад!»

«Не магу. Мне канешне патрэбна быць дома», сказаў Кастанжогла. Развітаўся, сеў на сваю пралётку і паехаў.

Здавалася, як быццам Хлабуеў зразумеў прычыну яго ад’езду.

«Не вытрымаў Канстанцін Фёдаравіч», сказаў ён: «не весела такому гаспадару, як ён, глядзець на гэтакае бязладнае кіраванне. Паверце, Павел Іванавіч, што нават збожжа не сеяў у гэтым годзе. Як сумленны чалавек! Насення не было, не кажучы пра тое, што няма чым араць. Ваш брат, Платон Міхайлавіч, кажуць, выдатны гаспадар; пра Канстанціна Фёдаравіча што ўжо і гаварыць! гэта Напалеон свайго роду. Часта, дапраўды, думаю: ну, чаму столькі розуму даецца ў адну галаву? ну, няхай-бы хоць кроплю яго ў маю дурную.

Тут, глядзіце, паны, асцярожней цераз мост, каб не шабоўснуць у лужыну. Дошкі вясной загадваў паправіць... Больш за ўсё шкада мне мужычкоў бедных; ім патрэбны прыклад, але з мяне што за прыклад? Што загадаеце рабіць? Вазьміце іх, Павел Іванавіч, пад свой загад. Як прывучыць іх да парадку, калі сам бязладны? Я адпусціў-бы іх даўно на волю, але з гэтага не будзе ніякага толку. Бачу, што раней трэба прывесці іх у такі стан, каб умелі жыць. Патрэбен строгі і справядлівы чалавек, які пажыў бы з імі доўга і асабістым прыкладам нястомнай дзейнасці... Рускі чалавек, бачу па сабе, не можа без паганятага: так і задрэмле, так і закісне».

«Дзіўна», сказаў Платонаў: «чаму рускі чалавек здольны так задрамаць і закіснуць, што, калі не глядзіш за простым чалавекам, зробіцца і п’яніцам, і нягоднікам».

«Ад недахопу асветы», заўважыў Чычыкаў.

«Бог ведае, ад чаго. Вось мы-ж адукаваліся, слухалі ва універсітэце, а на што вартыя? Ну, чаму я навучыўся? Парадку жыць не толькі не навучыўся, а яшчэ горш — навучыўся майстэрству пабольш растрачваць грошай на ўсякія тонкасці ды камфорты, больш пазнаёміўся з такімі прадметамі, на якія патрэбны грошы. Ці таму, што я без ладу вучыўся? — Не, таксама-ж і іншыя таварышы. Два, тры чалавекі здабылі. сабе сапраўдную карысць, дый то таму, магчыма, што і так былі разумнымі, а астатнія-ж толькі і стараюцца ўведаць тое, што псуе здароўе ды выманьвае грошы. Дальбог! А што я ўжо думаю: іншы раз, дапраўды, мне здаецца, што быццам рускі чалавек—нейкі вось прапашчы чалавек. Хочаш усё зрабіць—і нічога не можаш. Усё думаеш — з заўтрашняга дня пачнеш новае жыццё, з заўтрашняга дня сядзеш на дыету; але дзе там: да вечара таго-ж дня так аб’ясіся, што толькі вачамі лыпаеш, і язык не варочаецца — як сава сядзіш, гледзячы на ўсіх — дапраўды! I гэтак усё».

«Так», сказаў Чычыкаў, усміхнуўшыся: «гэтая гісторыя бывае».

«Мы зусім не для разважлівасці народжаны. Я не веру, каб з нас быў хтосьці разважлівым. Калі я бачу, што іншы нават і прыстойна жыве, збірае і ашчаджае грошы, не веру я і таму. На старасці і яго чорт зблытае: спусціць потым раптам усё. I ўсе так, дапраўды: і асвечаныя і неасвечаныя. Не, чагосці іншага не стае, а чаго — і сам не ведаю».

Па дарозе назад малюнкі былі тыя-ж самыя. Неахайны непарадак так і выяўляў адусюль брыдотнае сваё аблічча. Дадалася толькі новая лужына сярод вуліцы. Усё было закінута і запушчана як у мужыкоў, так і ў пана. Злосная баба, у замасленай дзярузе, да поўсмерці прыбіла бедную дзяўчынку і лаяла на ўсе бакі кагосьці ў трэцяй асобе, заклікаючы ўсіх чарцей. Воддаль два мужыкі глядзелі з стаічнай абыякавасцю на гнеў п’янай бабы. Адзін чухаў у сябе ніжэй спіны, другі пазяхаў. Пазяханне відаць было на будынках, стрэхі таксама: пазяхалі. Платонаў, гледзячы на іх, пазяхнуў. Лата на лаце. На адной хаціне замест страхі ляжалі цалкам вароты; вокны праваліліся і былі падпёрты жэрдкамі, украдзенымі з панскага свірна. Як відаць, у гаспадарцы праводзілася сістэма. Трышкіна каптана: абразаліся закаўрашы і фалды налатанне локцяў.

«Незайздросная ў вас гаспадарка», сказаў [Чычыкаў], калі яны, агледзеўшы, пад’ехалі... Увайшоўшы ў пакоі дома, яны былі ўражаны як быццам мешанінай галечы з бліскучымі дробязямі пазнейшай раскошы. Нейкі Шэкспір сядзеў на чарнільніцы; на стале ляжала шчыгульная ручка слановай косці для пачухвання самому сабе спіны. Гаспадыня была прыбрана з густам і па модзе, гаварыла пра горад ды пра тэатр, які там завёўся. Дзеці былі жвавыя і вясёлыя. Хлапчукі і дзяўчаткі былі прыгожа апрануты — вельмі міла і з густам. Лепш-бы апрануліся ў даматканыя спадніцы і простыя кашулі і бегалі-б сабе па дварэ і не адрозніваліся нічым ад сялянскіх дзяцей. Да гаспадыні хутка прыехала госця, нейкая балбатуння і пустазвонка. Дамы пайшлі на сваю палавіну. Дзеці пабеглі следам за імі. Мужчыны асталіся адны.

«Дык якая-ж будзе ваша цана?» сказаў Чычыкаў. «Пытаюся, прызнацца, каб пачуць крайнюю, апошнюю цану, бо маёнтак у горшым стане, чым чакаў».

«У самым кепскім, Павел Іванавіч», сказаў Хлабуеў. «I гэта яшчэ не ўсё. Я не ўтаю: са ста душ, якія лічацца па рэвізіі, толькі пяцьдзесят жывыя: так у нас распарадзілася халера; астатнія разбегліся беспашпартна, так што лічыце іх як быццам памершымі, так што калі іх вярнуць па судах, дык увесь маёнтак застанецца ў судах. Таму вось я і прашу ўсяго толькі трыццаць пяць тысяч».

Чычыкаў пачаў, зразумела, таргавацца.

«Злітуйцеся, як-жа трыццаць пяць? За гэтакае трыццаць пяць! Ну, вазьміце 25 тысяч».

Платонаву зрабілася сорамна. «Купляйце, Павел Іванавіч», сказаў ён. «За маёнтак заўсёды можна даць гэтую [цану]. Калі вы не дасцё за яго трыццаць пяць тысяч, мы з братам зложымся і купляем».

«Вельмі добра, згодзен», сказаў Чычыкаў, спалохаўшыся. «Добра, толькі з тым, каб палавіну грошай цераз год».

«Не, Павел Іванавіч! гэтага вось ужо ніяк не магу. Палавіну мне дайце цяпер-жа, а астатнія цераз... Мне-ж гэтыя самыя грошы дасць ламбард: было-б толькі чым...»

«Як-жа, дапраўды? Я ўжо не ведаю», сказаў Чычыкаў: «у мяне ўсяго толькі цяпер дзесяць тысяч», сказаў Чычыкаў, — сказаў і схлусіў: усяго ў яго было дваццаць, уключаючы грошы, пазычаныя ў Кастанжогла, але неяк шкада так многа аддаць за адзін раз.

«Не, калі ласка, Павел Іванавіч! Я кажу, што неабходна мне патрэбны пятнаццаць тысяч».

«Я вам пазычу 5 тысяч», падхапіў Платонаў.

«Хіба так!» сказаў Чычыкаў і падумаў сам сабе: «А гэта, аднак-жа, дарэчы, што ён пазычае». З каляскі была прынесена шкатулка, і тут-жа было з яе вынята 10 000 Хлабуеву; астатнія-ж пяць было паабяцана прывезці яму заўтра; гэта значыць паабяцана: думалася-ж прывезці тры, другія — потым, дзянькоў праз два або тры, а калі можна, дык і яшчэ крыху адтэрмінаваць. Павел Іванавіч неяк асабліва не любіў выпускаць грошай з рук. Калі-ж падпірала канечная неабходнасць, дык усё-ж такі, здавалася яму, лепш аддаць грошы заўтра, а не сёння. Гэта значыць, ён рабіў, як усе мы. Нам-жа прыемна павалаводзіць просьбіта: няхай ён намуляе сабе спіну ў пярэдняй! Быццам ужо і нельга пачакаць яму! Якая нам справа да таго, што, магчыма, кожная гадзіна яму дарагая і мае ён страты ў справах сваіх! Прыходзь, браток, заўтра, а сёння мне неяк няма часу.

«Дзе-ж вы пасля гэтага будзеце жыць?» спытаў Платонаў Хлабуева. «Ёсць у вас другая вёсачка?»

«Ды ў горад трэба пераязджаць: там ёсць у мяне дамок. Усё-ж роўна, гэта трэба было зрабіць, не для сябе, а для дзяцей: ім патрэбны будуць настаўнікі закону божага, музыкі, танцаў. Ні за якія-ж грошы ў вёсцы нельга іх дастаць».

«Кавалка хлеба няма, а дзяцей вучыць танцам!» падумаў Чычыкаў.

«Дзіўна!» падумаў Платонаў.

«Аднак-жа трэба нам чым-небудзь успрыснуць пагадненне», сказаў Хлабуеў. «Эй, Кірушка! прынясі, брат, бутэльку шампанскага».

«Кавалка хлеба няма, а шампанскае ёсць», падумаў Чычыкаў.

Платонаў не ведаў, што і думаць.

Шампанскае [Хлабуеў] прыдабыў з неабходнасці. Ён паслаў у горад: што рабіць? — у крамцы не даюць квасу напавер без грошай, а піць хочацца. А француз, які нядаўна прыехаў з вінамі з Пецербурга, усім даваў напавер. Што рабіць, трэба было браць бутэльку шампанскага.

Шампанскае было прынесена. Яны выпілі па тры бакалы і развесяліліся. Хлабуеў разышоўся: зрабіўся мілым і разумным, сыпаў досціпамі і анекдотамі. У размовах яго выявілася столькі ведання людзей і свету! Так добра і правільна бачыў ён шмат якія рэчы, так трапна і спрытна абрысоўваў у некалькіх словах суседзяў-памешчыкаў, так выразна бачыў недахопы і памылкі ўсіх, так добра ведаў гісторыю паноў, якія збяднелі: і чаму, і як, і ад чаго яны збяднелі; так арыгінальна і смешна ўмеў перадаваць малейшыя іх звычкі, — што яны абодва былі зусім зачараваны яго размовамі і гатовы былі прызнаць яго за самага разумнага чалавека.

«Мне дзіўна», сказаў Чычыкаў: «як вы, з такім розумам, не знойдзеце сродкаў і звароту?»

«Сродкі-то ёсць», сказаў Хлабуеў, і зараз-[жа] выклаў ім цэлую кучу пражэктаў. Усе яны былі да таго недарэчныя, такія дзіўныя, так мала выцякалі з ведання людзей і свету, што заставалася толькі паціскаць плячамі ды гаварыць: «Госпадзі божа! якая неабдымная адлегласць паміж веданнем свету і ўмельствам карыстацца гэтым веданнем!» Усё грунтавалася на неабходнасці дастаць адкуль-небудзь раптам сто або дзвесце тысяч. Тады, здавалася яму, усё-б наладзілася, як трэба, і гаспадарка-б пайшла, і прарэхі ўсе-б залаталіся, і прыбыткі можна павялічыць у чатыры разы, і здабыць сабе магчымасць аплаціць усе пазыкі. I канчаў ён прамову сваю: «Але што загадаеце рабіць? Няма, ды і няма такога дабрачынца, які-б адважыўся пазычыць дзвесце або хоць сто тысяч. Відаць, ужо бог не хоча».

«Яшчэ-б», падумаў Чычыкаў: «такому дурню паслаў бог дзвесце тысяч!»

«Ёсць у мяне, бадай што, трохмільённая цётухна», сказаў Хлабуеў: «бабуля багамольная; на цэрквы і манастыры дае, але дапамагаць блізкаму тугаватая. Даўніх часоў цётухна, на якую зірнуць варта было-б. У яе адных канарэек сотні чатыры, моські, прыжывалкі і слугі, якіх ужо цяпер няма. Малодшаму з слуг будзе год пад 60, хоць яна і кліча яго: «Эй, малы!» Калі госць як-небудзь не так будзе трымацца, дык яна за абедам загадае абнесці яго стравай, — і абнясуць. Вось як!»

Платонаў усміхнуўся.

«А як яе прозвішча і дзе пражывае?» запытаў Чычыкаў.

«Жыве яна ў нас-жа ў горадзе, Аляксандра Іванаўна Ханасарава».

«Чаму-ж вы не звернецеся да яе?» сказаў са спагадай Платонаў. «Мне здаецца, калі-б яна ўразумела становішча вашай сям’і, яна-б не змагла адмовіць».

«Ну, не можа. У цётухны натура моцная. Гэта бабуля — крэмень, Платон Міхайлавіч! Ды да таго-ж ёсць і без мяне падлізнікі, якія каля яе ўвіваюцца. Там ёсць адзін, які цэліць у губернатары: прыплёўся ёй у радню...» «Зрабі мне такую ласку», сказаў ён раптам, звяртаючыся [да Платонава]: «на наступным тыдні я даю абед усім саслоўям у горадзе».

Платонаў вылупіў вочы. Ён яшчэ не ведаў таго, што на Русі, у гарадах і сталіцах, водзяцца такія мудрацы, жыццё якіх — зусім невытлумачальная загадка. Усё, здаецца, пражыў, кругом запазычыўся, ніадкуль ніякіх сродкаў, а наладжвае абед: і ўсе абедаючыя гавораць, што гэта апошні, што заўтра-ж гаспадара пацягнуць у астрог. Праходзіць пасля гэтага 10 год— мудрэц усё яшчэ трымаецца на свеце, запазычыўся кругом яшчэ горш ад ранейшага і таксама-ж ладзіць абед, на якім усе абедаючыя думаюць, што ён апошні, і ўсе ўпэўнены, што заўтра-ж пацягнуць гаспадара ў астрог.

Дом Хлабуева ў горадзе ўяўляў сабой незвычайнае з’явішча. Сёння поп у рызах служыў там малебства; заўтра давалі рэпетыцыю французскія акторы. У адзін дзень ні крошкі хлеба нельга было адшукаць; у другі — хлебасольны прыём усіх артыстаў і мастакоў і велікадушная падача ўсім. Неаднойчы бывалі такія цяжкія часы, што другі даўно-б на яго месцы павесіўся або застрэліўся; але яго ратаваў рэлігійны настрой, які дзіўным чынам спалучаўся ў ім з бязладным яго жыццём. У гэтыя горкія хвіліны чытаў [ён] жыція пакутнікаў і няўтомных працаўнікоў, якія выхоўвалі дух свой так, каб узвышаўся ён над няшчасцямі. Душа яго ў гэты час уся рабілася мяккай, расчульваўся дух, і слязамі поўніліся вочы яго. Ён маліўся, і — дзіўная справа! — амаль заўсёды прыходзіла да яго адкуль-небудзь нечаканая дапамога: ці хто-небудзь з старых сяброў яго ўспамінаў пра яго і прысылаў яму грошай; ці якая-небудзь праезджая незнаёмая, выпадкам пачуўшы пра яго гісторыю, з імклівай велікадушнасцю жаноцкага сэрца прысылала яму багатую падачу; або выйгравалася дзе-небудзь у яго карысць справа, пра якую ён ніколі і не чуў. Благагавейна прызнаваў ён тады неабсяжную міласэрнасць Правідзення, служыў удзячнае малебства і зноў пачынаў бязладнае жыццё сваё.

«Шкада мне яго, дапраўды, шкада», сказаў Чычыкаву Платонаў, калі яны, развітаўшыся з ім, выехалі ад яго.

«Блудны сын!» сказаў Чычыкаў. «Такіх людзей і шкадаваць няма чаго».

I хутка яны абодва пакінулі думаць пра яго: Платонаў — таму, што ляніва і поўсонна глядзеў на стан людзей, таксама-ж, як і на ўсё ў свеце. Сэрца яго спачувала і шчымела, бачачы пакуты іншых, але ўражанні неяк не адбіваліся глыбока ў яго душы. Праз некалькі хвілін ён не думаў пра Хлабуева. Ён таму не думаў пра Хлабуева, што і пра сябе самога не думаў; Чычыкаў таму не думаў пра Хлабуева, што, сапраўды, усе яго думкі былі заняты не на жарты набытай пакупкай. Як-бы там ні было, але раптам апынуўшыся, пасля фантастычнага, сапраўдным уладаром ужо не фантастычнага маёнтка, ён зрабіўся задуменным, і дапушчэнні, і думкі зрабіліся больш сталымі і надавалі мімаволі значны выраз тва[ру]. «Цярплівасць, праца! Рэч няц[яжкая]: з імі я пазнаёміўся, так сказаць, з дзіцячых пялёнак. Мне яны не навіна. Але ці хопіць цяпер, у гэтыя гады, столькі цярплівасці, колькі ў маладосці?» Як-бы там ні было, як ні разглядаў, на які бок не паварочваў набытую пакупку, бачыў, што ў кожным выпадку пакупка была выгадная. Можна было зрабіць і так, каб закласці маёнтак у ламбард, раней распрадаўшы па кавалках лепшую зямлю. Можна было распарадзіцца і так, каб заняцца самому гаспадаркай і зрабіцца памешчыкам па прыкладу Кастанжогла, карыстаючыся яго парадамі, як суседа і дабрадзея. Можна было зрабіць нават і так, каб перапрадаць у прыватныя рукі маёнтак (зразумела, калі не захочацца самому гаспадарыць), пакінуўшы сабе беглых і мерцвякоў. Тады ўзнікала і другая карысць: можна было зусім уцячы цішком з гэтых месц і не заплаціць Кастанжогла пазычаных у яго грошай. Дзіўная думка! не тое, каб Чычыкаў займеў [яе], але яна раптам, сама сабой, паўстала, дражнячы і ўсміхаючыся, і падміргваючы яму. Непатрэбніца! гарэзніца! I хто тварэц гэтых раптоўна набягаючых думак?.. Ён адчуў прыемнасць, — прыемнасць ад таго, што зрабіўся цяпер памешчыкам, — памешчыкам не фантастычным, але сапраўдным памешчыкам, у якога ўжо ёсць і зямля, і ўсе выгоддзі і людзі — людзі, якія не ў марах, не ва ўяўленні бытуюць, але сапраўды існуюць. I пакрысе пачаў ён падскокваць, і паціраць сабе рукі, і падміргваць сам сабе, і вытрубіў на кулаку, прыставіўшы яго сабе да рота, быццам на трубе, нейкі марш, і нават голасна сказаў некалькі заахвочвальных слоў і назваў самому сабе накшталт мордачкі і каплунчыка. Але потым, прыпомніўшы, што ён не адзін, прыціх раптам, пастараўся сяк-так замяць неўмеркаваны парыў захаплення; і калі Платонаў, палічыўшы сякія-такія з гэтых гукаў за звернутыя да яго словы, спытаў у яго: «чаго?» ён адказаў: «нічога».

Тут толькі, азірнуўшыся навокал сябе, ён убачыў, што яны ўжо даўно ехалі цудоўным гаем; прыгожая бярозавая агарожа цягнулася ў іх справа і злева. Белыя [камлі] лясных бяроз і асін, ззяючы, як снежны частакол, стройна і лёгка вырысоўваліся на кволай зеляніне лісця, якое толькі што паразвівалася. Салаўі адзін перад адным гучна шчоўкалі з гаю. Лясныя цюльпаны жаўцелі ў траве. Ён не мог уявіць сабе, як ён паспеў апынуцца ў гэтым цудоўным месцы, калі яшчэ нядаўна было роўнае поле. Паміж дрэў мільгала белая каменная царква, а на другім баку паказалася з-[за] гаю агарожа. У канцы вуліцы з’явіўся пан, які ішоў ім насустрач, у шапцы, з сукаватым кіем у руках. Агліцкі сабака, на высокіх тонкіх ножках, бег перад ім.

«А вось і брат», сказаў Платонаў. «Фурман, стой!» I вышаў з каляскі, Чычыкаў таксама. Сабакі ўжо ўправіліся пацалавацца. Тонканогі, рухавы Азор спрытна лізнуў сваім языком Ярба ў морду, потым лізнуў Платонаву рукі, потым ускочыў на Чычыкава і лізнуў яго ў вуха.

Браты абняліся.

«Паслухай, Платон, што гэта ты са мной робіш?» сказаў спыніўшыся брат, якога звалі Васіліем.

«Як што?» абыякава адказаў Платон.

«Дык як-жа сапраўды? тры дні ад цябе ні слуху, ні духу!

Конюх ад Петуха прывёў твайго жарабца. «Паехаў», кажа, «з нейкім панам». Ну, хоць-бы слова сказаў: куды, чаго, на які час? Паслухай, браток, як-жа можна так рабіць? А я, бог ведае, чаго не перадумаў за гэтыя дні!»

«Ну, што-ж рабіць? забыўся», сказаў Платонаў. «Мы заехалі да Канстанціна Фёдаравіча: ён табе кланяецца, сястра таксама. Павел Іванавіч, рэкамендую вам: брат Васілій. Брат Васілій! гэта Павел Іванавіч Чычыкаў».

Абодва, закліканыя да ўзаемнага знаёмства, паціснулі адзін другому рукі і, зняўшы шапкі, пацалаваліся.

«Хто-б такі быў гэты Чычыкаў?» думаў брат Васілій. «Брат Платон на знаёмствы неразборлівы». I агледзеў ён Чычыкава, наколькі дазваляла прыстойнасць, і ўбачыў, што гэта быў чалавек, з выгляду, вельмі добрых намераў.

З свайго боку, Чычыкаў агледзеў таксама, наколькі дазваляла прыстойнасць, брата Васілія і ўбачыў, што брат ніжэй за Платона, воласам цямней за яго і з твару далёка не такі прыгожы, але ў рысах яго твару было куды больш жыцця і натхнёнасці, больш сардэчнай дабраты. Відаць было, што ёй менш драмаў. Але на гэтую акалічнасць Павёл Іванавіч мала звяртаў увагі.

«Я наважыў, Вася, праехацца разам з Паўлам Іванавічам па святой Русі: А можа гэта разгоніць хандру маю».

«Як жа так раптам наважыў?» сказаў у здзіўленні брат

Васілій; і ён ледзь не дадаў: «І яшчэ ехаць з чалавекам, якога бачыш першы раз, які, магчыма, і дрэнь, і чорт ведае што!» Поўны недаверлівасці, ён азірнуў скосу Чычыкава, і ўбачыў добрапрыстойнасць здзіўляючую.

Яны павярнулі направа ў вароты. Двор быў старасвецкі, дом таксама старасвецкі, якіх цяпер не будуюць — з паветкамі, пад высокім дахам. Дзве велізарныя ліпы раслі пасярод двара і накрывалі амаль палавіну яго сваім ценем. Пад імі было многа драўляных лавак. Расквітнелы бэз і чаромха бісерным ажарэллем абводзілі двор разам з агарожай, якая зусім хавалася пад іх кветкамі і лісцем. Панскі дом быў зусім захінуты, адны толькі дзверы і вокны хораша выглядалі знізу праз галлё. Праз простыя, як стрэлы, камлі дрэў бялеліся кухні, кладоўкі і скляпы. Усё было ў гаі. Салаўі высвіствалі гучна, поўнячы песнямі ўвесь гай. Мімаволі ўваходзіла ў душу нейкае бестурботна прыемнае пачуццё. Так і павявала ўсімі тымі бесклапотнымі часамі, калі ўсім жылося добра і ўсё было проста і нескладана. Брат Васілій запрасіў Чычыкава садзіцца. Яны селі на лаўках пад ліпамі.

Хлопец, год 17, у прыгожай кашулі з ружовай ксандрэйкі [107], прынёс і паставіў перад імі графіны з рознакаляровымі фруктовымі квасамі ўсіх гатункаў, то густымі, як масла, то шыпеўшымі, як газавыя ліманады. Паставіўшы графіны, ён схапіў рыдлёўку, якая стаяла каля дрэва, і пайшоў у сад. У братоў Платонавых, таксама як і ў зяця Кастанжогла, слуг ва ўласным сэнсе не было: яны былі ўсе садоўнікі, усе дваровыя, выконвалі па чарзе гэтую работу. Брат Васілій усё сцвярджаў, што слугі не саслоўе: падаць што-небудзь можа кожны, і для гэтага не варта трымаць асобных людзей; што быццам рускі чалавек датуль добры і спрытны і не гультай, пакуль ён ходзіць у кашулі і світцы; але, як толькі ўлезе ў нямецкі сурдут, зробіцца раптам непаваротны і няспрытны, і гультай, і кашулю не мяняе, і ў лазню пакідае зусім хадзіць, і спіць у сурдуце, і завядуцца ў яго пад сурдутам нямецкім і клапы, і блох незлічонае мноства. У гэтым, магчыма, ён і не памыляўся. У іх вёсцы народ апранаўся асабліва фарсіста: кічкі ў жанчын былі ўсе ў золаце, а рукавы на кашулях — сапраўдныя коймы турэцкага шалю. «Гэта квасы, якімі здаўна славіцца наш дом», сказаў брат Васілій.

Чычыкаў наліў шклянку з першага графіна — сапраўдны ліпец [108], які ён калісьці піў у Польшчы; ігра як у шампанскага, а газ так і шыбануў прыемным кручком з рота ў нос.

«Нектар!» [109] сказаў ён. Выпіў шклянку з другога графіна — яшчэ лепш.

«Над усімі пітвамі пітво!» сказаў Чычыкаў. «Магу сказаць, што ў паважанейшага вашага зяця, Канстанціна Фёдаравіча, піў адменную наліўку, а ў вас — адменны квас».

«Ды і наліўка-ж таксама ад нас; гэта-ж сястрын заход. У які-ж бок і ў якія месцы мяркуеце ехаць?» спытаў брат Васілій.

«Еду я», сказаў Чычыкаў, злёгку пагойдваючыся на лаўцы і пагладжваючы рукой сябе па калене [і нахіляючыся]: «не столькі па сваёй патрэбе, колькі па патрэбе другога. Генерал Бетрышчэў, блізкі прыяцель і, можна сказаць, дабрадзей, прасіў наведаць сваякоў. Сваякі, вядома, сваякамі, але крыху, так сказаць, і для самога сябе; бо, ужо не гаворачы пра карысць у гемараідальных адносінах, бачыць свет і колазварот людзей — ёсць ужо само па сабе, так сказаць, жывая кніга і другая навука».

Брат Васілій задумаўся: «Гаворыць гэты чалавек крыху віціевата, але ў словах яго, аднак-жа, ёсць праўда», падумаў [ён]. Крыху памаўчаўшы, сказаў ён, звяртаючыся да Платонава: «Я пачынаю думаць, Платон, што падарожжа можа, сапраўды, разварушыць цябе. У цябе нішто іншае, як душэўная спячка. Ты проста заснуў, — і заснуў не ад перасычэння або ад стомы, але ад недахопу жывых уражанняў і адчуванняў. Вось я зусім наадварот. Я вельмі жадаў-бы не так востра адчуваць і не так блізка прымаць да сэрца ўсё, што ні здараецца».

«Ахвота-ж табе прымаць усё блізка да сэрца», сказаў Платон. «Ты вышукваеш сабе непакой і сам ствараеш сабе трывогі».

«Як ствараць, калі і без таго на кожным кроку непрыемнасць?» сказаў Васілій. «Чуў ты, якую без цябе сыграў з намі штуку Леніцын? — Захапіў пустку, дзе ў нас святкуецца чырвоная горка. Па-першае, пусткі гэтай я ні за якія грошы... Тут у мяне сяляне святкуюць кожную вясну чырвоную горку, з ёй звязаны ўспаміны вёскі; а для мяне звычай — святая рэч і за яго гатоў афяраваць усім».

«Не ведае, таму і захапіў», сказаў Платон: «чалавек новы, толькі што прыехаў з Пецербурга; яму трэба расказаць, растлумачыць».

«Ведае, добра ведае. Я пасылаў яму сказаць, але ён адказаў грубасцю».

«Табе трэба было з’ездзіць самому, растлумачыць. Перагавары з ім сам».

«Ну, не. Ён занадта ўжо заважнічаў. Я да яго не паеду. Калі ласка, едзь сам, калі хочаш ты».

«Я паехаў-бы, але я-ж не ўмешваюся... Ён можа мяне і падашукаць і падмануць».

«Ды калі хочаце, дык я паеду», сказаў Чычыкаў: «растлумачце справу».

Васілій зірнуў на яго і падумаў: «Вось які ахвотнік ездзіць!»

«Вы мне дайце толькі зразумець, які ён чалавек», сказаў Чычыкаў: «і ў чым справа».

«Мне сорамна ўскладаць на вас такую непрыемную камісію. Чалавек ён, па-мойму, дрэнь: з простых дробнапамесных дваран нашай губерні, выслужыўся ў Пецербургу, ажаніўшыся там на нейчай пабочнай дачцы, і заважнічаў. Тон задае. Ды ў нас народ жыве не дурны: мода нам не загад, а Пецербург не царква».

«Вядома», сказаў Чычыкаў: «а справа ў чым?»

«Бачыце вось? Яму, сапраўды, патрэбна зямля. Ды калі-б ён не так ставіўся, я з ахвотаю вызначыў-бы ў іншым месцы дармова, не тое што... А цяпер задзірлівы чалавек падумае...»

«Па-мойму, лепш перамовіцца: можа, справа вось... Мне даручалі справы і не каяліся... Вось таксама і генерал Бетрышчэў...»

«Але мне сорамна, што вам давядзецца гутарыць з такім чалавекам»...

«...[110] і наглядаючы асабліва, каб гэта было патайна», сказаў Чычыкаў: «бо не столькі само злачынства, колькі спакуса нясе шкоднасць».

«А, гэта так, гэта так», сказаў Леніцын, нахіліўшы зусім галаву набок.

«Як прыемна спаткаць аднолькавасць думак!» сказаў Чычыкаў. «Ёсць і ў мяне справа, і законная, і незаконная, разам: з выгляду незаконная, а ў сутнасці законная. Маючы патрэбу ў заставах, нікога не хачу змушаць на рызыку плаціць па два рублі за жывую душу. Ну, здарыцца, лопну — ад чаго хай бог бароніць, — непрыемна-ж уласніку, я і вырашыў выкарыстаць беглых і мёртвых, яшчэ не выкрэсленых з рэвізіі, каб за адным заходам зрабіць і хрысціянскую справу, і зняць з беднага ўласніка цяжар аплаты за іх подацей... Мы толькі паміж сабой зробім фармальным чынам купчую, як на жывыя».

«Гэта, аднак-жа, штосьці вельмі дзіўнае», падумаў Леніцын і адсунуўся з крэслам крыху назад. «Так, справа вось, аднак-жа, такога парадку...» пачаў [ён].

«А спакусы не будзе, таму што патайна», адказаў Чычыкаў: «і пры гэтым паміж людзьмі добрых намераў».

«Ды ўсё-такі, аднак-жа, справа неяк...»

«А спакусы ніякай», адказаў вельмі проста і шчыра Чычыкаў. «Справа такога парадку, як зараз разважалі: паміж людзьмі добрых намераў, прыстойных год і, здаецца, добрага чыну, і да гэтага-ж патайна». I, кажучы гэта, глядзеў ён адкрыта і высокародна яму ў вочы.

Як ні спрыцён быў на выкруты Леніцын, як добра ні ведаў ён наогул справаводства, але тут неяк зусім збянтэжыўся, тым больш, што нейкім вось дзіўным чынам ён як быццам заблытаўся ва ўласнай сетцы. Ён зусім не быў здольны на несправядлівасці і не хацеў-бы зрабіць нічога несправядлівага, нават патайна. «Вось якая дзіўная аказія!» думаў ён сам сабе. «Прашу ўваходзіць у цеснае сяброўства нават з добрымі людзьмі! Вось табе і задача!»

Але лёс і абставіны нібы знарок спрыялі Чычыкаву. Быццам для таго, каб дапамагчы гэтай цяжкой справе, увайшла ў пакой маладая гаспадыня, жонка Леніцына, бледная, худзенькая, нізенькая, але апранутая па-пецербургску, вялікая ахвотніца да людзей comme il faut [111]. За ёй было вынесена на руках мамкай першае дзіця, плод пяшчотнага кахання маладых супругаў, якія толькі што пажаніліся. Спрытным падыходам з падскокам і нахілам галавы набок Чычыкаў зусім зачараваў пецербургскую даму, а следам за ёй і дзіцянё. З пачатку яно было разрумзалася, але словамі: «Агу, агу, душачка», і шчоўканнем пальцаў, і хараством сердалікавай пячаткі ад гадзінніка Чычыкаву ўдалося яго пераманіць да сябе на рукі. Потым ён пачаў яго падымаць да самай столі і выклікаў гэтым у дзіцяці прыемную ўсмешку, якая надзвычайна ўзрадавала бацькоў. Але, ад раптоўнай прыемнасці ці ад чаго-небудзь іншага, дзіцянё раптам пачало трымаць сябе нядобра.

«Ах, божа мой!» ускрыкнула жонка Леніцына: «ён вам сапсаваў увесь фрак!»

Чычыкаў паглядзеў: рукаў новенькага фрака быў увесь сапсаваны. «Ліха-б цябе ўзяло, чарцянё!» падумаў ён усердзіўшыся.

Гаспадар, гаспадыня, мамка — усе пабеглі па адэкалон; з усіх бакоў узяліся яго выціраць.

«Нічога, нічога, зусім нічога!» казаў Чычыкаў, імкнучыся: надаць свайму твару, колькі магчыма, вясёлы выраз. «Ці можа што-небудзь сапсаваць дзіцянё ў гэты залаты час свайго ўзросту?» паўтараў ён, а ў той-жа час думаў: «Ды як-жа, шэльма, ваўкі-б яго з’елі, спрытна абрабіў, абармот пракляты».

Гэта, мабыць, нязначная акалічнасць зусім схіліла гаспадара на карысць справы Чычыкава. Як адмовіць такому госцю, які так нявінна песціў дзіця і велікадушна разлічыўся за гэта ўласным фракам? Каб не даць дрэннага прыкладу, парашылі скончыць справу сакрэтна, бо не столькі сама справа, колькі спакуса шкодзіць.

«Дазвольце-ж і мне, ва ўзнагароду за паслугу, заплаціць вам таксама паслугай. Хачу быць пасярэднікам вашым у справе з братамі Платонавымі. Вам патрэбна зямля, ці не так?..»

РАЗДЗЕЛ... [112]

Усё на свеце робіць свае справы. Што каму баліць, той аб тым і крычыць, кажа прыказка. Падарожжа па скрынях зроблена было з поспехам, так што тое-сёе ад гэтай экспедыцыі перайшло ва ўласную шкатулку. Адным словам, абладжана было асцярожна і з развагай. Чычыкаў не тое, каб украў, але пакарыстаўся. Кожны-ж з нас чым-небудзь пакарыстаецца: той казённым лесам, той эканамічнымі сумамі, той крадзе ў сваіх дзяцей для якой-небудзь прыезджай актрысы, той у сялян дзеля мэблі Гамбса [113] або карэты. Што рабіць, калі завялося так многа прывабаў на свеце? і дарагія рэстараны з шалёнымі цэнамі, і маскарады, і пагулянкі, і скокі з цыганкамі. Цяжка-ж утрымацца, калі ўсе з усіх бакоў робяць тое-ж, ды і мода загадвае — спрабуй стрымаць сябе! Чычыкаву належала-б і выехаць ужо, але дарогі сапсаваліся. У горадзе тым часам гатоў быў пачацца другі кірмаш — цалкам дваранскі. Ранейшы быў больш конскі, жывёлай, сырымі вырабамі, ды рознымі сялянскімі, якія скупляліся прасоламі і кулакамі. Цяпер-жа ўсё, што куплена на Ніжагародскім кірмашы краснапрадаўцамі панскіх тавараў, прывезена сюды. Наехалі знішчальнікі рускіх кішэняў, французы з памадамі і францужанкі з капялюшыкамі, знішчальнікі здабытых крывёй і працай грошай — гэта егіпецкая саранча, паводле выразу Кастанжогла, якая мала таго, што ўсё зжарэ, ды яшчэ яечак пасля сябе пакіне, закапаўшы іх у зямлю.

Толькі неўраджай ды нешчаслівы ў самым..... утрымалі шмат каго з памешчыкаў у вёсках. Затое чыноўнікі, якія не мелі страт ад ураджаю, разышліся; жонкі іх на бяду таксама. Начытаўшыся розных кніг, распушчаных у апошні час з мэтай утлумачыць усякія новыя патрэбы чалавецтву, адчулі прагу незвычайную зазнаць усе новыя асалоды. Француз адкрыў новае завядзенне — нейкі дагэтуль нечуваны ў губерні ваксал, з вячэрамі, быццам па незвычайна таннай цане і палавіну ў крэдыт. Гэтага было досыць, каб [не толькі] столаначальнікі, але нават і ўсе канцылярскія, у надзеі на будучыя хабары з просьбітаў..... Узнікла жаданне пафарсіць адзін перад другім конямі і фурманамі. Ох, гэтая сутычка саслоўяў для забаў! Не гледзячы на кепскае надвор’е і слату, фарсістыя каляскі праляталі ўзад і ўперад. Адкуль яны з’явіліся, бог ведае, але ў Пецербургу не зблышылі-б... Купцы, прыказчыкі, спрытна прыўзнімаючы капелюшы, запрашалі паняў. Мала дзе былі відаць барадачы ў мехавых гарлатных шапках. Усё было еўрапейскага выгляду з паголенымі падбародкамі, усё..... і з гнілымі зубамі.

«Калі ласка, калі ласка! Ды ўжо зрабіце ласку зайсці ў краму! Пан, пан!» выгуквалі там-сям хлапчукі.

Але ўжо на іх з пагардай глядзелі азнаёмленыя з Еўропай пасрэд....; зрэдку толькі з пачуццём годнасці вымаўлялі: «Шт.....», або «тут сукны зібер, клер і чорныя».

«Ёсць сукны бруснічных колераў з іскрай?» запытаў Чычыкаў.

«Выдатныя сукны», сказаў купец, прыўзнімаючы адной рукой шапку, а другой паказваючы на краму. Чычыкаў увайшоў у краму. Спрытна прыпадняў дошку... і апынуўся на другім баку яго, спіной да тавараў, якія ляжалі знізу да столі, трубка на трубцы, і — тварам да пакупніка. Абапёршыся спрытна абодвума рукамі і злёгку пагойдваючыся на іх усім тулавам, вымавіў: «Якіх сукнаў пажадаеце?»

«З іскрай аліўкавых або бутэлечных, якія набліжаюцца, так сказаць, да брусніц», сказаў Чычыкаў.

«Магу сказаць, што атрымаеце адменнага гатунку, лепш за які толькі ў асвечаных сталіцах можна адшукаць. Хлопец! падай сукно зверху, што за 34-м нумарам. Ды не тое, браток! Што ты вечна вышэй сваёй сферы, быццам пролетарый які! Кідай яго сюды. Вось сукенца!» I, разгарнуўшы яго з другога канца, купец паднёс Чычыкаву пад самы нос, так што той мог не толькі пагладзіць рукой шаўкавісты глянец, але нават і панюхаць.

«Добра, але ўсё не тое», сказаў Чычыкаў. «Я-ж служыў на мытніцы, дык мне вышэйшага гатунку, якое ёсць, і да таго-ж больш з чырванню, не да бутэлькі, а да брусніц каб набліжалася».

«Разумею: вы сапраўды жадаеце такога колеру, які цяпер у моду ўваходзіць. Ёсць у мяне сукно выдатнай вартасці. Папярэджваю, што высокай цаны, але і высокай якасці».

Еўрапеец палез. Трубка ўпала. Разгарнуў ён яе з майстэрствам ранейшых часоў, нават на час забыўшы, што ён належыць ужо да пазнейшага пакалення, і паднёс да святла, нават вышаўшы з крамы, і там яго паказаў, жмурачыся ад святла і сказаўшы: «Адменны колер! Сукно наварынскага дыму з полымем».

Сукно спадабалася; пра цану дамовіліся, хоць яна і «з прыфіксам» [114], як сцвярджаў купец. Тут было прароблена спрытнае раздзіранне абодвума рукамі. Загорнута яно было ў паперу, па-руску, з хуткасцю неверагоднай. Скрутак закруціўся пад лёгкім шпагатам, які ахапіў яго трапяткім вузлом. Нажніцы перарэзалі шпагат, і ўсё было ўжо ў калясцы. Купец прыўзнімаў шапку. Прыўзнімаючы шапку..... прычыну: ён дастаў з кішэні грошы.

«Пакажыце чорнага сукна», пачуўся голас.

«Вось чорт вазьмі, Хлабуеў», сказаў сам сабе Чычыкаў і павярнуўся спіной, каб не бачыць яго, лічачы за неразважлівасць з свайго боку распачынаць з ім якія-небудзь тлумачэнні адносна спадчыны. Але ён ужо яго ўбачыў.

«Што гэта, дапраўды, Павел Іванавіч, ці не наўмысна ўцякаеце ад мяне? Я вас нідзе не магу адшукаць, а справы-ж такога роду, што нам трэба сур’ёзна перагаварыць».

«Найпаважанейшы, найпаважанейшы», сказаў Чычыкаў, паціскаючы яму рукі: «паверце, што ўсё хачу з вамі пагутарыць, ды часу зусім няма». А сам думаў: «Чорт-бы цябе хапіў!» I раптам убачыў уваходзячага Муразава. «Ах, божа, Афанасій Васільевіч! Як здароўе ваша?»

«Як вы?» сказаў Муразаў, здымаючы капялюш. Купец і Хлабуеў знялі капелюшы.

«Ды вось паясніца, дый сон неяк усё не тое. Ці можа ўжо таму, што мала руху...»

Але Муразаў, замест таго, каб паглыбіцца ў прычыну прыпадкаў Чычыкава, звярнуўся да Хлабуева: «А я, Сямён Сямёнавіч, убачыўшы, што вы ўвайшлі ў краму, — за вамі. Мне трэба аб тым аб сім пагаварыць, дык ці не хочаце заехаць да мяне?»

«Як-жа, як-жа!» сказаў паспешна Хлабуеў і вышаў з ім.

«Аб чым-бы ў іх размовы?» падумаў Чычыкаў.

«Афанасій Васільевіч — паважаны і разумны чалавек», сказаў купец: «і справу сваю ведае, але асвечанасці няма. Купец-жа ёсць негацыянт, а не тое, што купец. Тут з гэтым злучана і буджэт, і рэакцыя, а інакш атрымаецца паўпурызм» [115], Чычыкаў махнуў рукой.

«Павел Іванавіч, я вас шукаю ўсюды», пачуўся ззаду голас Леніцына. Купец пачціва зняў капялюш.

«Ах, Фёдар Фёдарыч!»

«У імя бога, паедзем да мяне: мне трэба перагаварыць», сказаў ён. Чычыкаў зірнуў — ён змяніўся з твару. Расплаціўшыся з купцом, ён вышаў з крамы.

«Вас чакаю, Сямён Сямёнавіч», сказаў Муразаў, убачыўшы ўваходзячага Хлабуева: «калі ласка да мяне ў пакойчык». I ён павёў Хлабуева ў пакойчык, ужо знаёмы чытачу, скрамней за які нельга было адшукаць і ў чыноўніка, што атрымлівае семсот рублёў у год.

«Скажыце, цяпер-жа, я думаю, справы вашы палепшалі? Пасля цёткі ўсё-такі вы атрымалі тое-сёе».

«Дык як вам сказаць, Афанасій Васільевіч? Я не ведаю, ці палепшалі мае справы. Я атрымаў усяго пяцьдзесят душ сялян і трыццаць тысяч грошай, якімі я павінен быў разлічыцца з часткай маіх пазык, — і ў мяне зноў няма нічога. А галоўнае, што справа па гэтаму завяшчанню самая нячыстая. Тут, Афанасій Васільевіч, пачаліся такія круцельствы. Я вам зараз раскажу, і вы здзівіцеся, што такое робіцца. Гэты Чычыкаў...»

«Дазвольце, Сямён Сямёнавіч, раней чым гаварыць пра гэтага Чычыкава, дазвольце пагаварыць уласна пра вас. Скажыце мне: колькі, па вашым меркаванні, было-б вам патрэбна і дастаткова для таго, каб зусім выблытацца з становішча?»

«Маё становішча цяжкое», сказаў Хлабуеў. «Ды каб выблытацца са становішча, разлічыцца зусім і мець магчымасць жыць самым памяркоўным чынам, мне патрэбна, прынамсі, 100 тысяч, калі не больш, словам, мне гэта немагчыма.

«Не магу, нікуды не варты: асавеў, баліць паясніца».

«Дык як-жа жыць без працы! Як-жа быць на свеце без пасады, без месца? Паслухайце! Зірніце на кожнае стварэнне божае: кожнае чаму-небудзь ды служыць, мае свае абавязкі. Нават камень, і той для таго, каб ужываць яго на справу, а чалавек, самая разумная істота, каб заставаўся без карысці, — ці магчымая гэта справа?»

«Ну, ды я ўсё-такі не без справы. Я магу заняцца выхаваннем дзяцей».

«Не, Сямён Сямёнавіч, не! Гэта цяжэй за ўсё. Як выхаваць таму дзяцей, хто сам сябе не выхаваў? Дзяцей-жа толькі можна выхаваць прыкладам асабістага жыцця. А ваша жыццё ці прыдатна ім за прыклад? Каб навучыцца хіба таму, як [у] бяздзейнасці праводзіць час ды гуляць у карты? Не, Сямён Сямёнавіч, аддайце дзяцей мне: вы іх папсуеце. Падумайце не жартуючы: вас загубіла бяздзейнасць, — вам трэба ад яе ўцякаць. Як жыць на свеце не прымацаванаму ні да чаго? Які-небудзь ды трэба выконваць абавязак. Падзёншчык, — і той-жа служыць. Ён есць капеечны хлеб, ды ён-жа: яго здабывае і адчувае цікавасць да свайго занятку».

«Дальбог, спрабаваў, Афанасій Васільевіч, стараўся перамагчы! Што-ж рабіць! пастарэў, зрабіўся няздольным. Ну, як мне зрабіць? Няўжо мне падавацца на службу? Ну, як-жа мне, у сорак пяць год, сесці за адзін стол з пачынаючымі канцылярскімі чыноўнікамі? Да таго-ж я не здольны браць хабар — сабе перашкоджу і іншым шкоды нараблю. Там у іх і касты свае ўтварыліся. Не, Афанасій Васільевіч, думаў, спрабаваў, перабіраў усе месцы, — усюды буду няздольным. Толькі хіба ў багадзельню...»

«Багадзельня [тым], хто працаваў; а тым, хто весяліўся ўвесь час у маладосці, адказваюць, як мурашка страказе: «Ідзі, паскачы!» Ды і ў багадзельні седзячы, таксама працуюць, у віст не гуляюць, Сямён Сямёнавіч», гаварыў [Муразаў], гледзячы яму пільна ў твар: «вы ашукваеце і сябе і мяне».

Муразаў глядзеў пільна яму ў твар, але бедны Хлабуеў нічога не мог адказаць. Муразаву зрабілася яго шкада.

«Паслухайце, Сямён Сямёнавіч... Але вы-ж моліцеся, ходзіце ў царкву, не прапускаеце, я ведаю, ні утрані, ні вячэрні. Вам хоць і не хочацца рана ўставаць, але-ж вы ўстаеце і ідзеце, — ідзеце ў чатыры гадзіны раніцы, калі ніхто яшчэ не падымаўся».

«Гэта — іншая справа, Афанасій Васільевіч. Я ведаю, што гэта я раблю не для чалавека, а для таго, хто загадаў нам быць усім на свеце. Што-ж рабіць! Я веру, што ён літасцівы да мяне, што які я ні агідны, ні брыдотны, але ён мне можа дараваць і прыняць, тады як людзі адапхнуць нагой і найлепшы з сяброў прадасць мяне, ды яшчэ і скажа потым, што ён прадаў з добрай мэтай».

Пачуццё засмучанасці выразілася на твары Хлабуева. Стары праслязіўся, але нічога не......

«Дык паслужыце-ж таму, хто такі літасцівы. Яму таксама да спадобы праца, як і малітва. Вазьміце які-небудзь занятак, але вазьміце як-бы вы рабілі для яго, а не для людзей. Ну, проста, хоць ваду таўчыце ў ступе, але думайце толькі, што вы робіце для яго. Ужо гэтым будзе карысна, што для благога не застанецца часу — для пройгрыша ў карты, для гулянкі з аб’ядаламі, для свецкага жыцця. Эх, Сямён Сямёнавіч! Ведаеце вы Івана Патапыча?»

«Ведаю і вельмі паважаю».

«Ён-жа добры быў гандляр: поўмільёна было; ды як убачыў ва ўсім прыбытак — і разбэсціўся. Сына па-французску пачаў вучыць, дачку — за генерала. I ўжо не ў краме або на біржавой вуліцы, а ўсё як-бы сустрэць прыяцеля ды пацягнуць у тракцір піць чай; там цэлыя дні — чай, ды збанкрутаваў. А тут бог няшчасце паслаў: сын..... Цяпер ён, ці бачыце, прыказчыкам у мяне. Пачаў з пачатку. Справы палепшыліся яго. Ён мог-бы зноў гандляваць на пяцьсот тысяч. «Прыказчыкам быў, прыказчыкам хачу і памерці. Цяпер», кажа, «я стаў здаровы і свежы, а тады ў мяне чэрава разгадоўвалася, ды і вадзянка пачыналася... Не!» кажа. I чаю ён цяпер у рот не бярэ. Капуста ды каша — і больш нічога, так. А ўжо моліцца ён так, як ніхто з нас не моліцца; а ўжо дапамагае ён бедным так, як ніхто з нас не дапамагае; а другі рад-бы дапамагчы, ды грошы свае пражыў».

Бедны Хлабуеў задумаўся.

Стары ўзяў яго за абедзве рукі: «Сямён Сямёнавіч! Каб вы ведалі, як мне вас шкада! Я пра вас увесь час думаў. I вось паслухайце. Вы ведаеце, што ў манастыры ёсць затворнік, які нікога не бачыць. Чалавек гэты вялікага розуму, — такога розуму, што я не ведаю. (Ён не гаворыць); але ўжо калі дасць параду... Я пачаў яму гаварыць, што вось у мяне ёсць такі прыяцель, але імя не...., што хварэе ён вось чым. Ён пачаў слухаць ды раптам спыніў словамі: «Раней божую справу, чым сваю. Царкву будуюць, а грошы няма: збіраць трэба на царкву!» Дый ляснуў дзвярыма. Я думаў, што-ж гэта значыць? Відаць, не хоча даць парады. Дый зайшоў да нашага архімандрыта. Толькі што я ў дзверы, а ён мне з першых-жа слоў: ці не ведаю я такога чалавека, якому можна-б было даручыць збор на царкву, які быў-бы або з дваран, або купцоў, больш выхаваны за іншых, глядзеў-бы на гэта, як на ратунак свой? Я так з першага-ж разу і спыніўся: «Ах, божа мой? Ды гэта-ж схімнік прызначае гэту пасаду Сямёну Сямёнавічу. Дарога для яго хваробы добрая.

Пераходзячы з кнігай ад памешчыка да селяніна і ад селяніна да мешчаніна, ён даведаецца і пра тое, як хто жыве і хто ў чым мае патрэбу, — так што вернецца потым, абышоўшы некалькі губерняў, так уведае мясцовасць і краіну лепш за ўсіх тых людзей, якія жывуць у гарадах... А такія людзі цяпер патрэбны». Вось мне князь гаварыў, што ён многа-б даў, каб знайсці такога чыноўніка, які-б ведаў не па паперах справу, а дакладна даведаўся, як яна ў сапраўднасці, бо з папер, кажуць, нічога ўжо не відаць: так усё заблыталася».

«Вы мяне зусім збянтэжылі, збілі, Афанасій Васільевіч», сказаў Хлабуеў, у здзіўленні гледзячы на яго. «Я нават не веру таму, што вы сапраўды мне гэта гаворыце: для гэтага патрэбны нястомны, дзейны чалавек. Да таго-ж, як-жа мне кінуць жонку, дзяцей, якім есці няма чаго?»

«Аб жонцы і дзецях не клапаціцеся. Я вазьму іх пад сваю апеку, і настаўнікі будуць у дзяцей. Чым вам хадзіць з клумкам і выпрашваць міласціну для сябе, лепш і больш высокародна прасіць для бога. Я дам вам простую [кібітку], трэсці не будзе, не бойцеся: гэта для вашага здароўя. Я вам дам на дарогу грошай, каб вы маглі мімаходзь даць тым, хто ў большай нястачы, чым іншыя. Вы тут можаце многа добрых спраў зрабіць: вы ўжо не памыліцеся, а каму дасцё, той сапраўды будзе варты. Такім чынам ездзячы, вы дакладна будзеце ведаць усіх, хто..... Гэта не тое, што іншы чыноўнік, якога ўсе баяцца і ад якога.....; а з вамі, ведаючы, што вы просіце на царкву, ахвотна будуць размаўляць».

«Бачу, што цудоўная думка, і я вельмі [жадаў]-бы выканаць хоць частку; але, дапраўды, мне здаецца, гэта звыш маёй сілы».

«Дык што-ж пад нашу сілу?» сказаў Муразаў. «Нічога-ж няма пад нашу сілу; усё звыш нашых сіл. Без дапамогі звыш нічога нельга. Але малітва збірае сілы. Перахрысціўшыся, кажа чалавек: «Госпадзі памілуй!» вяслуе і даплывае да берага. Аб гэтым не трэба і думаць доўга; гэта трэба, проста, прыняць за божы загад. Кібітка будзе вам зараз гатова; а вы забяжыце да айца архімандрыта па кнігу і па благаславенне, ды і ў дарогу».

«Пакараюся вам і прымаю не інакш, як за ўказанне божае». — «Госпадзі, благаславі!» сказаў ён унутрана, і адчуў, што бадзёрасць і сіла пачалі прасякаць яму ў душу. Самы розум яго як бы пачаў абуджаць надзею на выйсце з свайго сумнага безвыходнага становішча. Святло пачало мільгаць у далечыні...

Але пакінуўшы Хлабуева, звернемся да Чычыкава [116].

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

А тым часам, сапраўды, па судах ішлі просьбы за просьбай. Знайшліся сваякі, пра якіх і не чуў ніхто. Як птушкі злятаюцца на мярцвячыну, так усё наляцела на незлічоную маёмасць, якая засталася пасля старой; даносы на Чычыкава, на падробку апошняга завяшчання, даносы на падробку і першага завяшчання, доказы пра крадзёж і ўтойванне сум. З’явіліся нават доказы на Чычыкава ў куплі мёртвых душ, у правозе кантрабанды ў часе яго бытавання яшчэ пры мытніцы. Выкапалі ўсё, разведалі яго папярэднюю гісторыю. Бог ведае, адкуль усё гэта пранюхалі і ведалі; толькі былі доказы нават і ў такіх справах, пра якія, думаў Чычыкаў, апрача яго і чатырох сцен, ніхто не ведаў. Пакуль што ўсё гэта было яшчэ судовая тайна і да вушэй яго не дайшло, хоць верная запіска юрысконсульта, якую ён хутка атрымаў, дала яму крыху зразумець, што каша заварыцца. Запіска была кароткага зместу: «Спяшаюся вас паведаміць, што па справе будзе цеганіна, але памятайце, што трывожыцца ніяк не трэба. Галоўная справа — спакой. Абладзім усё». Запіска гэтая супакоіла зусім яго. «Сапраўдны геній», сказаў Чычыкаў. На завяршэнне добрага, кравец у гэты час прынес адзенне. Ёй займеў моцнае жаданне паглядзець на самога сябе ў новым фраку наварынскага полымя з дымам. Нацягнуў штаны, якія ахапілі яго цудоўным чынам з усіх бакоў, так што хоць рысуй. Сцёгны так [маладзецка] слаўна абцягнула, лыткі таксама; сукно абхапіла ўсе дробязі, надаўшы ім яшчэ большую пругкасць. Як зацягнуў ён ззаду сябе спражку, жывот зрабіўся быццам барабан. Ён ударыў па ім тут шчоткай, дадаўшы: «Вось які дурань! а ў цэлым ён складае карціну». Фрак, здавалася, быў пашыты яшчэ лепш за штаны: ні зморшчынкі, усе бакі абцягнуты, выгнуўся на перахваце, паказаўшы ўвесь яго перагіб. На заўвагу Чычыкава, [што] пад правай пахай крыху ціснула, кравец толькі ўсміхаўся: ад гэтага яшчэ лепш аблягала па таліі. «Будзьце спакойны, будзьце спакойны наконт работы», паўтараў ён з няўтоенай ганарлівасцю: «апрача Пецербурга, нідзе так не пашыюць». Кравец быў сам з Пецербурга і на шыльдзе выставіў: Чужаземец з Лондана і Парыжа. Жартаваць ён не любіў і двума гарадамі адразу хацеў заткнуць глотку ўсім іншым краўцам так, каб у далейшым ніхто не з’явіўся з такімі гарадамі, а няхай сабе піша з якога-небудзь «Карлсэру» або «Капенгара».

Чычыкаў велікадушна разлічыўся з краўцом і, застаўшыся адзін, пачаў разглядаць сябе на волі ў люстэрка, як актор з эстэтычным пачуццём і соп ашоге [117]. Выявілася, што ўсё неяк было яшчэ лепш, чым раней; шчочкі цікавей, падбародак больш прывабны, белыя каўнерыкі давалі тон шчацэ, атласны сіні гальштук даваў тон каўнерыкам, новамодныя зборкі манішкі давалі тон гальштуку, багатая аксамітная [камізэлька] давала [тон] манішцы, а фрак наварынскага дыму з полымем, ззяючы, як шоўк, даваў тон усяму. Павярнуўся направа — добра! Павярнуўся налева — яшчэ лепш! Перагіб такі, як у камергера або ў такога пана, які так і чэша па-французску, які, нават і раззлаваўшыся, вылаяцца не адважыцца на рускай мове, а распячэ французскім дыялектам: далікатнасць такая! Ён паспрабаваў, схіліўшы галаву крыху набок, прыняць позу, як быццам адрасуючыся да дамы сярэдніх год і апошняй асвечанасці: атрымлівалася, проста, карціна. Мастак, бяры кісць і пішы! Ад здавальнення ён зрабіў тут-жа лёгкі падскок, накшталт антраша. Уздрыгнуў камод і пляснулася на зямлю пляшка з адэкалонам; але гэта не зрабіла ніякай перашкоды. Ён назваў, як і належала, дурную пляшку дурніцай і падумаў: «Да каго цяпер перш за ўсё з’явіцца? Лепш за ўсё...» Як раптам, у пярэдняй — штосьці кшталтам нейкага бразгання ботаў са шпорамі, і жандар у поўным узбраенні, як [быццам] у яго асобе было цэлае войска: «Загадана зараз-жа з’явіцца да генерал-губернатара!» Чычыкаў так і абамлеў. Перад ім тырчала страшыдла з вусамі, конскі хвост на галаве, цераз плячо перавязь, цераз другое перавязь, велізарнейшы палаш прывешаны да боку. Яму здалося, што пры другім баку вісела і стрэльба, і чорт ведае што: цэлае войска у адным толькі! Ён пачаў быў супярэчыць, [страшыдла] груба загаварыла: «Загадана зараз!» Праз дзверы ў пярэднюю ён убачыў, што там мільгала і другое страшыдла; зірнуў у акенца — і экіпаж. Што тут рабіць? Так, як быў у фраку наварынскага полымя з дымам, павінен быў сесці і, дрыжучы ўсім целам, накіравацца да генерал-губернатара, і жандар з ім.

У пярэдняй не далі нават і апомніцца яму. «Ідзіце! вас князь ужо чакае», сказаў дзяжурны чыноўнік. Перад ім, як у тумане, мільгнула пярэдняя з кур’ерамі, якія прымалі пакеты, потым зал, праз які ён прайшоў, думаючы толькі: «Вось як схопяць, ды без суда, без усяго, проста ў Сібір!» Сэрца яго забілася з такой сілай, з якой не б’ецца нават у самага раўнівага каханка. Нарэшце расчыніліся фатальныя дзверы: паўстаў кабінет з партфелямі, шафамі і кнігамі, і князь, гнеўны, як сам гнеў.

«Пагубіцель, пагубіцель!» сказаў Чычыкаў: «ён мяне зарэжа, як воўк ягнё».

«Я злітаваўся над вамі, я дазволіў вам застацца ў горадзе, тады як вам належала-б у астрог; а вы заплямілі сябе зноў самым ганебным махлярствам, якім калі-небудзь запляміў сябе чалавек!» Вусны князя дрыжэлі ад гневу.

«Якім-жа, ваша сіяцельства, такім ганебным учынкам і махлярствам?» спытаў Чычыкаў, дрыжучы ўсім целам.

«Жанчына», прамовіў князь, падступаючы крыху бліжэй і гледзячы проста ў вочы Чычыкаву: «жанчына, якая падпісвала пад вашу дыктоўку завяшчанне, схоплена і стане з вамі на вочную стаўку».

У Чычыкава пацямнела ў вачах.

«Ваша сіяцельства! Скажу ўсю ісціну справы. Я вінаваты; сапраўды, вінаваты; але не так вінаваты: мяне абмовілі ворагі».

«Вас не можа ніхто абмовіць, бо ў вас агіднасці ў некалькі разоў больш, чым можа [выдумаць] апошні манюка. Вы праз усё жыццё, я думаю, не рабілі неганебнай справы. Кожная капейка, набытая вамі, набыта самым несумленным чынам, ёсць крадзеж і самая ганебная справа, за якую пуга і Сібір! Не, цяпер годзе! З гэтай-жа хвіліны будзеш заведзены ў астрог і там, разам з апошнімі нягоднікамі і разбойнікамі, ты павінен [чакаць] вырашэння свайго лёсу. I гэта літасціва яшчэ, бо горш за іх у некалькі [разоў]: яны ў світцы і кажуху, а ты...» Ён зірнуў на фрак наварынскага полымя з дымам і, узяўшыся за шнурок, пазваніў.

«Ваша сіяцельства», ускрыкнуў Чычыкаў: «злітуйцеся! Вы бацька сям’і. Не мяне пашкадуйце — старая маці!»

«Хлусіш!» ускрыкнуў гнеўна князь. «Ты таксама мяне тады ўпрошваў дзецьмі і сям’ёю, якіх у цябе ніколі не было, цяпер — маці».

«Ваша сіяцельства! я мярзотнік і нягоднік апошні», сказаў Чычыкаў голасам..... «Я сапраўды хлусіў, я не меў ні дзяцей, ні сям’і; але, вось бог сведка, я заўсёды хацеў мець жонку, выканаць абавязак чалавека і грамадзяніна, каб сапраўды потым заслужыць павагу грамадзян і начальства... Але які нешчаслівы збег акалічнасцей! Ваша сіяцельства! крывёй патрэбна было здабываць надзённае існаванне. На кожным кроку прывабы і спакусы... ворагі, і пагубіцелі, і выкрадальнікі. Усё жыццё было — быццам віхор буйны або судна сярод хваль, па волі вятроў. Я — чалавек, ваша сіяцельства!»

Слёзы раптам паліліся ручаямі з вачэй яго. Ён паваліўся ў ногі князю, так, як быў: у фраку наварынскага полымя з дымам, у аксамітнай камізэльцы з атласным гальштукам, цудоўна пашытых штанах і з зачоскай на галаве, ад якой веяў салодкі подых адменнага адэкалона, і ўдарыўся ілбом.

«Ідзі прэч ад мяне! Паклікаць, каб яго ўзялі, салдат!» сказаў князь увайшоўшым.

«Ваша сіяцельства!» крычаў [Чычыкаў] і ахапіў абодвума рукамі бот князя.

Пачуццё агіды прабегла па ўсіх жылах князя.

«Ідзіце прэч, кажу вам!» сказаў ён, намагаючыся вырваць сваю нагу з абдымкаў Чычыкава.

«Ваша сіяцельства! не сыйду з месца, пакуль не атрымаю літасці», гаварыў [Чычыкаў], не выпускаючы бот князя і праехаўшыся, разам з нагой, па падлозе з фракам наварынскага полымя з дымам.

«Ідзіце, кажу вам!» гаварыў ён з тым невытлумачальным пачуццём агіды, якое адчувае чалавек, бачачы найпачварнейшую казюльку, якую нехапае духу раздушыць нагой. Ён страсянуў так, што Чычыкаў адчуў удар ботам у нос, у губы і акруглены падбародак, але не выпусціў бота і яшчэ мацней трымаў яго ў сваіх абдымках. Два дужыя жандары насілу адцягнулі яго і, узяўшы пад рукі, павялі праз усе пакоі. Ён быў бледны, прыгнечаны, у тым непрытомна-страшным стане, у якім бывае чалавек, што бачыць перад сабою чорную, неадхільную смерць, гэтае страшыдла, варожае натуры нашай...

У самых дзвярах на лесніцу насустрач — Муразаў. Промень надзеі раптам мільгануў. У адзін момант, з сілай надзвычайнай, вырваўся ён з рук абодвух жандараў і кінуўся ў ногі здзіўленаму старому.

«Бацюхна, Павел Іванавіч! Што з вамі?»

«Ратуйце! вядуць у астрог, на смерць...» Жандары схапілі яго і павялі, не далі нават і пачуць.

Вільготная, сырая камора, з пахам ботаў і ануч гарнізонных салдат, нефарбаваны стол, два кепскія крэслы, з жалезнымі кратамі акно, старая печ, праз шчыліны якой толькі дыміла, а цяпла не было, — жытло, дзе змешчаны быў наш [герой], які пачынаў ужо каштаваць асалоду жыцця і прыцягваў увагу суайчыннікаў у тонкім новым фраку наварынскага полымя і дыму. Не дазволілі нават яму зрабіць захады, узяць з сабой неабходныя рэчы, узяць шкатулку, дзе былі грошы, магчыма, дастатковыя... Паперы, крэпасці на мёртвых — усё было цяпер у чыноўнікаў. Ён паваліўся на зямлю, і безнадзейны смутак плоцеядным чарвяком абвіўся вакол яго сэрца, з узрастаючай хуткасцю пачаў тачыць ён гэтае сэрца, нічым не абароненае. Яшчэ дзень такі, дзень такога смутку, і не было-б Чычыкава зусім на свеце. Але і пра Чычыкава дбала чыясьці ўсевыратоўчая рука. Праз гадзіну дзверы астрога адчыніліся: увайшоў стары Муразаў.

Калі-б змучанаму пякучай прагай, укрытаму прахам і пылам дарогі, знясіленаму, зморанаму падарожніку ўліў хто ў засохлае горла струмень крынічнай вады, — ён не так-бы ёю асвяжыўся, не так ажывіўся, як ажывіўся бедны [Чычыкаў].

«Збавіцель мой!» сказаў Чычыкаў, раптам схапіўшыся з падлогі, на якую кінуўся ў разрываючым яго смутку, раптам яго руку хутка пацалаваў і прыціснуў да грудзей. «Няхай узнагародзіць вас бог за тое, што наведалі няшчаснага!»

Ён заліўся слязьмі.

Стары глядзеў на яго сумна-хваравітым позіркам і толькі гаварыў: «Ах, Павел Іванавіч! Павел Іванавіч, што вы зрабілі!»

«Што-ж рабіць! Загубіла праклятая! Не ведаў меры; не ўмеў у час спыніцца. Шайтан пракляты спакусіў, вывеў за межы розуму і разважлівасці чалавечай. Парушыў, парушыў! Але толькі як-жа можна так зрабіць? Двараніна, двараніна, без суда, без следства, кінуць у астрог! Двараніна, Афанасій Васільевіч! Ды як-жа не даць часу зайсці да сябе, спарадкаваць рэчы? Бо там-жа ў мяне ўсё засталося цяпер без догляду. Шкатулка, Афанасій Васільевіч, шкатулка, там-жа ўся мая маёмасць. Потам набыў, крывёй, гадамі працы, нястачы... Шкатулка, Афанасій Васільевіч! Бо ўсё-ж украдуць, разнясуць! Ох, божа!»

I, не маючы сілы ўтрымаць парыванне смутку, што зноў падступіў да сэрца, ён гучна зарыдаў голасам, які прабіўся праз муры астрожных сцен і глуха адгукнуўся ў воддалі, сарваў з сябе атласны гальштук і, схапіўшыся рукой каля каўняра, разарваў на сабе фрак наварынскага полымя з дымам.

«Ах, Павел Іванавіч! як вас асляпіла гэтая маёмасць! Праз яе вы не бачылі страшнага свайго становішча».

«Дабрадзей, ратуйце, ратуйце!» закрычаў з адчаем бедны Павел Іванавіч, паваліўшыся яму ў ногі. «Князь вас любіць, для вас усё зробіць».

«Не, Павел Іванавіч, не магу, як-бы ні хацеў, як-бы ні жадаў. Вы трапілі пад няўмольны закон, а не пад уладу якога-небудзь чалавека».

«Спакусіў, шэльма шайтан, кат роду чалавечага!»

Ударыўся галавой аб сцяну, а рукой ляснуў аб стол так, што разбіў да крыві кулак; але ні болю ў галаве, ні жорсткасці ўдару не адчуў.

«Павел Іванавіч, супакойцеся, падумайце, як-бы прымірыцца з богам, а не з людзьмі; пра бедную душу сваю падумайце».

«Але-ж лёс які, Афанасш Васільевіч! Ці выпадаў хоць аднаму чалавеку такі лёс? З цярплівасцю-ж, можна сказаць, крывавай, здабываў капейку, працай, працай, не тое, каб каго абрабаваў, або казну абакраў, як робяць. Навошта здабываў капейку? Для таго, каб у дастатку пражыць рэштку дзён; пакінуць жонцы, дзецям, якіх меў намер набыць для дабра, для службы айчыне. Вось для чаго хацеў набыць! Пакрывіў, не спрачаюся, пакрывіў... што-ж рабіць? Але-ж пакрывіў толькі тады, калі ўбачыў, што простай дарогай не возьмеш і што ўскоснай дарогай больш напрамкі. Але-ж я працаваў, я хітраваў. Калі браў, дык з багатых. А гэтыя нягоднікі, якія па судах, бяруць тысячы з казны, небагатых людзей рабуюць, апошнюю капейку здзіраюць з таго, у каго няма нічога!.. Што-ж за няшчасце такое, скажыце, — кожны раз, што як толькі пачынаеш дасягаць пладоў і, так сказаць, ужо кранаць рукой, раптам бура, падводны камень, знішчэнне ў трэскі ўсяго карабля. Вось каля трох [сот] тысяч было капіталу; трохпавярховы дом быў ужо; два разы ўжо вёску купляў... Ах, Афанасій Васільевіч! завошта-ж такі...? Завошта-ж такія ўдары? Хіба і без таго жыццё маё не было, як судна сярод хваль? Дзе справядлівасць нябёс? Дзе ўзнагарода за цярплівасць, за сталасць бяспрыкладную? Я-ж тры разы наноў пачынаў; усё страціўшы, пачынаў з капейкі, тады, як іншы даўно-б з адчаю запіў-бы і згніў у карчме. Колькі-ж трэба было перамагчы, колькі стрываць! Бо кожная [капейка] выпрацавана, так сказаць, усімі сіламі душы!.. Няхай, іншым давалася лёгка, але-ж для мяне была кожная капейка, як кажа прыказка, алтынным цвіком прыбіта, і гэтую алтынным цвіком прыбітую капейку я даставаў, бог сведка, з такой жалезнай нястомнасцю...»

Ён зарыдаў гучна, ад нясцерпнага болю сэрца, паваліўся на крэсла, і адарваў зусім вісеўшае, разадранае крысо фрака, і шпурнуў яго прэч ад сябе, і, запусціўшы абедзве рукі сабе ў валасы, аб умацаванні якіх раней так дбаў, бязлітасна рваў іх, суцяшаючыся болем, якім хацеў заглушыць незгасальны боль сэрца.

Доўга сядзеў моўчкі над ім Муразаў, гледзячы на гэта незвычайнае......, першы раз ім бачанае. А няшчасны разлютаваны чалавек, які яшчэ нядаўна пырхаў вакол з развязнай спрытнасцю свецкага або ваеннага чалавека, кідаўся цяпер у расхрыстаным, непрыстойным [выглядзе], у разадраным фраку і расшпіленых нагавіцах, [з] акрываўленым разбітым кулаком, выліваючы ганьбу на варожыя сілы, якія шкодзяць чалавеку.

«Ах, Павел Іванавіч, Павел Іванавіч! Які-б з вас быў чалавек, калі-б таксама, і сілаю, і цярплівасцю, ды падвізаліся-б на добрую працу, маючы лепшую мэту! Божа мой, колькі-б вы нарабілі дабра! Калі-б хоць хто-небудзь з тых людзей, якія любяць дабро, ды ўжылі-б столькі намаганняў для яго, як вы для здабывання сваёй капейкі, ды змаглі-б так ахвяраваць для дабра і ўласным самалюбствам, і чэсталюбствам, не шкадуючы сябе, як вы не шкадавалі для здабывання сваёй капейкі, — божа мой, як расквітнела-б наша зямля!.. Павел Іванавіч, Павел Іванавіч! Не таго шкода, што вінаваты вы сталі перад іншымі, а таго шкода, што перад сабой сталі вінаваты — перад багатымі сіламі і дарамі, якія выпалі на вашу долю. Прызначэнне ваша — быць вялікім чалавекам, а вы сябе запрапасцілі і загубілі».

Ёсць таямніцы душы: як-бы далёка ні адхіснуўся ад простага шляху той, хто заблуджаецца, як-бы ні зачарсцвеў пачуццямі непапраўны злачынец, як-бы не заскарузнуў у сваім аблудным жыцці; але калі дакорыш яго ім-жа, яго-ж вартасцямі, ім зняслаўленымі, у ім [усё] мімаволі пахіснецца, і ўвесь ён узрушыцца.

«Афанасій Васільевіч», сказаў бедны Чычыкаў і схапіў яго абодвума рукамі за рукі: «О, калі-б удалося мне вызваліцца, вярнуць маю маёмасць! Клянуся вам, пачаў-бы ад гэтага часу зусім іншае жыццё! Ратуйце, дабрадзей, ратуйце!»

«Што-ж магу я зрабіць? Я павінен ваяваць з законам. Дапусцім, калі-б я нават і наважыўся на гэта; але-ж князь справядлівы, — ён ні за што не адступіць».

«Дабрадзей! вы ўсё можаце зрабіць. Не закон мяне страшыць, — я перад законам знайду сродкі, — але тое, што без віны я кінуты ў астрог, што я прападу тут, як сабака, і што мая маёмасць, паперы, шкатулка... Ратуйце!»

Ён абняў ногі старога, абліў іх слязьмі.

«Ах, Павел Іванавіч, Павел Іванавіч!» гаварыў стары Муразаў, ківаючы [галавой]: «як вас асляпіла гэтая маёмасць! Праз яе вы і беднай душы сваёй не чуеце».

«Падумаю і пра душу, але выратуйце!»

«Павел Іванавіч!..» сказаў стары Муразаў і спыніўся. «Выратаваць вас не ў маёй уладзе, — вы самі бачыце. Але прыкладу намаганні, якія здолею, каб зрабіць лягчэйшай вашу долю і вызваліць. Не ведаю, ці ўдасца гэта зрабіць, але буду старацца. Калі-ж, пачэ чаянія, удасца, Павел Іванавіч, — я папрашу ў вас узнагароды за працу: кіньце ўсе гэтыя замеры на гэтае прыдабыванне. Гавару вам сумленна, што калі-б я і ўсю страціў маю маёмасць, — а ў мяне яе больш, чым у вас, — я-б не заплакаў. Дальбог, [справа] не ў гэтай маёмасці, якую могуць у мяне канфіскаваць, а ў той, якую ніхто не можа ўкрасці і адабраць! Вы пажылі ўжо на свеце досыць. Вы самі называеце жыццё сваё суднам сярод хваль. У вас ёсць ужо чым пражыць рэшту дзён. Пасяліцеся сабе ў ціхім кутку, бліжэй да царквы і да простых, добрых людзей; або, калі карціць моцнае жаданне пакінуць пасля сябе патомкаў, жаніцеся з небагатай добрай дзяўчынай, якая прывыкла да памяркоўнасці і да простай гаспадаркі. Забудзьце гэты шумны свет і ўсю яго павабную прыхамаць; няхай і ён вас забудзе: у ім няма заспакаення. Вы бачыце: усё ў ім вораг, спакушальнік або здраднік...

«Абавязкова, абавязкова! Я ўжо хацеў, ужо меў намер павесці жыццё, як след, думаў заняцца гаспадаркай, абмежаваць жыццё. Дэман-спакушальнік збіў, звёў з тропу, шайтан, чорт, вылюдак!»

Нейкія невядомыя дагэтуль, незнаёмыя пачуцці, яму няўцямныя, прышлі да яго, як быццам хацела ў ім штосьці прачнуцца, штосьці далёкае, штосьці..., штосьці прыгнечанае з маленства суровым, мёртвым павучаннем, беспрыветнасцю нуднага маленства, пустэчай роднага жытла, бессямейнай адзінотай, галечай і беднасцю першапачатковых уражанняў і як быццам тое, што....... суровым позіркам лёсу, які глянуў на яго нудна, праз нейкае цьмянае, занесенае зімовай завеяй акно, хацела вырвацца на волю. Енк вырваўся з яго вуснаў і, паклаўшы абедзве далоні на твар свой, смутным голасам сказаў ён: «Праўда, праўда!»

«I веданне людзей, і спрактыкаванасць не дапамаглі на незаконнай падставе. А калі-б да гэтага ды падстава законная!.. Эх, Павел Іванавіч, нашто вы сябе загубілі? Прачніцеся: яшчэ не позна, яшчэ ёсць час...»

«Не, позна, позна!» застагнаў ён голасам, ад якога ў Муразава ледзь не разарвалася сэрца. «Пачынаю адчуваць, чую, што не так, не так іду, і што далёка адступіўся ад простага [шляху], але ўжо не магу! Не, не так выхаваны. Бацька мне ўдзёўбваў настаўленні, біў, прымушаў перапісваць з маральных правілаў, а сам краў пры мне ў суседзяў лес і мяне яшчэ прымушаў дапамагаць яму. Распачаў пры мне несправядлівую судовую справу; разбэсціў сіротку, якой ён быў апекуном. Прыклад мацней правілаў. Бачу, адчуваю, Афанасій Васільевіч, што жыццё вяду не такое, але няма вялікай агіды да пароку: агрубела натура; няма любві да дабра, гэтага цудоўнага нахілу да спраў богаўгодных, які ператвараецца ў натуру, у звычку...

Няма такой ахвоты падвізацца для дабра, якая ёсць для атрымання маёмасці. Кажу праўду — што-ж рабіць!..»

Моцна ўздыхнуў стары...

«Павел Іванавіч! у вас столькі волі, столькі цярплівасці. Лякарства горкае, але-ж хворы прымае, ведаючы, што інакш не адужае. У вас няма любві да дабра, — рабіце дабро сілком без любві да яго. Вам гэта залічыцца яшчэ ў больш вялікую заслугу, чым таму, хто робіць дабро праз любоў да яго. Прымусьце [сябе] толькі некалькі разоў, — потым набудзецца і любоў. Паверце, усё робіцца. Царство нудится [118], сказана нам. Толькі сілком прабіраючыся да яго... сілком трэба прабірацца, браць яго сілком. Эх, Павел Іванавіч! [у] вас-жа ёсць гэтая сіла, якой няма ў іншых, гэта жалезная цярплівасць. I ці вам не адолець? Ды вы, мне здаецца, былі-б волат. Бо цяпер людзі — без волі, усе — слабыя».

Прыкметна было, што словы гэтыя ўбіліся ў самую душу Чычыкава і закранулі штосьці славалюбнае на дне яе. Калі не рашучасць, дык штосьці моцнае і да яе падобнае бліснула ў яго вачах...

«Афанасій Васільевіч!» сказаў ён цвёрда: «калі толькі вымаліце мне збавенне і сродкі выехаць адсюль з якой-небудзь маёмасцю, я даю вам слова пачаць іншае [жыццё]: куплю вёсачку, зраблюся гаспадаром, буду збіраць грошы не для сябе, але для таго, каб дапамагаць іншым, буду рабіць дабро, колькі хопіць сілы; забуду сябе і ўсялякія гарадскія аб’яданні, і баляванні, буду весці простае, цвярозае жыццё».

«Хай умацуе вас бог у гэтым намеры!» сказаў узрадаваны стары. «Буду старацца з усяе сілы, каб вымаліць у князя ваша вызваленне. Удасца ці не ўдасца, гэта бог [ведае]. У кожным выпадку, лёс ваш, пэўна, будзе лягчэйшы. Ах, божа мой! абніміце-ж, дазвольце мне вас абняць. Як вы мяне, дапраўды, узрадавалі! Ну, з богам, зараз-жа іду да князя».

Чычыкаў застаўся [адзін].

Уся прырода яго ўзрушылася і размякчылася. Расплаўляецца і плаціна, самы цвёрды з металаў, які даўжэй за іншыя супраціўляецца агню: калі ўзмоцніцца ў горне агонь, дзьмуць мяхі і ўздымаецца нясцерпная гарачыня агню, — бялее трывалы метал і ператвараецца таксама ў вадкасць; падаецца і наймацнейшы чалавек у горне няшчасцяў, калі, узмацняючыся, яны нясцерпным агнём сваім паляць зацвярдзелую прыроду...

«Сам не ўмею і не адчуваю, але ўсе сілы пакладу, каб іншым даць магчымасць адчуць; сам дрэнны і нічога......, але ўсе сілы пакладу, каб іншых настроіць; сам дрэнны хрысціянін, але ўсе сілы [пакладу], каб не падбіць на спакусу. Буду працаваць, буду працаваць да поту ў вёсцы, і вазьмуся сумленна так, каб мець добры ўплыў і на іншых. Што-ж, сапраўды, быццам я ўжо зусім няварты! ёсць здольнасці да гаспадаркі; я маю якасці ашчаднасці, спрытнасці і разважлівасці, нават сталасці. Варта толькі адважыцца...»

Так думаў Чычыкаў і поўабуджанымі сіламі душы, здавалася, штосьці адчуваў. Здавалася, прырода яго цёмным чуццём стала чуць, што ёсць нейкі абавязак, які трэба выканаць чалавеку на зямлі, які можна выканаць усюды, на кожным рагу, не гледзячы на ўсялякія акалічнасці, хваляванні і рух, якія лётаюць вакол чалавека, з таго месца і кута, на якім ён пастаўлен. I працавітае жыццё воддаль ад шуму гарадоў і тых спакус, якія ад бяздзейнасці прыдумаў, забыўшы працу, чалавек, так моцна пачало перад ім рысавацца, што ён ужо амаль забыў усю непрыемнасць свайго становішча і, магчыма, гатоў быў нават прынесці падзяку лёсу за гэты цяжкі [удар], калі толькі выпусцяць яго і вернуць хоць частку... Але вузкія дзверы яго бруднай каморы адчыніліся, увайшла чыноўная асоба — Самасвітаў, эпікурэец, сабой зух, у плячах аршын, ногі стройныя, выдатны таварыш, гуляка і прайдзісвет, як гаварылі пра яго самі таварышы. У ваенны час чалавек гэты нарабіў-бы цудаў: яго-б паслаць куды-небудзь пралезці праз непраходныя, небяспечныя месцы, украсці з-пад носа ў самога ворага гармату—гэта-б яго справа. Але, за адсутнасцю ваеннага поля дзейнасці, на якім-бы, магчыма, яго зрабілі-б сумленным чалавекам, ён паскудзіў на ўсю сілу. Непасцігальная справа! дзіўныя меў ён перакананні і правілы: з таварышамі ён быў добры, нікога не прадаваў і, даўшы слова, трымаў; але вышэйшае над сабой начальства ён лічыў нечым падобным да варожай батарэі, праз якую трэба прабіцца, карыстаючыся кожным слабым месцам, праломам або недаглядам.

«Ведаем усё пра ваша становішча, усё пачулі!» сказаў ён, калі ўбачыў, што дзверы за ім шчыльна зачыніліся. «Нічога, нічога! Не палохайцеся: усё будзе папраўлена. Усе пачнем працаваць за вас і — вашы слугі. Трыццаць тысяч на ўсіх — і нічога больш».

«Няўжо?» ускрыкнуў Чычыкаў: «і я буду зусім апраўданы?»

«Начыста! яшчэ і ўзнагароду атрымаеце за страты».

«I за паслугі?»

«Трыццаць тысяч. Тут ужо ўсё разам— і нашым, і генерал-губернатарскім, і сакратару».

«Але, дазвольце, як-жа я магу?.. Мае ўсе рэчы... шкатулка... усё гэта цяпер апячатана, пад наглядам».

«Праз гадзіну атрымаеце ўсё. Па руках, ці што?»

Чычыкаў падаў руку. Сэрца яго білася і ён не даваў веры, каб гэта было магчыма...

«Пакуль бывайце! Даручыў вам [сказаць] наш агульны прыяцель, што галоўная справа супакой і неўсхваляванасць духу».

«Гм!» падумаў Чычыкаў; «разумею — юрысконсульт!»

Самасвітаў знік. Чычыкаў, застаўшыся, усё яшчэ не даваў веры словам, але не прайшло гадзіны пасля гэтай гутаркі, ях была прынесена шкатулка: паперы, грошы — усё ў найлепшым парадку. Самасвітаў з’явіўся ў якасці распарадчыка: вылаяў пастаўленых вартавых за няпільнасць, наглядчыку загадаў выклікаць яшчэ лішніх салдат для ўзмацнення нагляду, узяў не толькі шкатулку, але і павыбіраў нават усе такія паперы, якія маглі-б чым-небудзь кампраметаваць Чычыкава, звязаў усё гэта разам, апячатаў і загадаў самому салдату занесці зараз-жа да самога Чычыкава, пад выглядам неабходных начных і спальных рэчаў, так што Чычыкаў, разам з паперамі, атрымаў нават і ўсё цёплае, што патрэбна было, каб накрыць яго нетрывалае цела. Гэтая хуткая дастаўка ўзрадавала яго невыказна. Ён займеў моцную надзею, і пачалі ўжо ў марах яму зноў уяўляцца такія-сякія прывабы: вечарам тэатр, танцорка, за якой ён валачыўся. Вёска і цішыня пачалі здавацца блядней, горад і шум — зноў ярчэй і ярчэй... О, жыццё!

А тым часам завязалася справа памеру бязмежнага ў судах і палатах. Працавалі пёры пісцоў і, нюхаючы табаку, працавалі казусныя галовы, любуючыся, як мастакі, кручкаватым радком. Юрысконсульт, як патайны чараўнік, невідочна варочаў усім механізмам; усіх аблытаў канчаткова, раней, чым хто паспеў агледзецца. Блытаніна павялічылася. Самасвітаў перавысіў самога сябе адвагай і дзёрзкасцю нечуванай. Даведаўшыся, дзе знаходзілася пад вартай схопленая жанчына, ён з’явіўся проста і ўвайшоў такім малайцом і начальнікам, што вартавы аддаў яму чэсць і выцягнуўся ў струнку. «Даўно ты тут стаіш?» — «Ад раніцы, ваша благароддзе». — «Доўга да змены?» — «Тры гадзіны, ваша благароддзе». — «Ты мне будзеш патрэбны. Я скажу афіцэру, каб замест цябе прызначыў іншага». — «Слухаю, ваша благароддзе!» I, паехаўшы дамоў, не марудзячы ні хвіліны, каб не ўмешваць нікога і ўсе канцы ў ваду, сам апрануўся жандарам, з’явіўся ў вусах і бакенбардах сам чорт-бы не пазнаў. З’явіўся ў доме, дзе быў Чычыкаў, і, схапіўшы першую, якая трапілася, бабу, здаў яе двум чыноўным малайцам, докам таксама, а сам проста з’явіўся з вусамі і стрэльбай, як належыць, да вартавых: «Ідзі к..... мяне прыслаў камандзір выстаяць замест цябе змену». Змяніўся і стаў сам са стрэльбай. Толькі гэта было і патрэбна. У гэты час, на месцы ранейшай бабы апынулася іншая, якая нічога не ведала і не разумела. Ранейшую запраторылі кудысьці так, што і потым не дазналіся, куды яна падзелася. У той час, калі Самасвітаў падвізаўся ў асобе воіна, юрысконсульт стварыў цуды на грамадскім полі дзейнасці: губернатару даў зразумець стараною, што пракурор піша на яго данос; жандарскаму чыноўніку даў зразумець, [што] чыноўнік, які пражывае сакрэтна, піша на яго даносы; чыноўніка, які пражываў сакрэтна, упэўніў, што ёсць яшчэ сакрэтнейшы чыноўнік, які на яго даносіць,—і ўсіх прывёў у такі стан, што да яго ўсе павінны былі звярнуцца за парадамі. Стварылася такая бязладзіца: данос сеў верхам на даносе, і пайшлі выкрывацца такія справы, якіх і сонца не бачыла, і нават такія, якіх і не было. Усё пайшло ў работу і ў справу: і хто незаконнанароджаны сын, і якога роду і звання, і ў каго каханка, і чыя жонка за кім валочыцца. Скандалы, спакусы і ўсё так змяшалася і сплялося разам з гісторыяй Чычыкава, з мёртвымі душамі, што ніякім чынам нельга было зразумець, якая з гэтых спраў была галоўная бязглуздзіца: абедзве здаваліся роўнай вартасці. Як пачалі, нарэшце, прыходзіць паперы да генерал-губернатара, бедны князь нічога не мог зразумець. Вельмі разумны і прабітны чыноўнік, якому было даручана зрабіць экстракт [119], ледзь не звар’яцеў: ніякім чынам нельга было ўхапіцца за нітку справы. Князь быў у гэты час заклапочаны мноствам іншых спраў, адна за другую непрыемнейшых. У адной частцы губерні выявіўся голад. Чыноўнікі, пасланыя раздаць хлеб, неяк не так распарадзіліся, як трэба было. У другой частцы губерні разварушыліся раскольнікі. Нехта пусціў паміж іх, што нарадзіўся антыхрыст, які і мерцвякам не дае супакою, скупляючы нейкія мёртвыя душы. Каяліся і грашылі і, пад выглядам злавіць антыхрыста, укакошылі неантыхрыстаў. У другім месцы мужыкі ўзбунтаваліся супроць памешчыкаў і капітан-спраўнікаў. Нейкія валацугі распусцілі паміж іх чуткі, што надыходзіць такі час, што мужыкі павінны [быць] памешчыкамі і апрануцца ў фракі, а памешчыкі апрануцца ў світкі і будуць мужыкамі,— і цэлая воласць, не разважыўшы таго, што надта многа атрымаецца тады памешчыкаў і капітан-спраўнікаў, адмовілася плаціць..... подаць. Трэба было ўжыць гвалтоўныя захады. Бедны князь быў у самым дрэнным настроі. У гэты час далажылі яму, што прышоў адкупшчык. «Няхай увойдзе», сказаў князь. Стары ўвайшоў.

«Вось вам Чычыкаў! Вы стаялі за яго і абаранялі. Цяпер ён папаўся ў такой справе, на якую і апошні злодзей не асмеліцца».

«Дазвольце вам далажыць, ваша сіяцельства, што я не вельмі разумею гэтую справу».

«Падлог завяшчання, і яшчэ які!.. Публічнае пакаранне бізунамі за такую справу!»

«Ваша сіяцельства, — скажу не таму, каб бараніць Чычыкава, але-ж гэта справа не даведзеная: следства яшчэ не зроблена».

«Доказ: жанчына, якую падабралі замест памершай, злоўлена. Я яе хачу распытаць знарок пры вас». Князь пазваніў і даў загад паклікаць тую жанчыну.

Муразаў змоўк.

«Ганебнейшая справа! I, на сорам, замяшаліся першыя чыноўнікі горада, сам губернатар. Ён не павінен быць там, дзе зладзеі і марнатраўцы!» сказаў князь з запалам.

«Губернатар-жа — наследнік; ён меў права на дамаганне; а што іншыя з усіх бакоў прычапіліся, дык гэта, ваша сіяцельства, чалавечая справа. Памерла-ж багатая, распарадку разумнага і справядлівага не зрабіла; зляцеліся з усіх бакоў ахвотнікі пажывіцца — чалавечая справа...»

«Але-ж агіднасці навошта рабіць?.. Падлюгі!» сказаў князь з пачуццём абурэння. «Ні аднаго чыноўніка няма ў мяне добрага: усе мярзотнікі!»

«Ваша сіяцельства! ды хто-ж з нас, як належыць, добры? Усе чыноўнікі нашага горада — людзі, маюць вартасці і многія добра ведаюць справу, а ад граху кожны блізка».

«Паслухайце, Афанасій Васільевіч: скажыце мне, — я вас аднаго ведаю за сумленнага чалавека, — што ў вас за ахвота абараняць усялякіх мярзотнікаў?»

«Ваша сіяцельства», сказаў Муразаў: «хто-б ні быў чалавек, якога вы называеце мярзотнікам, але ён-жа чалавек. Як-жа не бараніць чалавека, калі ведаеш, што ён палавіну злога робіць ад грубасці і няведання? Мы-ж робім несправядлівасці на кожным кроку і кожную хвіліну бываем прычынай няшчасця другога, нават і не з дрэнным намерам. Ваша сіяцельства зрабілі таксама вялікую несправядлівасць».

«Як!» выгукнуў у здзіўленні князь, зусім уражаны такім нечаканым паваротам гутаркі.

Муразаў спыніўся, памаўчаў, як-бы спакмячаючы штосьці, і, нарэшце, сказаў: «Ды вось хоць-бы па справе Дзерпеннікава»...

«Афанасій Васільевіч! Злачынства супроць карэнных дзяржаўных законаў, роўнае здрадзе зямлі сваёй!»

«Я не абараняю яго. Але ці справядліва тое, калі юнака, які, праз неспрактыкаванасць сваю, быў спакушаны і зваблены іншымі, асудзіць так, як і таго, які быў адным з завадатараў? Бо адзін лёс спасціг і Дзерпеннікава і якога-небудзь Варанога-Драннога, а злачынствы-ж іх не роўныя».

«У імя бога...» сказаў князь з прыкметным хваляваннем: «вы што-небудзь ведаеце аб гэтым? скажыце. Я іменна нядаўна паслаў яшчэ проста ў Пецербург, каб зрабіць менш суровым яго лёс».

«Не, ваша сіяцельства, я не наконт таго гавару, каб я ведаў што-небудзь такое, чаго вы не ведаеце. Хоць, сапраўды, ёсць адна такая акалічнасць, якая паслужыла-б на яго карысць, але ён сам не згодзіцца, таму што праз гэта пацярпеў-бы іншы. А я думаю толькі тое, ці не мелі вы ласку вельмі паспяшацца тады? Выбачайце, ваша сіяцельства, я кажу паводле свайго слабога меркавання. Вы некалькі разоў загадвалі мне шчыра гаварыць. У мяне, калі я яшчэ быў начальнікам, многа было ўсялякіх работнікаў, і дрэнных і добрых. [Варта-б таксама] узяць пад увагу і ранейшае жыццё чалавека, бо, калі не разгледзіш усё спакойна, а накрычыш ад першага разу — запалохаеш толькі яго, ды і прызнання сапраўднага не даможашся; а як са спагадай яго распытаеш, як брат брата, — сам усё выкажа і нават не просіць аб літасці, і злосці супроць нікога няма, таму што выразна бачыць, што не я яго караю, а закон».

Князь задумаўся. У гэты час увайшоў малады чыноўнік і пачціва спыніўся з партфелем. Клопаты, праца адбіваліся на яго маладым і яшчэ свежым твары. Відаць было, што ён не дарма служыў па асобых даручэннях. Гэта быў адзін з тых нямногіх, якія займаліся справаводствам con amore. Не палаючы ні чэсталюбствам, ні жаданнем прыбыткаў, ні перайманнем у іншых, ён займаўся толькі таму, што быў перакананы, што яму трэба быць тут, а не ў іншым месцы, што для гэтага дадзена яму жыццё. Сачыць, разабраць па частках і, злавіўшы ўсе ніткі самай заблытанай справы, растлумачыць яе, — гэта была яго справа. I праца, і намаганні, і бяссонныя ночы ўзнагароджваліся яму багата, калі справа, нарэшце, пачынала перад ім высвятляцца, патайныя прычыны выяўляцца, і ён адчуваў, што можа перадаць яе ўсю ў нямногіх словах, выразна і ясна, так што кожнаму будзе відавочна і зразумела. Можна сказаць, што не так радаваўся вучань, калі перад ім выяскраўляўся які-[небудзь] самы цяжкі сказ і выяўляўся сапраўдны сэнс думкі вялікага пісьменніка, як радаваўся ён, калі перад ім разблытвалася вельмі заблытаная справа. Затое... [120]

«... хлебам у месцах, дзе голад: я гэтую галіну лепш за чыноўнікаў ведаю: разгледжу асабіста, што каму трэба. Ды калі дазволіце, ваша сіяцельства, я пагавару і з раскольнікамі. Бо яны з нашым братам, з простым чалавекам, ахватней разгаворацца, дык, бог ведае, магчыма, дапамагу ўпарадкавацца з імі міралюбна. А чыноўнікі не дадуць рады: завяжацца аб гэтым перапіска, ды прытым яны так ужо заблыталіся ў паперах, што ўжо справы з-за іх і не бачаць. А грошай ад вас я не вазьму, таму што, дальбог, сорамна ў такі час думаць аб сваіх прыбытках, калі паміраюць з голаду. У мяне ёсць у запасе гатовы хлеб; я і цяпер яшчэ паслаў у Сібір і да будучага лета зноў падвязу».

«Вас можа толькі ўзнагародзіць адзін бог за такую службу, Афанасій Васільевіч. А я вам не скажу ніводнага слова, таму што, — вы самі можаце адчуваць, — кожнае слова тут бяссільна. Але дазвольце мне адно сказаць адносна той просьбы. Скажыце самі: ці маю я права пакінуць гэтую справу без увагі, і ці справядліва, ці сумленна з майго боку будзе дараваць мярзотнікам?»

«Ваша сіяцельства, дальбог, гэтак нельга назваць, тым больш, што з [іх] ёсць многія вельмі дастойныя. Цяжкія бываюць становішчы чалавека, ваша сіяцельства, вельмі, вельмі цяжкія. Бывае так, што здаецца кругом вінаваты чалавек; а як разбярэшся — нават і не ён».

«Але што скажуць яны самі, калі пакіну? Ёсць-жа з іх такія, што пасля гэтага яшчэ больш падымуць нос і будуць нават гаварыць, што яны напалохалі. Яны першыя будуць не паважаць...»

«Ваша сіяцельства, дазвольце мне вам падаць сваю думку: збярыце іх усіх, дайце ім зразумець, што вам усё вядома, і абмалюйце ім ваша ўласнае становішча дакладна такім самым чынам, як вы былі ласкавы абмаляваць яго зараз перада мной, і спытайце ў іх парады: што-[б] з іх кожны зрабіў на вашым месцы?»

«Ды вы думаеце, ім будуць даступны рухі больш высокародныя, чым каверзнічаць і нажывацца? Паверце, яны з мяне пасмяюцца».

«Не думаю, ваша сіяцельства. У чалавека, нават і ў таго, хто горшы за іншых, усё-такі пачуццё справядліва. Хіба ўжо жыд які-небудзь, а не рускі... Не, ваша сіяцельства, вам няма чаго таіцца. Скажыце ўсё так, як былі ласкавы сказаць [мне]... Яны-ж вас няславяць, як чалавека чэсталюбнага, гордага, які і слухаць нічога не хоча, упэўнены ў сабе, — дык няхай-жа ўбачаць усё, як яно ёсць. Што-ж вам? Ваша-ж справа справядлівая. Скажыце ім так, як быццам вы не перад імі, а перад самім богам прынеслі сваю споведзь».

«Афанасій Васільевіч», сказаў князь у роздуме: «я пра гэта падумаю, а пакуль удзячны вам вельмі за параду».

«А Чычыкава, ваша сіяцельства, загадайце адпусціць».

«Скажыце гэтаму Чычыкаву, каб ён выносіўся адсюль, як мага хутчэй, і чым далей, тым лепш. Яму-б вось я ніколі не дараваў».

Муразаў пакланіўся і проста ад князя накіраваўся да Чычыкава. Ён знайшоў Чычыкава ўжо ў добрым настроі; ён вельмі спакойна займаўся даволі прыстойным абедам, які быў яму прынесены ў фаянсавых судках з нейкай вельмі прыстойнай кухні. З першых слоў гутаркі стары зараз-жа заўважыў, што Чычыкаў ужо ўправіўся перагаварыць з тым-сім з чыноўнікаў-казуснікаў. Ён нават зразумеў, што тут прычыніўся невідочны ўдзел знаўцы-юрысконсульта.

«Паслухайце, Павел Іванавіч», сказаў ён: «я прывёз вам волю з такой умовай, каб зараз вас не было ў горадзе. Збірайце ўсе манаткі свае — дый з богам, не адкладаючы ні хвіліны, таму што справа яшчэ горшая. Я ведаю, вас тут адзін чалавек падбухторвае; дык абвяшчаю вам па сакрэту, што такая яшчэ адна справа выяўляецца, што ўжо ніякія сілы не выратуюць гэтага. Ён, вядома, рад іншых тапіць, каб не нудна, ды справа да развязкі. Я вас пакінуў у добрым настроі, — у лепшым, чым цяпер. Раю вам не на жарты. Дальбог, справа не ў гэтай маёмасці, праз якую спрачаюцца людзі і рэжуць адзін аднаго, як быццам сапраўды можна завесці добраўпарадкаванне ў тутэйшым жыцці, не падумаўшы пра іншае жыццё. Паверце, Павел Іванавіч, што пакуль, кінуўшы ўсё, за што грызуць і ядуць адзін аднаго на зямлі, не падумаюць аб добраўпарадкаванні душэўнай маёмасці, не ўстановіцца добраўпарадкаванне і зямной маёмасці. Надыйдуць часы голаду і беднасці, як ва ўсім народзе, так і паасобку ў кожным. Гэта-ж ясна. Што ні кажыце, ад душы-ж залежыць цела. Як-жа жадаць, каб [ішло], як належыць! Падумайце не аб мёртвых душах, а [аб] сваёй жывой душы, дый з богам на іншую дарогу! Я таксама выязджаю заўтра. Спяшайцеся! а то — без мяне бяда будзе».

Сказаўшы гэта, стары вышаў. Чычыкаў задумаўся. Значэнне жыцця зноў здалося немалаважным. «Муразаў праўду кажа», — сказаў ён: «час на іншую дарогу!» Сказаўшы гэта, ён вышаў з астрогу. Вартавы пацягнуў за ім шкатулку..... Селіфан і Пятрушка, як бог ведае чаму, узрадаваліся вызваленню пана. «Ну, даражэнькія», сказаў Чычыкаў, звярнуўшыся [да іх] ласкава: «трэба пакавацца, ды ехаць».

«Пакоцім, Павел Іванавіч», сказаў Селіфан. «Дарога, мабыць, наладзілася: снегу нападала даволі. Пара ўжо, дапраўды, выбрацца з горада. Надакучыў ён так, што і глядзець на яго не хацеў-бы».

«Ідзі да карэтніка, каб паставіў каляску на палазкі», сказаў

Чычыкаў, а сам пайшоў у горад, але ні да [кога] не хацеў заходзіць, рабіць развітальныя візіты. Пасля ўсяго гэтага здарэння было і няёмка, — тым больш, што пра яго мноства хадзіла ў горадзе самых непрыстойных гісторый. Ён унікаў усялякіх [сустрэч] і зайшоў паціху толькі да таго купца, у каторага купіў сукна наварынскага полымя з дымам, узяў зноў чатыры аршыны на фрак і на штаны і накіраваўся сам да таго-ж краўца. За падвойную [цану] майстар наважыўся узмацніць стараннасць і пасадзіць на ўсю ноч працаваць пры свечках кравецкае народанасельніцтва іголкамі, прасамі і зубамі, і фрак на другі дзень быў гатовы, хоць і крыху позна. Коні ўсе былі запрэжаны. Чычыкаў, аднак-жа, фрак памераў. Ён быў добры, акурат як папярэдні. Але, на жаль! ён заўважыў, што ў галаве ўжо бялела штосьці гладкае, і прамовіў сумна: «I навошта было паддавацца так моцна скрусе? А рваць валасы не трэба было-б і пагатоў». Разлічыўшыся з краўцом, ён выехаў нарэшце з горада ў нейкім дзіўным сне. Гэта быў не ранейшы Чычыкаў, гэта была нейкая руіна ранейшага Чычыкава. Можна было параўнаць яго ўнутраны стан душы з разабранай будынінай, якую разабралі з тым, каб будаваць з яе-ж новую, а новая яшчэ не пачыналася, бо не прышоў яшчэ ад архітэктара акрэслены план, і работнікі засталіся ў неўразуменні. На гадзіну раней за яго выехаў стары Муразаў у рагожнай кібітцы, разам з Патапычам, а гадзінай пазней пасля ад’езду Чычыкава прышоў загад, што князь, з выпадку ад’езду ў Пецербург, жадае бачыць усіх чыноўнікаў да аднаго.

У вялікім зале генерал-губернатарскага дома сыйшлося ўсё чыноўнае саслоўе горада, пачынаючы ад губернатара да тытулярнага саветніка: кіраўнікі канцылярый і спраў, саветнікі, асэсары Кіслаедаў, Краснаносаў, Самасвітаў, тыя, што не бралі, і тыя, што бралі, крывілі душой, напалову крывілі і зусім не крывілі. Усе не без хвалявання і непакою чакалі выхаду генерал-губернатара. Князь вышаў ні хмурны, ні светлы: позірк яго быў цвёрды таксама, як і крок. Увесь чыноўны сход пакланіўся, многія — у пояс. Адказаўшы лёгкім паклонам, князь пачаў:

«Ад’язджаючы ў Пецербург, я палічыў вартым пабачыцца з усімі вамі і нават вытлумачыць часткова прычыну. У нас завязалася справа вельмі спакуслівая. Я думаю, што многія з прысутных ведаюць, аб якой справе я гавару. Справа гэтая павяла за сабой да выкрыцця і іншых, не менш ганебных спраў, у якіх замяшаліся нават, нарэшце, і такія людзі, каго я дагэтуль лічыў сумленнымі. Вядома мне нават і патайная мэта зблытаць такім чынам усё, каб выявілася поўная немагчымасць вырашыць фармальным парадкам. Ведаю нават і хто галоўны, і чыім патайным....... хоць ён і надта ўмела схаваў свой удзел. Але справа ў тым, што я маю намер сачыць за гэтым не фармальным даследаваннем па паперах, а ваенным хуткім судом, як у ваенны [час], і спадзяюся, што гасудар мне дасць гэта права, калі я выкладу ўсю гэтую справу. У такім выпадку, калі няма магчымасці правесці справу грамадзянскім парадкам, калі гараць шафы з [паперамі], і, нарэшце, празмернасцю хлуслівых пабочных паказанняў і хлуслівымі даносамі стараюцца зацямніць і без таго даволі цёмную справу, — я мяркую, што ваенны суд адзіны сродак, і жадаю ведаць вашу думку».

Князь спыніўся, як [быццам] чакаючы адказу. Усе стаялі, апусціўшы вочы ў зямлю. Многія былі бледныя.

«Вядома мне таксама яшчэ адна справа, хоць тыя, каторыя вялі яе, маюць пэўнасць, што яна нікому не можа быць вядома. У далейшы ход яна пойдзе не па паперах, таму што істцом і чалабітчыкам буду ўжо я сам і дам відавочныя доказы».

Хтосьці ўздрыгнуўся сярод чыноўнага сходу; некаторыя з больш палахлівых таксама збянтэжыліся.

«Само сабой зразумела, што галоўныя завадатары павінны быць пазбаўлены чыноў і маёмасці, астатнія зволены з пасад. Можа здарыцца, зразумела, што ў ліку іх будзе пакарана і мноства невінаватых. Што-ж рабіць? Справа надта ганебная і вымагае правасуддзя. Хоць і ведаю, што гэта будзе нават не ў навуку іншым, бо на месца выгнаных з’явяцца іншыя, і тыя самыя, якія дагэтуль былі сумленнымі, зробяцца несумленнымі, і тыя самыя, хто ўдастоены будзе даверанасці, ашукаюць і прададуць, — не гледзячы на ўсё гэта, я павінен абыйсціся жорстка, бо так вымагае правасуддзе. Ведаю, што будуць мяне абвінавачваць у суровай жорсткасці, але ведаю, што тыя будуць яшчэ..... абвін..... я павінен ператварыцца толькі ў адну абясчуленую прыладу правасуддзя, сякеру, якая павінна ўпасці на галовы [вінаватых]».

Уздрыганне мімаволі прабегла па ўсіх тварах.

Князь быў спакойны. Ні гневу, ні абурэння душэўнага не выражаў гэты твар.

«Цяпер той самы, у каго ў руках лёс многіх і хто на ўсе просьбы заставаўся няўмольным, той самы цяпер вас усіх просіць. Усё будзе забыта, сцёрта, даравана; я буду вам заступнікам за ўсіх, калі выканаеце маю просьбу. Вось мая просьба. Ведаю, што ніякімі сродкамі, ніякімі страхамі, ніякімі пакараннямі нельга выкараніць няпраўды: яна надта ўжо глыбока ўкаранілася. Ганебная справа браць хабар зрабілася неабходнасцю і патрэбнасцю нават для такіх людзей, якія і не нарадзіліся быць несумленнымі. Ведаю, што ўжо амаль немагчыма многім ісці супроць усеагульнай плыні. Але я цяпер павінен, як у рашучую і свяшчэнную хвіліну, калі даводзіцца ратаваць сваю айчыну, калі кожны грамадзянін нясе ўсё і ахвяроўвае ўсім, — я павінен зрабіць кліч хоць да тых, у каго яшчэ ёсць у грудзях рускае сэрца і зразумела хоць крыху слова высокароднасць. Што тут гаварыць аб тым, хто больш з нас вінаваты! Я, магчыма, больш за ўсіх вінаваты; я, магчыма, занадта сурова вас прыняў упачатку; магчыма, залішняй падазронасцю я адштурхнуў тых з вас, якія шчыра хацелі быць мне карыснымі, хоць і я з свайго боку мог-бы таксама зрабіць..... Калі яны ўжо сапраўды любілі справядлівасць і дабро сваёй зямлі, не варта было абражацца і ганарлівасцю майго абыходжання, варта было ім прыглушыць у сабе асабістае чэсталюбства і ахвяраваць сваёй асобай. Не можа быць, каб я не заўважыў іх самаадданасці і высокай любві да дабра і не прыняў-бы, нарэшце, ад іх карысных і разумных парад. Усё-ж хутчэй падначаленаму належыць прыстасоўвацца да нораву начальніка, чым начальніку да нораву падначаленага. Гэта прынамсі больш законна і лягчэй, таму што ў падначаленых адзін начальнік, а ў начальніка сотні падначаленых. Але пакінем цяпер убаку, хто за каго больш вінаваты. Справа ў тым, што трэба нам ратаваць нашу зямлю; што гіне ўжо зямля наша не ад нашэсця дваццаці іншакраінных пляменняў, а ад нас саміх; што ўжо, міма законнага кіраўніцтва, стварылася іншае, шмат мацнейшае за ўсякае законнае. Устанавіліся свае ўмовы, усё ацэнена, і цэны нават агалошаны да ўсеагульнага ведама. I ніякі кіраўнік, хоць-бы ён быў мудрэйшы за усіх законадаўцаў і кіраўнікоў, не мае сіл выправіць зло, як [ні] абмяжоўвай ён у дзеяннях дрэнных чыноўнікаў прыстаўленнем у наглядчыкі іншых чыноўнікаў. Усё будзе марна, пакуль не адчуў з нас кожны, што ён таксама, як у эпоху паўстання народаў, узбройваўся супроць..... так павінен паўстаць супроць няпраўды. Як рускі, як звязаны з вамі адзінакроўным сваяцтвам, адной і той-жа крывёй, я цяпер звяртаюся [да] вас. Я звяртаюся да тых з вас, хто мае паняцце якое-небудзь аб тым, што такое высокароднасць думак. Я заклікаю ўспомніць абавязак, які на кожным месцы чакае чалавека. Я заклікаю разгледзець бліжэй свой абавязак і абавязак зямнога свайго прызначэння, таму што гэта ўжо нам усім цёмна ўяўляецца, і мы ледзь...» [121]

ТЛУМАЧЭННЕ ПААСОБНЫХ СЛОЎ I ВЫРАЗАЎ


Агліцкі — няправільна вымаўляемае слова «англійскі».

Алегорыя — іншасказ.

Альбом — у першай палове XIX стагоддзя амаль у кожнай паненкі быў альбом, куды яе сяброўкі і знаёмыя запісвалі чуллівыя вершы і пажаданні.

Амбрэ (ад франц. ambré) — пахнучы духмяным вешчаством амброй.

Анна 3-й ступені — цывільны ордэн святой Анны 3-й ступені.

Асігнацыі — папяровыя грашовыя знакі, каштоўнасць якіх была ніжэйшай за каштоўнасць звонкай манеты.

Барон Брамбеус — псеўданім пісьменніка трыццатых — саракавых гадоў XIX стагоддзя О. Сянкоўскага.

Богаўгодныя ўстановы, або ўстановы для дагляду бедных, — больніцы, дамы для старых і калек, прытулкі для дзяцей-сірат і г. д.; іх будавалі звычайна прыватныя асобы, жадаючы «ўгадзіць богу», адкуль і ўтварылася сама назва.

Батфорты — боты з цвёрдымі халявамі і раструбамі наперадзе, вышэй кален.

Бантон (франц. bonton — добры тон) — зварот, прыняты ў свецкім грамадстве.

Віст — картачная гульня.

Вальтэрыянец—паслядоўнік вядомага французскага філосафа і пісьменніка Вальтэра (1694 — 1778), які выступаў супроць прыгоннікаў і духавенства. У Расіі ў той час вальтэрыянцамі называлі вольнадумцаў, бязбожнікаў.

Ваяжыроўка (ад франц. voyage) — падарожжа, паездка.

«Вось табе, бабулька, і Юр’еў дзень!» — народная прыказка. Паводле законаў Маскоўскай дзяржавы, у дзень святога Юрыя (26 лістапада старога стылю) селянін, які працаваў у памешчыка, мог пакінуць яго, выканаўшы ўсе свае абавязацельствы. Закон фактычна быў адменен у канцы XVI стагоддзя, і сяляне былі пазбаўлены права пераходу, запрыгонены. Адсюль і ўзнікла горка-насмешлівая прыказка наконт Юр’ева дня.

Выпанціраваць — выйграць у карты.

Габерсуп (ням. Habersuppe) — аўсяны суп.

Гараднічы — начальнік паліцыі ў павятовым горадзе.

Гарніза — так зневажальна называлі салдат гарнізона.

Гауптвахта — каравульнае памяшканне

Гнуць ад трох вуглоў — пры гульні ў карты павялічваць стаўку. Дзесяцкі — паліцэйскі служыцель, які прызначаўся па нараду з абываталяў; вартаўнік ад кожнага дзесятага дома.

Дзявочы пакой — у панскім доме пакой для дзяўчат-служанак. Дзяржаўны савет — вышэйшая дзяржаўная ўстанова, старшынёй якой быў імператар. У дзяржаўным савеце разглядаліся пытанні законадаўства і вышэйшага кіравання дзяржавай.

Дэпартамент — аддзел у міністэрстве і некаторых іншых дзяржаўных установах царскай Расіі.

Еківок — няправільна вымаўляемае слова «эківок», двухсэнсавасць, двухсэнсавы намёк.

Елістрацішка — няправільна вымаўляемае слова «рэгістратар», у дадзеным выпадку «калежскі рэгістратар». У царскай Расіі чыноўнікі падзяляліся на чатырнаццаць грамадзянскіх чыноў, або класаў. Калежскі рэгістратар быў чыноўнік самага малодшага класа (чатырнаццатага).

«Жаніцьба Фігаро» — камедыя французскага пісьменніка Бамаршэ (1732—1799).

Жуіраваць — атрымліваць асалоду, праводзіць прыемна час.

Забаставаць — у картачнай гульні ў банк перастаць павялічваць стаўку.

«Законы асуджаюць» — пачатковыя словы песні маладога чалавека З аповесці «Востраў Барнгольм» пісьменніка і гісторыка Н. М. Карамзіна (1766—1826).

Інкогніта — тайна, хаваючыся пад чужым іменем.

Іаан Масон (1705—1763) — англійскі духоўны пісьменнік, кнігі якога карысталіся вялікай папулярнасцю ў XVIII і ў пачатку XIX стагоддзя.

Iяхім — вядомы ў трыццатых гадах XIX стагоддзя пецербургскі карэтнік. Кавалерыя — ордэнская лента, якую насілі цераз плячо; ленты былі прысвоены ордэнам 1-й ступені.

Калежскі асэсар — цывільны чын 8-га класа.

Канфузія (ад франц. confusion — непарадак, блытаніна, збянтэжанасць) — скандал, няёмкае становішча.

Картуз — мяшэчак з тоўстай паперы.

Квартальны — паліцэйскі наглядчык, у веданні якога знаходзіўся пэўны квартал горада.

Кіятр — няправільна вымаўляемае слова «тэатр».

Лабардан — свежапрасоленая траска.

Ліўрэя — форменная вопратка слуг у панскіх дамах.

«Маскоўскі Тэлеграф» — часопіс, які выходзіў з 1825 па 1834 год, быў забаронен за ліберальны напрамак.

«Маскоўскія Ведамасці» — газета, якую з 1756 года выдаваў Маскоўскі універсітэт.

Маветон (ад франц. mauvais ton — благі тон) — дрэнна выхаваны, які не ведае свецкіх паводзін.

Надворны саветнік — цывільны чын 7-га класа.

«Норма» — опера італьянскага кампазітара Беліні (1801 1835).

«О ты, что в горести напрасно на бога ропщешь, человек...» — пачатковыя словы адной з од М. В. Ламаносава.

Падарожная — да пабудовы чыгунак паездкі можна было рабіць на перакладных, гэта значыць на казённых конях, якія змякяліся на паштовых станцыях. Той, хто жадаў ехаць на перакладных. атрымліваў падарожную — дакумент, дзе ўказваліся яго чын, прозвішча, маршрут і г. д.

Партыкулярны — цывільны, няформенны, неслужбовы.

Пасаж — у дадзеным выпадку здарэнне.

Паштмейстар — начальнік паштовай канторы.

Прашпект—няправільна вымаўляемае слова «праспект».

Прагоны — плата за праезд на казённых конях.

Прыказ грамадскага дагляду — установа, якая ведала добрачыннымі справамі. Для павелічэння сродкаў прыказы грамадскага дагляду займаліся пазыковымі і ашчаднымі аперацыямі.

«Роберт Д’ябал» — опера кампазітара Мейербера (1791 — 1864).

Рэзанёр — чалавек, які любіць разважаць па ўсякаму выпадку.

Рэпрыманд (ад франц. réprimande — вымова) — дакор, нечаканая непрыемнасць, няўдача.

Саламон — цар Ізраільскі, які вызяачаўся, паводле біблейскага падання, незцычайнай мудрасцю.

Смірдзін — вядомы ў часы Гогаля пецербургскі выдавец і кніга-прадавец. Ён выдаваў часопіс «Бібліятэка для чытання», рэдактарам якога быў Сянкоўскі (барон Брамбеус). Артыкулы, апавяданні і аповесці, што паступалі ў рэдакцыю часопіса, Сянкоўскі часта да непазнавальнасці выпраўляў і перарабляў.

Сядзелец — прыказчык у краме.

Трактаваць — абыходзіцца.

Тытулярны саветнік — цывільны чын 9-га класа.

Уладзімір у пятліцы — цывільны ордэн святога Уладзіміра 3-й і 4-й ступені.

У эмпірэях — у вялікім шчасці, у раі.

Фельд’егер — дзяржаўны кур’ер.

Фрызавы шынель — шынель, пашыты з фрыза, таннага грубога сукна; такія шынялі насілі прыгонныя слугі, дробныя канцылярысты, наогул бедната.

Фрыштык (ням. Frühstük) — снеданне.

«Фрэгат «Надзея» — аповесць А. Бестужава-Марлінскага (1797—1837).

Цыцэрон (106 — 43 гады да нашай эры — славуты старажытна-рымскі аратар і пісьменнік.

Часны дом — памяшканне для арыштантаў пры паліцэйскай часці.

Часны прыстаў — у горадзе начальнік паліцэйскай часці.

Шантрэт — няправільна вымаўляемае слова «шатэн».

Штандарт — імператарскі сцяг, сцяг у кавалерыі.

Штос — азартная картачная гульня.

Шчукін двор — адзін з пецербургскіх рынкаў.

Эштафета (ад франц. estafette)—эстафета, перасылка пошты, паведамленне з нарочным.

«Юрый Міласлаўскі» — гістарычны раман М. Загоскіна (1789 — 1852). У трыццатых гадах мінулага стагоддзя дрэнныя пісьменнікі прысвойвалі сваім «творам» назвы раманаў Загоскіна, аповесцей Бестужава-Марлінскага і іншых пісьменнікаў, якія карысталіся поспехам.

Якабінец — член крайняй левай палітычнай партыі ў эпоху французскай рэволюцыі; у Расіі ў першай палове XIX стагоддзя так называлі рэволюцыянераў, вольнадумцаў.

1

Парусінавыя.

(обратно)

2

Прадавец збітня (напітка з мёдам, гваздзікай і г. д.).

(обратно)

3

Кіслыя шчы — шыпучы квас.

(обратно)

4

Эмаль па металу.

(обратно)

5

Пасаж — здарэнне.

(обратно)

6

Пайменныя спісы прыгонных сялян, якія падаваліся пры кожнай рэвізіі, перапісу.

(обратно)

7

Для перасялення.

(обратно)

8

Пасведчанне аб гандлёвай здзелцы.

(обратно)

9

Рымскі пісьменнік, аўтар «Мётамарфоз» («Ператварэнняў»).

(обратно)

10

Слоікі з пяском для  прасушкі напісанага.

(обратно)

11

Аладкі.

(обратно)

12

Піражкі.

(обратно)

13

Гатунак ватрушак.

(обратно)

14

Устрыц.

(обратно)

15

Хвост у сома, увесь з тлушчу. (З запісной кніжкі Гогаля.)

(обратно)

16

Кароткая куртка, падобная да гусарскай.

(обратно)

17

Род шырокага кафтана.

(обратно)

18

На конях, нанятых у мясцовых жыхароў.

(обратно)

19

Парале—стаўка, пры якой выігрываецца ўтрая. Утка — прыбаўка да стаўкі.

(обратно)

20

Не аддзяляць ад выйгрыша і пускаць удвая. (З запісной кніжкі Гогаля.)

(обратно)

21

Гатунак шампанскага; падвойнае—вышэйшы гатунак.

(обратно)

22

Азартная картачная гульня.

(обратно)

23

У мностве.

(обратно)

24

Латарэя.

(обратно)

25

Брыжыкі.

(обратно)

26

Пахучых.

(обратно)

27

Царская гарэлка — сумесь азотнай і салянай кіслаты.

(обратно)

28

Фецюк — слова крыўднае для мужчыны, паходзіць ад фіты, літары, якую некаторыя лічаць непрыстойнай літарай. (Заўвага Гогаля.)

(обратно)

29

Карамора — вялікі, доўгі, вялы камар; часам залятае ён у пакой (і тырчыць дзе-небудзь адзіночкай на сцяне. Да яго спакойна можна падыйсці і схапіць яго за нагу, у адказ на што ён толькі тапырыцца і раскірэчваецца, як гаворыць народ. (Заўвага Гогаля.)

(обратно)

30

Сярэдняя частка фасада з калонамі.

(обратно)

31

Правадыры барацьбы за незалежнасць Грэцыі (20-я гг. XIX в.).

(обратно)

32

Кіраўніца грэчаскага атрада.

(обратно)

33

Рубленае мяса пад соусам.

(обратно)

34

Адзін з грэчаскіх кіраўнікоў.

(обратно)

35

Кароткі кафтан.

(обратно)

36

Верхняя частка калоны.

(обратно)

37

Гатунак скуры.

(обратно)

38

Верхні паверх над свірнамі.

(обратно)

39

Грыбы, ягады і ўсякі іншы прыварак.

(обратно)

40

Зямлячка.

(обратно)

41

Тысячарублёвая асігнацыя.

(обратно)

42

Сурскае судно (ад ракі Суры).

(обратно)

43

Багіня правасуддзя.

(обратно)

44

У неахайным адзенні.

(обратно)

45

Трыкутная прызма з напісанымі на яе гранях указамі Пятра Вялікага.

(обратно)

46

Піражкі з мясам і цыбуляй.

(обратно)

47

Клёцкі з цеста ў растопленым масле.

(обратно)

48

Вараныя фрукты.

(обратно)

49

З рамана Гётэ «Пакуты маладога Вертэра».

(обратно)

50

Ланкастэр—англійскі педагог.

(обратно)

51

Кніга англійскага паэта Юнга.

(обратно)

52

Нямецкі пісьменнік-містык.

(обратно)

53

Прыпіска.

(обратно)

54

Пісьмо без подпісу.

(обратно)

55

Інкамадытэ — нязручнасць, затрудненне.

(обратно)

56

Пацалунак.

(обратно)

57

Фігурны танец, які выконваецца парамі.

(обратно)

58

Дамскія сукенкі.

(обратно)

59

Здобныя ватрушкі.

(обратно)

60

Род салопа (прасторнае паліто).

(обратно)

61

Падборы на спадніцах у выглядзе фестонаў (мода XVIII века).

(обратно)

62

Прыкметная, відная жанчына.

(обратно)

63

Тое, што называецца гісторыяй (скажоны франц. выраз).

(обратно)

64

Італьянскі разбойнік, герой рамана «Рынальда-Рынальдзіні» нямецкага пісьменніка Вульпіуса.

(обратно)

65

Жах, жах, жах!..

(обратно)

66

Удалы.

(обратно)

67

Паляўнічы, які ведае стаяй гончых сабак.

(обратно)

68

Выступленне.

(обратно)

69

Плёткі.

(обратно)

70

Размова з вока-на-вока, адзін-на-адзін.

(обратно)

71

Рэстаран.

(обратно)

72

Вострая прыправа.

(обратно)

73

Соус з прысмакамі.

(обратно)

74

У Апакаліпсісу (адкравенні св. Іаана) імя Антыхрыста абазначана лічбай 666.

(обратно)

75

Лекавы адвар.

(обратно)

76

Калода.

(обратно)

77

Французскі раман Жанліс: «Герцагіня дэ Лавальер».

(обратно)

78

Картачная гульня.

(обратно)

79

Патомственныя.

(обратно)

80

Якія выслужыліся з іншых саслоўяў.

(обратно)

81

Кнігаўка. У гаворцы мае пераносны сэнс; ужываецца як слова «плюгаўка».

(обратно)

82

Грэчаскі мудрэц.

(обратно)

83

Трывух — старое слова; цёплая шапка з вушамі.

(обратно)

84

Асоба, якая загадвала дзелаводствам у старым судзе. Стала начальнік.

(обратно)

85

Хабар.


(обратно)

86

25 рублёў.

(обратно)

87

10 рублёў.

(обратно)

88

Салдацкіх дзяцей.

(обратно)

89

Кропкі пастаўлены на месцы неразабраных слоў.

(обратно)

90

У рукапісу сказ не закончаны.

(обратно)

91

Жаночыя галаўныя ўборы.

(обратно)

92

Не дапісана.

(обратно)

93

Камея (каштоўны паліраваны камень з якім-небудзь рэльефным мастацкім малюнкам).

(обратно)

94

Пасля гэтага значны пропуск.

(обратно)

95

Аір (расліна).

(обратно)

96

Антычная статуя ў Фларэнцыі.

(обратно)

97

Плеценая верша.

(обратно)

98

Насценная жывапісь.

(обратно)

99

Гатунак аксаміта.

(обратно)

100

Амерыканскі палітычны дзеяч і вучоны.

(обратно)

101

Паэма, якая апявае земляробчыя работы.

(обратно)

102

Якое грунтуецда на вопыце.

(обратно)

103

Пасля гэтага страчана з сшытка адна чвэртка, або дзве старонкі. У першым выданні другога тома «Мёртвых душ» С. П. Шэвырэў зрабіў да гэтага месца такую заўвагу: «Тут у размове паміж Кастанжогла і Чычыкавым пропуск. Трэба думаць, што Кастанжогла прапанаваў Чычыкаву набыць пакупкай маёнтак суседа яго, памешчыка Хлабуева».

(обратно)

104

Сялянская сям’я, якая прымалася за рабочую адзінку (размяркоўваліся абавязкі па «цяглах»).

(обратно)

105

Алтын, старая манета — 3 кап.

(обратно)

106

Акацыя.

(обратно)

107

Александрыйка (чырвоная тканіна).

(обратно)

108

Ліпавы мёд.

(обратно)

109

Напітак багоў.

(обратно)

110

Перад гэтым словам у рукапісу адрэзаны дзве старонкі, дзе, як відаць, расказвалася аб тым, як Чычыкаў паехаў да Леніцына.

(обратно)

111

Прыстойных (франц.)

(обратно)

112

Адсюль спыняецца падзел на раздзелы. Усё далейшае з’яўляецца ўрыўкамі розных рэдакцый.

(обратно)

113

Пецербургскі мэбляўшчык.

(обратно)

114

Без запросу.

(обратно)

115

Пауперызм (збядненне).

(обратно)

116

Тут спыняецца сістэматычная перапрацоўка тэкста. Далей першапачатковая рэдакцыя і выпраўлёная рэдакцыя (напісаная на тым_жа рукапісу) амаль супадаюць.

(обратно)

117

З любоўю (італ.).

(обратно)

118

Здабываецца працай.

(обратно)

119

Каротка выкласці сутнасць справы.

(обратно)

120

Пасля гэтага ў рукапісу вялікі пропуск.

(обратно)

121

Канца няма.

(обратно)

Оглавление

  • МЁРТВЫЯ ДУШЫ ПАЭМА
  •   ТОМ ПЕРШЫ
  •     РАЗДЗЕЛ I
  •     РАЗДЗЕЛ II
  •     РАЗДЗЕЛ III
  •     РАЗДЗЕЛ IV
  •     РАЗДЗЕЛ V
  •     РАЗДЗЕЛ VI
  •     РАЗДЗЕЛ VII
  •     РАЗДЗЕЛ VIII
  •     РАЗДЗЕЛ IX
  •     РАЗДЗЕЛ Х
  •     РАЗДЗЕЛ XI
  •   ТОМ ДРУГІ
  •     РАЗДЗЕЛ I
  •     РАЗДЗЕЛ II
  •     РАЗДЗЕЛ III
  •     РАЗДЗЕЛ IV
  •     РАЗДЗЕЛ... [112]
  •   ТЛУМАЧЭННЕ ПААСОБНЫХ СЛОЎ I ВЫРАЗАЎ